CD, Студэнцкая Думка

09/2003


ПАШЛІ МЯНЕ ПА-БЕЛАРУСКУ

Найноўшая шыза, зь якой носіцца сталічны бамонд, - беларусізацыя сэрвісных службаў апэратараў мабільнай сувязі. Мы на глябальнае не замахваемся, але нашая мэта бачыцца больш амбітнай: замахнемся на саму мову.

Аднойчы давялося ўдзельнічаць у ток-шоў, прысьвечаным брыдкаслоўю ў штодзённым жыцьці. Аўтары папрасілі мяне заняць адну зь дзьвюх радыкальных пазыцыяў, і я, троху павагаўшыся, паўгадзіны займалася фарысэйствам. Даводзіла, што ўжываць у гаворцы мат і слэнг, - ну вельмі кепска. Зрэшты, фарысэйствам я б займалася і па іншы бок барыкадаў.

Калі вядзецца пра лаянку, я ня за і ня супраць - я па-за ёю. Праблема цікавіць мяне як фэномэн. Тым больш лаянка беларуская, якой, паводле агульнага перакананьня, не існуе ў прыродзе. Але разважаць пра рэчы, якіх нібыта не існуе, цікавей за ўсё...

INTRODUCTION

Яшчэ стагодзьдзе таму жыхары не сапсаваных цывілізацыяй беларускіх вёсак раз на год напрадвесьні выходзілі ў поле і цэлы дзень жудасна мацюкаліся. Ці то глебу ўгнойвалі такім чынам, ці то злых духаў лякалі - я не батанік. Гэты безумоўны перажытак паганскіх культаў пацьвярджае: тры літары на плоце - таксама культура, прычым вельмі архаічная.

Прырода славянскага брыдкаслоўя дагэтуль ахутаная таямніцамі і ёсьць найпапулярнейшым сёньня прадметам як сур'ёзных навуковых дасьледаваньняў, так і псэўданавуковых прафанацыяў. (З прачытанага за апошні час пацешыў атыкул "Усенародны культ п*ца", у якім аўтар абвесьціў пі*ц, х*р і м*нду старажытнымі паганскімі боствамі.) Застанемся ўбаку ад мэйнстрыму, тым больш што вытокі сучаснага брыдкаслоўя - не ў пракаветным, а ў больш блізкім мінулым Беларусі. Прыблізна ў часы Паўночна-Заходняга краю, калі пасьля эры дуды і лютні настала эра цымбалаў і гармоніка.

Беларускія хлопцы, якія ішлі ў царскае войска ці на заробкі ў горад, разам з трасянкай прыносілі назад уменьне камбінаваць некалькі ўсім вядомых каранёў. Атрыманыя камбінацыі называліся "загібы" і вымяраліся ў паверхах. Гэтаму мужчынскаму мастацтву, якое і сёньня надзвычай шануецца ў прымітыўных слаях соцыюму, супрацьстаяла традыцыя жанок. Там-сям можна прачытаць захапленьні сьведкаў і аб'ектаў такіх перапалак, якімі чалавека апускалі ніжэй за плінтус, не ўжываючы ніводнага мацюка. Гэты спосаб лаянкі называюць праклёнамі.

Прасунутыя фальклярысты адзначаюць падабенства праклёнаў з джазавай імправізацыяй: поўная свабода зьместу ў спалучэньні са строгімі законамі пабудовы тэксту. Па моцы ўзьдзеяньня праклёны параўнальныя хіба з поясам шахідкі: фішка выключна жаночая, пасылае хоць недалёка, затое надоўга і ў розныя бакі.

На вялікі жаль, пачуць аўтэнтычны праклён сёньня амаль немагчыма. Падазраю, што студэнткі-зьбіральніцы фальклёру выключаюць свае дыктафоны, калі на просьбу засьпяваць песеньку паддосьледная бабулька выходзіць у астрал і пачынае вярзьці прыкладна наступнае: "Каб табе паляндрыца ўчамярылася! Што ты мне гарод топчаш, каб цябе на тым сьвеце пеўні тапталі!", альбо "Ходзіць тут, сракай круціць, каб цябе ў рог скруціла!"… А шкада. Мастацтва адмірае.

Такім чынам, мы маем дзьве стратэгіі беларускай лаянкі. Ад прадзедаў нам засталася любоў да кароткіх ёмістых выразаў. Ад прабабак - уменьне пасылаць доўга і з пачуцьцём. Гэты вэрбальны ін-янь падаецца зародкам сучаснага беларускага брыдкаслоўя. У наш час, паводле законаў unisex'у, значных полавых разьмежаваньняў ён ня мае. Мужчынскі і жаночы пачаткі ператварыліся ў hard- & soft- варыянты размаітых пасылаў.

UNIT ONE: hard - калі цела стала словам

Зразумела, чаму рускія прыпісваюць вынаходніцтва мату татарам: банальная крыўда за некалькі стагодзьдзяў іга. Незразумела, чаму ўвесь астатні сьвет называе гэты мат рускім. Дзеяслоў *jeb-ti - вельмі старажытны, яшчэ праславянскі, і трэба паспрачацца, якая з нацыяў надала яму магутнае значэньне. Падазраю, што з мацернай лексыкай адбылося тое самае, што і з гарэлкай: п'юць яе паўсюль, але нацыянальным брэндам яна стала толькі ў Расеі.

У адных краінах рускі мат - нэўтральная замена сваёй, надзвычай моцнай лаянкі (так на Каўказе). У іншых ён існуе як вульгарная альтэрнатыва сваёй лаянцы (так у Прыбалтыцы і ў нас). Стаўленьне да яго ў розных краінах таксама рознае. У Літве рускі мат - тэма.

У той жа час знаёмы варшаўскі прафэсар называе рускі мат у Польшчы "пачварным эспэранта, якое спарадзілі астрогі Імпэрыі". Прывычную постсавецкаму вуху лексыку можна пачуць хіба што ад тамтэйшых гопнікаў. "Пажондны" паляк выдатна ведае, хто такая б*, але ў лаянцы аддае перавагу курве.

Атрымліваецца, што выражацца чыста па-польску толькі з аднаго боку непрыстойна. Зь іншага гэта выглядае як bone tone і праява патрыятызму ва ўмовах, калі захапленьне творамі Генрыка Сянкевіча і размахваньне бела-чырвоным штандарыкам патроху стаецца кічам.

Тое, што надзвычайная пашыранасьць рускіх мацюкоў мае імпэрскую прыроду, падобна да праўды. Іншая справа, што нам ня варта адмяжоўвацца ад савецкай спадчыны так рашуча, як гэта робяць палякі.

UNIT TWO: grammar

Шчыра кажучы, я люблю слухаць, калі нехта лаецца матам. Але часта вакол матам размаўляюць - і ніякай эстэтыкі! Як на мой густ, ужываць паняткі х*й і п*да дапушчальна толькі ў іх пераносным значэньні. На першы можна пайсьці, другой - накрыцца, але называць так пэніс і вагіну - гэта нарывацца на пытаньні кшталту "Ці надоўга да нас у горад?".

Для абмеркаваньня жыцьцёва істотных аб'ектаў чалавечага цела апошнім часам актыўна ўжываецца выведзеная сучбеллітаратарамі пара чэлес і похва. Існуюць яшчэ струк і зеўра - менш ужывальныя, але, як па мне, ня менш сымпатычныя.

Гэтаксама ад яб*ць у ягоным першым значэньні патыхае дзіцячым садком ці сама мала школьнай "прадлёнкай". Што праўда, з сынонімамі тут больш складана. Самы распаўсюджаны ўсходнеславянскі аналяг трахаць, шчыра кажучы, абрыд. Душа патрабуе разнастайнасьці. Аднак скуль узяць уласна беларускі адпаведнік? У бліжэйшых суседзяў пазычаць няёмка. Украінцы творча пераасэнсавалі дзеяслоў граты - пакіньма гэтую фічу ім. Палякі маюць pieprzyc і яшчэ pierdolic - слова, якое ў беларускай мове разьвіла значэньне "перціся, ісьці куды-небудзь".

А што да дзеяслова мець, які ад нішчымніцы ўжывае беларуская моладзь, то я катэгарычна супраць спробаў надаць яму другое, аналягічнае расейскаму значэньне. Бо для нашай мовы канструкцыі зь мець гучаць цалкам натуральна: параўнайце цнатлівае беларускае "Ён мае котку" з брутальным расейскім "Он имеет кошку". Да таго ж, што станецца зь ні ў чым не вінаватымі слоўкамі "майно" і "маёнтак"?

Пытаньне пра альтэрнатыўны беларускі назоў працэсу любошчаў пакуль што адкрытае. Зрэшты, як толькі нехта адмочыць што-небудзь насамрэч вартае, мы вельмі хутка пра гэта даведаемся. Мода на лаянку распаўсюджваецца з хуткасьцю боязі захварэць на атыповую пнэўманію.

UNIT THREE : pronunciation

Калі пры мне правільна па-беларуску вымаўляюць п*зЬдзец, я амаль бачу гэты мяккі знак. Ёсьць нейкі адмысловы шык у плаўнай, працяглай паўзе паміж з і дз, у якую прамоўца ўкладае ўсё, што думае пра гэты бязьмежна галімы сьвет.

Адразу пасьля моды на рускі мат у Сярэднюю Эўропу прыйшла мода на яго адаптацыю да нацыянальных моваў. У прасунутых літоўцаў, якія з усіх расейскіх словаў найпрыгажэйшымі лічаць мацерныя, бл*ць атрымліваецца вельмі элегантна: блят-т. Палякі ў сваіх "расейскіх" мацюках пасьлядоўна ставяць націскі на перадапошнім складзе.

Калі я была маленькай дзяўчынкай, у бабулі ў вёсцы хлапчукі з суседняй вуліцы час ад часу закідвалі мне ў акенца цыдулкі інтымнага зьместу. Начытаўшыся гэтых мілосных мэсэджаў, гадоў да пятнаццаці я была цьвёрда перакананая, што *баць яно і па-руску будзе празь я. Само слова стала для мяне ўзорным прыкладам яканьня ў першым складзе перад націскам.

У славянскім сьвеце, дзе больш за палову словаў аднолькавыя ці, прынамсі, падобныя, такія тонкасьці, як вымаўленьне, набываюць адметнае значэньне. Беларускі п*зьдзец (празь і ці я) адрозны ад расейскага п*здеца і ўкраінскага п*здэця (празь ы) і цягне на спосаб нацыянальнай ідэнтыфікацыі.

UNIT FOUR: kiss my…

Для называньня зоны азадку па-беларуску я сустракала ласкавае какаўка і народна-вобразнае пердунова гара. Аднак у разрад лаянкі трапілі два раўнапраўныя словы: срака і дупа. Раней разьмежаваньне было тэрытарыяльным, цяпер выбар паміж варыянтамі - хутчэй справа густу. Народная любоў вынесла іх з глыбіні стагодзьдзяў у наш час праз усе гістарычныя віхуры, хаця з русіфікацыяй Беларусі абодвум словам ледзь не прыйшла агульная вялікая жопа.

Спачуваючы руху антыглябалістаў, я прынцыпова не раблю дзьвюх рэчаў: ня ем у Макдоне і не ўжываю ў сваёй гаворцы вось гэтае самае слова на ж. Яно ці не адзінае ў сучасным брыдкаслоўі, да якога я стаўлюся ўскрай пурыстычна. Падтрымкаю мне тут служыць літаратурная байка савецкіх часоў. Заходзіць Якуб Колас у рэдакцыю часопіса, а насустрач яму зьбянтэжаная карэктарка. "Канстанцін Міхалавіч, у вас тут у апошнім вершы радок ёсьць: "у-жо-пі-во-ні-рась-цьві-лі"… Можа паправіць? Гучыць неяк непрыстойна". Падумаў крыху дзядзька Якуб і кажа: "Пакідай як ёсьць. Няма ў беларускай мове слова жопа". Вось жа, нямашака. А той, хто ня згодны, няхай ідзе ў сраку. Альбо ў дупу. Каму куды больш падабаецца.

UNIT FIVE: vocabulary

З гаўном цябе зьем! - пагроза нерэальная, але вобразная.

Каб цябе пранцы! - шчырае зычэньне захварэць на сыфіліс. Маё ўлюбёненькае.

Каб табе ражон у горла ўлез, скульлё пысу раздушыла! - так, крыху паэзіі. Знаходзіцца ў актыўным ужытку фанатаў спэктакля "Камэдыя".

Лайно - тое самае, што гаўно, толькі больш інтэлігентна.

Лярва - тое самае, што курва ў вузкім значэньні: жанчына лёгкіх паводзінаў. Сынонімы: давалка, самадайка, шлёндра (хлюндра).

Мярзотнік & паскуда - ня тое каб словы дужа брыдкія, проста парачка атрымліваецца надта прыкольная.

Насяру табе ў руку / у вочы / на галаву - можна яшчэ куды-небудзь. Аўтэнтычныя пасылы (дзякуй бабулям) - яны вельмі варыятыўныя.

Ссулі - паводле папулярнага жарту, адзінае ў гэтым сьвеце, што не зьяўляецца лайном. Ужываецца ў фізыялягічным значэньні, аднак можа азначаць вадкасьць сумнеўнага паходжаньня (скажам, няякаснае піва).

Трасцы табе ў бок! / каб цябе трасца! - першапачаткова таксама зычэньне хваробы (ліхаманкі). Яшчэ ў аб'екта пасылу можна пацікавіцца: А трасцы ня хочаш? Простае трасцы! ужываецца ў значэньні "фіг табе!"

Халера - лексычны аскепак колішніх эпідэміяў у Вялікім Княстве Літоўскім. Па-беларуску можа ўжывацца ў значэньні "блін" і ў значэньні "фігня" - такая сабе затычка ва ўсе моўныя шчыліны. Вытворныя словы: да халеры (шмат) і халерна (вельмі). Сынонім - трасца.

Хрэн табе ў вочы - пасыл культавы, нягледзячы на тое, што яго вучаць у школе (гл. "Пінскую шляхту"). Арганічны працяг - і дзяркач у сраку.

Шмонька - слова знаходзіцца ў стадыі рэанімацыі. Пачутае дыялектолягамі ад жыхаркі Браслаўшчыны Мальвіны Баляславаўны 1916 г.нар. падчас ейнае размовы з мужам: "Я б табе давала - мне шмонькі не шкада - але ж ты мужык урэдны". Ёсьць жэншчыны...

Беларускае брыдкаслоўе IN USE - тэндэнцыі:

Пэсымістычная: ад большасьці словаў, пра якія вялося вышэй, пакуль патыхае нафталінам. Усе гэтыя дзеркачы і самадайкі выцягнутыя з бабульчыных куфраў і здольныя абразіць хіба што карэктарак літаратурных часопісаў. Поўхі, якую звычайная беларуская дзеўка адвесіць звычайнаму беларускаму хлопцу за лярву, мы дачакаемся ня ў хуткім часе.

Аптымістычная: падобна да таго, што моладзь перастала ставіцца да беларускай мовы як да сьвятой каровы, кананізаванай пяцітомным "Тлумачальным слоўнікам", і актыўна пачала цягнуць у яе ўсё, што кепска ляжыць у іншых мовах. Гэта тычыцца і лаянкі. Выраз "Фак тваю маць, курва!" зусім не бязглузды і вельмі нават беларускі. Эклектыка зноў у модзе...