Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Насычэньне пяцьцю хлябамі

(Мацьв. 14, 14-22)

Ніводзін цуд не прамовіў да людзей з такой сілай, як насычэньне пяцьцю хлябамі пяці тысяч чалавек. Сьведкі памнажэньня хлеба імгненна ўцямілі незвычайную практычнасьць гэтага цуду. Пры Майсеі Бог накарміў народ маннай у пустыні. Адгэтуль і бралася ўпэўненасьць, што той, хто накарміў пяць тысяч чалавек, гэта напэўна прадказаны Збавіцель. Спадзяваньні народу забягалі яшчэ далей. Вось зьявіўся той, хто здольны ўсё зрабіць. Ён можа ашчасьлівіць народ, вызваліць краіну зь няволі. Ён мог-бы аздаравіць параненых на вайне жаўнераў, накарміць войска, пакараць іншыя народы і ўсталяваць ізраільскае панаваньне. У той дзень упершыню народ хацеў абвясьціць Хрыста царом, аднак Ён ухіліўся ад гэтага.

Справа ў тым, што мэта чарговага цуду была іншая. У Евангельлі сказана: „Ня хлебам адзіным жыць будзе чалавек”, аднак усе ведаюць, што хлеб патрэбны. Людзі нават больш рупяцца пра страўнік, чымсьці пра душу. Якраз таму ў Евангельлі перасьцерагаецца: „Не турбуйцеся і не кажыце, што нам есьці, ці што піць, ці ў што адзецца. Айцец ваш Нябесны ведае, што ўсё гэта вам патрэбнае. Шукайце перш за ўсё Царства Божага і праўды яго, а тое ўсё прыложыцца вам”.

Насычэньне Хрыстом пяці тысяч людзей азначае, што Бог рупіцца і пра зямныя, і пра духоўныя патрэбы чалавека. У евангельскім цудзе выявілася моц, якая пастаянна служыць людзям.

Цуд памнажэньня хлеба паўтараецца ў тым, што мы ўспрымаем як нармальныя законы прыроды. Божы цуд назіраецца ў кожным сьцябле пшаніцы, жыта ці ячменю. Калі-б пабудаваць аналагічны будынак, ён мусіў-бы мець прынамсі 400 мэтраў вышыні і стаяць на фундаманце ў 30 квадратных цэнтымэтраў. Дадаткова на вярху пшанічнага сьцябла калыхаецца цяжкі колас. Ён гойдаецца на ветры, але сьцябло зь дзівосна задуманай, мэханічнай сыстэмай ня ломіцца. Дагэтуль застаецца тайнай, якім чынам вада зь зямлі дасягае вяршка сьцябла, калі з пастаўкай вады на высокія паверхі будынкаў зь цяжкасьцяй спраўляюцца складаныя насосы.

Божы цуд выяўляецца ў кожным жніве і ўмалоце зямельных пладоў. З дапамогай натуральных сродкаў адбываецца той-жа цуд, які дазволіў накарміць пяць тысяч чалавек. Людзі рыхтуюць глебу і абсейваюць поле, але толькі моц адвечна заложана ў зерні робіць, што яно прарастае. Потым цалкам незалежныя ад чалавека паветра, дождж і сонца спрычыняюць рост і дасьпяваньне. Людзі клапоцяцца пра машыны, пладазьмены і ўгнаеньні пераацэньваючы свой уклад і недаацэньваючы Боскі фактар.

Ёсьць у евангельскім апавяданьні яшчэ адзін аспэкт, якога нельга абмінуць. Пасьля насычэньня людзей Хрыстос загадаў: „Зьбярыце рэшткі, каб нічога не змарнавалася” (Яан. 6, 12). Хлеб зьяўляецца сымбалем усякай ежы і — нават шырэй — усякага, неабходнага для жыцьця дабра. Тым часам у некаторых краінах хлеб марнуецца, а ў іншых людзі галадаюць. Разам з агульнай вульгарызацыяй звычаяў зьнікла і традыцыйная пашана для хлеба. Некалі ў нашым народзе быў ён свайго роду сямейным талісманам, сьвятой рэліквіяй. Калі выпадкова падала з рук на зямлю луста хлеба, яе асьцярожна падымалі, цалавалі і прасілі прабачэньня. Хлебам і сольлю да сёньняшняга дня сустракаюць дарагіх гасьцей. Хлеб займаў найбольш пачэснае месца ня толькі ў матэрыяльным, але і ў духоўным жыцьці народу. У шматлікіх звычаях, прымаўках і павер’ях, якія адлюстроўваюць жыцьцёвую мудрасьць, мараль і нормы паводзін у розных жыцьцёвых сытуацыях, часта героем выступае менавіта хлеб, напрыклад: „Хто сее хлеб, той сее праўду”, „Хлеб дабыты сумленнай працай салодкі ўдвайне”.

У малітве Гасподняй „Ойча наш” ёсьць словы: „Хлеб наш надзённы дай нам сёньня”. Зь іх бачна, што сярод усіх іншых каштоўнасьцяў хлеб займае выключнае месца і што ён, як само жыцьё — дар Божы.