Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму


Сацыялягічныя дасьледаваньні ў палітычнай кампаніі 2004 г.

Першая канцэптуальная крытыка электаральных дасьледаваньняў у Эўропе пачынаецца ў 1960-х гг., калі іх маніпуляцыйны эфэкт на масавую сьвядомасьць становіцца відавочным, як і непазьбежнасьць сацыяльнай і палітычнай ангажаванасьці сацыёляга. З таго часу сацыялягічныя дасьледаваньні ды іх крытыка ёсьць неад’емнай часткаю ляндшафту палітычных сыстэмаў.

Электаральныя дасьледаваньні ня гралі істотнай ролі ў палітычнай практыцы выбараў у Вярхоўную Раду ў 1990 г., першых адносна свабодных і дэмакратычных. Было б няправільна зьвязваць гэта зь неразьвітасьцю сацыялягічнай інфраструктуры. Палітычная культура асноўных удзельнікаў выбарчага працэсу была далёкая ад сацыялягічнага разуменьня выбарчага працэсу і ў сваіх чаканьнях і прагнозах арыентавалася на „народ”, які разумеўся як супольнасьць уласнага досьведу, альбо тэарэтычны канструкт. Паводзіны людзей лічыліся хутчэй відавочнымі, чым рацыянальнымі, і сьвядомасьць „народу” была абсалютна празрыстай і схільнай да навучаньня ды асьветы[1].

Толькі з каляпсам савецкай рэчаіснасьці празрысты народ пачаў распадацца на непразрыстую грамадзкую думку, якая патрабавала ўжо не лягічнага ці гістарычнага аналізу, але матэматычнага вымярэньня, вымярэньня ў адсотках, якое дасягалася з выкарыстаньнем ужо зусім непразрыстых як для палітыкаў, так і грамадзтва сацыялягічных працэдураў, што выступалі ад імя „навукі” і „аб’ектыўнасьці”[2].

Успрыманьне сацыялягічных апытаньняў павольна мянялася — да іх пачалі ставіцца больш сур’ёзна, хоць вельмі часта — некрытычна. Сацыялёгія станавілася важным элемэнтам палітычнага жыцьця, у той жа час яе адаптацыя была вельмі неаднастайная сярод розных палітычных сілаў. Цяпер ужо можна казаць пра агульную веру ў адэкватнасьць „сацыялягічнага мэтаду”, пры тым што захоўваўся недавер да канкрэтных крыніцаў сацыялягічнай інфармацыі[3].

Практыка электаральных сацыялягічных дасьледаваньняў зьявілася на пачатку 1990-х гг., але доўгі час заставалася на пэрыфэрыі палітычнага працэсу. Пра валіднасьць гэтых дасьледаваньняў таксама вельмі цяжка казаць, у любым выпадку яны былі ня вельмі дакладныя і ня вельмі папулярныя. На прэзыдэнцкіх выбарах 1994 г. праводзілася некалькі агульнанацыянальных апытаньняў, найбольш характэрнымі рысамі якіх было заніжэньне папулярнасьці ня столькі З. Пазьняка (4—11 % — паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, на выбарах — 12,8 %; памылку ў 1—2 % ня варта лічыць ганебнай), колькі А. Лукашэнкі (20—21 % — паводле сацыялягічнага дасьледаваньня, на выбарах — 44,8 %). Далейшыя выбары, рэфэрэндумы 1995—1996 гг. мала зьмянілі палітычную ролю сацыялёгіі. Але ўжо пасьля 1997 г., калі апазыцыя набывае несыстэмны характар, сацыялёгія становіцца ці не адзіным сродкам інфармацыі пра грамадзтва і яго палітычныя настроі. У гэты ж час на сацыялягічныя дасьледаваньні пачынаюць ускладацца неапраўдана высокія надзеі, а сацыялягічныя дадзеныя абмяркоўваюцца для тлумачэньня прычынаў паражэньня палітычных сілаў. Гэты дыскурс становіцца ўсё больш і больш уплывовым, і, у рэшце рэшт, недзе з 1999 г. ніякае палітычнае плянаваньне ці дыскусія не вядзецца без апэляцыі да сацыялёгіі. У другой палове 1990-х „сацыялягічны” дыскурс трывала пранікае ў тканку палітычнага працэсу і ў пэўнай ступені пачынае кіраваць моваю і лёгікай палітычных групаў. З кампаніі 2001 г. узрастаньне актыўнай палітычнай ролі эмпірычнай сацыялёгіі становіцца відавочным, менавіта падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў яна фармуецца ў адзін з сродкаў палітычнай гульні.

Пасьля атрыманьня сацыялягічнымі дасьледаваньнямі неабходнай легітымнасьці адкрываюцца шматлікія шляхі іх палітычнага выкарыстаньня. Сацыялёгія можа даваць інфармацыю для палітычнага плянаваньня, у такой форме яна пачынае паўсюдна выкарыстоўвацца ў беларускіх палітычных кампаніях недзе з 2000 г.

„Веда пра рэйтынг”, аднак, парадаксальным чынам уплывае на сам рэйтынг. Гэты фэномэн быў заўважаны яшчэ да другой сусьветнай вайны, што паступова ператварыла яго ў адну з так званых „палітычных тэхналёгіяў”. Высокі рэйтынг дае доступ да іншага ўзроўню сацыяльнай і палітычнай рэпрэзэнтацыі, натхняе прыхільнікаў і актывістаў да больш эфэктыўнай працы і стварае ў інфармацыйнай прасторы вобраз рэспэктабэльнасьці і ўплывовасьці, што яшчэ больш павялічвае рэйтынг. Дэманстраваньне рэйтынгу вельмі істотна для сэлекцыі значнасьці, а ўва ўмовах пазасыстэмнай дзейнасьці гэта яшчэ больш варта ўвагі. У беларускіх палітычных кампаніях першае шчыльнае дэманстраваньне рэйтынгу мела месца ў кампаніі 2001 г., калі важнымі былі паведамленьні пра „падзеньне рэйтынгу А. Лукашэнкі”, кампанія 2004 г. замацавала актуальнасьць такіх практыкаў.

Яшчэ адной значнай палітычнай функцыяй электаральных дасьледаваньняў ёсьць кантроль за сапраўднасьцю вынікаў палітычнага працэсу — галасаваньня. Менавіта вэрыфікацыя афіцыйнай інфармацыі праз сацыялёгію стала важнай часткаю палітычнай кампаніі па выбарах у парлямэнт і рэфэрэндуме 2004 г. Ува ўмовах адсутнасьці даверу да працэдуры падліку, дадзеныя сацыялягічных дасьледаваньняў прэзэнтаваліся як інфармацыя, якая заслугоўвае даверу, закліканая альбо павысіць легітымнасьць афіцыйных вынікаў, альбо разбурыць яе.

Працэдуры сацыялягічнага дасьледваньня

Для таго каб далей аналізаваць электаральную сацыялёгію, трэба коратка пазначыць асноўныя мэханізмы дасьледаваньняў, якія вызначаюць іх валіднасьць[4].

Першая працэдура — складаньне анкеты (сьпіс пытаньняў і адказы на іх). Гэтая стадыя можа спараджаць памылкі, якія ўплываюць на якасьць дасьледаваньня, а таксама адкрываюць прастору для маніпуляваньня будучымі вынікамі (часам і спробы маніпуляваць грамадзкай думкай пры дапамозе сацыялягічных дасьледаваньняў спараджаюць такія памылкі, калі, напрыклад, сацыялягічная агенцыя праводзіць выбарку на дзяржаўных прадпрыемствах пад кантролем іх кіраўніцтва). Пэўным чынам пастаўленае пытаньне можа прадвызначыць адказ. У прыватнасьці, фірма „Экаом”, праводзячы свае апытаньні ў жніўні 2004 г., на пытаньне „Что сделано президентом Беларуси за последние 10 лет” прапаноўвала адказы „очень много полезного”, „много полезного”, „немало хорошего”, „мало чего полезного”, „ничего хорошего”. Ці яшчэ больш красамоўна: на пытаньне „Что ждет страну, если президентом РБ будет избран член оппозиции?” прапаноўваліся адказы „неопределенность”, „политическая неразбериха”, „развал” и „прихватизация” экономики”, „процветание” и „ничего не изменится”. Натуральна, што такое апытаньне будзе паказваць больш высокія рэйтынгі кіраўнічых групаў і вельмі нізкія — для апазыцыі.

Але галоўнай праблемаю кампаніі 2004 г. стала фармуляваньне ў сацыялягічных дасьледаваньнях пытаньня пра рэфэрэндум. Да верасьня ўсе недзяржаўныя інстытуцыі задавалі яго ў форме, падобнай да такой: „Если на референдум будет вынесен вопрос об отмене ограничений на право занимать президентский пост одним и тем же человеком более двух раз, как вы будете голосовать?” („Новак”). Але гэта, з палітычнага пункту гледжаньня, далёка ня тоесна таму, што потым было надрукавана ў бюлетэнях:

„Разрешаете ли Вы первому Президенту Республики Беларусь Лукашенко А. Г. участвовать в качестве кандидата в Президенты Республики Беларусь в выборах Президента и принимаете ли часть первую статьи 81 Конституции Республики Беларусь в следующей редакции:

„Президент избирается на пять лет непосредственно народом Республики Беларусь на основе всеобщего, свободного, равного и прямого избирательного права при тайном голосовании”?[5]

Калі пытаньне ў дасьледаваньнях было сфармулявана такім чынам, паказьнікі падтрымкі ўзрасьлі — з 32 % да 39 % у „Gallup”, а ў ЦСПД пры БДУ склалі нават 68,6 %.

Наступным праблемным элемэнтам працэдуры сацыялягічных дасьледаваньняў ёсьць сетка анкетэраў, праца якіх часта выступае асноўнаю прычынаю вялікай розьніцы ў лічбах і крыніцаю памылак.

Анкетэры таксама людзі — яны могуць самастойна запаўняць анкеты, распаўсюджваць іх выключна сярод сваіх сяброў і іншымі сродкамі несумленна выконваць сваю працу, асабліва калі дасьледаваньні ідуць адзін за адным і сетка выяўляе прыкметы стомленасьці. Выбар сеткі мае вялікае значэньне для вынікаў дасьледаваньня, і тут неэфэктыўна выбіраць найбольш лёгкі шлях. Напрыклад, існуюць усе падставы лічыць, што ІСПД і „Экаом” у якасьці асновы для апытаньняў выкарыстоўвалі розныя структуры выканаўчай вэртыкалі. „Gallup-IRI”, у сваю чаргу, занадта актыўна выкарыстоўвае для сацыялягічных мэтаў структуры грамадзянскай супольнасьці і палітычных актывістаў.

У прыватнасьці, у сацыялягічным дасьледаваньні „Gallup-IRI” ўвосень 2002 г. (прэзэнтавана ў пачатку 2003 г.) рэйтынгі вядомасьці такіх грамадзкіх арганізацыяў, як „Верас”, „РША”, цэнтар „Рэгіён” і г. д., якія малавядомыя нават для ангажаваных у сыстэму НДА, складалі 20—30 %, што проста нерэальна і больш чым сумнеўна (гл.: Бюлетэнь асамблеі няўрадавых арганізацыяў. Люты—сакавік 2003 г.). Недавер таксама выклікае тое, нібыта ўлетку 2004 г. 26—29 % насельніцтва адчувала, што такія палітычныя суб’екты, як „Зубр”, „Свабодная Беларусь” і „Рэспубліка”, разумеюць праблемы шараговых беларусаў (Gallup, жнівень 2004 г.).

Наступны важны момант — ацэнка вынікаў, кантроль і інтэрпрэтацыя дадзеных. Ацэнка можа выявіць „недапрацоўкі” ланцугоў сеткі, ігнараваньне якіх можа нэгатыўна ўплываць на аналітыку сацыялягічнага дасьледаваньня. На стадыі ацэнкі можна выявіць неабгрунтаванае заніжэньне ці завышэньне вынікаў, малаверагодную раскладку па рэгіёнах ці ўзроставых групах і для „збалянсаваньня” правесьці дадатковыя дасьледаваньні.

Поле эмпірычнай сацыялёгіі

Доступ да рынку сацыялягічных дасьледаваньняў электарату зьвязаны з пэўнымі абмежаваньнямі — перш за ўсё арганізацыйнага характару. Толькі нязначная колькасьць інстытуцыяў Беларусі здольная праводзіць такія дасьледаваньні, яшчэ меншая мае досьвед і адпаведную замову.

Інстытут сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук. „Акадэмічная” сацыялягічная ўстанова Беларусі, утвораная ў 1990 г. (раней акадэмічная сацыялёгія існавала ў межах Інстытуту філязофіі і права АН БССР). Акрамя фундамэнтальных дасьледаваньняў, інстытут праводзіць маніторынг сацыяльных працэсаў Беларусі, у тым ліку і палітычных. Частка палітычных дасьледаваньняў мае „плянавы” характар і ўваходзіць у фармат пэрыядычнага маніторынгу сацыяльных працэсаў у Беларусі. Другая частка праводзіцца на замову дзяржаўных органаў. У жніўні 2004 г. інстытут выконваў прыблізную электаральную ацэнку і прагназаваньне вынікаў палітычнае кампаніі 2004 г. Вынікі ацэнкі, аднак, не былі распаўсюджаны ў інфармацыйнай прасторы. (На працягу ўсяго свайго існаваньня Інстытут сацыялёгіі рэдка выступаў у якасьці актыўнага newsmaker’а для СМІ, за выключэньнем хіба непрацяглага пэрыяду 1992—1993 гг.)

Цэнтар сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў БДУ. Утвораны ў 1996 г. і пераважна займаецца дасьледаваньнямі на замову дзяржаўных органаў ды камэрцыйных установаў. (Палітычныя дасьледаваньні праводзяцца, як правіла, на дзяржаўную замову.) У палітычнай кампаніі 2004 г. гэты цэнтар адзначыўся абвяшчэньнем вынікаў свайго дасьледаваньня грамадзкай думкі 13—18 верасьня. Дасьледаваньне выявіла 68,6 % падтрымкі ў грамадзтве ідэі дазволіць А. Лукашэнку балятавацца на трэці тэрмін і ўнесьці адпаведныя зьмены ў Канстытуцыю, што стала абсалютным рэкордам пазытыўнага рэйтынгу ўлады ў кампаніі 2004 г. Аднак гэтыя лічбы ня сталі аб’ектам шчыльнай крытыкі, як гэта было ў выпадку з „Экаомам”.

Інстытут сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Утвораны ў верасьні 1997 г. для інфармацыйнага забесьпячэньня дзейнасьці Адміністрацыі прэзыдэнта; сацыялягічнымі дасьледаваньнямі займаецца адпаведны Цэнтар сацыялягічных дасьледаваньняў. ІСПД доўгі час выконваў важную арганізацыйную ролю ў сацыялягічным маніторынгу Беларусі, у тым ліку каардынацыю працы дзяржаўных сацыялягічных службаў падчас выбарчых кампаніяў 1999—2001 гг. (мясцовыя выбары 1999 г., парлямэнцкія 2000 г., прэзыдэнцкія 2001 г.). ІСПД таксама праводзіў дасьледаваньні падчас выбараў у мясцовыя Рады 2003 г. Аднак выглядае на тое, што праца ІСПД была прызнана не зусім эфэктыўнаю, і з 2003 г. інстытут знаходзіцца ў стадыі сур’ёзнай рэарганізацыі, а частка „палітычных” замоваў была перададзена ў Нацыянальную акадэмію навук. У якасьці галоўных недахопаў інстытуту звычайна называлі актыўнае выкарыстаньне „адміністрацыйнага” сеціва пры правядзеньні сацыялягічных дасьледаваньняў, што некалькі зьніжала іх валіднасьць. У палітычнай кампаніі 2004 г. інфармацыя ад ІСПД практычна не фігуравала.

Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў. Інстытуцыя, створаная ў форме грамадзкага аб’яднаньня ў 1992 г. НІСЭПД сыстэматычна дасьледуе палітычны настрой беларускага грамадзтва, вынікі дасьледаваньняў звычайна публікуюцца і шырока абмяркоўваюцца ў СМІ. Удзел інстытуту ў палітычнай кампаніі гэтага году быў не такі актыўны, як у 2001 г. НІСЭПД праводзіў дасьледаваньні ў сакавіку і чэрвені 2004 г., у адпаведнасьці зь якімі ўзровень падтрымкі ідэі ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю вагаўся ў межах 20—30 %. Супрацоўнікі інстытуту бралі актыўны ўдзел у камэнтаваньні сацыяльна-палітычнай сытуацыі перад выбарамі і рэфэрэндумам, а таксама вынікаў сацыялягічных дасьледаваньняў, якія праводзіліся іншымі арганізацыямі (у прыватнасьці „Экаомам”).

Сацыялягічная лябараторыя „Новак”. Закрытае акцыянэрнае таварыства, створанае ў 1992 г. Спэцыялізуецца на правядзеньні розных сацыялягічных дасьледаваньняў, у тым ліку і на замову дзяржаўных структураў (у прыватнасьці БТ). Мае імідж пераважна камэрцыйна арыентаванай арганізацыі, значна менш уцягнутай у палітычныя працэсы, чым, напрыклад, НІСЭПД. У 2004 г. „Новак” праводзіў сем нацыянальных дасьледаваньняў сацыяльна-палітычнай сытуацыі, што сапраўды вельмі многа — кожны месяц у студзені — ліпені 2004 г. Вынікі ўсіх апытаньняў супадалі з „вузкім калідорам” у 20—30 % падтрымкі ідэі зьменаў у Канстытуцыі, якія б дазволілі А. Лукашэнку балятавацца на трэці тэрмін, праўда, гэтыя вынікі ня мелі шырокага распаўсюду ў інфармацыйнай прасторы. Падчас выбарчай кампаніі 2004 г. „Новак” выконваў сацыялягічныя дасьледаваньні ў акругах для кандыдатаў у дэпутаты.

Вышэй былі пазначаны „традыцыйныя” структуры сацыялягічнай інфраструктры, але акрамя іх у кампаніі 2004 г. сваю візію палітычнай сытуацыі падавалі некалькі адносна „новых” для гэтай сфэры інстытуцыяў. Гэта, па-першае, аналітычны цэнтар „Экаом”, а па-другое, „Gallup Organization / Baltic Surveys”.

„Экаом”. Арганізацыя, якая, падаецца, выклікала найбольшыя эмоцыі ў кампаніі 2004 г. Адразу пасьля абвяшчэньня рэфэрэндуму „Экаом” падаў дзяржаўным СМІ вынікі свайго дасьледаваньня (жнівень 2004 г.). У адпаведнасьці зь яго лічбамі пэрсанальны рэйтынг А. Лукашэнкі склаў 66,5 %, што выразна кантраставала з вынікамі іншых апытаньняў, якія вызначалі рэйтынг недзе ў два разы ніжэй. Да гэтага „Экаом” займаўся пераважна камэрцыйнымі дасьледаваньнямі ў сфэры калядзяржаўнага бізнэсу, таму яго зьяўленьне на полі палітычных вышукаў было нечаканым. Акрамя абвінавачаньняў у ангажаванасьці, „Экаом” спарадзіў вялікую колькасьць мэтадалягічных пытаньняў, большасьць зь якіх былі абгрунтаваныя.

Акрамя дасьледаваньня ў жніўні, „Экаом” правёў 17 кастрычніка экзыт-пол (exit poll — апытаньне на выхадзе) з цалкам станоўчымі для ўлады вынікамі: 74,6 % падтрымкі ад агульнай колькасьці ўдзельнікаў.

The Gallup Organization / Baltic Surveys. Удзел замежных інстытуцыяў у электаральных дасьледаваньнях Беларусі нельга назваць новым. У прыватнасьці, перад выбарамі 2001 г. такія апытаньні праводзіліся „Wirthlin Worldwide” (сумесна зь НІСЭПД). Аднак калі ў 2001 г. сацыялягічная інфармацыя была, хутчэй, для ўнутранага карыстаньня і аналізу, то ў 2004 г. дадзеныя дасьледаваньняў міжнароднай арганізацыі „Gallup” актыўна прысутнічалі ў інфармацыйнай прасторы і былі часткаю палітычнага працэсу.

Адразу адзначым, што з аўтарствам дасьледаваньняў „Gallup’у” ўзьнікаюць пэўныя складанасьці. Беларускія дасьледаваньні „Gallup’у” зьвязаны з замовамі IRI („International Republican Institute”, Інстытут Рэспубліканскай партыі ЗША; аддзел, які займаецца Беларусьсю, знаходзіцца ў Вільні) і былі запачаткаваныя ўвосень 2002 г. Матэрыялы апытаньняў вельмі часта прэзэнтаваліся проста як дасьледаваньні „IRI”, калі-нікалі — „Gallup-IRI” і пазьней — проста „Gallup”. Такая блытаніна мае месца і пры прэзэнтаваньні нават адных і тых жа дасьледаваньняў, таму дастаткова цяжка вызначыць разьмеркаваньне роляў гэтых дзьвюх інстытуцыяў: ці IRI толькі замаўляе збор інфармацыі, ці часткова яго праводзіць праз складаньне анкеты або забесьпячэньне сеткай інтэрвіюераў. Адносіны „Gallup’у” зь беларускімі дасьледчымі інстытуцыямі таксама непразрыстыя. Можна ўзгадаць, што дадзеныя дасьледаваньняў напярэдадні выбараў 2001 г. прэзэнтаваліся выключна як інфармацыя „Wirthlin Worldwide — IRI”, хоць, хутчэй за ўсё, яны былі атрыманыя сумесна зь НІСЭПД і лябараторыяй „Новак”[6].

У 2004 г. беларускія арганізацыі выконвалі значную (ці практычна ўсю) працу па правядзеньні сацыялягічных дасьледаваньняў, якія прэзэнтаваліся як інфармацыя „Gallup’у”. У любым выпадку, калі далей у тэксьце будзе ўжывацца назва „Gallup”, трэба мець на ўвазе, што размова ідзе толькі пра „брэнд”. Замоўцам выступае „IRI”, фактычнымі выканаўцамі — беларускія сацыялягічныя арганізацыі, перш за ўсё НІСЭПД і „Новак”. Роля непасрэдна „The Gallup Organization / Baltic Surveys” не зусім зразумелая. Магчыма, яна заключаецца ў фармуляваньні задачаў дасьледаваньня ці кантролі вынікаў. Магчыма, роля зводзіцца да даваньня брэнду ды забесьпячэньня інфармацыйнае кампаніі.

Перад выбарамі і рэфэрэндумам, у жніўні, верасьні і пачатку кастрычніка, „Gallup” праводзіў „пакрокавае” апытаньне (tracking poll) насельніцтва Беларусі. У пачатку кастрычніка „Gallup” прагназаваў 39 % падтрымкі зьменаў у Канстытуцыі, перад датэрміновым галасаваньнем — 41 % (у жніўні гэты паказьнік быў 32 %, у верасьні — 38 %). На аснове сваіх дадзеных „Gallup” рабіў адкрытыя палітычныя заявы пра тое, што А. Лукашэнка ня можа сумленна атрымаць перамогу.

„Gallup” праводзіў апытаньні на датэрміновым галасаваньні і рабіў экзыт-пол у дзень выбараў. У выніку было абвешчана, што за зьмену Канстытуцыі на рэфэрэндуме прагаласавалі толькі 48,7 % ад унесеных у выбарчыя сьпісы.

Сацыялягічныя войны: адрозьненьні і няпэўны зьмест

Такім чынам, на пачатак верасьня 2004 г., перад абвяшчэньнем рэфэрэндуму, шырокай грамадзкасьці былі пададзены лічбы летніх нацыянальных апытаньняў „Новаку” (чэрвень і ліпень 2004 г.), чэрвеньскага — НІСЭПД і ліпеньскага — „Gallup’у”. Усе яны паказвалі ўзровень падтрымкі магчымай ініцыятывы зьмяніць Канстытуцыю ў межах 22—30 %. Пытаньне задавалася выключна ў форме стаўленьня да „зьмены Канстытуцыі”, без падкрэсьліваньня факту, што гэта дазвол А. Лукашэнку ўдзельнічаць у выбарах 2006 г. Толькі чэрвеньскае дасьледаваньне „Gallup’у” выявіла больш высокі ўзровень падтрымкі — амаль 40 %, але гэтыя вынікі былі пастаўленыя пад сумнеў самім „Gallup’ам”, які тлумачыў высокі ўзровень падтрымкі „завышанай рэпрэзэнтацыяй” (over sampling) прыхільнікаў А. Лукашэнкі[7].

У сваіх паведамленьнях „Gallup” асабліва падкрэсьліваў, што ўзровень падтрымкі зьменаў у Канстытуцыі ў межах „вузкага калідору” ў 20—30 % ёсьць доўгатэрміновая тэндэнцыя. Пачынаючы з 2002 г. прыкладна аднолькавыя паказьнікі выявілі 25 „апытаньняў, якія заслугоўваюць даверу”, — НІСЭПД, „Новаку” і „Gallup’у”.

У жніўні „Gallup” распачаў „пакрокавае” апытаньне. З інтэрвалам у адзін дзень апытваецца 200 чалавек, што дазваляе ня толькі атрымаць дадзеныя пра стан грамадзкай думкі, але і адсочваць тэндэнцыі; узровень памылкі ў такім дасьледаваньні даволі высокі — каля 4 % (нагадаем, што такое апытаньне праводзілася непасрэдна перад выбарамі 2004 г.). Узровень падтрымкі зьменаў у Канстытуцыі складаў 29—32 %, гэтыя вынікі былі шырока распаўсюджаныя на пачатку верасьня, у тым ліку і праз СМІ, чаго раней „Gallup-IRI” звычайна не практыкаваў.

Але адразу пасьля абвяшчэньня А. Лукашэнкам рэфэрэндуму ў „вузкага калідора” ў 20—30 % зьявілася альтэрнатыва. Аналітычны цэнтар „Экаом” распаўсюдзіў празь дзяржаўныя СМІ дадзеныя свайго жнівеньскага апытаньня, якія паказалі пэрсанальны рэйтынг А. Лукашэнкі ў 66,5 %. Лічбы „Экаому” адразу былі шырока скрытыкаваныя. Асноўныя абвінавачаньні тычыліся палітычнай ангажаванасьці і прамой сувязі з уладаю. Акрамя таго, адзначаліся сур’ёзныя недахопы пры стварэньні анкеты (гл. вышэй), адсутнасьць досьведу электаральных дасьледаваньняў, неабходнай рэпутацыі і непрыналежнасьць да „сацыялягічнай супольнасьці” (што асабліва адзначыў А. Манаеў у сваім інтэрвію „Беларускім навінам”). Пэўную дыскусію выклікала і выбарка — 5000 чалавек — якая, у прынцыпе, для такіх дасьледаваньняў непатрэбная.

Абвяшчэньне рэфэрэндуму (і дакладнае фармуляваньне яго пытаньня) зьлёгку зьмяніла дасьледчыя задачы і прымусіла карэктаваць анкету. Пасьля зьмены фармулёўкі пытаньня пра рэфэрэндум адбылося пэўнае павышэньне ўзроўню падтрымкі ў апытаньнях „Gallup’у”. „Пакрокавае” апытаньне 8—17 і 18—26 верасьня выявіла 38 % „за”, а ў першай дэкадзе кастрычніка гэты лік стаў 41,4 %. Дадзеныя экзыт-полу былі яшчэ больш высокія. Ужо пасьля выбараў і рэфэрэндуму прадстаўнікі „Gallup’у” абгрунтоўвалі рост падтрымкі адміністрацыйным ціскам падчас датэрміновага галасаваньня.

Адначасова былі агучаны цалкам альтэрнатыўныя лічбы, на гэты раз Цэнтрам сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў БДУ, які распаўсюдзіў вынікі свайго збору інфармацыі 13—18 верасьня. Апытаньне выявіла 68,6 % падтрымкі пытаньня рэфэрэндуму, што стала рэкордам сацыялягічнай кампаніі.

Адразу паўстала пытаньне прычыны розьніцы паміж апытаньнямі ЦСПД БДУ і групы „Новак”—НІСЭПД—„Gallup”. На гэты раз большасьць дадзеных былі пададзеныя інстытуцыяй, „легітымнай” у межах сацыялягічнага поля; асаблівых заўваг да анкеты і мэтадалёгіі не было, хоць часам і падкрэсьлівалася ангажаванасьць цэнтру як дзяржаўнай інстытуцыі, што само сабой ня можа быць доказам няправільнасьці вынікаў апытаньня.

Частка аналітыкаў (у прыватнасьці Ю. Дракахруст) тлумачылі гэтыя вынікі выключна анкетнаю фармулёўкаю: незалежныя цэнтры пыталіся пра зьмену Канстытуцыі, а ЦСПД — пра дазвол А. Лукашэнку балятавацца на трэці тэрмін празь зьмену Канстытуцыі. Але такая інтэрпрэтацыя наўрад ці можа растлумачыць разыходжаньне рэйтынгаў на 30 %. Тым больш гэта не тлумачыць разыходжаньня дадзеных ЦСПД і „Gallup’у” пасьля карэгаваньня пытаньня. Адзінай рацыянальнай высновай можа быць тое, што нехта з бакоў (ці абодва бакі) памыліўся, і тут перавага, прынамсі колькасна, на баку групы „Новак”—НІСЭПД—„Gallup”.

Такім чынам, перад выбарамі быў сфармаваны сацыялягічны mainstream з групы „Gallup-IRI”—„Новак”—НІСЭПД, які на працягу 2002—2004 гг. вызначыў „вузкі калідор” падтрымкі ідэі зьменаў у Канстытуцыі ў 20—30 %, эвалюцыяй якога сталі дасьледаваньні „Gallup’у” ў верасьні — кастрычніку — 38—41 % падтрымкі. Рост падтрымкі на 10—20 % тлумачыўся шчыльнай інфармацыйнай кампаніяй за рэфэрэндум і новаю фармулёўкаю пытаньня пра яго ў анкетах.

Альтэрнатыву mainstream склалі дадзеныя ЦСПД БДУ і „Экаому” (ЦСПД БДУ — для „сацыялягічнай супольнасьці”, „Экаому” — для СМІ), якія вызначылі пэрсанальны рэйтынг прэзыдэнта і ўзровень падтрымкі ідэі рэфэрэндуму для зьмены Канстытуцыі ў межах 66—69 %.

„Exit poll”

Экзыт-пол, альбо апытаньне выбарнікаў на выхадзе зь месца галасаваньня, у кампаніі 2004 г. першы раз у гісторыі Беларусі сталі часткаю палітычнага працэсу. Экзыт-пол выкарыстоўваецца для атрыманьня раньніх дадзеных пра ход галасаваньня і яго магчымыя вынікі. Але для палітычнай сытуацыі ў Беларусі асноўнаю стала іншая функцыя — кантроль за справядлівасьцю вынікаў выбараў. Колькасьць экзыт-полу, якія праводзіліся 17 кастрычніка ў Беларусі, дакладна вызначыць цяжка. Вядома, што іх было дастаткова шмат. Але толькі дзьве інстытуцыі абвесьцілі пра агульнанацыянальны маніторынг — „Gallup” і „Экаом” (свае вынікі падавала таксама ініцыятыва „Моладзь за справядлівыя выбары”, створаная на базе БРСМ, але гэтыя дадзеныя нельга лічыць сур’ёзнымі).

„Gallup” абвесьціў, што ў пэрыяд датэрміновага галасаваньня (12—16 кастрычніка) у 20 раёнах было праведзена апытаньне 19205 рэспандэнтаў (у першых паведамленьнях 18 кастрычніка гэтыя дадзеныя чамусьці таксама прэзэнтаваліся як экзыт-пол). 21,3 % паведамілі, што аддалі свой голас датэрмінова, зь іх „за” — 62,6 %. Як бачым, размова ідзе не пра экзыт-пол, а пра нешта падобнае да агульнанацыянальнага апытаньня, якое праводзілася пяць дзён з выбаркаю ў 19 тыс. чалавек. Выбарка фантастычная, асабліва калі ўлічыць, колькі людзей павінны былі працаваць цэлы тыдзень; цяжка сказаць нешта пэўнае пра яе рэпрэзэнтацыйнасьць, як і пра агульную мэтадалёгію дасьледаваньня (магчыма, яна стане вядомая пазьней). У дзень галасаваньня (трэба разумець, уласна экзыт-пол) было апытана 18397 чалавек. 53,1 % зь іх выказаліся „за” ініцыятыву А. Лукашэнкі. На аснове гэтага ліку рабіўся вывад, што пры ўдзеле 87,3 % адказалі „за” на пытаньне рэфэрэндуму 48,37 % ад сьпіскавай колькасьці. Гэта значыць, паводле меркаваньня „Gallup’у”, прэзыдэнт не атрымаў перамогі. Але гэтыя лічбы сьведчаць пра вялікую імавернасьць перамогі. Узровень магчымай памылкі ў гэтым дасьледаваньні каля 1 %, але, калі ўлічыць іншыя абставіны, ён можа быць большым. Напрыклад, цалкам магчымыя памылкі „Gallup’у” пры тыпалягізацыі раёнаў, асабліва ўлічваючы дастаткова спрэчны аналіз рэгіёнаў у дасьледаваньні канца жніўня 2004 г.[8]

Прыкладна 16,63 % апытаных адмовіліся даваць адказ на пытаньне экзыт-полу, вядома, з пэўнай імавернасьцю іх можна аднесьці да тых, хто галасаваў „супраць”, але працэдуру, якую прапануе „Gallup”, нельга назваць цалкам дакладнай.

На жаль, сацыялягічныя мэтады дасьледаваньняў у нашай сытуацыі нельга прымаць за абсалютна дакладныя, асабліва калі ўлічыць адсутнасьць досьведу экзыт-полу (каб удакладніць яго мэтадалёгію) і, галоўнае, немагчымасьць вэрыфікацыі праз афіцыйныя дадзеныя выбараў. Гэта значыць, ня могуць быць дакладна ацэненыя адэкватнасьць выкарыстанай мэтадалёгіі дасьледаваньняў і эфэктыўнасьць працы сеткі анкетэраў. Больш за тое, „гвалтаваньне” сеткі на працягу тыдня (12—17 кастрычніка), калі анкетэры (іх групы) павінны былі апытваць па некалькі соцень чалавек у дзень, магло сур’ёзна зьнізіць эфэктыўнасьць працы. Сьпіс акалічнасьцяў можна працягваць. Такім чынам, узровень памылкі ў экзыт-пол можа быць значна большым, і сяганьне падтрымкі прэзыдэнта вышэй за 50 %, калі базавацца на дасьледаваньні „Gallup’у”, цалкам магчымае. Прынамсі, доказам недахопу 1,6 % галасоў гэта можа быць зь цяжкасьцю.

„Экаом” як прадстаўнік супрацьлеглай сацыялягічнай пазыцыі праводзіў альтэрнатыўны экзыт-пол з цалкам альтэрнатыўнымі вынікамі. Было праведзена апытаньне 18 460 чалавек, 74,6 % выказаліся „за”. Праблемы з даверам да „Экаому” абмяркоўваліся вышэй, ацаніць валіднасьць экзыт-пол практычна немагчыма, прынамсі, інфармацыі тут значна менш, чым па „Gallup’е”, ды палітычная ангажаванасьць відавочная. Прамежкавыя дадзеныя „Экаому” агучваліся дзяржаўнымі СМІ падчас галасаваньня, што таксама красамоўна.

Галоўны парадокс і інтрыга дадзеных „Экаому” ў тым, што яны таксама вельмі моцна адрозьніваюцца ад афіцыйных. Паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, удзел у рэфэрэндуме ўзялі 6 307 395 чалавек, за прыняцьце пытаньня рэфэрэндуму прагаласавалі 5 548 477[9], такім чынам, „за” прагаласавалі каля 88 % (87,97 %), гэта значыць, альбо памылка экзыт-полу „Экаому” склала 13,37 %, што катастрафічна і тоесна выяўленьню поўнай няздольнасьці да правядзеньня такога кшталту маніторынгу, альбо нават дасьледаваньне „Экаому” ёсьць доказам істотнага маніпуляваньня вынікамі галасаваньня.

Што тычыцца „лякальных” экзыт-полаў, то яны праводзіліся рознымі „суб’ектамі”, ад прыхільнікаў пэўных кандыдатаў да замежных недзяржаўных арганізацыяў. Магчыма, некаторыя зь лякальных экзыт-полаў былі ўключаны ў сетку „буйных” дасьледаваньняў (у прыватнасьці, „Gallup’у”), астатнія мелі самастойны характар, але нешта пэўнае пра гэта цяпер сказаць цяжка.

У якасьці прыкладу аднаго з такіх экзыт-полаў, вынікі якога знаходзяцца ў адкрытым доступе, можна назваць апытаньне дацкай арганізацыі SILBA (Support Initiative for Liberty and Democracy in the Baltic Area). Апытаньне праводзілася ў сямі выбарчых акругах, але пададзеныя вынікі, відаць, складзеныя на аснове апытаньняў на адным участку з акругі, што, натуральна, ня мае практычна ніякай эмпірычнай каштоўнасьці.

Некаторыя высновы

Эмпірычная сацыялёгія прэзэнтуе сябе як навука, таму яе мэтодыкі патрабуюць вэрыфікацыі. Невідавочныя памылкі ў мэтадзе, працэдуры і аналізе дасьледаваньняў могуць прывесьці да значных скажэньняў дадзеных, большасьць з такіх памылак і недакладнасьцяў можна выявіць праверкаю праз рэальнасьць, але гэта ў цяперашніх палітычных умовах больш чым праблематычна. Простае выкананьне стандартаў, на што часта спасылаюцца сацыёлягі, ні ў якім разе не прадухіляе самыя нечаканыя памылкі. Звычайна вэрыфікацыяй зьяўляюцца афіцыйныя вынікі галасаваньня. У беларускай сытуацыі электаральная сацыялёгія ня толькі ня можа быць вэрыфікавана праз выбары, але ўсё больш існуе для таго, каб кантраляваць афіцыйныя вынікі і выкрываць тое, наколькі яны адрозьніваюцца ад рэчаіснасьці.

Сацыялёгія не вэрыфікуецца выбарамі, выбары не вэрыфікуюцца палітычнай практыкай, і гэта ёсьць сур’езнай праблемай для атрыманьня беларускай сацыялёгіяй статусу, які яна мае ўва ўмовах дэмакратыі.

Гэта ня значыць, што ня трэба давяраць эмпірычнай сацыялёгіі як практыцы, але да яе, прынамсі, трэба ставіцца крытычна, і тым больш не арыентавацца на „брэнд” — „сусьветна вядомая інстытуцыя”, „незалежная аналітычная служба” і г. д.: у выпадку з электаральнай сацыялёгіяй такія брэнды нічога не гарантуюць.

Сацыялягічныя дасьледаваньні 2004 г. не даюць доказу таго, што на рэфэрэндуме меней за 50 % насельніцтва прагаласавала „за”: магчыма, так, магчыма, не. Адзінае, пра што можа быць вядома практычна дакладна, — несапраўднасьць лічбаў ЦВК і практычна бессумнеўнае „мадэляваньне” канчатковых вынікаў галасаваньня.

Яшчэ ў большай ступені гэта тычыцца выбараў у парлямэнт. Як вядома, ня больш за 1/3 агульнай колькасьці „кандыдатаў ад улады” вялі актыўныя кампаніі ў сваіх акругах і, магчыма, сапраўды перамаглі, іншыя разьлічвалі выключна на адміністрацыйны рэсурс, які працаваў зусім не бездакорна[10].

Парадокс у тым, што, паводле дадзеных ЦВК, вынікі і першых, і другіх практычна не адрозьніваюцца, што дадаткова зьніжае да іх давер.

1 Гэты апошні пэрыяд „асьветніцтва” вызначаўся адсутнасьцю канцэпту „палітычныя тэхналёгіі” і вялікай цікавасьцю да „навукі” ды „праўды”, а таксама слабым разуменьнем удзельнікамі палітычнага працэсу сацыялёгіі як такой.

2 Хуткасьць адаптацыі залежала ня толькі ад палітычнай культуры „кансэрватары/прагрэсісты”, але і пэрсанальных якасьцяў лідэраў. „Крыжакі”, адданыя ідэі, былі менш схільныя цікавіцца сацыялёгіяй, чым „прагматыкі”, схільныя да перайманьня настрояў свайго атачэньня. (Пра палітычныя і псыхалягічныя адрозьненьні „крыжакоў” і „прагматыкаў” гл. падрабязьней: Снарэ Ч. Калі я як палітычны аналітык магу ўплываць на палітычны працэс // Палітычная сфера. 2002. № 2.)

3 „Сацыялягічная” аргумэнтацыя і спасылкі на „сацыялягічныя дасьледаваньні” ёсьць важны элемэнт практычна любой сучаснай палітычнай дыскусіі.

4 Адразу выключым магчымасьць сьвядомых маніпуляцыяў вынікаў, гэта не патрабуе аналізу.

5 Фармулёўка пытаньня рэфэрэндуму мела вельмі вялікае значэньне, улічваючы непрыхільнасьць большасьці беларусаў да зьмены Канстытуцыі ў прынцыпе. Менавіта таму пытаньне на рэфэрэндуме так і не было зьмешчана ў бюлетэнях на беларускай мове.

6 Манаев Олег. Президентские выборы: что было на самом деле : Заметки социолога // Выборы президента Республики Беларусь. Факты и комментарии. — Мн., 2002.

7 The Gallup Organization / Baltic Surveys. Memorandum September 6, 2004.

8 Напрыклад, пры выкладаньні вынікаў жнівеньскага дасьледаваньня (IRI-Gallup Belarus Tracking Poll Update — Issue #3 August 16 to 23) IRI-Gallup дае раскладку па абласьцях, але пры выбарцы 200 чалавек рабіць такое некарэктна. Акрамя гэтага, раскладка выразна выяўляе „правальваньне” дадзеных зь Віцебскай вобласьці, дзе, паводле вынікаў дасьледаваньня, прыхільнікі А. Лукашэнкі складаюць толькі 18 % (для параўнаньня: Менск — 40 %, Гарадзенская вобласьць — 33 %). Віцебская вобласьць аказваецца самаю прадэмакратычнаю, што вельмі сумнеўна. Тым больш сумнеўна рабіць на падставе такіх дадзеных сыстэмныя вывады пра палітычнае раянаваньне Беларусі, што робіцца ў аналітычнай частцы дакладу.

9 Пастанова Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў ад 21 кастрычніка 2004 г. № 268.

10 Аўтаматычная падтрымка „кандыдатаў ад улады” ўсімі, хто галасаваў „за” рэфэрэндум, больш чым сумнеўная і не адпавядае ні практыцы выбараў 1995—1996 і 2000 гг., ні існай палітычнай культуры. Такія дадзеныя дае ў тым ліку і калядзяржаўная сацыялёгія. У прыватнасьці, паводле дасьледаваньня Менскага навукова-дасьледчага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных праблемаў (г. Менск, чэрвень 2004 г.), за кандыдата ад улады зьбіраліся галасаваць толькі 12,9 %, скепсыс да дэпутатаў быў выяўлены і дасьледаваньнем ЦСПД БДУ (верасень 2004 г.)