Лабух

Раманчык

Някляеў Уладзімір


21 ...і ўсе ў свеце рэчы — адна рэч...

”...і ўсе ў свеце рэчы — адна рэч, але гэтага не зразумець інакш, як прыняць, што так яно ёсць. Тады можна жыць натуральна ва ўсім і з усімі, і нават замест французскага рамана чытаць кітайскую філасофію, пачуваючыся ў згодзе з кітайскімі філосафамі французскім мушкецёрам. Бо ёсць вада і ёсць жанчына, якая ў ёй купаецца.

Аднак і пачуванне мушкецёра недаверліва, не як сваю рэч ва ўсіх астатніх рэчах, ты ў сабе носіш. І я задумалася: у чым твая праблема?..

Табе адкрылася аднойчы, што нічым ты не лепшы за іншых. Не горшы, але і не лепшы — вось у чым праблема, якая б праблемай не стала, каб ты з ёй не звыкся, з гадамі не зжыўся. Нібы сапраўды тое, што ты ўсё ж умееш лепш за іншых, іначай, чым іншыя, не ў залік.

Як не ў залік? А музыка?.. Лідзія Паўлаўна расказвала, як зачаравалася тваёй музыкай да бенефісу, а ты парваў клавір: ды якая музыка, які я кампазітар! Поль рассмяяўся б табе ў твар, ён таксама музыкант — і ты адзіны, на каго ён моліцца і каму зайздросціць. З-за чаго і ўсе выкрутасы ягоныя: моліцца і зайздросціць.

А каханне?.. Ты ўмееш кахаць, як ніхто, без ніякіх высілкаў, калі каханне самаствараецца, як адна рэч ва ўсіх рэчах, і ўжо не сыходзіць, бо няма яму куды сысці, раз яно ва ўсім, і нездарма ўсе твае каханыя, хоць цябе і не вытрывалі, засталіся з табой, развітаўшыся, і ты застаўся з імі..."

Я не бачыў ні разу, каб штосьці Лі-Лі дзе-небудзь запісвала. Не здзівіўся б, калі б зусім яна не ўмела пісаць, хоць і дачка кітайскага прафесара...

Дзіця дао.

Як гучыць: дзі-ця-дао. Нават больш па-кітайску, чым па-кітайску...

Яна і не пісала мне пісьмо ў турму, проста склала разам лісткі, з розных сшыткаў і нататнікаў павырываныя. Выйшла нешта накшталт дзённіка з адрасатам.

"Ты навучыў мяне каханню, бо некаму яно дадзена, а некага трэба вучыць — і выйшла, што я нарадзілася, каб спаткаць цябе і кахаць. Для мяне настала свята са штодзённым феерверкам, які кітайцы прыдумалі, небёсы палалі! — і ў нейкі момант, калі бліскалі нябёсы так, што глядзець было невыносна, я прачытала ў іх: „Лі-Лі, ты страчваеш волю”. Гэта знак быў, трэба ведаць, што для мяне воля, волі мяне бацька пазбавіць хацеў, увабраць мяне ўсю ў сябе, і я пачала змагацца за волю з каханнем, як змагалася з бацькам, успомніўшы, што пазнаёмілася з табой не для сябе, а для Зоі. Можаш не казаць нічога, сама ведаю, як яно выглядае, але гэта адна рэч ва ўсіх рэчах — і так выглядае з твайго боку, не з майго. Мне шкада Зою, я люблю яе — і гэтак прыдумала, гэтак хацела, старалася дапамагчы”.

”... і ўказам прэзідэнта... — зялёнае вочка антыкварнай радыёлы „Рыгонды” хітра прыжмурылася... — вызвалены ад пасады старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі за нездавальняючую работу па забяспячэнні нацыянальных інтарэсаў краіны. Новым кіраўніком Камітэта дзяржаўнай бяспекі прызначаны Шыгуцкі Барыс Сцяпанавіч, які працаваў дагэтуль памочнікам дзяржсакратара”.

І, калі ласка, музыка... Мажорная, сцвярджальная, якая і павінна быць не пры нейкім там кітайскім, якога няма, а пры нашым, які ёсць, прэзідэнце і прызначаным ім новым старшыні, які, канечне, куды лепш забяспечыць нацыянальныя інтарэсы краіны, чым старшыня папярэдні. Таму, дарагія суайчыннікі, браты і сёстры, папярэдняга прэзідэнт пратурыў, а новага прызначыў...

Нязвыкла для лабуха, паважна сябе адчуваеш, калі наўкол маняць, пляткараць, а ты — адзін з нямногіх — ведаеш, што і чаму насамрэч адбываецца. Росцік кажа, што гэта кайф, і называецца ён далучанасць... І што мог бы я такога кайфу колькі заўгодна мець, і з Росцікам ім дзяліцца, калі б не быў кончаным лабухам.

"А ты ўяві, — кажа Росцік, — што не толькі ведаеш, але і вырашаеш, як насамрэч павінна быць... Гэта ж майнкайф!"

Чым менш маеш, тым менш згубіш, Росцік...

"Ты ў Зоі даўно ў кумірах, вы нават танцавалі аднойчы ў рэстаране ў Ялце, мы адпачывалі там, а вы гастраліравалі. Мне чатыры гады было — і я цябе з-за п’янага стала выцягнула, падвяла да Зоі, бо ведала, што яна гэтага хоча, ды сама падыйсці не асмельваецца. Танец конкурсным аб’явілі, вы з Зояй шампанскае выйгралі, ты выпіў з ёй і на канцэрт нас запрасіў, але назаўтра не сустрэў, як абяцаў, каля летняга тэатра. Забыўся, а Зоя плакала. І тады я цябе на ўсё жыццё ўзненавідзела”.

"Пракаментаваць новыя прызначынні на высокія дзяржаўныя пасады мы папрасілі новага памочніка дзяржсакратара Рычарда Пятровіча Красевіча..."

Пусцілі ў рост Красевіча. Без выбараў — чакаць няма калі — у міліцэйскія міністры пагналі... Каб нідзе і ніякага недагляду, каб паўсюль былі зусім свае.

З патэльні плясь...

"Прэзідэнт заклапочаны тым, што значная частка сродкаў ад экспарту нашых тавараў, у тым ліку зброі, якой Беларусь мае права гандляваць нароўні з Расіяй (чаму толькі з Расіяй?), патрапляе не ў дзяржаўную казну на патрэбы народа, а ў рукі злодзеяў, за што адказны ў першую чаргу Камітэт дзяржаўнай бяспекі і персанальна былы ягоны старшыня..."

Прыкладвае, як песню пяе...

Каб забраць распрацоўкі Рутнянскага, з Масквы так цісканулі, што прэзідэнт і не рыпнуўся: галаву б адбілі. Таму дурнем, як ён гэта ўмее, прыкінуўся: забірайце, маўляў, мы і не думалі, што яно вам патрэбнае... Але потым з тымі, хто не выявіў асабістай адданасці, расправіцца яму ніхто не замінаў. Ён і расправіўся, яшчэ б не...

Росцік застаўся ў сябрах з Красевічам, які данёс адразу, што не аднаго старшыню, але і Панка, і шмат каго з КДБ пратурылі, нават начальніка турмы.

Турэмшчыка, я падумаў, папёрлі правільна: пасля душагубкі, у якую ён мяне засунуў, я вокны ў кватэры не зачыняю — і зрэдку ў іх заносіць ветрам пажоўклыя лісты, хоць яшчэ толькі жнівень... Чамусьці восень апошнімі гадамі ўсё раней і раней наступае.

Лідзія Паўлаўна папрасіла па фікус з’ездзіць, баючыся, што ў падворку Амеда ён асыплецца... „Я сумую без яго, Раман”. Як гэта без фікуса сумаваць можна?..

Не асыпаюцца фікусы. Ападаюць — ліст за лістом, зноў ліст за лістом...

Ці Лідзія Паўлаўна не пра фікус?.. Пра смерць Ігара Львовіча мы з ёй, нібы па дамоўленасці, не гаворым.

”...на могілках Лідзія Паўлаўна з Феліксам мяне пазнаёміла: „Вучань Ігара Львовіча”. Вучань і вучань, ці мала вучняў, а тут раптам на яго з кайданкамі наляцелі — і трэба было ратаваць. А ў Амеда назаўтра ён фотаздымак паказвае: „Глядзі, якія вы падобныя”. „Хто гэта?..” „Нэла. Яна загінула, каб мяне зратаваць”. І распавёў, як вы на машынах пабіліся. Не выходзіла, што Нэла яго ўратавала, толькі, калі для сябе ён так вырашыў, дык што ж... Я зусім на Нэлу не падобная, але зразумела, для чаго мы спаткаліся, адчула, што далей будзе, што павінна быць, і сказала: „Так, мы падобныя”. Тым самым я не шмат, аднак нешта яму паабяцала, забыўшыся, што ўжо навучаная табой каханню..."

Мы паехалі з Лідзіяй Паўлаўнай да Амеда. На таксі з Дартаньянам, з Алікам і Зіначкай. Па дарозе Лідзія Паўлаўна ўгаворвала Аліка, каб ён усынавіўся. Так і ўгаворвала:"Усынавіся, Алік... Скажыце вы яму, Раман...” Алік адварочваўся, на дарогу глядзеў: „Я і так сын, недзе бацька бадзяецца..."

Арэшак гэты Алік, не колецца. Ні з кім не сябруе, бо ўсе ў яго Зіначку адабраць хочуць.

Зіначка сказала: „Лідзія Паўлаўна, вы ўгаварылі б Рамана Канстанцінавіча, пакуль ён вольны, ажаніцца са мной”.

"Тады ўжо са мной, — уздыхнула Лідзія Паўлаўна. — Лепш яму чакаць, пакуль я памру..."

Алік пачаў таксіста торгаць, машыну спыняць, Зіначка ў шчаку яго чмокнула: „Ды сядзі ты..."

У двары Амеда ўсё было парушана: флігель спалены, басейн аббіты, дах над ім разламаны... Друз, шкло і кафля, кавалкамі дроту і арматуры ляжалі ў на дне.

Фікусы стаялі пажухлыя.

Дартаньян падбег да самага аблезлага, падняў нагу... Лідзія Паўлаўна адразу свой пазнала і зашкадавала:

— Так я і думала...

— Таня! — гукнуў Амед. — Хіба гэты іхні?..

— Любы выбірайце, — выйшла і стала накрываць стол у альтанцы, якая ўцалела, жонка Амеда. — Ці два, ці тры, ці ўсе... Нам тыдзень далі, каб духу нашага тут не было.

Зразумела было, што тут адбылося — і хоць ты прабачэння ў Амеда прасі: усялякае ж пра яго думалася... „Вы заяўлялі куда-небудзь?” — спытаў я ў Тані. Яна прамаўчала, Амед рукой махнуў: „Каму і на каго?.. Я ўчастковага нашага прыкармліваў, дык і той сказаў: не будзеш са шпіёнамі знацца, чурка”.

— І куды ты?

— Да радні ў Кіеў. Калі даеду... Дзяцей адправіў, даехалі.

— А работнікі твае?

— У галандцаў падрабляюць... Цяпер толькі галандскія ружы ў Мінску будуць, — наліў віна Амед. — Але вып’ем!.. Дом не парушаны, калі ў ім госці. І даруй, Раман, калі што не так...

— Што не так?

— Ну, з Лі-Лі... з Феліксам... я хацеў неяк... ды і ён збіраўся табе сказаць, трываць не мог, а Лі-Лі наадрэз, катэгарычна: „Гэта маё, я ўсё сама”.

Чамусьці Таня папрасіла: „Не трэба, Амед...” — а Лідзія Паўлаўна спытала з нападам, нібы кепскае нешта пра Лі-Лі пачула: „Чаму?” — і Таня патупілася.

— Лі-Лі — гэта самаахвярнасць, — паднялася з бакалам і патэтычна, як і тады, калі ўтраіх мы з Лі-Лі сядзелі, калі я апошні раз бачыў Лі-Лі — і па шчацэ ёй паперамі! — прамовіла Лідзія Паўлаўна. — Высокая самаахвярнасць, разумееце?.. Яна ўсіх гатовая ратаваць, я не сустракала больш самаахвярнага чалавека, чым Лі-Лі. І больш вольнага духам...

Усе апошнія дні я сіліўся разабрацца, што ж у мяне з Лі-Лі адбылося, у Лідзіі Паўлаўны пытаўся, і Лідзія Паўлаўна сказала, што Лі-Лі — гэта новая мараль. Не новая мадэль маралі, як новая мадэль машыны, а новая мараль зусім іншай якасці, такой, да якой мне далёка. Не толькі мне, але ўсім, таму з’яўленне Лі-Лі ў нашым часе — для Лі-Лі трагічнае. І пакуль я не зразумею гэтага, датуль ні ў чым не разбяруся.

Я спрабую зразумець, але думаю, што, як у нашым часе кажуць, Лідзія Паўлаўна проста запала на Лі-Лі. Бо ў нечым Лі-Лі такая, якой Лідзіі Паўлаўне некалі самой быць хацелася.

А Зіначцы не хацелася і чуць пра Лі-Лі:

— Можна мне пакупацца?

Лідзія Паўлаўна паспрабавала яе спыніць.

— Ты глянь, што там на дне... Лі-Лі б праплыла, а ты паранішся.

Не спыніла, а падбухторыла... Не пад руку ёй Зіначка, бо за яе Алік трымаецца і не ўсынаўляецца, а Лідзія Паўлаўна Аліка палюбіла.

Трохкутнік...

Зіначка скінула нязменные свае чорную спаднічку і чырвоны світарчык — трэба было б Стэфе грошы даць, каб адзежы ёй прыкупіла... Стала ў купальніку, паказалася — такая лялька, такая лялька... Але не Лі-Лі.

Ніхто не Лі-Лі.

Лялька ступіла на край басейна, нырнула ў яго, паплыла і паранілася аб дрот. Знутры прадрапаўшы сцягно ад каленца да самага лабка.

Алік ускочыў: „Вы ведзьма, Лідзія Паўлаўна!..” І Лідзія Паўлаўна, адпіўшы віна, сказала скрушна: „Я старая ведзьма, Алік”.

Таня прыбегла з бінтам і ёдам, Зіначка папрасіла: „Перавяжыце вы, Раман Канстанцінавіч. Я ж вас перавязвала..."

Яна не перавязвала мяне, а калола, ды якая розніца... Алік падхапіўся і кінуўся за вароты, нагой ударыўшы каля іх дабіты Амедаў пікапчык.

— Давайце даганяць!.. — узнервавалася Лідзія Паўлаўна. — Каб не ўтварыў чаго...

Амед паківаў галавой і пайшоў да пікапчыка:

— Які фікус грузіць?

Лідзія Паўлаўна выбрала свой.

Дартаньян скочыў у кузаў пад фікус, які выпіраў даўжэй, чым тады, калі сюды везлі, вырас — хіба фікусы растуць так хутка?.. Лідзія Паўлаўна ледзьве здолела Дартаньяна, гэтак ён упіраўся, у кабіну перацягнуць — і яны паехалі.

Зіначка капрызнічала:

— Шчыпле! І я крыві баюся...

— Якая ж ты медсястра?..

— Яе пакласці трэба, зручней будзе, — дапамагала мне Таня, і мы паднялі Зіначку на мансарду, паклалі на ложак, у якім начаваў я з Лі-Лі без Лі-Лі. Толькі аднойчы мы гэтак начавалі, каб разам — і не адно ў адным: так не магло быць, але было.

Зіначка падрапалася, як я ў піянерскім лагеры... Адно што яйчыкі не параніла.

Там, тады, даўно і далёка сядзеў я з голымі яйчыкамі на белай тумбачцы, а фея Таццяна Савельеўна ў белым халаце завіхалася перада мной на зэдліку — і зверху ў выразе халата відаць была за гурбамі грудзей карычнева-кучаравая шчотачка на крайку зэдліка...

— Без Лі-Лі ў вас нікога ўжо, апроч мяне, няма. Нікога... — лежачы на месцы Лі-Лі, ціха, амаль шэптам сказала Зіначка, і Таня зазбіралася: „Вада ў мяне на агні, вы тут справіцеся...” — але не сыходзіла, чакала, што я скажу, і Зіначка глядзела, чакаючы, і ўсхліпнула, нібы ёй балела, калі я Тані ёд аддаў: „Ты лепей справішся, я пайду агонь патушу”.

У доме сапраўды кіпела вада на пліце, Таня штосьці варыць збіралася, але вада магла кіпець яшчэ доўга, а ў вакно на другі бок дома я ўбачыў, як за парушаным парніком хаваецца Алік і глядзіць на мансарду...

Каля вакна вялізны фотаздымак вісеў: Амед, Таня, іхнія дзеці і яшчэ безліч татараў — усе ўсмешліва-шчаслівыя.

Я адліў вару, згатаваў і выпіў каву. Выйшаў, калі Таня і Зіначка ўжо спусціліся ў альтанку, дзе Таня закурыла.

— Ты хіба курыш?

— Закурыш тут... Я таксама крыві баюся.

Зіначка, пачуваючы сябе няёмка перад Таняй, якая нешта такое пра яе на мансардзе падумала, на мяне ўскрыўдавала:

— Ну і што было б, калі б вы засталіся?..

Калі б так, як Зіначка, падрапалася Лі-Лі, я б падумаў, што яна зрабіла гэта наўмысна — і Лі-Лі магла такое зрабіць... Але Зіначцы пра яйчыкі, пафарбаваныя ёдам, пра фею Таццяну Савельеўну я не расказваў. Я нават не казаў ёй, што тут ёсць басейн, а вось яна пра ўсё ўгадала — і прыехала ў купальніку, каб мне паказацца і для мяне падрапацца...

Каб я пафейнічаў...

...каб падняўся з Зіначкай на мансарду, дзе ноч начаваў з Лі-Лі без Лі-Лі, фарбаваў ёдам вышэй і вышэй, бліжэй і бліжэй да лабка яе параненую, кругленькую з кругленькім каленцам, ножку, кранаючы ўсё часцей, прарэльефленыя тугім купальнікам, падлабковыя пухлінкі, губкі... і датыкаючыся вось тут, дзе прытаіўся яшчэ неразбуджаны вулканчык... ад чаго Зіначка, як і я некалі ад дотыкаў феі, уздрыгвала... і выгіналася ў таліі, прыпадымаючы попку, а я ўбок, да другой ножкі адцягваў вузенькі перашыяк купальніка, адставіўшы ёд, злізваючы крывінкі і думаючы: Божа, як жа ўсё, апроч самога кахання, падобна, ва ўсіх аднолькава ў жыцці — ці кароткім, ці доўгім, але гэтак сцягнутым ад драпіны да драпіны, нібы больш у ім і не было нічога. Аднак Зіначка пра гэта не ведае, і ўсё адбываецца толькі з ёй, толькі ў ёй... так, ужо ў ёй, у ёй... балюча?.. не... я з самім сабой справіцца ў сабе не здольны, калі гэтак нахлынае... ад жанчыны... ад дзяўчынкі, якая хоча быць жанчынай... не балюча? не, не... ой!.. балюча?.. не, я хачу!.. я так хачу!.. што ж, няхай так і будзе, як ва ўсіх і як толькі ў яе... толькі ў ёй... надрываецца плевачка, гэтая ўнутраная, незразумела для чаго прыродай прыдуманая, тоненькая скурачка, якая і не патрэбная зусім, ад якой шаманы ў плямёнах цэнтральнай Афрыкі дзяўчынак пры нараджэнні вызваляць, вышчыкваюць, каб не было праблем, а ў нас нямашака шаманаў, таму столькі драм, столькі трагедый... і Зіначка падаецца да мяне ўся... і раптам адпіхваецца, адкідваецца, нечакана ўся з-пад мяне вырываецца... не хачу! не хачу!.. не хачу!.. ды ўжо сталася тое, чаго яна хацела і дзеля чаго, сама таго не ведаючы, падрапалася — і гэта ўсяго некалькі лішніх кропелек крыві...

Калі я спусціўся, Таня сядзела ў альтанцы і курыла.

— Ты хіба курыш?

— Закурыш тут... Амед вам не сказаў: яго пасадзяць, калі ўсё не прададзім і не заплацім, каб адпусцілі. А ніхто не купляе, баяцца... Як там у турме?

— Так сабе.

Яна затушыла цыгарэту.

— Хлапчук тут быў... З таго боку дома. Цяпер сапраўды збег, дзяўчынка ўскрыквала моцна...

Я не чуў.

— Я б Амеда забіла...

— За што?

— За гэта, — кіўнула яна на мансарду. — Але кажуць, што вы секс-сімвал...

— І што яшчэ кажуць?

Яна зніякавела, пацепнула плячыма.

— Не ведаю... Больш нічога.

”...і калі я ўночы чакала цябе, ад прэзідэнта вырваўшыся, ад брыды ўсёй, якая наліпла, ледзь жывая, а ты прыйшоў, гідліва ўзраўнаваў і пайшоў, я зразумела, што няма ў табе сілы, волі на маю волю, і ўспомніла, як ужо ў чатыры гады я цябе ненавідзела. Мне лягчэй стала паміж табой і Феліксам, калі ты прыйшоў і пайшоў, ведаючы, што Фелікс — з-за сілы сваёй — у турме”.

З турмы мяне выпусцілі не праз дзве гадзіны, а праз два дні. Сярод ночы. То нешта ўсё вырашалі — ніяк вырашыць не маглі, а тут вывелі на вуліцу і кінулі: ідзі, куды хочаш... Я ў начніку гарэлкі купіў, сеў на лаўку ў скверыку, дзе яшчэ адзін жалезны Фелікс стаяў, і пад ягоным бюстам бронзавым выпіў. Бо не ведаў ні таго, што самому рабіць, ні таго, што са мной зробяць... Цяпер я быў ім ні для чаго, і са мной — адны праблемы.

Ад жалезнага Фелікса ценем аддзяліўся начны прахожы...

— Правароніў я вас, — сеў на лаўку Алік. — З таго боку чакаў.

Я дапіў з бутэлькі рэшткі.

— Скуль ты ведаў?..

— Лі-Лі пазваніла, што вас выпусцяць...

— Лі-Лі ў Маскве.

Алік сказаў:

— Дык і там, мусіць, ёсць тэлефоны.

Магчыма, ён і не пажартаваў...

— Што гэта яна табе ўсё звоніць? То адсюль, то з Масквы...

— Яна не мне, — сказаў Алік. — У вас ключоў няма — і каб вы не напіліся адразу.

Ключоў у мяне не было.

— Дома ў двары пачакаў бы, калі такі паслужлівы...

— Дома Лідзія Паўлаўна, дасць яна ўночы ў двары пачакаць. — І Алік спытаў: — Праўда, што ў вас цяпер Зіначка жыць будзе?

Вось чаму ён прыйшоў.

— Як гэта?..

— Як жыла Лі-Лі.

Я паспрабаваў яшчэ выпіць, але бутэлька толькі пуста цмокнула...

— Табе хто сказаў такое?

— Зіначка.

— Сама?

— Сама.

— У яе ёсць, дзе жыць. Ёсць маці... бацька...

Алік забраў пустую бутэльку і кінуў у сметніцу. Няўдала — бутэлька пабілася, сыпанула шкло...

— Няма ў яе нікога, апроч мяне.

Крыўдзіць мне Аліка не хацелася.

— Можа, і так... — І далей яно само спыталася: — А што ты можаш зрабіць для яе? — і Алік адказаў ціха, але адразу, імгнення не прамарудзіўшы:

— Памерці.

Мне трэба было б пачуць яго — ды я і пачуў, але не так: я ўспомніў пра пісталет.

Пакуль мной займаліся турэмшчыкі, прэзідэнт адплыў на задні план... Нібы мной займаліся не ягоныя турэмшчыкі.

У скверыку рамантаваўся тратуар. Сярод камянёў прэнт, з канца заплясканы, ляжаў, нехта з рабочых пакінуў — як наўмысна... Падабраўшы яго, я амаль прабег два кварталы да туалета насупраць рэзідэнцыі, Алік ледзьве за мной паспяваў.

— Куды вы?..

— На шухеры стой.

Я паазіраўся наўкол: на тэатр, на фантан, на дрэвы ў скверы, у якім не жалезны Фелікс стаяў, а хлопчык з лебедзем — і ламануў замок.

Пісталет быў на месцы. Я праверыў яго, пастаяў над унітазам, зашпіліўся, торгнуў ланцужок з абарванай ручкай — вада не зашумела.

Перакрылі. Болей тут не туалет — каб Снягір не прысікаўся.

Алік ускочыў:

— Ідуць двое!.. — Убачыў пісталет — і вочы ў яго крутануліся: — Нашто ён вам?

— Застрэліцца.

Хутка яны... Знайшлі пісталет і чакалі, хто за ім прыйдзе? Тады б абойму дасталі...

Прынёс пісталет — ледзь не арыштавалі, забраць хачу — арыштоўваць ідуць... Што ні рабі ў гэтай сральні — за ўсё арыштоўваюць.

Я ўзяў вядро, там вядро з анучай стаяла, паклаў пісталет пад анучу і даў вядро Аліку.

— Па ваду да фантана пойдзеш, зусім адсюль пойдзеш і дома ў мяне схаваеш, зразумеў?

Алік кіўнуў — і яны ўвайшлі:

— Вы што тут робіце?

Яны ў форме былі, два сержанты.

— Прыбіраем.

— Я па ваду да фантана, — бразнуў дужкай вядра Алік, і я торгнуў ланцужок: — Ваду перакрылі.

— Ноччу прыбіраеце?

— Днём тут нельга. Ці вы не ведаеце?..

Яны на мяне зырыліся, прапусціўшы Аліка. Мусіць, я падобны быў на прыбіральшчыка: п’яны, зарослы, пакамечаны, пабіты...

— А замок?

— Ключы згубіў.

Яны кабінкі агледзелі, мяне абшукалі... Дзякуй Аліку, што дома ў двары не чакаў.

— Хадзем і ў нас прыбярэш, заадно разбярэмся, — сказаў адзін, а другі, які мяне абшукваў, гідліва рукі абцёр і паморшчыўся: — Ды ну яго, хіба не чуеш — смярдота якая...

Як ты пахнеш — самому не чуваць, але я зразумеў, што патыхаю парашай. І доўга яшчэ патыхаць буду, калі разбірацца павядуць.

— Вы, хлопцы, ці сцыце, ці ідзіце, — сказаў я і па локаць залез ва ўнітаз...

Яны павярнуліся і пайшлі. Непадалёку, насупраць ангельскай амбасады, пастарунак мясціўся, і гэтыя менты адтуль былі, не з аховы. Паставы каля параднага ўваходу ў рэзідэнцыю, які іх, пэўна, і паклікаў, сонна спытаў:

"Што там?"

"Гаўнадраі”.

"А-а..."

Прэзідэнт спачывае, ахова дрэмле. Спакойна ў краіне, адны гаўнадраі не спяць...

Я выглянуў: Аліка не відаць каля фантана, ён зразумеў мяне правільна. Хаваючыся за дрэвамі, я пачаў перабягаць сквер — і тут насустрач мне ад Кастрычніцкай плошчы ўзвыла міліцыйская машына: мусіць, апамяталіся. Я ўжо быў амаль на праспекце, каля былой урадавай трыбуны — і, не знаходзячы, дзе яшчэ схавацца, нырнуў у яе мармуровую нішу.

Машына павыла і сціхла, але я не высоўваўся: ну іх... Рашыў дачакацца раніцы, калі з’явяцца людзі і пойдзе метро. Тым больш, што грошай на таксі не меў, іх на гарэлку толькі і хапіла, а пад абяцанкі разлічыцца дома ніякі таксіст такога кліента, якім я выглядаю, не возьме. Хіба што той знаёмы, які на могілкі вазіў...

Уявіўшы, як добра было б ні ў карцэры не сядзець, ні ва ўнітазы не лазіць, ні ад ментоў не бегаць, а ляжаць сабе на могілках... толькі не цесна і дзе-небудзь побач з Аміляй... — я скруціўся і паспрабаваў прыснуць на мармуры.

Трое сутак я нідзе і ні на чым не спаў, бо то не мог, то не давалі, а тут, калі засну, магу спаць, колькі захачу. Былая ўрадавая трыбуна ніякім правадырам болей не патрэбная. У іх ёсць новая каля Дома ўраду... ці яе там няма?.. я не мог успомніць. Там нібыта толькі Ленін — на чым жа тады стаяць правадыры і народ вітаюць? Ці Ленін вітае?..

А раней з гэтай трыбуны віталі — і я чатыры разы за два гады службы, двойчы ў маі і двойчы ў лістападзе, аднойчы нават са сцягам, стаяў насупраць правадыроў: радавы Плоніш, музыкант зводнага аркестра Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі. Аркестр адкрываў і закрываў шэсці і парады — і гадзіну за гадзінай ад адкрыцця да закрыцця тапталіся мы на плошчы і гралі маршы, маршы, маршы... Паміж намі і правадырамі цякла па праспекце няспынная людская рака — і відавочна было, што ніколі яе не пераплыць: мы, на нізкім левым беразе, асобна, правадыры — асобна на высокім беразе правым, а рака сама па сабе. Правадыры народу — прывітанне, народ правадырам — „ура!", а мы ўсім — маршы, маршы, маршы.

"Хрэн вам, а не музыкі!.."

І з году ў год перад тым, як ступіў я з аркестрам на плошчу, і гадамі пасля таго, як сышоў з яе, правадыры несупынна праводзілі свае з’езды, пленумы, форумы, кангрэсы, але былі безаблічнымі і нейкімі незаўважнымі. Ва ўсякім разе для мяне. Як упершыню заўважыў, так і потым заўважаў я правадыроў толькі тады, калі стаялі яны на ўрадавай трыбуне. З насунутымі на бровы капелюшамі, насупленыя, нібы не ў спадобу ім ні народ, ні краіна.

Зрэшты, што тут можа падабацца?.. У краіне, дзе музыка — маршы, маршы, маршы...

Крабіч неяк вершы чытаў — некага з рускіх. „Люблю грозу в конце июня, когда в Москве идет парад, и хмуро мокнет на трибуне правительственный аппарат”.

Які парад можа быць у канцы чэрвеня?..

Толькі ў маі і ў лістападзе...

Насупраць правадыроў на ўрадавай трыбуне, якія толькі на ўрадавай трыбуне заўважныя былі... а цяпер гэтыя, новыя, паўсюль, паўсюль...

Прачнуўшыся ад таго, што мяне тармасіла Лі-Лі, я не мог зразумець, як яна тут, на трыбуне, мяне знайшла. Нават больш гэтаму здзівіўся, чым таму, што Лі-Лі прыехала...

— Вахцёр з тэатра бачыў, як ты бегаў, — сказала Лі-Лі, каб я надта не здзіўляўся.

Гэта магло быць.

— Ты не ў Маскве?..

— Вярнулася. Ранішнім цягніком.

З нечаканкамі ён — гэты маскоўскі ранішні цягнік.

— А Фелікс?..

Лі-Лі паклала руку на майго раманчыка.

— Што табе да Фелікса?

А што мне да Фелікса?..

— Нічога. Але ты з ім паехала...

— Трэба было ратаваць...

— Зратавала?

Лі-Лі кіўнула.

— І кінула?.. Чаму кінула?

— Бо ўсё ў яго цяпер, як мае быць. А я не магу быць з тымі, у каго ўсё, як мае быць.

У мяне, значыць, не так...

— А ў мяне што не так?

Лі-Лі прыціснулася.

— Ляжыш тут адзін на трыбуне...

— Ніяк разабрацца не магу: што?..

— Я напісала табе, што. Ты чытаць не ўмееш?

— Думаў, ты не ўмееш пісаць.

Лі-Лі падымала, падымала раманчыка...

— Я ўмею тое, чаму ты навучыў...

— Ты напісала, што я навучыў кахаць.

— І кахаць... Давай гэтак зробім, як ты пра Маскву расказваў...

— Не я расказваў, мне...

— Ну табе... табе...

Далася ёй тая Масква.

У Маскве я музыкай для кіно падрабляў, нідзе не плацілі за музыку столькі, колькі ў кіно, і туды не ўшчаміцца было — школьны сябар Пойменава, заслужаны кінааператар маскоўскі пасадзейнічаў. Заслужаны цынік, як і амаль усе маскоўскія, ён і расказваў...

Для дакументальнага фільма ў юбілей рэвалюцыі ён Чырвоную плошчу здымаў: парад і шэсце, правадыроў на трыбуне Маўзалея. Здымаў са Спаскай вежы, адтуль, дзе крамлёўскія куранты, каб, як замыслілі ў фільме не меней заслужаныя сцэнарыст з рэжысёрам, маятнік курантаў калыхаўся ў кадры, пяцігодкамі адлічваючы велічны час новай эпохі...

Памочніцай ягонай практыкантка была, студэнтка апошняга курса інстытута кінематаграфіі. Таленавітая, дык сама і прапанавала: „А давайце трахнем гэта ўсё, калі яшчэ такі выпадак падвернецца?..” І ён адставіў камеру, паставіўшы перад сабой практыкантку, якая, сапраўды здольная, яшчэ і кувала з курантаў. Танкі ідуць — ку-ку танкістам, ракеты вязуць — ку-ку ракетчыкам, самалёты ляцяць — слаўным сокалам ку-ку. Ну і, канечне, канчаючы, правадырам... Над імі жывымі на трыбуне, над іх партрэтамі ў калонах, над крыкамі „ура!” і „няхай жыве!", над сцягамі і транспарантамі, над Чырвонай плошчай, над Масквой і ўсёй краінай ад Брэста да Хабараўска, а наце вам! канчаючы! — ку-ку, ку-ку, ку-ку...

— Тут вежы няма.

— Мы на саркафаг забярэмся. На дах.

Недабудаваны гмах, які Лі-Лі называла саркафагам, пластаўся насупраць урадавай трыбуны — цераз плошчу.

— А свята?..

— Зараз пачнецца.

— Без прычыны?..

— Як усё пачынаецца, — нецярпліва пацягнула мяне Лі-Лі. — Пайшлі...

Падняцца на саркафаг аказалася не проста, мы доўга-доўга караскаліся па сценах, па лесвіцах, па рыштаваннях, і пакуль падымаліся, і калі нарэшце выбраліся на дах, якраз прыспела нейкае велічнае свята... я ніяк згадаць не мог: якое свята ў жніўні?.. сусветны дзень Правадыра? — і плошча пад намі кіпела транспарантамі і сцягамі, і бліскаў трубамі зводны аркестр Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, і ўрадавая трыбуна была забіта правадырамі: добра, што Лі-Лі мяне там знайшла, а то б растапталі. Сярод правадыроў былі тыя, каго я ведаў, Хусэйн і Арафат... хоць Арафат, па-мойму, зусім не бандыт, тады чаго ён з Хусэйнам ды з Хусэйнам?.. — і былі тыя, якіх я пазнаваў, Пол Пот і Самоса, Фідэль і Кім Ір Сэн, Чаушэску і драбнейшыя, але большасці я не пазнаваў і не ведаў, а іх было столькі, што яны не мясціліся на трыбуне, адзін на аднаго напіралі і напіралі, і тыя, якія былі ўперадзе, саскоквалі з трыбуны, каб іх не прыдушылі, але зноўку кругам беглі ў спіну заднім, каб напіраць і напіраць...

Незразумела было, чаго яны ўсе адразу гэтак шчэмяцца ў першы шэраг, маглі б усё ж, як правадыры, неяк цывілізавана, па чарзе... ды ўсё адкрылася, калі голас, які звычайна здравіцы ў святы прагалошвае, гучней за сябе крыкнуў: „Слова для абвяшчэння новага правадыра ўсіх часоў і народаў та-ва-ры-шу Ле-ні-ну!!!” — і Ленін паперадзе сваёй труны з вакном, што на катафалку за ім паспявала, выбег з саркафага, які, аказваецца, для яго будавалі, каб з Масквы ў Мінск перавезці, бо тут першы з’езд РСДРП праходзіў, зусім недалёка, цераз рэчку, з саркафагу гэты дом відаць, да яго пяць хвілін хады, а з горкі на катафалку дык і хутчэй, калі захоча там сустрэцца з кім, ці проста чаю папіць Ленін, які цераз плошчу падбег да трыбуны, падскочыў і ткнуў пальцам у таго, хто ў цэнтры ў першым шэрагу ў той момант аказаўся:

— Ён!

Выглядала, што Леніну напляваць, каго пасля сябе найвялікшым правадыром аб’яўляць. І ўсё пра тое, як ён Сталіна ў правадыры не хацеў, — казкі...

На трыбуне, адзін на аднаго напіраючы ўжо для таго толькі, каб зірнуць, хто ён? — незадаволена прагудзелі... Хоць Ленін і ў гаспадара пальцам ткнуў, але ж кожны разлічваў... Толькі што зробіш, калі ўжо ткнуў?.. Не свая краіна, не свая ахова — дык прагудзець хіба.

— Ды які з яго правадыр! — весела крыкнула Леніну і ўсім астатнім правадырам, на якіх Ленін пахмурна паглядаў, Лі-Лі. — Так забаяўся, што ўсраўся, калі я са станіка бомбу дастала!

Жартаўніца Лі-Лі!.. Не такі ў яе станік, каб бомба ўлезла, і Лі-Лі, канечне ж, не бомбу, паперы з яго дастала, якія ў сейфе знайшла, але крыкнула, што бомбу — так ёй было весела на даху, стоячы на краі якога фрагментам квадрыгі, мы зверху ўсё, што ўнізе, трахалі. Лі-Лі скакала, ляцела, выгіналася, дыбілася перада мной маладой кабылкай — і над плошчай, над зводным аркестрам Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, над сцягамі і транспарантамі, над трыбунай з напіраючымі правадырамі сцялілася на ветры яе каштанава-чырвонасцяжная грыва...

— На востраве свабоды засранцаў не абвяшчаюць! — рашуча сціснуўшы кулак, ускінуў руку Фідэль, і Кім Ір Сэн ускінуў: — І на паўвостраве!..

— Ну, калі ўсгаўся... — засумняваўся ў сваім выбары Ленін, і Лі-Лі дадала яму сумненняў:

— Вы гляньце на мяне!.. І ён мяне — такую! — з перапуду не трахнуў!

Усе правадыры і Ленін паглядзелі на Лі-Лі — і відаць было, што Ленін не знаходзіць, што сказаць, а Фідэль апусціў кулак і развёў рукамі: маўляў, пра што гаварыць...

Ленін пахістаўся з наскоў на пяты, заклаўшы вялікі палец левай рукі за камізэльку, правай рукой махнуў: „А газбігайцеся вы, підагы, самі!” — лёг у труну з акном і пакаціўся з горкі на катафалку.

Гэткіх жэстаў ад Леніна не чакалі — і ўсе разгубіліся, як усраліся, нават нечага забаяліся...

— Злабайце вы што-небудзь! — нікога і нічога, нават цеснай магілы, калі са мной Лі-Лі, не баючыся, прагалёкаў я Тырдзе, тамбурмажору, які даўным-даўно побач са мною ў зводным аркестры Чырвонасцяжнай Беларусскай ваеннай акругі на тубе граў, бо на чым яму яшчэ граць, калі прозвішча ў яго такое, Тырда, а туба гучыць тыр-да, тыр-да-да, не прозвішча ж з-за гэтага мяняць, ды музыкант ён і з гэткім прозвішчам класны, пачуў мяне і ўскінуў бунчук, палку з хвастом, якая таксама тамбурмажорам называецца, таму выходзіць, нібы тамбурмажор самім сабою тамбурмажорыць, лабухам абы пацешыцца — і аркестр джаз лабануў!.. а вы думалі лабухі для таго, каб маршы вам выдзімаць?.. выдзімаюць, канечне, бо куды падзецца... сорамна, але ж неяк трэба карміцца, а так бы!.. думаеце, яны не цямяць, для каго выдзімаюць?.. і што для вас выдзімаць — гэта вам служыць... дык адсмакчыце!.. у-у, як варыяцыі „My insomnia, my sleeplessness"лабанулі!.. свінгуючы, вунь што першая труба вырабляе!.. у-а-о-у-а!.. — срэбрана ўверсе і свінцова ўніз!.. вось адкуль у Лі-Лі такія гукі... і Луі наўмысна для яе высака-высыка і чыста-чыста, там, дзе анёлы, як толькі Луі, гэты чорны бог, умее: а-о-у-а-о!.. я і не ведаў, што Армстранг у аркестры... і Майлз Дэвіс... і Дзізі Гілеспі з братамі Марсалес... і Бэні Гудман... і Джон Калтрэйн... ё-маё!.. а вакал які!.. ну, Тырда, які вакал паставіў!.. Элу з Дзюкам!.. і Макартні, абняўшыся з Мулям — лом які: песняры з бітламі!.. і Дзін Рыд, якога вы ў нямецкім возеры ўтапілі, ды нездарма кажуць: „Паміраць, дык з музыкай!” — не з вашымі ж бляцкімі прамовамі!.. дык хулі вы там на трыбуне выстаўляецеся, хто вы супраць нашых?.. во, блін, аркестр які Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі!.. як Шчырыца шчыруе!.. як Барма барміць!.. не горш за Дзізі і Майзла!.. тыя нават косяцца трохі: што за дудары, чаму не чулі?.. а Змей з флейтай, як змей, звіваецца, яму б толькі якую флейту абкруціць, а Люты на малодшага брата Марсалеса ў імправізацыях насядае, насядае!.. які джэймс-сэйшэн!.. вам на трыбуне толькі раты разаўляць!.. правадыры-мурыны ўжо танцуюць, у мурынах хоць кроў кіпіць... яны б самі злабалі, ды дудкі не ўзялі... а вы насупіліся ў капелюшах: лабухі вам не падабаюцца!.. пасадзіць, каб ведалі!.. і давай мяне, як зайца, ганяць!.. па карцэрах, па сральнях, па трыбунах!.. — за што?.. за тое, што адны з вас хацелі ўкрасці, а другія з вас у вас перакралі?.. дык я пры чым, разбірайцеся самі, вунь як аркестр лабае, у мяне свая кампанія, у вас хрэн такая будзе, Ленін правільна сказаў, што вы підары, і што мне да ўсіх да вас — пайшлі вы ў задніцу!..

Саркафаг раптам захістаўся, плошча затрэслася ад гуду і грукату падземнага — але гэта не метро, гэта Фелікс бомбу ў Маскве змайстраваў і ўзарваў яе ў рэзананс з музыкай, зразумеўшы, што Лі-Лі са мной застаецца, канец свету з-за рэўнасці наладзіў, засранец, і ўсё пачало валіцца, падаць, рушыцца: „Ды падымай задніцу, засранец, знайшоў, п’янота, дзе спаць!..” — скочвала мяне ўніз па прыступках і піхала шчыпцамі для падбору смецця з акуркамі велічная, як бычыха ці прафесарша, цётка ў сінім халаце, што прыбіралася на трыбуне, і я, даўшыся галавой аб мармур, ледзьве падняўся і здзівіўся, якая наўкол — у самым цэнтры горада — цішыня і пустата...

Мінск — горад правінцыйны, на масавасць правадыроў не разлічаны.

Дабраўшыся на метро дахаты, я ўсё з сябе скінуў у сметніцу і стаяў, стаяў, стаяў пад душам...

"Я ў цябе фотаздымак знайшла: ты і Фелікс, абняўшыся так, нібы зросшыся — мне між вамі не стаць... Я і ўзяла яго, каб глядзець і бачыць, што мне між вамі не стаць, глядзела і не ставала, а фотаздымак прапаў. Абшукалася — няма, і тады я па памяці, абмінаючы абдымкі, адрэзала палову.

Так сон, які ты ў бальніцы прысніў, разгадаўся... Не адразу, бо ты дзяўчынак прысніў, а не хлопчыкаў, ты наогул хлопчыкаў не сніш.

У мяне блізняткі будуць, хлопчыкі, іх ужо ўва мне сфатаграфавалі — вось да чаго яшчэ сон. Адзін хлопчык на цябе падобны, другі на Фелікса, адзін твой, другі ягоны.

Даруй, калі параніла, адразаючы, я не надта ўмею, ты не навучыў адразаць..."

Не цалавалася без Лі-Лі вада.