Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Нядзеля пра Закхея

(Лук. 19, 1-10)

Першая падрыхтоўчая нядзеля перад Вялікім Постам называецца нядзеляй аб Закхеі. У гэты дзень чытаецца ўрывак з 19?га разьдзелу Евангельля паводле Лукі, у якім гаворыцца пра раскаяньне мытніка Закхея з гандлёвага гораду Ерыхон. Гэты чалавек нажыў сваё багацьце абдзірваючы і ашукоўваючы людзей. Зьдзерствы мытнікаў былі выявай агульнапрынятага звычаю, тым ня менш грамадзтва пагарджала мытнікамі і ненавідзела іх. Ізаляваныя ад грамадзтва, не дапусканыя нават у сынагогі мытнікі адплачвалі яшчэ большай жорсткасьцю. Закхей усьведамляў сваю нягоднасьць і даўно разважаў, як выправіць прычыненыя людзям крыўды. Калі даведаўся, што непадалёку праходзіць Настаўнік з Назарэту, з прычыны нізкага росту ён узьлез на дрэва, каб прынамсі паглядзець на Ісуса здалёк. Хрыстос ведаў, што разыгрываецца ў душы гэтага чалавека. Калі сустрэліся іхныя позіркі, Ён прамовіў да мытніка: „Закхей, зыдзі хутчэй, бо сёньня трэба Мне быць у тваім доме”. Шмат хто з прысутных абурыўся жаданьнем наведаць дом яўнага грэшніка. Закхей, чалавек пракляты грамадзтвам і з пачуцьцём непаўнацэннасьці быў ашаломлены любоўю і велікадушшам Хрыста. Ён зь нявыказнай радасьцяй прыняў Ісуса і публічна выказаў раскаяньне, якое дасьпявала ў ім даўно.

„Госпадзе, палову маёмасьці маёй аддам бедным, а калі каго чым пакрыўдзіў, аддам учатыракроць” — сказаў Закхей. У адказ ён пачуў словы: „Цяпер прыйшло збавеньне і да гэтага дому, бо і ён — сын Аўраама”.

Ніводнае раскаяньне не бывае сапраўдным, калі за словамі не ідуць дзеяньні. „Хай верне нягоднік заклад і адплаціць за зьдзёртае” (Езек. 33, 15-16), „не ашукоўвайце бліжніх сваіх” (Лев. 25, 14), — гаварылася ў Сьвятым Пісаньні і пра гэтае мусіў ведаць нават мытнік. Закхей не спыніўся на пустой фразе банальнага апраўданьня, якое нічога не каштуе. У адказ на спагадлівае стаўленьне да яго, ён з пачуцьцём вінаватасьці ў даўгу перад людзьмі зьвярнуўся ў першую чаргу да бедных і пакрыўджаных. Вось таму, нават калі ў рамках існуючых законаў мы прычыняем каму-небудзь шкоду, калі пакрыўдзім або ашукаем, недастаткова толькі прызнацца да гэтага і папрасіць прабачэньня, але пажадана па меры магчымасьці кампенсаваць шкоду.

Людзі пераважна сьпяшаюцца з асуджэньнем паводзін і поглядаў іншых, не спрабуючы нават зразумець матываў іхнай іншасьці.

Евангельскі аповед пра мытніка паказвае, наколькі выхаваўчыя падбадзёрваючыя спагада і прабачэньне. Між іншым гэта бачна ў адносінах паміж начальнікамі і падначаленымі. „Ніколі ня радуй гэтак, каб затым мог прыйсьці смутак і ніколі не засмучай гэтак, каб са смутку не атрымалася дабро”, — пісаў швейцарскі філёзаф Ёган Каспар Ляфатэр.

„Лепш, каб цябе падначаленыя любілі, чымсьці баяліся, бо ад боязі родзіцца хлусьня і крывадушнасьць, ад любові-ж — праўда і руплівасьць”, — пісаў сьвяціцель Дзімітрый Растоўскі. Выдатны місіянер Фабэр гаварыў, што дабрыня спрычыняе больш павярненьня да веры, чымсьці дбайнасьць, красамоўства і веды. Жорсткасьць і гнеў нікога не паправілі, не прыцягнулі”, — падкрэсьліваў ён. Хаця некаторыя думаюць, што „страх зьяўляецца найлепшым выхаваўчым сродкам”, евангельскае стаўленьне да грэшнага чалавека іншае: грэшнік — бы дзіцё, пра якое ня ведаем кім і якім будзе ў сваім дарослым жыцьці. Яно красамоўна паказана на прыкладзе распусьніцы, якая ў доме фарызэя памазала алеем ногі Ісуса. Чытаючы ў думках ганарыстага фарызэя асуджэньне і пагарду да Хрыста за Ягоны кантакт з грэшніцай, Ісус адказаў: „Даруюцца многія ейныя грахі за тое, што яна многа ўзьлюбіла, а каму мала даруецца, той мала любіць” (Лук. 7, 47). Добрыя педагогі ведаюць, што бясконцыя двойкі і аплявухі не падахвочваюць вучня да навукі. Яны хутчэй за ўсё выклікаюць азлобленасьць вучня да настаўніка і да прадмета. Добрыя настаўнікі ведаюць, што „холад марозіць, насьмешка раніць, гнеў выклікае бунт, а недавер замыкае сэрца”. Лагоднае, нават паблажлівае стаўленьне да вучня, часам незаслужаная добрая ацэнка выклікаюць пачуцьцё даўгу, закранаюць амбіцыю, падахвочваюць любой цаной падцягнуцца і апраўдаць давер да сябе. Амэрыканскі пісьменьнік Лівінгстан кранальна апісаў сваё раскаяньне перад маленькім сынам за сваю празьмерную патрабавальнасьць у дачыненьні да яго: „Сынок мой, ты сьпіш цяпер паклаўшы ручку пад шчаку. Я ўвайшоў у твой пакой, каб нешта сказаць табе. Чытаючы газэту, калі ты ўжо заснуў, я адчуў дакор сумленьня, што праз увесь дзень я быў для цябе празьмерна строгі. Аблаяў за брудныя боцікі, за раскіданыя па падлозе цацкі, за тое, што нядбайна сядзеў за сталом... Па палудні, калі гуляючы ў пяску ты папэцкаў вопратку, я прыніжыў цябе перад равесьнікамі, загадаўшы маршыраваць дамоў. А потым, калі ты блізкі плачу пакорліва прашмыгнуў у мой пакой, я зноў буркнуў: чаго ты тут! А ты толькі падбег да мяне і моцна абняў за шыю з той кранальнай сардэчнасьцяй, якую Бог улажыў у тваё нявіннае сэрца і якой ня здолела змаразіць мая суровасьць... Пазьней кніжка выпала з маіх рук і ахапіла мяне пачуцьцё віны. Я-ж караў цябе за тое, што ты быў толькі дзіцём, патрабаваў за шмат ад тваіх гадоў, ацэньваў паводле свайго дасьведчаньня... А ў табе гэтулькі любові і шчырай адданасьці. Тваё маленьнкае сэрца шырокае бы золак, што ўзыходзіць з?па?за гор. Вылаяны, ты прыбег перад сном, каб пацалаваць мяне і сказаць: добрай ночы, татка. Давай забудземся пра ўсё! Сёньня я стаю на каленях ля твайго ложачка поўны дакору сумленьня”.

Евангельскі мытнік стаў іншым чалавекам не таму, што перамагла чалавечая справядлівасьць і ён быў належна пакараны. Пераварот у душы азлобленага ў сьвядомасьці ўласнай злачыннасьці чалавека выклікала якраз любоў і спагаду да яго. Дабро спарадзіла дабро. Гэта заканамернасьць, якую варта ўсьведаміць усім нам.