Прошча

Вершы і паэмы

Някляеў Уладзімір


Саракавіны. Паэма

Віноўнай быць душа
хіба павінна,
Не цямячы, у чым яе віна?
Ды звадамі змучоная да дна,
Нібы святкуе - так баліць яна.
Прыйшла пара спраўляць саракавіны.

На дно душы
не ў час і неўпапад
Кідаў я нерат, каб пазбыцца звад,
Але віна вірамі рвала нерат
I вінавата я глядзеў назад,
I вінавата пазіраў наперад.

Віна мне вочы рэзала, як шкло;
Не ўбачыўшы нічога, што 6 магло
Віну суняць, суцішыць, супакоіць,
Пазваў я тых, каго ўжо не было,
Да тых, хто будзе - у маё жытло,
I цені іх напоўнілі пакоі.

Раней я многіх пазнаваў са спін -
Цяпер і ў твар не пазнаваў нікога,

Было іх сорак. Сярод іх адзін,
Які сказаў: "Нядоўгая дарога
За стол памінак ад стала радзін".

Ён са стала на стол паставіў крупнік,
Хлеб пераклаў, зацепліў дзве свячы.
Спытаў: "Ну што глядзіш, як той пакутнік?
Твой папярэднік тут і твой наступнік.
Астатніх трыццаць восем не лічы".

2

Мы ў некага заўсёды за спіною -
I нехта ў нас заўсёды за спіной.
Мой папярэднік - цень, што стаўся мною.
Ён не памёр, жывы маёй віною,
Я не памру, жывы яго віной.

I мой наступнік - цень, што мною стане.
Так на зямлі, не знаючы расстання
3 самім сабой, бясконца, з веку ў век,
Пазбыць віны і час спыніць не ў стане,
Жыве адзін і той жа чалавек.

Мяняючы імёны, маскі, твары,
Ён перажыў патопы і пажары,
Халеру,
воспу чорную,
чуму -
I ўсё жыве, і ўсё чакае кары...
Якой яшчэ? За што яна яму?

3

Каго спытаць?.. Няма ў каго спытацца.
Свет не назваць і ў свеце не назвацца,
Не знаць таго, што ведае дзіця,
Ці той, каму ў сладобу смак жыцця,
Хто час яго прыняў, як час вакацый.

Не мець таго, што ёсць у выпівох,
У тых гуляк, якія ўдвох і ўтрох,
I ўсаракох, як фэст, жыццё гуляюць,
Жывуць яго, жуюць і прапіваюць,
I не чакаюць, каб ім Бог памог.

У іх хаўрусе я 6 любіў любога,
Калі 6 не тыя, што паўсталі строга
I ценямі напоўнілі мой дом...
- Ты хто? - спытаўся я ў Саракавога.
- Я проста Голас, - ён сказаў. - Фантом.

4

Наперадзе і ззаду - цені, цені
3 усіх бакоў - цямрэча і агонь.
I ўпаў перад агнём я на калені,
I ў цемры перакідваць стаў імгненні
Іскрынкамі
з далоні на далонь.

Іскрынку кінуў - першы крок зрабіў,
Спалохаўся: іду!.. I з перапуду
Успомніў тое, што даўно забыў:
Што ўсё адно мне, кім раней я быў,
I ўсё адно мне, кім я потым буду.

Хто зараз я,
цяпер,
у гэты міг? -
Вось што мяне і мучыла, і мучыць...
Каб сам сябе я ў гэты міг лятучы
Спасціг,
калі душа - мой зрок і слых -
Мяне з жыццём злучае неўміруча!

Каб сам сябе спазнаў:
на рубяжы,
На гэтым зломе часу - на мяжы,
Дзе слаў снапы, а змалаціў салому!..

Ды ўсім былым імгненням я чужы,
I ў іх - былых - чужы сабе самому.
I будучым імгненням я не свой.
Якая адзінота, Божа мой!

5

Якая адзінота, Божа мой,
Па лініі ідзе берагавой,
Кіруючыся зменлівым абрысам,
Спыняецца, стаіць пад кіпарысам
I кідае каменьчыкі ў прыбой.

Яна сябе адну аберагае
Адна,
а як наблізіцца другая,
Дык за вярсту другую абміне...
Каменьчык кіне - хваля набягае,
Каменьчык кіне - хваля адхлыне.

Віна на дне суціхла, адзыбела,
I не згадаць, з чаго душа збалела,-
Так... нешта мімалётнае... капрыз…
Аточаны ажурнай пенай бераг.
Гайдаецца на хвалі ветразь белы.
Хістаецца на ветры кіпарыс.

6

Усе адны. Хоць кожнага вяжы
Да кожнага. Вузлы не рвуцца самі,
А рэжуцца аб лёзы, аб нажы.
У адзіноце кожны ўсім чужы.
Мы звязаны хіба што галасамі.

Падай мне голас праз Сусвет пусты!
Галоднаму
гукніся з нематы,
Няхай на мне жабрацкая кароста -
Не падавай мне міласціну, проста
Спытайся, хто я, і скажы, хто ты.

Між намі голас - нітка залатая,
Яна да суравой не прырастае,
Ніяк канцы з канцамі не звяжу:
Як ты гукнешся - што я запытаю
Як запытаеш - што я адкажу?

7

Хто мы ў Сусвеце?.. Голас, адкажы
I падкажы, у чым шукаць апоры,
Не пакідай на зменлівай мяжы
Між берагам, дзе кожны ўсім чужы,
I морам з белым ветразем у моры.

Хто ў Вечнасці мы?.. Голас, адкажы!..
Няма адказу.
Немата. Аковы.
I лёс - матацыкліст на віражы,
Вар'ят,
што замыкае круг чарговы...
Так круцяцца:
планеты,
зоры,
словы...

Ніхто не новы: ні суддзя, ні кат.
Ідзе спектакль. Акцёры ўсе на сцэне.
Вось Юда... і Каяфа... і Пілат -
Усе сышліся ў Гефсіманскі сад:
Там хлопчык той, што знойдзены на сене.

8

Дык як на вечнай сцэне быць сабой,
Не слыць, а жыць, не рынуцца ў разбой,
У гвалт, у закулісныя аферы?..

Віноўны,
я шукаў апоры ў горы,
Ракло мне гора: "Кіньма гараваць", -
I валакло катурны і падпоры,
Змушаючы шчасліўчыка іграць.

Апора ў шчасці? Я шукаў і там,
Рукамі і зубамі - не аддам! -
Трымаўся за яго...
"Шчаслівых мала,
Ты мой абраннік", - шчасце мне ўнушала,
Ламала рукі, зубы выбівала
У бойках між абранымі... Я сам
Зарокся быць шчаслівым.
Страшна стала.

Шукаў апоры і ў каханні я.
Сагрэўшыся, як на грудзях змяя,
Шаптала мне каханне: "Мой абраны..."
I рэўнасцю атручвала, і раны,
Калі загоіць нехта - дык зямля.

I ўцяміў я: без берагоў і дна,
Шырэй за берагі, глыбей за мора,
Адна ў мяне адзіная апора:
Глухая, непазбыўная віна.
Схаваны ў ёй
каханне,
шчасце,
гора -
I ўсё, пра што не ведае яна.

9

Быў хворы на віну, як на праказу,
Цень, што ўкрываўся за маёй спіной.
Я выйшаў са сцяны - ён стаў сцяной,
Ён выдыхнуў, а я ўдыхнуў адразу
Душу, што пачуваецца віной.

Так у траве з травой растуць каменні,
I вырастаюць над травой касцы,
I ў ланцужку, дзе ўсе мы толькі звенні,
Дарма маліць і трызніць аб збавенні,-
У ланцужка скаваныя канцы.

Ты свой не завяршыў яшчэ стажок,
А на лужок злятае ўжо сняжок,
I пачынае рытуальны танец
Бяззубая з касою...
Ланцужок
Гасподзь перабірае, як ружанец.

10

3 камення камень і трава з травы,
А чалавек з чаго, калі не з гліны,
Калі ў ім голас, а не рык звярыны?..

- Ты не з чаго ,- сказаў Саракавы. -
I ні з чаго твае саракавіны.

Твой папярэднік і наступнік тут
Ніякавата селі ў самы кут,
Паслухаўшы, як цьмяна ты гадаеш
То пра пакуты, бо не меў пакут,
То пра віну, 6о знаць яе не знаеш.

Нашто пазваў ты цені? Ліць алей,
Тваім здагадкам цьмяным біць у ладкі?
Здагадкі не мяняюць ход падзей.
Так пра камету згадку меў Галей -
Ляціць яна і без ягонай згадкі.

Усё адно ёй: быў Галей ці не,
Свая ў яе часовая дарога.
Часова ўсё. Жыццё і смерць міне.
Апоры ты не знойдзеш у віне,
Няма яе, бо ўся яна - з нічога.

11

Часова ўсё. Да смерці. А віна
Даўжэй за смерць. Нікому не відна -
Мацней чым смага мучыць і чым голад,
I ўсё, пра што не ведае яна,
Мне за яе распавядае Голас.

Аднолькава і зблізку, і здаля
Ён чуецца, 6о сказана ад Бога,
Што і ў былым, і да ўсяго былога
Было спачатку Слова. А пасля?
Што будзе потым? Мусібыць, нічога.

Што можа быць па часе?.. Ды віна
Даўжэй, чым час,
даўжэй, чым даўніна
I будучыня разам з даўніною.
Як цёмна скрозь! За мной, перада мною
Сцяна віны. Астрожная сцяна.

12

Жывым і мёртвым не пазбыць віны.
Чырвоныя і чорныя званы
Гудуць паміж вайною і вайною.
Не па маёй віне - маёй віною
У небе разгайданыя яны.

Далей ад іх - і ад віны далей,
Сцяна ў сцяне. Пад ёю акалей -
Закружыць над табой жывая зграя.
Жывы жыве, бо мёртвы не ўмірае.
Жыў Юда...
Жыў Каяфа...

Жыў Галей,
Жыве -
імя каметаю згарае.

Жыццё і смерць сышліся ў ім - ні ў чым
I ні з чаго гарыць адно ў адным,
I пакідае ў небе бліскавіцу...
Скажы мне, Голас:
гэту таямніцу
Каму спасцігнуць - мёртвым ці жывым?

13

Царкву - у ногі, лес - да галавы,
На вочы века - і ручнік на века,
I, дзякуй Богу, у труне - не вы...

- Ну вось і пахавалі чалавека, -
Наступніку сказаў Саракавы. -

Цяпер ён папярэднік твой. Ты рады?
Калі ты праўда рады, то дарма.
Тваю душу да дна замуцяць звады,
I плуг віны па вечным полі здрады
Табе цягнуць, калі яго няма.

Цяпер ягоны папярэднік вольны.
Ён тут яшчэ?
I цень гукнуўся:
- Тут.
- Ідзі. Ты вольны. Завяршыўся суд.

А мы паўторым хутка
шлях пакут, -
Сказаў мне Голас, як настаўнік школьны.

14

Шукаючы апоры, ты імя
Чужое ўзяў, нібы свайго няма,
I выдумаў сабе віну чужую,
Фантомную, з якой стварыў жывую,
Што стала вінаваціцца сама.

Яна ў цябе паперадзе ідзе
Па камені, паветры і вадзе
I ўжо не азіраецца:
за ёю,
Як змеялоў за залатой змяёю,
Ты йдзеш туды, куды яна вядзе.

3 балота ў дол і з долу на гару,
Шукаючы здабычу ці нару,
Паўзе яна, а ты за ей спяшаеш,
Мінаючы свой час, сваю пару,
Забыўшыся на тое, што шукаеш.

15

3 чужым ружанцам ты зайшоўся ў храм
I, не застаўшы анікога там,
Спытаўся ты: "Чаму няма нікога?"
I голас твой
сабе пачуўся сам
3 усіх кутоў, а найгучней з пустога.

Ты ў кут той рушыў і запоўніў кут
Самім сабой, сказаўшы: "Вось я, тут,
Дзе не бываў і мог не быць ніколі,
Я сам сюды спяшаў, па ўласнай волі
Стаю я тут - ну дык вяршыце суд".

Пад купалам, пад крыжам залатым,
У пустаце перад усім пустым
Стаяў ты ў храме,
да ўсяго гатовы,

Ды як прыйшоў з чужым - так рушыў з тым,
Нібы ружанец, перабраўшы словы.

16

Твой - толькі голас,
словы - не твае.
Тваіх табе ніколі не стае
Сярод чужых, на горкі яблык збітых,
Якія між кілішкаў недапітых
Па памінальным коцяцца стале.

Ды што рабіць? - суседзі і радня
Сабраліся казаць адно і тое
За доўгі стол саракавога дня,
Вакол якога ўстала гарадня
У сорак крэслаў, а тваё - пустое.

Ты за сцяной, яны каля сцяны,
Цень ад якой жахае - і адны
I тыя ж думкі ў кожнага жывога:
Хто на чарзе? Каму збяруць яны
Стол памінальны дня саракавога?

17

Не бедны стол, табе сабраны ён
Па Крэве ўсім - дзе сподачак, дзе міска,
Абрус смаргонскі - вышываны лён,
Гарэлка магазінная - аж з Мінска,
Свая з Барунаў, слаўная здавён.

Прастора рвецца, час ідзе на злом,
А на мяжы паміж дабром і злом -
I смажыва, і варыва густое,
I сесці ў крэсла, раз яно пустое,
Не сорамна табе за тым сталом.

3 усімі тымі, хто пайшоў раней,
Ты лёс пражыў за марны не марней,
Хай лепшы пражыве - хто потым пойдзе,
I не вядуць твой памінальны рэй
Бацькі твае насуперак прыродзе.

Ты іх паспеў праводзіць - Бог памог
Каля дзядоў пакласці іх удвох,
Пацалаваць іх і закрыць ім вочы...
Твае хай закрывае, хто захоча
3 тых, каго любіш, памажы ім Бог.

18

Хай кажуць словы,
галасы дрыжаць
Не ўсе з таго, што, дзе каму ляжаць,
Не ведаюць - і жахі пашчы шчэраць...
Не кожнаму, пасеяўшы, дажаць.
Не кожнаму, паснедаўшы, вячэраць.

Ды кожнаму, хто гол, як той сакол,
Ад смерчу смерці, што ўгінае дол,
Надзеяй дрэва можна захінуцца:
Зламае вецце - застанецца ствол,
Зламае ствол - карэнні застануцца.

Канец тады, як спрахнуць карані.
Ад забыцця, Гасподзь, абарані
Крывіцкі род, смаргонскі люд ды крэўскі,
Вярні ўсіх крэўных на пустыя крэслы,
За памінальны стол усіх вярні.

19

Як ты памёр, скажы, што ты жывы.
Скажы пра гэта голасам травы
I голасам касы скажы пра гэта:
Жывы, пакуль курлычуць журавы
На тым шляху, якім ляціць камета.

Схаваны ў змрок, укрыты ў цень сцяны,
Нічога і нікому ты не вінны,
Жывы - і вольны ад любой віны,
Ад будучыні і ад даўніны,
Ад усяго, што прывід і руіны.

Калі між зор анёд уструбіць збор,
Ты хату прыбяры, спарадкуй двор
I на дрывотні навастры сякеру,
Скажы, што ты жывы, калі памёр,
Ідзеш на Суд - і я табе паверу.

У двор сваіх, чужых панабяжыць.
Як жыта ў жыце, ты пакінь іх жыць,
Па смерці ўваскрасаць, як жыта ў жыце, -

I перад тымі, каму Суд вяршыць,
Паўстань у час прызначаны:
судзіце.