Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


„Залатое правіла”

(Лук. 6, 31-36)

„І як хочаце, каб людзі вам рабілі, падобна рабіце і вы ім. Бо калі любіце... калі робіце дабро... калі пазычаеце тым, якія ўсё гэта робяць вам — якая вам падзяка, бо гэтак паступаюць нават грэшнікі... Але вы любіце непрыяцеляў сваіх і дабро рабіце і пазычайце не спадзяючыся нічога ўзамен”, — гэтак Хрыстос прамовіў да слухачоў ужо у самым пачатку свайго навучаньня.

Гэтыя словы часта акрэсьліваюцца „залатым правілам” і ў гутарковым ужытку яны набылі форму „не рабі другому таго, што табе самому нямілае”. Яе можна разьвіць у сотнях загадаў і забаронаў, але ўсё роўна любы сьвецкі кодэкс зводзіцца да простага, евангельскага правіла: „Паступайце зь іншымі гэтак, як хацелі-б, каб яны паступалі з вамі”. Гэты запавет асноўваецца на неаспрэчным факце, што сьвядома чалавек сабе ніколі ня быў ворагам. У Евангельлі заклікаецца любіць Бога, бліжніх, ворагаў, але нідзе ня сказана, каб любіць самога сябе. Самалюбнасьць настолькі паўсюдная і натуральная, што няма патрэбы ў напамінах і закліках да яе. Апостал Павал паясьняе: „Ніхто ня мае ненавісьці да свайго цела, але корміць і грэе яго”.

Запавет любові і бескарысьлівасьці зьяўляецца адным з найцяжэйшых да ажыцьцяўленьня: ён да сёньняшняга дня застаецца тым ідэалам, слушнасьць якога прызнаюць усе, але дасягаюць толькі адзінкі. У сваім несьмяротным „гімне любові” апостал Павал пісаў: „Любоў цярплівая... зычлівая... не зайздросьціць... не ганарыцца... не шукае свайго” (1 Кар. 13, 4-5). „Шуканьне свайго” — адзін з наймацнейшых фактараў чалавечага жыцьця. Яно мае неад’емны ўплыў на ўсе чалавечыя ўзаемаадносіны і паводзіны. Усё, што пахне выгадай, здаецца цалкам слушнае, разумнае і лягічнае, а ўсё некарыснае, нават найбольш высакароднае і сьвятое, успрымаецца як заведама бязглуздае, нямэтазгоднае і непатрэбнае. Чалавек, які шукае свайго, атрымоўвае карысьць ня толькі са сваёй асабістай нядобрасумленнасьці і несправядлівасьці, але таксама з сумленнасьці і справядлівасьці таго, з кім ён мае справу. Ён проста нажываецца на тым, што ня ўсе такія бессаромныя як ён.

Карысьлівасьць пярэчыць любові. Разьлічваць на нейкую карысьць, удзячнасьць або асабістую выгаду — гэта не любоў, але гэшэфт і разьлік. Маці гатова аддаць свайму дзіцяці ўсё, што мае, усё сваё жыцьцё і не разьлічвае нават на апеку пад старасьць. Напярэдадні выбараў або рэфэрэндумаў палітыкі шчодра раздаюць абяцаньні, пачынаюць расчульвацца над лёсам пэнсіянераў і маламаёмасных, але цікава, што толькі часам: якраз тады, калі ім патрэбныя іхныя галасы. Чаму ня думалі пра іх раней? Таму, што яны пра іх ніколі ня думалі і не спачувалі ім. Яны думаюць пра сябе. Ёсьць людзі, якія перш чым запросяць некага ў госьці, перш чым завяжуць знаёмства спрабуюць высьветліць і акрэсьліць — у якой ступені і сэнсе гэтае знаёмства можа быць карыснае. Аўтар кнігі „Паўната дасканаласьці”, Рагозін, згадвае выпадак, калі дзьве пэнсіянеркі, сяброўкі зь дзяцінства сустрэліся пасьля дзесяткаў гадоў і вырашылі жыць разам. Затым, як гэта вельмі часта бывае, сяброўкі паспрачаліся. У прысутнасьці аўтара, на долю якога выпала роля міратворца, пакрыўджаная, ня слухаючы шчырага прабачэньня сяброўкі, пачала пералічаць усе яе недахопы і заганы ды на канец са сьлязьмі заявіла: „Зь першага дня, як ты пераехала да мяне жыць, я ведала, што мне ад цябе ніякай карысьці ня будзе”. Гэтая заключная фраза, — канстатуе Рагозін, — адкрыла ўсё нутро пакрыўджанай. Яна паказала, што ў аснове ўяўнай дружбы былі не сяброўскія пачуцьці і любоў, але пошукі сваёй выгады.

„Залатое правіла” зьмяшчае ў сабе сутнасьць і падставу ўсіх нормаў міжчалавечых паводзін. Нават безь ідэальнай, бескарысьлівай любові хаця-б частковае ажыцьцяўленьне гэтага простага і ўнівэрсальнага правіла „не рабі іншаму, што табе самому нямілае” — несумненна зрабіла-б наша жыцьцё лепшым.