Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму


Роля парлямэнту ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі

Кароткая і драматычная гісторыя беларускага парлямэнтарызму шмат у чым адлюстроўвае ўсю найноўшую палітычную гісторыю Беларусі. Парлямэнт — гэта ключавы, хаця і не адзіны, элемэнт палітычнага плюралізму і, пры адпаведным яго разьвіцьці, дэмакратыі. Выбары, дэбаты, барацьба груповак і думак — усё гэта стварае істотныя элемэнты канкурэнтнай палітычнай барацьбы. Сама сабой наяўнасьць гэтых працэсаў аказвае ня меншы ўплыў на палітычнае разьвіцьцё, чым іх вынік, — гэта значыць на тое, хто ў рэшце рэшт атрымлівае кантроль над заканадаўчым працэсам.

На рубяжы эпох, пры пераходзе ад савецкага таталітарызму да таго, што сёньня прынята называць палітычным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, праз кароткі плюралістычны пэрыяд у беларускай палітыцы ў 1990—1996 гг., беларускі парлямэнт (больш дакладней, парлямэнты — Вярхоўныя Рады 12-га і 13-га скліканьня) адыграў выключную ролю ў станаўленьні беларускай дзяржаўнасьці і кволай, пакуль што няўдалай спробе нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, якая, тым ня менш, пакінула ў спадчыну палітычную супольнасьць, вядомую сёньня як Рэспубліка Беларусь. За апошняе дзесяцігодзьдзе шмат было напісана пра прычыны няўдачы нацыянальнага будаўніцтва ў Беларусі, адсутнасьць чыньнікаў для дэмакратызацыі і дасягненьня незалежнасьці і г. д. Пераглядаючы ўсе гэтыя тлумачэньні, міжволі задаешся пытаньнямі: якім чынам Беларусь дасягнула таго, чаго яна дасягнула, чаму ў апошняе дзесяцігодзьдзе дзяржаўнасьць ня толькі выжыла, але і ў пэўнай ступені кансалідавалася, чаму пытаньне аб яе страце, тое, што, здавалася б, было справай часу некалькі гадоў таму, ужо практычна не абмяркоўваецца і не палохае нават большасьць прыхільнікаў незалежнай Беларусі?

Сучасная міталёгія беларускага афіцыёзу зьвяжа адказ на гэтыя пытаньні з асобай прэзыдэнта А. Лукашэнкі. Не абмяркоўваючы яго ролю ў найноўшай беларускай гісторыі, зазначым, аднак, што Лукашэнка як лідэр і як палітычны фэномэн быў бы немагчымы без абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці ў 1991 г., без падпісаньня Белавескіх пагадненьняў тагачасным кіраўніком парлямэнту Станіславам Шушкевічам, а гэта значыць, і без таго парлямэнту, які парадзіў незалежнасьць, Шушкевіча, Лукашэнку, гэтаксама і Канстытуцыю 1994 г., безь якой Лукашэнка таксама быў бы немагчымы.

Палітычная рэчаіснасьць часьцяком фармуецца не наўмыснымі, валюнтарысцкімі дзеяньнямі лідэраў і элітаў, а, кажучы кампутарнай мовай, “па змаўчаньні” (by default). Сытуацыя раўнавагі, калі аніводны з актараў ня здольны дамагчыся абсалютнага кантролю над уладай, часам фіксуе палітычную рэчаіснасьць у абсалютна парадаксальным стане: яна існуе, дарма што мала каго задавальняе. Трансфармацыя беларускай палітычнай сыстэмы на пачатку 1990-х гг. і само абвяшчэньне незалежнасьці сталі магчымымі збольшага пад узьдзеяньнем вонкавых чыньнікаў: развалу савецкай дзяржавы і краху камуністычнай сыстэмы — працэсаў, да якіх Беларусь спрычынілася толькі ўскосным чынам. Незалежнасьць і разьвіцьцё палітычнага плюралізму, аднак, не былі імгненна зьвернутыя: яны пэўным чынам “застылі” ў часе на некалькі гадоў, і гэты кароткі адрэзак стаў вызначальным у далейшым лёсе беларускай дзяржавы. Менавіта парлямэнт Беларусі быў тым інстытутам, які забясьпечыў іх існаваньне “па змаўчаньні” ў той гістарычны пэрыяд. З гэтай тэзай у нечым пагадзіўся б і сам Лукашэнка — не дарма ў сваіх шматлікіх прамовах ён зьвязваў часы “ўсеўладзьдзя парлямэнту” з пэрыядам “разгулу нацыяналізму”.

З пэрспэктывы часу Вярхоўная Рада 12-га скліканьня сапраўды падаецца як клубок парадоксаў. Асуджаная, здавалася б, на роспуск (узгадаем захады апазыцыі БНФ для скліканьня рэфэрэндуму ў 1992 г.), яна аказалася самым “доўгім” беларускім парлямэнтам, які “зачапіў” тры гістарычныя эпохі: савецкую, першапачаткова постсавецкую (можна сказаць, намэнклятурна-нацдэмаўскую) і, нарэшце, лукашэнкаўскую. Абраная пры фармальна існай аднапартыйнай сыстэме, яна стала самым рэпрэзэнтацыйным беларускім парлямэнтам з найбольш буйной дэмакратычнай і нацыянальнай апазыцыяй за ўсю гісторыю. Вызначаная як “камуністычная”, яна прыняла рашэньні аб сувэрэнітэце, потым — незалежнасьці Беларусі, зацьвердзіла нацыянальную сымболіку, а затым першапачаткова адмовілася ад ухваленьня рэфэрэндуму, які вынішчыў кволую гегемонію нацыянальна-дэмакратычнага палітычнага дыскурсу, што існавала ў першыя гады беларускай незалежнасьці. Непрафэсійная і некампэтэнтная, яна дагэтуль зьяўляецца істотным пастаўніком кадраў як для афіцыйнай эліты, так і контрэліты (зь яе шэрагаў выйшлі многія лідэры апазыцыі — як вэтэраны нацыянальна-адраджэнскага руху, так і былая намэнклятура; у той жа час, Лукашэнка дагэтуль выкарыстоўвае былых дэпутатаў ВР 12-га скліканьня ў якасьці свайго кадравага рэсурсу).

Вярхоўная Рада 12-га скліканьня была створана як дэкаратыўны дадатак да аднапартыйнай камуністычнай сыстэмы і, за рэдкім выключэньнем, існавала ў гэтай ролі аж да жніўня 1991 г. Жнівеньскія падзеі вынесьлі прысуд савецкай імпэрыі, але ня ўладзе былой намэнклятуры. У Беларусі яна захавалася менавіта дзякуючы пракамуністычнай намэнклятурнай большасьці ў Вярхоўнай Радзе. Аднак, дарма што балянс палітычных сілаў збольшага не зьмяніўся, зьнікненьне КПБ-КПСС прывяло да радыкальнага зьмяненьня сыстэмы ўлады. Дэкаратыўны парлямэнт паводле азначэньня ператварыўся ў яе цэнтар. Гэтаксама збольшага дэкаратыўныя атрыбуты палітычнага плюралізму, што зарадзіліся ў Беларусі падчас гарбачоўскай перабудовы, нечакана набылі значнасьць. Нешматлікая парлямэнцкая апазыцыя здолела задаць напрамак палітычнага разьвіцьця здэзарыентаванай і спалоханай намэнклятуры — вынікам стала абвяшчэньне незалежнасьці 25 жніўня 1991 г. і прыняцьце нацыянальнай сымболікі. Ува ўмовах дэфіцыту палітычнага лідэрства, пасаду кіраўніка парлямэнту (і дэкаратыўнага кіраўніка дзяржавы) заняў палітычны аўтсайдэр, унівэрсытэцкі прафэсар Станіслаў Шушкевіч. Як вынік, Беларусь стала спонсарам канчатковага развалу СССР у 1991 г. Перагрупоўка намэнклятуры ў новую “партыю ўлады” пад кіраўніцтвам прэм’ера Вячаслава Кебіча не заняла шмат часу: менавіта яго дамінантная роля ў беларускай палітыцы ў пэрыяд з 1991 па 1994 гг. прымусіла некаторых палітолягаў характарызаваць тагачасную сыстэму ўлады не як парлямэнцкую, а як “прэм’ерскую”. Аднак улада прэм’ера залежала ад большасьці ў Вярхоўнай Радзе, здавалася б, пераканаўчай, але ўсё яшчэ здэзарганізаванай і слаба кіраванай. У выніку Беларусь “затрымалася” ўва ўмовах палітычнага плюралізму яшчэ на некалькі гадоў.

Вярхоўная Рада 12-га скліканьня ўпершыню інстытуцыяналізавала палітычную апазыцыю ў Беларусі. З гістарычных абставінаў гэтую ролю прыняла на сябе фракцыя Беларускага Народнага Фронту, незалежніцкай партыі ў “дэнацыяналізаванай”, паводле азначэньня некаторых палітолягаў, дзяржаве. Здавалася б, менавіта гэтая акалічнасьць і справакавала сытуацыю, калі палітычная параза нацыянальнага руху ў 1994—1995 гг. аўтаматычна справакавала і паразу дэмакратыі. Аб прычынах няўдачы БНФ і яго тагачаснага лідэра Зянона Пазьняка ўжо сказана і напісана шмат. Зазначым, аднак, адну акалічнасьць, на якую многія палітычныя аглядальнікі не зьвяртаюць увагі: менавіта здольнасьць БНФ заняць нішу палітычнай апазыцыі і справакавала першапачатковыя посьпехі нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. Менавіта прысутнасьць нацыянальнай плыні ў агульнай формуле плюралізму “па змаўчаньні” спрычыніла пашырэньне незалежніцкіх ідэяў на іншыя элітныя колы, перш за ўсё на пэўныя сэгмэнты беларускай намэнклятуры.

Аднак плюралізм пачатку 1990-х гг. (і шмат у чым нацыянальна-адраджэнскі пэрыяд у найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі) быў абмежаваны палітычным жыцьцём Вярхоўнай Рады 12-га скліканьня. Пануючая намэнклятура ня здолела знайсьці больш трывалых формаў самаарганізацыі, што рабіла немагчымым рэпрадукцыю палітычнага статус-кво (здавалася б, такога выгаднага для намэнклятуры). Нягледзячы на тое, што ў выніку наступных парлямэнцкіх выбараў (калі б ім, вядома, не папярэднічалі выбары прэзыдэнцкія) можна было чакаць прыкладна такую ж кампазыцыю новага парлямэнту, як і папярэдняга, лёс асобных прадстаўнікоў “партыі ўлады” быў не гарантаваны. Плюралізм “па змаўчаньні”, такім чынам, захоўваў мэханізм уласнага самавынішчэньня.

Парадаксальна, але дэфіцыт лідэрства не гарантаваў рэпрадукцыі ўладнай эліты і праз прэзыдэнцкія выбары. Беларусь заставалася парлямэнцкай (альбо “прэм’ерскай”) рэспублікай найдаўжэйшы час паміж краінаў былога СССР менавіта таму, што Вячаслаў Кебіч ніколі ня меў шанцу выйграць прэзыдэнцкія выбары. На апошнія партыя ўлады згадзілася толькі тады, калі яе апанавала ілюзія непераможнасьці — ілюзія, якая сама сабой была справакаваная стратай кантролю за палітычнымі і грамадзкімі працэсамі, гэтаксама як і падводнымі рухамі ў шэрагах самой намэнклятуры.

Гэтая ілюзія прывяла да радыкальнага зьмяненьня правілаў гульні праз прыняцьце новай Канстытуцыі 1994 г. і ўсталяваньне прэзыдэнцкай сыстэмы ўлады. Адначасова яна разгарнула сілы, якія стрымліваў парлямэнт 12-га скліканьня, — сілы ўладных амбіцыяў і палітычнага авантурызму новай палітычнай генэрацыі, што прыйшла ў палітыку праз выбары 1990 г., але не знайшла месца ў “партыі ўлады”. Калі б ня гэтая зьмена, А. Лукашэнка так і застаўся б дэпутатам і кіраўніком саўгасу, нягледзячы на імклівы рост яго папулярнасьці. Булахаў, Ганчар, Сініцын, Шэйман, Лябедзька і іншыя былі б вымушаныя задавальняць уласныя амбіцыі выключна шукаючы магчымасьці кааптацыі ў “партыю ўлады”. Па некалькіх галасаваньнях у Вярхоўнай Радзе ў беларускай палітыцы ўсё зьмянілася ўмэнт.

Новаўтвораны інстытут прэзыдэнцкай улады, памножаны на палітычную рэчаіснасьць пачатку 1994 г., азначаў зараджэньне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Адначасова парлямэнт набыў для сябе прынцыпова новую ролю: з галоўнага элемэнту сыстэмы ўлады ён ператварыўся, кажучы словамі самога Лукашэнкі, у “гняздо апазыцыі”. Рэч была нават не ў палітычных арыентацыях дэпутатаў — пасьля ліпеня 1994 г. яны імкліва страцілі вызначальную ролю ў паводзінах Вярхоўнай Рады. Палітычная прастора была рэструктурызаваная не па ідэалягічных падзелах (так, як гэта было ў “дапрэзыдэнцкі” пэрыяд), а паводле прынцыпу “за” ці “супраць” самога Лукашэнкі. Памкненьні апошняга набыць абсалютную ўладу спрычынілі пераход у апазыцыю значнай колькасьці тагачасных палітычных гульцоў, уключаючы значную частку лукашэнкаўскіх паплечнікаў. Выключэньне стваралі тыя, хто быў задаволены пэрспэктывай поўнага падпарадкаваньня прэзыдэнцкай волі альбо ня бачыў для сябе ніякай іншай пэрспэктывы. Аднак, намэнклятурная большасьць хутка ўсьвядоміла, што адзінай крыніцай яе ўлады было само знаходжаньне каля ўлады і што апошняе цяпер цалкам залежала ад Лукашэнкі. Як вынік, амаль не было аказана супраціву пабудове прэзыдэнцкай вэртыкалі ў кастрычніку 1994 г. (выключэньне склала толькі апазыцыя БНФ). Спробы атакаваць Лукашэнку яго ж зброяй, абвінавачаньнямі ў карупцыі, былі хутка заблякаваныя. Нарэшце, апошні эпізод супраціву, барацьба супраць першага лукашэнкаўскага рэфэрэндуму 1995 г., скончыўся з прадказальным вынікам. Залежнасьць намэнклятуры ад прэзыдэнцкай улады і волі была цалкам усталяваная падчас змаганьня ў красавіку 1995 г., і, пераасэнсоўваючы падзеі, міжволі можна зьдзівіцца хутчэй таму, што парлямэнт не здаваўся так доўга, а не што ён “зламаўся” так рана.

Рэпрадукцыя апазыцыйнага парлямэнту ў выглядзе Вярхоўнай Рады 13-га скліканьня стала магчымай дзякуючы таму, што новая прэзыдэнцкая ўлада яшчэ не засьведчыла падчас выбараў, што любы парлямэнт, які будзе абраны ў канкурэнтных выбарах і будзе мець пэўныя рэальныя паўнамоцтвы, стане ў апазыцыю да такой асобы, як Лукашэнка. Прэзыдэнт краіны дзесьці інстынктыўна гэта разумеў: няўдалыя спробы зрыву выбараў, нават калі яны прынесьлі відавочную паразу тагачасным галоўным апанэнтам Лукашэнкі, апазыцыі БНФ, яскрава сьведчылі аб яго доўгатэрміновых памкненьнях. Аднак палітычныя плыні, якія выйгралі выбары 1995 г. і ішлі ў Вярхоўную Раду, паводле словаў яе віцэ-сьпікера, камуніста Васіля Новікава, каб “дапамагчы прэзыдэнту”, хутка сутыкнуліся з фактам, што адзіная дапамога, якую яны здольныя аказаць Лукашэнку, гэта ліквідацыя (калі не дэ-юрэ, то дэ-факта) самога інстытуту парлямэнтарызму. Канчаткова камуністычна-аграрнай большасьці гэта стала зразумела толькі тады, калі пляны наконт канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 г. былі ўжо народжаныя і сфармуляваныя ў нетрах прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Нягледзячы на шырокую апазыцыю да Лукашэнкі ў Вярхоўнай Радзе 13-га скліканьня, парлямэнт (а разам зь ім і парлямэнтарызм і рэшткі палітычнага плюралізму ў Беларусі) быў загадзя асуджаны. Падчас абвяшчэньня рэфэрэндуму ён, разам з Канстытуцыйным судом, заставаўся адзіным уладным інстытутам, які ня быў цалкам кантраляваны прэзыдэнтам. Сіла закону заставалася адзіным палітычным інструмэнтам антыпрэзыдэнцкай апазыцыі, але яна хутка саступіла закону сілы. Магчыма, беларуская гісторыя павярнулася б у іншы бок, калі б Вярхоўная Рада здолела вынесьці імпічмэнт Лукашэнку ў апошнія дні свайго існаваньня. Але гэтага ня здарылася, бадай, зь дзьвюх прычынаў. Першая: у парлямэнцкай апазыцыі не было сілавой падтрымкі, неабходнай, каб рэальна адхіліць Лукашэнку ад пасады. Яе ня здолела аказаць вуліца, яе цяжка было чакаць ад сілавых структураў. Другая: такі захад патрабаваў прынцыпова іншага складу парлямэнцкай большасьці: амаль уся “намэнклятурная апазыцыя” зрабіла для сябе той самы выбар, што і яе папярэднікі ў Вярхоўнай Радзе 12-га скліканьня: пераход пад поўную залежнасьць ад прэзыдэнцкай вэртыкалі забясьпечваў больш спакойнае існаваньне, чым барацьба зь ёй. Пяцьдзясят дэпутатаў, што засталіся вернымі канстытуцыі 1994 г., — сухі астатак сапраўднай апазыцыйнасьці апошняга паўнавартаснага беларускага парлямэнту.

Пачынаючы зь лістапада 1996 г., парлямэнт, цяпер ужо нацыянальны сход у складзе рады рэспублікі і палаты прадстаўнікоў, набыў кішэнны статус, фактычна зрабіўшы поўны круг, вярнуўшыся ў стан, зь якога пачынаўся беларускі парлямэнтарызм у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гг. Кішэннасьць першага складу палаты прадстаўнікоў была літаральнай: ён быў фармальна прызначаны прэзыдэнцкім указам. Да таго ж, як стала вядома з новай вэрсіі Канстытуцыі краіны, новы парлямэнт амаль ня меў заканадаўчых паўнамоцтваў: у большасьці выпадкаў, калі прэзыдэнцкі ўказ ці дэкрэт і закон уступаюць у супярэчнасьць, перавагу мае першы. Першы склад палаты прадстаўнікоў запомніўся хіба што яго адчайнымі спробамі пацьвердзіць сам факт свайго існаваньня, пераважна за мяжой краіны, таму што ўнутры Беларусі ў гэтым не было асаблівай неабходнасьці. Вынікам гэтых высілкаў стала доўгая сага пад назвай “барацьба за легітымізацыю палаты прадстаўнікоў на міжнароднай арэне”. Гэтая барацьба, аднак, сышла на нішто зь цягам таго, як лукашэнкаўская ўлада рабіла выбар на карысьць уласнай самаізаляцыі на міжнароднай арэне перад даволі нязначнымі для яе перавагамі міжнароднага прызнаньня.

Да таго, аднак, як курс на самаізаляцыю быў канчаткова вызначаны, спробы набыцьця міжнароднай легітымнасьці спарадзілі палату прадстаўнікоў 2-га скліканьня, якая была абраная ў кастрычніку 2000 г. Новы парлямэнт быў дэ-факта такім жа кішэнным, як і яго папярэднік, аднак ён быў фармальна абраным. Выбары 2000 г. былі своеасаблівымі: апазыцыя ў асноўным адмовілася ўзяць у іх удзел, спасылаючыся на адсутнасьць базавых падставаў для свабодных і справядлівых выбараў. Тая яе частка, што паспрабавала ўзяць удзел, была збольшага адхіленая ад выбарчага працэсу ўжо на стадыі рэгістрацыі. Посьпеху дамагліся толькі два кандыдаты, што належалі да апазыцыі ў Вярхоўнай Радзе 13-га скліканьня (адна зь іх, Вольга Абрамава, у хуткім часе перайшла ў лягер паплечнікаў Лукашэнкі; другі, Уладзімер Навасяд, быў “адсеяны” на стадыі рэгістрацыі на наступных выбарах 2004 г.). Аднак, каб падтрымаць нейкія надзеі на легітымізацыю выбараў, прэзыдэнцкая вэртыкаль дазволіла своеасаблівы экспэрымэнт з увядзеньнем унутрырэжымнага плюралізму: на выбарах 2000 г. у кожнай акрузе паміжсобку канкуравалі некалькі прадстаўнікоў улады. Безумоўна, канкурэнцыя была толькі ўмоўная, але нават у яе выніку нарадзілася групоўка, якая ў рэшце рэшт ператварылася ў парлямэнцкую апазыцыю. Група “Рэспубліка” пакінула невялікі сьлед у палітычнай гісторыі Беларусі: хутчэй за ўсё, сам факт яе стварэньня запомніцца больш, чым тое, што зьдзейсьнілі яе лідэры, дэпутаты Сяргей Скрабец, Уладзімер Парфяновіч і Валеры Фралоў. (Цікава, што ў той жа час у вышэйшай палаце, радзе рэспублікі, таксама зьявіўся свой апазыцыянэр: ім стаў сам сьпікер палаты, былы прэзыдэнт Акадэміі навук Беларусі Аляксандар Вайтовіч. Яго тэрміновае адкліканьне ў жніўні 2003 г. і такая ж тэрміновая замена на прызначанага ў той жа дзень былога прэм’ера Генадзя Навіцкага, сасланага ў парлямэнт за правалы на гаспадарчай рабоце, толькі ў чарговы раз прадэманстравалі сапраўдны статус беларускага парлямэнту.) Лёс “Рэспублікі” быў вызначаны ня толькі яе статусам ізаляванай апазыцыі ў безуладным парлямэнце, але і адсутнасьцю палітычнай базы, за выключэньнем адміністрацыйнага рэсурсу, з дапамогай якога яны былі абраныя і які быў аўтаматычна страчаны, калі дэпутаты пачалі дазваляць сабе пэўную незалежнасьць. Аднак у гісторыі з палатай прадстаўнікоў 2-га скліканьня зноў пацьвердзілася тэндэнцыя, якую можна было назіраць і ў папярэдніх беларускіх парлямэнтах: палітычная апазыцыя ў Беларусі ўзьнікае і фармуецца незалежна ад поглядаў ізноў абраных дэпутатаў, кожны раз, калі выбары ня цалкам кантраляваныя.

Таму зразумела, чаму падчас выбараў 2004 г. кантроль за адборам “праўладных” кандыдатаў, падрыхтоўкай і ходам выбараў быў нашмат пільнейшы нават у параўнаньні з папярэднімі выбарамі. Як вынік, трэці парлямэнт па рэфэрэндуме 1996 г. канчаткова набыў рысы, якія пасуюць да яго статусу і паўнамоцтваў, што вызначаныя ў Канстытуцыі. Першыя дні працы новай палаты прадстаўнікоў (перш за ўсё, абраньне сьпікера новай палаты прадстаўнікоў з простай падачы прэзыдэнцкай адміністрацыі і ўстрыманьне ад стварэньня дэпутацкіх групаў паводле простай рэкамэндацыі прэзыдэнта) прадэманстравалі, што для сапраўднага і адзінага цэнтру ўлады адпала неабходнасьць нават у вонкавай дэманстрацыі наяўнасьці рысаў парлямэнтарызму ў сучаснай Беларусі. А значыць, парлямэнт канчаткова пазбавіўся магчымасьцяў аказваць нейкі ўплыў на палітычнае жыцьцё. Калі разьвіцьцё парлямэнтарызму было лякаматывам палітычнага жыцьця ў Беларусі на пачатку 1990-х гг., сёньня яго адраджэньне патрабуе значных палітычных зьменаў, якія, хутчэй за ўсё, ужо не адбудуцца шляхам нармальнай, “сыстэмнай” палітыкі.