Мэдыі і камунікацыя

Курс лекцыяў


Уводзіны - Досьледы камунікацыі і мэдыяў як навуковая дысцыпліна

Плян:

1. Вызначэньне прадмета

2. Камунікацыя ў жывёлаў

3. Камунікацыя ў першабытных грамадзтвах

4. Вызначэньне панятку “камунікацыя” і першасныя ўмовы яе ажыцьцяўленьня

“Тэорыя камунікацыі і мэдыяў” альбо “Досьледы камунікацыі і мэдыяў” — гэта дысцыпліна, якая вывучае працэсы камунікацыі ў грамадзтве, разьвіцьцё сродкаў камунікацыі і іхні ўплыў на розныя сацыяльныя і культурныя працэсы, а таксама ролю гэтых сродкаў у разьвіцьці грамадзтва і чалавека на працягу ўсёй яго гісторыі.

Як навуковая дысцыпліна “Тэорыя камунікацыі і мэдыяў” пачала фармавацца ў другой палове 20 ст., і першымі навукоўцамі, што зацікавіліся праблемамі камунікацыі, былі канадыцы: эканаміст Харальд Ініс і літаратуразнаўца Маршал Маклюэн.

Х.Ініс цікавіўся старажытным сьветам, і ён першы адзначыў сувязь паміж разьвіцьцём пісьмовых тэхналёгіяў і ўзьнікненьнем вялікіх дзяржаўных утварэньняў, а менавіта старажытных імпэрыяў. Ажыцьцяўленьне ўлады на вялікіх тэрыторыях вымагала такога сродку перадачы інфармацыі, які б быў лёгка транспартабэльны і зьвязваў паміж сабоў тых, што ажыцьцяўляюць гэтую ўладу, і тых, што падпарадкоўваюцца ёй. Тэксты, напісаныя на паперы альбо папірусе, якраз і задавальнялі такому патрабаваньню. Між іншым, Ініс адзначаў важную ролю адукаванай эліты ў гэтым працэсе, функцыя якой палягала ў стварэньні тэкстаў і навучаньні грамаце.

М.Маклюэн, які быў спэцыялістам у ангельскай літаратуры, захапіўся ідэямі Ініса, аднак інтарэс Маклюэна быў скіраваны на сучасныя грамадзтвы. Ён быў першы, хто ў сыстэматычнай форме спрабаваў вывучаць уплыў новых сродкаў камунікацыі (радыё, тэлебачаньня, фатаграфіі і кіно) на фармаваньне сучасных грамадзтваў.У 60 гадох 20 ст. ягоныя ідэі мелі вялікі посьпех, і не ў апошнюю чаргу з тае прычыны, што ён выказваў іх у вобразнай і афарыстычнай форме.

Шырока вядомы сёньня выраз Маклюэна “глябальная вёска” вельмі добра перадаваў сутнасьць той новай камунікацыйнай і культурніцкай сытуацыі, што паўстала ў выніку распаўсюджваньня ў сьвеце электронных сродкаў камунікацыі, дзякуючы якім людзі атрымалі магчымасьць мабільнай камунікацыі паміж самымі аддаленымі кропкамі на нашай плянэце.

Як вы ўжо заўважылі, пачынальнікі камунікацыйных досьледаў былі спэцыялістамі ў іншых галінах ведаў, і гэта акалічнасьць добра ілюструе міждысцыплінарны характар новай навуковай плыні, якая інкарпаруе ў сябе фрагмэнты з такіх традыцыйных дысцыплінаў, як гісторыя і антрапалёгія, філязофія і лінгвістыка, сацыялёгія і паліталёгія, культуралёгія, агульная і сацыяльная псыхалёгія, кібэрнэтыка, тэхнічныя навукі і нават эталёгія, навука аб паводзінах жывёлаў, у жыцьцядзейнасьці якіх камунікацыйныя працэсы таксама адыгрываюць надзвычай важную ролю.

Вывучэньне камунікацыі ў жывёлаў і іншых жывых істотаў — важны элемэнт навуковага разуменьня фэномэну камунікацыі ўвогуле, да таго ж яно дазваляе крыху інакш паглядзець на камунікацыйныя працэсы і ў чалавечых супольнасьцях.

Многія жывёлы абменьваюцца знакамі і сыгналамі дзеля таго, каб знайсьці ежу, арыентавацца ў прасторы альбо працягнуць род. Прыкладам камунікацыйных паводзінаў зьяўляецца вядомы пчаліны танец. Пчала, якая знайшла нэктар, вярнуўшыся ў вулей, з абсалютнай дакладнасьцю інфармуе сваіх суродзічаў аб адлегласьці, накірунку і мейсцы знаходжаньня кветкавай плянтацыі. Сланы, каб паклікаць чальцоў свайго статку, карыстаюцца нізкімі нячутнымі для чалавечага вуха гукамі, і гэтая камунікацыя спрацоўвае на адлегласьці ў некалькі міляў. Нарэшце, кіты і дэльфіны “сьпяваюць песьні” з мэтай абмяняцца інфармацыяй адносна свайго мейсцазнаходжаньня і накірунку руху.

Гэткім чынам, як і ў людзей, камунікацыя ў жывёлаў адбываецца праз акустычныя сыгналы, а таксама праз пахі, позы і адмысловыя рухі. Пры гэтым “мова жывёлаў” не такая ўжо і прымітыўная, як гэта падавалася раней. Напрыклад, сабакі маюць каля 30 розных “словаў”: скавытаньне, гаўканьне, віск разнастайных адценьняў і тэмбраў. Воўк можа падаваць каля 20 гукаў, што люструюць розныя эмоцыі, певень — 15, гусак — 23. Паўднёваамэрыканская птушка карыяма ведае ажно 170 фанэмаў. Нават інсэкты маюць свае “тэлеграфы”. Людзі не зьвяртаюць увагі на зьменлівыя інтанацыі крылатага маўленьня жамяры, але сама яна прыслухоўваецца да яго вельмі ўважліва. Мухі, якія імітуюць сваёй афарбоўкай пчолаў ці восаў, пераймаюць таксама і іхняе гудзеньне, бо інакш ім не схавацца ад ворагаў. Камары маюць некалькі розных таноў піску, залежных ад хуткасці палёту, якія зьяўляюцца рознымі сыгналамі — “трывогі”, “запрашэньня да рамантычнага спатканьня”, на “агульны сход” і г.д. Цікава, што першым расшыфраваў гукавую камунікацыю камароў вынаходнік кулямёту Хайрэм Максім.

Вядома, што пэўныя здольнасьці да тэлепатыі маюць ня толькі людзі, але і жывёлы і нават расьліны. Асабліва таленавітыя ў гэтым пляне сьлімакі. Нямецкі навуковец Гуга Цайман сьцьвярджае, што іх можна скарыстоўваць у якасьці бяздротавага тэлеграфу: сьлімакі, якіх у адначасьсе ўдарылі электрычным токам, усталёўваюць паміж сабой “сакрэтны” канал сувязі. Калі іх разлучыць і аднаго зь іх зноў ударыць токам, другі таксама адрэагуе на ўдар.

Францускія дасьледчыкі Алікс і Бэно перавялі гэты экспэрымэнт у плян вэрбальнай камунікацыі. Яны назьбіралі два “альфабэты” сьлімакоў, у кожным па столькі жывёлаў, колькі літараў у францускім альфабэце, г.зн. для кожнай літары — два сьлімакі. Кожная пара (напрыклад, адпаведная літары А) з дапамогай электрычнасьці навучылася капіяваць паводзіны адзін аднаго. Потым сьлімакоў падзялілі: адна партыя засталася ў Парыжы, а другую адвезьлі ў Нью-Ёрк. Калі трэба было адправіць нейкае паведамленьне з Францыі ў Амэрыку, дастаткова было дакрануцца электродам да сьлімакоў, адпаведных патрэбным літарам. Алікс і Бэно сьцьвярджаюць, што на другім беразе Атлянтыкі на гэтае электрычнае раздражненьне імгненна рэагавалі толькі напарнікі патрывожаных сьлімакоў, астатнія ж захоўвалі свой звычайны спакой. Экспэрымэнтатарам заставалася толькі складаць з “прасьлімачаных” за акіянам літараў словы, а са словаў — сказы. Такім чынам, з дапамогай чалавека жывёлы могуць абменьвацца ня толькі сыгналамі, але і знакамі, хай сабе і на чужой ім мове (у дадзеным выпадку — францускай).

Многія “грамадзкія” кузюркі — пчолы, тэрміты, мурашы — скарыстоўваюць у якасьці носьбіта інфармацыі ежу. Усе жыхары тэрмітніка — лічынкі, рабочыя, жаўнеры, самцы і саміцы — уяўляюць сабой, так бы мовіць, агульны кішэчнік. Усялякі, нават найменшы драбок ежы ніколі не ператраўляецца адным тэрмітам. У выглядзе адрыжкі, поту на чэраве ці экскрэмэнтаў ежа перадаецца, нібы эстафэта, ад аднаго тэрміта да іншага сотні разоў. А разам з агульнай на ўсіх стравай перадаюцца хімічныя рэчывы — фэрамоны, якія арганізуюць увесь лад сацыяльнага жыцьця тэрмітніка. Фэрамоны выхоўваюць кузюрак — прымушаюць адных тэрмітаў пасьля лінькі заставацца рабочымі, а другіх — ператварацца ў жаўнераў. Пчолы перадаюць адна адной пот з жывата маткі і гэтак даведваюцца пра яе патрэбы і стан здароўя.

Людзі і жывёлы здольныя адрозьніваць нашмат — у дзясяткі разоў — больш пахаў і смакаў, чым яны маюць клетак-рэцэптараў у роце і носе. Для навукоўцаў гэта доўгі час было загадкай. Высьветлілася, што за кожны канкрэтны пах адказвае не канкрэтны рэцэптар, а іх камбінацыя. Клеткі носу спрацоўваюць у розных спалучэньнях для кожнага водару. Мы маем у носе свайго кшталту альфабэт: рэцэптары скарыстоўваюцца для вызначэньня розных пахаў, як літары скарыстоўваюцца для складаньня розных словаў на пісьме. Пахі ня проста ўспрымаюцца носам, а менавіта чытаюцца.

Усе жывёлы маюць эндакрынныя залозы, што выпрацоўваюць рэчывы-рэгулятары (гармоны) для камунікацыі паміж рознымі органамі цела. Апрача таго, многія віды жывёлаў маюць экзакрынную (вонкавую) сыстэму залозаў, якія вытвараюць вонкавыя гармоны-фэрамоны для кіраваньня фізіялягічнымі працэсамі ў агульным сацыяльным арганізьме — статку, мурашніку і г.д. Калі мы размаўляем, то абменьваемся гукамі і жэстамі, а мурашы абменьваюцца пахавымі рэчывамі з розных залозаў. Літаральна ўсё жыцьцё мурашніка кіруецца мовай пахаў, якія заклікаюць “грамадзянаў” даглядаць дзятву, карміць начальства, бараніць дзяржаву ад варожага нашэсьця. Мова пахаў у мурашоў нават мае свой сынтакс: спалучэньне розных фэрамонаў азначае іншую інфармацыю, чым кожны зь іх паасобку. Частата паўтору пахавых сыгналаў або іхная інтэнсіўнасць таксама зьмяняюць сэнс інфармацыі. Напрыклад, калі ў мурашніку будзе адчувацца лішак фэрамону, якім мурашы звычайна пазначаюць свае дарогі ў зарасьцях травы, то ўсё насельніцтва разам з маткай павылазіць вонкі. Вялікая доза “дарожнага” паху, відаць, азначае сыгнал да перасяленьня на новую тэрыторыю.

Вывучэньне розных спосабаў камунікацыі ў жывых біялягічных істотаў — вялікая рэзэрва пашырэньня камунікацыйных магчымасьцяў і самога чалавека, бо некаторыя з гэтых спосабаў могуць быць скарыстаныя для канструяваньня новых тэхнічных сыстэмаў перадачы, апрацоўкі і захаваньня інфармацыі.

У адрозьненьне ад жывёлаў, чалавек ня мае адмысловых органаў-залозаў для камунікацыі з суродзічамі. Рука не была створаная для пісьма, і рот ня быў створаны для маўленьня. Гэта, напэўна, справа будучыні — вырасьціць у чалавечым целе нейкі орган, які дазваляў бы размаўляць нават нямым і немаўлятам. Зрэшты, менавіта адсутнасьць натуральнага органу камунікацыі прымусіла чалавека вынаходзіць разнастайныя спосабы зносінаў з супляменьнікамі — акустычныя, графічныя, электронныя, і канца гэтаму пошуку спосабаў паразуменьня ня бачна.

На досьвітку цывілізацыі людзі гаварылі ня словамі, а мімікай, жэстамі і ўсімі тымі гукамі, якія здольны вытвараць наш арганізм. Напрыклад, ангельскі палеантоляг Дэвід Этэнбора ў кнізе “Жыцьцё на Зямлі” кажа: “Твар чалавека мае заўважна больш асобных мускулаў, чым пыса ўсялякай жывёлы. Гэтыя мускулы забясьпечваюць магчымасьць вельмі па-рознаму рухаць вуснамі, шчокамі, ілбом, бровамі, на што ня здольная ніводная іншая істота. А вось спробы рэканструяваць горла нашага далёкага продка сьведчаць, што ён гаварыць мог вельмі павольна і зь цяжкасьцю. Таму,— кажа дасьледчык,— можна не сумнявацца, што твар быў асновай сыстэмы памаўленьня ў гома эрэктуса”.

Экспрэсіўныя магчымасьці натуральных рысаў твара для самога чалавека, напэўна, былі настолькі нечакана багатыя, што давялося распрацаваць адмысловую сыстэму татуяваньня, расфарбоўкі ці рытуальных шнараў, якія дазволілі хай крыху наблізіць твар да маскі, што мае заўсёды ўстойлівы выраз і сэнс. Задоўга да вынаходзтва альфабэту людзі ўжо не былі непісьменныя: яны рабілі і чыталі кадаваныя запісы на целеэкране, а таксама запісы на паветры ўласнымі рухамі цела. Вельмі верагодна, што мастацтва танцу нарадзіліся як пашыраны варыянт мімікі і як расшыфроўка татуяваньняў. Зь іншага боку, надпісы на целе маглі зьявіцца як канспэкт рытуальнага танцу.

На працягу 3-х мільёнаў гадоў асноўным сродкам сумоўя гуманоідаў былі, побач з абмежаванай колькасьцю (каля 20—40) кароткіх гукавых знакаў, сыстэмы ў некалькі соцень ці тысяч жэставых знакаў, і толькі ў самы апошні пэрыяд эвалюцыі чалавека (100—40 тысяч гадоў таму) пачалося фармаваньне ўласна вэрбальнай мовы. Пры гэтым прынцыпы пабудовы гукавых пасьлядоўнасьцяў былі пазычаныя з пасьлядоўнасьці жэстаў рук.

Дзясяткі і сотні розных плямёнаў у старажытнасьці (а яшчэ зусім нядаўна — амэрыканскія індзейцы і абарыгены Аўстраліі) карысталіся для стасункаў паміж сабой міжэтнічнай па сваёй прыродзе мовай жэстаў. І вельмі часта размова нагадвала танец, бо (як і ў сучасных мовах глухіх) эмоцыі і думкі перадаваліся ня толькі рукамі, але і позіркам, выразам твару, рухамі галавы і ўсяго цела. Танец шырока скарыстоўваўся для абмену інфармацыяй нават паміж прадстаўнікамі аднаго племя, бо падлеткі ў пэрыяд абрадаў ініцыяцыі і ўдовы падчас жалобы, якая магла доўжыцца некалькі гадоў, ня мелі права карыстацца словамі.

На добры лад, за апошнія 40 тысяч гадоў чалавек амаль не зьмяніўся. Па-ранейшаму мы часам лепш і хутчэй разумеем адзін аднаго не праз словы, а празь інтанацыю, выраз твару, жэстыкуляцыю. Жэсты дапамагаюць нам удакладніць сэнс словаў, якія мы кажам, а часам — зьмяніць яго на супрацьлеглы.

Прафэсар Лёс-Анжэлескага ўнівэрсытэту А.Мерабян падлічыў, што ў студыйных тэлеперадачах шляхі інфармацыі да гледача разьмяркоўваюцца прыкладна так: 55 працэнтаў — праз выраз твару і жэсты, 38 працэнтаў — празь інтанацыю і толькі 7 працэнтаў — праз словы. З аднаго боку гэта, канечне, сьведчыць пра дэбільную прыроду ўсялякіх ток-шоў, але з другога — пра тое, што жэсты могуць быць “разумнейшымі” за словы.

Каб прыцягнуць увагу больш-менш шырокай аўдыторыі да высокіх праблемаў палітыкі альбо мастацтва, галоўнае — ня тое, пра што чалавек кажа, а дзе і як ён гэта робіць. Каб перамагаць на выбарах і рэфэрэндумах, народ трэба не пераконваць, а зачароўваць, як гэта робіць тэлезорка БТ Аляксандар Лукашэнка.

Безумоўна, літаратару ці палітыку цяжка абысьціся без вэрбальнай мовы. Амаль гэтак жа цяжка, як без уласнага цела. Але нарадзіць сваю ўласную думку можна толькі тады, калі ты забыўся на ўсе словы ды знакі прыпынку і сам ня ведаеш, як яе выказаць. Калі для гэтага падыходзяць некаторыя звычайныя словы — што ж, тым лепей.

Апрача словаў, мімікі і жэстаў, чалавек мог скарыстоўваць у якасьці сыгнальных сродкаў любыя гукі, на якія здольныя ягоныя галасавыя зьвязкі. Напрыклад, пігмэі Цэнтральнай Афрыкі перадаюць навіны з дапамогай своеасаблівага манатоннага шэпту. Папуасы Новай Гвінэі будуюць на горных вяршынях “рэтрансьлятарныя станцыі”, празь якія ад гары да гары перадаюцца галасавыя сыгналы (эўрапейцам яны нагадваюць гарачае дыханьне вялікай сабачай зграі). Індзейцы племя крык карысталіся ў якасьці сыгналаў рознымі формамі кашлю.

Дыяпазон і гучнасьць чалавечага голасу адносна невялікія, і гэта сталася прычынай вынаходзтва музычных інструмэнтаў, якія мусілі ўзмацніць або падмяніць голас. Заходнеафрыканскія банту прыдумалі для перадачы паведамленьняў складаную сыстэму дудак. Многія народы скарыстоўвалі для трансьляцыі сыгналаў ракавіны малюскаў і рогі жывёлаў (“горн” у перакладзе і азначае “рог”). Але найбольш важным сыгнальным інструмэнтам быў барабан (тамтам), які дапамагаў распаўсюдзіць на вялікую адлегласьць дзясяткі закадаваных паведамленьняў і заклікаў. Тэлеграфаваць патрэбную вестку нашым продкам дапамагалі таксама вогнішчы на вяршынях пагоркаў, сонечныя “зайчыкі”, слупы дыму або пылу.

Відавочна, пошту людзі вынайшлі раней за пісьменнасьць. Старадаўныя кур'еры прыносілі навіны суседнім плямёнам ня толькі на словах і жэстах, але і ў выглядзе сымбалічных або пакрытых сымбалямі прадметаў. Калі індзейцы вырашылі прыпыніць змаганьне з амэрыканскім войскам, яны паслалі прэзыдэнту ЗША “люльку міру”, набітую тытунём і ўпрыгожаную пер'ем. Афрыканцы з племя н'ям-н'ям пры абвешчаньні вайны клалі на сьцежкі ворагаў пачатак маіса і курынае пяро, а над імі прымацоўвалі стралу: гэта азначала, што ад стралы загіне кожны, хто паспрабуе рабаваць іхныя палі або забіваць іхных курэй.

Напэўна, усе народы скарыстоўвалі ў якасьці носьбіта інфармацыі драўляныя таблічкі ці жэзлы з засечкамі. У славянаў такая таблічка называлася “носам” (адсюль выразы “зацеміць на носе” і “застацца з носам”). Некаторыя індзейскія і афрыканскія плямёны захоўвалі інфармацыю ў выглядзе камбінацыяў разнаколерных ракавінак на пасах-вампумах. У Гістарычным таварыстве штату Пэнсыльванія зьберагаецца вампум, які пераказвае дамову пра падзел зямлі паміж эўрапейскімі каляністамі і індзейцамі, заключаную ў 1682 г. Многія народы ведалі і вузялковае пісьмо (інкі называлі яго “кіпу”). Вузялковы тэкст уяўляў сабой сыстэму разнаколерных шнуркоў (колер мог перадаваць граматычныя катэгорыі — мінулы ці будучы час дзеяслова) з вузламі і петлямі розных канфігурацыяў. Верагодна, кіпу скарыстоўваліся для запісу ня толькі бугальтарскіх падлікаў, але гістарычных хронікаў і вершаў. Ведалі такое пісьмо і славяне, пра што сьведчыць выраз “завязаць вузельчык на памяць”.

Найбольш дасканалы спосаб перадачы зрокавых знакаў — гэта малюнкавае пісьмо (піктаграфія). Усе сучасныя віды пісьма — гіерогліфы, руны і літары — паходзяць ад піктаграмаў. Ад іх жа паходзяць коміксы, мультфільмы і кампутарныя гульні. Менавіта з дапамогай малюнкаў старажытныя людзі занатоўвалі “рэпартажы” пра свае прыгоды, дамовы паміж плямёнамі, легенды і магічныя формулы. Піктаграмамі запісаны вядомы эпас племя дэлавараў “Валам олум”. Белыя місіянэры ў Мэксыцы скарыстоўвалі для пашырэньня Хрыстовай веры катэхізыс, перапісаны ў выглядзе піктаграмаў. Вядома, што піктаграфіяй захапляўся Ленін: у Цэнтральным партыйным архіве пры ЦК КПСС захоўваўся піктаграфічны ліст правадыра бальшавікоў, напісаны на бяросьце. Найбольш распаўсюджаная вэрсія ягонай расшыфроўкі такая: шасьцёра сяброў прагаладаліся пасьля гульні ў паляваньне на мядзьведзя і просяць чарнабародага чалавека вярнуцца ў дом ля ставу і пакарміць іх.

Такім чынам, да зусім нядаўнага (прайшло толькі чатыры тысячы гадоў) зьяўленьня першых спосабаў лінійнай занатоўкі гукаў (клінапісу і г.д.) функцыю пісьма выконвалі сымбалічныя рэчы і выявы. Артыкуляваныя словы і рысы-малюнкі на сьценах пячораў — гэта толькі працяг мімікі твару і жэстаў рук, але ствараюць гэтыя апэрацыі ўжо не сыгналы, як у жывёлаў, а знакі. Да гэтага часу ў многіх мовах словы “пісаць” і “маляваць” гучаць аднолькава (“пісаць карціну”). Абстрактныя і фігуратыўныя творы першабытных людзей ствараліся хутчэй не дзеля эстэтычнай асалоды, а для захаваньня і перадачы пэўнай інфармацыі. Дзеці вучыліся маляваць, рэзаць з дрэва і ляпіць з гліны прыкладна з той жа мэтай, зь якой мы вучымся пісаць.

Першыя ўласна пісьмовыя знакі зьявіліся ў сярэдзіне 4 тысячагодзьдзя да н.э. у Мэсапатаміі, першы зычны альфабэт — фінікійскі — каля 1300 г. да н.э., а альфабэт з галоснымі — грэцкі — прыблізна ў 7 ст. да н.э. Адзначым, што паміж 12 і 13 стст. да н.э. у Грэцыі ня ведалі ні пісьменнасьці, ні вобразнага малюнка. Толькі на выхадзе з гэтага “тунэлю” грэкі адначасна вынайшлі тое і другое, пісьмо і жывапіс. На думку францускага мэдыёляга Рэжы Дэбрэя, “пісьменнасьць неўзабаве пасьля свайго зьяўленьня ўзяла на сябе асноўны цяжар утылітарна-камунікацыйнага пісьма і вызваліла ад яго маляваньне: відарыс ад гэтага часу робіцца адкрытым для самавыяўленьня мастака і для капіяваньня рэальных людзей і прадметаў”.

На сёньня ў сьвеце налічваецца больш за 6.000 моваў і асноўных дыялектаў, і гэта сьведчыць пра тое, наколькі вялікая разнастайнасьць існуе ў камунікацыйных сыстэмах-прыладах, распрацаваных у розных чалавечых супольнасьцях.

Моўная альбо вэрбальная камунікацыя на сёньня настолькі звыклая для нас зьява, што мы яе амаль і не заўважаем. І пачынаем зьвяртаць на яе ўвагу толькі тады, калі засвойваем якую-небудзь замежную мову альбо калі камунікацыя аказваецца неэфэктыўнай.

У шэрагу культураў “пазбавіць чалавека камунікацыі” азначае пакараць яго. І калі вы, да прыкладу, зайшоўшы да сваіх знаёмых альбо сяброў, раптам сутыкаецеся з сытуацыяй, калі з вамі адмаўляюцца размаўляць і не адказваюць на вашыя пытаньні, то найверагодней гэта азначае, што ў гэтай кампаніі вы ўжо чалавек непажаданы.

Акт камунікацыі, як правіла, пачынаецца зь якой-небудзь патрэбы, у тым ліку і з патрэбы ў самой камунікацыі, і завяршаецца тады, калі гэтая патрэба вычарпаная. Аднак трэба мець на ўвазе, што камунікацыя — гэта працэс зь вялікай колькасьцю дзеяў, і, напрыклад, з блізкімі нам людзьмі ён можа працягвацца ўсё наша жыцьцё.

Што ўяўляе зь сябе фэномэн камунікацыі ў чалавечай супольнасьці і як яго можна вызначыць?

Камунікацыя — гэта працэс абмену паміж людзьмі пачуцьцямі (эмоцыямі), думкамі, ідэямі, ведамі, навыкамі, ацэнкамі і інфармацыяй пра мейсца асобы альбо арганізацыі ў сацыяльнай гіерархіі.

Калі абмен пачуцьцямі, думкамі і г.д. рэч зразумелая, то ўсё ж такі варта сказаць колькі словаў пра абмен інфармацыяй, датычнай мейсца асобы альбо арганізацыі ў сацыяльнай структуры. Хаця ў шэрагу выпадкаў інфармацыя аб сацыяльным статусе асобы можа перадавацца ў наўпроставым паведамленьні (ён дырэктар, ён інтэлектуал альбо на шыльдачцы будзе напісана “VІP” (вельмі важная асоба), даволі часта, аднак, абмен падобнай інфармацыяй адбываецца зусім інакш, прычым гэтая інфармацыя можа быць пэўным чынам “запакаваная”, калі выкарыстоўваць кампутарную тэрміналёгію.

Да прыкладу, зьяўленьню якой-небудзь важнай асобы можа папярэднічаць пэўны рытуал. Існуюць і яшчэ менш заўважныя формы абмену інфармацыяй пра сацыяльны статус асобы. Напрыклад, дыстанцыя ў размове паміж дзьвюма асобамі можа сьведчыць пра тое, што адзін з суразмоўцаў мае ніжэйшы сацыяльны статус, а другі вышэйшы альбо, прынамсі, адзін зь іх знаходзіцца ў гіерархічнай падпарадкаванасьці адносна другога. Псыхоляг Ральф Ікслайн са сваімі калегамі вывучаў зрокавую камунікацыю паміж людзьмі з рознымі статусамі. Ува ўсіх выпадках было адзначана, што людзі зь ніжэйшым сацыяльным статусам часьцей кідаюць позіркі і больш уважліва сочаць за мімікай і жэстамі асобы з вышэйшым статусам. Бос, наадварот, дазваляе сабе часам нават не заўважаць свайго падначаленага. Сэнс гэтага незаўважаньня якраз і палягае ў тым, што падчас размовы, якая можа тычыцца як выключна прафэсійных, так і непрафэсійных рэчаў, адбываецца абмен інфармацыяй датычна сацыяльных статусаў асобаў.

Вышэй ужо адзначалася, што на важнасьць працэсу камунікацыі мы зьвяртаем увагу толькі тады, калі яна аказваецца неэфэктыўнай ці непасьпяховай, а таму першаснай умовай усялякай камунікацыі зьяўляецца наяўнасьць такіх сымбаляў і знакаў, значэньне якіх аднолькавым чынам інтэрпрэтуецца ўсімі ўдзельнікамі працэсу камунікацыі, іншымі словамі, суразмоўцы мусяць размаўляць на адной і той жа мове. Пад “мовай” тут разумеецца ня толькі мова словаў. Да прыкладу, у розных культурах адзін і той жа знак альбо жэст можа азначаць зусім розныя рэчы (знак “0” (нуль), зроблены вялікім і ўказальным пальцамі, у амэрыканскім культурным кантэксьце азначае “І am fine”, “Everything іs OK”, у Францыі і суседніх краінах — “Ты — нуль”, “Ты — нішто”, на Бліжнім Усходзе гэта наогул непрыстойны жэст). Таму яшчэ адной умовай пасьпяховай камунікацыі зьяўляецца наяўнасьць супольнага культурнага кантэксту.

І, нарэшце, камунікацыя як працэс можа адбывацца толькі тады, калі камуніканты часткова альбо цалкам падзяляюць тыя думкі, пачуцьці, ацэначныя меркаваньні і г.д., якімі яны абменьваюцца. Калі ж гэтыя эмоцыі, думкі і меркаваньні зусім не падзяляюцца, то працэс камунікацыі альбо спыняецца альбо ўтвараецца сытуацыя, калі камуніканты пераходзяць на ўзаеманепрымальныя ці нават варожыя пазыцыі.

Літаратура

1. Brіtannіca CD Encyclopedia //Communіcatіon.

2. Compton's Іnteractіve Encyclopedia //Communіcatіn.

3. Deluxe Encarta 98 //Communіcatіon Collage.

4. Lorіmer R. Mass Communіcatіon. Manchester University Press, 1996.

5. Deaux K. and others. Socіal Psychology іn the 90s. Books // Cole Publishing Company, 1993.

6. DeFleurMelvіn L. Theorіes of Mass Communіcatіon, Longman, 1988.

7. Акимушкин И. Проблемы этологии. Смоленск, 1999.

8. Барысевіч Ю. Цела і тэкст. Мн., 1998.

9. Происхождение вещей. Очерки первобытной культуры. М., 1995.

10. Debraу R. Vіe et mort de l'іmage. Р., 1992.

11. Драчук В. Дорогами тысячелетий. М., 1976.

12. Общее языкознание. Сущность и история языка. Мн., 1993.

13. Павленко Н. История письма. Мн., 1987.

14. Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунікацыі. Мн., БФС, 1995.

15. Маклюэн М., Фіорэ К. Вайна і мір у сусьветнай вёсцы//Фрагмэнты, №2, 1997.