Лабух

Раманчык

Някляеў Уладзімір


16 У двары, азіраючыся ва ўсе бакі...

У двары, азіраючыся ва ўсе бакі, прагульваўся асіметрычны — Ціхан Міхайлавіч Лупеха. Робячы выгляд, нібы аказаўся тут выпадковым прахожым, ён рушыў з двара на вуліцу, і ўдвух — асіметрычны трохі паперадзе, фікусалюб ззаду — яны правялі мяне да „Масквіча-пікапчыка", за рулём якога сядзеў яшчэ адзін мой нядаўні знаёмы: мужычок у кепцы-аэрадроме. Гэта ўжо, канечне, занадта, каб быць толькі супадзеннем... Вакол мяне гуртавалася кола новых сяброў.

Пачакаўшы, пакуль я сяду ў кабіну, фікусалюб з асіметрычным залезлі ў кузаў пікапчыка. Выб’е з іх пыл па дарозе. Шкляныя б пабіліся.

— Па фікус едзем? — падміргнуў мужычок, падаючы руку і кранаючы з месца. — Мяне Амедам завуць, я татарын.

Зараз я адразу ўдвая болей дазнаўся пра яго, чым тым разам. Так і павінна быць паміж сябрамі.

— А кепка пад каўказца... — І тут мяне пранізала: чачэнец! Для Зоі што татарын, што чачэнец, які каля Лі-Лі круціцца — калі тая Зоя на тых поўднях была!

І бамжы... Лі-Лі так і казала: мы з бамжамі Фелікса адбілі... Гэта ж тыя! — якія яшчэ бамжы маглі на пахаванні Ігара Львовіча быць?..

Ё-маё... І каб з такімі сябрамі Панок не ведаў, дзе Фелікс?..

Амед прыўзняў кепку.

— Дружба народаў. Песня была, памятаеце: дзе-ці роз-ных на-ро-даў... У мяне пяцёра дзяцей — і ўсе розныя.

— Што значыць розныя?..

— Хлопчыкі, дзяўчынкі. Яшчэ жонка, а кватэру далі трохпакаёвую. Я і памяняў яе на дом на ўскраіне. Там зямля, кветкі. На кветках жыву. У канкурэнцыі з нашымі галандцамі.

— З галандцамі якімі?

— З нашымі. У нас ніхто ўжо свае кветкі не хоча вырошчваць. Пот, работа. З Галандыі пруць. Там купіў — тут прадаў. А галандскія кветкі без паху! Што такое кветка без паху? Назва адна — хоць яна ружа, хоць глыдыёлус... Неяк еду, а Ціхан з Аляксеем іх цягаюць, разгружаюць. Вы што, пытаюся, разгружаеце? Панюхайце, яны ж не пахнуць! Мужыкі панюхалі — і плюнулі. Ну, калі так, дык я іх да сябе забраў. У цяпліцах памагаюць, па гаспадарцы. На базар іх не стаўлю, жывыя грошы нутро ім пякуць. На пару пляшак прададуць — і ўжо ім няможацца. Фыр — і ў краму. Кідаюць усё і збягаюць. І ў той дзень збеглі, калі я ваш фікус забіраў. Шукаў іх якраз, а тут вы з фікусам. Потым яны вяртаюцца з амерыканцам, а ён аказваецца вашым даўнім сябрам. Цесны свет, праўда?..

— Цеснаваты... Нашто табе амерыканец здаўся?

— Як нашто? Дружба народаў...

З горада мы выбраліся па Слуцкай шашы і, праехаўшы Лошыцкі парк, збочылі на амаль вясковую вуліцу, у самым канцы якой, адасоблены ад суседзяў полем з цяпліцамі, стаяў за каменнаю агароджаю дом Амеда. Двухпавярховы, з флігелем і мансардай, на якую вяла знадворку пакручастая лесвіца. У падворку — прасторная альтанка і, як на цяпліцах, шкляным дахам прыкрыты басейн, абстаўлены фікусамі.

Нехлямяжны пікапчык, з якога вылезлі і моўчкі падаліся ў флігель фікусалюб з асіметрычным, ніяк не пасаваў гаспадару такіх уладанняў... Хітры татарын. „На кветках жыву..."

— Мора... пальмы... — пацягнуўся, заседзеўшыся ў машыне, Амед. — Я з жонкай, яшчэ нявестай, быў аднойчы ў Сухумі, палюбіў мора з пальмамі... Тут не растуць. Свой фікус пазнаеце?

Я не тое што фікус, я Фелікса не адразу пазнаў... Ён спускаўся па лесвіцы з мансарды і быў больш падобны на бамжа, чым самі бамжы. Значна больш. У дзікунска-жоўтай, з малпай на пальме, майцы, завэдзганых спартыўных штанах, падраных сандалях... Гэтак падобны на бамжа, нібы сапраўды шпіён.

Мы абняліся, нешта ўва мне намерылася зашчыміць — і не зашчыміла. Ці то праз нечаканы выгляд Фелікса, ці то праз час, які прамінуў — у кожнага са сваёй музыкай.

З пустатой.

А Фелікса, я адчуў, цісканула... І не маімі абдымкамі.

Калісьці была ў нас агульная мелодыя... Гадоў дваццаць таму, трохі болей... Яе звалі Нэлай — і яна загінула. Выпадкова загінула, але Фелікс лічыў, што па ягонай віне.

Відаць, гэта ў ім і зашчыміла — ён за спінай маёй, здалося, нават слязу змахнуў... Мне ніякавата стала слупянець пад слязой, я спытаў не надта ўдала — ды як пры такой сустрэчы ўдала спытаешся:

— Амерыканскія сантыменты?

— Лабух ты... — усё яшчэ абдымаючы, шапнуў мне на вуха Фелікс, пацягнуў да альтанкі і, не стрымаўшыся, выдыхнуў мелодыю, якую я ўгадаў. — Нэла...

У мяне была аднакласніца, Нэла — школьнае, дзіцячае каханне. Яна паступіла ў палітэхнічны, дзе вучыўся Фелікс, і пазнаёміла мяне з ім... Наўмысна пазнаёміла, каб паказаць, што ён у яе ёсць, бо я пазнаёміў яе з Нінай. Гэта было перад Новым годам, які мы кампаніяй збіраліся сустрэць на лецішчы прафесара Румаса ў Крыжоўцы. У прафесара прыхамаць мелася такая: на Новы год даваць ключы ад лецішча студэнтам. Нібы падарунак дзеда-Мароза... Нэла з Феліксам запрасіліся ў нашу кампанію, мы паехалі ўвасьмёх, на дзвюх машынах, а дарогай Нэла і Фелікс павадзіліся. Ён псіхануў, на хаду выкінуўся — і нічога з ім не сталася. Праслізгаў па наледзі і снезе. Яго ўгаварылі, супакоілі, але ў першую машыну, дзе ехаў з Нэлай, ён не сеў, уціснуўся да нас, у другую. А кіламетры праз тры з прасёлка на дарогу выскачыў трактар з прычэпам. Якраз пад першую машыну...

"Калі б Фелікс не выкінуўся, калі б мы не спыніліся...” — прамільгнула ўва мне, як толькі здолеў я пра нешта падумаць... Стоячы над тым, што засталося ад Нэлы, мы жудасна — у зямлю — маўчалі. Маўчаць можна ў неба, а мы маўчалі ў зямлю, пакуль Ніна не сказала: „Гэта праз нас...” Яна ціха, мне аднаму сказала, а Фелікс пахіснуўся і, каб не ўпасці, учапіўся за мяне абдымкамі — і сціскаў іх, сціскаў, сціскаў... Тое былі адзіныя ў нашым жыцці мужчынскія абдымкі, калі не лічыць цяперашніх.

— Я ездзіў туды, пад Крыжоўку... — адпусціў мяне і ўсадзіў за стол у альтанцы Фелікс. — І на могілкі... Так наплыло... Ведаеш, што ўявіў?

— Шашлык-машлык? — гукнуў з двара Амед.

— Ці татарчык? — запытаў Фелікс, я паціснуў плячыма. — Сырое мяса са спецыямі, ты еў?..

— І шашлык, і татарчык, — ідучы ў дом, вырашыў праблему Амед. — Дружба народаў.

Фелікс памаўчаў Амеду ўслед — і я сказаў:

— Рады, што ўбачыліся.

— І я рады. Разумееш, не прамінае... Я сябе ўяўвіў Нэлай, а Нэлу — мной. Нібы гэта яна прыехала да мяне пад Крыжоўку, прыйшла на могілкі... Як думаеш, яна прыйшла б?

Яму карцела сваё. Я не ведаў, што адказваць. Едучы сюды, зусім пра іншае думаў.

— Не прыйшла б, — самому сабе за мяне адказаў Фелікс і зноў спытаў: — І ведаеш, чаму? — і зноў адказаў сабе самому: — Бо тады, калі ўбачыў яе мёртвай, першае, што мяне працяла: я мог быць на яе месцы! Яна магла выйсці, а я мог застацца!.. Не яе пашкадаваў, а сабой ашчаслівіўся, разумееш?..

Фелікс дарма перада мной вінаваціўся, бо і сам я тады ў зямлю маўчаў, сабой ашчасліўлены. Мог жа ехаць з Нэлай... Нейкі час было праз тое сарамнавата, пасля ніякавата, потым ніяк — прамінула, забылася.

А Фелікса не адпускае. Столькі часу — а не праходзіць.

— Ты б не думаў пра гэта... Звычайна найперш помніш тое, на што хочаш забыцца.

— Я не хачу забываць!.. — Фелікс прыўзняўся, сеў. — Што тады помніць?.. Думаеш, за мяжой ёсць чым жыць? З’ездзі пажыві!.. Я пятнаццаць год прыкідваю, ці не дарма з’ехаў? Ці трэба было?..

— І што?..

— Няма адказу. Там не гэтак і тут не так.

— Як габрэй казаў: найлепш у дарозе.

— Які габрэй?

— Ты ўжо анекдоты пазабываў. У габрэя спыталі: чаго матляешся туды-сюды, калі і там, і тут табе фігова? Ён адказаў: у дарозе хораша.

— А... Не было пры мне такіх анекдотаў, туды-сюды не ездзілі. І я б не прыехаў, каб не Ігар Львовіч. Ты помніш, што я вучыўся ў Рутнянскага?

Я кіўнуў — і Фелікс падаўся да мяне:

— Дык я быў Нэлай вінаваты, а цяпер яшчэ і Рутнянскім! І ты аказаўся ўцягнутым!..

— Не праз цябе ж...

— Як сказаць!

Размова ў нас павінна была ўрэшце пайсці пра гэта, не дзеля ўспамінаў пра нязбытнае мы спаткаліся, не для рэфлексій — і не сырое мяса есці. Але Нэла з Ігарам Львовічам, а тым больш я з Рутнянскім праз Фелікса — у адно не звязваліся. І, пакуль яно не звязвалася, я так, каб не надта заўважна было, пазіраў на дом, падглядваў у вокны: дзе Лі-Лі? Тут яна? Не тут? Не ў Фелікса ж пытацца, нібы з-за Лі-Лі толькі і прыехаў...

— І што ты маеш сказаць?

— За сястру дзякуй, — нечакана змяніў размову Фелікс. — Хоць не ў бардэлі... Колькі ні клікаў да сябе, так і не выбралася.

Я ўспомніў суддзю, які зацягнуў Аксюту пад Герб Дзяржавы...

— Патрыётка.

Фелікс нібы здагадаўся, пра што я ўспомніў.

— Ды кінь ты!.. У Францыі ў вайну прастытуткі сіфіліс немцам падсейвалі — і лічылі сябе патрыёткамі.

У мяне само спыталася:

— А хіба не?..

У мяне так здараецца — нібы само пытаецца.

У Фелікса само не адказалася.

Ён паціраў скроні, нешта ўзважваючы. Я не стаў яго прыспешваць — не ўяўляючы, да чаго? Спытаў пра Аксюту — праз яе Панок мне раіў Фелікса пашукаць:

— Бачыў яе?

— Бачыліся. Амед прывозіў. Зноў не ды не... Там я, заявіла, не тавар. Я ўсхадзіўся, падумаў, яна пра блядкі, аказалася — пра сцэну. Яна праўда тут артыстка нейкая?

— Не з горшых... Ты вунь таксама — артыст. Чаго ў такім рыззі?

— А што?.. Не пасуе?

— Пасуе. Асабліва майка. Ды й штаны ніштаватыя. А сандалі — хоць адкідвай.

— Ціхан з Аляксеем прэзентавалі. Я ў Амеда за парабка, а парабку ў чым хадзіць?.. Паеду — з сабой вазьму на памяць.

— На мытні звар’яцеюць...

Размова сцякала ўбок... Мне падумалася, што мы не дагаворваем — і гаворым без толку, амаль як я апошнім разам з Росцікам. Добра хоць з Максімам Аркадзьевічам дагаварылі.

— Калі ехаць збіраешся?

— Як толькі пашпарт Амед дастане. У яго ў Маскве людзі свае, за грошы — любы пашпарт. Мой у мяне вырваць паспелі, калі на могілках накінуліся... Ты пра гэта ведаеш?

Пра пашпарт я ведаў, але адкуль? — і так і пацепнуўся:

— Адкуль?.. А чаму ў пасольства не пайсці?

— Дык не тут жа... Дзе яны, па-твойму, сачыць будуць? У пасольства я ўжо ці ў Маскве, ці ў Кіеве — куды выберуся...

Ён упэўнены, што не ведаюць, дзе ён. Упэўнены.

— А хто такі Амед?

— Як — хто? Вы ж знаёмыя...

— Не скажу, што не... Сёння дазнаўся, як яго зваць.

Я чакаў, што Фелікса, які, падобна, давяраў Амеду і думаць не думаў, што пра схованку ягоную сярод бамжоў і фікусаў мог нехта данесці... — а, можа, і не? мала што мне надумалася?.. — ківок мой у бок татарына ўстрывожыць, а ён не ўстрывожыўся. Засмяяўшыся, пляснуў па стале.

— Ну, бусурманін! Ён жа цябе за лепшага сябра падае! Фікусы тут, кажа, твае...

— Адзін. І не мой — суседскі. Рутнянскіх фікус.

Тут Фелікс трохі, але сумеўся.

— З чаго раптам?..

— Выпадкова. Не мае значэння.

— Як гэта не мае? Якраз мае.

— Калі мае, дык ты ведаеш, як Ігар Львовіч жыццё дажываў? Піў, не прасыхаючы. Маці ганяў. Пакуль на вуліцу не выкінуў разам з фікусам... У той дзень яго і забіў нехта. Ці я, ці бамжы, ці баба, ці хрэн ведае, хто.

— Я! — зноў — і ўжо рашуча — падаўся да мяне Фелікс, яшчэ адзін забойца: трэці ў чарзе за мной і Лідзіяй Паўлаўнай. Не амерыканец, а комплекс віны...

— Кінь дурное. Не перад ім табе вінаваціцца.

— Перад ім! Рутнянскі — геній! Распрацоўкі ягоныя ўнікальныя — і ляжалі тут мёртва! А ў мяне там нічарта не выходзіла! Удавалася нешта, але не так і не тое, каб выбіцца ў людзі! На першыя ролі! Мне патрэбны быў поспех, сапраўдны поспех! На ўзроўні адкрыцця, бо мяне ўжо падпіралі, паціху спісвалі... Я і напісаў Рутнянскаму, папрасіў дапамагчы. Па тэме, не звязанай са зброяй. Ён некалі сам прапаноўваў мне ёй заняццца, дык я падумаў, што маю маральнае права... Пісьмо перадаў з надзейным чалавекам, а яно аказалася ў канторы. Ігара Львовіча і выперлі адразу. Не за п’янку яго выгналі, разумееш?..

Мне стала не надта ўтульна ў альтанцы каля мора з пальмамі... Бо яшчэ раз выходзіла, што падпалкоўнік Панок не пудзілам пустым мяне палохаў.

— Кажу табе: ён піў! — для самога сябе запярэчыў я ва ўсім вінаватаму Феліксу. — І выгналі яго гады тры таму.

— Дык гэта і было тры гады таму. Не зараз.

Я ўжо збіраўся пра падпалкоўніка Панка распавесці, не аднаму ж Феліксу размову нашу дагаворваць — і тут згадаў: тры гады таму Лідзія Паўлаўна была ў Амерыцы! Я так і не зразумеў тады: як, чаго? — не дапытваўся... Яно і зараз неверагодна, каб дапытвацца: не магла ж яна сына здаць.

Фелікс глядзеў на мяне, нечага чакаючы, я спытаў:

— Гэта ўсё?

— Да ўсяго далёка... — вырашыў прапусціць маю паўзу Фелікс. — Тры гады прамінула, а тры тыдні таму знаходзяць мяне два рухавыя малайцы ў Германіі, я там лекцыі чытаў. І пытаюцца пасля ўсялікіх анекдотаў і зямляцкіх рухаў да збліжэння: вас цікавяць распрацоўкі Рутнянскага?.. І кажуць: мы гатовыя прадаць. Ты разумееш?..

Я не ўсё яшчэ разумеў.

— Яны з лабараторыі?

— Ага, з лабараторыі! Лабаранты! Толькі ў званнях не прадставіліся, капітаны ці маёры... І ў іх на дыскетах — усё, што Рутнянскі напрацаваў. Разам з праектам сейсмічнай зброі.

Вось і ўсплыла паперчына са дна кардонкі з лекамі...

І ўсё з яе высыпалася, раскацілася... з мяне ўсе пытанні выпалі... не ведаў, пра што далей пытацца — мусіць, трэба пра гэтую зброю...

— А гэтая зброя сейсмічная... яна што такое?

— Як сказаць, каб расказаць... — На твар Фелікса выплыла намаганне, такое ж, якое выплывала на твар Максіма Аркадзьевіча, калі ён пра дао мне расталкаваць намагаўся, але хіба я вінаваты, што вы такія вучоныя, а я лабух... — Яна ўмоўна так называецца. Можна рэзананснай назваць. Прыклад рэзанансу са школы помніш? Як салдаты па мосце маршыруюць — і мост абрушваецца? Бо частата біення марша выпадкова супадае і накладваецца на частату хістанняў маста. Тут прыблізна тое самае, толькі не выпадковае... Параматычны рэзананс... Тое, што можа, скажам, Англію, як мост, на дно Атлантыкі абрушыць. Ці ўздыбіць дно акіяна — і змыць той жа мост, хваляй накрыць тую ж Англію... І яно гадамі ў сейфе пылілася нікому не патрэбнае! Краіна распадалася, не да таго ўсім было — у тым ліку і канторскім. Але гэтыя першымі пачалі ачомвацца, службу спраўляць... Перахапілі маё пісьмо і зацікавіліся: што ж там яшчэ? І сейф ачысцілі. Разабраліся — а далей што рабіць?.. Калі ні тэхналогій ніякіх, ні сродкаў на іх. Тут Савецкі Саюз ці пацягнуў бы, якая там Беларусь... Яны і вырашылі прадаць тым, у каго і сродкі, і тэхналогіі. Хто ўцяміць адразу, колькі яно каштуе.

— Табе?

Фелікс хмыкнуў.

— Мне... Мне тое, што я ў Рутнянскага папрасіў. Прычым, за так, як прэзент за астатняе... Калі я кваліфікавана звяду іх з пакупнікамі.

Пра Фелікса ў газетах, калі ён з’ехаў, як пра здрадніка пісалі... Якога дзяржава карміла, вучыла, а ён... І адчуваючы сябе ўсё болей няўтульна, я не прыдумаў нічога іншага, як сказаць:

— Гэта ж дзяржаўная здрада...

— Вер не вер, я тое самае ім сказаў. Тады адзін з іх, маладзейшы, нібы здзівіўся: маўляў, вам якая розніца?.. — а старэйшы спытаў, я слова ў слова запомніў: „Як вы лічыце, ці можа мець месца дзяржаўная здрада ў дзеяннях па даручэнні дзяржавы? Якой трэба адольваць эканамічны крызіс, у якой столькі праблем — ды яшчэ Чарнобыль? Вы ж ад Чарнобыля, ведаючы праблему, і з’ехалі?..” Чарнобыль ён мне ўжо як костку падкінуў. З намёкам, што яны да мяне без прэтэнзій, бо я не нейкі там палітычны эмігрант.

З дому выскачыў хлопчык год сямі, закрычаў у вокны: „Сервер, гад ты такі! Вайна!..” „Я табе дам вайну, ідзі работу дарабляй!” — пачуўся з дзвярэй жаночы голас... але не голас Лі-Лі, ды й не стане ж яе татарын, як наложніцу, трымаць... і следам за тым хлопчыкам, які вайну аб’явіў, выбег старэйшы хлапчук, год дзесяці, згроб меншага і заштурхаў зноў дамоў: „Вайна, куля ў цябе з гаўна!.."

Пяцёра — і ўсе розныя. Дружба народаў.

— Мне б дзяцей... — нечакана і неяк па-жаночаму ўздыхнуў Фелікс. — Ці хоць пляменніка якога. Твае як растуць?..

Фелікс апраменіўся ў Чарнобылі. Так што сапраўды ведаў праблему. Але пра яе тады, у эпоху галоснасці, трэба было ці маніць, ці маўчаць. Усе чакалі, што праўду скажа начальнік галоснасці Гарбачоў. Я таксама чакаў, нават заклаўся з Феліксам на скрыню каньяка, што скажа... Гарбачоў не сказаў, каньяк я прайграў, ды выйшла, што Фелікс, які не піў, нічога не выйграў. Ні маўчаць, ні маніць ён не мог. Праз тое і з’ехаў. Каб раптам прыехаць — і калі да сустрэчы з ім зразумелай была прычына (з настаўнікам развітацца, як Лі-Лі сказала), дык цяпер я ўцяміць не мог: чаму?

— Ты чаго прыехаў, Фелікс?

— З настаўнікам развітацца. Ты б не прыехаў?

— Я б не паехаў.

— Праўда?

— Праўда. У нас з бацькамі не ўсе развітваюцца.

— Пра каго ты?

— Ні пра каго канкрэтна. Пра нас і пра час.

— А... Паедзеш, калі даслухаеш.

Ён зноў паглядзеў, чакаючы... Я без паўзаў пачаў дагаворваць сваё — Фелікс слухаў і ківаў... Яго нібы нічога не здзіўляла. Спытаў, маючы на ўвазе Панка з Шыгуцкім:

— Ты як ад іх адкруцішся, калі я выберуся?

— А калі не выберышся?..

Фелікс згадзіўся:

— Праўда што... — І падняўся. — Пачакай.

Пакуль ён хадзіў на мансарду, я паспрабаваў знайсці фікус Лідзіі Паўлаўны. Загадаў: калі пазнаю яго сярод іншых, дык і тэлеграма Зоі, і тое, што мне самому пра Лідзію Паўлаўну ў галаву ўзбрыло — лухта. Ва ўсёй гэтай гісторыі яна зусім не пры чым — і толькі па п’янай дурноце Ігар Львовіч бегаў за ёй з сякерай.

За мной водзіцца такі бзік: абы што на нешта загадваць... Мужчыну ці жанчыну за вуглом сустрэну?.. Цот ці лішка дрэў у скверы?.. Калі жанчыну, калі лішка, тады...

Яны ўсе былі падобныя — фікус на фікус. Большы, меншы, радзейшы, гусцейшы?.. — я не пазнаваў. Зрокавая памяць мая наогул ніякая, запамінаю слыхам. Таму для мяне не існуе жывапісу. Я не чую карціну — і ў самых знакамітых музеях губляюся, не дапінаючы, чаго тоўпіцца народ перад намаляванаю нематой?..

Жывапіс — немата, музыка — пустата... Што ш тады не нямое і не пустое?..

Мне абавязкова трэба было, каб загаданае спраўдзілася, і, не пазнаючы фікус на выгляд, я папоўз на карачках, вынюхваючы, з якой кадкі пахне Дартаньянам — ад сабак доўга пахне... Нічога не ўнюхаўшы, падняў галаву: у дзвярах дома, пакручваючы „аэрадром” на патыліцы, стаяў Амед і глядзеў на мяне з уважлівай цікаўнасцю.

— Вы прапаўзлі, трэці за вамі, я зямлю яму памяняў, — сказаў Амед, праходзячы да флігеля. — Гэй, дармаеды, хто мангал будзе распальваць?..

Фікусалюб з асіметрычным, выскачыўшы з флігеля, мной не зацікавіліся: для іх чалавек на карачках — з’ява звычайная. Згаладаным подбегам кінуліся яны за дом да мангалу — следам за Амедам.

Я пазнаў фікус — трэці ад мяне, самы худы з усіх. Але пазнаў, калі Амед падказаў, так што загаданае падвісала...

Зачарпнуўшы вады з басейна, я вымыў рукі... Ненармальны кожны з нас, калі ўдумацца з уважлівай цікаўнасцю. Няма зусім нармальных. І дзве мае жонкі ненармальныя, і дзеці, і Лі-Лі, і Зоя, і Лідзія Паўлаўна, і Фелікс, які спусціўся з мансарды:

— Купацца будзеш, дык распраніся.

Ага. Зараз у адзежы нырну.

У некага з вучоных, ці не ў Энштэйна, былі ў доме кот і сабака. Энштэйн для іх у дзвярах, каб самі на вуліцу гуляць бегалі, дзве дзіркі прарэзаў. Адну, большую, для сабакі — і другую, меншую, для ката.

А замарочыў свет тэорыяй адносці... Адносна — нармальны, адносна — не.

Фелікс мяне ўжо ледзь не раздражняў — так непакоіў. З ім праблема ставала большай, чым была. Калі без яго наогул была б праблема...

— Ты ў Амерыцы сваёй жывёлін трымаеш?

— Якіх жывёлін?

— Ну ката, сабаку...

— Рыбак акварыумных. А што?..

— Ды нічога. Нечакана, што рыбак...

Пытацца пра тое, як ён не сабаку з катом, а рыбак акварыумных выгульвае, не выпадала. Я прайшоў у альтанку, Фелікс падаў мне ўчацвёра складзеныя паперыны.

— Тут напісана ўсё... І копіі двух дакументаў — не буду казаць, адкуль. Разам з аналітычнай запіскай Рутнянскага — гэта матэрыял.

— З запіскі — толькі апошняя старонка.

— Дастаткова. Скандал такі, што пабаяцца, адчэпяцца.

Я ўзяў паперы, разгарнуў. „Беларусь спрабуе прадаць апошнія савецкія распрацоўкі зброі масавага знішчэння..."

Фелікс даваў мне зброю для абароны. Маёй і ягонай, калі раптам не выберацца.

— Не надта спадзявайся, што нехта надрукуе. Дзе вялікія грошы, там хуткія трупы. У такое не лезуць.

— Яны самой магчымасці скандалу пабаяцца. На Беларусі і так нелегальны гандаль зброяй вісіць. А тут не гранаты, не танкі з самалётамі. Адвязаныя ў вас хлопцы ва ўладзе... Нібы не разумеюць, што за гэта з імі разбяруцца хутчэй, чым з тэрарыстамі.

— Хто разбярэцца? Захад?

— І захад, і ўсход... Лабараторыя фінансавалася Міністэрствам абароны СССР. Так што з Масквы могуць спытаць: а дзе наша?.. Там таксама хлопцы не простыя.

— Тым без нашага ёсць што красці.

— Таго, што можна ўкрасці, у Расіі ніколі і нікому не хапала, Раман. Ведаеш, калі там першы заходні транш раскралі?.. Яшчэ пры Кацярыне. У гэтым якраз праблема Расіі, а не ў дурнях і дарогах, і тым больш не ў манархіі ці дэмакратыі. Не кралі б, дык і дарогі былі б нармальныя, і цар бы не замінаў.

Фелікс загаварыў раптам, як Крабіч. Нейкая бязмежная ў свеце нелюбоў да Расіі, якую я любіў.Можа, таму, што не мог любіць Амерыку, дзе не быў ніколі. І стаяў на сцэнах не ў Нью-Ёрку ці Дэтройце, а ў Маскве і Краснаярску.

— Я люблю Расію.

— Любі сабе. Я ж не пра любоў... І наогул не пра тое.

Тут Фелікс хутка-хутка на мяне зірнуў — проста зыркнуў.

Не пра тое ён казаў, нешта ў размове нашай усё яшчэ адцягваючы. Не рашаючыся сказаць.

Дасталі мяне гэтыя адцягнутыя размовы...

— Ты Крабіча даўно бачыў?

Зноў не пра тое... Хоць дзіўна: як толькі я Крабіча ўспомніў — так і ён адразу. Я шмат разоў заўважаў, што не адно словамі чалавек з чалавекам гукаецца. Пракруціцца ў галаве, не чутная ж нікому, мелодыя — і яе тут жа напяе той, хто побач.

— Нядаўна. Хочаш з ім сустрэцца?

— Можа быць... Ён як жыве?

— Нармальна. Расію не любіць.

Фелікс паківаў на гэта, згодны, што зноў не пра тое...

— Што б ты сказаў на маім месцы?

Я перамаўчаў.

— Каму?

Перамаўчаў і Фелікс..

— Лабарантам. І што б зрабіў?

— Адказаў бы, што падумаю. А што б зрабіў... Можа быць, палічыў бы, колькі яно каштуе...

— Праўда?

— Я сказаў: можа быць. А ты ім што адказаў?

-Адказаў, як і ты, што падумаю... І доўга думаў, што рабіць. Лічыць, колькі яно каштуе — пагібель, колькі б яно ні каштавала. Неяк спыніць трэба было і лабарантаў, і тых, хто за імі. Прыпалохаць, але як?.. І я надумаў, як дурань апошні, пазваніць Рутнянскаму. Нібыта ні ад каго і нічога не збіраюся хаваць. Адкрытым тэкстам спытаў, ці ведае ён, дзе ягоныя распрацоўкі, хто імі зараз займаецца?.. Маўляў, па-амерыканску ў мазгах маіх выкруцілася, што ён мае правы на іх, як на інтэлектуальную ўласнасць. Абароніць свае інтарэсы... Разумеючы, што нас хутчэй за ўсё слухаюць, папярэдзіў, каб ён паводзіўся абачліва, асцярожна — і ў галаву амерыканскую мне не тукнула: каму званю, з якім Рутнянскім размаўляю?.. Не ўяўляў, не дапускаў, што з алкаголікам, які сябе не кантралюе. Запала яму з усяго, што я казаў, толькі пра ягоныя інтарэсы — ды й пра іх наўскасяк... Ён прарваўся ў лабараторыю, усчыніў вэрхал: дзе маё?.. Яму на пляшку трэба было, разумееш?.. Генію — на пляшку! Не Нобелеўскую прэмію, а шклянку гарэлкі!..

Фелікс павадзіў рукамі па стале, нібы шукаў тую шклянку... Не знайшоў і пажаліўся:

— Жах... Як вы жывеце тут, Раман?.. Так жа нельга...

— Жывем і паміраем. Як і ў Амерыцы, як паўсюль. Ты нас не шкадуй.

— Дык не памёр, забілі... Назаўтра ж, як забілі, лабаранты мне і сказалі: прыстрэлілі Ігара Львовіча бамжы нейкія па п’янцы. Каб я зразумеў, што не жарты...

Так яно, мусіць, і было, усё пры такім раскладзе ставала на свае месцы, лагічна сходзілася, але я сказаў:

— Ты замнога бярэш на сябе, Фелікс. Так таксама нельга.

Фелікс, змучаны самім сабой, не слухаў.

— Я спытаў: чаму?.. за што?.. У рэшце рэшт, што ён мог рэальна зрабіць, хто б і дзе яму паверыў?.. І чуеш, што яны адказалі?.. Ну, як свойскія ўжо людзі, у якіх са мной адна справа...

— Што?

— Яны сказалі: не мы прымалі рашэнне.

Гэтак, я падумаў, яны не маглі сказаць. А калі сказалі, дык наўмысна.

— І пасля гэтага ты прыехаў?

За варотамі, да якіх сядзеў я спінай, пачуўся шум матора, пасля кароткі аўтамабільны сігнал — і голас Лі-Лі:

— Эй, хто-небудзь!.. Амед! Мне разлічыцца не хапае!..

У мяне спіна скамянела.

— Зараз! — гукнуўся з-за дома Амед, і да варот на пару пабеглі фікусалюб з асіметрычным — самыя багатыя.

Яна тут! З імі! Ну, Лі-Лі...

— З Амерыкі, можа, не паехаў бы, — глядзеў цераз маё плячо Фелікс. — А з Германіі... Гэта лёс, падалося, што я блізка, каб развітацца, павініцца, на калені стаць... Я ж яму ўсім абавязаны. Разумеў, што рызыкую, але што за мной?.. Нічога. І яшчэ амерыканскі пашпарт. Падумаюць, узважаць, не асмеляцца... А яны не доўга думалі, на могілках наляцелі. Я ўцяміць ніяк не мог: чаму на могілках?.. Пры ўсіх, дэманстратыўна... Потым дайшло: праз нахабства і цынізм. Гэта сутнасныя прыкметы неабмежаванай улады, якая сіліцца паказаць, што валадарыць над кожным ад калыскі да труны. Дык і мне яны вырашылі паказаць адразу, што могуць зрабіць са мной усё, што захочуць. Што гэта ў Амерыцы я амерыканец, а тут, у іх, засранец. І калі б не бамжы і не Лі-Лі... Ха, ну ты паглядзі!

Нешта за спінай маёй Фелікса весела ўразіла — я павярнуў скамянелую спіну: фікусалюб і асіметрычны строга, як на пахаванні, неслі ўздоўж басейна з фікусамі партрэт прэзідэнта. Вялікі, у раме, як для кабінетаў. Лі-Лі — адна ў працэсіі — на хаду распраналася.

— Стамілася ўся і ўся пыльная, — не ўся ўсё ж распрануўшыся, бо з дому высыпалі дзеці, наўмысна не нырнула, а плёхнулася ў ваду Лі-Лі, абдаўшы і нас, і дзяцей пырскамі. — Падарунак! Павесім — і няхай хто-небудзь паспрабуе сунуцца!.. За мной, татарва!

— Ура! — першым, не распранаючыся, кінуўся ў басейн хлапчук, які аб’яўляў вайну Серверу, а за ім і Сервер, і яшчэ адзін хлопчык, і дзве дзяўчынкі. — Ура!.. Лі-Лі!.. Вайна!..

— Шашлык, як заказвалі! — падаспеў з шампурамі Амед. — Дружба народаў!.. Глянь, і бацька тут!..

— І татарчык, — не звяртаючы ўвагі на крык і вэрхал, увайшла ў альтанку і паставіла місу з мясам і стос талерак на стол гаспадыня: русявая жанчына — ніякая не татарка. — Мяне Таняй зваць, а вас я ведаю.

— Хто ж не ведае... — выйшла з басейна і, як ні ў чым не бывала, села, мокрая, на калені мне Лі-Лі... Зверху пацалавала ў макаўку і спытала:

— Ты чаму не ў турме?.. Не хочаш?..