Навейшая гісторыя Беларусі

Мірановіч Яўген


Яднанне пад савецкім скіпетрам (1939—1941)

Ад імя народу Заходняй Беларусі

У выніку пагаднення, падпісанага 23 жніўня 1939 г. Нямеччынай і Савецкім Саюзам, вядомага пад назвай пакта Рыбентроп—Молатаў, межы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе падвяргнуліся асноўным змяненням. Падпісаны дакумент прадугледжваў вызначэнне заходняй граніцы СССР па лініі рэк Нарвы, Віслы і Сана. На другім баку гэтых рэк мела знаходзіцца зона нямецкіх уплываў. Аднак было гэта толькі пагадненне, якое вызначала намеры абодвух бакоў. Нягледзячы на польсканямецкую вайну, якая пачалася 1 верасня 1939 г., і ўступленне савецкай арміі на тэрыторыю ІІ Рэчы Паспалітай, усё вяліся перамовы наконт канчатковага падзелу зон уплываў у Еўропе, а тэрыторыя Польшчы была толькі адным з элементаў палітычных таргоў.

Нямецка—савецкі трактат аб дружбе і граніцах ад 28 верасня 1939 г. вызначаў супольную граніцу абодвух дзяржаў. Узамен за памяншэнне зоны ўплываў на тэрыторыі Польшчы савецкі бок атрымаў права вырашаць аб палітычным статусе Літвы. Згодна трактату паўночная частка граніцы СССР праходзіла па рэках Пісе, Нарве і Бугу. На савецкім баку апынуліся амаль усё даваеннае Беластоцкае ваяводства і Ломжынскі павет, які да 1 верасня 1939 г. уваходзіў у састаў Варшаўскага ваяводства. З Беластоцкага ваяводства да немцаў адышлі Сувальскі павет і некалькі гмін Аўгустаўскага павета.

Уступленне савецкай арміі на тэрыторыю Польшчы 17 верасня 1939 г. адбылося пад лозунгамі ўз’яднання беларускіх і ўкраінскіх зямель. Планаванае савецкімі ўладамі заваяванне тэрыторыі аж да ракі Віслы сведчыць аб тым, што лозунгі мелі выключна прапагандысцкі характар.

Вялікая перавага савецкіх падраздзяленняў над польскімі і загад маршала РыдзаСміглага аб пазбяганні сутычак з бальшавікамі садзейнічалі хуткаму паходу Чырвонай Арміі на захад. Да большых сутычак дайшло пасля некалькіх дзён савецкага паходу ў ваколіцах Сапоцкіна, Далістова, Кадзяўцоў. Двухдзённая бітва за Гродна, якая адбылася 20-21 верасня, была самым вялікім боем на польска—савецкім фронце. 22 верасня Чырвоная Армія ўвайшла ў Беласток і Брэст. У савецкі палон папала некалькі дзесяткаў тысяч польскіх салдат і афіцэраў, якія насуперак міжнародным канвенцыям былі перададзены юрысдыкцыі палітычнай паліцыі — НКУС. 25 верасня ў Брэсце адбыўся супольны парад савецкіх і нямецкіх падраздзяленняў.

Уваход Чырвонай Арміі парознаму ўспрымаўся беларускім насельніцтвам паўночнаўсходніх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай. У польскай літаратуры сфармаваўся даволі адназначны вобраз беларуса гэтага перыяду, які ставіў трыумфальныя аркі для прывітання савецкага войска, а пазней дапамагаў камісарам у праследаванні польскага насельніцтва. Процілегласцю беларуса найчасцей быў палякпатрыёт, які перажываў трагедыю радзімы і сваю ўласную, паколькі сам стаў першай ахвярай савецкага рэпрэсіўнага апарату. Тым часам рэчаіснасць была больш складаная, а палітычнае стаўленне грамадства да новай улады не адлюстроўвала нацыянальных падзелаў.

Несумненна, большасць беларускіх палітыкаў, ад нацыяналістаў да камуністаў, з задавальненнем успрынялі факт далучэння паўночнаўсходніх тэрыторый польскай дзяржавы да Савецкай Беларусі. Кожная беларуская партыя ў ІІ Рэчы Паспалітай у рознай форме ставіла сабе за мету імкненне да аб’яднання беларускіх зямель. Палітыка польскіх урадаў у канцы трыццатых гадоў была для большасці беларускіх дзеячаў найбольш пераканаўчым аргументам, каб падтрымаць якія—небудзь змены. Менавіта нават тыя, што ўцякалі ад бальшавікоў у нямецкую акупацыйную зону, адабралі тое, што сталася пасля 17 верасня 1939 г. Склаўшаяся сітуацыя многімі беларускімі палітыкамі ўспрымалася як пераходная. Разлічвалі яны — не беспадстаўна — на хуткі нямецка—савецкі канфлікт і дапамогу Нямеччыны ў будаўніцтве беларускай дзяржаўнасці.

Трыумфальныя аркі ў гонар Чырвонай Арміі ставіліся ўсюды там, дзе некалі дзейнічалі ячэйкі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі або ў нейкі асаблівы спосаб грамадства адчула паліцыйныя рэпрэсіі да 1939 г. У прынцыпе цырымонія прывітання чырвонаармейцаў была такая самая ўва ўсіх мясцовасцях, што сведчыць аб раней падрыхтаваным сцэнарыі.

У некалькіх месцах ад 17 да 25 верасня дайшло да сутычак паміж партызанскімі атрадамі, арганізаванымі беларускімі і яўрэйскімі камуністамі, і падраздзяленнямі войска, паліцыі і польскіх дабравольцаў. Найбольш такіх інцыдэнтаў здарылася на Гродзеншчыне, дзе ўзброеныя групы партызан атакавалі маёнткі, пастарункі паліцыі і меншыя вайсковыя падраздзяленні. Заваяванне атрадам беларускіх і яўрэйскіх камуністаў мястэчка Скідаля і двухдзённая барацьба з высланымі з Гродна карнікамі — жаўнерамі, паліцыянтамі і польскімі гарцэрамі, у савецкай гістарыяграфіі атрымала назву Скідальскага паўстання. Да польскабеларускіх сутычак пасля ўступлення савецкай арміі дайшло таксама ў ваколіцах Ліды, Астрыны, Азёраў, Лунны і Зэльвы. Зброя, якой распараджаліся партызаны, а таксама хуткае фарміраванне ўзброеных падраздзяленняў паказваюць, што дзеянні на тылах польскай арміі планаваліся намнога раней. Апрача ваенных структур, арганізаваных камуністамі, стыхійна ўзнікла многа груп грабежніцкага характару. Пазней члены гэтых груп намагаліся дапісаць да сваёй злачыннай дзейнасці рэвалюцыйную ідэалогію. Напады на памешчыкаў, асаднікаў, работнікаў лясной аховы, чыноўнікаў, паліцыянтаў і польскіх настаўнікаў не асуджаліся камандзірамі Чырвонай Арміі ці функцыянерамі НКУС. Наадварот, многія выпадкі насілля, самасуду, помсты за ранейшыя крыўды адбываліся з іх ведама і дазволу нават пасля поўнага апанавання сітуацыі савецкімі ўладамі.

Аднак трэба адзначыць, што антыпольскія эксцэсы ў паводзінах беларускага і яўрэйскага насельніцтва былі выключнай рэдкасцю, а многія прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі і памешчыкаў знаходзілі ў беларускіх хатах прыстанішча ад функцыянераў савецкай палітычнай міліцыі. Пераважная большасць беларусаў змену палітычнай сітуацыі ўспрымала з вялікай насцярожанасцю і абыякавасцю. Стыхійна не паўставалі ні камітэты для вітання хлебам і соллю савецкіх камандзіраў, ні дыверсійныя атрады, а прыйшоўшае савецкае войска па прычыне свайго выгляду і паводзін замест энтузіязму выклікала паўсюднае здзіўленне.

Зараз жа пасля ўступлення Чырвонай Арміі актыўнасць праявілі вызваленыя з турмаў камуністы і дзеячы шматлікіх беларускіх палітычных, грамадскіх і культурных груповак. Разам са зменай улады паўсюдна чакалася радыкальная перабудова палітычных і грамадскіх адносін з улікам асноўных інтарэсаў беларускага насельніцтва. Таму часта ў вёсках і гарадскіх пасёлках спантанна ствараліся рэвалюцыйныя сялянскія камітэты (рэўкамы), якіх арганізатары пераймалі ролю гаспадароў дадзенай тэрыторыі. На павятовым і ваяводскім узроўні па загаду камандзіра войск Беларускага фронту Міхаіла Кавалёва ад 19 верасня 1939 г. былі створаны часовыя ўправы, якія мелі заняцца “адбудовай грамадскагаспадарчага жыцця на абшары Заходняй Беларусі” і наглядаць за дзейнасцю рэўкамаў. Часовыя ўправы былі ў прынцыпе органамі савецкай улады, назначанымі камандзірамі Чырвонай Арміі, падраздзяленнямі НКУС і прыбылымі з Савецкага Саюза партыйнымі актывістамі. Як правіла, часовыя ўправы папаўняліся прадстаўнікамі мясцовага беларускага і яўрэйскага, радзей польскага, насельніцтва.

21 верасня Кавалёў выдаў чарговы загад, якім упаўнаважыў часовыя ўправы арганізаваць народную міліцыю і рабочую гвардыю. Неўзабаве народная міліцыя, рабочая гвардыя і рэўкамы сталі галоўнымі інструментамі ўвядзення “рэвалюцыйнага парадку” на заваяваных абшарах. Не чакаючы ніякіх заканадаўчых актаў рэўкамы пры садзеянні народнай міліцыі і пры маўклівай згодзе часовых управаў пачалі парцэляваць памешчыцкую і царкоўную зямлю. Рэквізаваліся і дзяліліся паміж парабкаў і малазямельных сялян коні, каровы, свінні, якія былі ўласнасцю двароў і плябаній. У гарадах створаныя часовымі ўправамі камісіі пераймалі заводы і вытворчыя ды паслуговыя прадпрыемствы, якіх уладальнікі наймалі рабочую сілу. Большасць прадпрыемстваў, таксама як і памешчыцкіх маёнткаў, была пакінута ўладальнікамі, якія ўцяклі на вестку аб надыходзе Чырвонай Арміі. Частка тых, якія засталіся, былі арыштаваны ў першых днях панавання савецкай улады.

Рэўкамы і народная міліцыя, апанаваныя мясцовымі камуністамі, нават без загадаў часовых управаў ажыццяўлялі ўсе савецкія канцэпцыі грамадскага ладу. З першых дзён новых парадкаў памешчыкаў, духавенства, багатае мяшчанства, былых функцыянераў польскай дзяржавы, а таксама багатых сялян лічылі яны ворагамі савецкай улады. Усе названыя грамадскія групоўкі, за выключэннем духавенства і сялян, былі польскай нацыянальнасці. У міліцыі, гвардыі і рэўкамах пераважалі беларусы і яўрэі. У такой сітуацыі складалася ўражанне нацыянальнага канфлікту, хаця рэпрэсіям з боку новаствораных органаў падвяргаліся таксама беларускае кулацтва і інтэлігенцыя, праваслаўны клір, а таксама яўрэйскія купцы і фабрыканты. Гэтыя апошнія, у адрозненне ад польскіх прадпрымальнікаў, не мелі нават куды ўцякаць ад бальшавікоў. У іх выпадку антысеміцкая фобія ў нямецкай акупацыйнай зоне была таксама небяспечная як камуністычная класавая барацьба на ўсходзе.

Cтановішча, якое склалася на занятых пасля 17 верасня 1939 г. Чырвонай Арміяй землях патрабавала прынамсі фармальнага юрыдычнага афармлення. Савецкія ўлады вырашылі паказаць свету, што іхняя палітыка з’яўляецца ажыццяўленнем волі народаў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Здзейсненыя Чырвонай Арміяй факты мелі карыстацца паўсюднай падтрымкай насельніцтва занятых зямель. Спектакль ладзіўся з характэрным бальшавікам размахам, не зважаючы на рэальную сітуацыю і настроі грамадства.

5 кастрычніка 1939 г. Часовае ўпраўленне горада Беластока звярнулася да ўпраўленняў астатніх гарадоў склікаць Народны сход Заходняй Беларусі, які меў “вырашыць” аб дзяржаўнай будучыні гэтага краю і яго грамадскапалітычным ладзе. Падрыхтоўкай сходу заняўся спецыяльна створаны Арганізацыйны камітэт, які вызначыў парадак вылучэння дэпутатаў. Права прапанаваць сваіх кандыдатаў у дэпутаты атрымалі часовыя ўпраўленні, рэвалюцыйныя сялянскія камітэты, падраздзяленні рабочай гвардыі і народнай міліцыі ды сходы працоўных калектываў. Згодна з аб’яўленым “Парадкам арганізацыі выбараў дэпутатаў Народнага сходу Заходняй Беларусі” мелі яны выбірацца ва “ўсеагульным, роўным і тайным” галасаванні.

Выбары ў Народны сход адбыліся 22 кастрычніка. Спадарожнічала ім вялікая эйфарыя на ладжаных уладамі мітынгах і дэманстрацыях. Некамуністычныя арганізацыі, як польскія і яўрэйскія, так і беларускія нават падчас гэтых “усеагульных” выбараў не прабавалі заяўляць аб сваёй прысутнасці. Паводле афіцыйных савецкіх даных, у выбарах удзельнічала 2 672 тыс. жыхароў Заходняй Беларусі — 96,7% выбаршчыкаў. Звыш 90% галасуючых аддалі свае галасы кандыдатам прапанаваным сялянскімі камітэтамі, часовымі ўпраўленнямі, рабочай гвардыяй. Паводле гэтых жа крыніц, выбрана 926 дэпутатаў, у тым ліку 621 беларус, 127 палякаў, 72 яўрэі, 43 рускіх, 53 украінцаў і 10 прадстаўнікоў іншых нацый. Народны сход, які адбыўся ў Беластоку, выказаўся за ўстанаўленне савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі, а дзень пазней аднагалосна прыняў дэкларацыю аб далучэнні гэтых зямель да БССР. Фармальна ўключэнне Заходняй Беларусі ў склад БССР адбылося 14 лістапада, калі прашэнне дэпутатаў, якое знаходзілася ў дэкларацыі Народнага сходу, разглядалася Вярхоўным Саветам БССР. Раней такое рашэнне прыняў Вярхоўны Савет СССР.

30 кастрычніка Народны сход выканаў яшчэ адну дырэктыву бальшавіцкіх улад — прыняў дэкларацыю аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель разам з жывым і мёртвым інвентарам і ўсімі будынкамі. Адпаведна гэтым жа законам канфіскавалася таксама зямля каталіцкіх і праваслаўных манаскіх ордэнаў і асоб, якія да 17 верасня 1939 г. займалі высокія дзяржаўныя пасады. У сапраўднасці гэтая дэкларацыя санкцыяніравала ўсё тое, што здарылася ў першых днях савецкага панавання.

У выніку вайны і палітычных змен у Еўропе восенню 1939 г. тэрыторыя БССР павялічылася на больш за 100 тыс. кв. км ды 4,7 млн. насельніцтва. У склад Савецкай Беларусі ўвайшлі таксама раёны населеныя выключна палякамі або з перавагай польскага насельніцтва. Новыя межы не адлюстроўвалі існуючай нацыянальнай структуры і былі перш за ўсё вынікам кампрамісу паміж Сталіным і Гітлерам у ходзе падзелу зон уплываў у Еўропе.

У сувязі з планаванай анексіяй Літвы савецкі ўрад, з мэтай нейтралізаваць спадзяваныя адмоўныя рэакцыі літоўцаў, перадаў ім частку заваяванай тэрыторыі — Віленскую вобласць плошчаю ў 6,9 тыс. кв. км. У лістападзе 1940 г. бальшавікі адрэзалі ад БССР чарговыя 2,6 тыс. кв. км з 300 тыс. насельніцтва і перадалі іх Літве. У канцы 1940 г. плошча Савецкай Беларусі складала 223 тыс. кв. км і, паводле афіцыйнай статыстыкі, 10,2 млн. жыхароў. У сувязі з тым, што ў той час перапісы насельніцтва не праводзіліся, але працягваліся масавыя дэпартацыі ды расстрэлы “ворагаў народа”, гэтая апошняя лічба праўдападобна не адлюстроўвае сапраўднага стану.

Усталёўванне савецкай сістэмы ўлады ў Заходняй Беларусі

5 снежня 1939 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР правёў новы адміністрацыйны падзел зямель, якія да 17 верасня 1939 г. знаходзіліся ў складзе польскай дзяржавы. Створана пяць абласцей: Баранавіцкую, Беластоцкую, Брэсцкую, Пінскую і Вілейскую. Вобласці дзяліліся на раёны згодна прынцыпу, што кожны раён павінен налічваць 35-50 тыс. жыхароў. На абласным і раённым узроўні адміністрацыйная ўлада належала выканаўчым камітэтам Саветаў дэпутатаў працоўных. Прэзідыум Вярхоўнага Савета зацвярджаў састаў аблвыканкамаў, а тыя — райвыканкамаў. Райвыканкамы вызначалі састаў вясковых кіруючых органаў — сельсаветаў. Канчаткова, аднак, толькі ў сакавіку 1940 г. улада часовых упраўленняў была замешчана выканаўчымі камітэтамі.

Паралельна са з’яўленнем структур дзяржаўнай адміністрацыі ўзнікалі камітэты Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. У сувязі з тым, што камітэты КП(б)Б у адносінах да выканаўчых камітэтаў Саветаў дэпутатаў працоўных былі вышэйстаячымі ўстановамі, у іх кіруючыя органы ў прынцыпе назначаліся камуністы, якія сюды прыбылі з усходу. На пераломе 1939 і 1940 гадоў 4 500 партыйных функцыянераў з Мінска і Масквы былі напраўлены на працу ў заходніх абласцях БССР. Партыйныя ячэйкі папаўняліся галоўным чынам людзьмі, якія да гэтай пары не ўдзельнічалі ў публічным жыцці. Неахвотна прымаліся ў рады партыі найбольш ідэйныя камуністы, якія раней былі членамі распушчанай Камінтэрнам КПЗБ. З усходніх абласцей Беларусі прыбыло таксама 6 200 дзеячаў камсамола з мэтай узяць пад ідэалагічную “апеку” моладзь, якая да гэтай пары знаходзілася ў рэчышчы “кулацкіх і буржуазных” уплываў. Апрача дзеячаў КП(б)Б і камсамола ў заходнія вобласці напраўляліся яшчэ настаўнікі, спецыялісты па савецкай адміністрацыі, гаспадарцы і культуры. Агулам да кастрычніка 1940 г. дэлегавана была 31 тысяча цывільных работнікаў з мэтай арганізаваць публічнае жыццё па мадэлі, якая існавала ў БССР у трыццатых гадах.

17 кастрычніка Цэнтральны Камітэт КП(б)Б загадаў на кіруючыя пасады ў дзяржаўным апараце прызначыць “мясцовых”. У выніку да 21 чэрвеня 1941 г. на работу ў аблвыканкамах, райвыканкамах і сельсаветах паступіла 18 060 чалавек, у тым ліку 10 245 палякаў, 4 451 беларус, 3 045 яўрэяў і 329 расіян. Адносна вялікая лічба палякаў, якія паступілі на працу ў савецкую адміністрацыю была вынікам іх лепшай адукаванасці і інтэлектуальнай падрыхтоўкі вынесенай з даваеннага перыяду. Палякі, калі вызваліліся ад першага шоку пасля падзення сваёй дзяржавы, таксама шукалі спосабаў пратрымацца ва ўмовах савецкай сістэмы. Прынцыпова, аднак, не прымаліся на работу людзі, якія працавалі ў дзяржаўнай адміністрацыі да 17 верасня 1939 г. Паколькі ў даваеннай польскай адміністрацыі пераважалі палякі, былі яны падменены новымі людзьмі, часта таксама палякамі, якіх абучалі на кароткатэрміновых курсах для новай наменклатуры. У галіне падборкі кадраў нацыянальны крытэрый у савецкай сістэме не адыгрываў большай ролі. У выпадку беларусаў найчасцей прымаліся тыя, якія да гэтай пары не ўдзельнічалі ў публічным жыцці. Зрэшты, беларусы ўпершыню апынуліся ва ўсіх дзяржаўных структурах — адміністрацыі, судаводстве, пракуратуры. Было гэта магчымым таксама таму, што не патрабавалася ад іх адпаведная кваліфікацыя, а толькі акрэсленае грамадскае паходжанне і адпаведнае палітычнае стаўленне да існуючай рэчаіснасці. Старшынёю сельсавета, штатным работнікам партыі або інструктарам камсамола часта ставаў той, у каго было многа дзяцей, мала зямлі, і ў каго замест ікон вісеў патрэт Сталіна.

Эканамічная палітыка

Ад першых месяцаў савецкай улады ў Заходняй Беларусі ўкараняліся асноўныя лозунгі камуністычнай дактрыны, паскараючы з цягам часу і ў выніку ліквідацыі “варожых грамадскіх класаў” тэмпы саветызацыі гэтай тэрыторыі. Пасля падзелу памешчыцкіх маёнткаў павялічылася плошча найменшых гаспадарак. Дадатковыя надзелы пераважна даставаліся беларускім сялянам.

Напрыканцы верасня 1939 г. часовыя ўправы і рэвалюцыйныя сельскія камітэты аб’яўлялі ў паасобных раёнах перыяд вольніцы — неабмежаванага доступу да лясоў. Спрыяла гэта забеспячэнню сялян у недаступную ім да гэтай пары драўніну, якая выкарыстоўвалася ў якасці будаўнічага матэрылу і апалу. І хаця новыя адміністрацыйныя структуры ў выглядзе выканаўчых камітэтаў адмянілі вольніцу, аднак нелегальны гандаль драўнінай на выгадных для мясцовага насельніцтва ўмовах не спыняўся і займаліся ім і савецкія афіцэры, і цывільныя службоўцы. У якасці плацёжнага сродка найчасцей прымянялася гарэлка.

У першых месяцах савецкай улады выразна палепшылася матэрыяльнае становішча вясковага насельніцтва. Паўплывала на гэта галоўным чынам змяншэнне павіннасцей у карысць дзяржавы і зніжэнне цэн на прамысловыя артыкулы. Даступнасць да танных тавараў аказалася, аднак, кароткатрывалай. Пасля некалькіх месяцаў, калі вычарпаліся запасы ў польскіх складах, якія былі пераняты савецкімі ўладамі, і калі былі абмежаваны пастаўкі прамысловых тавараў з глыбі СССР, з’явіліся забытыя ўжо тут чэргі. У 1940 г. лёгка можна было зарабіць грошы, але цяжка было за іх нешта купіць. Таннасць палатна, цукеркаў, газы, прадметаў шырспажыву была прычынай таго, што вясковае насельніцтва большасць часу праводзіла ў чэргах перад магазінамі, якія знаходзіліся ў раённых або абласных цэнтрах.

Вялікая колькасць войска, якая дыслацыравалася ў пагранічных раёнах, выклікала павышаны попыт на харчовыя прадукты і гэтым самым стварала сялянам магчымасць заробку. Аднак плацілі ім грашыма, якія не гарантавалі куплі патрэбных для гаспадаркі тавараў. У палове 1940 г. у найдалей высунутых на захад абласцях пачаліся абарончыя інвестыцыі — будова аэрадромаў, мастоў, віядукаў, пад’язных дарог. У якасці рабочай сілы выкарыстоўвалася мясцовае насельніцтва. Частку прац пры гэтых аб’ектах выконвалі яны ў рамках шарваркаў, за частку атрымлівалі грошы. Ваеннае будаўніцтва з аднаго боку спрыяла змякчэнню перанаселенасці сельскіх гаспадарак, а з другога — не стварала пастаянных месцаў работы.

На ваенныя будаўнічыя пляцоўкі завозіліся таксама зняволеныя з глыбі Расіі. Улады не змаглі іх поўнасцю ізаляваць ад мясцовах жыхароў. Іх расказы пры сітуацыю ў СССР — пра калектывізацыю, голад, рэпрэсіі паспяхова абвяргалі міф аб рабочасялянскай уладзе ў гэтай краіне, які ствараўся левымі арганізацыямі ў міжваенны перыяд і савецкай прапагандай пасля 17 верасня 1939 г. Некаторыя вязні былі прыгавораны да шматгадовага зняволення за крадзеж галоўкі капусты ці некалькіх коласаў пшаніцы на калгасным полі, калі хацелі выратаваць ад голаду сваіх дзяцей. Паявіліся жудасныя расказы пра галодную смерць і канібалізм на Украіне. На агульны здзіў, зняволеныя нават найбяднейшых сялян называлі кулакамі, паколькі былі ў іх конь, карова і некалькі гектараў зямлі. Савецкія зняволеныя, пераважна калгаснікі, уяўлялі сабе, што Чырвоная Армія, калі перасячэ польскую граніцу, сустрэне мясцовых сялян запрэжаных у ярмо і цягнучых плугі на панскім полі.

У першых месяцах савецкай улады невыноснай была не велічыня падатку або шарварку, але спосаб іх экзекуцыі. Шарваркі часта ладзіліся ў перыядах самых важных царкоўных святкаванняў, калі людзі ішлі на багаслужбы. У многіх раёнах збожжанарыхтоўчыя планы загадвалі выканаць яшчэ ў ходзе жніў. Абсурдныя рашэнні засланых сюды савецкіх чыноўнікаў прымушалі задумацца нават найбольш верных новай уладзе беларусаў.

Найбольш жахлівай аказалася барацьба з кулацтвам, якая з асаблівым размахам пачалася ў канцы 1940 г. Кулаком мог стаць кожны, у каго было за дзесяць гектараў зямлі, некалькі коней і кароў, або чарапіца замест страхі. Патэнцыяльна ў гэтую групу можна было занесці большасць сялян. Змаганне з кулацтвам было адным з этапаў на шляху да калектывізацыі. Бальшавікі ў гэтай галіне былі ўжо ў пэўнай меры спрактыкаваны і таму стваранне калгасаў у заходніх абласцях Беларусі хацелі правесці больш плаўна, каб не выклікаць такіх як на ўсходзе грамадскіх і эканамічных трасенняў. Найбольш інтэнсіўна калектывізацыя праводзілася пры былой польска—савецкай граніцы. Да канца 1940 г. на тэрыторыі пяці новадалучаных абласцей створана 646 калгасаў, а да чэрвеня 1941 г. — 1 115. За гэты час лік сялянскіх гаспадарак скараціўся толькі на 7 працэнтаў.

Самымі павольнымі тэмпамі праводзілася калектывізацыя ў Беластоцкай вобласці. Тут калгасы арганізаваліся выключна на землях населеных беларусамі і ўзнікла толькі 18 калектыўных гаспадарак. На захад ад Беластока, на этнічна польскіх землях, калектывізацыя не праводзілася. Выключэннем быў калгас у Ломжынскім раёне, у якім пераважна працавалі работнікі яўрэйскай нацыянальнасці. Мабыць, іншае стаўленне да населеных палякамі зямель вынікала з планаў Сталіна стварыць польскую аўтаномную вобласць у якасці зародка польскай савецкай рэспублікі. Будова аэрадромаў у пагранічнай зоне паказвала, што не мелі яны выкарыстоўвацца толькі ў абарончых мэтах і што існуючае палітычнае становішча таксама ў Маскве лічылася часовым.

У калектыўных гаспадарках Беласточчыны большасць палявых прац выконвалі жанчыны. Мужчын у той час вывозілі будаваць дарогі, масты, аэрадромы. Заплатай за працадзень на калгасным полі была міска пшаніцы ёмістасцю ў адзін літр. Найчасцей сельскагаспадарчымі кааператывамі кіравалі прыбылыя з СССР камсамольскія актывісты. Іх агратэхнічныя веды і спосаб кіравання сталі прычынай таго, што калгасы сталі пародыяй гаспадарання.

Нягледзячы на эскалацыю запалохвання сялян шляхам чарговых вывазак багацейшых сем’яў у глыб Расіі, павелічэння падаткаў і іншых павіннасцей у карысць дзяржавы тэмпы калектывізацыі не паскараліся. У красавіку 1941 г. Цэнтральны Камітэт ВКП(б) вызначыў максімальныя нормы плошчы сялянскіх гаспадарак у заходніх абласцях БССР на 10, 12, 15 гектараў, у залежнасці ад класа зямлі. Раней было забаронена наймаць рабочую сілу або здаваць зямлю ў арэнду. Не вядома як доўга дзейнічаў бы гэты закон, але несумненна быў ён больш лагодны за сістэму, якая панавала на ўсходзе Беларусі.

Паралельна з калектывізацыяй вёскі пачалася акцыя стварання рамесніцкіх кааператываў, якая ліквідавала маламестачковую дробную вытворчасць, паслугі і гандаль. У выніку знішчэння структуры дробнага гандлю пагоршылася таксама сістэма забеспячэння гарадскога насельніцтва прадуктамі. Нацыяналізаваны гандаль хутка давёў да перманентнай нястачы тавараў і чэргаў ля магазінаў.

Некалькі дзесяткаў тысяч рамеснікаў былі напраўлены на працу ва ўсходнюю Беларусь, дзе былі яны прыняты на работу на заводах Мінска, Оршы, Гомеля, Віцебска. Некаторыя прадпрыемствы ў гэтых гарадах ад паловы 1940 г., у выніку прытоку рабочай сілы з заходніх абласцей, былі вымушаны працаваць на тры змены. Адначасна, па ідэалагічных прычынах, вяліся намаганні знайсці дадатковыя працоўныя месцы ў заходняй частцы краіны. Тут таксама амаль адзіным спосабам было ўвядзенне трохзменнай сістэмы працы. Такім чынам без ніякіх інвестыцый некаторыя заводы Беластока, Гродна, Баранавіч, Брэста ўтрая павялічылі колькасць працоўных месц, прымаючы на работу беспрацоўных, сялян і колішніх рамеснікаў.

Асветная, культурная і канфесійная палітыка

У адпаведнасці з пастановай Савета Народных Камісараў БССР “Аб метадах арганізацыі асветы ў заходніх абласцях Беларускай Рэспублікі” ад снежня 1939 г. раённыя ўлады былі абавязаны ствараць школы з такой мовай выкладання, якая адпавядала б нацыянальнаму складу дадзенай тэрыторыі і спадзяванням насельніцтва. У канцы 1939 г. у выніку рэарганізацыі структуры школьніцтва на 713 павялічыўся лік падставовых школ. Паводле даных Камісарыята асветы БССР ад жніўня 1940 г. у навучальным 1939/1940 годзе ў заходніх абласцях працавалі 5 633 школы, у тым ліку з беларускай мовай навучання 4 268, польскай — 923, рускай — 173, ідыш — 150, літоўскай — 61, украінскай — 49. Сетка школ у прынцыпе адпавядала нацыянальнаму складу насельніцтва. У Беластоцкай вобласці, дзе большасць насельніцтва складалі палякі, 58,7% школ працавала на польскай мове, а на беларускай — 33,8%, ідыш — 4,5%, рускай — 1,7% і літоўскай — 1,3%. Для беларускамоўных католікаў Сакольскага раёна і некаторых раёнаў Гродзеншчыны былі створаны польскія школы, зыходзячы, так як калісьці польская адміністрацыя, з пункту гледжання, што аб нацыянальнасці на гэтай тэрыторыі вырашае веравызнанне.

Арганізаваная ў 1939 г. сетка школ з нацыянальнымі мовамі як выкладовымі не была вынікам заклапочанасці савецкіх улад ні развіццём гэтых моў, ні пашанай для культур мясцовага насельніцтва. На тэрыторыі ўсходняй Беларусі школьніцтва ў той час амаль поўнасцю працавала на базе рускай мовы. Палітыка ў заходніх абласцях краіны вынікала з існуючай кан’юнктуры. У сувязі з планаваным далучэннем прыбалтыйскіх краін бальшавікі імкнуліся даказаць, што савецкая ўлада не пагражае нічыім нацыянальным інтарэсам, а яе інтэрнацыянальны характар не падлягае сумненню. У 1940/1941 навучальным годзе сістэматычна скарачалася колькасць школ з беларускай мовай, якая замянялася рускай. Кіраўнікамі школьнай адміністрацыі і дырэктарамі школ назначаліся людзі, якія выводзіліся з Расіі і не ведалі ні беларускай, ні польскай, ні яўрэйскай моў. Напрыклад, у Беластоку было 13 польскіх падставовых школ, у якіх дырэктарамі было адзінаццаць прышэльцаў з Расіі і двое мясцовых рабочых. Ва ўсіх тыпах школ уведзена было навучанне гісторыі СССР, а выкладалі гэты прадмет перш за ўсё партыйныя актывісты, якія прыбылі з Расіі, усходняй Беларусі і Украіны. Спачатку ўва ўсіх нацыянальных школах абавязкова выкладалася беларуская мова, а з восені 1940 г. — руская.

У адпаведнасці з пастановай Камісарыята асветы БССР школьніцтва ў памеры сямі класаў падставовай школы на тэрыторыі ўсёй рэспублікі было бясплатнае і абавязковае. Улады дбалі, каб апошняе патрабаванне выконвалася бацькамі. У сувязі з гэтым савецкія школы наведвала на 25% дзяцей больш, чым польскія ўстановы да 1939 г. З мэтай ліквідацыі непісьменнасці арганізаваліся курсы чытання і пісання для старэйшай моладзі і дарослых.

Каб забяспечыць школьніцтва адпаведнымі кадрамі, у Беластоку быў створаны Педагагічыны інстытут, у Баранавічах, Гродне і Пінску — інстытуты абучэння настаўнікаў, а ў Брэсце, Маладзечне, Навагрудку і Лідзе — настаўніцкія курсы. Даваенная польская гімназія і настаўніцкія курсы былі для асоб рабочага і сялянскага паходжання дастатковай адукацыяй, каб атрымаць працу ў школе. У заходнія вобласці было перанесена з усходняй Беларусі звыш 700 настаўнікаў. Школьная адміністрацыя ўхілялася, аднак, прымаць на працу ў якасці настаўнікаў асоб, якія працавалі ў польскай асвеце да 1939 г.

Да кастрычніка 1940 г. надрукавана было і распаўсюджана ў школах на тэрыторыі заходніх абласцей БССР 64 найменні падручнікаў на рускай мове, 44 — на польскай, 43 — на ідыш і 39 — на беларускай. Падручнікі былі адным з фактараў, якія спрыялі пераводу выкладання з беларускай мовы на рускую. Прытым сістэма падрыхтоўкі настаўнікаў на рускай мове, выдавецкая і кадравая палітыка ў школах паказвалі, што савецкія ўлады імкнуліся уніфікаваць сістэму навучання ва ўсёй БССР паводле мадэлі, якая абавязвала на ўсходзе рэспублікі. А гэта абазначала непазбежную русіфікацыю асветы таксама і ў заходніх абласцях.

Савецкая асветная сістэма мела перш за ўсё фарміраваць пераканне ў перавазе камуністычных стандартаў жыцця над усялякімі формамі, якія існуюць у капіталістычных краінах. Папаўненнем традыцыйнага школьніцтва былі курсы грамадзянскай адукацыі, якія вяліся на заводах, у вясковых клубах, на вышэйшых навучальных установах спецыяльна падрыхтаванымі групамі агітатараў. У вёсках і мястэчках арганізаваліся хатычытальні, дамы сацыялістычнай культуры або чырвоныя куткі, у якіх збіраліся экспанатыдоказы аб адвечным імкненні жыхароў дадзенай мясцовасці да савецкай сістэмы.

Савецкія ўлады многа ўвагі адводзілі культурнай актывізацыі грамадства. Перавагу аддавалі яны самадзейнасці. У кожнай большай вёсцы арганізаваліся гурткі самадзейнікаў, дэкламатарскія конкурсы і фестывалі рэвалюцыйнай песні. Для абслугі святкванняў, якія значыліся ў савецкім календары, прыцягваліся лепшыя музыканты, танцоры і спевакі.

Самым надзейным сродкам прапагандавання савецкай мадэлі жыцця і камуністычных вартасцей было кіно. У гарадах заходняй Беларусі ў 1939—1941 гадах колькасць кінатэатраў павялічылася ўтрая. Асаблівая роля ў галіне ідэалагізацыі вясковага грамадства адводзілася кінаперасоўкам. Большасць сялян рухомы вобраз на сцяне бачыла ўпершыню. Кінакарціна ўжо як тэхнічная з’ява так моцна ўздзейнічала на ўяўленне, што на яго дэманстрацыю сыходзіліся сяляне з аддаленых вёсак. Была гэта для іх вялікая інтэлектуальная прыгода, якую падаравала ім савецкая ўлада. Героі экрана, якія ігралі ролі чэкістаў часоў бальшавіцкай рэвалюцыі, перадавікоў індустрыялізацыі і калектывізацыі ставаліся маральныі ўзорамі для мясцовай моладзі.

Падобную ролю мелі выконваць літаратура і друк. У кожным раёне была свая газета. Спачатку большасць рэспубліканскіх, абласных і раённых перыядычных выданняў выходзіла на беларускай мове. Пад канец 1940 г. у друку пачала пераважаць руская мова. Выходзіла таксама 8 газет на польскай мове, у тым ліку дзве рэспубліканскія — “Піянер” (“Pionier”) і “Сцяг свабоды” (“Sztandar Wolności”). Словы “свабода, вольнасць” віднеліся таксама i ў загалоўках двух польскамоўных лакальных газет — раённай “Свабодная Ломжа” (“Wolna Łomża”) і беластоцкай абласной “Вольная праца” (“Wolna Praca”).

Падчас уступлення Чырвонай Арміі на тэрыторыю ІІ Рэчы Паспалітай здарылася шэраг выпадкаў разбурэння цэркваў, касцёлаў, сінагог і манастыроў савецкімі салдатамі і мясцовымі партызанамі. Загінула некалькі дзесяткаў духоўных розных веравызнанняў. У першых месяцах савецкай улады, апрача канфіскацыі зямлі, не арганізаваліся масавыя акцыі супраць храмаў і рэлігійных абшчын. Багаслужбы ў цэрквах, касцёлах, сінагогах звычайна адбываліся без перашкод.

Вясною 1940 г. бальшавікі таксама і ў галіне веравызнанняў пачалі праводзіць палітыку падобную на тую, якую дзесяцігоддзямі ўкаранялі ў Савецкім Саюзе. Зыходзілі яны з пункту гледжання, што інтэграцыя краіны патрабавала ліквідацыі канкурэнтных светапоглядаў і ідэалогій. У сакавіку 1940 г. забаронена было выкладаць рэлігію ў школах. Неўзабаве многія духоўныя ўсіх веравызнанняў былі арыштаваны і абвінавачаны ў супрацоўніцтве з польскімі ўладамі да 1939 г. Найбольшым рэпрэсіям падвяргаўся праваслаўны клір, паколькі беларусы, якія складалі большасць вернікаў гэтага веравызнання, былі прызнаны найбольш падатлівымі светапогляднай пераарыентацыі. Часта арыштаваныя духоўныя замяняліся асобенямі, якіх паводзіны абражалі святарскі чын. Быў гэта адзін з метадаў кампраметацыі рэлігіі і інстытутаў Царквы ў вачах вернікаў. Большасць святароў была пазбаўлена права карыстацца прыхадскімі дамамі, якія перадаваліся ў распараджэнне арміі, райвыканкамаў ці сельсаветаў. Некаторыя настаяцелі прыходаў абкладаліся падаткамі, якіх яны нават з дапамогай прыхаджан не маглі заплаціць. Неўзабаве канфесійныя абшчыны мелі таксама плаціць арэнду за карыстанне сакральнымі аб’ектамі — цэрквамі, касцёламі, сінагогамі. Памеры арэнднай платы вызначалі райвыканкамы ў залежнасці ад таго, ці дадзены сакральны аб’ект планаваўся перадаць нейкай савецкай установе ці не. У першым выпадку вызначаліся вялікія аплаты, несуразмерныя да фінансавых магчымасцей прыхаджан. Задоўжанасць абазначала неадкладную канфіскацыю храма. Такім чынам цэрквы, касцёлы, сінагогі замяняліся на кінатэатры, дамы народнай культуры, участкі НКУС, стайні, майстэрні, фабрыкі, казармы або турмы.

Большасць духоўных мела, аднак, магчымасць весці па меры нармальную душпастырскую дзейнасць. Улады ўвялі толькі пэўныя абмежаванні ў выконванні рэлігійных паслуг. Рашуча была забаронена ўсялякая рэлігійная дзейнасць паза агароджай храма. Кліру нельга было паказвацца публічна паза цэрквай у рызе ці аблачэнні. Забаронена юыло таксама ўжываць царкоўныя званы падчас рэлігійных урачыстасцей.

Многія райвыканкамы вызначылі кліру на сваёй тэрыторыі такі сам шарварак як і для сялян. Фізічная праца духавенства лічылася перавыхоўваннем “паразітычных элементаў”. У сапраўднасці была гэта форма прыніжэння кліру. У другой палове 1940 г. паўсюдным стала парушанне багаслужбаў камсамольцамі і салдатамі. Уварванне групы маладых камуністаў у царкву падчас нядзельнай багаслужбы на практыцы абазначала спыненне традыцыйнага літургічнага парадку. У маі 1940 г. шлюбы, хрышчэнні і пахаванні, здзейсненыя ў цэрквах, сінагогах і касцёлах, у святле дзяржаўных законаў перасталі мець якоенебудзь значэнне.

Многа месца ў школах, на прадпрыемствах і вясковых сходах адводзілася атэістычнай прапагандзе. Грамадству прапанаваўся безліч кніжак, брашур, афішаў, лістовак антырэлігійнага зместу. Улюбёным заняткам прыбыўшых з усходу настаўнікаў было прымушанне дзяцей прасіць цукерак спачатку ў Бога, перад іконай, а пасля ў Сталіна, перад ягоным партрэтам. Эмпірычным шляхам пераконвалі яны дзяцей, што толькі Сталін уладны даць людзям усё, чаго ім трэба, адгукацца на іх патрэбы, караць віноўных. Школа ўсялякія атрыбуты Бога пераносіла на правадыра сусветнага камуністычнага руху.

Арышты і дэпартацыі

У адпаведнасці з савецкім заканадаўствам прыналежнасць да некаторых грамадскіх саслоўяў і прафесійных груп была злачынствам. Уладальнікі прадпрыемстваў, якія наймалі рабочую сілу, памешчыкі, багатыя сяляне, клір, паводле вызначэнняў савецкага заканадаўствва, гэта “контррэвалюцыйны, антысавецкі і антысацыялістычны элемент”. Таксама ўсялякія фармальныя сувязі паасобных людзей са структурамі буржуазнай дзяржавы, а датычыла гэта перш за ўсё вайскоўцаў, паліцыянтаў, турэмшчыкаў, лясной аховы, чыноўнікаў, кваліфікавалі іх да групы “ворагаў народа”. Злачынцамі, паводле савецкага права, былі таксама члены “буржуазных”, “кулацкіх” і “контррэвалюцыйных” палітычных партый. На практыцы датычыла гэта ўсіх асоб, якія да 1939 г. удзельнічалі ў палітычным жыцці паза структурамі камуністычных арганізацый. Савецкая рэчаіснасць трыццатых гадоў паказала, што пералічаныя “злачынствы” не падлягалі даўнасці. Пашырэнне ў 1939 г. межаў СССР на захад. абазначала таксама ўвядзенне на далучаных абшарах савецкага заканадаўства.

На тэрыторыі заходніх абласцей БССР пад пагрозай знішчэння апынулася многа асоб, якія належалі да “злачынных” саслоўяў. Да вайны грамадскую эліту на гэтым абшары складалі палякі і ў сувязі з тым гэтая нацыянальная група падчас укаранення савецкай законнасці пацярпела найбольш. Рэпрэсіі пры ўдзеле ваенных чыннікаў Чырвонай Арміі і функцыянераў НКУС пачаліся з першых дзён усталёўвання савецкай улады на тэрыторыі былых усходніх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай. Да паловы кастрычніка 1939 г. арыштаваных было амаль 3,5 тыс. чалавек, галоўным чынам палітычных дзеячаў, паліцыянтаў, пагранічнікаў і прадстаўнікоў дзяржаўнай адміністрацыі.

На тэрыторыі заходніх абласцей Беларусі і Украіны Чырвоная Армія ўзяла ў палон 14 736 польскіх афіцэраў, паліцыянтаў, жандараў, турэмшчыкаў і супрацоўнікаў разведкі. Амаль 97% запалоненых складалі палякі. Іншыя нацыянальныя групы ў гэтых прафесіях складалі нязначны працэнт. Ваенныя палонныя былі арміяй перададзены органам НКУС. У адпаведнасці з распараджэннем шэфа гэтага ведамства Лаўрэнція Берыі ад 25 сакавіка 1940 г. усе асобы, якія былі затрыманы ў заходніх абласцях Беларусі і Украіны, па прычыне закаранелай варожасці да савецкай улады павінны былі быць асуджаны ў неадкладным парадку і расстраляны. Функцыянеры, якія разглядалі справы арыштаваных афіцэраў, памешчыкаў, фабрыкантаў, чыноўнікаў, даваенных палітычных дзеячаў, былі вызвалены ад абавязку кантактавацца з абвінавачанымі, слухаць іх паказанні, прад’яўляць ім абвінаваўчыя акты і зачытваць ім прыгаворы. Палітбюро ЦК ВКП(б) адобрыла прапановы Берыі, вырашаючы такім чынам лёс арыштаваных. Фармальна, аднак, прыгаворы выдавала тройка работнікаў мінскага НКУС: Усевалад Мяркулаў, Амяк Кабулаў, Баштакоў.

Рашэннем Берыі ад 5 снежня 1939 г. з заходніх абласцей Беларусі высяленню падлягалі работнікі лясной аховы і вайсковыя асаднікі. Першыя абвінавачваліся ў ваенным абучэнні і ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў ваенных дзеяннях супраць СССР, другія — у захопе чужой уласнасці па волі буржуазнага польскага ўрада і ў вернасці ды адданасці гэтаму ўраду. Па загаду камісара НКУС БССР Лаўрэнція Цанавы ад 25 снежня 1939 г. да 5 студзеня 1940 г. раённыя выканаўчыя камітэты саставілі спісы сем’яў асаднікаў і работнікаў лясной аховы. Каб прадухіліць спробы ўцёкаў або супраціўлення, аперацыя высялення гэтых груп насельніцтва рыхтавалася амаль так, як ваенная акцыя. У паасобных раёнах і абласцях раней былі назначаны кіраўніцтвы аперацыі і акрэслены іх кампетэнцыі. Звычайна кіраванне высяленчай акцыяй перадавалася шэфам НКУС дадзенага ўзроўню. У распараджэнне палітычнай міліцыі ў заходняй Беларусі з усходніх абласцей было прысланых 2 тыс. работнікаў гэтага ведамства і амаль 7 тыс. чырвонаармейцаў і міліцыянераў. Было створана 4 тыс. аперацыйных груп, якія мелі прымаць непасрэдны ўдзел у правядзенні перасяленчай акцыі. Аказваць усялякага роду дапамогу НКУС у правядзенні гэтай аперацыі абавязаны былі таксама кіраўніцтвы ўсіх інстанцый партыі і камсамола. Падрыхтаваны былі адпаведныя чыгуначныя эшалоны, а нагляд за імі перанялі работнікі НКУС. У пачатку лютага Цанава пераслаў Берыю і першаму сакратару ЦК КП(б)Б Панцеляймону Панамарэнку камплектныя спісы людзей, якія падлягалі дэпартацыі. Занесена ў іх была 51 тысяча прозвішчаў. Акцыя пачалася 10 лютага 1940 г. раніцай ва ўсіх раёнах адначасна. На працягу гэтага дня ў вагоны пагружана было 50 тыс. чалавек. Вывазкі пазбегнулі толькі непрысутныя ў той дзень дома або цяжка хворыя. Раней падрыхтаваныя гаспадарчыя групы заняліся вопісам маёмасці, якая засталася ад вывезеных асаднікаў і работнікаў лясной аховы.

У сакавіку НКУС пачаў падрыхтоўку да другой высяленчай аперацыі, накіраванай гэтым разам супраць сем’яў асоб, якія апынуліся ў лагерах, турмах, уцяклі за мяжу, арыштаваных раней паліцыянтаў, жандараў, фабрыкантаў, памешчыкаў, дзеячаў некамуністычных палітычных партый. Другі тур высялення адбыўся 13 красавіка 1940 г. У Сібір і Казахстан саслана з Беларусі ў гэты дзень 24 тыс. чалавек.

29 чэрвеня 1940 г. праведзены быў трэці тур высялення, накіраваны супраць тых, што ўцяклі з нямецкай акупацыйнай зоны. Падвяргнуліся яму як палякі, так і беларусы і рускія, а перш за ўсё яўрэі, якія складалі амаль 90% уцекачоў. Многія з іх належалі да г.зв. эксплуататарскага класа і галоўным чынам яны былі дэпартаваны ў ходзе трэцяй аперацыі. З Беларусі выселена тады 23 тыс. чалавек. Гэтая астатняя аперацыя матывавалася м.ін. тым, што савецкія ўлады баяліся, каб сярод уцекачоў з захаду не апынуліся нямецкія шпіёны. Дзеля прафілактыкі з прыгранічнай зоны былі вывезены ўсе падазроныя.

Апошняя вялікая аперацыя масавага высялення адбылася 19 чэрвеня 1941 г. У вагоны грузілі тады галоўным чынам дзеячаў некамуністычных грамадскіх і палітычных арганізацый, якія дзейнічалі як у польскім, так і ў беларускім, рускім і яўрэйскім асяроддзях. Дэпартавана тады 22 тыс. чалавек.

Высяленні і дэпартацыі не абмежаваліся толькі да чатырох аднадзённых аперацый НКУС, накіраваных супраць асоб, якіх грамадскі або прафесійны статус кваліфікаваў іх, паводле савецкага заканадаўства, у лік “ворагаў народa”. Сістэматычна вяліся арышты асоб падазроных у прыналежнасці да нелегальных або антысавецкіх арганізацый. Аб віне часта вырашаў данос суседа або сваяка, які жадаў пазбыцца дадзенай асобы са свайго атачэння. У такіх справах не вялося ніякае следства, а падазроныя высылаліся ў Сібір або Казахстан.

Пачатак калектывізацыі абазначаў з’яўленне чарговай групы асоб, прыгавораных на дэпартацыю. Датычыла гэта галоўным чынам сялян, якіх маёмасны статус або, напрыклад, выгляд дома вылучаўся ад іншых. На 22 чэрвеня планавалася дэпартацыя некалькіх дзесяткаў кулакоў і іх сем’яў, але выбух нямецка—савецкай вайны перашкодзіў ажыццяўленню гэтай дэпартацыі. Ваенныя дзеянні не спынілі, аднак, эшалонаў з сасланымі 19 чэрвеня 1941 г. Машына НКУС скрупулёзна выконвала загады свайго цэнтра.

Паводле вызначэнняў беларускага гісторыка Аляксандра Хацкевіча, да 20 чэрвеня 1941 г. з заходніх абласцей Беларусі вывезена было ў Сібір або Казахстан звыш 120 тыс. чалавек. У гэты лік не ўключаны звыш 14 тыс. польскіх афіцэраў, якіх пераняў НКУС з чырвонаармейскіх лагераў для ваеннапалонных, ні арыштаваных і асуджаных перад высяленнем за гаспадарчыя і крымінальныя злачынствы.