Гісторык з Віцебска

жыццяпіс Аляксея Сапунова

Хмяльніцкая Людміла


Апошнія гады

Пры Народным камісарыяце асветы ў Петраградзе існаваў аддзел па справах музеяў і ахове помнікаў мастацтва і даўніны, які ўзначальвала таварыш Н.І.Троцкая. На пачатку 1920 г. у Віцебску была створана камісія па ахове помнікаў даўніны і мастацтва, а «асоба–ўпаўнаважаным» ад Петраграда па Віцебскай губерні стаў Г.С.Ятманаў. Па сваіх каштарысах Віцебская камісія магла атрымліваць неабходныя крэдыты са сталіцы.

Аляксей Сапуноў ад самага пачатку шчыльна супрацоўнічаў з камісіяй. У справаздачы пра яе дзейнасць за студзень — сакавік 1920 г. знаходзім звесткі, што Сапуноў у горадзе Суражы быў прызначаны ўпаўнаважаным у справе арганізацыі музейных ячэек па паветах. У сакавіку таго ж года ён атрымаў паўнамоцтвы інструктара для арганізацыі Сенненскай павятовай камісіі па ахове помнікаў даўніны і прадметаў мастацтва. Пасля стварэння ў чэрвені 1920 г. павятовай камісіі ў Полацку яе сябры звярнуліся да знаўцы краю з просьбай дапамагчы ім парадамі, кансультацыяй і неабходнай літаратурай[1].

У 1921 г. у Віцебску збіраліся адзначыць 900–годдзе горада, і над планам святочных мерапрыемстваў сябры камісіі па ахове помнікаў даўніны і мастацтва пачалі думаць загадзя. Вядома, што абысціся ў гэтай справе без садзейнічання аднаго з самых паважаных мясцовых гісторыкаў не маглі. Аднак Сапуноў, які ніколі ў жыцці не шукаў меркантыльных прыбыткаў ад сваёй працы, прапанаваў папярэднія ўмовы свайго ўдзелу ў свяце. Яны абмяркоўваліся на пасяджэнні камісіі 8 лютага 1921 г. Што ж гэта былі за ўмовы? Чаго не хапала старому прафесару? А не хапала самага неабходнага: кватэры ў горадзе, якая пад час ягоных архіўных вандровак па паветах губерні была занята іншымі жыхарамі, дастатковага пайка, асобнага чалавека для пісання пад дыктоўку і перапісвання ранейшых прац, неабходнага гісторыку з прычыны хворых вачэй. Вядома, што такія непразмерныя ўмовы былі прыймальнымі, і камісія прыняла пастанову прасіць губернскі аддзел народнай адукацыі хадайнічаць, каб Сапунову далі старое памяшканне і перапісчыка, прасіць губернскую размеркавальную камісію даць «статыстычны паёк», узняць пытанне праз цэнтр пра падвойны або дадатковы акадэмічны паёк, а таксама «прыняць меры да аховы каштоўнай маёмасці А.П.Сапунова, якая складаецца з бібліятэкі і архіўных дакументаў»[2].

Варта сказаць, што ў атрыманні гісторыкам «статыстычнага пайка» губернскімі ўладамі было адмоўлена (а акадэмічнага, дададзім у дужках, з цэнтра — Петраграда — тым больш не дачакаешся). Узніклі цяжкасці і з вызваленнем кватэры, што перашкаджала прыезду Сапунова ў Віцебск. Калі ж да сярэдзіны сакавіка ён змог вярнуцца ў сваю кватэру, «занятую пад час ягонай адсутнасці грамадзянкай Кулікоўскай», то не знайшоў там шэрагу сваіх рукапісаў. У сувязі з гэтым ускладнялася справа па падрыхтоўцы да друку прымеркаваных да 900–годдзя Віцебска асобных артыкулаў і матэрыялаў да юбілейнага зборніка. Сапуноў змог прапанаваць да друку толькі артыкулы «Што такое Беларусь» і «Хто такія беларусы», а таксама брашуру «Старажытны Віцебск», напісаную на падставе матэрыялаў кнігі «Рака Заходняя Дзвіна». Перапіска і рэдакцыя апошняй была даручана выязному інструктару губвыканкама па ахове помнікаў даўніны Ўладзіміру Васільевічу Зянковічу, які даў на брашуру адмоўную рэцэнзію, абгрунтаваную тым, што штучна вылучаныя з вялікай кнігі матэрыялы не чыталіся ў выглядзе асобнай працы і ўжо часткова састарэлі. Тады Сапуноў прапанаваў прачытаць цыкл лекцый пра старажытны Віцебск, а таксама падрыхтаваць да друку брашуру «Помнікі даўніны і іх ахова». Пасля станоўчага водгуку на яе Ўладзіміра Краснянскага на пасяджэнні камісіі 9 жніўня 1921 г. было прынята рашэнне надрукаваць брашуру ў поўным выглядзе без скарачэнняў[3]. Праўда, свету яна так і не пабачыла.

Калі да рэвалюцыі на выхад друкаваных выданняў Сапунову трэба было атрымліваць дазвол цэнзуры, то цяпер усе ягоныя прапанаваныя да друку працы праходзілі абавязковае папярэдняе рэдагаванне сябрамі камісіі па ахове помнікаў і амаль заўсёды патрабавалі «дапаўнення найноўшымі палітычнымі дадзенымі». Пры ўсім добрым стаўленні асабіста да Сапунова, у тагачасным грамадстве панаваў недавер да навукоўцаў з буржуазным мінулым. Тым не менш, яшчэ ў ліпені 1918 г. у Маскве на першым пасяджэнні Беларускага навукова–культурнага таварыства, старшынёй якога стаў Уладзімір Іванавіч Пічэта, Сапуноў быў абраны ягоным ганаровым сябрам (разам з прафесарам Я.Карскім, М.Любаўскім, П.Жуковічам, М.Доўнар–Запольскім і І.Лапо)[4]. У красавіку 1921 г. ён атрымаў з Мінска ліст з навукова–літаратурнага аддзела Народнага камісарыята асветы БССР з прапановай даслаць спіс тых навуковых матэрыялаў, якія ён мае ўвогуле, а таксама тых, што мог бы прапанаваць да друку на беларускай мове. Апроч таго, у лісце было пытанне: «Ці не маглі б Вы пераехаць на жыхарства ў Мінск у якасці прафесара мясцовых Вышэйшых Навучальных Устаноў і сябра Інстытута Беларускай Культуры?»[5]. Выкарыстаць гэтую прапанову Сапунову перашкодзілі, відаць, нездароўе, сталы век і агульнае цяжкае становішча ў краіне.

На пасяджэнні камісіі па ахове помнікаў 16 жніўня 1921 г. абмяркоўвалася пытанне пра пададзены Сапуновым для друкавання ў асобным юбілейным зборніку артыкул «Гісторыя горада Віцебска». Дзеля выдачы канчатковага заключэння наконт прыдатнасці матэрыялу да друкавання была створана рэдакцыйная камісія ў складзе Ў.Краснянскага і А.Брадоўскага. На гэтым жа пасяджэнні разглядалася заява Сапунова пра тое, што ягоная праца над рукапісамі замаруджваецца з–за адсутнасці акуляраў, шкло да якіх ён вымушаны набываць па спекулятыўных цэнах, а гэта немагчыма зрабіць з–за адсутнасці матэрыяльных сродкаў[6].

Тут, відаць, варта спыніцца больш падрабязна на тым, што ўяўляла сабой сапуноўская «Гісторыя горада Віцебска». Праца гэтая была задумана аўтарам даўно. Яшчэ 7 студзеня 1918 г. ім быў надрукаваны «Падпісны ліст на „Гісторыю г.Віцебска“» наступнага зместу: «У 1921 г. споўніцца 900 гадоў з таго часу, калі Віцебск упершыню згадваецца ў летапісах. Да гэтага часу я, А.П.Сапуноў, рыхтую „Гісторыю г.Віцебска“. Кніга гэтая будзе ўтрымліваць у сабе каля 30 друкаваных аркушаў, г.зн. 500 старонак, з мноствам малюнкаў у тэксце (каля 100) і асобнымі дадаткамі (каля 50) <…> „Гісторыя г.Віцебска“ выйдзе ў свет у канцы 1920 г. План „Гісторыі г.Віцебска“ наступны: 1) палітычная гісторыя г.Віцебска; 2) рэлігійнае жыццё г.Віцебска; 3) горад і замак; 4) культурнае жыццё Віцебска; 5) храмы праваслаўныя; 6) касцёлы; 7) кірха; 8) сінагогі; 9) грамадскія будынкі (б.Губернатарскі дом, б.дом Дваранскага Сходу, тэатры, прытулкі і інш.); 10) адметныя дамы прыватных асобаў („двор“ Агінскага, „двор“ Шапкін, „двор“ Гурскага (XVII ст.); дом гр.Мініха (XVIII ст.); „дом з купалам“ (XIX ст.) і інш.); 11) яўрэйскае насельніцтва г.Віцебска; 12) заўвагі. Прозвішчы асобаў, што ўнеслі папярэднюю аплату за кнігу, будуць надрукаваны ў гэтай жа кнізе»[7]. Як бачым, у 1918 г., нягледзячы на ўсе сацыяльныя змены ў грамадстве, даследчык быў яшчэ поўны творчых сіл і планаў. Да таго ж, ягоная ідэя папярэдняй падпіскі адразу знайшла жывы водгук: толькі царкоўны стараста Мікалаеўскага кафедральнага сабора Д.М.Крукоўскі з уласных сродкаў ахвяраваў на выданне 500 рублёў[8].

Аднак чым далей, тым цяжэй было працаваць Сапунову над задуманай кнігай, якая мелася падсумаваць вынікі ягонай шматгадовай краязнаўчай працы. Зрэшты, рукапіс быў гатовы, аднак меў значна меншыя ад задуманага памеры і зусім іншую ўнутраную структуру (замест планаваных 11 — толькі 6 раздзелаў і заўвагі). У прадмове да «Гісторыі горада Віцебска» з уласцівай яму сціпласцю аўтар пісаў: «Гэта, уласна кажучы, не „гісторыя“, а „летапіс“. Аднак слова „летапіс“ адпужне ад маёй працы і тых нешматлікіх чытачоў, на якіх я ўсё–ткі разлічваю. Такім чынам, sіt venіa verbo[9], няхай гэта будзе „Гісторыя Віцебска“. У гэтай працы я не адчыняў новых даляглядаў, не, я толькі, так бы мовіць, не мудруючы, падвёў вынік таму, што зроблена, ці, дакладней, што мне вядома з напісанага па гісторыі Віцебска. Я шырока карыстаўся працамі аўтараў больш за мяне кампетэнтных. Галоўная мэта мая — сабраць як мага больш фактаў, што тычацца Віцебска; я ўзяў на сябе, галоўным чынам, чарнавую, так бы мовіць, працу. Апроч таго, шмат што гіне, <…> значыць, трэба спяшацца»[10].

Нягледзячы на тое, што родным горадам гісторыка быў Усвят, Сапуноў па–сапраўднаму прыкіпеў душой да Віцебска і любіў яго ўсім сэрцам. Пацвярджэнне гэтага можна знайсці ў поўных паэзіі і замілавання радках з «Гісторыі г.Віцебска», у якіх аўтар апісваў сучасную яму панараму горада: «Варта палюбавацца відамі нашага горада. Дзеля гэтага лепш за ўсё стаць на Лысай гары — і вам адкрыецца цудоўная панарама. Паглядзіце направа, на поўнач: побач з велічным і цудоўным Успенскім саборам — вялізны трохпавярховы будынак духоўнай семінарыі; а там, далей, прыгожы губернатарскі дом, які патанае ў зеляніне садоў. Паглядзіце наперад, на захад: там, унізе, ля вашых ног, плаўна бруіцца Дзвіна, а за ёю — шырока раскінулася на раўніне Задзвінне, з яго пяццю храмамі; на ягонай ускраіне ўзвышаецца вялізны будынак вакзала; на поўнач ад яго праглядаюцца высокія вежы касцёла Св.Барбары; а там, далёка за вакзалам, узвышаюцца горы „Сасонніка“ (Юр’ева горка). Від на Задзвінне крыху нагадвае від на Замаскварэчча, калі вы глядзіце на яго з вышынь Крамля.

Зірніце налева, на ўсход: перш за ўсё вы міжволі залюбуецеся зграбнай, быццам вытачанай са слановай косці, царквою Ўваскрасенскай; за ёю, быццам для кантрасту, бачны цяжкой архітэктуры Антонеўскі касцёл; тут жа, на поўнач ад іх, узвышаецца шматпавярховая вежа гарадской думы з каланчою.

Звярніце, зрэшты, погляд ваш на поўдзень: за ракой Віцьбай, якая тут жа ўпадае ў Дзвіну, на высокім беразе той жа р.Віцьбы, раскінуўся Пушкінскі сад; на адным ягоным баку, на самым беразе Дзвіны,— дом Дваранскага сходу, і за ім праглядаюцца лёгкія аркі пабудаванага праз Дзвіну маста; на другім баку Пушкінскага сада — на месцы былой Замкавай гары — трохпавярховы будынак з атыкам, мужчынскай Аляксандраўскай гімназіі, а за ім, на ўсход, будынак Акруговага суда, а яшчэ далей на ўсход — Мікалаеўскі сабор і архірэйскі дом — старадаўні езуіцкі будынак; далей на поўдзень ад таго ж Пушкінскага сада праглядаецца высокі дах губернскага архіва, а за ім выглядвае купал Благавешчанскай царквы; яшчэ далей, на поўдзень, праглядаецца царква Раства і ўзвышаюцца з–за дрэваў зграбныя купалы Ўваскрасенскай Заручаўскай царквы; на ўсход ад іх размешчана на самай вышэйшай кропцы горада — Пакроўская царква; на поўнач ад яе праглядаюцца алеі Сянноўскага сада, а за ім — Духаўская царква, размешчаная таксама на высокім месцы, і грандыёзны будынак жаночага духоўнага вучылішча, абкружаны векавымі дубамі.

Нездарма, значыць, вядомы мастак І.Я.Рэпін казаў пра Віцебск як „пра адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Расіі»[11].

Адзін з экзэмпляраў рукапісу «Гісторыі горада Віцебска» захоўваецца сёння ў фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. У 1994 г. навуковым супрацоўнікам музея Інай Абрамавай ён быў падрыхтаваны да друку і, зрэшты, больш як праз 70 гадоў пасля напісання, пабачыў свет на старонках мясцовай газеты «Віцебскі кур’ер»[12]. Вядома, што за гэты час праца шмат у чым страціла сваю актуальнасць.

1 лістапада 1921 г. на пасяджэнні камісіі па ахове помнікаў даўніны і мастацтва прафесар Сапуноў выступіў з заявай, што ён нічога не атрымлівае за свае працы, падрыхтаваныя да друку. Сапраўды, матэрыяльнае становішча навукоўцы на той час набліжалася да крытычнага — грошай ледзьве хапала на харчаванне і самае неабходнае. Некалі, яшчэ ў снежні 1919 г., Сапуноў атрымаў ліст з Петраграда ад свайго даўняга сябра Браніслава Ігнатавіча Эпімаха–Шыпілы. Да рэвалюцыі паміж імі існавала трывалае ліставанне, але гэта не быў звычайны ліст да сябра ці аднадумца–навукоўцы. Хутчэй, гэта быў цяжкі стогн, вызначаны ў адзінай просьбе — пазбавіць ад галоднай смерці. «Глыбокапаважаны Аляксей Парфенавіч! — пісаў Эпімах–Шыпіла. — Да гэтага часу змагаўся я з голадам, які лютуе тут, у Пеклагладзе, але больш сіл не стае, і вымушаны звярнуцца да Вас, Глыбокапаважаны Аляксей Парфенавіч, з пакорлівай просьбай: уратуйце ад страшэннай смерці галоднай — дашліце па пошце якіх–небудзь пару фунтаў чорных хлебных сухароў, які–небудзь фунцік гароху, бобу або круп, наклаўшы на пасылку плацёж або паведаміўшы пісьмова яе кошт, а я без затрымкі адашлю грошы з удзячнасцю. Адрасуйце ў Бібліятэку Адзінага Дзяржаўнага Петраградскага універсітэта Браніславу Ігнатавічу Эпімаху–Шыпілу. Не адмоўце ў гэтай маёй просьбе. Мы перажываем тут жахлівыя часы: голад, холад, цемра, адсутнасць сродкаў перамяшчэння, словам, сапраўднае пекла і людзі паміраюць, як мухі. З усяго штата Бібліятэкі, чалавек з 15, засталося каля 5, астатнія перамерлі, і цяпер чарга за мной, калі Вы не ўратуеце»[13]. Тады ў правінцыйным Віцебску жылося крыху лепш, і Сапуноў, трэба думаць, нечым змог дапамагчы знямогламу сябру. Аднак цяпер кашчавая рука голаду дацягнулася і да правінцыі. Дырыжор М.А.Малько, рэктар «народнай кансерваторыі», у адным са сваіх лістоў з Віцебска ад 11 красавіка 1921 г. пісаў: «Грашовы крызіс тут жудасны. Няма „знакаў“, не плацяць за доўгі тэрмін, а грошы таннеюць. У нас зараз хлеб даражэйшы, чым у Вас у Маскве (10 красавіка каштаваў 1500 руб. за фунт)»[14].

Спрабуючы неяк падтрымаць уласнае існаванне, Сапуноў у красавіку 1921 г. прапанаваў камісіі па ахове помнікаў купіць у яго 1000 экзэмпляраў «Чарцяжа м.Віцебска 1664 года», а ў лістападзе — каменныя малаткі са сваёй археалагічнай калекцыі, крышталь і выданне «Масква ў мінулым»[15]. Віцебскаму педінстытуту былі прапанаваны ім для набыцця некалькі кніг, а таксама рукапісы «Пісцовых кніг Веліжа, Неўля, Себежа, Езярышча, Усвята» і «Інвентар г.Віцебска і эканоміі Віцебскай 1667 года».

«Дзякуючы толькі 4–м асобам мы з жонкаю не загінулі (літаральна!) ад голаду і холаду. Вось імёны гэтых незабыўных асобаў: А.І.Балкашынаў, В.А.Балкашынава (народж. Бялыніцкая–Біруля), З.А.Ліхач (народж. Бялыніцкая–Біруля), Б.Р.Брэжга»,— пад гэтым запісам у сваім асабістым альбоме Сапуноў паставіў подпіс і дату «16 лютага (1 сакавіка) 1922 г.»[16]. Такая кароткая занатоўка, змешчаная ў альбоме, які людзі звычайна ствараюць для фіксацыі найбольш памятных падзей свайго жыцця, нагадвае, хутчэй, памінальны спіс уратавальнікаў душаў і жыццяў чалавечых. Аляксандр Іванавіч Балкашынаў — былы ўладальнік маёнтка Лускінопаль, дзе быў створаны часовы архіў губернскага архіўнага фонда, які ніколі не адмаўляўся даць архіварыусу Сапунову коней пад час ягоных архіўных адысеяў па маёнтках і вёсках губерні. В.А.Балкашынава і З.А.Ліхач — таксама насельніцы маёнтка Лускінопаль, з дому, як адзначаў сам Сапуноў, Бялыніцкія–Бірулі. Баляслаў Рычардавіч Брэжга — на той час загадчык Віцебскага губернскага архіўнага фонда, пазней — прафесар, латышскі савецкі гісторык. «Памяні, Госпадзе, душы спачылых слугаў Тваіх!..»

Пасля звальнення з пасады архіварыуса губархіва, летам і восенню 1922 г. прафесар Сапуноў крыху супрацоўнічаў з Віцебскім губернскім зямельным упраўленнем у якасці спецыяліста па кадастравых і ўліковых працах[17]. Цалкам не парываючы адносінаў з губархівам, Сапуноў меў у адным з ягоных памяшканняў на вуліцы Замкавай, 17 (у будынку цэнтральнага архіва) бібліятэчны пакой. У красавіку 1923 г. гэты пакой быў абрабаваны, з яго ўкралі планы і карты, з нагоды чаго загадчык губархіва звяртаўся ў другі раён Віцебскай савецкай міліцыі з просьбай «выслаць агента для пошуку»[18].

Нягледзячы на эпізадычныя заробкі і цяжкія матэрыяльныя ўмовы, гісторык не мог развучыцца думаць, працаваць. Навуковая думка жыла, пульсавала, патрабавала выйсця. Катаракта засціла свет, літары на рукапісах апошніх гадоў жыцця атрымліваліся вялізныя і нязграбныя. Але рукапісы ствараліся. У 1923 г. па прапанове планавай камісіі Сапуноў напісаў даклады «Віцебская губерня і яе месца ў Беларусі», а таксама «Найноўшая беларуская літаратура»[19]. «Пастаянны клопат пра тое, чым і як пражыць заўтрашні дзень, не даваў магчымасці сканцэнтраваць думкі»,— узгадваў гісторык незадоўга да смерці. «Што дзень наступны мне рыхтуе?» — вось што адцягвала ад сістэматычнай працы». Да таго ж, большасць бібліятэк у горадзе была разрабавана, гэта не давала магчымасці браць нават самыя простыя даведкі, звычайна такія неабходныя ў навуковай працы.

Выкладчыцкая дзейнасць Сапунова па–ранейшаму працягвалася ў Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута. Яшчэ ў 1921 г. пры этнаграфічным кабінеце ВАМАІ быў створаны этнаграфічны гурток, які праз год быў рэарганізаваны ў камісію. За час існавання этнаграфічнай камісіі было праведзена каля 15 пасяджэнняў, запісана больш за 300 народных песень і сабрана каля 120 этнаграфічных прадметаў. Сябрамі гуртка (а іх было каля 35 чалавек) у 1922 г. выдаваўся часопіс «Белорусский этнограф» (на рускай мове), які з–за адсутнасці сродкаў друкаваўся на машынцы ў колькасці 50 экзэмпляраў. Усяго выйшлі толькі два нумары часопіса[20]. У першым, красавіцкім нумары былі апублікаваны артыкулы М.Мялешкі «Задачы беларускай этнаграфіі», А.Шлюбскага «Праграма па збіранні звестак пра рэлігійныя вераванні беларусаў» і І.Кузьміна «Пра запіс асобных выразаў і слоў народнай мовы». Другі, травеньскі, нумар уключаў толькі два артыкулы — А.Сапунова «Кароткая характарыстыка беларуса» і В.Дабравольскага «Дунай у славянскім фальклоры і прарадзіма славянаў»[21].

У ВАМАІ Cапуноў чытаў курс «Помнікі даўніны і іх ахова». У сваіх лекцыях ён часта расказваў студэнтам пра разбурэнне памятак даўніны: «Шмат дагістарычных і гістарычных помнікаў у Беларусі знішчана часам, нямала загінула і ад святатацкай, злой волі; але больш за ўсё загінула іх у выніку выключнага раўнадушша і невуцтва <…> Калі я быў ужо настаўнікам у тутэйшай гімназіі, то аднойчы выявіў наступны факт: казённыя дровы дрэнна гарэлі, і вось вартаўнікі пры распальванні звярталіся па дапамогу да паперы, якую здабывалі, вырываючы аркушы з фаліянтаў, якія знаходзіліся ў настаўніцкім пакоі не ў шафах, а проста на паліцах. Менавіта тады загінула некалькі тамоў каштоўнага піярскага выдання „Збору канстытуцый“, тады ж загінула і шмат тамоў Вялікай Французскай Энцыклапедыі»[22]. У сваіх лекцыях Сапуноў таксама падрабязна знаёміў студэнтаў з тымі мерамі па ахове помнікаў, што прадпрымаліся ўрадам Расійскай імперыі, пачынаючы яшчэ з XIX ст. Тым не менш, на зацікаўленне гісторыяй прыватных асобаў, дзякуючы актыўнай пазіцыі якіх было ўратавана шмат помнікаў даўніны, уладныя структуры заўсёды паглядалі скоса. «Амаль адзіныя ў нас працаўнікі на ніве этнаграфічнай, археалагічнай і гістарычнай — гэта настаўнікі,— казаў Сапуноў. — Але да самага апошняга часу лёс гэтых самаахвярных працаўнікоў навукі быў вельмі цяжкі. Ці можна паверыць, што пастаўлены на чале асветы ўсяго беларускага краю казаў незабыўнаму нашаму этнографу М.Я.Нікіфароўскаму літаральна наступнае: „Пабочныя заняткі Вашыя (г.зн. працы па этнаграфіі) — гэта крадзёж казённага часу“. Тое ж было сказана і мне. А нябожчыка Е.Р.Раманава „для карысці службы“ ганялі па ўсіх беларускіх губернях, чым ён быў даведзены да цяжкага становішча: пераведзены з Магілёва ў Віцебск, знаходзячыся ў выключна складаных абставінах, ён вымушаны быў прадаць сваю багатую калекцыю прыладаў каменнага веку, сабраную ў Беларусі, у Ляйпцыг: у Расіі пакупніка не знайшлося…»[23].

Пасля рэвалюцыі дзейнасць археалагічнага інстытута ў Віцебску ўсё больш і больш ускладнялася. Дзяржава выдаткоўвала мізэрныя сродкі на ягонае ўтрыманне. Так, па словах Сапунова, у 1922 г. Наркамасветы выдзяляў грошы на аплату працы толькі трох штатных адзінак, і сродкі гэтыя дзяліліся паміж усімі выкладчыкамі ВАМАІ[24]. Маскоўскі археалагічны інстытут быў зачынены ў 1922 г. у сувязі з закрыццём усіх археалагічных інтытутаў у РСФСР. Разам з тым было ліквідавана і ягонае Віцебскае аддзяленне.

Пасля закрыцця ВАМАІ ў Віцебску засталася яшчэ адна вышэйшая навучальная ўстанова — педагагічны інстытут, рэарганізаваны ў 1918 г. з настаўніцкага інстытута. У траўні 1923 г. ён зноў перацярпеў рэформу і быў ператвораны ў Вышэйшы педагагічны інстытут. У 1922—1923 навучальным годзе лектарам сацыяльна–гістарычнага аддзялення тут пачаў працаваць прафесар Сапуноў.

Напачатку яму даручалася чытаць курс лекцый па гісторыі Заходняй Расіі. Курс быў разлічаны да канца навучальнага года (чэрвеня 1923 г.) і складаўся з 40 лекцый. У Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці захавалася наступная ягоная праграма, распрацаваная Сапуновым: «1) Што такое Беларусь і хто такія беларусы? (2 л.); 2) Кароткая характарыстыка беларуса (1 л.); 3) Бібліяграфія Беларусі (1 л.); 4) Межы беларускага племя; статыстыка, мова і літаратура; гісторыя Заходняй Расіі (10 л.); 5) Віцебская губерня: межы (да 1917 г.) і прастора; статыстыка і этнаграфія; горы, рэкі, азёры і балоты; лясы, расліннае покрыва, лекавыя расліны; мінеральныя воды; клімат, глеба, геалагічная будова, карысныя выкапні; земляробства, жывёлагадоўля, садаводства і агародніцтва; прамысловасць заводская і фабрычная, кустарныя промыслы; гандаль. Гісторыя Віцебска: палітычнае і грамадскае жыццё; горад (mіasto) і замкі; рэлігійнае жыццё; культурнае жыццё; плошчы, вуліцы, масты і інш. Павятовыя гарады Віцебскай губерні (16 л.); 6) Магілёўская губерня (2 л.); 7) Смаленская губерня (2 л.); 8) Мінская губерня (2 л.); 9) Віленская губерня (2 л.); 10) Гродзенская губерня (1 л.); 11) Ковенская губерня (1 л.)»[25].

Аднак раптам здарылася тое, чаго гісторык ніяк не чакаў. За паўгода да сваёй смерці ён пісаў: «Я быў такі шчаслівы, што на старасці гадоў дажыў да адраджэння Беларусі, калі ні „сепаратызм“, ні „сімпатыі да Беларусі“ не сталі ўжо лічыцца крамольнымі. Але тут здарылася яшчэ горшая бяда! Калі я канстатаваў факт малога знаёмства шырокіх мас з назваю „Беларусь“, то апынуўся ледзь не ворагам адраджэння дарагой бацькаўшчыны: мне не дазволена было чытаць у Педагагічным інстытуце лекцыі па гісторыі Беларусі, дзеля якой я, у меру маёй моцы і магчымасцяў, працаваў больш за 40 гадоў і гісторыю якой я выкладаў на працягу 10 гадоў. Такім чынам, я трапіў, так бы мовіць, з агню ды ў полымя. Мне дазволена было (пасля, аднак, дастаткова доўгага прамежку часу) чытаць толькі лекцыі пра старажытнасці Беларусі, на што выдзелена было 2 гадзіны ў тыдзень і за што я атрымліваю 18 руб. у месяц… Ці можна існаваць на гэтыя сродкі пры цяперашняй дарагоўлі на ўсе прадукты і кватэры?.. Калі б не вялікадушная дапамога добрых людзей, то мне з сям’ёй (сам — трэці[26]) давялося б ледзь трымацца»[27].

Сапраўды, курс беларускіх старажытнасцяў у Віцебскім педінстытуце быў мізэрным і па колькасці адведзеных на яго гадзін, і па велічыні заробку, які ён даваў выкладчыку. Аднак Сапуноў ставіўся да яго з усёй сур’ёзнасцю і адказнасцю навукоўцы. Ва ўступнай частцы да праграмы курса «Старажытнасці Беларусі» ён пісаў: «Помнікі даўніны падзяляюцца на славесныя (жывыя), пісьмовыя і рэчавыя. Менш за ўсё пашчасціла помнікам рэчавым. Менавіта па гэтай прычыне я на працягу бягучага 1923—1924 акадэмічнага года і спыніўся на помніках рэчавых, да таго ж, гістарычных. Ва ўсіх сферах вывучэння Беларусі існуе шэраг вельмі істотных прабелаў. Жніво, такім чынам, вялікае, працаўнікоў жа пакуль мала. Вось на гэтыя працы трэба прыцягваць студэнтаў Педагагічнага Інстытута. Тэарэтычна падрыхтаваныя, якія разумеюць усю важкасць такога роду працы, натхнёныя гарачай любоўю да дарагой радзімы, што пачала адраджацца, яны, натуральна, прынясуць вялікую карысць у распрацоўцы рознага кшталту навуковых пытанняў, геаграфічных, этнаграфічных, археалагічных, эканамічных і г.д.»[28].

У канцы 1923 г. у Віцебск трапіла паштоўка з наступным адрасам: «Беларускае этнаграфічнае таварыства. Wіtebsk, Russland», адпраўленая з Славянскага інстытута пры Ляйпцыгскім універсітэце. У паштоўцы дырэктар інстытута пісаў пра вялікую цікавасць сярод замежных навукоўцаў да беларускага культурнага руху ўвогуле і прасіў даслаць працы віцебскага таварыства, якія яму «было б вельмі прыемна распаўсюдзіць у Германіі». Арганізацыі з азначанай назвай у Віцебску па–просту не існавала, таму невядома, колькі б часу тая паштоўка блукала па розных калідорах улады, пакуль нехта не прыпісаў на ёй больш дакладны адрас: «Педагагічны інстытут, прафесару Сапунову»[29]. Хутчэй за ўсё, гэта быў проста дасведчаны чалавек, які ведаў пра ўдзел Сапунова ў працы былой этнаграфічнай камісіі пры ВАМАІ і новага этнаграфічнага гуртка пры педінстытуце.

31 снежня 1923 г. арганізацыйная камісія Віцебскага вышэйшага педагагічнага інстытута накіравала ў Дзяржаўны навуковы савет хадайніцтва аб зацвярджэнні Аляксея Сапунова на пасадзе прафесара ВПІ па кафедры ўсеагульнай гісторыі (гісторыі Заходняга краю)[30].

На пасяджэнні савета сацыяльна–гістарычнага аддзялення інстытута 26 лютага 1924 г. разглядалася пытанне аб увядзенні на другім курсе прасемінарыя па рускай гісторыі з ухілам у гісторыю Беларусі, вядзенне якога было даручана прафесару Сапунову[31]. Гэта было зноў–такі толькі некалькі гадзінаў заняткаў на тыдзень. Выкладчык прапанаваў студэнтам, што запісаліся на семінар, распрацоўку наступных тэмаў: «Веча», «Статутныя граматы», «Граматы на Магдэбургскае права», «Найгалоўнейшыя стадыі ў развіцці саслоўяў на Беларусі», «Цар Іаан Грозны і Беларусь», «Беларусь пад уладай Масквы ў часы цара Аляксея Міхайлавіча»[32].

На пасяджэнні савета сацыяльна–гістарычнага аддзялення 13 траўня 1924 г. абмяркоўвалася пытанне пра неабходнасць увядзення для студэнтаў «эпізадычнага курса» па гісторыі Беларусі. Дзеля гэтай мэты меркавалася запрасіць якога–небудзь навукоўца з Менска, аднак справа не зладзілася. Тады для чытання курса быў запрошаны «знаўца мясцовага краю А.П.Сапуноў»[33].

У фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея захаваўся рукапіс «Курса беларусазнаўства», які Сапуноў чытаў студэнтам педінстытута. У гэтых тэкстах выразна праглядаюцца складаныя погляды даследчыка на праблему самастойнасці гістарычных лёсаў Беларусі. Прынамсі, гэтае пытанне Сапуноў закранаў і ў ранейшых сваіх працах. У «Гістарычным нарысе Віцебскай Беларусі» ў 1911 г. ён пісаў: «Тут, на Белай Русі, у вялікіх князёў і цароў маскоўскіх было заўсёды шмат шчырых сяброў; тут ніколі не знікала думка пра роднасць з праваслаўнаю Вялікаю Руссю»[34]. У цэлым шэрагу прац таго ж перыяду Сапуноў праводзіў думку, што «беларуская народнасць — адна з асноўных народнасцяў рускага племя», праўда, толькі таму, што «самі вялікарусы пастолькі рускія славяне, паколькі яны беларусы!»[35]. Каб лепш зразумець гэты складаны тэзіс, які дадаў немалую блытаніну ў тэрміналогію навукоўцы, звернемся да ягонага артыкула «Хто такія беларусы?», які ён падрыхтаваў у 1924 г. для газеты «Паведамленні Віцебскага губкама РКП і губвыканкама». „Такім чынам, па маім меркаванні, — пісаў Сапуноў,— на пастаўленае пытанне («Хто такія беларусы?» — Л.Х.) можна адказаць так: Беларусь, або так званая Русь літоўская (сабраная князямі літоўскімі), як кажа праф. М.К.Любаўскі, «была спрадвечная Русь, якая сядзела на старым карані і ніколі не губляла сваёй гістарычнай спадчыны». Значыць, Беларусы — спрадвечныя Рускія без дамешку іншародніцкай крыві. Што ж тычыцца Русі Вялікай, або як называлі яе іншаземцы, «Масковіі», то Вялікарусы або «Маскавіты» толькі пастолькі рускія, паколькі ў іх цячэ кроў беларуская. (Узгадаем меркаванні І.Е.Забеліна, акад. А.І.Сабалеўскага і акад. А.Шахматава пра каланізацыю крывіцкімі плямёнамі ўзбярэжжаў Акі і Верхняй Волгі, населеных фінскімі плямёнамі). Мы так любім азірацца на Захад; паглядзім жа, ці няма там чаго–небудзь падобнага. Аказваецца, нешта аналагічнае ёсць і там. Вось дзве краіны: Франконія (прырэйнская правінцыя Баварыі) — вобласць чыста нямецкая, і Францыя — старажытная Галія. І той, і другой краіне імя дало нямецкае племя Франкі. Але хто ж надумаецца трактаваць з аднолькавага пункту погляду этнаграфію і гістарычныя лёсы гэтых дзвюх краін?“[36] Такім чынам, гэтае выказванне дае нам падставы сцвярджаць, што ў сваіх працах Сапуноў праводзіў ідэю нацыянальнай адметнасці беларусаў, якіх ён, тым не менш, лічыў больш рускімі, чым самі рускія. Пры гэтым частае выкарыстанне тэрмінаў «Русь», «рускі» сёння вельмі ўскладняе разуменне сапраўднага сэнсу выказванняў гісторыка і сведчыць пра недастатковую дакладнасць і акрэсленасць ягонай пазіцыі. Аляксандр Цвікевіч адносіў Аляксея Сапунова да ліку даследчыкаў, якія балансуюць на мяжы «заходне–русізму» і беларускага нацыянальнага руху[37], і прыведзенае вышэй выказванне віцебскага гісторыка, думаецца, цалкам пацвярджае гэтую характарыстыку.

Не менш супярэчлівыя выказванні былі ў Сапунова і па іншых пытаннях. Пасля ўжо згаданай палымянай прамовы з трыбуны III Дзяржаўнай Думы аб неабходнасці даць беларусам права на самавызначэнне, у дакладзе 1910 г. «Беларусь і беларусы» ён называе «выключна неабходную справу» аб’яднання беларусаў сілай цэнтраімклівай, накіраванай на ўмацаванне дзяржавы, у адрозненні ад цэнтрабежных сіл аб’яднання палякаў, літоўцаў і яўрэяў. «Умацаванне нацыянальнай самасвядомасці сярод беларускай масы,— пісаў Сапуноў, — несумненна прывядзе да больш цеснага яднання яе з астатняй Руссю»[38]. Вытлумачыць такія супярэчлівыя выказванні гісторыка вельмі складана.

Зайздросную паслядоўнасць віцебскі летапісец дэманстраваў толькі ў пытанні непрызнання ролі уніі ў працэсе станаўлення гістарычнай самасвядомасці беларусаў. У адной з лекцый «Курса беларусазнаўства», цытуючы выказванне В.Ластоўскага з «Кароткай гісторыі Беларусі» пра тое, што унія ў канцы свайго існавання стала сапраўднай народнай верай, Сапуноў безапеляцыйна сцвярджаў: «Дарэмна даказваць, што гэта — чысты абсурд»[39]. Падыход да пытанняў рэлігійнага жыцця беларусаў з пазіцый артадаксальнага праваслаўя не зашкодзіў, тым не менш, Аляксею Парфенавічу на працягу ўсяго жыцця адносіцца да рэчаў уніяцкага культу перш за ўсё як да помнікаў гісторыі і мастацтва, а таксама паўсюдна садзейнічаць іх захаванню і ўратаванню.

1923—1924 навучальны год стаў для Віцебскага педінстытута апошнім: у жніўні 1924 г. інстытут быў ліквідаваны. Ягоныя студэнты перабраліся ў Менск і працягвалі адукацыю ў нядаўна створаным Беларускім дзяржаўным універсітэце, на сацыяльна–гістарычным аддзяленні якога гісторыю Беларусі ім цяпер выкладаў В.М.Ігнатоўскі, а семінарый па гісторыі і народнай гаспадарцы Беларусі вёў У.І.Пічэта. Сапуноў жа застаўся ў Віцебску — зноў без працы і дзяржаўнай пенсіі.

Яшчэ ў другой палове 1923 г. у Віцебску пачалі рабіцца пэўныя захады па стварэнні мясцовага краязнаўчага таварыства. Аднак больш актыўна краязнаўчы рух разгортваўся ў сталіцах, найперш у Петраградзе (паводле тагачаснага адміністрацыйнага падзелу Віцебск уваходзіў у склад РСФСР). Аляксей Сапуноў актыўна супрацоўнічаў з Цэнтральным бюро краязнаўства пры Расійскай Акадэміі навук: у траўні 1923 г. быў абраны ягоным сябрам–карэспандэнтам; на працягу лета таго ж года даслаў у Петраградскае аддзяленне ЦБК паведамленне пра стан краязнаўчай працы на Віцебшчыне і даклад «Віцебская губерня і яе месца ў Беларусі»; атрымаў запрашэнне для ўдзелу ў працы 5–й сесіі ЦБК, якая павінна была адбыцца ў студзені 1924 г. Яго па–ранейшаму хваляваў лёс помнікаў культуры, таму праз Акадэмію ён узбудзіў хадайніцтва аб прыняцці мер да аховы старажытнай сядзібы ў маёнтку Сухадрэва Віцебскай губерні[40].

1 лютага 1924 г. адбыўся «папярэдні сход па пытаннях арганізацыі ў Віцебску Таварыства краязнаўства». Стваралася яно пры губернскім аддзеле народнай адукацыі, і хоць зарэгістравана было толькі бліжэй да восені таго ж года, усю вясну вялася досыць інтэнсіўная падрыхтоўчая праца, удзел у якой прымаў і Аляксей Парфенавіч. Ён стаў адным з 20 заснавальнікаў таварыства, а таксама ўдзельнічаў у абмеркаванні бягучых спраў і выпрацоўцы статута. Так, на пасяджэнні культурна–гістарычнай секцыі арганізацыйнага бюро Віцебскага таварыства краязнаўства 10 лютага 1924 г. было прынята рашэнне набыць бібліятэку Сапунова краязнаўчага характару і перавыдаць ягоныя навуковыя працы[41]. Гісторык перадаў сябрам таварыства бібліяграфічны паказальнік прац па вывучэнні Віцебшчыны[42], а таксама пералік уласных прац па яе гісторыі, за што на агульным сходзе 2 сакавіка быў прывітаны доўгімі апладысментамі[43]. На агульным сходзе таварыства 20 траўня 1924 г. абмяркоўвалася сітуацыя, звязаная з тым, што ў мінскіх газетах была ўзнята кампанія за закрыццё Віцебскага педагагічнага інстытута і перанясенне яго ў Менск, «як непатрэбнага па фінансавых цяжкасцях». Прафесар Сапуноў разам з іншымі сябрамі таварыства выступіў супраць гэтага, абгрунтоўваючы сваё меркаванне тым, «што з закрыццём педінстытута знікае ўсялякая магчымасць навуковага даследавання і навуковай распрацоўкі пытанняў краязнаўства ў Паўночна–Ўсходняй Беларусі»[44].

Практычна з пачатку 1920–х г. па сваім матэрыяльным становішчы Сапуноў знаходзіўся на мяжы жыцця і смерці. Аднак толькі ў лістападзе 1923 г. на старонках газеты «Савецкая Беларусь» упершыню з’явіўся артыкул М.Мялешкі пад назваю «Трэба дапамога», дзе ўвага грамадскасці была прыцягнута да таго цяжкага становішча, у якім у апошнія гады жыў прафесар: «А.П.Сапуноў з прычыны сваёй старасці, адзіноты і хваробы вачэй апынуўся ў вельмі дрэнных матар’яльных умовах, якія ў апошні час дайшлі да немажлівага істнавання <…> Патрэбна гэтаму заслужонаму старыку, убеленаму сівізной, найхутчэйшая дапамога ад беларускага грамадзянства, адкідываючы яго ўласныя погляды ў мінулым на жыццё і ацэніваючы яго ўклады ў навуковую скарбніцу Беларусі»[45]. Гэты невялічкі газетны артыкул Аляксей Парфенавіч уклеіў у свой асабісты альбом і старэчымі нязграбнымі літарамі дадаў пад ім поўны скрухі і горкай іроніі каментар па латыні: «Канец увенчвае справу!..»

18 студзеня 1924 г. «Савецкая Беларусь» надрукавала яшчэ адзін артыкул М.Мялешкі «Новыя працы праф. А.П.Сапунова», у якім аўтар зноў закрануў пытанне надзвычай цяжкага становішча віцебскага навукоўцы: «А.П.Сапуноў вельмі дрэнна відзіць, з прычыны хваробы вачэй, пішыць пад лупай і па бойкіх вуліцах ня можа хадзіць без павадыра. Да ўсяго гэтага А.П.Сапуноў апынуўся ў страшэннай беднасці. Страціўшы, па старасці, магчымасць служыць, ён ня мае цяпер абсалютна ніякіх сродкаў да жыцця. З прысланай у Інспекцыю навуковых устаноў ягонай заявы вее цяжкім жахам. У сваіх прыватных лістох Аляксей Парфенавіч апісвае нечалавечыя пакуты, якія яму даводзіцца перажываць пад старасць… І чакае час, калі смерць збавіць яго ад гэтай нядолі…»

У сакавіку 1924 г. быў выдадзены дэкрэт ЦВК РСФСР аб перадачы БССР 16 паветаў з пераважна беларускім насельніцтвам. Віцебск увайшоў у склад Беларусі, і лёс ды асоба прафесара Сапунова, нарэшце, трапілі ў поле ўвагі беларускіх уладаў[46]. Шкада толькі, што адбылося гэта занадта позна. Цэнтральны архіў пры ЦВК БССР на пачатку красавіка 1924 г. збіраўся правесці нараду архіўных работнікаў Беларусі, у якой былі запрошаны прыняць удзел сябры Ўпраўлення Цэнтрархіва БССР, старшыня Наркамасветы, загадчыкі павятовых аддзяленняў Цэнтрархіва, па адным прадстаўніку ад Віцебскага і Магілёўскага архіўных бюро, а таксама персанальна прафесары Ў.Пічэта і Б.Брэжга, Дз.Даўгяла, С.Некрашэвіч, У.Краснянскі, Я.Дыла, І.Сербаў і прафесар А.Сапуноў[47]. Паехаць на нараду апошні, на жаль, не меў ніякай ні фізічнай, ні матэрыяльнай магчымасці.

Летам 1924 г. Сапунова як спецыяліста ў музейнай справе разам з У.Краснянскім, А.Брадоўскім і М.Багародзкім запрасілі на нараду знаўцаў музеяў у Віцебску, дзе планавалася абмеркаваць праблемы ўратавання экспанатаў дзесяці музеяў, якія існавалі на той час у горадзе[48]. Але і сюды ён прыйсці ўжо не змог, цяжкая хвароба і нястача не ведалі ні спачування, ні літасці.

Зрэшты, Савет народных камісараў БССР па прапанове Наркамасветы 1 кастрычніка 1924 г. прызначыў прафесару А.П.Сапунову пажыццёвую персанальную пенсію па стаўцы адказнага работніка 17 (найвышэйшага) разраду тарыфнай сеткі (100 рублёў у месяц). Здавалася б, гаротнаму жыццю навукоўцы надышоў канец. Аднак гэта быў толькі прывід дабрабыту: на наступны дзень, 2 кастрычніка, у 10 гадзін вечара Сапуноў памёр.

[1] ДАВВ, ф.1947, воп.1, спр.3, арк.29, 53, 56, 121.

[2] ДАВВ, ф.1947, воп.1, спр.5, арк.3 адв.

[3] ДАВВ, ф.1947, воп.1, спр1, арк.8, 14, 17, 30, 38.

[4] Любавский М.К. Основные моменты истории Белоруссии. Москва, 1918. С.IV. Любавский М.К. Основные моменты истории Белоруссии. Москва, 1918. С.IV.

[5] ВАКМ, КП 7285(3)/1.

[6] ДАВВ, ф.1947, воп.1, спр.1, арк.39.

[7] ВАКМ, КП 7286/3.

[8] Полоцкие Епархиальные Ведомости. 1918. №5. С.156—157.

[9] Няхай даруецца мне гэтае выказванне — лац.

[10] ВАКМ, КП 7286.

[11] ВАКМ, КП 7286.

[12] История г.Витебска // Витебский курьер. 1994. 5, 12, 19, 26 августа, 2, 9, 16 сентября.

[13] ВАМК, КП 7285(3)/1.

[14] Малько Н. А. Воспоминания. Статьи. Письма. Ленин­град, 1972. С.98.

[15] ДАВВ, ф.1947, воп.1, спр.1, арк.17, 88.

[16] ВАКМ, КП 7285/1.

[17] Гл. адпаведныя пасведчанні (ВАКМ, КП 7285(3)/1).

[18] ДАВВ, ф.289, воп.1, спр.39, арк.20, 24.

[19] Звезда. 1924. №232.

[20] Касьпяровіч М.У. Краязнаўства. Менск, 1929.

[21] Падліпскі А. Нашы славутыя землякі // Віцебскі рабочы. 1991. 22 жніўня. С.4.

[22] ВАКМ, КП 7295/14, арк.5, 10—11.

[23] ВАКМ, КП 7295/11, арк.33—34.

[24] ВАКМ, КП 7295/18, арк.10 адв.

[25] ДАВВ, ф.204, воп.1, спр.130, арк.9.

[26] Уласных дзяцей А.П.Сапуноў не меў, аднак час ад часу браў да сябе каго–небудзь на выхаванне. У адной з ягоных анкет пачатку XX ст. знаходзім наступныя звесткі: «Калі я выконваў абавязкі сакратара Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта, меў 750 руб. па пасадзе сакратара і 1500 руб. пенсіі. Дзяцей няма, аднак на папячэнні пляменнік Леанід Іванавіч Сапуноў, вучань Аляксандраўскай гімназіі <…> Апроч таго, я дапамагаю састарэлай цётцы Дар’і Рыгораўне Сапуновай, якая жыве ў м.Усвяты Віцебскай губерні» (ВАКМ, КП 7285/1). У 1920–х г. Аляксей Парфенавіч выхоўваў, відаць, ужо іншага хлопчыка, бо на пасяджэнні культурна–гістарычнай секцыі Віцебскага таварыства краязнаўства 24 траўня 1925 г. згадвалася, што пасля смерці Сапунова ягоная «пенсія дае магчымасць да існавання жане нябожчыка і яго малалетняму прыёмнаму сыну з сялян» (ДАВВ, ф.1947, воп.1, спр.7, арк.30—30 адв.).

[27] ВАКМ, КП 7285/1.

[28] ДАВВ, ф.204, воп.1, спр.173, арк.42.

[29] ВАКМ, КП 7295/21.

[30] ДАВВ, ф.204, воп.1, спр.182, арк.41.

[31] Тамсама, спр.199, арк.5—6.

[32] Тамсама, спр.173, арк.43.

[33] Тамсама, спр.199, арк.19.

[34] Сапунов А.П. Исторический очерк Витебской Белоруссии. Витебск, 1911. С.31.

[35] Сапунов А.П. Речи в Государственной Думе 3–го созыва. С.37.

[36] ВАКМ, КП 7294(1)/7.

[37] Цьвікевіч А. «Западно–русизм». Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў XIX і на пачатку XX в. Мінск, 1993. С.335.

[38] Сапунов А.П. Речи в Государственной Думе 3–го созыва. С.37.

[39] ВАКМ, КП 7294(2)/5, арк.26 адв.

[40] ВАКМ, КП 7285(3)/1.

[41] ДАВВ, ф.170, воп.1, спр.13, арк.8.

[42] Рукапіс «Беларуская бібліяграфія ўвогуле і Віцебскай Беларусі ў прыватнасці», выпуск 1 быў складзены Сапуновым яшчэ 1 сакавіка 1913 г., пад час працы ў ВАМАІ. Выпуск 2, дапоўнены, быў падрыхтаваны ім адразу пасля рэвалюцыі, аднак, як адзначаў сам Сапуноў, «прапаў, верагодна, знішчаны пры заняцці майго памяшкання <…> К.Р.Кулікоўскаю, у 1920 г.» (ВАКМ, КП 7289/84).

[43] ДАВВ, ф.170, воп.1, спр.13, арк.7.

[44] Тамсама, арк.37.

[45] Савецкая Беларусь. 1923. №256.

[46] За некалькі месяцаў да смерці Сапуноў пісаў: «І нядаўна яшчэ (у 1923 г.) я лічыўся „нядобранадзейным“ за свае „надта ўжо відавочныя сімпатыі да Беларусі“!» (ВАКМ, КП 7285/1).

[47] ДАВВ, ф.289, воп.1, спр.41, арк.4.

[48] ДАВВ, ф.170, воп.1, спр.13, арк.46.