Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола

Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім


Гурт МЯСЦОВЫ ЧАС

1991. НЯЗДЗЕЙСЬНЕНАЯ НАДЗЕЯ

У свой час Наваполацак можна было лічыць сталіцай беларускага рок-руху. Наваполацкія хвалі й па сёньня дакатваюцца да Менску, але залаты час — творчасьць гуртоў „Пошук”, „Дзіда”, „Кадэцкі корпус”, „Рокаш”, „Крокам руш” ды іншых адышоў назаўсёды. У сярэдзіне 90-х „Нафтаград на Дзьвіне” хутка здаў пазыцыі — грошаў хранічна не ставала, людзі паступова адыходзілі ад рок-музыкі, бо асаблівага прыбытку тая не давала. Задыхнулася ў правінцыі й самая сьветлая наваполацкая зорка — „Мясцовы час”...

Гурт „Местное время” (напачатку расейскамоўны) нарадзіўся раней, чым на Беларусі быў ўласна уведзены мясцовы час — у 1987 г. Тады пазнаёміліся Аляксандр Алуф (вакал, гітара) й Вячаслаў Макас (бас, вакал) — навучэнцы Наваполацкага палітэхнікума. Каб пазьбегнуць габрэйскага цэтліку, Алуф хутка ўзяў матчыну фамілію й стаўся Алесем Кузьміным — вакалістам з самым дзіўным голасам, які чула Беларусь. У гэтым жа годзе гурт атрымаў прыз Надзеі на Наваполацкім гарадзкім фэсьце. Пасьля першага посьпеху бубнач і гітарыст гурта апранулі вайсковыя боты і надоўга разьвіталіся з музыкай. Замянілі хлопцаў адпаведна Алесь Сьвідрыцкі й Валеры Драко.

Зразумела, што рок-музыка была ўсяго хобі. Макас працаваў ў чыгуначным дэпо (і па сёньня ён не зьмяніў месца працы), Сьвідрыцкі — грузчыкам, Драко — гукааператарам у мясцовым доме культуры, Руслан Парфёнаў (ён далучыўся да „Мясцовага часу” ў 1989 г., а зараз грае ў „Стокс”) — прадпрымальнік. Кузьмін жа рамантаваў лядоўныя устаноўкі. „Мясцовы час” ніколі ня зарабляў музыкай — на ўскраіне гэта цяжка й цяпер.

Першы запіс „Мясцовага часу” быў на рускай мове — гэты альбом захаваўся толькі ў выглядзе пірацкіх копій. Пры канцы 1980-х, пад уплывам музыкі „Мроі” й знаёмстваў з Адамам Глёбусам, Сержуком Сакаловым, Алесем Аркушам (ён, дарэчы, напісаў загалоўную песьню альбома „Наша ўскраіна”), Алесь Кузьмін засьпяваў па-беларуску.

Прыступкамі, па якіх „Мясцовы час” крочыў да вяршыні, былі запісы „Слота” (1989) і „Мой дом” (1990). Самы паспяховы альбом „Нашу ўскраіну” запісалі на студыі „Арт” у 1991 г. — у Мазыры на той час былі лепшыя ўмовы запісу.

Моцны дыксант Кузьміна й доўгія гітарныя сола Драко ў стылі KISS і AC/DC, лірычныя мелодыі і тэксты — „Наша ўскраіна” прагрымела, зьдзівіла, уразіла кожнага, хто пачуў гэты запіс. Наступныя песьні „Мясцовага часу” — „Вартаўнік” і „Будзе так” — выйшлі на кружэлцы ўсесаюзнай фірмы грамзапісу „Мелодыя”.

І напаткала б хлопцаў слава, але... Па словах дырэктара наваполацкага рок-клуба Сяргея „Анісы” Анішчанка (у той час ён быў і дырэктарам гурта), „Мясцовы час” ніколі ня ставіў сабе за мэту здабыць папулярнасьць па-за сваім родным горадам. Магчыма, гэта й згубіла гурт, які праз іх самабытнасьць ў самадастатковым музычным Менску палічылі чужаніцай. Музыкам з правінцыі наканавана раўняцца на менскую моду. Звычайна яны так і існуюць, час ад часу трапляючы ў сталічную плынь. Але „Мясцовы час” на дзесяць гадоў апярэдзіў Менск у музычным і тэхнічным пляне. Што было рабіць ім, куды рухацца са сваёй ускраіны? Няма адказу й ніколі ня будзе, бо й „Мясцовага часу” больш няма. На музыкаў навалілася стома ад частых канцэртаў, зьявіліся фінансавыя праблемы. А калі Алесь Сьвідрыцкі трапіў за краты гурт канчаткова прыпыніў сваю дзейнасьць.

Была спроба адрадзіцца празь пяць гадоў — у 1996-м. Адбыліся аншлагавыя канцэрты ў Менску, Віцебску, Наваполацку, быў запісаны альбом „Халі-галі”, перавыдадзены старыя запісы, „Песьня пра любоў” увайшла на зборку „Вольныя танцы”, але вяртаньне не ўдалося — у варунках сярэдзіны 90-х „Мясцовы час” згубіўся.

ДЫСКАГРАФІЯ

1. „Местное время” (1987)

2. „Слота” (1990)

3. „Наша ўскраіна” (1991)

4. „Халі-галі”(1997)