Навейшая гісторыя Беларусі

Мірановіч Яўген


Беларусы ў ІІ Рэчы Паспалітай

Грамадства і гаспадарка

Паводле перапісу насельніцтва ад 1921 г. у Польшчы, на тэрыторыі Беластоцкага, Навагрудскага, Палескага і Віленскага ваяводстваў, пражывала 1 035 тысяч беларусаў. Ніхто, аднак, з сур’ёзных гісторыкаў ні ў міжваенны перыяд, ні пазней не лічыў гэты лік сапраўдным. Дзяржаўныя ўлады імкнуліся паказаць польскі характар зямель, распаложаных на ўсход ад рыжскай мяжы, таму ў час перапісу прымаліся розныя меры, каб паказаць там як найменшую колькасць беларускага насельніцтва. Паводле польскага гісторыка Анджэя Жарноўскага, у ІІ Рэчы Паспалітай жыло каля 1,7 млн. беларусаў. Паводле вызначэнняў гісторыка Ежы Тамашэўскага, на тэрыторыі чатырох паўночнаўсходніх ваяводстваў было сама меней 1,95 млн. чалавек беларускай нацыянальнасці, у тым ліку ў Палескім ваяводстве 654 тыс., Навагрудскім — 616 тыс., Віленскім — 407 тыс., Беластоцкім — 269 тыс.

Так як і ў БССР, сярод беларусаў пражываючых у польскай дзяржаве пераважную большасць складала сялянства. Працэнт беларускага насельніцтва ў гарадах быў у восем разоў меншы за такі ж паказчык у вясковым асяроддзі. У сапраўднасці беларускіх жыхароў гарадоў было ў сорак разоў менш чым сялян, якія размаўлялі на такой самай мове. Больш за 90% беларускага насельніцтва ўтрымлівалася з працы на зямлі. Для 7% крыніцай утрымання была наёмная праца. Рабочыя беларускай нацыянальнасці працавалі на пасадах, якія не патрабавалі кваліфікацыі — у сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве, лесаводстве, або ў якасці хатняй службы. Наглядальных пасад, лепш платных і патрабуючых кваліфікацыі, беларусы наогул не атрымлівалі. У некаторых галінах гаспадаркі, асабліва кантраляваных дзяржавай, напрыклад, у камунікацыі, транспарце, сувязі, публічнай службе — беларусаў не прымалі на працу па палітычных прычынах, паколькі адміністрацыя баялася з іх боку сабатажу або дыверсійных дзеянняў.

Вытворчасць на тэрыторыі чатырох паўночнаўсходніх ваяводстваў была цесна звязана з сельскай гаспадаркай. Працавала тут 149 спіртзаводаў, 8 бровараў, 27 крухмальных заводаў, 44 смалакурні, 87 цагельняў, 34 малочныя заводы, 298 млыноў, 82 тартакі. Былі гэта невялікія прадпрыемствы, у якіх сацыяльнае заканадаўства прымянялася толькі ў сімвалічных памерах. Формы працы і аплаты рабочым вызначаліся паводле меркавання работадаўца.

Беларусы складалі самую вялікую групу рабочых у памешчыцкіх маёнтках. Найчасцей працавалі там цэлымі сем’ямі. Жонка даіла кароў, даглядала жывёлу, дзеці пасвілі свіней або выконвалі іншыя хатнія і палявыя работы. Узамен уладальнік маёнтка даваў ім прыстанішча, адпускаў кавалак зямлі для вырошчвання бульбы і гародніны ды плаціў у натуры малаком і свойскай птушкай. Ва ўмовах адсутнасці іншай працы беззямельныя сяляне найчасцей былі поўнасцю залежныя ад работадаўца.

Большасць палявых работ, на сенажацях, у лясах выконвалі сезонныя рабочыя, найчасцей навакольныя сяляне, якія ў такі спосаб зараблялі грошы, каб заплаціць падатак, або адраблялі пазычаную ў двары муку, збожжа, бульбу, якіх нястача, асабліва напрадвесні, была паўсюднай з’явай.

Рамеснікі і дробныя купцы беларускага паходжання гуртаваліся галоўным чынам у пасёлках і малых мястэчках. Рамяство звычайна папаўняла ім даходы з невялікай гаспадаркі. Таксама ў кожнай вёсцы была група сялян, якая, апрача працы на сваёй гаспадарцы, выконвала кавальскія, сталярскія, цяслярскія, кравецкія, ткацкія, шавецкія паслугі.

Беларуская інтэлігенцыя на абшары чатырох паўночнаўсходніх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай была нешматлікай. Не было таксама ўмоў, якія садзейнічалі б росту гэтай грамадскай групы. Па палітычных прычынах беларусы вельмі рэдка прымаліся на працу ў адміністрацыю і іншыя дзяржаўныя ўстановы. Беларускае школьніцтва існавала толькі ў сімвалічных памерах. Магчымасці паступаць у польскія сярэднія школы і вышэйшыя навучальныя ўстановы былі для беларускай моладзі абмежаваны фінансавымі абставінамі. Таму гэтая грамадская праслойка з цягам часу скарачалася. Частка беларускай інтэлігенцыі шукала паратунку ўладкоўваючыся на працу ў гандлі і дробнай вытворчасці, або выконваючы працы характэрныя для найніжэйшых слаёў грамадства. Многія займаліся палітыкай, звычайна імкнучыся звергнуць лад, які давёў іх да ўніжанай сітуацыі. Уздзеянне беларускай інтэлігенцыі на сялянства было невялікае. Не было разбудаваных інструментаў такога ўздзеяння ў выглядзе школ, друку, культурных устаноў.

Беларускія памешчыкі складалі зусім нешматлікую групу. На тэрыторыі чатырох паўночнаўсходніх ваяводстваў 84,4% маёнткаў належалі палякам, а толькі 4,1% — беларусам. У Беластоцкім ваяводстве беларускія памешчыкі складалі толькі 2,4% уладальнікаў маёнткаў (звыш 50 га), Віленскім — 8,2%, Навагрудскім — 8,2%, Палескім — 17,8%. Памешчыцкая ўласнасць складала значную частку ў аграрнай структуры згаданых ваяводстваў. У Палескім ваяводстве займала яна 50,8% плошчы зямлі, Навагрудскім — 35,1%, Віленскім — 32%, Беластоцкім — 18,1%. Самыя вялікія маёнткі налічвалі па некалькі дзесяткаў тысяч гектараў.

Вялікую частку плошчы на гэтай тэрыторыі — звыш 40% — займалі неўраджайныя землі, пашы, лясы, балоты. Існуючай аграрнай структуры спадарожнічалі архаічныя метады гаспадарання. У сялянскіх гаспадарках зямлю апрацоўвалі такімі спосабамі як і стагоддзі таму. Памешчыкі значную частку сваёй зямлі здавалі ў арэнду ўзамен за частку плёну. Грошы рэдка ўжываліся пры такога тыпу здзелках. Рэліктам мінулага былі таксама сервітуты. Аднак для мала і беззямельных сялян давалі яны шанц пратрымаць некалькі штук свіней ці быдла. Таму іх ліквідацыяй былі зацікаўлены толькі больш заможныя сяляне і ўладальнікі фальваркаў. Для гэтых апошніх вартаснымі былі галоўным чынам лясныя сервітуты, па прычыне магчымасці продажу драўніны.

Узровень тэхнікі і плён на Заходняй Беларусі — як звычайна называюць гэтую тэрыторыю ў беларускай пісьменнасці — былі самымі нізкімі ў Польшчы. Па вёсках панавала амаль натуральнае гаспадаранне. Сяляне большасць неабходных у штодзённым жыцці артыкулаў выраблялі саматужна: бялізну, вопратку, абутак, сельскагаспадарчыя прылады, хатняе абсталяванне, посуд. Льняное палатно — асноўны матэрыял для пашыўкі вопраткі — выраблялася амаль у кожнай хаце. У якасці летняга абутку паўсюдна выкарыстоўваліся лыкавыя лапці. Асноўнымі харчовымі прадуктамі былі капуста, бульба і хлеб, які пяклі з мукі змеленай у жорнах. Прымянялася соль найгоршага гатунку, а цукар быў рэдкасцю ў сялянскай хаце і паўсюдна замяняўся сахарынам, які кантрабандысты перапраўлялі ў Польшчу цераз літоўскую граніцу. Папаўненнем сялянскага меню былі рыбы, якія ў вялікай колькасці вадзіліся ў адносна шчыльнай сетцы вадаёмаў. Ураджай з 5—10-гектарнай гаспадаркі з цяжкасцю дазваляў пратрымацца звычайна мнагалікай сялянскай сям’і. Голад на гэтай тэрыторыі, асабліва ў пераджніўны час, пастаянна спадарожнічаў насельніцтву.

Грошы ў тадышняй гаспадарцы не адыгрывалі істотнай ролі. Патрэбны яны былі для аплаты падаткаў і куплі неабходных тавараў — запалак, газы, солі. Свайго роду капіталаўкладаннем была жывёлагадоўля. Калі сялянам патрэбны былі грошы, тады прадавалі яны каня або карову, у крайнім выпадку — кавалак зямлі.

Прагматыкі і партызаны

Грамадскія, палітычныя, эканамічныя і нацыянальныя адносіны на тэрыторыі чатырох паўночнаўсходніх ваяводстваў стваралі атмасферу калоніі. Спосаб польскага праўлення на землях, населеных беларусамі, ад самага пачатку не спрыяў усталяванню карэктных адносін паміж дзяржаўнай уладай і мясцовым насельніцтвам. Разам з замацаваннем дзяржаўных структур пачаліся ліквідацыя беларускага школьніцтва, разбуранне або адбіранне цэркваў, праследаванне падазроных у спрыянні камунізму. Паколькі ў Польшчы перамагла нацыяналдэмакратычная канцэпцыя нацыянальнай палітыкі, на практыцы сталі ажыццяўляцца найгоршыя і самыя брутальныя метады асіміляцыі славянскіх меншасцей. Ва ўмовах парламенцкага кіравання (1921—1926) не рэалізавалася аднак ніводная кампактная праграма нацыянальнай палітыкі. Гэтыя пытанні належалі кампетэнцыі чатырох ведамстваў: міністэрствам унутраных, ваенных і замежных спраў ды міністэрству веравызнанняў і публічнай асветы. За гэты перыд урады змяніліся дзесяць разоў, а кіраўнікі названых ведамстваў змяняліся значнай часцей. Таму палітыка на паўночнаўсходніх крэсах вызначалася перш за ўсё лакальнай адміністрацыяй, якая беларусаў лічыла элементам ніжэйшай катэгорыі, адсталым, прымітыўным, якога лёгка можна апалячыць. Адміністрацыйныя кадры папаўняліся чыноўнікамі з цэнтральных ваяводстваў. У Беларусь часта прысылаліся людзі, якія не праявілі сябе на папярэдняй пасадзе або скампраметаваліся. Гэтая адміністрацыя ажыццяўляла перш за ўсё такую палітыку, якой чакалі мясцовыя памешчыкі і якая не заўсёлы адпавядала інтарэсам польскай дзяржавы.

Тым часам для змякчэння грамадскіх напружанняў патрэбна была аграрная рэформа. Аднак кожнае дзеянне ў гэтым напрамку давяло б да змяншэння ўласнасці, якая заставалася б у польскіх руках. Таму на аснове закона ад 20 снежня 1920 г. сюды былі прывезены пасяленцы з цэнтральнай часткі Польшчы. Перасяляліся галоўным чынам былыя жаўнеры і афіцэры, якіх надзялялі зямлёй і падтрымоўвалі крэдытамі на асваенне гаспадаркі. Асаднікі мелі ўздзейнічаць на беларускае асяроддзе ў напрамку яго асіміляцыі, быць апорай мясцовай адміністрацыі і тым фактарам, які тармозіў бы антыдзяржаўныя выступленні. Асаднікі найчасцей выконвалі абавязкі солтысаў, войтаў, лаўнікаў (засядацеляў), ставаліся ніжэйшай ступенькай улады. Часта на новае месца жыхарства прыязджялі яны з пісталетам або вінтоўкай. У выпадку патрэбы абавязаны яны былі дапамагаць войску, паліцыі, лясной ахове, прымаць удзел у аблавах на партызан.

Каланізацыя крэсаў, паводле планаў дзяржаўных улад, мела аб’яднаць іх з Польшчай, зменшыць зямельны голад у цэнтральных рэгіёнах краіны, стварыць адпаведныя тылы ў выпадку канфлікту з СССР. Хаця на беларускія землі перасяліліся некалькі дзесяткаў тысяч людзей, палітычныя і гаспадарчыя вынікі асадніцтва аказаліся малазначныя. Асаднікі не змянілі нацыянальнага аблічча гэтага рэгіёна. Іх прысутнасць даводзіла часам толькі да напружанняў у адносінах з мясцовым беларускім насельніцтвам.

Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора ўлады хутка давялі да заняпаду беларускае школьніцтва на Віленшчыне. Урад спыніў фінансавую падтрымку, паколькі існаванне гэтых школ палічыў спрэчным з інтарэсам дзяржавы. Пад уздзеяннем агітацыі нацыяналістычных груповак у беларусаў была адабрана большасць асветных устаноў. У іншых ваяводствах беларускія школы былі закрыты на пачатку 1921 г.

Беларускія палітыкі не былі згодны ў справе пазіцыі ў адносінах да рэчаіснасці, якую на населенай беларусамі тэрыторыі стваралі польскія ўлады. Дзеячы, раней звязаныя з Найвышэйшай Радай — Браніслаў Тарашкевіч, Антон Луцкевіч, Сымон РакМіхайлоўскі, ксёндз Адам Станкевіч, Аркадзь Смоліч, Лявон Дубейкаўскі, Эдуард Будзька, Фабіян Ярэміч — лічылі, што ва ўмовах нездзяйснення нацыянальных памкненняў, паражэнняў у галіне будовы сваёй дзяржавы і раздзелу Беларусі трэба прынамсі шукаць магчымасці для праіснавання народа. Зыходзілі яны з прадпасылкі, што змаганне з польскай дзяржавай можа толькі пагоршыць сітуацыю беларусаў і ў склаўшыхся ўмовах самым галоўным павінна быць асветная праца з народам — змаганне за асвету на роднай мове, стваранне вытворчых кааператываў, удзел у парламенцкіх выбарах. Браніслаў Тарашкевіч быў перакананы, што парламентарызм і польская дэмакратыя створаць беларусам магчымасць поўнага нацыянальнага жыцця. Прыхільнікі пошукаў пагаднення з палякамі называлі сябе рэалістамі і прагматыкамі. Вясною 1921 г. стварылі яны Беларускі палітычны камітэт (БПК), які супрацоўнічаў у барацьбе на тэрыторыі Рэчы Паспалітай з уплывамі эміграцыйнага ўрада Вацлава Ластоўскага. БПК быў неафіцыйнай арганізацыяй. Інтарэсы гэтай групы афіцыйна прадстаўляў віленскі Беларускі нацыянальны камітэт (БНК).

У сакавіку 1922 г. дэлегацыя Беларускага палітычнага камітэта з Тарашкевічам на чале была прынята начальнікам дзяржавы Юзафам Пілсудскім і прэм’ерміністрам Антоніем Панікоўскім. Беларусы прадставілі найважнейшым асобам у дзяржаве свае пажаданні ў галіне развіцця асветы на роднай мове. Патрабавалі яны стварыць пры Міністэрстве асветы ўстанову па справах беларускага школьніцтва, выдзеліць Віленскай беларускай гімназіі датацыю, адкрыць беларускую настаўніцкую семінарыю ды абняць усе беларускія дзеці навучаннем роднай мове. Апрача галантнасці і абяцанняў пацікавіцца справамі беларускай асветы польскія ўлады беларусам не мелі чаго прапанаваць.

У красавіку 1922 г. дзеячы Беларускага палітычнага камітэта заснавалі Палітычную камісію, якую састаўлялі Браніслаў Тарашкевіч, Антон Луцкевіч і Вячаслаў Багдановіч. Камісія мела распрацаваць прынцыпы працы афіцыйнага Беларускага нацыянальнага камітэта на глебе польскай дзяржаўнасці, а перш за ўсё падрыхтоўкі да парламенцкіх выбараў. Прытрымоўваючыся сваіх поглядаў дзеячы БПК хацелі змагацца за беларускія нацыянальныя інтарэсы ў Польшчы, скарыстоўваючы дэмакратычныя механізмы дзяржавы.

Іншую пазіцыю ў адносінах да польскай дзяржавы прадстаўлялі дзеячы верныя эміграцыйнаму ўраду БНР у Коўне. 26 верасня 1921 г. па ініцыятыве прэм’ера ўрада Вацлава Ластоўскага ў Прагу была склікана Беларуская нацыянальнапалітычная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Беларускай партыі сацыялістаўрэвалюцыянераў, Беларускай партыі сацыялістаўфедэралістаў, Беларускай сацыялдэмакратычнай партыі, нацыяналсацыялістаў і беспартыйных дзеячаў. Амаль палову ўдзельнікаў канферэнцыі (18) складалі дэлегаты БПСР. На працягу пяці дзён нарадаў удзельнікі канферэнцыі распрацавалі план дзеяння ў новых палітычных умовах. У прынятай на заканчэнне канферэнцыі рэзалюцыі было сказана, што Беларусь павінна быць непадзельнай і незалежнай дзяржавай. Адзінай легальнай уладай з’яўляецца ўрад БНР які мандат атрымаў ад Рады. Рыжскі дагавор удзельнікі канферэнцыі назвалі трактатам аб падзеле, а склаўшыся парадак па абодвух баках рыжскай мяжы — акупацыяй Беларусі дзвюма суседнімі дзяржавамі. У рэзалюцыі “ўсе актыўныя беларускія сілы” заклікаліся да барацьбы ўсімі магчымымі сродкамі “супраць падзелу Беларусі”. “Кожнага, хто прызнае рыжскі дагавор, трэба прызнаць ворагам беларускага народа”, — заявілі ўдзельнікі канферэнцыі.

Улічваючы — як было сказана ў рэзалюцыі — асабліва нялюдскае праследаванне беларускай культуры, інтэлігенцыі і нацыянальных дзеячаў у польскай акупацыйнай зоне, вырашана выслаць пратэст у Лігу Нацый з патрабаваннем адкінуць “польскі імперыялізм на лінію рэк Нарвы і Буга”. З’езд прадстаўнікоў беларускіх сацыялістычных партый у Празе ўхваліў таксама рэзалюцыю ў справе дзейнасці ген. Станіслава БулакБалаховіча, які быў названы аферыстам і узурпатарам ды абвінавачаны ў злачынствах і грабяжах на беларускім і яўрэйскім мірным насельніцтве.

Хаця ўсе прынятыя ў Празе дакументы аднолькава ацэньвалі польскі і савецкі бакі, аднак партызанскі рух на практыцы арганізаваны быў толькі на заходнім баку рыжскай мяжы. Праўдападобна так дзеялася па волі літоўскіх і нямецкіх пратэктараў урада Ластоўскага. Менавіта Нямеччына і Літва падтрымоўвалі фінансава і забяспечвалі зброяй і амуніцыяй узнікаючыя беларускія партызанскія атрады. Звыш таго, галоўная палітычная сіла ў эміграцыйным урадзе — эсэры, традыцыйна праяўлялі заходнерускія тэндэнцыі. Пачатак бальшавіцкай палітыкі беларусізацыі ў БССР спрыяў трактаванню іх як патэнцыяльных саюзнікаў беларускай справы.

На пачатку 1922 г. з малалікіх узброеных груп ствараліся буйнейшыя падраздзяленні, якія мелі пачаць паўстанцкую кампанію ў выпадку польскалітоўскага канфлікту. Увесь партызанскі рух кантраляваўся эсэрамі, якія дзейнічалі ў пагадненні з урадам Ластоўскага. У адпаведнасці з дырэктывай Паўстанцкага камітэта, бліжэй неакрэсленага складу, беларускія ваенныя структуры павінны ў канспірацыйных мэтах весці дзейнасць як асветныя гурткі, кааператыўныя арганізацыі, царкоўныя брацтвы. Ваенная вертыкаль эсэраўскай арганізацыі мела назву Брацтва беларусаў. Некаторыя камандзіры, каб падкрэсліць сялянскі характар руху, карысталіся назвай Брацтва сялянбеларусаў.

Побач эсэраўскай арганізацыі дзейнічаў таксама арыентаваны на Мінск Саюз сялянскай самааховы.

Беларускай паўстанцкай арганізацыяй у Польшчы кіраваў Галоўны беларускі штаб, якія меў цесныя сувязі са штабам літоўскай арміі. Галоўнаму беларускаму штабу падначалены былі камандаванні чатырох паўстанцкіх груп са штабамі ў Аранах, Уцянах, Мерачы (на Літве) і праўдападобна ў Вільні. Штабы паасобных груп мелі весці арганізацыйную, палітычную, разведвальную і аперацыйную дзейнасць. У рамках аперацыйнай дзейнасці рыхтаваліся планы дыверсійнасабатажных акцый у адносінах да стратэгічных аб’ектаў — мастоў, віядукаў, вакзалаў, тэлефонных і тэлеграфных станцый, а таксама наступальныя дзеянні супраць атрадаў польскага войска. З Літвы паступала паўстанцам зброя, амуніцыя, узрыўныя матэрыялы, грошы. Камандзір чацвёртай групы Вячаслаў Разумовіч “Хмара”, якой штаб знаходзіўся ў Мерачы, кіраваў канспірацыйнай структурай з амаль 8 тысяч чалавек. Большасць з іх займалася земляробствам і ніколі не прымала ўдзелу ў арганізаваных лакальнымі камандзірамі акцыях. Праўдападобна патэнцыяльныя паўстанцы не надта добра арыентаваліся таксама ў якім палітычным кантэксце адбывалася іхная канспірацыйная дзейнасць. У выдаваемым камандзірам атрада, які дзейнічаў у ваколіцах Белавежскай пушчы, Германам Шыманюком “Скамарохам” часопісе “Беларускі партызан” пісалася перш за ўсё пра лютасці і здзекі польскага боку над беларусамі. Удзельніцтва ў партызанскім руху мела быць абаронай і адначасна помстай за крыўды нанесеныя народу. Дзяржаўная ідэя ў змесце гэтых публікацый была ледзь прыкметная.

Паколькі структуры беларускай паўстанцкай арганізацыі ствараліся галоўным чынам з думкай аб удзеле ў польскалітоўскай вайне, дзейнасць беларускіх канспіратараў абмяжоўвалася да непрадбачаных Галоўным штабам акцый, якія праводзілі лакальныя камандзіры. Былі гэта перш за ўсё напады на пастарункі паліцыі, цягнікі, склады, магазіны, леснічоўкі, двары. Злоўленыя ў аблавах партызаны ў прынцыпе прыгаворваліся да вышэйшай меры пакарання. Першая экзекуцыя схопленых партызан атрада Германа Шыманюка адбылася 24 мая 1922 г.

15 сакавіка 1923 г. Савет Лігі Нацый прызнаў усходнія межы Польшчы з СССР і Літвой. Перспектыва польскалітоўскай вайны стала нерэальнай. Гэта вырашыла аб адмове падтрымкі літоўскага ўрада для беларускага цэнтра ў Коўне. Змена літоўскай палітыкі выклікала неабходнасць пераносу структур БНР у Берлін, а пазней у Прагу. Сталіца Чэхаславакіі ў другой палове дваццатых гадоў стала галоўным цэнтрам беларускай палітычнай эміграцыі.

У новай палітычнай сітуацыі канспірацыйныя беларускія структуры на тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай, якія ствараліся з восені 1921 г., пачалі падвяргацца распаду. Паліцыі ўдалося арыштаваць арганізатараў беларускага руху на Гродзеншчыне і Беласточчыне. У маі 1923 г. у Беластоку адбыўся працэс 45 канспіратараў, у тым ліку двух дэпутатаў польскага парламента — Сяргея Барана і Сымона Якавюка.

У 1923 г. частка колішняй эсэраўскай канспірацыі апынулася пад кантролем прысланых з Мінска або Масквы эмісараў. На базе, між іншым, груп, якія раней дзейнічалі ў рамках Брацтва беларусаў і Саюза сялянскай самааховы, ствараліся структуры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

Грамадаўская рэвалюцыя

1924 год характарызаваўся самай вялікай напружанасцю беларускіх выступленняў супраць польскай улады. Былі гэта як дзеянні інспіраваныя камуністычнымі арганізацыямі, так і звычайныя рэакцыі на паводзіны адміністрацыі, паліцыі і войска.

Палітыка польскага ўрада вагалася паміж дзвюма тэндэнцыямі, з аднаго боку прымаліся меры рэпрэсіўнага характару, з другога боку вяліся нясмелыя пошукі палітычных спосабаў вырашэння існуючых канфліктаў. Партызанcкі рух ліквідаваўся пры дапамозе рашучых ваенных дзеянняў. Стварэнне новай ваеннай структуры — Корпуса аховы пагранічча (КАП), камандзіры якога атрымалі паўнамоцтвы весці контрразведвальную і паліцыйную дзейнасць, масавыя арышты, якія вяліся ў 1923—1925 гадах, абмежавалі развіццё ўсялякіх форм нелегальнай дзейнасці, але поўнасцю яе не ліквідавалі.

Урад разважаў таксама некалькі праектаў эканамічных і палітычных вырашэнняў, якія мелі стварыць шанц нармалізацыі сітуацыі ў паўночнаўсходніх ваяводствах. Першым такія меры прыняў прэм’ер Уладзіслаў Сікорскі. Па яго загаду Канстанты Срокаўскі вясною 1923 г. распрацаваў рапарт аб сітуацыі беларускага насельніцтва. Летам 1923 г. Палітычны камітэт Рады Міністраў падрыхтаваў закон аб дзяржаўнай мове. Закон дапускаў магчымасць карыстацца беларускай мовай у судах і школах, ва ўстановах абавязвала выключна польская мова. Адстаўка ўрада Сікорскага спыніла працы ў напрамку пошукаў палітычных вырашэнняў праблемаў на тэрыторыі населенай беларусамі. Палітыку Сікорскага ў нацыянальным пытанні намагаўся працягваць урад Уладзіслава Грабскага. Апрача стварэння згаданага Корпуса аховы пагранічча кабінет Грабскага падрыхтаваў г.зв. моўныя законы. Былі яны ўхваленыя Сеймам у якасці закона 31 ліпеня 1924 г. Для разрадкі напружання ва ўсходніх ваяводствах было дазволена арганізаваць двухмоўныя школы, у якіх можна было вучыць беларускай і ўкраінскай мовам у польскіх школах. Гэты закон вырашаў пытанне толькі ў фармальным плане. Інтэрпрэтацыйныя акты да гэтага закона на практыцы рабілі немагчымым якоенебудзь развіццё беларускага школьніцтва. У заходняй частцы Беластоцкага ваяводства, у Беластоцкім, Бельскім і Сакольскім паветах наогул юрыдычна забаронена было ствараць школы з навучаннем беларускай мове. Год пасля ўвядзення закона двухмільённая беларуская меншасць мела 3 школы з выкладаннем прадметаў на роднай мове, з 425 вучнямі і 19 двухмоўных, у якіх роднай мове вучыліся 1 683 вучні. Усіх дзяцей, якія гаварылі пабеларуску і наведвалі ўсеагульныя школы, было звыш 125 тысяч. На кожную тысячу беларускіх дзетак толькі 3,5 мелі нагоду вывучаць родную мову.

Каб адвесці беларусаў ад партызанскага руху ўрад Грабскага разглядаў магчымасць правядзення аграрнай рэформы з улікам інтарэсаў няпольскага насельніцтва. Абмяркоўваўся нават намер увядзення беларускай мовы ва ўстановы тых паветаў, у якіх пераважную колькасць грамадзян складалі беларусы. Ва ўрадзе Грабскага прыхільнікам палітычных вырашэнняў быў Станіслаў Тугут. Прапанаваў ён парцэляваную зямлю перадаць беларусам, правесці дэмакратычныя муніцыпальныя выбары ва ўсходніх ваяводствах і адкрыць мясцоваму насельніцтву шырэйшы доступ да дзяржаўных і муніцыпальных устаноў.

Аднак на практыцы для дасягнення нармалізацыі на ўсходзе краіны большае значэнне прыдавалася дзеянням КАПа і паліцыі, чым увядзенню развязак эканамічнага і палітычнага характару. Дзеля змены прывычак крэсавай адміністрацыі неабходная была вялікая рашучасць цэнтральнага ўрада. Воля паасобных міністраў рацыяналізаваць нацыянальную палітыку аказалася малазначным фактарам і не паўплывала на ўвядзенне асноўных змен у гэтай галіне. Бязлітаснае сыскванне падаткаў, паліцыйны тэрор і самаўпраўства чыноўнікаў толькі спрыялі росту папулярнасці прасавецкіх груповак, асабліва КПЗБ.

У канцы 1924 г. Камінтэрн памяняў палітыку ў адносінах да Польшчы. Адмовіўся ён ад маланкавых партызанскіх акцый, якія хаця парушалі ўстойлівае становішча ва ўсходніх ваяводствах, аднак вялі да вынішчэння патэнцыяльных рэвалюцыйных кадраў у выніку штораз больш паспяховай барацьбы польскай дзяржбяспекі з падпольнымі структурамі. Стратэгічныя планы Камінтэрна прадугледжвалі падрыхтоўку “працоўных мас” да ўсеагульнай рэвалюцыі. Найбольш паспяховым метадам падрыхтоўкі было прызнана ўздзеянне на грамадства праз пасрэдніцтва легальна існуючых грамадскіх, палітычных, культурных, асветных і гаспадарчых арганізацый. Дзеля гэтага трэба было ініцыяваць іх узнікненне або пераймаць кантроль над існуючымі ўжо структурамі.

На парламенцкіх выбарах у лістападзе 1922 г. беларускія групоўкі, аб’яднаныя ў Беларускім цэнтральным выбарчым камітэце атрымалі 11 мандатаў у Сейме і 3 у Сенаце Рэчы Паспалітай. Дэпутаты абедзвюх палат польскага парламента заснавалі Беларускі пасольскі клуб, які ўзначаліў Браніслаў Тарашкевіч — прадстаўнік, разам з Сымонам РакМіхайлоўскім і Фабіянам Ярэмічам, беларускіх сацыялдэмакратаў. Дэпутатам Сейма стаў таксама прадстаўнік беларускай хрысціянскай дэмакратыі ксёндз Адам Станкевіч. Самую шматлікую групу беларускіх парламентарыяў складалі беспартыйныя — Аляксандр Уласаў, Вячаслаў Багдановіч, Міхал Кахановіч, Аляксандр Назарэўскі.

Згодна раней абранай палітычнай арыентацыі Тарашкевіч падняўся спрабаваць атрымаць палітычныя і культурныя канцэсіі ў карысць беларусаў пры скарыстанні дэмакратычных механізмаў польскай дзяржавы. У студзені 1923 г. дэпутаты, згуртаваныя ў Беларускім пасольскім клубе прадставілі праект культурнай аўтаноміі для беларусаў. Прапанавалі яны стварыць краёвы парламент у Вільні, дапусціць ужыванне беларускай мовы ў школах і судах, правесці аграрную рэформу і перадаць зямлю мясцовым сялянам, спыніць вайсковае асадніцтва, стварыць ваенізаваныя фарміраванні на прынцыпе грамадзянскай тэрытарыяльнай абароны замест гарнізонаў, якія сваёй прысутнасцю правакавалі антыдзяржаўныя выступленні. Беларускія парламентарыі патрабавалі таксама вярнуць Праваслаўнай царкве храмы, якія ў 1919—1922 гадах былі пераменены на касцёлы. У тадышніх умовах гэтыя патрабаванні былі нерэальнымі і поўнасцю ігнараваліся польскай парламентарнай большасцю і чарговымі ўрадамі.

Тарашкевіч не знеахвочваўся абвінавачваннямі ў паланафільстве, якім падвяргаўся з боку розных беларускіх арганізацый. Намагаўся ён, каб парламентарыі захавалі лаяльнасць у адносінах да польскай дзяржавы. У верасні 1923 г. вёў ён размовы з кандыдатам на пост прэм’ерміністра Станіславам Тугутам. Ад імені Беларускага пасольскага клуба абяцаў падтрымку для новага ўрада ўзамен за спыненне вайсковага асадніцтва, прад’яўленне зняволеным беларусам абвінаваўчых актаў, стварэнне ў ведамстве асветы пасады намесніка міністра па справах беларускага школьніцтва, адстаўку навагрудскага ваяводы і замяненне яго чыноўнікам беларускай нацыянальнасці, стварэнне адной школьнай акругі для зямель заселеных беларусамі і даручэнне абавязкаў намесніка куратара чалавеку, які выводзіцца з гэтага асяроддзя, адкрыццё гімназіі і дзвюх беларускіх настаўніцкіх семінарыяў і прысваенне ім статусу публічных школ. Стварыць урад Тугуту не пашанцавала, а як міністр без партфеля ва ўрадзе Уладзіслава Грабскага нямнога мог зрабіць, паколькі астатнія міністры да беларускіх пытанняў ставіліся неахвотна.

Адсутнасць якіхколечы ўступак з польскага боку, хаця б у карысць беларускай культуры або асветы, адсутнасць нават жэстаў, якія стваралі б надзею на змену палітыкі ў будучым сталі прычынай адыходу часткі беларускіх парламентарыяў ад дэклараванай раней лаяльнасці ў адносінах да ўрада і інстытутаў польскай дзяржавы. Восенню 1923 г. Сымон РакМіхайлоўскі, Васіль Рагуля і Пётр Мятла стварылі асобны дэпутацкі гурток Беларускіх незалежных сацыялістаў. У адрозненне ад Браніслава Тарашкевіча, парламенцкую трыбуну выкарыстоўвалі яны для апісвання таго, што дзеялася на беларускіх землях.

Надыходзячыя з БССР весткі аб развіцці нацыянальнага жыцця ўсведамлялі тадышнім прыхільнікам прапольскай арыентацыі размеры іх памылковых палітычных разлікаў. У 1925 г. нішто яшчэ не паказвала, што некалькі гадоў пазней беларуская культура і яе стваральнікі стануць першымі ахвярамі сталінскага таталітарызму.

Змена палітычнай арыентацыі Браніслава Тарашкевіча даспявала даволі доўга. У палове ліпеня 1925 г. раіўся ён у гэтай справе ў Гдыні з Аляксандрам Цвікевічам, які неўзабаве адмовіўся ад усіх пастоў ва ўрадзе БНР і выехаў у Мінск. Тарашкевіч жа разам з Сымонам РакМіхаўлоўскім, Пятром Мятлой, Паўлам Валошыным і Юрыем Сабалеўскім выступілі з Беларускага пасольскага клуба і заснавалі новы клуб Беларускай работніцкасялянскай грамады (БСРГ). У час выступленняў у Сейме і на старонках друку Тарашкевіч тлумачыў, што стаўка на атрыманне аўтаноміі для “Белай Русі” ад польскага ўрада аказалася памылковай. “У нас такіх ілюзій няма. Мы раз назаўсёды ад гэтых усіх ілюзій былі вылечаны”, — падкрэсліваў правадыр Грамады. Ніколі ён, аднак, дэталёва не ўдакладняў канчатковую мэту, за якую хоча змагацца разам з узнікаючай на базе клуба палітычнай партыяй. Затое часта паўтараў пра “саюз рабочых і сялян польскіх і беларускіх” і “незалежнасць Белай Русі ў цеснай сувязі з народамі, якія рашыліся на новую грамадскую структуру”. Гэтая новая структура была толькі ў народаў СССР.

Дэпутаты Грамады, у адрозненне ад калег з Беларускага пасольскага клуба, перасталі шукаць пагаднення з польскай парламентарнай большасцю і кампрамісных развязак з паасобнымі кабінетамі. Гаварылі перш за ўсё пра цёмныя бакі крэсавай рэчаіснасці, рэлікты феадалізму, злоўжыванні адміністрацыі, нахабнасць паліцыі, пародыі судовых працэсаў над беларусамі. Тарашкевіч рашыўся на поўнае супрацоўніцтва з камуністамі, стаў членам КПЗБ і нават быў удзельнікам ІІІ Канферэнцыі гэтай партыі, якая адбывалася ў лістападзе 1925 г. у Маскве.

Да майскага дзяржаўнага перавароту (1926 г.) Грамада была малалікай арганізацыяй. Пасля года існавання, у чэрвені 1926 г., гуртавала яна 569 членаў. У лістападзе гэтага ж года БСРГ налічвала ўжо 62 тысячы, а ў снежні — звыш 100 тысяч членаў. Раптоўны рост колькасці членаў гэтай партыі з аднаго боку быў выкліканы настроямі, якія панавалі ў беларускім асяроддзі, з другога — паводзінамі лакальнага дзяржаўнага апарату пасля майскага перавароту, які чакаў інструкцыі, баючыся прымаць якія—небудзь меры, паколькі маглі б яны аказацца супярэчлівымі да намераў новай урадавай каманды. Пасіўнасць лакальнага дзяржаўнага апарату дала правадырам Грамады шанц стварыць партыйныя структуры ўва ўсіх паветах, у якіх жылі беларусы.

Стыхійнасць грамадаўскага руху і адначасна легальныя метады дзейнасці — засноўванне чытальняў, бібліятэк, структур Таварыства беларускай школы, сельскагаспадарчых кааператываў, пазыковых касаў, самадзейных калектываў і выдавецтваў — выклікалі бяссілле паліцыі і крэсавай адміністрацыі.

Для пераважнай большасці беларускіх сялян Грамада давала надзею на змены, была сілай, якая заступілася за іхныя чалавечыя і грамадзянскія правы, стала партыяй, якая ўголас сказала пра польскую крэсавую ўладу тое, што аб ёй думала большасць беларусаў. Была арганізаванай формай пратэсту супраць прыніжаючай рэчаіснасці. Тактыка правадыроў цікавіла нямногіх. Людзі давяралі ім і ўключаліся ў розныя формы дзейнасці, прапанаваныя партыяй.

Дзеячы Грамады перанялі кантроль над Таварыствам беларускай школы, Беларускім навуковым таварыствам, Беларускім выдавецкім таварыствам, віленскім Беларускім нацыянальным камітэтам, Беларускім кааператыўным банкам, Беларускім студэнцкім саюзам. Іншыя беларускія партыі ў той час заставаліся ў цяні БСРГ.

13 лістапада дэпутаты Народнанацыянальнага саюза ўнеслі ў Сейме прапанову неадкладна забараніць БСРГ, а баявыя дружыны Польскай сацыялістычнай партыі актыўна ўключыліся ў разгон грамадаўскіх мітынгаў і сходаў. Аб роспуску Грамады прадрашыла пазіцыя крэсавых памешчыкаў, асабліва Аляксандра Мяйштовіча, тадышняга міністра юстыцыі. Ноччу з 14 на 15 студзеня 1927 г. кіраўнікі партыі, а заадно дэпутаты польскага Сейма былі арыштаваны. Зняволенне парламентарыяў супярэчыла абавязваючым законам, якія гарантавалі ім недатыкальнасць у часе выконвання дэпутацкіх абавязкаў. Парламенцкая большасць адобрыла арышты і забарону Грамады.

Зняволенне правадыроў Грамады і забарона партыі не выклікалі ніякай рэакцыі ні Мінска, ні Масквы. У кіраўніцтве ВКП(б) распрацоўваліся ўжо планы расправы з беларускім нацыяналдэмакратызмам. Тарашкевіч, РакМіхайлоўскі, Мятла, Валошын, Сабалеўскі і іншыя лідэры Грамады пакінулі прапольскую арыентацыю і захапіліся тым, што дзеялася ў Савецкай Беларусі ў галіне развіцця нацыянальнага руху. Прадстаўлялі яны самую дасканалую форму нацыяналдэмакратызму. На думку некаторых беларускіх гісторыкаў, правадыры БСРГ былі першымі ахвярамі бальшавіцкай расправы над беларускім нацыянальным рухам. Многае паказвае на тое, што агенты Камінтэрна дапамаглі атрымаць польскаму боку доказы супрацоўніцтва лідэраў Грамады з савецкімі палітычнымі цэнтрамі.

Асуджаныя правадыры Грамады пасля некалькіх гадоў пабыўкі ў польскіх турмах былі перададзены ўладам СССР у рамках абмену палітвязнямі. Загінулі яны падчас масавых рэпрэсій у 1937—1938 гадах, абвінавачаныя ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы.

Камуністы і прыхільнікі лаяльнасці

Дзейнасць Грамады прабаваў працягваць Беларускі дэпутацкі сялянскарабочы клуб “Змаганне”, створаны пры садзеянні камуністаў у палове 1928 г. Галоўную ролю ў гэтай арганізацыі адыгрывалі дэпутаты Ігнат Дварчанін, Язэп Гаўрылік, Флягонт Валынец. У адрозненне ад Грамады, “Змаганне” па загаду Камінтэрна пачало барацьбу з іншымі беларускімі арганізацыямі ў Польшчы, абвінавачваючы іх у нацыяналізме, згодніцтве і кулацтве. Дварчаніну не ўдалося дабіцца поспеху Тарашкевіча і стварыць такі ж магутны грамадскі рух, якім была Грамада. Перашкаджала гэтаму апатыя, якая апанавала беларусаў пасля забароны Грамады. Таксама ўлады, якія пільна сачылі за праявамі беларускай актыўнасці, паспяхова тармазілі развіццё “Змагання”.

У лістападзе 1925 г. пасля выхаду групы Тарашкевіча з Беларускага пасольскага клуба дэпутаты Фабіян Ярэміч і Васіль Рагуля стварылі Беларускі сялянскі саюз (БСС). Меў ён быць процівагай і альтэрнатывай левай Грамадзе. БСС у сваёй праграме змяшчала ўсе ранейшыя патрабаванні Беларускага пасольскага клуба. Дальнабачнай мэтай БСС мела быць незалежная Беларусь, бліжэйшай — культурная аўтаномія для беларусаў у Польшчы.

У 1926 г. дзеячы БСС разам з беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі стварылі Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГІК), якія ставіў сабе за мэту адмену эканамічнай сітуацыі беларускага насельніцтва. Нягледзячы на супрацьдзеянне ўлад, да 1930 г. узнікла 60 аддзяленняў Інстытута ў розных мясцовасцях Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў. Пад апекай БІГІК працавала 37 бібліятэк. Дзеячы Інстытута падтрымоўвалі развіццё рамяства, засноўванне сельскагаспадарчых кааператываў, стваранне машынных станцый на вёсках, арганізавалі сельскагаспадарчую асвету, прапагандавалі меліярацыю, у выніку якой сяляне маглі прыдбаць дадатковыя плошчы ўгоддзяў. Інстытут праіснаваў да студзеня 1937 г. і быў распушчаны рашэннем віленскага ваяводы па прычыне выдуманага абвінавачання ў антыдзяржаўнай дзейнасці.

Найбольш памяркоўную праграму сярод беларускіх партый, якія дзейнічалі ў ІІ Рэчы Паспалітай, прадстаўляла Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Гэтая арганізацыя дзейнічала з 1917 г. пад назвай Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці, пазней Беларускай хрысціянскадэмакратычнай злучнасці. Цэнтрам беларускага хрысціянскадэмакратычнага руху была Вільня. Дзейнасць хрысціянскай дэмакратыі абапіралася перш за ўсё на каталіцкім духавенстве і касцельных арганізацыях. Самымі вядомымі дзеячамі гэтага руху былі ксяндзы: Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Люцыян Хвецька. Хрысціянскія дэмакраты асновай грамадскага парадку лічылі хрысціянскую рэлігію. У нацыянальных пытаннях падкрэслівалі права кожнага народа на самавызначэнне. Зыходзячы з гэтага пункту гледжання, патрабавалі свабоду беларусам у Польшчы на прынцыпе канстытуцыйнай роўнасці ўсіх грамадзян. Патрабавалі яны правядзення аграрнай рэформы, устанаўлення больш справядлівага грамадскага ладу і паўсюднага доступу да асветы на роднай мове. Хрысціянскія дэмакраты крытычна ставіліся да БССР не толькі за атэізацыю, але і за філасофскія асновы іхняга грамадскаюрыдычнага парадку, у якога аснове ляжала класавая барацьба і дыктатура пралетарыяту.

У 1926 г. партыя прыняла назву Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і стала не толькі каталіцкай, але і агульнанацыянальнай палітычнай арганізацыяй. Галоўнай мэтай БХД стала стварэнне аб’яднанай і незалежнай дзяржавы. У адрас Каталіцкага касцёла і Праваслаўнай царквы ставіліся патрабаванні ўвядзення багаслужбаў і пропаведзей на нацыянальнай мове, беларусізацыі праваслаўнага і каталіцкага духоўных семінарый у Вільні.

Супраць дзейнасці БХД выступалі дзяржаўныя і касцельныя ўлады. Дзяржаўная адміністрацыя не магла перанесці ўздзеяння ксяндзоў на станаўленне беларускай нацыянальнай свядомасці сярод католікаў. У польскай дзяржаве Касцёлу была адведзена іншая роля — пашырэнне польскасці сярод беларускага люду. Таму з пункту гледжання польскіх улад прапаведаванне Божага слова на беларускай мове было зусім непатрэбнае. Паўсюдна канфіскаваўся прэсавы орган БХД “Крыніца”, а ксяндзы, якія пропаведзі гаварылі на беларускай мове, падвяргаліся паліцыйным рэпрэсіям.

У 1926 г. віленскі архібіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі адмысловым цыркулярам забараніў католікам чытаць беларускую “Крыніцу”, а духавенству — чытаць пропаведзі пабеларуску і быць членамі БХД. У канцы дваццатых гадоў паўсюднай практыкай сталі пераносы ксяндзоў беларускай нацыянальнасці ў цэнтральныя ваяводствы і замена іх польскімі духоўнымі.

У 1935 г. Рада БХД перайменавала партыю на Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, фармальна адмаўляючыся ад канфесійнага характару.

Праваслаўнае беларускае дэмакратычнае аб’яднанне (ПБДА), якое дзейнічала ў 1927—1931 гг., прабавала браць прыклад ад БХД. У праграме ПБДА рэлігійныя акцэнты пераважалі над нацыянальнымі. Партыя перш за ўсё хацела абараняць інтарэсы праваслаўя, пратэставала супраць стаўляння Царквы ў залежнасць ад дзяржаўнай улады, адбірання храмаў і царкоўнай маёмасці, патрабавала ажыццяўлення прынцыпу роўнасці ўсіх веравызнанняў. Толькі ў далейшым плане ў праграме партыі ставіліся пастулаты забеспячэння культурных і моўных правоў беларусаў.

Іншую канцэпцыю змагання за беларускія нацыянальныя інтарэсы прадстаўляла група дзеячаў, якія гуртаваліся вакол Антона Луцкевіча і Радаслава Астроўскага. Абодва палітыкі былі калісьці звязаныя з Грамадой, але падчас судовага працэсу ім не былі даказаны сувязі з пасланцамі Камінтэрна. У 1930 г. з некалькіх невялікіх грамадскіх, асветных і выдавецкіх арганізацый стварылі яны таварыства, якое прыняло назву Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (у скарачэнні: Цэнтрсаюз) і пачалі выдаваць газету “Наперад”. Цэнтрсаюз і яго кіраўніцтва неўзабаве сталі называць “беларускай санацыяй”, “паланафіламі”. Атакавалі іх хрысціянскія дэмакраты, камуністы і іншыя беларускія групоўкі за згодніцтва і кантакты з урадавымі коламі. Дзеячы Цэнтрсаюза зыходзілі з прадпасылак, што ў дадзены момант адзіным вырашэннем для беларускіх арганізацый з’яўляецца аб’яднанне на глебе культурнаасветнай працы з народам. Адмаўляліся яны ад палітычных пастулатаў і барацьбы з польскімі ўладамі на населеных беларусамі землях. Луцкевіч увесь час бачыў магчымасць рэалізацыі беларускіх нацыянальных памкненняў у палітычных умовах ІІ Рэчы Паспалітай. Быў ён перакананы, што змаганне з Грамадой і іншымі беларускімі арганізацыямі, якое вёў урад, адбывалася ў рамках барацьбы з камунізмам. Цэнтрсаюз займаўся засноўваннем бібліятэк і чытальняў на вёсках, распаўсюджваннем літаратуры пад агульнай назвай “Сялянская бібліятэка”, якой змест быў прыстасаваны да інтэлектуальнага узроўню чытача і якая ўсяведамляла яго ў галіне сельскай гаспадаркі і беларускай культуры.

Луцкевіч імкнуўся стварыць праўрадавы беларускі цэнтр, альтэрнатыўны да віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта, у якім пераважалі дзеячы БХД. Удалося яму прыцягнуць да Цэнтрсаюза Беларускі студэнцкі саюз, Беларускае навуковае таварыства, Беларускі настаўніцкі саюз, Беларускае дабрачыннае таварыства, Беларускі гаспадарчы саюз, Аб’яднанне беларускіх жанчын, бацькоўскія камітэты беларускіх гімназій у Вільні, Навагрудку і Клецку. Імпазантнай была таксама выдавецкая дзейнасць Цэнтрсаюза. Гэтая арганізацыя, так як і ўсе іншыя беларускія партыі пасля 1927 г., не мела аднак большай грамадскай падтрымкі.

З Цэнтрсаюзам супрацоўнічаў іншы грамадавец Фабіян Акінчыц. У маі 1931 г. адышоў ён аднак ад арганізацыі Луцкевіча, абвінавачваючы яго ў скрытным спрыянні камунізму. Неўзабаве Акінчыц пачаў ствараць сваю партыю — Віленскую беларускую групу “Адраджэнне”. На старонках выдаваемага ім “Народнага звону” заклікаў беларусаў быць лаяльнымі ў адносінах да польскай дзяржавы, асуджаў беларускіх камуністычных дзеячаў за здраду нацыянальным ідэалам. Не знаходзячы грамадскай падтрымкі Акінчыц на нейкі час спыніў сваю дзейнасць. У 1935 г. разам з Уладзіславам Казлоўскім стварыў Беларускую нацыяналсацыялістычную партыю (БНСП) і пачаў выдаваць газету “Новы шлях”. Восенню 1935 г. апублікаваў на яе старонках праграму партыі, якая была спробай перанесці нямецкую фашысцкую ідэалогію на беларускі грунт. БНСП у сапраўднасці мела нямнога супольнага, апрача назвы, з партыяй Гітлера. Такая прапанова для сялянскага грамадства прадстаўлялася надта кур’ёзна. Усётакі ў канцы трыццатых гадоў з’явіўся план увядзення ў гульню за Беларусь яшчэ аднаго фактара — гітлераўскай Нямеччыны.

БНСП апрача лозунгаў аб нацыянальным адраджэнні, аб’яднанні ўсіх этнічных беларускіх зямель і перадачы памешчыцкай ды калгаснай зямлі беларускім сялянам заяўляла таксама пра нацыяналізацыю лясоў і натуральных рэсурсаў ды змаганне за прыняцце пад увагу беларускіх нацыянальных інтарэсаў праваслаўным і каталіцкім духавенствам.

У арганізацыі Акінчыца і Казлоўскага амаль не было грамадскай базы. Мабыць, таму як адзіная беларуская партыя пратрымалася яна да 1939 г. Астатнія беларускія арганізацыі або былі распушчаны ўладамі ў другой палове трыццатых гадоў, або спынілі дзейнасць у выніку самазнішчальных расколаў, якія зрэшты інспіраваліся дзейнасцю польскіх дзяржаўнах чыннікаў.

Найбольш уплывовай і моцнай партыяй, якая дзейнічала ў беларускім асяроддзі, была Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Была яна аўтаномнай арганізацыяй у складзе Камуністычнай партыі Польшчы (КПП), якая, так як і іншыя партыі гэтага тыпу, заставалася ў поўнай залежнасці ад Камуністычнага інтэрнацыянала (Камінтэрна) з сядзібай у Маскве. Хаця КПЗБ прадстаўляла інтарэсы Савецкага Саюза, мела яна сярод беларусаў некалькі тысяч прыхільнікаў. Яе галоўным козырам было адмаўленне польскай дзяржаўнасці. Сяляне пра камуністаў ведалі толькі тое, што яны з’яўляюцца прыхільнікамі Расіі (СССР паўсюдна трактаваўся як сінонім і працяг Расіі), якая ў культурным, рэлігійным і псіхалагічным плане была беларускай праваслаўнай грамадскасці бліжэйшая чым Польшча. Праваслаўным называў сябе амаль кожны рашучы беларускі атэіст. Пра тое, што дзеялася на ўсходнім баку рыжскай мяжы, амаль не было вядома. Весткі пра калектывізацыю ўспрымаліся найчасцей як выдумкі польскай прапаганды. Большасць членаў КПЗБ складалі беларускія сяляне. У партыі былі таксама палякі, яўрэі, расіяне, якія жылі на тэрыторыі чатырох паўночнаўсходніх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай. Прыналежнасць соцень тысяч сялян да камуністычнай партыі, якая прадвяшчала дыктатуру пралетарыяту і калектывізацыю зямлі, можна толькі параўнаць да ўдзельніцтва ў жыцці рэлігійнай секты. Адмова існуючай рэчаіснасці стварала членам партыі прыцягальную мадэль паводзін у адносінах да зненавіджанай сістэмы. Папулярнасць КПЗБ не была вынікам прываблівасці яе праграмы, але склаўшайся эканамічнай сітуацыі і псіхалагічных патрэб беларускай грамадскасці. У аграрным пытанні КПЗБ зрэшты не мела ніводнай праграмы. Лозунгі, якія заклікалі сялян не плаціць падаткаў, не пагашаць даўгоў, не адрабляць шарваркаў з увагай успрымаліся беларускім насельніцтвам, паколькі жыло яно ў складаных сацыяльных абставінах. Аднак былі яны немагчымыя для выканання, бо спробы іх рэалізацыі выклікалі рэпрэсіі з боку дзяржаўнага апарату.

У адрозненне ад беларускіх партый КПЗБ мела сродкі на прапаганду і бягучую дзейнасць. Таму нават зняволенне правадыроў партыі не спыніла яе дзейнасці. Ізаляваных дзеячаў звычайна замянялі новыя.

Згодна дырэктывам Камінтэрна КПЗБ імкнулася пранікнуць ва ўсе беларускія грамадскія, палітычныя, гаспадарчыя, асветныя і культурныя арганізацыі. Прысутнасць камуністаў у структурах гэтых арганізацый найчасцей была прычынай іх ліквідацыі. Гэты метад улады прымянялі з такім размахам, што ў 1937 г. беларускае нацыянальнае жыццё ў Польшчы практычна замерла. У 1938 г. КПЗБ як секцыя Камуністычнай партыі Польшчы была Камітэрнам распушчана, а яе правадыры, якія апынуліся на тэрыторыі СССР, былі абвінавачаны ў супрацоўніцтве з польскай разведкай.

Стаўленне санацыйнага лагера да беларускага пытання

Пасля майскага дзяржаўнага перавароту 1926 г. былі роблены спробы правесці рэвізію ранейшай палітыкі дзяржавы ў адносінах да нацыянальных меншасцей. Некалькі палітыкаў з акружэння Юзафа Пілсудскага, між іншым, Тадэуш Галуўка, Леан Васілеўскі, Казімеж Младзяноўскі прапанавалі, каб палітыку нацыянальнай асіміляцыі, як малапаспяховую, замяніць дзяржаўнай асіміляцыяй — больш выгаднай для дзяржавы і не выклікаючай такога супраціву з боку меншасцей. Гэтая палітыка мела давесці да сфарміравання ў грамадзян няпольскай нацыянальнасці пераканання, што Польшча з’яўляецца таксама і іх айчынай. Начальнік Усходняга аддзялення Міністэрства замежных спраў Тадэуш Галуўка прапанаваў, каб у адносінах да беларусаў дзяржава ўздзейнічала шляхам стварання школ з беларускай мовай навучання, культурных устаноў, беларусізацыі Царквы. Гэтыя дзеянні мелі ўчыніць беларусаў устойлівымі на расійскія ўплывы і выключыць прыцягальнасць уздзеяння мінскага цэнтра як у культурным, так і ў палітычным плане. 18 жніўня 1926 г. міністр унутраных спраў Казімеж Младзяноўскі прадставіў “Дырэктывы ў справе адносін урадавых улад да нацыянальных меншасцей”. Младзяноўскі прапанаваў правядзенне аграрнай рэформы з улікам інтарэсаў беларускага і ўкраінскага насельніцтва, стварэнне магчымасці пашырэння асветы на нацыянальных мовах гэтых меншасцей, хуткую нармалізацыю юрыдычнага статусу Праваслаўнай царквы.

Восенню 1926 г., у перыяд бурнага развіцця структур Грамады, Леан Васілеўскі прадставіў праект “У справе беларускай палітыкі польскага ўрада ў цяперашняй хвіліне”. Прапанаваў ён неадкладную змену палітыкі ў адносінах да беларускага школьніцтва, стварэнне настаўніцкай семінарыі для беларусаў, прыём на працу ў публічных школах настаўнікаў беларускай нацыянальнасці, распрацоўку адпаведных праграм і падручнікаў для школ з беларускай мовай навучання, дапамогу беларускай моладзі ў доступе да польскіх вышэйшых навучальных устаноў, падтрымку беларускім культурнаасветным і выдавецкім установам.

Для рэалізацыі палітыкі дзяржаўнай асіміляцыі, прапанаванай некаторымі прадстаўнікамі пілсудчыкоўскага лагера, патрэбны былі фінансавае забеспячэнне, прыхільнасць крэсавай адміністрацыі і згода Юзафа Пілсудскага. Аднак ніводзін з гэтых фактараў не праявіўся. Пілсудскі лічыў, што найбольш надзейна польскія інтарэсы на крэсах забяспечаць войска і польская школа. Быў ён рашучым прыхільнікам захавання польскай мовы як адзінай дзяржаўнай, абараняў ідэю вайсковага асадніцтва, а большую надзею на захаванне спакою на ўсходзе ускладаў на паліцыю, чым на задавальненне беларускіх культурных і асветных патрабаванняў.

Расправа над Грамадой была дзеяннем згодным са спадзяваннямі нацыяналдэмакратаў і памешчыкаў паўночнаўсходніх ваяводстваў. Ліквідацыя грамадаўскага руху, хаця адсоўвала небяспеку некантраляванага ходу падзей, аднак узмацняла антыдзяржаўныя настроі. Вясною 1927 г. урад зрабіў некалькі жэстаў з мэтай як разрадзіць існуючае напружанне, так і адцягнуць беларускую інтэлігенцыю ад прасавецкіх палітычных структур. Дзяржаўныя чыноўнікі хацелі, каб склалася ўражанне, што лаяльнасць да польскай дзяржавы стварае беларусам лепшыя перспектывы, чым разлічванне на Мінск. У 1927 г. міністр веравызнанняў і публічнай асветы Густаў Дабруцкі ўвёў абавязковую навуку беларускай мовы ў польскіх гімназіях на землях населеных беларусамі, прысвоіў статус публічных школ дзвюм беларускім гімназіям — у Вільні і Навагрудку, дазволіў стварыць 26 школ з беларускай мовай навучання і 49 — двухмоўных. Па загаду міністра Дабруцкага пачалася падрыхтоўка праграм і падручнікаў для школ з беларускай мовай навучання. Беларуская мова, пасля некалькіх гадоў перапынку, зноў была ўведзена ў Віленскую духоўную праваслаўную семінарыю. Апрача таго Апеляцыйны суд панізіў кары турэмнага зняволення для асуджаных правадыроў Грамады. У муніцыпальных выбарах беларусы атрымалі каля 20% месц у гарадскіх і гмінных радах.

Аднак хваля энтузіязму, выкліканая вясною 1927 г. новай палітыкай улад у адносінах да беларусаў, хутка апала. У 1928 г. урад спыніў пошукі новых вырашэнняў у беларускім пытанні, а лакальная адміністрацыя атрымала права самастойна фарміраваць нацыянальную палітыку. Не ўзніклі планаваныя новыя беларускія школы, закрылася гімназія ў Радашковічах, а палітычныя вырашэнні штораз часцей замяняліся рэпрэсіямі ў адносінах да сапраўдных і ўяўных камуністаў. Увядзенне такой палітыкі аблягчалі яшчэ весткі з БССР, дзе пачалося змаганне з беларускім нацыянальным рухам. З пункту гледжання прыхільнікаў нацыянальнай асіміляцыі тое, што дзеялася ў Савецкай Беларусі, было карысным для Польшчы. У такой сітуацыі спынялася ўздзеянне на беларускую інтэлігенцыю ў Польшчы канкурэнтнага мінскага цэнтра, які самым сваім існаваннем тармозіў рэалізацыю ўсялякіх асіміляцыйных планаў. На ўсходнім баку рыжскай мяжы пашыралася зона расійскіх уплываў, якой трэба было проціпаставіць суцэльную культурную і нацыянальную польскую прастору.

На пачатку трыццатых гадоў аб характары дзеянняў дзяржавы ў адносінах да беларусаў рашалі ўжо такія палітыкі санацыйнага лагера як міністр унутраных спраў Феліцыян СлавойСкладкоўскі ці палескі ваявода Вацлаў КостэкБярнацкі. Гэты апошні ў красавіку 1933 г. прапанаваў надзяліць урад надзвычайнымі паўнамоцтвамі, якія дазволілі б ачысціць Польшчу з “адкідаў грамадства і шкоднікаў”, якіх дзейнасць перашкаджала хуткай асіміляцыі беларускіх мас. У лістападзе 1933 г. праект вырашэння беларускага пытання на сваёй тэрыторыі прадставіў ваявода навагрудскі Стэфан Свідэрскі. Ягоны план прадугледжваў паступовае абмежаванне колькасці існуючых ужо беларускіх культурных, асветных, гаспадарчых, і палітычных устаноў ды недапушчэнне да ўзнікнення новых. Праект ваяводы Свідэрскага, пасля адабрэння яго міністрам унутраных спраў СлавоемСкладкоўскім, быў перададзены на рэалізацыю паасобным старастам. У 1934 г. была ліквідавана Навагрудская беларуская гімназія, а ў некалькіх школах было забаронена карыстацца беларускай мовай, хаця былі ў іх захаваны ўсе тадышнія юрыдычныя нормы ў гэтай галіне.

Паспяховасць асіміляцыйнай палітыкі ў адносінах да беларусаў мелі каардынаваць Камітэт па справах нацыянальнасцей і Навуковая камісія па вывучэнні Усходніх зямель. Абедзве ўстановы рэкамендавалі выхоўванне “несвядомага беларускага люду” на лаяльных грамадзян. Пасвойму такое выхоўванне разумела крэсавая паліцыя. Арышты і здзекі над сялянамі, якія падазраваліся ў дзейнасці на шкоду дзяржаве, найчасцей давалі адваротны вынік, чым планавалася. Страх быў паўсюдным пачуццём у адносінах да польскага паліцыянта, чыноўніка, суддзі і настаўніка.

У кастрычніку 1936 г. Міністэрства ўнутраных спраў падрыхтавала праект паскарэння нацыянальнай асіміляцыі беларусаў. На пачатку снежня гэтага ж года забаронена была дзейнасць Таварыства беларускай школы, а 22 студзеня 1937 г. — Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Фармальна да студзеня 1938 г. у Вільні існаваў яшчэ Беларускі нацыянальны камітэт, але і гэтую арганізацыю спачатку абвінавацілі ў нанясенні шкоды ў галіне абароны і адзінства польскай дзяржавы, а пасля распусцілі. У 1938 г. фактычна не было ў Польшчы ніводнай рэальнай беларускай арганізацыі. Партыя Акінчыца, хаця фармальна існавала, была зусім незаўважальнай у публічным жыцці. Напярэдані ІІ сусветнай вайны польскі ўрад зрабіў надта многа, каб на беларускім баку на доўгія гады зніклі ўсялякія прапановы супрацоўніцтва з палякамі. Прынятая амаль усімі польскімі ўрадамі тэза, якая адмаўляла існаванне беларусаў як палітычнага фактара, аказалася згубнай для дзяржавы.

Пасля ліквідацыі нацыянальнага руху праблемай стала існаванне Праваслаўнай царквы, якая не надта добра прылягала да тэзы аб польскасці ўсходніх крэсаў. У 1924 г. ураду ўдалося давесці да аб’яўлення аўтакефаліі і вывядзення праваслаўя ў Польшчы з—пад юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату. Аднак увядзенне аўтакефаліі адбылося наперакор абавязваючым працэдурам. Адкрыта крытыкавалася яна часткай епіскапаў і праваслаўнага духавенства ў Польшчы. Праваслаўная царква, у выніку навязвання ёй чарговых юрыдычных актаў, якія рэгулявалі яе ўнутранае жыццё, апынулася ў поўнай залежнасці ад адміністрацыйных улад.

У дваццатых гадах вялося многа судовых працэсаў паміж Каталіцкім касцёлам і Праваслаўнаю царквою за храмы, могільнікі, зямлю, якія раней належалі уніятам. Да 1937 г. дзяржаўныя ўлады да маёмасных спрэчак паміж абодвума веравызнаннямі ставіліся даволі памяркоўна. У 1937 г. маршал Эдвард РыдзСміглы пачаў аднак новы этап дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да Праваслаўнай царквы, які меў паскорыць паланізацыю яе вернікаў. Там, дзе праваслаўнае насельніцтва лічылася падатлівым на польскія ўплывы (Віленшчына, Гродзеншчына, Беласточчына), вырашана пашырыць яе шляхам паланізацыі рэлігійнага і прыцаркоўнага жыцця. Там, дзе насельніцтва адкідала польскую культуру і мову ў царкоўным жыцці (Холмшчына, Валынь), вырашана прымусіць яго “вярнуцца да веры бацькоў” шляхам разбурэння храмаў і забароны выконваць святарам душпастырскую паслугу. Летам 1938 г. падвяргліся знішчэнню або былі адабраны ў праваслаўных каля ста сакральных аб’ектаў, што выклікала нават пратэсты Лігі Нацый.

На беларускім грунце станоўчы вынік дала палітыка фарміравання польскай нацыянальнай свядомасці сярод праваслаўных пры дапамозе царкоўных структур. Маладыя святары, выпускнікі Багаслоўскага аддзялення Варшаўскага універсітэта, сталі сапраўднымі місіянерамі польскасці сярод беларусаў. У палове трыццатых гадоў па ініцыятыве дзяржаўных улад узнік арганізаваны рух “праваслаўных палякаў”. У 1935 г. у Беластоку было створана Таварыства праваслаўных палякаў імя Юзафа Пілсудскага. На другі год такія таварыствы паўсталі ў Гродне, Слоніме, Ваўкавыску і Навагрудку. Неўзабаве цэнтрам гэтага руху стала Гродна, сядзіба епіскапа Савы (Саветава), які шэфстваваў гэтай дзейнасці. 1 лютага 1938 г., у дзень імянінаў прэзідэнта Ігнацы Масціцкага, гродзенскае Таварыства праваслаўных палякаў вырашыла далучыцца да Лагера нацыянальнага аб’яднання. Епіскап Сава загадаў падначаленаму яму духавенству навучыцца польскай мове і прымаць удзел у дзейнасці польскіх палітычных і грамадскіх арганізацый. Пачаліся працы па падрыхтоўцы літургіі на польскай мове. Па жаданні дзяржаўных улад на Гродзеншчыне, Беласточчыне і Віленшчыне былі чынены спробы ўвядзення пропаведзей на польскай мове і спявання царкоўнымі хорамі на заканчэнне літургіі польскіх патрыятычных песень. Такія дзеянні вялі толькі да кампраметацыі кліру. Вернікі тады найчасцей масава пакідалі храмы.

У лістападзе 1938 г. у епіскапскі сан былі рукапаложаны два вайсковыя капеланы ў званні палкоўніка, якія лічылі сябе палякамі: Цімафей (Ежы Шрэтэр) і Мацвей (Канстанцін Сямашка). Гэтыя епіскапы разам з гродзенскім епіскапам Савам пачалі інтэнсіўную працу ў карысць змены культурнага вобліку Праваслаўнай царквы ў Польшчы. Вайна спыніла працэс станаўлення Праваслаўнай царквы ў Польшчы чыннікам, які ўспамагаў будову польскага нацыянальнага жыцця ў паўночнаўсходніх ваяводствах ІІ Рэчы Паспалітай.