Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Сёмая нядзеля пасьля Вялікадня

(Яан. 17, 1-13)

Сёмая нядзеля пасьля Вялікадня прысьвечана памяці Айцоў 1-га Ўсяленскага Сабору ў Нікеі. У гэты дзень чытаецца урывак з 17-га разьдзелу Евангельля паводле Яана. У ім цытуецца г.зв. першасьвятарская малітва Хрыста за будучую Царкву і Ягоных пасьлядоўнікаў: „Словы, якія Ты даў мне, я аддаў ім і яны прынялі і зразумелі, што Я ад Цябе зышоў і паверылі, што Ты мяне паслаў... Захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты мне даў, каб яны былі адно як і мы”. Першасьвятарская малітва напоўнена прароцкай заклапочанасьцяй пра будучыню Царквы, якую ўжо неўзабаве чакала ня толькі пераможнае шэсьце празь сьвет, але і горкі келіх пакутаў. Акрамя зьнешніх ворагаў хутка зьявіліся ўнутраныя , якія разладамі ды ерасямі разьдзіралі на кавалкі містычны Хрыстоў хітон. Чалавечае самавольства і зямныя імкненьні ўзялі верх над еднасьцяй, якой сваім вучням жадаў Хрыстос. Усе сілы зла, спрабуючы аслабіць і зьнішчыць хрысьціянства, перш за ўсё хацелі яго падзяліць...

Вось таму Царква, якая на працягу сваёй гісторыі ўсё-такі ня здолела ўсьцерагчы сваю еднасьць і чысьціню веры, заўсёды шанавала людзей, якія „праўдзіва навучалі слова Хрыстовай праўды”. Такімі людзьмі несумненна былі ўдзельнікі 1-га Ўсяленскага Сабору ў Нікеі. У пераломны час вялікага ўнутранага крызісу яны здолелі захаваць еднасьць і пераадолець спакусу раздору. Непасрэднай прычынай скліканьня першага ўсеагульнага зьезду ерархаў і вернікаў маладой Царквы была небясьпечная ерась александрыйскага сьвятара Арыя. Гэты высокаадукаваны, але саманадзейны чалавек аспрэчваў Боскасьць і адвечнае ісваньне Сына Божага. Ён вучыў, што Сын Божы нарадзіўся пазьней і што Ён няроўны Айцу, а толькі, паводле слоў Арыя, — „Вышэйшая Істота”. У 325 годзе, у гады панаваньня імпэратара Канстанціна Вялікага, у азіяцкім горадзе Нікеі непадалёк сёньняшняга Істамбулу сабралася звыш двух тысяч дэлегатаў, у тым ліку 318 епіскапаў. Зьехаліся прадстаўнікі хрысьціянскіх абшчынаў з многіх краін. Некаторыя мелі яшчэ на сваіх целах сьляды катаваньняў у цалкам нядаўнія часы прасьледу. Былі сярод удзельнікаў Сабору людзі, якія ўласнай крывёю даказалі адданасьць сваёй веры, для якіх ейная чысьціня была найвышэйшай каштоўнасьцяй. Для маладога хрысьціянства ерась Арыя была ў сапраўднасьці вяртаньнем да яўрэйскага аднабожжа, пры якім яму заставалася толькі роля маральнага дадатку. Арыянізм не разумеў, што сутнасьць хрысьціянства заключаецца не ў суб’ектыўнай маралі і аскетызме, але ў аб’ектыўнай тайне выкупленьня. Сутнасьць хрысьціянства — ва ўцялесьненьні і ўваскрэсеньні Богачалавека. На жаль, усе нюансы тэалёгіі і вытанчаную каварнасьць арыянскай ерасі разумелі далёка ня ўсе ўдзельнікі Сабору. У гэтым бадай заключаецца несумненны цуд Нікейскага Сабору, бо меншасьць бясспрэчна натхнёная Божым Правідам знайшла і абвясьціла сьвету фундамантальную формулу „суістотны”. Нейкае азарэньне схіліла ерархаў і тэолягаў супрацівіцца прывабнай, але небясьпечнай навуцы аж да канчатковай перамогі над ёю. Перамагаючы ўнутраныя нелады і супярэчнасьці ўдзельнікі Сабору акрэсьлілі і замацавалі ў якасьці догмы звышчасовую дактрыну, што „Сын Божы зьяўляецца сапраўдным Богам народжаным ад Айца перад усімі вякамі. Ён гэтак-жа вечны як і Айцец: Ён народжаны, але ня створаны і суістотны Айцу”. Гэтая догма знайшла сваё адлюстраваньне ў першых сямі пунктах Нікейскага Сымбалю Веры, які быў дапоўнены амаль 60 гадоў пазьней і ў гэткай форме захоўваецца да сёньняшняга дня. Сымбаль Веры — вынік натхнёнай працы, прароцкай думкі Айцоў Царквы — не адзіны плён Нікейскага Сабору. Яго ўдзельнікі сфармулявалі таксама шэраг канонаў — правілаў унутранага жыцьця Царквы, якія захоўваюць сваю важнасьць да сёньняшняга дня.

Бывае, што нейкая адна асоба або падзея ў гісторыі народу мае для яго вырашальнае, гістарычнае значэньне, хаця яно можа быць і станоўчае, і адмоўнае. Што тычыцца Царквы, дык яна ўшаноўвае памяць і ганарыцца сваімі сьвятымі і выдатнымі ерархамі і ў гэтую нядзелю адзначае памяць некаторых зь іх: Айцоў 1-га Ўсяленскага Сабору ў Нікеі...