Прошча

Вершы і паэмы

Някляеў Уладзімір


Прошча. Паэма

1

Зноў вецер на ўзлеску агнём залатым
Асіну палошча.
За ветрам за тым і за ўзлескам за тым
Ёсць возера Прошча.

На возеры тым, на блакітнай вадзе
Бялеюць лілеі.
Душа мая там, як на Боскім судзе,
Баліць і святлее.

Яе тое возера ў воды свае
Празрыста ўлюбіла.
Да дна таго возера не дастае
Нячыстая сіла.

Святлее ў тым возеры храм на гары
Званіцай высокай,
I спіць на званіцы званар да пары

Глыбока,
Глыбока.

У белых лілеях яму так даўно,
Так соладка спіцца,
Што снамі ягонымі ўсыпана дно
Да самай званіцы.

Усмешка блукае ў яго на губах,
Як ветрык на ўзлеску...
Стаіць нерухома вада ў берагах -
Ні хвалі, ні ўсплёску.

Дрымотна сваім і чужым берагам -
Ні ўсплёску, ні хвалі,
Нібы не схавалі ў тым возеры храм,
Нібы пахавалі.

Вякамі сплываюць над возерам тым
Лілеі аблокаў -
Над храмам, над крыжам яго залатым,
Званіцай высокай.



2

Ен жыў на званіцы, бязногі званар
На храмавай вежы.
Сачыў з-пад нябес, дзе патоп, дзе пажар,
Дзе вораг на межах.

Прыкуты да звону, да лёсу свайго,
Глядзеў на абшары,
I цёмныя хмары плылі да яго,
I светлыя хмары.

Пад храмам люстэркам ляжала вада,
Лілеі люляла,
I ў тое люстэрка цягнула нуда -
Аж вочы смактала.

На раме люстэрка шумелі лясы,
Палі красавалі,
I рыкі звяроў, і людзей галасы
На вежу ўзляталі.

Адтуль, дзе спрадвек майстравалі яны
Калыскі і труны,
3 ядой і вадой падымала збаны
Вар'ятка Матруна.

Яна на калені ставала ў куце
На звон памаліцца -
I ўсё мармытала: "На згубу расце
Краса-Мілавіца".

Кавалак у горла не лез званару,
Як, слінячы губы,
Шаптала вар'ятка: "Атруты збяру
На згубу, на згубу..."

Так дні праміналі, вятрамі гады
Хісталі званіцу...
Нявестаю князь, уладар малады,
Абраў Мілавіцу.

"Красу-Мілавіцу, дачку каваля?!
Ой, княжа! Ой, смелы!.."
I ўздрыгнула пад капытамі зямля
Суседніх удзелаў.

За новым ганцом скача новы ганец
3 пагрозай адною:
"Як пойдзеш з дачкой каваля пад вянец -
Мы пойдзем вайною.

Твой шлюб - гэта ганьба для нашых дачок,
Абраза цяжкая..."
I князь закруціўся між іх, як ваўчок,
Як воўк за сцяжкамі.

На плошчы шторання натоўп віраваў,
Народ, князю любы,
I голас Матруны яго свідраваў:
"На згубу! На згубу!"

Прамоўцамі, быццам балотная гразь,
Мясіліся словы.
- На згубу яе!
- I яго!
- Ён не князь!
- Ён зяць кавалёвы!

Разгублена варта стаяла наўзбоч,
Гатова прадацца.
I з тварам чарнейшым за чорную ноч
Князь клікнуў дарадцу.

"Скажы, што рабіць?" - ён дарадцу спытаў.
Быў рады старацца
Заўсёды дарадца. 3 паклонам устаў
I мовіў дарадца.

"Казырная карта
адна на стале,
На ўсё твая воля.
Як хочаш жаніцца - жаніся, але
Не князь ты ім болей.

3 натоўпу сабраць пераможную раць -
Пустая спадзеўка,
Не стане ніхто ваяваць, паміраць
За простую дзеўку.

Калі ж адрачэшся цяпер ад яе -
Набычацца шыі,
Успомняць: каваль з Мілавіцай - свае,
А тыя - чужыя.

Як толькі адчуюць тваю слабіну -
Пра сілу забудуць.
Ты ў пастцы:
суседзі рыхтуюць вайну,
Народ прагне бунту.

I ўсё праз адно. I парада адна:
Мы ўлада. Мы суддзі.
Не стане нявесты - не прыйдзе вайна
I бунту не будзе.

Нявеста твая заняможа ўначы.
Ёсць зёлкі ў Матруны".
I, гледзячы ўбок, князь прамовіў:
-Лячы.
Мне сёння прыснілася кроў на мячы.
Рабі, што прыдумаў.



3

Ён жыў на званіцы. Цар-рыба плыла,
Мінаючы сеці.
Адна ў званара Мілавіца была,
Адна ў цэлым свеце.

Начамі ён бачыў: два цені здаля
Ішлі, каб спаткацца,
Адзін - ад хаціны старой каваля,
Другі - ад палаца.

Як бралі адзін аднаго за руку,
Спаткаўшыся, цені,
У звоне матляўся ён на языку
I біўся аб сцены!

Яму нават ногі, якіх не было,
Нясцерпна смылелі,
Як рыбамі цені плылі на святло,
Збіралі лілеі.

Прыкуты да звону, да лёсу свайго,
Маліўся ён, плакаў,
Каб выраслі кіпці і крылы ў яго
Драпежнага птаха.

Ён сэрца б князёва штодня вырываў
3 крывёй, каб напіцца!..
О, як ён кахаў яе, як раўнаваў
Красу-Мілавіцу!

Цар-рыбу, што ў Прошчы спрадвеку жыла,
Прасіў, каб ніколі
Красу-Мілавіцу бяда не знайшла
Ні ў лесе, ні ў полі.

Цар-птушку, якая вяршыла палёт
Над Прошчай спрадвеку,
Схаваць Мілавіцу прасіў ад нягод,
Ад крыўды і здзеку.

Цар-рыбу прасіў і Цар-птушку прасіў,
Што зналі ўсё самі,
А сам ён праспаў Мілавіцу, прасніў
Вяшчуннымі снамі.

У снах тых пісаў з Мілавіцы абраз
Князёвы дарадца.
Князь мовіў: "Старайся", дарадца ў адказ:
"Я рады старацца".

I жах у тых снах працінаў кожны раз,
Як сталь нажавая,
Калі любаваўся народ на абраз:
"Дальбог, як жывая!"



4

Стагналі званы, галасілі званы
На белай званіцы,
Як неслі ў князёвы скляпы-курганы
Красу-Мілавіцу.

Гудзелі званы, знемагалі яны,
I чулася ў гудзе:
"Не будзе нявесты - не будзе вайны
I бунту не будзе".

Нібы звар'яцеў на званіцы званар,
Вяшчаючы люду,
Што скрозь і паўсюды патоп і пажар
I ворагі ўсюды.

Цар-птушка ляцела, Цар-рыба плыла,
Мінаючы сеці.
Адна ў званара Мілавіца была,
Адна ў цэлым свеце.

У белых лілеях ляжала яна,
Нібыта жывая,-
Ды ўжо муравалася ў склепе сцяна,
Сцяна межавая.

Магільшчык зрабіў сваю справу, і поп
Зрабіў сваю справу.
А з плошчы ніяк не сыходзіў натоўп
I прагнуў расправы.

Глядзелі дарадца і князь, як сычы.
Расправа блукала:
"3 чаго яна раптам заснула ўначы,
А ранкам не ўстала?"

"Вяшчунна мне снілася кроў на мячы",-
Князь думаў у спудзе.
Дарадца на вуха: "Не бойся. Маўчы.
Нічога не будзе".

А слова крывёй набракала, як клоп:
"Атрута... Атрута..."
"Матруна",- дарадца шапнуў, і натоўп
Ускрыкнуў: "Матруна!"



5

На межах князёвых стаяла вайна.
Расправа блукала.
Пра гэта не знала Матруна - яна
Нічога не знала.

Але за пагібель нявесты-красы,
На радасць народу,
Яе за сівыя цяглі валасы
Пад меч, на калоду.

Цар-птушка ляцела. Цар-рыба плыла.
"Я не вінавата,
Я зелле зварыла, я зёлкі дала",-
Крычала вар'ятка.

Дарадца на плошчу прывёў каваля:
"Вось меч табе катаў.
Ты б княжыча няньчыў, садзіў на каня.
Суцешся адплатай".

Пазногцем спрабуючы вострую сталь,
Гаротны, суровы,
Каваль адказаў: "Не на тое каваль,
Каб секчы галовы.

Бог даў Мілавіцу і ўзяў яе Бог,
Куды - не дазнацца..."
"Як скончыцца ўсё, дык адразу ў астрог", -
Падумаў дарадца.

I крыкнуў: "Даказана ведзьмы віна!
Гэй, варта! Гэй, каты!"
I ўпаў з неба голас: "Мана! Не яна,
А князь вінаваты!

Не ўзяў Мілавіцу, каб Бог яе ўзяў,
Каб плакаў убогі!.."
Каваль перад князем і шапку не зняў,
I плюнуў пад ногі.

"Бунт? " - крыкнуў дарадца, і выбухнуў бунт!
3 вачамі сляпымі,
Як смерч, ён круціўся, вяршыў самасуд
Усіх над усімі.

Вар'ятка Матруна, сівая сава,
Крычала: "Свабода!.."
Кацілася за галавой галава
3 крывавай калоды.

Ад бунту сп'янелыя, як ад віна,
Гулялі халопы,-
I рушыла ў межы князёвы вайна
Пажарам, патопам.

Спяшаліся князя
князі ратаваць,
Палілі, тапілі,
На бунт насылалі за рацямі раць,
Мячы ўсе
ступілі.



6

Званар галадаў. Яго смага гняла.
I ў сне ці ў прыпадку,
3 крывёй на званіцу збаны падала
Матруна, вар'ятка.

"Ты што гэта, - сцяўся званар, - ты чаго?"
"За мой паратунак
Ты голас падаў - гэта рэха яго", -
Сказала Матруна.

На белай званіцы сядзелі яны
Над чорнай зямлёю,
I зняў ён званы, і падвесіў збаны
3 людскою крывёю.

Унізе люцела, свістала, гула
Нячыстая сіла,
I кроў закіпела, бы ў пекле смала,
I ўсё затапіла.

Яна разлілася ў лясы і палі
Праз межы, граніцы,
I, як да каўчэга, ляцелі, плылі
Звяры да званіцы.

А стуль, дзе нячыстая сіла жыла,
Люцела ў народзе,
3 крывавым усхліпам калода ўсплыла -
I меч
на калодзе.



7

Раіліся зоры, як іскры ў кастры,
I храм засыпалі.
Званар і вар'ятка, як брат пры сястры,
Абняўшыся, спалі.

Хай спяць,
забываюць, хто свой, хто чужы
Быў некалі з імі,
I ластаўка ім, і каршун на крыжы
Хай стануць сваімі.

Хай сняцца ім спевы знямелых званоў
I ластаўка сніцца,
Што ў спевах званоў абярнулася зноў
Красой-Мілавіцай.

Каршун, страпянуўшыся неба абняць,
Пазнаў яе раптам...
Ім гэтак не спаць, як, абняўшыся, спяць
Званар і вар'ятка.

Краса ім лілеямі пальцы спляла
I побач заснула,
I белай лілеяй званіца плыла,
I ў Прошчы танула.

Князёва душа, што жыла ў каршуне,
Над Прошчай кружыла,
Крычала, нібыта згубіла на дне
Усё, што любіла.



8

Пазбыўшы нябыт, ты з'явіўся на свет,
Каб свету здзівіцца.
Калі ты званар ці калі ты паэт,
Жыві на званіцы.

Няхай на зямлі хоць патоп, хоць пажар,
Хоць ліха ды войны,
Калі ты паэт ці калі ты званар,
Ты лішні, ты вольны.

Няма ў цябе тут ні сяброў, ні радні,
Няма і не трэба.
Усё тваё там, дзе сляпыя агні
Халоднага неба.

Усё тваё там, тут нічога твайго,
Ты сведкаю толькі
Нябытнасці свету, вар'яцтвам яго
Ад бойкі да бойкі.

Хай сыдуцца ў сечы з братамі браты,
Не кайся, не енчы,
Пакінь ім мячы і занятак пусты,
Як цацкі малечы.

Хай паляць сялібы і гвалцяць сясцёр,
Не енчы, не кайся,
Трымайся за іскры, за дым, за касцёр,
3 нябёс не спускайся.

Сынам не бацькі і бацькам не сыны,
Да Боскае кары
Няхай у нянавісці любяць яны
Таго, хто ўладарыць.

Няхай выбіраюць
сабе ўладароў,
I птушкам, і рыбам.
Калі ты з паэтаў ці са званароў,
То зроблены выбар.

Пакінь, як кратоў, невідушчых братоў
У норах іх цесных.
Званіца твая - карабель без бартоў
На хвалях нябесных.

Хай рынецца свет на цябе аднаго -
Не бойся расправы.
Усё тваё там, тут нічога твайго,
Ні ганьбы, ні славы.

Не дайся падману,
як раб або цар,
Жывыя зямлёю,
У зоры ўзіраюцца, вымыўшы твар
Слязьмі і крывёю.

I кроў іх, і слёзы - раса на траве.
Няславяць ці хваляць -
У хвалі нябеснай Цар-рыба плыве,
Цар-птушка
над хваляй.



9

Мітынговыя вуліцы, поўныя ярасцю плошчы
Я пакіну аднойчы і рушу да возера Прошчы,
Што сінее на роднай зямлі васільком на радне
I царкву са званіцай ашчадна хавае на дне.

Па збалелай дарозе
з камянём непазбыўнай віны
Я ўвайду ў тое возера і разгайдаю званы,
I, аблашчаны Прошчай, за ўсіх,
каго проста люблю,
Памалюся, паплачу і свечку ў царкве запалю.

Залацістаю рыбай да берага свечка сплыве,
Залацістай змяёю слізне па шчаслівай траве,
I пчалой залатою паляціць над палямі яна,
Над вадой, над зямлёю; якая ва ўсіх нас адна.

Аднакрылую свечку
з царквы, што ўсплывае са дна,
Мне над возерам п р о ш ч ы
трымаць ад цямна да відна,
Вакол возера бераг
адзін,
і нікуды з яго,
Як бы мы ні штурхаліся - не спіхнуць нам
адзін аднаго.

Як бы мы ні шалелі ў натоўпах
ад лютых страсцей,
Паміж намі нямашака прышлых,
нязваных гасцей,
Толькі мы
паміж намі -
і нам не над прорваю жыць,
А над Прошчаю жыць.
Так нядоўга,
як свечка гарыць.