Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Пра неразумнага багача

(Лук. 12, 16-21)

Пытаньне разумнай меры зьяўляецца адным з найцяжэйшых да вырашэньня. На жаль, няма нейкай адной, аб’ектыўнай меркі, якую можна было-б прымяняць ва ўсім і ўсюды. Калі гаворым многа або мала — гэта адносныя паняцьці. Нашы патрэбы і ўяўленьні вельмі розныя. Тое, што для аднаго зьяўляецца дробязьзяй, для іншага — сапраўдны скарб і зьдяйсьненьне мараў. Так ці інакш у сьвеце безупынна праходзіць спаборніцтва: хто першы, хто лепшы, хто вышэй, хто далей і бадай галоўнае, што гэта барацьба не за духоўныя каштоўнасьці, не за ўнутранае ўдасканаленьне, але за смачнейшы кавалак, за лепшае месца, за большую ўдаду. Людзі ахвоча мараць пра вялікі выйгрыш або спадчыну. Нават нічога яшчэ ня маючы ў думках выбягаюць наперад: як яны тады зажылі-б, чаго толькі не купілі-б, дзе толькі не пабывалі-б. За гэтыя каштоўнасьці ідзе ўтоеная або яўная, але заўсёды заўзятая барацьба. Кожны бароніць сваё і хоча прыдбаць як мага болей ня ўмеючы на гэтым спыніцца. Лёгка сказаць „будзьце сьціплыя ў сваіх патрабаваньнях”, „задавальняйцеся малым”, але як акрэсьліць, якія патрабаваньні сьціплыя і якая мерка дазволена. Вядома, што безь некаторага мінімуму немагчыма жыць, але-ж і мінімум не для ўсіх аднолькавы.

У 12-м разьдзеле Евангельля паводле Лукі зьмешчана прытча пра неразумнага багача. Чалавек гэты сабраў аднаго году вельмі добры ўраджай і вырашыў: „Разьбяру гумны мае і пабудую большыя. І зьбяру туды ўвесь хлеб мой і ўсё дабро маё. І скажу душы маёй: многа дабра ляжыць у цябе на многія гады: еш, пі, весяліся! Але Бог сказаў яму: неразумны, у гэтую ноч душу тваю возьмуць у цябе. Каму-ж застанецца тое, што прыдбаў? Гэтак бывае з тым, — закончыў Хрыстос сваю прытчу, — хто зьбірае скарбы для сябе, а не ад Бога багацее” (12, 18-21).

Прытчу ні ў якім выпадку нельга разумець літаральна. У ёй не заклікаецца да бяздзейнасьці і разьлічваньня на нябесную манну.

Сам парадак прыроды прымушае да прадбачлівасьці і зьбіраньня пладоў сваёй працы на горшыя часы, на выпадак старасьці або хваробы. Пасьля сямі тлустых гадоў могуць наступіць худыя. Неразумна жыць з дня на дзень, не турбуючыся пра будучыню. З другога боку неразумна таксама ненасытна зьбіраць, як быццам разьлічваючы на тысячу гадоў жыцьця. Трагічная іронія лёсу заключаецца ў тым, што ў любы час чалавек можа памерці і не пакарыстацца багацьцем. Акрамя таго, нават багацьце не забясьпечвае даўгавечнасьці і здароўя. Жыцьцё — галоўная каштоўнасьць дадзена чалавеку нібыта ў арэнду. Арандатар можа карыстацца ім, аднак непазьбежна прыходзіць час, калі ўсё трэба вярнуць уласьніку разам са справаздачай са сваёй дзейнасьці.

Матэрыяльны дабрабыт і цялесныя ўцехі пераважна падабаюцца, аднак не даюць поўнага задавальненьня і шчасьця, ня ў змозе заспакоіць усе чалавечыя прагі і патрэбы. Заўсёды застаецца нейкая ненасычанасьць, нешта недасягненае. На сваім уласным прыкладзе кожны можа пераканацца, што дасягнуўшы нечага вельмі цяжка задаволіцца гэтым. Тры тысячы гадоў таму цар Саламон напісаў пра сябе наступнае: „Я пабудаваў сабе дамы, насадзіў сабе вінаграднікі, агароды і сады... сабраў таксама шмат серабра і золата, прыдбаў слугаў і нявольніцаў, завёў сьпевакоў і сьпявачак” (Экл. 2, 4). Інакш кажучы, Саламон меў усё, чаго чалавек можа сабе толькі пажадаць, аднак задавальненьня ён усё роўна не атрымаў. Ягоную радасьць азмрочвала перакананьне, што разам са сконам жыцьця ўсяму гэтаму прыйдзе канец. „І зьненавідзеў я, — пісаў Саламон, — усю гарапашнасьць сваю, што рабіў пад Сонцам, бо я пакіну ўсё гэтае чалавеку, які прыйдзе пасьля мяне. І, хто ведае, разумны ён будзе ці дурны” (Экл. 2, 18-19). Ён турбаваўся слушна! Спадчына неаднойчы трапляе ў рукі неадпаведных людзей: дурных, лянівых і безадказных. І Саламон прыйшоў да высновы, што „ўсё марнасьць, а галоўнае — баяцца Бога і выконваць Ягоныя запаветы, бо ў гэтым ЎСЁ для чалавека” (Экл. 2, 12-13).

Выснова з прытчы пра неразумнага багача наступная: ня хлебам адным жыць будзе чалавек. Трэба выявіць больш пакоры, памяркоўнасьці і разважнасьці. Ведаючы адвечную наіўнасьць і памылковасьць чалавечых імкненьняў апостал Павал папярэджваў: „Не гаварыце: заўтра зраблю тое, а праз год іншае, але: калі Бог дазволіць, магчыма зраблю сёе-тое”. Мы можам рабіць што хочам, але неабавязкова гэта будзе добрае. Можам плянаваць што хочам, аднак чым усё кончыцца ведае толькі Бог.