Іх лёсы звязаны з Вільняй

Шарэцкі Сямён


Жыццё для другіх (Ніна Брылеўская)

Вядома, што гісторыя чамусьці больш увагі звяртае на разбуральныя падзеі і іх герояў і менш - на станоўчыя і стваральныя. Напрыклад, імя грэка з горада Эфеса Герастрата, які, каб забяспечыць сабе бессмяротнасць, у 356 годзе да новай эры знішчыў адзін з цудаў свету - спаліў храм Артаміды Эфескай, можна знайсці і ў сённяшніх энцыклапедычных слоўніках, у той жа час аб тым, хто будаваў гэты храм, не гаворыцца. А калі ў гісторыі штосьці і сказана аб стваральных падзеях, дык пры гэтым узгадваюцца імёны толькі выбітных асобаў, хоць матэрыяльныя і духоўныя багацці ствараюць тысячы звычайных людзей, якія з цягам часу пакідаюць жыццё, так і застаўшыся невядомымі. Бо калі яны жывуць і працуюць, іх амаль не бачна на паверхні, але без іх сумленнай працы нельга ўявіць сабе стваральную дзейнасць чалавецтва, тым больш, што многія з іх вельмі адданыя сваёй справе. Сярод гэткіх людзей ёсць нават такія, што ніколі не жылі для сябе, а ўсё аддавалі іншым і ад гэтага атрымлівалі задавальненне. Дзякуючы гэткім людзям і развіваецца прагрэс. Таму іх жыццё, безумоўна, заслугоўвае таксама застацца ў гісторыі, як прыклад сумленнасці, працалюбівасці, сціпласці. Менавіта да гэткіх людзей адносіцца Ніна Рыгораўна Брылеўская, з якою мне таксама пашчасціла спаткацца ў Вільні.

Нарадзілася Ніна Рыгораўна 5 мая 1920 года ў вёсцы Міхневічы, што зусім побач з Залессем, дзе яе бацька тады працаваў дзяком. Гэта вельмі прыгожыя мясціны нашай роднай Беларусі. Стаіць Залессе на чыгуначнай лініі Менск-Вільня ў адным кіламетры ад цудоўнай ракі Вяллі. Праз самое Залессе працякае яе прыток - Драя. Праславіў залескія мясціны род Агінскіх, якія мелі тут вялікі маёнтак. Агінскія паходзілі ад Рурыкавічаў, у прыватнасці, ад Данілы Святаслававіча, унука Кіеўскага князя Уладзіміра і пляменніка Ізяслава, сына Уладзіміра і Рагнеды. У Вялікім княстве Літоўскім гэты род займаў значныя пасады: яго прадстаўнікі былі гетманамі, канцлерамі, ваяводамі, маршалкамі і дыпламатамі. Багдан Агінскі, які жыў у першай палове ХVII стагоддзя, прызначаўся старастам Віленскага праваслаўнага брацтва. Але, перайшоўшы ў другой палове ХVII стагоддзя ў каталіцтва, Агінскія паступова апалячыліся. Аднак Рыгор-Антон Агінскі ў 1696 годзе ачоліў канфедэрацыю войска Літоўскага, якая дамагалася зраўнення ў правах літоўска-беларускай шляхты з польскай, і быў аўтарам праекту аддзялення Вялікага княства ад Польшчы.

Найбольш праславілі Залессе, безумоўна, Міхаіл Казімір і Міхаіл Клеафас Агінскія. Першы, ваявода Віленскі, а пазней вялікі гетман Літоўскі змагаўся з расейскай навалай, якая здзяйснялася пад камандаваннем Аляксандра Суворава. Ён пабудаваў вядомы канал, які злучыў раку Шчару з Ясельдай, гэта значыць, Нёман з Прыпяццю і Дняпром. У Слоніме стварыў оперны тэатр, заснаваў друкарню і пабудаваў некалькі прадпрыемстваў. Пісаў музычныя творы, пераважна паланэзы. Ён перадаў Залессе свайму пляменніку Міхаілу Клеафасу, які пераехаў сюды ў 1802 годзе і пабудаваў тут, замест былога драўлянага, цагляны палац у класічным стылі. Пабудова палаца і іншых аб`ектаў вялася па праекту маладога, але, як можна судзіць па гэтых забудовах, таленавітага прафесара архітэктуры Віленскага універсітэта Міхаіла Шульца, які, на жаль, рана памёр. Пасля смерці прафесара будаўнічымі работамі кіраваў другі віленскі архітэктар Юзаф Пусэ. Непасрэдныя будаўнічыя работы выконваліся мясцовымі спецыялістамі, мулярамі, цеслярамі, кавалямі, сярод якіх, згодна захаваўшыхся дакументаў, значацца Юзаф Астроўскі, Франц Высоцкі і іншыя. Быў закладзены і новы парк на ангельскі лад, у якім, акрамя розных дрэў, заўжды расло многа кветак. У парку пастаўлены камень-помнік Тадэвушу Касцюшку і камень з удзячным надпісам гувернёру М. Агінскага фрацузу Жану Рэлею. Частку парка, прылягаючую да ракі Драі, займаў заапарк. Гэта месца і цяпер завецца Звярынцам. Ад палацу ў розных накірунках разыходзяцца алеі, абсаджаныя ліпамі, клёнамі, бярозамі. У канцы адной з іх стаяла старадаўняя, пабудаваная ў ХVI стагоддзі драўляная Юр`еўская праваслаўная царква, якую, на жаль, спалілі ўжо пасля Другой сусветнай вайны. Злачынства было здзейснена ноччу на Вялікдзень.

У палацы размяшчаліся не толькі жылыя пакоі, але і розныя гасцінныя салоны, сталовая, більярдная, аранжарэя, дзе раслі вінаград, лімоны, ананансы, апельсіны і прыгожыя кветкі. Названай аранжарэяй М. Агінскі вельмі ганарыўся, што бачна з пісьма гаспадара свайму аканому: “Мая аранжарэя цудоўная і магла б скласці гонар Пецярбургу”. М. Агінскі часта любіў бываць і ў сваёй бібліятэцы. Згодна захаваўшыхся архіўных матэрыялаў, у гэтым пакоі былі “…паркет з ясеню, сцены пафарбаваныя, столь пабеленая. Вокнаў падвойных пяць і ва ўсіх шторы паркалёвыя белыя. Печ з кафлі, з дзверцамі чугуннымі. У бібліятэцы мэбля: фартэп`яна з чырвонага дрэва, венскае, столь з ясеню, сукном пунцовым выклеены, столік з чырвонага дрэва, раскладны,… крэслаў з чырвонага дрэва - шэсць. Шафікі з чырвонага дрэва, шафа вялікая берасцяная, чатыры шафы з ясеню”. За сваю прыгажосць Залессе атрымала назву “Паўночныя Афіны”.

Як вядома, князь Міхаіл Клеафас Агінскі ўвайшоў у гісторыю як вялікі кампазітар - аўтар оперы “Зэліс і Валькур, або Банапарт у Каіры” і папулярных, надзвычай меладычных паланэзаў, у тым ліку “Развітанне з Бацькаўшчынай”, які быў напісаны ў год Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1895г.) і здабыў сабе бессмяротную славу. Агінскім напісаны таксама “Марш паўстанцаў” і некалькі іншых маршаў, патрыятычных вайсковых песняў, мазурак, рамансаў і вальсаў. Але Міхаіл Клеафас быў яшчэ і вялікім патрыётам сваёй Бацькаўшчыны. Ён таксама, як і яго дзядзька Міхаіл Клеафас, змагаўся з наступам Расеі. Пад час паўстання 1794 года, кіраўніком якога быў Тадэвуш Касцюшка, Міхаіл Агінскі камандаваў сфармаваным і ўзброеным за свой кошт конным аддзелам. Ён уваходзіў і ў склад ураду паўстанцаў - Нацыянальную Раду. Крыху пазней, а дакладней у 1811 годзе, Міхаіл Клеафас Агінскі падаў цару Аляксандру І праект арганізацыі Вялікага герцагства Літоўскага на правах аўтаноміі са сталіцай у Вільні. Безумоўна, цар адхіліў гэты праект. З 1822 года знакаміты кампазітар і патрыёт вымушаны быў пакінуць Залессе і апошнія гады свайго жыцця правёў у Фларэнцыі (Італія).

Пасля Першай сусветнай вайны маёнтак Залессе аказаўся без гаспадара. Акупацыйныя польскія ўлады падзялілі яго на часткі. Цэнтр маёнтка разам з палацам, паркам і фруктовым садам купіла пані Жаброўская, жонка прафесара Варшаўскага універсітэта. Новая гаспадыня жыла з сялянамі навакольных вёсак у згодзе.

У суседняй з Залессем вёсцы Зарудзічы нарадзіўся і жыў беларускі паэт Алесь Салагуб, які, паверыўшы бальшавіцкай хлусні, перайшоў у 1928 годзе польска-савецкую граніцу. Пазней, як і дзесяткі іншых, ашуканых бальшавікамі, паэт быў загублены.

У былым палацы Агінскіх савецкая ўлада зрабіла дом адпачынку. На жаль, само памяшканне з гадамі разбураецца і чакае капітальнага рамонту і рэстаўрацыі, як помнік архітэктуры і памяць аб вялікім кампазітары.

Хата, у якой жыў дзяк Рыгор Маркавіч Брылеўскі, з`яўлялася маёмасцю царквы і стаяла на хутары. Сядзіба з двух бакоў абвівалася ўсё той жа ракой Драяй. Таму маленькай Ніне, як і яе тром брацікам (Валодзі, Колі, Лёні), прыходзілася мець зносіны больш з дзецьмі бацюшкі Дзмітрыя Цімкіна, хата якога знаходзілася на другім беразе ракі. Праўда, у адрозненне ад сям`і Брылеўскіх, дзе ўсё дыхала беларускасцю і хатняй мовай заўжды з`яўлялася толькі беларуская, у бацюшкі ўсё рабілася на расейскі лад, што не магло не сказацца адмоўна і на адносінах паміж дзецьмі. Хаця, калі дзеці выраслі, яны сталі падтрымліваць паміж сабою сувязі і ў меру магчымасцяў нават адны другім дапамагалі.

А паходзілі Брылеўскія з вёскі, правільная назва якой Лоска. Але чамусьці палякі, а пасля і расейцы, сталі называць яе Лоск, як, скажам, замест Менск - Мінск, Наваградак - Навагрудак, Гародня - Гродна, Бярэсце - Брэст, Ашмяна - Ашмяны, Алёхнавічы - Аляхновічы, Валожына - Валожын, Маладэчна - Маладзечна. Лоска першы раз узгадваецца ў гісторыі ў ХІV стагоддзі. Тут знаходзілася сядзіба князёў Лоскіх. Пазней яна стала належыць беларускаму магнацкаму роду Кішкаў. У ХVI стагоддзі ў Лоскім замку была заснавана друкарня. Восенню 1573 года па прапанове Яна Кішкі ў Лоску пасяліўся Сымон Будны, дзе яму ў распараджэнне была аддадзена названая друкарня. Праз год тут друкар выдаў “Новы запавет” з прадмоваю і каментарамі. У 1576 годзе ў Лоску свет убачыў і галоўны рэлігійна-філасофскі твор Буднага “Аб найважнейшых палажэннях хрысціянскай веры”. Тут былі выдадзены і некаторыя іншыя творы знакамітага друкара.

У вёсцы Лоска Брылеўскія мелі па тых часах даволі дастатковую колькасць зямлі, бо, калі падзяліліся, бацьку Ніны Рыгору Маркавічу дастаўся хутар у 10 гектараў. Але гэтую зямлю Рыгор Брылеўскі спачатку аддаваў у арэнду свайму пляменніку, і толькі, калі выраслі дзеці (а было гэта ўжо ў другой палове трыццатых гадоў ХХ стагоддзя), зямлю пачалі засяваць самі Брылеўскія. Ды і то, паколькі сям`я не жыла на хутары, дык галоўнымі культурамі, якімі гаспадары засявалі зямлю, з`яўляліся жыта і лубін. Уся справа заключалася ў тым, што Рыгор Маркавіч Брылеўскі меў па тых часах дастатковую грамату, каб атрымаць права працаваць народным настаўнікам. Вось тады, яшчэ ў царскія часы, ён і хадзіў па бліжэйшых вёсках ды вучыў дзяцей, а пасля навогул выехаў у Петраград (так у той час называўся сённяшні Санкт-Пецярбург), дзе працаваў на адным з заводаў. Аднак праз некаторы час Рыгор Брылеўскі вымушаны быў вярнуцца ў Беларусь. Прычынай вяртання з`явілася тое, што ў горадзе адчуваўся подых блізкага Балтыйскага мора і магутнай, хоць і кароткай ракі Нявы, з-а чаго паветра ў горадзе было ўвесь час праз меру насычана вадою. Гэта кепска пераносіла жонка Рыгора Маркавіча Юстына Казіміраўна, па дзявочаму прозвішчу Чарнецкая.

Вярнуўшыся дамоў, Рыгор Маркавіч здаў у Вільні экзамены на дзяка і першыя гады працаваў на гэтай пасадзе ў сваёй вёсцы, а пасля быў пераведзены ў Залессе, дзе і пражыў аж да лета 1944 года. Але прыезд у Беларусь, на жаль, не дапамог Юстыне Казіміраўне. Яна мела слабое здароўе і калі Ніне было яшчэ толькі 9 гадоў і дзяўчынка хадзіла ў другі клас, маці памерла. Праз некаторы час бацька ажаніўся і ўзяў сабе жонку ўсё з таго ж Лоска - Лукеру Фёдараўну Сліж, якая яму нарадзіла яшчэ адну дачку. Нараджэнне дзяўчынкі астатнія дзеці ўспрынялі з задавальненнем. Для іх яна стала нейкай лялькай. Сама мачыха была жанчынай акуратнай, умела шыць, валодала прыгожым голасам і яшчэ да замужа пела ў царкоўным хоры. Але замяніць роднай маці дзецям не магла.

Святар і дзяк былі ў тыя часы самымі паважанымі людзьмі ў вёсцы. Яны не толькі адпраўлялі царкоўную службу, але і з`яўляліся свайго роду дарадчыкамі для сваіх прыхажан амаль па ўсіх пытаннях. Ніна рыгораўна памятае, што не было таго дня, каб да бацькі хтосьці не прыходзіў з нечым параіцца, у тым ліку нават па гаспадарчых пытаннях ці з просьбай напісаць нейкі ліст, бо сярод сялян было вельмі мала граматных.

Такім чынам, вось у гэтых гістарычных і цудоўных мясцінах Беларусі і прайшлі дзіцячыя гады Ніны Рыгораўны Брылеўскай. Тут яна пайшла ў школу і скончыла сем класаў. Ужо ў школе яна праявіла вялікую цікавасць да навукі, аб чым заўжды адзначалі настаўнікі. Але сама школа ў той час была ўжо апалячанай, дзе беларуская мова вывучалася толькі як прадмет, ды і то аднаго разу ў вучняў запыталі, хто б з іх хацеў ад вывучэння беларускай мовы адмовіцца. Праўда, такіх знайшлося толькі дзве вучаніцы з класа, дзеці чыгуначнікаў, а астатнія нават не маглі сабе ўявіць, як гэта можна не вывучаць сваю родную мову. Кіраўніком (загадчыкам) Залесскай школы, калі Ніна хадзіла ў пяты-сёмы класы, працавала Вікторыя Анзэлевечуўна. Гэта была вельмі інтэлігентная настаўніца, прыгожа малявала, нават партрэты. У яе не было сям`і. Сціпла, але ў той жа час з густам, апраналася. Хадзіла з маленькай палачкай з кутасом, што таксама адрознівала яе ад іншых жанчынаў. І аднойчы амаль усе дзяўчынкі сёмага класа таксама зрабілі сабе падобныя падачкі, што сведчыла аб іх павазе да настаўніцы - кожная з дзяўчынак хацела быць падобнай на яе. Вікторыя Анзэлевечуўна вельмі цікава прымала экзамены па сваім прадмеце - Польска Вспулчэсна (сучасная ПОльшча). Настаўніца слухала кожнага вучня толькі адзін на адзін, без прысутных. Ніне Брылеўскай давялося адказваць на пытанні: межы Польшчы з іншымі дзяржавамі і Адміністрацыйны вертыкальны падзел Польшчы. Ніна атрымала “выдатна”, пры гэтым кіраўнік школы падзякавала ёй за грунтоўныя веды. Запамяталася Вікторыя Анзэлевічуўна Ніне яшчэ і тым, што стварыла ў Залескай школе бібліятэку дапамгала ёй выдаваць кнігі вучням. Каб вучні лепш ведалі свой край, Вікторыя Анзэлевечуўна арганізоўвала з імі экскурсіі ў Вільню і іншыя вядомыя месцы.

Далей вучыцца Ніне ў той час не прыйшлося: не было сродкаў, бо ўжо вучыўся ў Варшаве старэйшы брат Валодзя, якому і трэба было дапамагаць. Таму, скончыўшы сем класаў, Ніна пайшла і год вучылася за швачку, што ў вёсцы з`яўляецца таксама нядрэннай спецыяльнасцю і давала магчымасць зарабіць нейкі злот (так пры Польшчы называліся грошы). Восем злотых у месяц Ніна запрацоўвала і ў мясцовага аптэкара Блуся - паляка, жонкай у якога была эстонка. Ніна хадзіла да Блуся дамоў і дапамагала там на некалькі гадоў меншай за сябе аптэкарскай дачцы Зэльме адрабляць хатняе заданне, а заадно і пасябравала з яе старэйшаю сястрою Іраю.

З іншымі залескімі дзяўчынкамі і хлопцамі Ніна сустракалася ў царкве, дзе Рыгор Маркавіч стварыў і кіраваў хорам, у якім удзельнічала ўся сям`я Брылеўскіх, акрамя Валодзі, бо ў апошняга не было да гэтага ні цягі, ні здольнасцяў. Сам бацька іграў на скрыпцы. Навучыліся іграць на розных інструментах і два браты Ніны - Коля і Лёня. Ніна іграць не вучылася, але ў хор пець хадзіла з задавальненнем. Удзельнікамі хору былі многія залескія дзяўчаты і хлопцы, а таксама мужчыны і жанчыны. Прыходзілі ў яго некаторыя жыхары і навакольных вёсак.

Да вучобы Ніна вярнулася толькі ўвосень 1939 года, калі з прыходам бальшавікоў у Маладэчне адкрылася педагагічнае вучылішча. У ім Ніна правучылася два гады, прычым зсумаваўшыся па навуцы, яна аддавалася ёй поўнасцю. За гэтыя два гады толькі адзін раз пабыла на танцах. Але затое, калі была на другім курсе, дык аб яе ведах рускай мовы, якія яна паказала на экзаменах, нават пісала раённая газэта. Аднак скончыць педвучылішча Ніне перашкодзіла вайна, з пачаткам якой яна вярнулася дамоў.

У час нямецкай акупацыі на тэрыторыі Беларусі пачатковыя школы былі нацыянальнымі. А з адраджэннем беларускай школы ў насельніцтва стала абуджацца і нацыянальная свядомасць. Людзі не сталі саромецца гаварыць на сваёй роднай мове, больш таго, яны адчулі яе хараство. А частка беларускай інтэлігенцыі стала думаць і аб адраджэнні сваёй нацыянальнай дзяржавы. Бо толькі нацыянальная дзяржава можа стварыць неабходныя ўмовы для развіцця асобы. Але, на жаль, такую неабходнасць разумелі не ўсе. Ніна Рыгораўна памятае, як адна з жанчын і ў іх Залессі з прыходам немцаў у Ніны запытала: “Ну невядома, пад кім мы цяпер ужо будзем?”. На што Брылеўская адказала: “А чаму мы павінны быць пад некім? Мы ж беларусы. І ў нас павінна быць свая дзяржава - Беларусь”.

З адкрыццём беларускіх школаў спатрэбілася і шмат настаўнікаў, якія ведалі б беларускую мову. І паколькі гэткіх настаўнікаў не хапала, дык імі сталі працаваць і з такой адукацыяй, якая была ў Ніны. Ніна таксама стала настаўніцай у вёсцы Лебедзева. Гэта прыгожая вялікая вёска (мястэчка) паміж Маладэчнам і чыгуначнай станцыяй Пруды. Вось у гэтай прыгожай вёсцы з першых дзён прыходу немцаў Валодзя Брылеўскі стаў працаваць войтам. І калі тут немцы арганізавалі гета для жыдоў, Брылеўскі даў загад натапіць лазню і памыць няшчасных, бо больш дапамагчы ім ён нічым не мог. Нават і гэткі свой паступак вымушаны быў абгрунтаваць немцам, што гэта неабходна было зрабіць, каб не дапусціць з`яўлення тыфу, якога немцы паталагічна баяліся. Праўда, аднаго разу Брылеўскі паспрабаваў зрабіць і большае, калі да яго звярнуўся з просьбай знаёмы жыд з Залесся. Валодзя прапанаваў свайму бацьку забраць гэтага жыда з гета і завезьці ў сваю вёску. На жаль, жыд чамусьці пазьней зноў апынуўся ў гета.

Людзі ў Лебедзеве жылі нядрэнна, па веравызнанню былі галоўным чынам праваслаўнымі. Таму вёску ўпрыгожваў каменны будынак праваслаўнай царквы, якая працавала і ў час нямецкай акупацыі. У царкве быў прыгожы хор, у якім калі-нікалі стала прымаць удзел і Ніна Рыгораўна. Пры Польшчы тут пабудавалі новую школу, якая насіла за польскім часам імя Юзафа Пілсудскага. Калі ў ёй стала працаваць Ніна Брылеўская, школай кіраваў Пётра Станіслававіч Зяновіч, чалавек адданы беларускай справе, за што і стаў пазней ахвярай бальшавіцкага разбою. У свой час, калі Ніна была яшчэ вучаніцай, ён працаваў кіраўніком Залескай школы. Пётра Зяновіч прыгожа іграў на скрыпцы і вучыў, акрамя матэматыкі, яшчэ і спевы. Настаўніцай працавала і яго жонка Марыя Харытонаўна, дарэчы, першая настаўніца Ніны Брылеўскай. Пасля разам з іншымі беларусамі Зяновічы вымушаны былі пераехаць на тэрыторыю этнічнай Польшчы, дзе таксама працавалі настаўнікамі. І вось у лебедзеве яны сустрэліся з Нінаю Брылеўскай ужо як калегі.

Тут, у Лебедзеве, Ніне Рыгораўне пашчасціла спаткацца з актыўным удзельнікам беларускага адраджэння, прафесарам Вацлавам Іваноўскім. Гэта здарылася ў першыя месяцы яе працы. Іваноўскі ў той час быў ужо бурмістрам Менску. І аднойчы, едучы з Вільні ў Менск, ён заехаў па дарозе ў Лебедзева да Брылеўскіх пераначаваць, таму што кіраўніцтву ў Маладэчне ён не давяраў. А аб Уладзіміру Брылеўскім ён чуў як аб сумленным беларусе. І як узгадвае сам Уладзімір Брылеўскі, ён тады “убачыў перад сабой вельмі сімпатычнага, старэйшага векам чалавека, у якім не было і ценю напышлівай важнасці. Гутарыць з ім, чалавекам высокай культуры, было лёгка, свабодна, і я пранікнуўся да яго вялікай павагай. Ягоным шафёрам быў ягоны студэнт… Вечарам гэтага ж дня прафесар Іваноўскі выступіў перад жыхарамі мястэчка ў залі валасной управы з дакладам пра тагачасную сітуацыю на Беларусі і перспектывах на будучыню.

Вечарам пілі гарбату з сахарынам і працягвалі ўсё тую ж размову аб перспектывах Беларусі, якія прафесар Вацлаў Іваноўскі закрануў у сваім дакладзе. Пасля размовы Ніна Рыгораўна падрыхтавала прафесару пасцель і ён лёг адпачываць. А раніцою, пакуль прафесар падняўся і памыўся, яго чакаў ужо сняданак - напечаныя Нінаю аладкі. Мабыць, яны настолькі Іваноўскаму спадабаліся і паднялі ў яго настрой, што ён нават сказаў прымаўку:

Кожны дзень бліны,
А ў нядзелю таюны.

У канцы 1943 года, будучы з жонкаю ў Менску, Уладзімір Брылеўскі атрымаў вестку, якая яго ўзбударажыла і прывяла ў сум: калі прафесар Вацлаў Іваноўскі ехаў вечарам фурманкай з гарадской управы дамоў, ён быў забіты. Вось так трагічна абарвалася жыццё яшчэ аднаго вядомага беларускага дзеяча за незалежнасць Беларусі.

Пасля Лебедзева Ніна Рыгораўна стала працаваць настаўніцай у Смургонях, куды яе паклікаў брат Валодзя. Уладзімір Рыгоравіч Брылеўскі працаваў у той час бурмістрам Смургонскага павету. На названую пасаду яго запрасіў вядомы ў той час лекар Васіль Катовіч. Сам Катовіч быў сынам праваслаўнага святара, за польскім часам скончыў Віленскі універсітэт і працаваў спачатку ў Залессі, а пасля, ужо ў час нямецкай акупацыі галоўным доктарам у Вілейцы, якая з`яўлялася акруговым цэнтрам. Будучы сумленным беларусам, Васіль Якаўлевіч Катовіч не мог абыякава глядзець на тое, як польскія крайнія нацыяналісты, уладкаваўшыся ў нямецкіх акупацыйных структурах, знішчалі беларускую інтэлігенцыю. Справа ў тым, што да Падсдамскай канферэнцыі 1945 года змену граніцы пасля 17 верасня 1939 года палякі не прызнавалі і быў аддадзены загад польскага ўрада ў эміграцыі аб стварэнні ваенных структураў для барацьбы за незалежнасць Польшчы ў межах даваенных граніцаў Другой Рэчы Паспалітай (1920-1939г.г.). У сувязі з гэтым ужо з першых дзён акупацыі Заходняй Беларусі немцамі польскія элементы, як ужо было сказана, імкнуліся захапіць адміністрацыю самаўпраўлення рэгіёнамі ў свае рукі, стваралі сваю паліцыю, а пасля гэтага на Смургоншчыне, як і на Лідчыне, у Шчучынскім і іншых паветах заходняй беларусі, разгарнулі пад выглядам барацьбы з камуністамі дзікі тэрор супраць беларускага нацыянальнага актыву. Напрыклад, у тым жа Смургонскім павеце ў вёсцы Шутавічы іхняй паліцыяй быў арыштаваны Войцэх Шутовіч. Ёй жа былі арыштаваны і Юстын Мурашка, а на Лідчыне быў забіты Юльян Саковіч, які таксама паходзіў са Смургонскага павета. Ахвярамі гэтага нацыяналістычнага разбою сталі і многія іншыя сумленныя беларусы. У Смургонях яны спрабавалі арыштаваць нават Аляксандра Калодку, арганізатара беларускай паліцыі ў Вілейскай акрузе, але, у адрозненне ад першых, знішчыць яго польскім нацыяналістам не ўдалося. Больш таго, прыезд Аляксандра Калодкі ў Смургоні паскорыў стварэнне тут беларускай адміністрацыі.

Смургоні былі вядомы вядомы як мястэчка Ашмянскага павету Вілейскага ваяводства ўжо ў ХV стагоддзі. У наступным стагоддзі кальвіністы пабудавалі тут свой сабор, які пазней стаў каталіцкім касцёлам, потым - праваслаўнай царквою, а пасля 1920 года зноў касцёлам. З ХVII стагоддзя Смургоні былі ўласнасцю Радзівілаў, а пасля графаў Пшэздзецкіх. У гэтым жа стагоддзі Радзівілы заснавалі тут “Смургонскую акадэмію”, у якой дрэсіравалі мядзведзяў, пасля чаго вазілі апошніх па кірмашах спачатку ў межах Рэчы Паспалітай, а пазней Расійскай імперыі і нават у іншыя краіны. Менавіта таму перад уездам у Смургоні аж да Другой сусветнай вайны стаяла табліца з намаляваным на ёй стаячым на задніх лапах мядзведзем, трымаючым у пярэдніх лапах меч, - гербам горада. Славіліся Смургоні і сваімі кірмашамі, на якія з`язджалася шмат народу з блізкіх і далёкіх вёсак, і амаль кожны лічыў неабходным прывезьці з кірмашу смургонскіх баранак, якія лічыліся самымі смачнымі ва ўсёй Віленскай акрузе.

Працуючы ў Смургонях, Ніне Рыгораўне таксама давялося спаткацца з многімі сумленнымі беларусамі, якія прыязджалі да брата. Сярод іх яна асабліва запамятала ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, з якім не толькі размаўляла, але і частавала яго ўсё тымі ж беларускімі аладкамі. З выгляду гэта быў высокай імпазантнай фігуры чалавек, у якім удала спалучаліся мужнаць і інтэлігентнасць. Аб яго адданасці беларускай справе Уладзімір Брылеўскі чуў яшчэ тады, калі за польскім часам Гадлеўскі працаваў ксяндзом у Жодзішках. У тыя часы, калі амаль усе ксяндзы ў Заходняй Беларусі - палякі або апалячаныя беларусы - гаварылі казанні і адпраўлялі багаслужбу толькі па-польску, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі сярод нямногіх іншых усё гэта рабіў па-беларуску. Ён нават выдаваў газэту з вельмі смелай для часоў польскай акупацыі назвай - “Беларускі фронт”.

Безумоўна, што тагачасныя польскія ўлады ксяндзу гэтага не даравалі. Вінцэнта Гадлеўскага арыштавалі і пасадзілі ў турму. А з прыходам немцаў ён стаў Галоўным Інспектарам беларускіх школаў у Генеральным камісарыяце Беларусі і на пачатку 1942 года прыязджаў па справах у Смургоні. А летам таго ж года, ужо будучы бурмістрам Жодзішскага павету, Уладзімір Брылеўскі наладзіў Дзень Беларускай Культуры, на які запрасіў і Вінцэнта Гадлеўскага. У прызначаны дзень Гадлеўскі прыехаў у Жодзішкі разам з немцам Сівіцам. У той дзень Вінцэнт Гадлеўскі выступіў з прамовай і на беларускай мове адслужыў у касцёле імшу. А ў Жодзішках у той час ксяндзом быў нехта Чаплоўскі, які, на погляд У. Брылеўскага, з`яўляўся, мабыць, апалячаным беларусам. Чапоўскі праводзіў у адносінах да беларусаў яскрава выражаную шавіністычную палітыку. Пасля прыходу немцаў у 1941 годзе ён нават у касцёле гаварыў: “Дзякаваць Богу, што скончылася беларуская ўлада”, хоць і добра ведаў аб тым, што савецкая ўлада ніякай беларускай не была. У рапарце Віленскаму біскупу Райнісу Чапоўскі Уладзіміра Брылеўскага і яго намесніка Альфонса Шутовіча таксама называў “камуністымі”. Менавіта гэткай была тактыка польскіх шавіністаў у барацьбе з беларускім нацыянальным актывам. Ну, а самога Вінцэнта Гадлеўскага арыштавала і замардавала нямецкае СД.

Са Смургоняў Ніну Брылеўскую перавялі працаваць настаўніцай у Жодзішкі, куды, як ужо сказана раней, пераехаў бурмістрам са Смургоняў у арганізаваны новы павет яе брат Уладзімір. Жодзішкі таксама размяшчаліся ў вельмі прыгожым месцы ў 25 кіламетрах ад Смургоняў. Стаіць мястэчка на высокім правым беразе Вяльлі. Побач у тыя часы тут рос прыгожы, пераважна хваёвы лес. Таму ў Жодзішках заўжды было чыстае, з прыемным пахам смалы паветра. З вялікіх будынкаў у Жодзішках стаяў прыгожы касцёл барочнага стылю і вялікі палац з тоўстымі сценамі, дзе і размяшчалася ўправа (раней тут быў кляштар і езуіцкая школа рыторыкі, у якой рыхтаваліся змагары супраць Рэфармацыі на Беларусі).

У Жодзішках Уладзімір Брылеўскі і ажаніўся на дзяўчыне, з якой пазнаёміўся ў час працы пры савецкай уладзе аграномам непадалёку ад Маладэчна. Вянчаўся ў праваслаўнай царкве. Вяселле адбывалася ў тым жа доме, дзе і жыў. На вяселле да свайго старэйшага сына прыехаў з Залесся і бацька з меншай дачкою Галяю. Ніна ў той час ужо жыла ў Жодзішках, таму, як гэта і належыць сястры, прымала ў вяселлі самы актыўны ўдзел: пры запісу шлюбу была сведкай, а ў час вянчання разам з бацькам і сваёй каляжанкай - дачкою бацюшкі Цімкіна з Залесся спявала ў царкоўным хоры.

Вайна… Гэта жахі і забойствы, разбурэнні і пажары. Жыццё чалавека становіцца роўным жыццю мухі. Яго на кожным кроку чакае бяда. Гэта адчула і добра зразумела Ніна Рыгораўна, калі аднойчы разам са сваёй сяброўкай Іраю (дачкой бацюшкі Цімкіна) ехала з Жодзішкаў у Залессе. У той вечар па названай дарозе ехала шмат падводаў. І патрэбна было ім толькі заехаць у лес, як адкуль ні вазьмісь выскачылі ўзброеныя партызаны і хутка акружылі ўсіх людзей. Ад здарыўшагася людзі атарапянелі. Сама Ніна за адну хвіліну стала з твару белай як снег, у роце ўсё перасохла. Партызаны запыталі ў кожнага прозвішча і высветлілі месца працы. Пры адказе на пытанні Ніна Рыгораўна не ілгала. Ды і рабіць гэтага яна не магла па стану свайго самаадчування, якое прыкмецілі і партызаны. Адзін з іх нават запытаўся: “А што вы так збялелі?”.

Але на шчасце, на гэты раз ехаўшых людзей затрымалі сапраўдныя партызаны, для якіх галоўным з`яўлялася барацьба з фашыстамі, а не разбой і грабёж, чым займаліся ў той час многія пад выглядам партызанаў. Таму, пачуўшы адказы людзей на зададзенае пытанне і ўбачыўшы іх разгубленасць, партызаны супакоілі ехаўшых і з Богам адпусцілі дамоў.

А летам 1943 года на Жодзішкі напалі польскія партызаны. У час нападу было забіта двое немцаў, а таксама Тамаш Трызна, які працаваў пры ксяндзу Гадлеўскім арганістам. Тады загінулі і некаторыя іншыя беларусы, у тым ліку мясцовая жанчына з дзецьмі. Быў спалены мост праз раку, што прымусіла пасля мясцовых жыхароў перавозіць з палёў дабро (зерне, бульбу) на чоўнах. Дарэчы, немцам знішчэнне маста не прынесла ніякай шкоды, бо яны ездзілі зусім іншай дарогай. Пасля названага здарэння павятовую ўправу перанеслі ў Смургоні.

У час гэтага нападу Ніна Рыгораўна спала ў стадоле на сене. Прачнулася ад выстралаў і хутка пабегла ў хату паглядзець, што здарылася з братам, хоць і сама ў той час яшчэ не разумела, што адбываецца. Дзверы ў сенях і хаце былі адчынены і нікога не было бачна. Але, калі яна апынулася ў сенях, пачула голас брата, які з гарышча ціха ёй паведамляў, што на вёску напалі партызаны, але ён таксама ў той час не мог ведаць, чые гэта былі партызаны. Далей Ніна хутка пабегла зноў у стадолу. І тут магла б здарыцца бяда, бо непадалёку ад іх сядзібы знаходзіліся ўсё тыя ж акоўцы, якія і напалі на вёску. Яны заўважылі бягучага чалавека і адкрылі агонь, аднак, на шчасце, кулі праляцелі міма Ніны.

З ліквідацыяй павету, у Жодзішках перастала працаваць і школа. Ніну Рыгораўну перавялі настаўніцай у роднае для яе Залессе. Вучыць стала ў пятых-сёмых класах. Кіраўніком школы ў той час быў таксама сумленны і з выгляду прыгожы, хоць ужо ў тую пару і пажылы, беларус - Янка Дудка, які працаваў у названай школе і за польскім часам, але пасля разам з іншымі настаўнікамі-беларусамі, як і Пятро Зяновіч, быў адпраўлены ў этнічную Польшчу. З прыходам немцаў ён зноў вярнуўся ў Залессе. У Залескай школе тады працаваў і яшчэ адзін шчыры беларус, брат лекара Катовіча - Ян Катовіч. Гэта быў сярэдняга росту, высока адукаваны і добры па характару чалавек. Ён ніколі не павышаў голасу, любіў пасьмяяцца, пажартаваць. З павагай адносіўся і да вучняў, і калі ўжо ставіў камусьці дрэнную адзнаку, дык гэта азначала, што вучань сапраўды нічога не ведаў. Пры Польшчы Ян Катовіч працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, у якой выкладаў біялогію. Тут ён арганізаваў куток жывой прыроды, дзе пад шклом знаходзіліся рыбы, жабы, вужы, гадзюкі і іншыя жывёліны. У час акупацыі немцамі Беларусі па прапанове брата-лекара Ян Катовіч пераехаў у Залессе.

Як вядома, у чэрвені 1944 года немцы пачалі адступаць. У гэткі пераломны момант, безумоўна, кожны чалавек думае, як яму паступіць. Многія пачалі рухацца на Захад, бо амаль за два гады (верасень1939 - чэрвень 1941) добра пазналі савецкія парадкі і адносіны бальшавікоў да людзей. Ніна Рыгораўна таксама задумалася, што рабіць далей. Да гэтага часу яе сяброўка Іра - дачка бацюшкі Цімкіна, якая ўжо сама была матушкай, - жыла ў Вільні. Іх сям`я мела свой дом. Вось Ніна Рыгораўна і вырашыла паехаць у Вільні да Цімкіных. У горадзе яна застала самую разруху, яшчэ не было ніякай улады, ішла страляніна. Таму ўсе яны (Ніна Рыгораўна, Ірына Дзмітрыеўна, яе маці, брат, сястра і маленькі сын), знайшоўшы нейкі склеп, схаваліся ад куляў. А калі баі скончыліся і горад занялі савецкія войскі, яны вылезлі са сховішча. Малюнак, які яны ўбачылі ў горадзе, быў жудасны: на вуліцах і на плошчах валялася многа трупаў нямецкіх салдат, было многа свежых магіл, у якіх савецкія салдаты паспелі пахаваць сваіх таварышаў.

Усе разам, параіўшыся, вырашылі не пакідаць Радзіму, але і ў горадзе было заставацца пакуль што небяспечна. Таму, зноў-такі ўсе разам, паехалі ў Залессе, дзе і прабылі некалькі дзён у бацькі Ніны. Пагасціўшы, Ірына Дзмітрыеўна са сваёй сям`ёй зноў накіравалася ў Вільню. Ніна Рыгораўна вырашыла ехаць у родную вёску бацькі - Лоска. Вось тады яна і развіталася з бацькам аж на дзесяць гадоў, бо пасля гэтага яго хутка арыштавалі, а затым і выслалі ў Карагандзінскія стэпы.

У Лоску Ніна Рыгораўны жыла ў стрыечнага брата, да якога яна і прыехала. А паколькі настаўнікаў пасля вайны зноў не хапала, дык Ніне Рыгораўне прапанавалі працу ў школе. Тут яна, як і заўжды, праявіла сваю шчырасць, вучыла галоўным чынам чацвёртыя класы, а калі школа пачала паступова пераўтварацца ў сямігодку, дык стала весці яшчэ ў пятым і шостым класах рускую мову і біялогію. Аб яе сумленных адносінах да працы ў школе пісала нават раённая газэта, на раённых канферэнцыях яе абіралі ў прэзідыум. А калі ў школу прыязджаў інспектар аблана і пабыў на ўроках Брылеўскай, дык сказаў дырэктару, што гэтай настаўніцы можна даваць урокі і ў сёмым класе. І, безумоўна, сумленнасць і сціпласць Ніны Рыгораўны хутка прыкмеціла дырэктар школы Таццяна Міхайлаўна Марынец, у якой таксама лёс быў нялёгкі: памёр муж, сын-медык і нявестка загінулі на фронце. Жыла Таццяна Міхайлаўна ў школьным доме, які ў свой час (пры Польшчы) пабудавалі для кіроўніка. У доме было два невялікіх пакоі і кухня, але ў адным з пакояў размяшчаўся клас. Так што Таццяна Міхайлаўна займала кухню і адзін пакой, куды і запрасіла жыць Ніну Рыгораўну. Апошняя з удзячнасцю пагадзілася і перайшла вось у гэты пакой да дырэктара школы. Дырэктар школы сама вяла матэматыку.

Але, у адрозненне ад Таццяны Міхайлаўны Марынец, якая была прыезджай, у Заходнюю Беларусь у той час з усходу зноў панаехала нямала і такіх, што не мелі адукацыі, ды і розуму было ў іх небагата. Менавіта гэткім быў і старшыня сельскага савета Ерын, былы партызан, па нацыянальнасці рускі. Ён лічыў нават за гонар тое, што меў толькі два класы адукацыі ды займаў гэткую пасаду. Збіраючы актыў сельскага савета і аддаючы нейкія загады, у яго з пяці слоў тры было мацерных, пры гэтым нягледзячы на тое, што большасцю актыва з`яўляліся жанчыны. Жыць Ерын пачаў у свайго намесніка - мясцовага жыхара, у якога была ў той час яшчэ зусім маладая дачка Надзя. І маючы нахабны характар, Ерын адразу вырашыў скарыстацца гэткай нагодай. Праз некалькі часу Надзя стала ахвярай лёсу: нарадзіла дачку. Але ў самога старшыні сельскага савета, які быў за Надзю нашмат старэйшы, розуму ад таго, што ён стаў бацькам, не прыбавілася. Яго неадпаведнасць займаемай пасадзе ў рэшце рэшт зразумелі і ў раёне, а таму і знялі з работы. Ерын застаўся без справы. І цяжка сказаць, у чым заключалася галоўная прычына, што аднойчы былы старшыня сельскага савета ўхапіў сякеру і стукнуў яе вастрыём Надзі па галаве, ад чаго маладая жанчына хутка сканала, пакінуўшы круглай сіратою малую дачушку. Бо, вядома, за гэткі ўчынак Ерына пасадзілі ў турму.

Памятае Ніна Рыгораўна і прысланага ў школу ваенрука, які праз некаторы час напіўся самагонкі і “сеў на белага каня”, пасля чаго разагнаў вучняў і кінуўся ў канцылярыю з намерам пабіць дырэктара школы, якая ў той час прылягла там адпачыць, бо была хворая. І Ніна Рыгораўна зрабіла ўсё магчымае, каб не дапусціць азвярэлага хулігана да дырэктара школы, якая, дарэчы, яшчэ не так даўно прыехала, а таму і начавала пакуль што ў канцылярыі. Праўда, за сваю сумленнасць і смеласць Брылеўская паплацілася моцнымі ўдарамі ў твар і па руцэ. На шчасце, у гэты час у школу прыйшоў медыцынскі фельчар рабіць дзецям уколы. Ён і дапамог Ніне Рыгораўне на нейкі час суняць п`янага хулігана. Праз некалькі хвілін у школу прыйшлі і дзве настаўніцы, якія аб здарыўшымся хутка паведамілі ў сельскі савет. Адтуль прыбег сакратар, пасля чаго ўсе разам звязалі незадачлівага ваенрука, якому дадзены выпадак каштаваў зняццем з працы.

Не лепшымі паводзінамі выдзяляліся і так званыя “ястрабкі”, у задачу якіх уваходзіла барацьба з блукаўшымі ў той час па лесе і вёсках рознымі людзьмі, сярод якіх былі і сапраўдныя бандыты. Але многа сярод іх было і такіх, якія проста туляліся ад савецкай улады. Вось аднаго разу гэткі “ястрабок” у п`яным выглядзе і ў суправаджэнні мясцовага актывіста забрыў у хату да стрыечнага брата Ніны Рыгораўны, у якога яна тады жыла. Мэтай прыходу быў пошук маладой настаўніцы. А свае хуліганскія дзеянні “ястрабок” пачаў з таго, што запатрабаваў у Ніны Рыгораўны дакументы. І калі яму нешта не спадабалася, пачаў страляць у столь. Брат Ніны Рыгораўны, будучы параненым на фронце, да гэтага часу ўжо вярнуўся дамоў, стаў крычаць, учынілі гвалт і яго малыя дзеці, жонка, але “ястрабок” не сунімаўся. А таму самой Ніне Рыгораўне, нягледзячы на тое, што яна тады хварэла на запаленне лёгкіх, прыйшлося выратоўвацца уцёкамі праз акно. Да сказанага трэба дадаць, што ўсё гэта адбывалася ўжо позняй цёмнаю ноччу.

А Ніна Рыгораўна, адначасова з працай у школе паступіла і стала вучыцца ў Лідскім педвучылішчы. Але, як вядома яшчэ з ленінскіх часоў, для бальшавікоў галоўным заўжды была адданасць уладзе, а не прафесіяналізм і адданасць справе, якой чалавек займаецца. Ды чаго ж іншага можна было чакаць ад улады, прадстаўнікамі якой былі ўзгаданыя старшыня сельсавета, “ястрабок” ды ваенрук. Таму і ў дадзеным выпадку, даведаўшыся аб тым, што бацька Ніны Рыгораўны знаходзіцца ў ссылцы, а старэйшы брат недзе за мяжою, сталі яе ўспрымаць як “члена сям`і ворага народа”. Нават на настаўніцкай канферэнцыі, на якой прысутнічала і сама Ніна Рыгораўна, і дырэктар школы Таццяна Міхайлаўна, загадчык раяна Пужэвіч стаў папракаць апошнюю за тое, што яна “зжылася” з Брылеўскай, нібыта і не было ў Ніны Рыгораўны той сумленнасці і прафесійнага майстэрства, аб якім некалькі месяцаў таму назад пісала раённая газэта.

У хуткім часе пасля гэтага Ніну Рыгораўну Брылеўскую знялі з працы, запісаўшы ў загадзе, як гэта тады і вадзілася, зусім іншую фармулёўку, у тым ліку і што яна нібыта метадычна няправільна праводзіла заняткі з вучнямі, паказаўшы тым самым крывадушнасць самой улады. Больш таго, адлічылі яе і з педагагічнага вучылішча, хоць і была яна ўжо на апошнім курсе, заставалася толькі здаць дзяржаўныя экзамены. Усё гэта цяжка зразумець чалавеку з непакалечаным розумам, але, на жаль, вось гэткі час прыйшлося перажыць людзям.

Пры дапамозе знаёмых Ніна Рыгораўна знайшла сабе прытулак, а пасля і прыпісалася на пастаяннае месца жыхарства ў Вільні. Працаваць стала ў масавай бібліятэцы. Але ў хуткім часе ў сямігадовай школе №11 спатрэбіўся настаўнік, які ведаў бы рускую і польскую мовы. Вось у гэтую школу і ўладкавалася настаўніцай Ніна Рыгораўна, дзе і працавала, пакуль не захварэла.

Вайна і ўсё перажытае далі аб сабе знаць. А тым больш, што ў гэты час Брылеўскай прыйшлося перанесці і вялікія перагрузкі. Справа ў тым, што да Ніны Рыгораўны ў 1950 годзе дайшлі чуткі, што яе могуць зняць з працы і ў гэтай школе. Таму, каб не застацца без працы навогул, яна вырашыла адначасова паступіць на бухгалатарскія курсы, якія знаходзіліся на пэўнай адлегласці, а таму патрабавалі і часу, і напругі. І як вынік - арганізм аслабеў і пры першай прастудзе ў Ніны Рыгораўны паявіўся туберкулёз. Праўда, курсы яна скончыла, прычым з добрымі адзнакамі, але працу ў хуткім часе прыйшлося пакінуць. Трэба было лячыцца, і лячыцца інтэнсіўна, бо спадзявацца на матэрыяльную дапамогу не было ад каго. Пенсія па інваліднасці была зусім малая.

Дзякаваць Богу, у гэты цяжкі для Ніны Рыгораўны час знайшліся добрыя людзі, і перш за ўсё сярод лекараў. Іх высокая кваліфікацыя і чалавечыя адносіны да Ніны Рыгораўны запамяталіся ёй на ўсё жыццё. Яны і дапамаглі Ніне Рыгораўне вярнуцца зноў на працу. А вярнулася яна ў тую ж самую школу, якая за гэты час была перафармавана ў сярэднюю пад нумарам 14. Працаваць стала ў бібліятэцы, бо праца настаўніка яе палохала як сваімі нагрузкамі, так і тым (а, мабыць, гэта і было галоўным), што ў яе не было адпаведнага дыплома. Школа была з трымя мовамі навучання: рускай, літоўскай і польскай. І ўсімі імі бібліятэкар валодала. А што тычыцца працы, дык Ніна Рыгораўна зноў стала адносіцца да яе ўсё з той жа беларускай шчырасцю, аб чым сведчаць адзнакі ў працоўнай кніжцы: у 1956 годзе за добрую працу ёй аб`яўлена падзяка, у 1970 годзе яна ўзнагароджана Ганаровай граматай гарана, у 1981 годзе - медалём “Ветэран працы”, у 1985 годзе ёй зноў аб`яўлена падзяка. Некалькі разоў Ніна Рыгораўна атрымлівала і грашовую прэмію. А ў 1959 годзе яе фатакартку, як сумленнага працаўніка народнай асветы Літвы, памясцілі ў цэнтральнай рэспубліканскай газэце, дзе быў змешчаны і невялікі артыкул. У ім адзначалася, што бібліятэкар сярэдняй школы №14 Ніна Рыгораўна Брылеўская ведае ўсіх сваіх чытачоў па прозвішчу і арыентуецца ў іх схільнасці да той ці іншай літаратуры. У гэтым праяўляўся яе педагагічны падыход да сваёй працы. Яна прыкмеціла нават тое, што меншыя дзеці патрабуюць кніжак не толькі згодна іх узросту і ведаў, але і больш тонкіх, чаго ў той час выдаўцы не ўлічвалі. Сам прыход у бібліятэку абмяняць кнігу для маленькага чытача - гэта падзея. Таму ён хоча бываць тут часцей.

Узгадваючы працу ў школе, Ніна Рыгораўна Брылеўская заўжды не забывае сказаць добрае слова аб сваім дырэктары - працалюбівым і сумленным беларусе - Шостаку Уладзіміру Сямёнавічу, які не толькі трымаў школу ў прыстойным выглядзе, але і пасадзіў каля яе даволі вялікі сад, правёў у будынак школы ваду, на пляцы пабудаваў цяпліцу. І, безумоўна, ён пільна сачыў за выкананнем вучэбнага плану і дысцыплінай у школе. Умеў падабраць кадры і як педагог спалучаў патрабаванні з тактычнасцю. Пры гэтым зазначым, што ў шматмоўнай школе рабіць гэта было няпроста.

Паколькі ў Ніны Рыгораўны не было ніякай дапамогі збоку, а шанцаў на атрыманне кватэры ад дзяржавы было таксама мала, дык ёй прыйшлося падпрацоўваць яшчэ і на іншых работах, у тым ліку і ў самой школе: сакратаром, часта замяняць адсутных настаўнікаў. Усё гэта дапамагло ёй зарабіць грошай і пабудаваць кааператыўную кватэру. Узяла яна для сябе і невялікі зямельны ўчастак, які таксама даваў нейкі прыбытак. Тым больш, ёй, як выхаванай у гаспадарлівай сям`і, было вельмі цікава самой вырошчваць бульбу, гародніну ды прыгожыя кветкі.

У 1954 годзе з лагероў вярнуўся і бацька Ніны. Як чалавека набожнага і адукаванага яго запрасілі на былую працу - дзяком у вёску Гарадзілава, дзе службу адпраўляў сам Благачынны айцец Маеўскі. Прабыўшы ў лагерах цэлых дзесяць гадоў, Рыгор Маркавіч Брылеўскі меў магчымасць убачыць самае дно савецкай улады і таму ўяўляў яе сутнасць і тупіковасць. Рыгор Маркавіч у прыватнасці сказаў: “Бальшавікі яшчэ будуць шукаць Бога”. Дзяком ён праслужыў да глыбокай старасці і памёр, калі яму было ўжо без двух месяцаў 92 гады. Мабыць, за ўсе тыя пакуты, якія Рыгору Маркавічу давялося перанесці ў турме і канцлагерах, Бог даў яму такое доўгае жыццё.

Пасля выхаду на пенсію Ніна Рыгораўна стала актыўнай супрацоўніцай Таварыства Беларускай Культуры ў Літве, дзе галоўным яе заняткам стала таксама бібліятэчная справа. Да гэтага тут ужо працавала Яўгення Георгіеўна Навумчык (дзявочае прозвішча Троцкая). Гэта таксама сапраўдная беларуская патрыётка, адсядзеўшая за свае ідэалагічныя перакананні дзесяць гадоў у сталінскіх лагерах. У тыя гады, калі Ніна Рыгораўна стала працаваць у ТБК, наведвальнікаў бібліятэкі было нямала, але ў памяці Брылеўскай застаўся як самы заўзяты чытач Міхаіл Фёдаравіч Петрыкевіч.

Міхаіл Фёдаравіч родам паходзіў з вёскі Падкасоўе, што на Наваградчыне. Гэта таксама быў патрыёт Беларусі, але, як і многія іншыя, у пошуках дарогі да нацыянальнай свядомасці ён доўга блукаў. За польскім часам у барацьбе за незалежнасць Беларусі Петрыкевіч прымыкаў да левага крыла падпольшчыкаў. У 1931 годзе, калі Міхась быў у апошнім класе Наваградскай гімназіі, яго, як члена камасмола Заходняй Беларусі, арыштавалі і прысудзілі да трох гадоў зняволення і пазбавілі на дзесяць гадоў грамадзянскіх правоў. З далучэннем Заходняй Беларусі да Савецкага Саюза Петрыкевіч актыўна ўключыўся ў станаўленне новай улады ў сваёй мясцовасці і дапускаў тыя ж памылкі, якія былі характэрны для гэтай улады ў тыя гады. Пасля Другой сусветнай вайны Міхась Петрыкевіч атрымаў вышэйшую адукацыю філолага і працаваў настаўнікам, а разам з тым і захапляўся краязнаўствам. Ім створаны невялікі краязнаўчы музей пры Валеўскай сярэдняй школе Наваградскага раёна, а пасля і вядомы ў рэспубліцы Дзятлаўскі музей народнай славы. У 1985 годзе Міхаіл Фёдаравіч Петрыкевіч пераехаў у Вільню, дзе жыве яго дачка Святлана. З арганізацыяй Таварыства Беларускай Культуры ў Літве ён стаў прыходзіць на арганізоўваемыя Таварыствам мерапрыемствы. МІхась Петрыкевіч быў шырока адукаваным чалавекам, які ведаў некалькі моваў. Але асабліва яго прываблівалі мовы славянскіх народаў, хоць ён добра ведаў і нямецкую мову і нават меў пазнанні ў жыдоўскай мове. І вельмі цяжка сказаць, ці ёсць у бібліятэцы ТБК у Літве гэткая кніга, якую Міхась Петрыкевіч не прачытаў бы. Аднак Міхасю Петрыкевічу асабліва падабаліся кнігі па гісторыі Беларусі, аб чым ён заяўляў і ў сваім выступе па літоўскаму радыё.

Але, будучы сумленным і руплівым чалавекам, Ніна Рыгораўна не абмяжоўваецца толькі бібліятэчнай справай. Усе, каму давялося хоць адзін раз пабыць у віленскіх дамках па адрасу Жыгіманту 12, 3, той ніколі не забудзе тую непаседлівасць і заклапочанасць Ніны Рыгораўны, якую яна праяўляе аб беларускай справе навогул і, безумоўна, аб кожным наведвальніку, каб ён мог атрымаць тое, за чым прыйшоў. Пры гэтым яна абавязкова кожнаму прапануе выпіць цёплай кавы або гарбаты, якія яна купляе за сваю небагатую пенсію. Ніна Рыгораўна актыўна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах ТБК у Літве, у тым ліку і ў праводзімых пікетах. Мабыць, у гэтым і праяўляецца тая адна з галоўных рысаў характару, якая ў яе выпрацавана на працягу ўсяго жыццёвага шляху, - жыць для другіх.