Эдуард Дубянецкі
ТАЯМНІЦЫ НАРОДНАЙ ДУШЫ
Кніга для вучняў
УВОДЗІНЫ
Гістарычны лёс Беларусі склаўся такім чынам, што ёй на працягу многіх стагоддзяў прыйшлося неаднойчы зведаць як перыяды сапраўднай магутнасці, росквіту, своеасаблівыя «зорныя часіны» беларускай дзяржаўнасці i культуры, так i працяглыя перыяды ўсеагульнага заняпаду, штучнага падаўлення нацыянальнай самабытнасці беларусаў, адмаўлення ix багатай духоўна-культурнай спадчыны. Аднак i ў самых неспрыяльных, цяжкіх для развіцця варунках беларускі народ усё ж ніколі поўнасцю не страчваў свайго нацыянальнага аблічча, захоўваў (няхай i ў амаль нябачным, прыхаваным выглядзе) свае самыя адметныя рысы i якасці, каб пазней, у лепшых абставінах, выявіць ix найбольш яскрава ў розных галінах жыццядзейнасці грамадства.
I вось цяпер наша Бацькаўшчына, згодна з законам гістарычнага развіцця, перажывае вельмі складаны этап свайго новага нацыянальна-культурнага адраджэння пасля доўгага перыяду своеасаблівага «нацыянальнага забыцця». Зноў нашай краіне, як i ў 20-я гг. XX ст., прыходзіцца паступова пераадольваць надзвычай цяжкія вынікі ранейшай татальнай дэнацыяналізацыі, звяртацца ў пошуках шляхоў самазахавання да сваіх уласных вытокаў, альбо каранёў. Таму i невыпадкова, што ў апошнія гады, ва ўмовах так званага этнічнага (нацыянальнага) рэнесансу, значна ўзрасла цікавасць многіх жыхароў нашай рэспублікі да гісторыі свайго народа, да роднай культуры i мовы. А дзеля таго каб глыбей асэнсаваць гістарычны шлях Беларусі, больш грунтоўна пазнаць саміх сябе, неабходна ў першую чаргу зразумець i ўсебакова даследаваць, вобразна кажучы, народную душу, дух народа, альбо яго адмысловы нацыянальны характар. Менавіта высвятленню i асэнсаванню гэтых няпростых праблем i прысвечана наша даследаванне, якое адрасуецца ўсім зацікаўленым чытачам.
Дык што ж сабой уяўляе беларускі нацыянальны характар, у чым яго адметныя, непаўторныя рысы? Спачатку, перш чым адказаць на пастаўленае пытанне, паспрабуем высветліць, які сэнс укладаецца ў паняцце «нацыянальны характар». Яшчэ i сёння ў асяродку навукоўцаў часам маюць месца спрэчкі наконт таго, ці існуе ўвогуле нацыянальны характар, а калі існуе, то ў чым ён канкрэтна праяўляецца, як вызначыць яго сутнасць i структуру, эвалюцыю i г. д. I ўсё ж, нягледзячы нават на асобныя спрэчныя моманты i адносна слабую распрацаванасць гэтай праблематыкі, большасць даследчыкаў (замежных i айчынных) справядліва, на наш погляд, лічаць, што ёсць важкія падставы разважаць пра асобы нацыянальны характар, які ўласцівы прадстаўнікам якога-небудзь народа i які адрозніваецца ад адпаведнага характару іншых этнічных супольнасцей.
Упершыню такія паняцці, як «нацыянальны дух», «дух народа», узніклі яшчэ ў сярэдзіне — другой палове XIX ст., што было непасрэдна звязана са з'яўленнем новай навуковай дысцыпліны — этнічнай псіхалогіі (этнапсіхалогіі), якая займалася вывучэннем асаблівасцей псіхалагічнага складу розных народаў свету. Пазней, у пачатку XX ст., падобныя тэрміны (а таксама, напрыклад, «душа народа», ці «нацыянальная душа») неаднойчы выкарыстоўвалі ў сваіх працах даследчыкі гістарычнага шляху Беларусі I. Канчэўскі (Абдзіраловіч), У. Самойла (Суліма), Ф. Шантыр. Прыкладна ў той жа час расійскі этнапсіхолаг Густаў Шпэт выказаў глыбокую думку аб тым, што кожны гістарычна створаны народ па-свойму ўспрымае, уяўляе, ацэньвае, любіць ці, наадварот, ненавідзіць умовы i абставіны свайго быцця, само гэта быццё, i менавіта ў такіх адносінах да ўсяго, што аб'ектыўна існуе, адлюстроўваецца дух, душа або характар народа.
Увогуле, нацыянальны характар коратка можна вызначыць як своеасаблівы набор, сукупнасць розных псіхалагічных рыс i якасцей, уласцівых большасці прадстаўнікоў якога-небудзь народа. Пры гэтым нацыянальны характар у той ці іншай меры праяўляецца ў кожным чалавеку дадзенай нацыі, але ў той жа час уяўляе сабой нейкае якасна-адметнае «ўтварэнне», якое, безумоўна, не можа быць зведзена да характару асобных індывідаў. Паколькі кожны народ складаецца з многіх сацыяльна-класавых, полаўзроставых, занятых у розных сферах прафесійнай дзейнасці груп насельніцтва, то гэта накладвае даволі істотны адбітак на сутнасць i «напоўненасць» нацыянальнага характару жыхароў краіны. У той жа час i сам нацыянальны характар, у які ўваходзяць першнаперш найбольш пашыраныя рысы псіхалогіі пэўнага народа, практычна заўсёды робіць прыкметны ўплыў на спецыфіку сацыяльна-эканамічнага i культурнадухоўнага развіцця ўсяго грамадства.
Асаблівасці нацыянальнага характару звычайна знаходзяць сваё адлюстраванне ў распаўсюджаных рысах светапогляду, паводзін, пачуццяў i перажыванняў пераважнай часткі прадстаўнікоў асобнага народа. Прычым варта зазначыць, што нацыянальны характар увогуле з'яўляецца досыць устойлівым, стабільным, i яго надзвычай цяжка, а нярэдка i немагчыма змяніць з дапамогай адміністрацыйных мер ці гвалтоўных дзеянняў. Але, нягледзячы на дастатковую ўстойлівасць, нацыянальны характар не застаецца заўсёды аднолькавым, нязменным, a з цягам часу пад уплывам розных фактараў (аб якіх гаворка пойдзе далей) паступова, марудна эвалюцыяніруе, набывае нейкія новыя адметныя рысы.
У навуковай літаратуры існуюць некалькі канцэпцый аб сутнасці нацыянальнага характару, сярод якіх асноўнымі можна лічыць «біялагічную» i «сацыяльна-гістарычную». Пры гэтым згодна з першай канцэпцыяй нацыянальны характар разглядаецца як нешта прыроджанае, абумоўленае генетычна i што пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Прадстаўнікі другой тэорыі сцвярджаюць, што вызначальным у фарміраванні нацыянальных характараў з'яўляецца ўплыў сацыяльна-гістарычных, найперш культурных фактараў. На нашу думку, падобныя погляды на прыроду i сэнс нацыянальнага характару пры ўсёй ix слушнасці ўсё ж могуць быць прызнаны аднабаковымі, у якіх не ўлічваецца ўздзеянне на народную душу яшчэ шэрага іншых важкіх прычын.
Пры разглядзе нашай тэмы мы вырашылі зыходзіць з метадалагічнай пазіцыі аналізу беларускага нацыянальнага характару пераважна праз стварэнне абагульненага, у пэўнай ступені абстрагаванага вобразу тыповага прадстаўніка беларускага народа — т. зв. «тыповага беларуса» (дарэчы, гэты тэрмін у свой час выкарыстоўваў i Ул. Караткевіч). Прычым такія «тыповыя беларусы», так бы мовіць, сінтэзуюць, убіраюць у сябе найбольш шырока распаўсюджаныя псіхалагічныя рысы пераважнай часткі дарослага насельніцтва беларускай нацыянальнасці. У дадзеным выпадку прыходзіцца, як правіла, у значнай меры абстрагавацца ад таго, што нацыянальны характар неаднолькава, па-рознаму праяўляецца, адлюстроўваецца ў паводзінах, учынках i звычках, скажам, беларускіх гараджан i сялян, «багатых» i «бедных» людзей, i г. д. Менавіта таму асноўнымі аб'ектамі нашага даследавання будуць найперш асобы тыповых, ці звычайных, простых беларусаў, на падставе выяўлення якасцей пс алогіі якіх можна рабіць высновы аб беларускім нацыянальным характары ў цэлым, нягледзячы на некаторую ўмоўнасць, адноснасць i суб'ектыўнасць падобнага падыходу.
Цяпер, пасля агульных разважанняў, спынімся на раскрыцці ўмоў фарміравання адметных рыс характару беларусаў у мінулыя стагоддзі i ў сучасны перыяд, прычым часам праводзячы, калі гэта мажліва, параўнальны аналіз нацыянальных характараў розных народаў. Падкрэслім, што болыыасць зробленых высноў грунтуецца тут на вывучэнні фальклорных твораў беларусаў, апублікаваных крыніц, архіўных матэрыялаў, сведчанняў сучаснікаў асобных падзей, а таксама на нашых уласных назіраннях i прадчуваннях.
ФАРМІРАВАННЕ АСНОЎ БЕЛАРУCKАГA ХАРАКТАРУ
Каб лепш зразумець вытокі фарміравання адметнага беларускага характару, неабходна, перш за ўсё, зазірнуць у сівую даўніну нашай Бацькаўшчыны, у тыя далёкія часіны, калі пачаліся працэсы ўтварэння беларускага народа, афармлення i крышталізацыі яго асноўных этнічных прыкмет — агульнай мовы, культуры, самасвядомасці, тэрыторыі, менталітэту (светапогляду). Дзеля гэтага паспрабуем высветліць некаторыя асноўныя фактары, якія ў мінулым прыкметна паўплывалі на станаўленне i гістарычную эвалюцыю беларускай народнай душы, вызначалі яе адметныя, самабытныя рысы. Але спачатку трэба адказаць на адно, бадай, самае важнае пытанне, без якога немагчыма асэнсаваць усе астатнія: хто такія беларусы, якога яны роду-племені, адкуль ідзе ix уласны радавод?
Увогуле, беларусы па свайму паходжанню адносяцца да т. зв. індаеўрапейцаў, а беларуская мова — адпаведна да індаеўрапейскай моўнай сям'і. Гэта азначае, што самыя далёкія вытокі беларускага этнасу ўходзяць у глыб тысячагоддзяў, у тыя старажытнейшыя часы, калі на вялікіх абшарах Еўропы i Азіі пражывала яшчэ дастаткова аднароднае насельніцтва, якое мела, мажліва, адзіную мову-аснову (прамову) альбо складала індаеўрапейскую моўную супольнасць. Потым, прыкладна ў III-II тысячагоддзі да н. э., пачаўся, як лічаць некаторыя даследчыкі, распад гэтай адзінай прамовы на розныя, адносна самастойныя групы моў, у тым ліку славянскую i балтийскую. Спачатку ў фанетычным, граматычным i лексічным складзе апошніх моў заўважалася мноства агульных рыс, што не было ўласціва іншым індаеўрапейскім мовам. Такое моцнае падабенства дае падставы лічыць, што даволі працяглы час існавала балта-славянская моўная супольнасць (балта-славянская мова), пасля чаго яна пачала распадацца на два адгалінаванні: уласна балтыйскую i славянскую.
Асобныя аўтары сцвярджаюць, што прыкладна да сярэдзіны I тысячагоддзя н. э. старажытныя славяне карысталіся праславянскай мовай i што толькі ў VIII-IX стст. н. э., у перыяд шырокага рассялення славянскіх плямён ва Усходняй Еўропе, адбываўся працэс паступовага ператварэння дыялектаў праславянскай мовы ў асобныя славянскія мовы, аб'яднаныя ў тры групы: усходнюю, заходнюю i паўднёвую. У сваю чаргу, затым у групе ўсходнеславянскіх моў пачалося ўтварэнне трох самабытных, самастойных моў — беларускай, рускай i ўкраінскай (якое, дарэчы, зацягнулася на некалькі стагоддзяў i канчаткова аформілася ў эпоху сярэднявечча).
Такім чынам, калі глыбінныя карані балтыйскага i славянскага (у тым ліку i беларускага) насельніцтва был i адзіныя i даходзілі да агульнай індаеўрапейскай супольнасці, то ўжо далейшае складванне, фарміраванне асобных славянскіх i балтыйскіх народаў праходзіла рознымі шляхамі, у розных умовах i абставінах, што накладвала непаўторны адбітак i на нацыянальныя характары гэтых народаў. Згодна з нашай канцэпцыяй інтэгральнай універсальнасці развіцця (ІУР), на развіццё кожнага грамадства заўсёды аказвае ўплыў шэраг розных фактараў, сярод якіх можна адзначыць наступныя: прыродна-геаграфічныя, этнагенетычныя, папуляцыйна-дэмаграфічныя, сацыяльна-эканамічныя, канфесійныя, геапалітычныя, этнакультурныя, ірацыянальна-містычныя i інш. Безумоўна, усе названыя фактары так ці інакш уздзейнічалі i на працэс паступовага фарміравання, эвалюцыі нацыянальнага характару беларусаў. Паколькі падрабязны аналіз уплыву ўсіх дэтэрмінантаў на народную душу ў адной працы зрабіць практычна немагчыма, то спынімся ў першую чаргу на разглядзе некалькіх асноўных, на наш погляд, фактараў, якія вызначылі найбольш адметныя рысы беларускага характару.
Зразумела, што пэўныя асаблівасці псіхалогіі беларусаў склаліся пад уплывам т. зв. фактару этнагенезу (паходжання) нашага народа. Як вядома, на землях сучаснай Беларусі ўжо ў глыбокай старажытнасці пражывалі пераважна індаеўрапейскія плямёны, i ў першую чаргу балтыйскія. У другой палове I тысячагодцзя н. э., у эпоху «вялікага перасялення народаў» (найперш у VI-VIII стст.), наш край пачалі паступова засяляць некарэнныя, прышлыя групы славянскага насельніцтва. Масавае пранікненне славян на тэрыторыю Беларусі ішло своеасаблівымі хвалямі, патокамі (прычым з розных бакоў — найчасцей, напэўна, з захаду i поўдня) i працягвалася некалькі стагоддзяў. У выніку тут адбываліся працэсы змешвання, узаемадзеяння славянскага насельніцтва з балцкім, што неўзабаве прывяло да ўтварэння на славяна-балцкім падмурку новых этнічных супольнасцей — крывічоў, дрыгавічоў i радзімічаў, аб чым сведчаць шматлікія археалагічныя, антрапалагічныя i лінгвістычныя крыніцы.
У канцы I тысячагоддзя н. э. (VIII-IX стст.) досыць хутка i інтэнсіўна на землях Беларусі праходзілі працэсы асіміляцыі (славянізацыі) мясцовага балтамоўнага насельніцтва, якія, праўда, не заўсёды мелі спакойны i мірны характар. Няўхільнай першапачатковай асіміляцыі балтаў славянамі садзейнічала i тое, што гэтыя плямённыя аб'яднанні ў перыяд адначасовага сумеснага жыцця знаходзіліся практычна на адной ступені грамадскага развіцця, вызначаліся падабенствам асобных рыс культуры, мовы i г. д. Ужо к пачатку II тысячагоддзя ад Нараджэння Хрыстова пад уплывам масавага засялення славянамі тэрыторыі Беларусі ў мінулыя стагоддзі i славянізацыі балцкіх плямён асноўным насельніцтвам нашага краю былі пераважна славянскія аб'яднанні крывічоў, дрыгавічоў i радзімічаў. Мовай гэтых плямён была таксама славянская, прычым некаторыя яе характэрныя рысы ўжо тады нагадвалі адметнасці старабеларускай мовы, якая ўзнікла некалькі пазней. Усё вышэйсказанае дазваляе адносіць крывічоў, дрыгавічоў i радзімічаў у цэлым да ўсходнеславянскага насельніцтва, што сфарміравалася ў выніку славяна-балцкага сінтэзу, альбо сімбіёзу.
Ёсць важкія падставы сцвярджаць, што з нашчадкаў крывічоў, дрыгавічоў i радзімічаў (якія, дарэчы, практычна поўнасцю «зніклі» з гістарычнай сцэны недзе ў сярэдзіне — другой палове XII ст.) у наступныя стагоддзі сфарміравалася беларуская народнасць. У поглядах на канчатковы этап этнагенезу беларусаў дастаткова цікавай i арыгінальнай з'яўляецца канцэпцыя этнографа М. Піліпенкі. Ён пераканаўча даказвае, што непасрэднай пераемнасці i сувязі паміж старажытнымі крывічамі, дрыгавічамі, радзімічамі і, з другога боку, беларусамі, відаць, не было, a продкамі сучасных беларусаў з'яўляліся жыхары поўначы (падзвінска-дняпроўскага рэгіёну) нашага краю, а таксама насельнікі поўдня Беларусі (прыпяцкі рэгіён). Першых этнограф умоўна называе «старажытнымі беларусцамі», якія ўтварыліся ў выніку гістарычнай трансфармацыі пераважна крывічоў i паўночнай часткі радзімічаў, a другіх — «палешукамі» (назва ад месца ix пражывання — Палесся), што сфарміраваліся ў асноўньш з нашчадкаў дрыгавічоў i паўднёвых радзімічаў. Пры гэтым, у адрозненне, скажам, ад крывічоў, дрыгавічоў i радзімічаў X-XII стст., старажытныя беларусцы i палешукі мелі ўжо новыя рысы матэрыяльнай i духоўнай культуры.
Далейшае фарміраванне беларускага народа адбывалася пераважна ў цэнтральнай, сярэдняй частцы Беларусі (Панямонне, Міншчына) на працягу XIV-XVI стст. на аснове змешвання, злучэння тыповых культурных i моўных асаблівасцей насельніцтва паўночных i паўднёвых беларускіх зямель. Прычым варта падкрэсліць, што ў працэс складвання беларускай народнасці былі «ўцягнуты», таксама як i раней ва ўзнікненне крывічоў, дрыгавічоў i радзімічаў, розныя групы ўсходніх i заходніх балтаў (жэмайты, літва, яцвягі i г. д.). Роля балцкага насельніцтва ў кансалідацыі беларускага этна'су ў тыя часіны была даволі прыкметнай, тым больш што з сярэдзіны XIII ст. продкі беларусаў i літоўцаў пражывалі ў межах адной магутнай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ), a ўплыў на фарміраванне беларусаў іншых этнічных супольнасцей быў нязначны.
Большасць айчынных даследчыкаў пераканана ў тым, што беларуская народнасць (народ) канчаткова аформілася ў XIV-XVI стст., у перыяд найвышэйшага ўздыму BKЛ. Менавіта ў той перыяд, у эпоху позняга сярэднявечча, яскрава вызначылася самабытнасць старабеларускай мовы, якая выконвала функцыі дзяржаўнай аж да канца XVII ст., а таксама склаліся багатая i непаўторная культура беларусаў, агульная самасвядомасць жыхароў BKЛ (найперш — літвіны, крыху пазней — беларусцы, беларусы) i тэрытарыяльнае адзінства дзяржавы. Дарэчы, тэрыторыя адной з буйнейшых еўрапейскіх краін — Вялікага княства Літоўскага — у XV ст. складала каля 1 млн км2, што амаль у пяць разоў больш, чым плошча сучаснай Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым неабходна мець на ўвазе, што ВКЛ было першапачаткова створана i ў далейшым развівалася ў першую чаргу на беларускай тэрытарыяльнай, этнаграфічнай i моўна-культурнай аснове, праўда, з досыць прыкметнай «балтыйскай (літоўскай) афарбоўкай», што дало пэўныя падставы некаторым даследчыкам у мінулым i ў сучасны перыяд называць ВКЛ «Беларускай» альбо «Беларуска-Літоўскай дзяржавай».
Такім чынам, падсумоўваючы ўсё вышэйсказанае, можна прыйсці да высновы, што беларусы па свайму старажытнаму паходжанню адносяцца да славянскіх (дакладней, усходнеславянскіх) народаў, якія, у сваю чаргу, яшчэ ў больш раннія часіны вылучыліся з індаеўрапейскай супольнасці, у якой, як было адзначана, мелася мноства агульных рыс паміж будучымі славянамі i балтамі. Затым, у другой палове I тысячагоддзя н. э., кал i славяне шырока рассяліліся на землях Беларусі, дзе яны актыўна змешваліся з карэннымі балцкімі насельнікамі i паступова асімілявалі апошніх, з цягам часу ўтварыліся т. зв. протабеларускія этнічныя супольнасці — крывічы, дрыгавічы i радзімічы. Нашчадкі прадстаўнікоў гэтых трох племянных аб'яднанняў у наступныя стагоддзі сталі асновай для складвання беларускага народа, які ў асноўных рысах i быў утвораны на працягу XIV-XVI стст. на землях ВКЛ у выніку ўзмацнення аб'яднальных працэсаў жыхароў поўначы (беларусцы) i поўдня (палешукі) нашага краю. Пры гэтым зноў, як i ў перыяд узнікнення крывічоў, дрыгавічоў i радзімічаў, беларусы фарміраваліся пад даволі значным уплывам балцкага насельніцтва, аб чым сведчаць многія тапанімічныя, антрапалагічныя, лінгвістычныя i іншыя даныя. Так гістарычна склалася, што менавіта балты многія стагоддзі, прынамсі, з VI-VII да XIV-XVI, найбольш часта i актыўна ўступалі ва ўзаемадзеянне з мясцовымі славянамі, i таму заканамерна, што беларусы, у рэшце рэшт, утварыліся ў выніку своеасаблівага славяна-балцкага сінтэзу, які вызначаўся ўзаемным, двухбаковым узаемапранікненнем асаблівасцей мовы, фальклору, звычаяў, абрадаў, міфалогіі i г. д. Аб пэўным падабенстве беларусаў i балтаў можа даць некаторае ўяўленне i той факт, што беларусы, згодна з данымі антрапалогіі, уяўляюць сабой усходне-балтыйскі тып беламорска-балтыйскай расы. Асаблівасці этнагенезу беларусаў (напрыклад, ix славяна-балцкія вытокі, фарміраванне народа ў сярэднявеччы шляхам аб'яднання насельнікаў двух асноўных рэгіёнаў — паўночнага i паўднёвага) абумовілі некаторыя адметныя рысы ix нацыянальнага характару, аб чым гутарка пойдзе далей.
Акрамя фактару этнагенезу, на станаўленне i развіццё беларускага нацыянальнага характару істотна ўздзейнічаў i прыродна-геаграфічны фактар. Найперш тут маецца на ўвазе, што спецыфіка прыроды i клімату кожнай краіны заўсёды аказвае той ці іншы ўплыў на светаўспрыманне (менталітэт), характар яе народа. Што датычыцца Беларусі, то прырода нашага краю сапраўды мае такія адметныя рысы, якія адрозніваюць яе ад прыродных умоў суседніх краін. А гэта, у сваю чаргу, спрыяла фарміраванню ў нечым неаднолькавых, адрозных адзін ад аднаго нацыянальных характараў, хаця падобныя ўзаемасувязі пакуль што вывучагіы недастаткова.
Увогуле, Беларусь вызначаецца раўнінным характарам сваёй тэрыторыі, адносіцца да зоны ўмерана-кантынентальнага клімату з даволі мяккай i вільготнай зімой, цёплым летам i сырой восенню. Акрамя таго, рэспубліка мае развітую гідраграфічную сетку (прыгадаем хаця б тысячы азёр, рэчак, рачулак, каналаў, за што наша краіна атрымала назву «сінявокай рэспублікі»), разнастайнае глебавае покрыва, нямала карысных выкапняў i іншых прыродных рэсурсаў. Аднак галоўнае прыроднае багацце Беларусі складаюць, безумоўна, шматлікія лясы, якія ў значнай меры ва ўсе часіны прадвызначалі спецыфіку гаспадарання i ўмовы жыцця насельніцтва Беларусі.
У старажытныя часы, тады, калі землі нашай Бацькаўшчыны пачалі засяляць славянскія плямёны (другая палова I тысячагоддзя н. э.), лясныя масівы займалі прыкладна 90 % тэрыторыі Беларусі. У наступныя стагоддзі пад уплывам розных фактараў, i ў першую чаргу гаспадарчай вырубкі, а часам i штучнага, неапраўданага знішчэння (у XIX-XX стст.), лясістасць Беларусі няўхільна змяншалася i цяпер складае каля 30 %, г. зн. трэць тэрыторыі рэспублікі. Калі ж улічыць не толькі лясную, але яшчэ лугавую i балотную расліннасць, то атрымаецца, што ў сучасны перыяд расліннае покрыва Беларусі займае 2/з яе агульнай тэрыторыі. Зразумела, што адпаведныя лічбы ў мінулым былі яшчэ болыы высокія, улічваючы тое, што на працягу многіх стагоддзяў людзі звычайна імкнуліся не разбураць сваё навакольнае прыроднае асяроддзе.
Такім чынам, Беларусь небеспадстаўна можна назваць сапраўднай «лясной краінай», насельніцтва якой з пакалення ў пакаленне нараджалася, працавала, кахала i памірала пад зялёным покрывам неабсяжных лясоў. Таму беларусы заўжды былі звязаны з прыродай, пастаянна адчувалі яе прыкметны ўплыў на сваё жыццё i працу, вымушаны былі падладжвацца пад асаблівасці свайго прыроднага асяроддзя. Старажытныя насельнікі Беларусі, найперш сяляне, прыстасоўвалі да прыродна-кліматычных умоў свае звычаі, абрады, працоўную дзейнасць, традыцыі i г. д., бо толькі такім чынам можна было выжыць у досыць цяжкіх i складаных варунках жыцця. Шматлікія прыклады беларускага фальклору якраз i адлюстравалі своеасаблівую «звязанасць», «злучанасць» беларусаў з прыродай, залежнасць ад розных прыроднасезонных цыклаў (пораў года).
Своеасаблівая прыгажосць i непаўторнасць, разнастайнасць краявідаў Беларусі заўсёды аказвалі даволі істотны ўплыў на светаўспрыманне, характар беларусаў. Сапраўды, таямнічы, вечна незмаўкальны шум вялізных, дрымучых лясоў i бароў, шматлікія глыбокія азёры, загадкава-жахлівыя балоты i дрыгва з цягам часу сфарміравалі ў беларусаў багатую фантазію, развітую ўражлівасць, некаторую містычнасць светапогляду, пэўную абвостранасць пачуццяў, незвычайнасць успрымання многіх прыродных з'яў. Мажліва, досыць моцная біялагічная энергетика (біяэнергетыка) лясоў, асабліва хвойных, якія, дарэчы, ва ўсе часіны складалі звыш паловы ўсіх лясоў Беларусі, абумоўлівала знакамітую працавітасць i вынослівасць беларусаў.
З прывязанасцю беларусаў да зямлі, значнай залежнасцю ix жыцця ад урадлівасці глебы i прыродных з'яў, здаецца, непасрэдна звязана i такая адметная рыса беларускага менталітэту, як абагаўленне прыроды (пантэізм), пакланенне яе звышнатуральным, таямніча-непазнавальным сілам. Яшчэ i дагэтуль у беларускай мове захавалася, напрыклад, слова «пярун» (паходзіць ад аднаго з вярхоўных багоў славян i балтаў Перуна). У беларускай міфалогіі вядомы таксама вобразы Дзянніцы — ранішняй заранкі i Вечарніцы (Вячоркі) — вечаровай заранкі. Беларусам былі ўласцівы паважлівыя адносіны да т. зв. «свяшчэнных» дрэў, гаёў, крыніц i г. д. Багаты беларускі фальклор добра адлюстраваў поўнае глыбокай пашаны стаўленне чалавека да прыроды. Прырода пастаянна прысутнічае як адна з паўнапраўных дзеючых асоб у народных творах. Увогуле, па глыбіні пантэізму беларусаў, бадай, можна параўнаць толькі з асобнымі народамі Усходу (напрыклад, Індыі, Kiтаю), бо для большасці еўрапейскіх народаў названая рыса наўрад ці можа лічыцца тыповай.
Для Беларусі характэрна не аднароднасць, а разнастайнасць ландшафтаў у розных мясцінах, рэгіёнах. Вядомы беларускі географ A. Смоліч у пачатку XX ст. дакладна заўважыў, што наш край вызначаецца разнароднасцю паверхні нават на невялікіх адлегласцях, частай зменай краявідаў, чаго нельга пабачыць ні ў «аднавобразным украінскім стэпе, ні ў надбалтыйскіх i літоўскіх нізінах, ні ў безгранічных прасторах плоскіх узвышшаў Маскоўшчыны». Сапраўды, неаднароднасць рэльефу Беларусі дазваляе выдзяліць на яе тэрыторыі тры асноўныя фізіка-геаграфічныя рэгіёны: Беларускае Паазер'е, Беларускае Палессе i Цэнтральны рэгіён. На поўначы рэспублікі, у Паазер'і, пераважае ўзгорыста-нізінны рэльеф з мноствам азёр, што стварае драбнаконтурнасць ландшафту i сельскагаспадарчых угоддзяў. У цэнтральных раёнах большасць тэрыторыі занята ўзвышшамі i раўнінамі, у той час як вобласць Беларускага Палесся ўяўляе сабой вялікую раўніну з пясчанымі дзюнамі, шматлікімі балотамі, маленькімі азёрамі i рачулкамі. Пры гэтым падкрэслім, што паверхня Беларусі мае агульны спад з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад, а таксама з поўначы на поўдзень. У цэлым жа на долю раўнін i нізін прыпадае амаль 4/5 а на ўзвышшы — прыкладна 1/5 тэрыторыі Беларусі.
Клімат Беларусі вызначаецца як умерана-кантынентальны, які сфарміраваўся ў значнай меры пад уплывам Атлантычнага акіяна, паветраныя масы з якога абумоўліваюць немалую колькасць гадавых ападкаў, воблачнасць, павышаную вільготнасць паветра. Таму на захадзе рэспублікі клімат больш мяккі i цёплы, чым на ўсходзе, дзе ўплыў Атлантыкі памяншаецца i ўзмацняецца кантынентальнасць клімату з халоднымі ўсходнімі вятрамі i маразамі.
Што датычыцца глебавага покрыва Беларусі, то неабходна заўважыць, што глебы нашай Бацькаўшчыны характарызуюцца значнай «стракатасцю» (усяго вылучана амаль 100 глебавых разнавіднасцей), прычым пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-забалочаныя i сугліністыя глебы. У той жа час, акрамя вышэйпералічаных спрыяльных для жыцця чалавека глеб, ёсць таксама неспрыяльныя пясчаныя i супясчаныя глебы.
Агляд прыродна-кліматычных асаблівасцей Беларусі дазваляе зрабіць некаторыя высновы, якія так пі інакш маюць дачыненне да разглядаемай праблемы. Па-першае, паколькі прырода Беларусі вызначаецца прыкметнай разнастайнасцю, неаднароднасцю, своеасаблівым спалучэннем розных ландшафтаў, глеб, кліматычных умоў, то ўсё гэта, узятае ў сукупнасці, накладвала свой адметны, непаўторны адбітак i на характар, светаўспрыманне мясцовых жыхароў. Прычым, істотная розніца прьфоды на поўначы i поўдні Беларусі абумовіла спецыфіку гаспадарчай дзейнасці, матэрыяльнай i духоўнай культуры насельніцтва гэтых раёнаў, што ў сваю чаргу дапамагала складванню некалькі адрозных характараў беларусаў у розных мясцовасцях (аб чым крыху будзе сказана далей). Па-другое, такія тыповыя прыкметы прыроды Беларусі, як досыць мяккі, цёплы клімат з дастатковай колькасцю ападкаў, пераважна маляўнічы раўнінны рэльеф з мноствам рэк, азёр i іншых водных артэрый, разнастайныя глебы, багацце жывёльнага i расліннага свету (найперш у мінулыя стагоддзі),у цэлым спрыялі шырокаму рассяленню тут людзей, ix шматлікім гаспадарчым заняткам, адпачынку i г. д. Увогуле, псіхолагамі заўважана, што жыхары раўнінных тэрыторый найчасцей вызначаюцца спакойным, разважлівым характарам, што, безумоўна, можна аднесці i да беларусаў.
Пад уплывам прыродна-геаграфічных фактараў беларусы ва ўсе часіны займаліся ў асноўным сельскагаспадарчай працай, у першую чаргу земляробствам. Менавіта зямля забяспечвала мясцовых жыхароў усім неабходным у жыцці, таму беларусы заўсёды старанна апрацоўвалі свае зямельныя ўчасткі, з вялікай павагай адносіліся да роднай зямлі-карміцелькі. Даволі багатая флора i фауна Беларусі ў мінулым садзейнічала таксама досыць шырокаму развіццю жывёлагадоўлі, палявання, асобных промыслаў i рамёстваў.
Праўда, з цягам часу ў выніку чалавечай дзейнасці (нярэдка неабдуманай), i асабліва з-за пашырэння прамысловых заняткаў, паступова скарачалася колькасць i разнастайнасць жывёл i раслін, знікалі ix многія віды. За апошнія два стагоддзі хуткае прамысловае развіццё Беларусі прывяло да ўзмоцненага, часцей негатыўнага ўплыву на прыроднае асяроддзе, парушыла экалагічную раўнавагу, спрадвечную гармонію чалавека i прыроды, у значнай ступені перарвала шчыльную сувязь насельніцтва з роднай зямлёй, i выклікала прыкметны адток людзей з вёсак у гарады, што радыкальна змяніла сацыяльную структуру насельніцтва Беларусі. У нашы дні ў горадзе жыве ўжо 68 %, а на вёсцы — толькі 32 % жыхароў рэспублікі, тады як у сярэднявеччы, напрыклад, сельскія жыхары складалі абсалютную большасць насельнікаў Беларусі (прыблізна 90 %).
Падобнае змяненне ўмоў жыцця i працы абумовіла няўхільнае разбурэнне традыцыйнага шматвяковага ладу жыцця беларусаў, забыццё імі сваіх уласных каранёў, арыгінальных, выпрацаваных многімі пакаленнямі абрадаў, звычаяў, а таксама страту сваёй роднай мовы, культурных здабыткаў. Спецыяльныя даследаванні пацвердзілі, што менавіта ў асяродку сельскіх папуляцый найлепшым чынам захоўваюцца гены продкаў. Такім чынам, у сувязі з урбанізацыйнымі, экалагічнымі працэсамі адбываюцца пэўныя міграцыі (пераразмеркаванні) генаў, што ў сваю чаргу так ці інакш адбіваецца i на характары нацыянальных супольнасцей (праўда, калі ўсё ж прызнаць існаванне таямнічых генаў этнічнасці, якія вызначаюць адрозненні паміж рознымі народамі).
Пры аналізе ўмоў фарміравання нацыянальнага характару беларусаў нельга абысціся без уліку т. зв. геапалітычнага фактару, які заўсёды накладваў прыкметны адбітак на спецыфіку гістарычнага шляху нашай Бацькаўшчыны. Справа ў тым, што Беларусь, як гэта было даказана яшчэ ў пачатку XX ст. прафесарам А. Смолічам i ў наш час пацверджана (напрыклад, акадэмікам P. Гарэцкім), знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Еўропы. Прычым гэтая цэнтральная мяжа Еўрапейскага кантынента праходзіць прыблізна па рацэ Бярэзіне, г. зн. у самым сэрцы Беларусі. Наша рэспубліка, якая займае заходнюю ўскраіну Усходне-Еўрапейскай раўніны, знаходзіцца на паграніччы ўсходнеславянскага i заходнеславянскага светаў. Менавіта праз тэрыторыю Беларусі праходзіць самы кароткі шлях з цэнтральных раёнаў Расіі ў краіны Заходняй Еўропы. Да таго ж, Беларусь вызначаецца i даволі выгадным водападзельным становішчам у басейнах Чорнага (58 % тэрыторыі) i Балтыйскага (42 %) мораў. Пры гэтым галоўны водападзел праходзіць праз Капыльскую граду, Мінскае i Аршанскае ўзвышшы. Таму нездарма ўжо ў старажытныя часіны Беларусь з поўначы на поўдзень праразаў вялікі водны шлях з «варагаў у грэкі», які актыўна выкарыстоўваўся перш-наперщ для гандлёвых зносін.
Такім чынам, зручнае геапалітычнае становішча Беларусі ў цэнтры Еўропы, на перакрыжаванні ўсіх шляхоў паміж Захадам i Усходам, Поўначчу i Поўднем, з аднаго боку, спрыяла развіццю гандлю, адносін Беларусі з іншымі краінамі свету, узаемапранікненню розных культурных, рэлігійных традыцый i да т. п. Аднак, з другога боку, такое спецыфічнае палажэнне Беларусі прыносіла не толькі пэўны пазітыўны плён, а нярэдка з'яўлялася прычынай многіх трагічных гістарычных падзей i складаных выпрабаванняў. У выніку беларускія землі спрадвеку былі жаданай стратэгічнай мэтай для больш агрэсіўных суседзяў, служылі арэнай шматлікіх бітваў, войнаў паміж імі. У значнай ступені можна лічыць, што беларускі характар, яго адметныя рысы фарміраваліся найчасцей у неспрыяльных знешнепалітычных варунках, пад звон мячоў, у пастаянным крывавым змаганні з захопнікамі (нямецкімі крыжакамі, манголататарамі, шведамі, французамі, войскамі Рускай дзяржавы, Польшчы i г. д.). Такая працяглая, цяжкая барацьба з ворагамі, адчайная абарона сваёй роднай зямлі, часам жыццё ва ўмовах голаду, эпідэмій паступова выпрацоўвалі ў беларускага народа мужнасць, надзвычайную цярплівасць, вынослівасць i працавітасць. Тут варта нагадаць, што нашым продкам за сваё самавыжыванне, свабоднае, мірнае развіццё прыйшлося аддаць вельмі шмат жыццяў, прынесці вялікія ахвяры. Так, за чатыры апошнія стагоддзі, падчас многіх страшэнных войнаў, насельніцтва Беларусі страціла прыкладна 15 мільёнаў чалавек. Жахлівыя страты! Можна толькі гіпатэтычна ўявіць, наколькі розныя войны, выпрабаванні падарвалі творча-стваральны патэнцыял беларусаў, збяднілі народную культуру Беларусі.
У пэўным сэнсе, асновы характару продкаў беларусаў пачалі закладвацца яшчэ ў дахрысціянскія часы, у перыяд панавання на землях Беларусі язычніцтва (паганства) з яго арыгінальнымі, шырока распаўсюджанымі абрадамі, звычаямі, шматлікімі культамі, забабонамі. Да прыняцця хрысціянства тысячу гадоў назад (канец X ст.), а часткова i на працягу наступных стагоддзяў нашы продкі прытрымліваліся язычніцкіх вераванняў, пакланяліся не аднаму, а адразу некалькім багам (політэізм), ушаноўвалі свяшчэнныя дрэвы, крыніцы, узгоркі, камяні, нябесныя свяцілы, розныя прыродныя стыхіі. Тады сярод мясцовага, пераважна славяна-балцкага насельніцтва, былі даволі моцна пашыраны культы зямлі, вады, агню, хлеба, продкаў, сонца (салярны культ) i г. д. Лічылася, напрыклад, што вада, агонь, камяні, асобныя жывёлы валодаюць незвычайнымі, звышнатуральнымі якасцямі i могуць абараняць чалавека ад захворванняў, няшчасцяў i ўвогуле значна паўплываць на яго далейшы жыццёвы лёс (прыгадаем хаця б прыказку «Вада i агонь усяму сіла», легенды пра «святы», «жывы» агонь). Старажытныя насельнікі Беларусі з даўніх часоў нярэдка працягвалі «зверннским обычаем жнвяху», пакуль падобныя звычаі паступова не былі заменены нормамі т. зв. звычаёвага права.
У пантэоне вярхоўных багоў асаблівае значэнне беларусы надавалі Вялесу, богу жывёлагадоўлі, гандлю, багацця, уладару замагільнага свету i адначасова апекуну язычніцкіх святароў — вешчуноў. Пры гэтым багі ва ўспрыманні жыхароў беларускіх зямель часам маглі ўвасабляцца ў розныя істоты. Скажам, Вялее мог быць у выглядзе быка, мядзведзя або воўка. Вельмі ўшаноўвалі нашы продкі i Перуна, бога грому i маланкі, вайсковай справы. Акрамя таго, беларусы пакланяліся i такім багам, як Ярыла (бог урадлівасці i вайны), Дажбог (бог сонца), Лада (багіня дабрабыту i апякунка сямейнага жыцця).
Характэрнай рысай беларускага менталітэту быў i т. зв. Фетышызм слова (вербальная магія), што азначае веру ў цудадзейную сілу некаторых слоў, выразаў. Так, беларусы заўсёды глыбока верылі ў тое (а некаторыя шчыра вераць i сёння), што асобныя сказаныя імі словы могуць здзейсніцца ў сапраўдным жыцці, могуць быць выкарыстаны як на карысць сабе i іншым, так i на шкоду каму-небудзь. Менавіта таму ў беларускім фальклоры са старадаўніх часоў i захавалася (у амаль нязменным выглядзе) вялікая колькасць розных загавораў, пажаданняў, праклёнаў. Беларусаў найчасцей лічылі вельмі прымхлівымі людзьмі, якія валодалі складаным комплексам прыкмет i сродкаў дзеля прадухілення жыццёвых бед i няшчасцяў, што выражалася ў распаўсюджванні сярод ix заклінанняў, забабонаў, замоў, а таксама знахарства i чарадзейства. Пры гэтым простыя людзі, як правіла, паважалі i верылі ў незвычайныя магчымасці вешчуноў (паганскіх святароў), знахароў, чарадзеяў, варажбітак i г. д. Варажба, гаданне, чарадзейства выклікалі павагу, a іншы раз i пэўны жах, трапятанне з боку насельніцтва (асабліва сялянскага). Прыкладам можа служыць полацкі князь Усяслаў Брачыслававіч, энергія i рашучасць якога, а таксама ўменне непрыкметна апынуцца там, дзе яго не чакалі, звязанае нібыта з яго здольнасцю ператварацца ў ваўка, рабіла вельмі моцнае ўражанне нават на ворагаў Усяслава. За падобныя незвычайныя магчымасці сучаснікі называлі князя Усяславам Чарадзеем.
Вельмі доўгі час беларусы захоўвалі шчырую веру (прычым асобныя людзі, пераважна старыя, вераць яшчэ i ў нашы дні) у рэальнае існаванне персанажаў дахрысціянскай міфалогіі, дэманалогіі, i ў першую чаргу т. зв. добрых i злых духаў, якія нібыта насяляюць навакольнае асяроддзе, жывуць побач з чалавекам. Сярод шматлікіх міфалагічных істот, што нярэдка згадваюцца ў беларускіх легендах, паданнях, казках, былічках-страхах, можна прыгадаць наступныя: вадзянік, лесавік, баннік, палявік, гуменнік, хатнік, здань (прывід), ваўкалак, лясун, начніца, русалка, ведзьма i шэраг іншых. У народнай свядомасці злыя духі ўвасабляліся найперш у вобразах вампіраў, ваўкалакаў, розных пярэваратняў, нячысцікаў. У старажытнасці бытавалі погляды, што ўсе прадстаўнікі нячыстай сілы заўсёды імкнуліся нанесці шкоду людзям або ix гаспадаркам, хатнім жывёлам. Прычым такія дэманічныя істоты рабілі сваю чорную, антычалавечую справу найчасцей у начныя часы, пад покрывам цёмнай, непрагляднай ночы. Па народных павер'ях, асабліва варожым i шкодным для чалавека нячысцікам лічыўся чорт, які мог аказваць вельмі дрэнны ўплыў на людскія душы («Чорту душу запрадаў», «Чорт душу выне, а пан шкуру здыме»).
Увогуле, беларускі менталітэт на працягу многіх стагоддзяў (не выключаючы i XX ст.), застаўся, як лічаць фалькларысты, у некаторых сваіх рысах дахрысціянскім, язычніцкім, аб чым сведчыць i спецыфіка многіх народных звычаяў, абрадаў i традыцый правядзення асобных святаў i прысвяткаў. Напрыклад, калядныя, купальскія святкаванні, абрады, спевы яшчэ i зараз маюць шмат агульнага з тым, як ix адзначалі i выконвалі жыхары Беларусі ў часы паганства, чаго нельга сказаць аб фальклоры іншых усходніх славян. Валачобныя песні (распаўсюджаныя, між іншым, толькі ў беларусаў) звязаны, як вядома, са святам Вялікдзень, якое ў старажытнасці ў аснове сваёй было прысвечана богу Вялесу. Рэшткі падобнага старажытнага светаўспрымання захаваліся пераважна сярод вясковых жыхароў Беларусі, якіх нярэдка абміналі ўсялякія навацыі, уплывы больш дынамічнага i зменлівага гарадскога жыцця. Аднак, нягледзячы на пэўную ўстойлівасць традыцыйных рыс ментальнасці, кожны новы гістарычны паварот накладваў на светапогляд i характар беларусаў свой адметны, непаўторны адбітак.
Акрамя вышэйсказанага, надзвычай істотны i своеасаблівы ўплыў на фарміраванне асноў беларускага характару аказала унікальная сітуацыя адначасовага суіснавання на Беларусі ў перыяд сярэднявечча язычніцтва i хрысціянства, з паступовым (хаця i расцягнутым на працяглы час) «заміраннем» першага і, адпаведна, пашырэннем другога. Так, язычніцкія вераванні сярод насельніцтва Беларусі замяняліся хрысціянскімі даволі марудна, бо мясцовыя жыхары моцна прызвычаіліся да сваіх старажытных звычаяў (скажам, спатрэбілася прыкладна тры стагоддзі, каб знік паганскі абрад насыпання курганоў над памёршымі), а таму не маглі хутка перайсці да надта для ix незвычайнай, «інтэлектуальнай» веры. I ўсё ж з цягам часу старажытныя беларусы ў большасці звярталіся да новай Хрыстовай веры.
Цяпер ужо, бадай, агульнапрызнана, што гвалтоўнага, рэзкага выцяснення паганскіх вераванняў i пераводу язычнікаў у хрысціянства на Беларусі не было, бо ў летапісах няма сведчанняў хрышчэння беларускіх зямель у такіх формах, як, скажам, хрысцілі Ноўгарад ці Кіеў — «агнём i мячом». Негвалтоўнасць, паступовасць хрышчэння жыхароў Беларусі па ўсходняму, візантыйскаму абраду (праваслаўе) паўплывала на фарміраванне беларускай народнай душы з яе адмысловымі рысамі. Ігнат Канчэўскі (Абдзіраловіч) справядліва лічыў, што тагачасныя беларусы, зрабіўшыся хрысціянамі, не забыліся i сваіх старых, паганскіх перакананняў, уяўленняў. Спецыфіка сялянскай працы спрыяла захаванню пад хрысціянскай афарбоўкай шматлікіх язычніцкіх аграрных культаў, звычаяў, фальклорных, міфалагічных твораў. Часам беларусы надавалі былым паганскім багам i духам імёны хрысціянскіх святых, перараблялі каменных ідалаў на крыжы i да т. п. У выніку карэнным жыхарам Беларусі было ўласціва своеасаблівае ўзаемапранікненне розных традыцый, сінтэз язычніцкіх i хрысціянскіх вераванняў, духоўных каштоўнасцей, светапоглядаў.
Адначасова з праваслаўем на Беларусі пачало распаўсюджвацца (з XI-XII стст.) i хрысціянства ў форме заходняга, рымскага абраду, г. зн. каталіцтва, чаму ў значнай меры садзейнічалі гандлёвыя, культурныя адносіны беларускіх княстваў, а пазней Вялікага княства Літоўскага (BKЛ), з краінамі Заходняй Еўропы. Прычым зноў жа, як i праваслаўе, каталіцкая вера першапачаткова пашыралася на беларускіх землях без усялякага насілля, «мірным» шляхам. Пранікненне на Беларусь хрысціянства ў выглядзе абодвух абрадаў (праўда, найперш усходняга, праваслаўнага) адбывалася на Беларусі павольна, эвалюцыйна, не парушаючы свабоды веравызнання мясцовых жыхароў. Так, праваслаўныя i каталіцкія святары з цягам часу сталі служыць набажэнствы на старажытных земляробчых святах, замяняючы на гэтым месцы язычніцкіх вешчуноў. Дададзім, што калі хрысціянская вера знаходзіла сваіх прыхільнікаў найчасцей у цэнтральных i ўсходніх раёнах Беларусі, то на паўночным захадзе найбольш працяглы перыяд захоўвалася паганства, бо тут былі прыкметныя ўплывы сумежнага балтыйскага насельніцтва, якое да XIV ст. з'яўлялася амаль што выключна язычніцкім.
Старажытнае язычніцтва за працяглы час яго існавання на Беларусі выхоўвала ў мясцовых жыхароў такія якасці характару, як непасрэднасць, шчырасць выражэння сваіх эмоцый i пачуццяў, павагу да памерлых родзічаў (успомнім культ продкаў «дзяды»), а таксама своеасаблівую паяднанасць з навакольным асяроддзем, усёй прыродай. Аднак той жа язычніцкі светапогляд апраўдваў i некаторы амаралізм у асабістых паводзінах людзей, дазваляў рабіць непрымальныя з сучаснага пункту гледжання ахвярапрынашэнні розным багам, духам (сярод такіх ахвяр маглі быць i жывыя істоты, у тым ліку нават людзі).
Пашырэнне хрысціянства на нашых землях, безумоўна, прыўносіла ў псіхалогію, ментальнасць жыхароў Беларусі новыя рысы i маральна-духоўныя якасці. Хрысціянская вера паступова выпрацоўвала i прыкметна ўзмацняла ў беларусаў мяккасардэчнасць, міласэрнасць, гуманнасць, паважлівасць у адносінах да блізкіх, да старых, знямоглых, дзяцей i г. д. Іншымі словамі, ёсць адпаведныя падставы для сцвярджэння, што хрысціянства з цягам часу ўзбагаціла i канчаткова сфарміравала характар беларусаў. Можна нават сказаць, што хрысціянскія запаведзі, маральныя цноты i забароны дапамаглі пераадолець пэўную «дзікасць» (або «прыроднасць»), стыхійнасць i амаральнасць язычнікаў, што прывяло ў рэшце рэшт да складвання дастаткова спакойнага, ураўнаважанага і, так бы мовіць, «акруглага» характару беларусаў.
Сапраўды, аб мяккасці, значнай адухоўленасці беларусаў можа сведчыць i надзвычайнае багацце народнага фальклору, у якім няцяжка знайсці вельмі шмат твораў, якія прасякнуты дабром, святлом i пяшчотаю (прыгадаем хаця б песні пра каханне, многія творы абрадавай паэзіі). На жаль, у савецкі перыяд, падчас паўсюднага знішчэння храмаў, праследавання вернікаў беларускі характар, на наш погляд, у некаторай меры страціў уласцівыя яму ў мінулым адметныя рысы i стаў больш рэзкім i «вуглаватым», менш мяккім i спакойным. Але ўсё ж большасць беларусаў i ў гэтыя часы здолела захаваць тыя станоўчыя якасці, якія склаліся на працягу ўсяго ix папярэдняга гістарычнага развіцця.
Разам з тым, улічваючы славянабалцкія карані нашых продкаў, беларускі нацыянальны характар у некаторых сваіх рысах быў падобны да псіхалогіі як асобных балтыйскіх, так i славянскіх народаў. Менавіта таму ў беларусаў паступова выпрацаваліся такія асаблівасці характару, як стрыманасць, вынослівасць, некаторая скрытнасць, насцярожанасць, якія нагадваюць балтаў, найперш літоўцаў. I ўсё ж паколькі аснову беларускага этнасу складалі славянскія плямёны, то i падабенства нацыянальнага характару беларусаў было найболыыым якраз з асобнымі славянскімі народамі, i ў першую чаргу з украінскім. Тыповымі славянскімі рысамі ў беларускай народнай душы можна лічыць памяркоўнасць, гасціннасць, добразычлівасць, а з другога боку, i пэўную прамарудлівасць, нерашучасць i г. д. Аднак пры некаторым падабенстве да балтаў i славян, беларус шмат у чым i адрозны ад ix, i, напрыклад, «з гледзішча паляка беларус спакойны i маўклівы, а з гледзішча ліцвіна ён рухлівы i гаваркі» (Я. Станкевіч).
Такім чынам, на спецыфіку нацыянальнага характару беларусаў адначасова з этнічным сінтэзам (славяна-балцкім) даволі істотна ўплываў i рэлігійны сінтэз (язычніцка-хрысціянскі). У выніку гэтага з цягам часу i склаліся адметныя рысы беларускай псіхалогіі, якая сфарміравалася ў перыяд сярэднявечча i ў сваіх асноўных сутнасных характарыстыках захавалася, пры ўсіх гістарычных трансфармацыях i зменах, практычна да сённяшніх дзён. Акрамя таго, прыкметна ўздзейнічалі на складванне адметнага характару беларусаў, як раней адзначалася, i прыроднагеаграфічныя, геапалітычныя, сацыяльна-эканамічныя i іншыя, менш уплывовыя фактары. Усе яны, узятыя разам, у сукупнасці, у рэшце рэшт наклалі моцны, рашаючы адбітак на фарміраванне беларускага нацыянальнага характару, адрознага i непадобнага на псіхалагічны склад іншых народаў свету.
Акрамя вышэйназваных фактараў, дэтэрмінантаў, досыць прыкметны i неадназначны ўплыў (найчасцей дэфармуючы, негатыўны) на народную душу аказвалі, напрыклад, такія спецыфічныя акалічнасці нашай шматпакутнай гісторыі, як працяглая адсутнасць у мінулым сваёй сапраўднай дзяржаўнасці, амаль несупынныя працэсы дэнацыяналізацыі (спачатку паланізацыя, затым — русіфікацыя), канфесійная «разарванасць» беларускага этнасу (праваслаўе, каталіцтва, уніяцтва), позняе фарміраванне i нязначны лік нацыянальнай інтэлігенцыі («галавы народа», паводле выразу У. Ігнатоўскага), адносна нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, a ў савецкі час — ідэалогія i практыка адкрытай ці замаскіраванай контрбеларусізацыі i штучнай асіміляцыі беларусаў у 30-80-я гг.
На наш погляд, можна з пэўнай доляй умоўнасці маральна-духоўныя, псіхалагічныя якасці беларусаў падзяліць на дзве вялікія групы. Да першай групы варта аднесці так званыя станоўчыя, пазітыўныя, а да другой — адмоўныя, негатыўныя, рысы альбо бакі беларускага нацыянальнага характару. Падкрэслім, што падобны падзел выкліканы тым, што кожны чалавек мае ў сваім характары заўсёды як станоўчыя рысы (пачуцці, эмоцыі, схільнасці i г. д.), так i адмоўныя, якія звычайна існуюць разам, адначасова. Зыходзячы менавіта з агульначалавечых каштоўнасцей, уяўленняў пра дабро i зло, добрае i дрэннае, мы вырашылі ўвесці такое «размеркаванне» рыс i для аналізу нацыянальнага характару беларускага народа, пры гэтым адзначаючы некаторую ўмоўнасць i суб'ектыўнасць падобнага падыходу. Зразумела, усе сцвярджэнні i высновы не прэтэндуюць на поўную аб'ектыўнасць i канчатковае асвятленне такой складанай i нераспрацаванай праблемы i могуць разглядацца толькі як спроба набліжэння да ісціны, да стварэння сапраўднай карціны нацыянальнага характару беларусаў.
«НАШ НАРОД ЛЮБІЦЬ ПРАЎДУ I КРАСУ»
Паколькі беларускі народ, як адзначалася ў папярэднім раздзеле, канчаткова сфарміраваўся i набыў усе свае адметныя рысы ў перыяд позняга сярэднявечча (XIV-XVI стст.), то i развагі пра станоўчыя, дадатныя альбо адмоўныя, негатыўныя бакі нацыянальнага характару беларусаў варта пачынаць менавіта з той далёкай эпохі. Да гэтага часу ішло паступовае «закладванне» асноў беларускага характару, які на працягу наступных стагоддзяў (XVII-XX стст.), безумоўна, у пэўнай ступені змяняўся, эвалюцыяніраваў, аднак у сваіх глыбінных вытоках застаўся ўсё ж аднолькавым, ранейшым. I таму многія рысы, закладзеныя шмат стагоддзяў таму назад, выяўляюцца ў тыловых беларусаў i сённяшняга дня.
Да станоўчых рыс беларускага нацыянальнага характару неабходна ў першую чаргу аднесці талерантнасць беларусаў, ix памяркоўнасць, лагоднасць, гасціннасць, дэмакратычнасць, гуманнасць, няпомслівасць, працаздольнасць, мяккасардэчнасць, шчодрасць, паэтычнасць душы i яшчэ шэраг іншых прывабных якасцей. Зразумела, многія з гэтых рыс могуць быць характэрны i для прадстаўнікоў іншых народаў свету (асабліва славянскіх). Таму, каб дакладней высветліць глыбінныя адметнасці псіхалогіі беларусаў, мы вырашылі ўвесці паняцце «меры ўласцівасці» той ці іншай якасці прадстаўнікам асобных этнічных супольнасцей i праводзіць (калі гэта магчыма) параўнальны аналіз.
Зыходзячы з дадзенага пункту гледжання, адной з самых істотных, вызначальных якасцей беларускага характару. трэба лічыць надзвычайную талерантнасць, г. зн. спагадлівасць, цярпімасць беларусаў да прадстаўнікоў розных нацый, канфесій, сацыяльна-саслоўных катэгорый насельніцтва, павагу да людзей з іншым светаўспрыманнем, складам мыслення. I тут перш-наперш варта адзначыць нацыянальную i рэлігійную, а таксама духоўна-інтэлектуальную талерантнасць беларускага народа.
Сапраўды, пра яўную ўласцівасць беларусам гэтай рысы можа сведчыць той факт, што на Беларусі практычна ніколі не было моцных канфліктаў на нацыянальна-рэлігійнай глебе. Адлюстраваннем талерантнасці далёкіх продкаў сучасных беларусаў з'яўлялася адначасовае мірнае i працяглае сумеснае жыццё, суіснаванне карэнных жыхароў Беларусі некалькіх веравызнанняў (праваслаўныя, католікі, уніяты) з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей i канфесій (яўрэі-іудзеі, татары-мусульмане i інш.).
Увогуле, традыцыі талерантнасці былі закладзены на Беларусі яшчэ ў старажытныя часы, аб чым могуць даць некаторае ўяўленне, напрыклад, такія факты, як спакойны, негвалтоўны характар увядзення хрысціянства на нашай зямлі ў канцы X-XI стст., якое досыць доўга працягвала існаваць адначасова з язычніцкімі вераваннямі мясцовых жыхароў. Альбо прыгадаем дзейнасць полацкага князя Усяслава Чарадзея (другая палова XI ст.), які спрыяў будаўніцтву хрысціянскіх бажніц i ў той жа час не знішчаў паганскіх свяцілішчаў, бо ўвогуле цярпіма ставіўся да паганства.
Аднак усё ж будзе неаб'ектыўным сцвярджаць, што на Беларусі зусім не было ніякіх непаразуменняў ці сутычак паміж рознымі этнічнымі супольнасцямі i прыхільнікамі розных веравызнанняў. У перыяд сярэднявечча, пад час існавання BKЛ, на землях нашай Бацькаўшчыны адбывалася своеасаблівая прыцірка канфесій i этнасаў, на працягу якой Беларусі прыйшлося зведаць i штучнае акаталічванне, i часам насільнае ўвядзенне уніяцтва з канца XVI ст., i грамадзянскую вайну 30-х гг. XV ст., i іншыя падзеі, якія часам прыводзілі да некаторага абвастрэння міжнацыянальных (міжэтнічных) адносін. Такім чынам, прайшоўшы няпросты шлях усялякіх выпрабаванняў, на Беларусі ў рэшце рэшт прыкладна к XVI-XVII стст. Паступова склалася досыць трывалая сітуацыя нацыянальна-рэлігійнай i духоўна-інтэлектуальнай талерантнасці, цярпімасці, якая звычайна захоўвалася i ў далейшым. Прычым варта адзначыць, што этнаканфесійная сітуацыя ў ВКЛ менавіта сваёй памяркоўнасцю i талерантнасцю адрознівалася ад адпаведнага становішча ў Рускай дзяржаве i ў розных еўрапейскіх краінах.
Як вядома, шматканфесійнасць i поліэтнічнасць насельніцтва Беларусі канчаткова аформіліся ў эпоху сярэднявечча, у асноўным к XIV-XVII стст. Менавіта тады на землях нашай Бацькаўшчыны з'явіліся пасяленні яўрэяў, расійцаў (рускіх), палякаў, татараў, сярод якіх былі распаўсюджаны розныя рэлігійныя вераванні — праваслаўе, каталіцтва, уніяцтва, пратэстантызм (найперш у форме кальвінізму, лютэранства), мусульманства, іудзейства. У канцы XVIII ст., перад далучэннем Беларусі да Расійскай імперыі, канфесіянальнае становішча ў беларускіх губернях было наступным: уніяты складалі каля 70 % ад колькасці ўсіх жыхароў, у той час як католікаў было 15 %, праваслаўных — 6%, іудзеяў — 7%, a пратэстантаў i іншых — усяго 2 %. Пры вельмі стракатым складзе насельніцтва ўзаемаадносіны паміж яго асобнымі этнічнымі i рэлігійнымі групамі ў цэлым характарызаваліся добрасуседствам, цярпімасцю i прыхільнасцю.
Таму i невыпадкова, што ў Вялікае княства Літоўскае ўжо ў XIV-XVI стст. нярэдка перасяляліся, ратуючыся ад нацыянальнага альбо рэлігійнага ўціску, многія ерэтыкі i адступнікі як з захаду, так i з усходу. Так, у тыя часіны з-за ганенняў i праследаванняў у Заходняй Еўропе яўрэі ў масавым маштабе перасяляліся на землі ВКЛ, дзе ім правіцелі княства дазвалялі рэлігійную свабоду, гарантавалі грамадзянскія правы, а, напрыклад, Вітаўт Вялікі (княжыў у 1392-1430 гг.) імкнуўся ў сваёй практычнай дзейнасці для «жыдоў» (яўрэяў) «абаронцам быць». Прыток яўрэйскага насельніцтва на беларускія землі некалькі павялічыўся ў XVII-XVIII стст. у сувяз! з пагромамі на Украіне, што набылі досыць моцны размах падчас т. зв. гайдамацкага руху.
На Беларусі знаходзілі прытулак i паратунак у XV-XVII стст. i многія апальныя князі, ерэтыкі, вальнадумцы, «простыя людзі» з Расіі, якія ратаваліся тут ад маскоўскага беззакония, жорсткага феадальнага (палітычнага i прававога) уціску. У другой палове XVII ст., пасля царкоўнай рэформы патрыярха Нікана, з расійскіх губерняў з-за боязі рэпрэсіўных мерапрыемстваў былі вымушаны перасяляцца ў Сібір, замежныя краіны, але найперш на тэрыторыю беларускіх зямель, прыхільнікі старых догматаў, абрадаў — стараверы. Стараверы, або стараабрадцы, з цэнтральных раёнаў Расіі ў 1685 г. заснавалі нават асобную слабаду ў Ветцы (на р. Сож). Неўзабаве Ветка стала галоўным рэлігійным цэнтрам стараабрадцаў, вакол якога пачалі ўзнікаць новыя гандлёва-рамесніцкія слабодкі. Паступова колькасць старавераў, да якіх беларусы адносіліся ў большасці цярпіма, узрасла,і ў пачатку XX ст. на Беларусі ix пражывала ўжо каля 100 тыс. чал.
У розныя часы i па розных прычынах на землях нашага краю з'явіліся таксама i колькасна адносна невялікія групы іншых народнасцей, сярод якіх можна назваць украінцаў, татараў, латышоў, літоўцаў, немцаў, цыганоў i г. д. У цэлым узаемадачыненні паміж гэтымі этнічнымі супольнасцямі i беларусамі былі, як правша, добразычлівыя i бесканфліктныя на працягу ўсяго ix доўгага сумеснага жыцця. Асаблівай дружалюбнасцю, узаемнай павагай да культурных здабыткаў, рэлігійных поглядаў ва ўсе часіны характарызаваліся беларуска-татарскія адносіны. Яскравым прыкладам талерантнага стаўлення да татарскага насельніцтва можа служыць i вядомая беларуская прымаўка «Татары — добрыя гаспадары». У сваю чаргу татары нярэдка добра ведалі звычаі, абрады, фальклорныя творы беларусаў, а з XVI ст. карысталіся звычайна беларускай мовай, на якой, між іншым, былі напісаны (праўда, арабскімі літарамі) i ix святыя кнігі — «Аль-Кітабы». Добразычлівасць i ўзаемаразуменне паміж беларусамі i мусульманамі-татарамі адзначалі таксама i некаторыя расійскія этнографы XIX ст.
Першая i адзіная хваля яўрэйскіх пагромаў пракацілася па асобных мястэчках i гарадах Усходняй Беларусі напярэдадні i падчас рэвалюцыі 1905 г., адразу пасля выдання Маніфеста 17 кастрычніка. Прычым на Беларусі размах i колькасць такіх пагромаў былі ўвогуле нязначныя, аб чым сведчаць наступныя лічбы: толькі за перыяд з 18 па 29 кастрычніка 1905 г. на тэрыторыі Расійскай імперыі, пераважна ў паўднёвых i паўднёва-заходніх раёнах т. зв. «межах аседласці» (г. зн. у межах рассялення яўрэяў) было зафіксавана 690 выпадкаў яўрэйскіх пагромаў, a ў беларускім рэгіёне — усяго 8 (дарэчы, у Віленскай i Гродзенскай губернях падобных здарэнняў зусім не сустракалася). Дададзім, што гэтыя пагромы ўзнікалі найчасцей не спантанна, a былі арганізаваны, напэўна, асобамі чарнасоценнай арыентацыі, да якіх належалі ў асноўным прадстаўнікі небеларускай нацыянальнасці. У. Ігнатоўскі небеспадстаўна лічыў, што пагромы па сваёй сутнасці ёсць не што іншае, як «помета яўрэйскім працоўным масам за ўдзел у рэвалюцыі з. боку царызму». Адсюль вынікае, што ніякі народ (беларускі, рускі i інш.) сам ніколі не ўстройваў падобных пагромаў, яны заўсёды арганізоўваліся ўладамі.
Безумоўна, невялікія непаразуменні i сваркі паміж беларусамі i яўрэямі мелі месца (у большасці на сямейна-бытавым узроўні), таму што на Беларусі слова «жыд» мясцовыя ўлады заўсёды імкнуліся зрабіць для мужыка-беларуса сінонімам эксплуататара. Пэўная «нацягнутасць» ва ўзаемаадносінах была абумоўлена асобнымі негатыўнымі з'явамі шматгадЪвага сумеснага жыцця, этнічнымі стэрэатыпамі, спецыфікай светапогляду, традыцый i звычаяў двух народаў. Але ў цэлым, як пісаў З. Бядуля, нягледзячы на «цКаванне рознымі чарнасоценцамі з Масковіі нашых сялян на жыдоў», наш народ нічога кепскага не рабіў жыдам, бо ў той час, калі ў Расіі «чыніліся над жыдамі пагромы i страшэнныя здзекі (асабліва ў 1881-1882 i 1905-1906 гг.— 3. Д.), беларускія сяляне не паддаваліся цёмнай агітацыі». Таму невыпадкова ў розных гістарычных крыніцах сустракаюцца звесткі аб тым, што, напрыклад, лепшымі сябрамі i дарадчыкамі беларусаў часам з'яўляліся яўрэі-крамнікі, рамеснікі (прымаўка «як бяда — мы да жыда»), прадстаўнікі іншага неаўтахтоннага насёльніцтва Беларусі.
Беларусы, на шчасце, у большасці не страцілі сваёй славутай талерантнасці i за дзесяцігоддзі жыцця пры савецкай уладзе, прадстаўнікі якой, наадварот, нярэдка імкнуліся штучна ўзбудзіць у простых грамадзян рэспублікі пачуццё непрыхільнасці, варожасці да выдуманых у 20-30-я гг. «ворагаў народа», «нацыянал-дэмакратаў» («наццэмаў»), «іншадумцаў», «сіяністаў» i г. д. Шматгадовыя традыцыі мірнага супольнага існавання людзей розных нацыянальнасцей абумовілі практычна поўную адсутнасць сярод насельніцтва Беларусі нацыяналістычных, антысеміцкіх настрояў i пачуццяў.
У гады самых цяжкіх для беларускага народа выпрабаванняў — падчас другой сусветнай вайны — беларусы, нават нягледзячы на ўсе надзвычайныя складанасці ваеннага часу, усё ж заўсёды давалі прытулак i аказвалі магчымую дапамогу ўсім пацярпеўшым, сярод якіх было нямала яўрэяў, рускіх, палякаў, татараў i інш. I пасля чатырох страшэнных гадоў ліхалецця шматнацыянальнае насельніцтва Беларусі разам адбудоўвала разбураныя, спаленыя гарады, вёскі, фабрыкi, заводы, жыллё, тэатры, клубы i г. д.
У сучасны перыяд, калі амаль паўсюдна на тэрыторыі былога СССР успыхваюць міжнацыянальныя канфлікты i спрэчкі, у Беларусі, як i на працягу многіх стагоддзяў у мінулым, этнаканфесійная сітуацыя застаецца (і спадзяёмся, будзе заўсёды заставацца) даволі стабільнай i спакойнай. Зараз на Беларусі пражываюць прадстаўнікі звыш 100 нацыянальнасцей. Да таго ж, сюды прыязджаюць на месца пастаяннага ці часовага жыхарства многія бежанцы з раёнаў, дзе маюць месца крывавыя сутыща на этнічнай глебе. I да гэтых людзей, таксама як i да членаў шматлікіх рэлігійных абшчын (дарэчы, у верасні 1994 г. на Беларусі існавала 24 канфесіі i каля 1,5 тыс. афіцыйна зарэгістраваных рэлігійных абшчын — праваслаўных, каталіцкіх, уніяцкіх, сектанцкіх i нават ёсць аб'яднанні крышнаітаў, бахаістаў, кальвіністаў, будыстаў), беларусы ставяцца пераважна цярпіма, прыязна. Сапраўды, Беларусь можна лічыць, прымаючы пад увагу яе шматвяковыя традыцыі талерантнасці, «канфесійнай Швейцарыяй» паміж трыма гігантамі хрысціянскага свету — каталіцкім Захадам, праваслаўным Усходам i пратэстанцкай Поўначчу, своеасаблівым месцам ix «поліфанічнай злучнасці».
Аб даволі высокім узроўні этнаканфесійнай цярпімасці беларусаў ускосна можна зрабіць выснову i на падставе аналізу ix фальклорных твораў, у першую чаргу казак, легенд, прыказак, прымавак. Улічваючы той факт, што беларускі фальклор з'яўляецца, бадай, самым багатым i разнастайным у Еўропе, можна гаварыць аб адносна невялікай колькасці прыкладаў вуснай народнай творчасці, у якіх адлюстроўваліся б адмоўныя, непрыхільныя адносіны беларусаў да іншародцаў i іншаверцаў. Пры гэтым падобныя выказванні прымалі найчасцей не пагардліва-варожую, а дастаткова тактоўную, іншы раз тонкагумарыстычную ці іранічную форму. Да таго ж негатыўныя этнічныя стэрэатыпы беларусаў выяўляліся нераўнамерна (у некаторых мясцовасцях яны амаль зусім не сустракаліся) i мелі адназначную сацыяльнакласавую накіраванасць — галоўным чынам на паноў i іншых прыгнятальнікаў. Так, у канцы XIX ст. адзначалася, што самая бедная, незаможная частка яўрэйства «нідзе так не сышлася з народам, як у Беларусі: яўрэі тут не толькі засвоілі некаторыя звычаі i забабоны, але нават нярэдка бываюць выпадкі адзінадушнай барацьбы гэтай часткі яўрэйства з беларусамі супраць яўрэяў жа багацеяў i паноў». Здаецца справядлівай думка, што ў масе сваёй беларускі просты люд з цягам часу звыкся i амаль ніколі не варагаваў з яўрэйскім насельніцтвам.
На фарміраванне палітычнай, духоўна-інтэлектуальнай i сацыяльнай памяркоўнасці, цярпімасці беларусаў значна паўплывалі i дэмакратычныя традыцыі жыцця беларускага народа ў складзе розных дзяржаўных утварэнняў: старажытнае веча, паны-рада, вальныя Соймы, павятовыя соймікі, звычаёвае, магдэбургскае права i г. д. I хаця беларускі этнас на працягу большай часткі гістарычнага развіцця з'яўляўся поліканфесійным, аднак сярод беларусаў розных веравызнанняў (нягледзячы на асобныя супярэчнасці) усё ж быў характэрны плюралізм i цярпімасць нават да ерэтыкоў i атэістаў. Рэлігійная талерантнасць беларусаў у мінулыя стагоддзі даходзіла іншым разам да пэўнага індыферэнтызму, калі беларускія сяляне хадзілі маліцца з аднолькавай ахвотай як у царкву, так i ў касцёл, гаворачы пры гэтым: «Усё роўна хвала Боска». Яшчэ адным ускосным сведчаннем уласцівасці беларусам вышэйназванай рысы характару можа служыць i знешняе падабенства беларускіх храмаў розных хрысціянскіх канфесій (праваслаўнай, каталіцкай i уніяцкай), узаемаперапляценне спосабаў ix пабудовы, падабенства некаторых архітэктурных дэталяў.
Такім чынам, можна ў пэўнай меры пагадзіцца з думкай Ул. Караткевіча аб тым, што беларусам ва ўсе часы была прыродна ўласцівая павага да іншых народаў i памяркоўнасць да тых, хто думае іначай. Бадай, найбольшай памяркоўнасцю i рахманасцю вызначалася ў мінулым нешматлікая беларуская інтэлігенцыя, якая, паводле слоў М. Багдановіча, «ніколі не ўпадала ў шавінізм, не імкнулася да змяншэння правоў суседніх нацыянальнасцей дзеля паўнаты самастойнага жыцця». Усе вышэйпрыведзеныя факты яскрава сведчаць аб тым, што беларускі народ сапраўды пазбаўлены рэлігійнага фанатызму, шавінізму i агрэсіўных імкненняў. Менавіта таму, на наш погляд, няма сур'ёзных падстаў тэзіс аб талерантнасці беларусаў лічыць міфам, як гэта часам спрабуюць сёння даказаць асобныя даследчыкі.
Большасць беларусаў ва ўсе часіны ix гістарычнага жыцця вызначала i такая адметная, характэрная рыса, як шчырая любоў i павага да зямлі, да роднага кутка, што заўсёды ўражвала шматлікіх іншаземцаў. Многія падарожнікі неаднаразОва адзначалі, што беларусам здавалася нярэдка агіднай думка хаця б часова развітацца з роднымі мясцінамі. Сапраўды, на працягу многіх стагоддзяў, бадай, да канца XIX — пачатку XX ст., беларусы не ведалі масавых перасяленняў, міграцый i толькі пры самых неспрыяльных умовах, пры крайняй неабходнасці маглі пакінуць сваю Радзіму («З'ехаў на чужыну — як зваліўся ў дамавіну», «Бацькоў не цурайся — ад Радзімы не адракайся»). У адрозненне, напрыклад, ад яўрэяў i цыганоў, якіх небеспадстаўна можна назваць «вечнымі перасяленцамі», беларусы, наадварот, вызначаліся досыць моцнай прыхільнасцю да аднаго месца жыхарства i былі праціўнікамі частага перамяшчэння i перасялення.
У беларускім менталітэце няма схільнасці да бязмежжа, неабсяжных далячынь, як, скажам, у расійскім ці ўкраінскім светапоглядзе (прыгадаем хаця б выразы «степь да степь кругом», «широка страна моя родная», характэрныя апісанні родных прастораў у рускіх былінах i ўкраінскіх думах), а наадварот, адчуваецца выразнае імкненне да лакалізацыі месца жыцця, аб чым даюць уяўленне фальклорныя творы беларусаў, асабліва прыказкі i прымаўкі. Менавіта ў ix яскрава адлюстравалася тыповая для беларусаў тэндэнцыя трансфармацыі, зніжэння паняццяў аб вялікай Айчыне да ўзроўню архетыпу (універсальнага першавобраза) «роднага кутка». Дзеля прыкладу прывядзём наступныя народныя выказванні: «Кожнаму свой куток мілы», «Дарагая тая хатка, дзе мяне радзіла матка», «У сваім краі, як у раі», «Ідзі ў родны край, там i пад елкаю рай», «Родная зямелька, што зморанаму пасцелька». Альбо ўспомнім фрагменты з вядомых паэм Я. Коласа: «Мой родны кут, як ты мне мілы! // Забыць цябе не маю сілы» («Новая зямля»); «О, край родны, край прыгожы! // Мілы кут маіх дзядоў! // Што мілей у свеце Божым // Гэтых светлых берагоў» («Сымон-музыка»).
Увогуле, у калектыўнай i асабістай «псіхе», згодна з тэрміналогіяй К. Г. Юнга, беларусаў любоў да Радзімы (да Беларусі ў цэлым) найчасцей атаясамлівалася з прывязанасцю да лакальнага месцапражывання, г. зн. да свайго невялікага кавалачка зямлі, да свайго сяла, хаты i г. д. Сярод беларусаў не былі пашыраны, прынамсі, да канца XIX — пачатку XX ст. т. зв. адыходныя промыслы, a калі ім, жыхарам Беларусі, прапаноўвалі пайсці на заработкі за 100-200 вёрст, то найбольш тыповым адказам беларуса быў такі: «Хіба я ашалелы, што пайду на край света?!» Таму нездарма беларусаў можна назваць «земляной нацыяй», ці «народам-дамаседам». Надзвычай моцная цяга беларусаў да родных мясцін у наш час праяўляецца i ў тым, што, напрыклад, некаторыя людзі (пераважна старыя) нават i пасля страшэннай экалагічнай катастрофы — Чарнобыльскай аварыі, нягледзячы на ўсе забароны, усё ж часам вяртаюцца ў свае хаты на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях.
Звычайна ў беларускім нацыянальным характары ва ўсе часіны, i асабліва ў перыяд войнаў i шматлікіх выпрабаванняў, даволі прыкметна праяўляюцца патрыятычныя пачуцці, гатоўнасць абараняць сваю родную зямлю, Радзіму. Патрыятызм беларусаў адлюстроўваўся не толькі ў ix вуснай народнай творчасці (прыказках, прымаўках, песнях), але i ў канкрэтных практычных дзеяннях, учынках. Францішак Багушэвіч у прадмове да свайго зборніка вершаў «Дудка беларуская» (1891 г.) адзначаў, што Беларусь «нікога не біла, не падбівала, толькі баранілася» ад розных чужынцаўзаваёўнікаў (крыжакоў, мангола-татараў, палякаў, шведаў, немцаў, расійцаў i г. д.). Так, беларусы найчасцей былі ахвярамі шматлікіх войнаў, але практична ніколі не з'яўляліся ix ініцыятарамі.
Сапраўды, у гісторыі Беларусі са старадаўніх часоў было нямала такіх падзей, якія ў поўнай меры можна лічыць славутымі старонкамі гераізму, мужнасці, патрыятызму нашых продкаў. Дзеля прыкладу ўспомнім хаця б перамогу войскаў BKЛ над мангола-татарскімі атрадамі каля Сініх Водаў (1362 г.), пад Грунвальдам над крыжакамі (1410 г.), прычым апошняя бітва, у выніку якой аб'яднаным войскам ВКЛ i Польскага каралеўства былі ўшчэнт разбіты сілы нямецкага Тэўтонскага ордэна, з'яўлялася адной з найбуйнейшых бітваў эпохі сярэднявечча. Незвычайныя адвагу i любоў да сваёй Айчыны праявілі беларусы i ў перыяд апошняй вайны, дзе загінуў кожны чацвёрты жыхар рэспублікі. Тады сярод мясцовага насельніцтва былі распаўсюджаны паказальныя прымаўкі: «Смела ідзі ў бой — Радзіма з табой», «Хочаш шчасця для рабочых i сялян — ідзі ў атрады партызан», што, безумоўна, спрыяла арганізацьіі ўсенароднага беларускага Супраціўлення, якое па сваім размаху i моцы не мела, напэўна, сабе роўных.
Варта адзначыць i такую рысу беларускага характару, як адсутнасць, пазбаўленасцъ беларусаў месіянскай свядомасці, жадання дасягнуць Сваіх дзяржаўных інтарэсаў i амбіцый за кошт іншых народаў. Патрыятызм, шчырая любоў беларусаў да сваёй Айчыны ніколі не перарасталі ў месіянізм i ваяўнічы нацыяналізм, чаго нельга ў поўнай меры сказаць аб польскім ці рускім менталітэце.
У пачатку XX ст. расійскі філосаф М. Бярдзяеў сутнасць «душы Расіі» ўбачыў у яе антынамічнасці i супярэчнасці, следствам чаго было тое, што рускі народ заўсёды лёгка ўпадаў у крайнасці, вельмі хутка пераходзіў ад «тоски-кручины» да нястрымнай весялосці i г. д. Падобнай думкі ў розныя часіны прытрымліваліся многія даследчыкі, a ў сучасны перыяд акадэмік Дз. С. Ліхачоў справядліва сцвярджае, што адметнай рысай нацыянальнага характару рускіх з'яўляецца імкненне ва ўсім даходзіць да крайнасцей, да межаў магчымага. У параўнанні з рускім беларускі нацыянальны характар вызначаецца, на наш погляд, болыиым пастаянствам, устойлівасцю, пазбаўленасцю крайнасцей у выяўленні сваіх пачуццяў i эмоцый. Гэтая ўстойлівасць, своеасаблівая цэнтрычнасцъ характару беларусаў адлюстравалася таксама i ў тым, што ў беларускім фальклоры, асабліва ў песнях, вершах, казках, розныя пачуцці, перажыванні дзеючых асоб звычайна не існуюць у «чыстым выглядзе». Яны як бы ўраўнаважаны, адначасова сумяшчаюць у сабе, скажам, радасць i смутак (тыповым прыкладам тут могуць служыць вясельныя песні).
Рахманы беларускі народ, не здатны на агрэсіўныя дзеянні супраць суседніх краін, якраз з боку апошніх (найперш Расіі i Полыичы) на працягу ўсёй сваёй гісторыі падвяргаўся моцным асімілятарскім уплывам, якія, па словах Ігната Абдзіраловіча, заўсёды «круцілі i гвалцілі душу беларуса, толькі прымушаючы яго ўбачыць, што ў чужой скуры заўсёды дрэнна, што трэба вытварыць нешта сваё, роднае, блізкае, арганічнае». I, нягледзячы на часам непрыхаваны нацыянальна-культурны ўціск з абодвух бакоў, беларусы ў пераважнай большасці (у першую чаргу гэта датычылася вясковых жыхароў) усё ж недзе ў глыбінях сваёй душы, мажліва, на падсвядомым або генетычным узроўні захавалі гшчуццё сваёй этнічнасці, самабытнасці, непадобнасці да іншых народаў, а таксама павагу да роднай культуры, мовы, традыцыйных абрадаў, звычаяў. Таму беларусаў, верагодна, можна лічыць менавіта тым народам, які пры ўсіх пераменах, пры ўсялякіх зносінах i змешванні з другімі народамі захоўвае свой гіачатковы духоўны ўклад.
Увогуле, беларусаў у пэўнай ступені можна лічыць, зыходзячы з аналізу ix гістарычнага развіцця, своеасаблівай індывідуальна-калектывісцкай супольнасцю, прычым суадносіны паміж арыентацыямі да індывідуалізму i калектывізму ў розныя перыяды былі неаднолькавыя. Так, у эпоху сярэднявечча для беларусаў больш характэрным быў калектывісцкі лад жыцця, яскравым адлюстраваннем чаго з'яўлялася распаўсюджанасць на Беларусі суседскіх абшчын, якія называліся звычайна грамадой («Грамада — вялікі чалавек»). Падобныя абшчыны складаліся з аднаго альбо некалькіх сельскіх пасяленняў, жыхары якіх сумесна, калектыўна валодалі ворнай зямлёй, пашамі, ляснымі ўгоддзямі, а таксама мелі свае ўласныя органы самакіравання (сельскі сход) i нават свой абшчынны суд («копны суд»). Адметнымі рысамі грамадскага побыту сельскіх абшчын на Беларусі былі каляндарныя святы i звычаі, у якіх прымалі ўдзел амаль што ўсе абшчыннікі ад дзяцей да старых. Менавіта таму асноўны «масіў» беларускіх народных песень, вершаў, абрадаў, звычаяў, танцаў, гульняў быў вышкам калектыўнай творчасці нашых продкаў i сфарміраваўся ў абшчынны перыяд гісторыі Беларусі. У мінулым беларусы ў выпадку неабходнасці практычна заўсёды ішлі на дапамогу сваім аднавяскоўцам, суседзям, сваякам, адгукаліся на чужую бяду, аб чым даюць уяўленне такія старадаўнія народныя звычаі, як талака i адпаведныя ёй талочныя песні, а таксама сябрына, бонда i інш.
Аднак з цягам часу абшчынны, калектыўны ўклад вясковага жыцця беларусаў пад уплывам розных фактараў паступова разбураўся, прыходзіў у заняпад. У першую чаргу тэта было выклікана, на наш погляд, аграрнай рэформай XVI ст. (найперш тут маецца на ўвазе т. зв. «Устава на валокі» 1557 г.). Рэформа прадугледжвала надзяленне асобных сялянскіх сямей (двароў) зямельнымі ўчасткамі памерам у адну валоку (21, 36 га), з якой i налічваліся павіннасці сялян. Такім чынам, «Уставай на валокі» фактычна замацоўвалася прыватная ўласнасць на зямлю i ўводзілася падворнае землекарыстанне замест абшчыннага. Праўда, падобныя аграрныя пераўтварэнні былі праведзены пераважна на захадзе i ў цэнтральнай частцы Беларусі, у той час як на ўсходзе яшчэ даволі працяглы час захоўваўся (хаця i ў некалькі іншым выглядзе) абшчынны лад жыцця вясковых жыхароў. Дададзім, што ў суседняй Расіі абшчынны быт быў вельмі ўстойлівы i пачаў прыкметна разбурацца, у адрозненне ад Беларусі, толькі ў пачатку XX ст. у сувязі ca сталыпінскай рэформай.
Усё гэта дае пэўныя падставы ў цэлым пагадзіцца з думкай гісторыка У. Ігнатоўскага аб тым, што беларускі селянін найчасцей з'яўляўся «больш выразным уласнікам», чым абшчьіннік-велікарус, а таму задаткаў калектывізму беларус мае менш, чым селянін-абшчыннік на Велікарусі. Адлюстраваннем таго, што з XVI-XVII стст. у беларусаў няўхільна пашыраюцца індывідуальныя пачаткі жыцця, можа з'яўляцца i спыненне дзейнасці «копных судоў», драбленне вялікіх нераздзельных сем'яў на больш малыя (нуклеарныя), паступовае адміранне некаторых былых народных звычаяў (талака, сябрына), а таксама пэўнае затухание калектыўнай народнай творчасці i г. д.
Жыхары Беларусі спрадвеку былі вымушаны пад уплывам розных фактараў (палітычных, прыродна-геаграфічных, сацыяльна-дэмаграфічных) рассяляцца пераважна невялікімі, кампактнымі супольнасцямі. У тых мясцовасцях, дзе было шмат лясоў, азёр, пяскоў, балот, беларусы жылі, паводле сведчанняў назіральнікаў, як быццам на астравах, паміж каторымі іншы раз па некалькі месяцаў не бывала ніякіх зносін. Падобныя асаблівасці рассялення аказвалі значны ўплыў на спецыфіку гаспадарання беларусаў, ix прагу да самастойнасці, асабістай «аўтаномнасці», прычым рысы пэўнага індывідуалізму, а часам i ізаляцыянізму, пераважалі, як правіла, ix калектывісцкія схільнасці. Доказам гэтага тэзісу можа служыць тое, што для беларусаў з даўніх часоў быў характэрны маладворны тып пасяленняў, калі яны жылі найчасцей маленькімі вёсачкамі з 5—10 хат (на ўсходзе i поўдні Беларусі часам болей) альбо ўвогуле высяляліся на хутары, асабліва з другой паловы XIX ст. Невыпадкова на Беларусі многія сялянскія сем'і жылі на т. зв. «адзіночцы», г. зн. адасоблена ад іншых людзей.
Істотныя асаблівасці светапогляду, характару беларусаў праяўляюцца i ў ix рэлігійнасці, г. зн. адносінах да рэлігіі, царквы, да рэлігійных абрадаў, увогуле да праблемы існавання Бога. Сярод станоўчых рыс беларусаў можна небеспадстаўна падкрэсліць ix досыць моцную рэлігійнасць, прычым з прыкметнай схільнасцю да адпаведнай абраднасці. Пры гэтым нашым продкам звычайна быў уласцівы дуалізм светаўспрымання, які выяўляўся ў тым, што, згодна з беларускімі касмаганічнымі легендамі, Бог прызнаваўся стваральнікам Сусвету, а таксама ўсяго добрага i прыгоднага на зямлі, а творцам усяго шкоднага i варожага чалавеку з'яўляўся чорт, д'ябал (таму нездарма на Беларусі бытавала прыказка «I Бога хвалі, i чорта не гняві»).
Адразу адзначым, што беларусы адносіліся да Бога заўсёды з вялікай павагай, спадзяваліся ў жыцці на яго дапамогу (успомнім штодзённыя малітвы, т. зв. «божканне», навучанне дзяцей маліцца i хрысціцца ўжо з 4-5 гадоў, выказванне «Без Бога — не да napora»), аднак такія погляды ніколі не насілі характару сляпой i ўсёпаглынальнай веры ў поўную справядлівасць i ўсёмагутнасць Бога. Нездарма сярод беларускіх прыказак i прымавак, іншых народных твораў можна знайсці i такія, дзе адлюстравана надзея людзей на Бога як на вышэйшую, недасягальную істоту («Бачыць Бог з неба, што каму трэба», «У Бога ўсяго многа», «Скінь шапку — Бог у хаце», выразы «Крый Божа!», «З Богам», «Дай Божа!»), i такія, дзе выказваліся думкі аб пэўнай несправядлівасці Боскай ласкі, дзе аспрэчваецца ідэя аб яго ўсёмагутнасці («Не роўна Бог дзеліць», «На Бога спадзявайся, але i сам старайся»). Вера беларусаў з даўніх часоў была пераважна ўнутранай, душэўнай, а не паказной, знешняй. Таму беларусы нярэдка не мелі поўнага даверу да афіцыйнай царквы, да асобных святароў, якія нярэдка імкнуліся ў палітычных мэтах штучна навязаць мясцовым жыхарам свае рэлігійныя перакананні.
У адрозненне ад папярэдніх стагоддзяў, у савецкі перыяд сярод даволі значнай часткі насельніцтва пад уплывам няспыннай атэістычнай прапаганды распаўсюдзіліся ідэі бязбожніцтва, выдуманасці асобы Бога-чалавека Ісуса Хрыста, шкоднасці i непатрэбнасці рэлігійных абрадаў. У сучасны момант на Беларусі адбываецца своеасаблівы рэлігійны рэнесанс, калі многія людзі зноў вяртаюцца ад атэізму да Бога, да Хрыстовай веры.
Мажліва, што паступовае распаўсюджванне ў мінулым сярод беларусаў хрысціянскіх культаў i запаведзей у значнай меры садзейнічала фарміраванню мяккай, далікатнай, паэтычнай i глыбока задуменнай беларускай душы. Да якасцей характару беларускага насельніцтва можна небеспадстаўна аднесці таксама дабрадушнасць, лагоднасць, мяккасардэчнасць, добразычлівасць, ветлівасць, няпомслівасць, часам вясёлы нораў. Падобныя высновы пацвярджаюцца i аналізам беларускага фальклору. Так, беларускі казачны эпас (у першую чаргу чарадзейныя казкі) адлюстраваў законы народнай маралі, духоўнасці, якія замацаваліся пад моцным уплывам хрысціянства. У народнай творчасці беларусаў, немалое значэнне мела перайманне біблейскіх вобразаў i сюжэтаў, прычым часам у форме ix карнавальнай травестацыі1. Улічваючы пашыранасць на Беларусі духоўных вершаў, песень i легендаў (толькі Е. Раманаў запісаў 126 духоўных i малітоўных беларускіх вершаў), можна пагадзіцца, што беларусаў у «маральных адносінах вылучае не багацце міфічных казак на шаблонныя матывы аб барацьбе са змеямі i г. д., а багацце мяккіх i гуманных легендаў, у якіх сацыяльнаэканамічныя пытанні вырашаюцца ў духу хрысціянскай любові i лагоднасці» (М. Сумцоў).
Заўважым, што з даўніх часоў беларусы аддавалі перавагу светлым колерам, i асабліва беламу, у сваім адзенні (адкуль, па адной з некалькіх гіпотэз, i паходзяць этнонімы «беларусы», «беларусцы»), а, як вядома, сімволіка белага колеру азначае маральную чысціню, дабро, прыгажосць i праведнасць жыцця. Таму i невыпадкова, што на нашай зямлі ўжо са старажытных часоў было вядома мноства магутных духоўных хрысціянскіх асоб, сярод якіх варта ў першую чаргу назваць Св. Ефрасінню Полацкую, Св. Кірылу Тураўскага, Клімента Смаляціча, прэп. Марціна, трох віленскіх пакутнікаў (Св. Антонія, Іаана i Еўстафія), а таксама шматлікіх невядомых, але самаахвярных, міласэрных угоднікаў Божых з ліку святароў, манахаў, інакаў, т. зв. лірнікаў (старых сляпцоў) i г. д. Дарэчы, дзейнасць усіх вышэйназваных духоўных падзвіжнікаў карысталася вялікай павагай i пашанай у асяродку простага люду, бо значная частка беларускага народа сама мела немалую схільнасць да хрысціянскай міласэрнасці, гуманнасці, шчырага спачування бліжняму («Бога любі, i бліжняга свайго не губі», «Любі другога, як сябе самога», «Шчыраму сэрцу чужая (болька баліць», «Чаго сабе не хочаш, таго i другому не зыч» i г. д.).
Набожнасць беларусаў, ix вера ў вышэйшыя духоўныя каштоўнасці значна паўплывалі i на характар сямейных узаемаадносін паміж бацькамі i дзецьмі, мужчынамі i жанчынамі, паміж сваякамі. Найчасцей падобныя кантакты вызначаліся ўзаемнай сімпатыяй, добразычлівасцю i даверлівасцю. У паўсядзённым жыцці беларусы да бацькоў, да старых, суседзяў, сваякоў найчасцей ставіліся цярпіма, з павагаю («Хто бацькоў шануе, той сабе неба гатуе», «Бацькоў любі, старых паважай», «Старэйшых i ў пекле шануюць»). У сваю чаргу, бацькі ў беларускіх сем'ях з замілаваннем выхоўвалі сваіх дзяцей, прычым усіх ix любілі амаль аднолькава, не вылучаючы асобна нікога («А ў нашым садзе усе роўныя кветкі // Сынкі, дачушкі — усе роўныя дзеткi»).
Увогуле, беларускія сем'і ў мінулым нярэдка былі досыць вялікія, аб чым сведчаць т. зв. «сямейныя абшчыны», якія ўключалі ў сябе не толькі асноўную, але таксама i сем'і сыноў, дачок i г. д. Гаспадаром у такіх сем'ях звычайна лічыўся бацька («Бацька i маці ад Бога ў хаце, хто ix зневажае, той дабра не знае»). Аднак i становішча жонкі ніяк нельга было назваць прыгнечаным i непаўнапраўным, бо яна найчасцей з'яўлялася памочніцай i дарадчыцай мужа, а сфера дамаводства (жаночая сфера дзейнасці) належала ёй практычна поўнасцю. Несправядлівыя, жорсткія адносіны мужа да жонкі ў беларускіх сем'ях — з'ява вельмі рэдкая, нават выключная (праўда, калі муж не п'яніца), таму i ў народных песнях амаль немагчыма знайсці прыклады, дзе апавядаецца пра гаротнае жыццё жанчын-беларусак з-за ix прыгнечанага сямейнага становішча.
У свой час геніяльны З. Фрэйд небеспадстаўна лічыў, што «каханне i праца — вось два стаўпы, на якіх трымаецца наша псіхічная раўнавага i наша здароўе». Што датычыцца беларусаў, то яны ў сваім паўсядзённым жыцці i першаму, i другому надавалі даволі вялікае значэнне i адносіліся да ix надзвычай сур'ёзна, адказна. Аб стаўленні беларусаў да такога трапяткога, тонкага пачуцця, як каханне, даюць пэўнае ўяўленне некаторыя прыклады беларускага фальклору (скажам, прыказкі i прымаўкі: «Любоў — не пажар, а загарыцца — не патушыш», «Бацька мілы, матка міла, дзяўчына мілейша», «Жонку выбірай i вачыма, i вушыма», «Любіш — жаніся, не любіш — адкасніся», «У дзеўках сівеючы не будзеш радавацца», «Сэрца не ўтрымаеш» i г. д.). Шматлікія беларускія песні любоўнагазместу (у тым ліку i частушкі) вызначаюцца пяшчотай i задушэўнасцю, у ix мноства ласкальных, мяккіх слоў («мілёначак», «мілашачка», «душачка», «каханачак» i да т. п.). Невыпадкова яшчэ Ян Чачот у XIX ст. адзначаў, што менавіта песні (пераважна вясельныя) могуць дапамагчы зразумець чуллівыя, цудоўныя, тонкія i глыбокія пачуцці беларусаў. Спецыяльнае этна-сексалагічнае даследаванне дае важкія падставы сцвярджаць, што беларусы заўжды высока цанілі цнатлівасць маладых, асабліва нявесты, да вяселля (прыгадаем адмысловы беларускі абрад «пасад нявесты») i адначасова рэзка асуджалі распуснасць i разбэшчанасць. Дарэчы, далека не ва ўсіх народаў захоўвалася падобная чысціня ўзаемаадносін паміж мужчынамі i жанчынамі, i тут можна ўспомніць надзвычай фрывольныя «Рускія запаветныя казкі» А. Афанасьева i «Рускія запаветныя прыказкі i прымаўкі» Ул. Даля.
Прыкметны ўплыў на асобныя рысы нацыянальнага характару беларусаў аказала i своеасаблівая прыгажосць беларускай прыроды, прычым некаторыя падарожнікі сцвярджалі, што па маляўнічасці краявідаў Беларусь не ўступае нават знакамітай Швейцарыі. Мажліва, менавіта прырода нашага краю ў пэўнай ступені надзяліла беларусаў мяккім i пяшчотным характарам са схільнасцю да лагоднай меланхоліі. Сапраўды, незмаўкальны шум неабсяжных лясоў, высокія блакітныя нябёсы, цудоўныя кветкі на лугах, значная колькасць сонечных, светлых дзён паўплывалі на летуценнасць беларусаў, ix імкненне да адзіноты, задуменнасці, паглыбленасці ў сябе, у свет сваіх асабістых думак i пачуццяў. Іншымі словамі, беларусы, у адпаведнасці з тыпалогіяй характараў К. Г. Юнга, хутчэй могуць быць аднесены да т. зв. інтравертаў, чым да экстравертаў. Пры гэтым людзі першага тылу арыентуюцца ў асабістых паводзінах, поглядах i дзеяннях пераважна на свой унутраны, а другога — на знешні свет, на навакольнае асяроддзе.
Амаль усе людзі, якія прыязджалі на Беларусь, заўсёды лічылі неабходным падкрэсліць, што беларусы — народ шчыры i вельмі гасцінны. Магчыма, гэтая тыповая гасціннасць як бы сінтэзуе, аб'ядноўвае i некаторыя іншыя станоўчыя якасці беларускага народа — талерантнасць, павагу да іншадумцаў, іншаверцаў, памяркоўнасць i г. д. Ул. Караткевіч лічыў, што, бадай, галоўнае ў нашым характары — «гасціннасць добрага да добрых», прычым гэтая рыса беларусаў бывае «почасту досыць цяжкая для госця». Невыпадкова на Беларусі была распаўсюджана паказальная прыказка «Госць у хаце — Бог у хаце». Беларусы нават пры жыццёвых цяжкасцях імкнуліся зрабіць усё магчымае, каб задаволіць гасцей i не выклікаць ніякіх адмоўных пачуццяў.
Пра склад характару беларусаў можа даць пэўнае ўяўленне i сама беларуская мова, якую два нашыя выдатныя песняры вызначалі як «адзенне душы» (Ф. Багушэвіч) i «душу душы народа» (Я. Купала). Некаторыя даследчыкі ўпэўнены, што беларуская мова па прыгажосці i мілагучнасці займае другое месца ў свеце (пасля італьянскай), a вялікі A. Міцкевіч называў яе самай гарманічнай, дасканалай i найменш зменнай з усіх славянскіх моў. На напеўнасць, паэтычнасць i хараство старажытнай крывіцкай (г. зн. беларускай) мовы ў розныя часы звярталі ўвагу Я. Чачот i В. Ластоўскі. Паводле слоў гісторыка У. Пічэты, беларуская народная творчасць з'яўляецца сведчаннем «жывучасці i хараства беларускай мовы, гэтага сапраўднага паказчыка нацыянальнаэтнаграфічнай асаблівасці беларуса».
Аб мяккасардэчнасці беларусаў, ix здольнасці да спачування, суперажывання (эмпатыі) іншым людзям ускосна можа сведчыць i значная пашыранасць у беларускай мове, асабліва ў лірычных песнях i казках, слоў з памяншальнымі суфіксамі, што менш характэрна для большасці славянскіх моў (акрамя ўкраінскай). Цікава таксама адзначыць, што ў беларускай мове, нягледзячы на даволі вялікі «блок» рэзкіх выслоўяў, усё ж практична не сустракаецца такіх грубых, вульгарных інвектыў, якімі, напрыклад, вызначаецца т. зв. рускі мат.
Нямецкі этнапсіхолаг В. Вунд справядліва лічыў, што ў інтанацыях, гуках, тонах кожнай мовы адлюстроўваюцца некаторыя рысы светаўспрымання народаў. У сярэдзіне XIX ст. этнограф i пісьменнік П. Шпілеўскі падчас свайго падарожжа па Беларусі так маляўніча апісаў сваё ўражанне ад размовы з беларусамі: «Я... здавалася, удыхаў у сябе пачутыя ў паветры гукі меладычнай, пявучай мовы, у душу маю так i прасіліся адгалоскі слоў, вымаўленых, па звычаю беларусцаў, нараспеў, працягла».
У цэлым беларусам прыродна ўласціва музычнасць i пявучасць, што пацвярджаецца мноствам разнастайных па жанрах i рытміка-меладычнай арганізацыі песень, прыпевак, іншых музычных твораў, прычым ядро аўтэнтычнага беларускага песеннага фальклору складалі песні каляндарна-абраднага цыклу. Мелодыі беларускіх народных песень амаль заўсёды ясныя, пластычныя, вызначаюцца асаблівым роздумам над чалавечай доляй, лёсам. Сучасны этнамузыколаг З. Мажэйка адзначае яшчэ i такую адметную рысу музычнага фальклору беларусаў, як яго напружаны драматизм, а часам i непадробны трагізм.
Адной з характэрных рыс нацыянальнага характару беларусаў з'яўляецца таксама ix працавітасць, працаздольнасць. Так, некаторыя даследчыкі на падставе параўнальнага аналізу рабілі выснову аб тым, што беларус — гэта па сутнасці самы працавіты чалавек, якога бедная глеба i прырода-мачаха навучылі небываламу цярпенню, бязмежнай гатоўнасці да ўсялякай працы. Жыхары Беларусі добра разумелі важнасць працы ў жыцці чалавека, яе непазбежныя цяжкасці, складанасці («Без працы няма чаго i хлеба шукаці»; «Работа i корміць i поіць»; «Шчырая праца — мазалёвая»; «З рамяством дружыць — у жыцці не тужыць»; «Гаспадарку весці — не лапці плесці» i г. д.). Беларусы звычайна любоўна адносіліся да земляробства, вельмі старанна апрацоўвалі свае палеткі, агароды, прычым хлопчыкі нярэдка з 13-15 гадоў пачыналі ўжо касіць i араць, a дзяўчынкі прыкладна з таго ж узросту працавалі за кроснамі, хадзілі з сярпом на жніво i г. д.
У прадмове да свайго зборніка беларускіх песень П. Бяссонаў справядліва лічыў, што праца беларусаў няспешная, але доўгая i «ўпорчывая».
Хаця іншыя даследчыкі, гаворачы пра незвычайную працавітасць i вынослівасць беларусаў, усё ж падкрэслівалі, што яны з-за мноства земляробчых спраў, хуткай змены кліматычных умоў, а таксама з-за шматлікіх святочных дзён (у XIX ст. у Расіі ix колькасць даходзіла да 150) павінны былі даражыць часам i спяшацца са ўсімі работамі. Прычым жанчыны, у адрозненне ад мужчын, практычна ніколі не бывалі бяздзейныя, заўсёды спалучалі адпачынак з якой-небудзь неабходнай у гаспадарцы справай. У беларускім фальклоры існуе паказальная ў гэтым сэнсе легенда «Чаму бабы работаюць не аддыхаючы», дзе заўважаецца, што «мужык у пору заўсёды паработае, у пору i аддыхнець, а баба к аднаму кінецца, другое справіць, а адцахнуць некалі, глядзі, што яшчэ што-небудзь знойдзецца».
Беларусу ва ўсе часы прыходзілася, як правіла, нястомна працаваць ад світання да змяркання («ад цямна да цямна») дзеля таго, каб пракарміць сябе i сваю сям'ю, забяспечыць больш-менш прыстойнае жыццё сваім бацькам i дзецям. Менавіта амаль бесперапынная, самаахвярная праца выратоўвала просты люд ад поўнай галечы i голаду, асабліва ў перыяды сацыяльных i прыродных катаклізмаў. У вобразнай форме надзвычай цяжкая штодзённая праца беларусаў адлюстравалася ў жніўнай песні:
Як бачна, з просьбай аб палягчэнні сваёй долі «вечнага народа-працаўніка i пакутніка» беларусы часам былі вымушаны звяртацца не толькі да Бога, але нават да «сонейка» i іншых прыродных з'яў.
Да станоўчых рыс беларускай народнай душы можна небеспадстаўна аднесці таксама i надзвычайную жыццястойкасць, цягавітасць, своеасаблівую «жылістасць». Сапраўды, нават у самых складаных, неспрыяльных абставінах, калі, здаецца, амаль што немагчыма выжыць (напрыклад, падчас войнаў, эпідэмій i г. д.), беларусы знаходзілі ў сабе такія магутныя жыццёвыя сілы, якія дазвалялі пераадолець любыя крытычныя сітуацыі на мяжы жыцця i смерці. У мінулым дарожнікі падкрэслівалі, што там, дзе прадстаўнікі іншых народаў «апусцілі рукі», беларус, нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу, будзе ўсё ж «цягнуць», змагацца да апошняга з усялякімі наваламі i няшчасцямі. Яскравым пацвяржэннем гэтай жыццястойкасці, нескаронасці беларусаў могуць лічыцца шматлікія прыклады досыць хуткага аднаўлення палеткаў, сядзіб, урэшце ўсяго традыцыйнага ўкладу жыцця пасля страшэнных войнаў i спусташэнняў, на што была так «багатая» гісторыя нашай зямлі.
Аднак у любых абставінах свайго існавання беларусы вызначаліся жыццёвым прагматызмам i непераадольным аптымізмам. Спецыфіка самога жыцця i гаспадарання прымушала беларуса быць прагматыкам, г. зн. чалавекам, які заўсёды імкнецца найперш практычнымі дзеяннямі, а не нейкімі абстрактнымі разважаннямі, дасягнуць сваіх мэт, задаволіць свае інтарэсы i схільнасці. Здаецца, што менавіта ў канкрэтных учынках, дзеяннях на карысць родных, блізкіх i сябе самога беларус бачыць глыбінны сэнс свайго жыцця. I можа таму нашы продкі звычайна шчыра верылі ў тое, што калі-небудзь ім або ix дзецям, унукам усё ж удасца дасягнуць шчаслівага i бязбеднага жыцця, не абцяжаранага шматлікімі бедамі i няўдачамі. Якраз вось гэты аптымізм (часам i не зусім апраўданы) i раней i ў наш час дае беларусам дадатковыя сілы ўсё ж выжыць, як кажуць, «не зламацца» ў перыяды нарастання крызісных з'яў i грамадскай нестабільнасці, а, наадварот, умацаваць у такіх абставінах сілу волі, загартаваць свой характар.
Так, беларус сапраўды заўсёды спадзяецца на лепшае i часам гатовы паверыць нават у нейкія нерэальныя цуды, абы толькі не паддацца настрою поўнай безвыходнасці i адчаю. На наш погляд, менавіта жыццё ў адпаведнасці з трыма Божымі цнотамі — Вера, Надзея, Любоў, якія i з'яўляюцца крыніцамі аптымізму, можа выратаваць наш шматпакутны народ ад няўхільнага выраджэння падчас паўсюднага хаосу i неўладкаванасці.
Дарэчы, большасць з вышэйпералічаных пазітыўных рыс беларускага нацыянальнага характару заўважаюць і, так бы мовіць, «назіральнікі з боку» — найперш замежныя палітыкі, бізнесмены, вучоныя, звычайныя турысты i інш. Цікава, напрыклад, адзначыць, што ўсе паслы многіх краін свету ў Рэспубліцы Беларусь практычна адзінадушна вызначаюць беларусаў, як народ добразычлівы, талерантны, спакойны, ураўнаважаны, незласлівы i г. д. Безумоўна, гэтыя меркаванні з'яўляюцца справядлівымі i небеспадстаўнымі, тым больш што яны ў дадзеным выпадку грунтуюцца якраз на параўнанні псіхалогіі беларусаў з рысамі характару іншых народаў.
Такім чынам, на падставе вывучэння розных гістарычных, этнаграфічных, літаратурных i лінгвістычных матэрыялаў, сведчанняў асобных даследчыкаў можна вызначыць некаторыя бакі беларускай народнай душы ў параўнанні з нацыянальнымі характарамі этнічных супольнасцей, якія насяляюць Беларусь. Так, ад яўрэяў беларусы адрозніваліся меншымі энергічнасцю, знаходлівасцю, настойлівасцю, менш развітым умением прыстасоўвацца да жыццёвых абставін, большым індывідуалізмам i меншай згуртаванасцю, якой асабліва вызначаліся ў мінулыя стагоддзі яўрэйскія кагалы. Напрыклад, абхітрыць яўрэя ў камерцыйнай справе лічылася ў неяўрэйскага насельніцтва нярэдка верхам кемлівасці i ўдавалася толькі ў выключных выпадках. Беларусы найчасцей не маюць той лёгкадумнасці i самахвальства, якія даволі часта ўласцівы палякам (асабліва шляхецкага паходжання). Таксама беларусы не маюць, па словах A. Смоліча, «тае рызыкі, адкрытае i грубае прастаты, характэрнае для маскоўца».
У цэлым беларускі народ вылучаецца значным творча-стваральным патэнцыялам, аб чым красамоўна сведчаць шматлікія узоры фальклорных твораў высокага мастацкага ўзроўню i вытанчанага эстэтычнага густу (прыгадаем хаця б узвышанасць i натхнёнасць многіх беларускіх вершаў, песень i тое, што па «жывапісе i прыгажосці расказу беларускія казкі не маюць сабе роўных»). Акрамя таго, творчасць даволі значнай колькасці выдатных дзеячаў беларускай навукі i культуры атрымала прызнанне далека за межамі рэспублікі. Нездарма ж міжнародная статыстыка сцвярджае, што беларусы — адзін з самых здольных i працавітых народаў. Так, наш народ сапраўды таленавіты, да таго ж, па словах В. Ластоўскага, «любіць праўду i красу — ён спакойны i разважны, а пры гэтым цвёрды».
Безумоўна, станоўчых, дадатных рыс беларускага характару значна больш, чым тут было пералічана, аднак мы вырашылі не разглядаць усе гэтыя рысы падрабязна (ды гэта практычна i немагчыма зрабіць у адной працы), a спыніцца толькі на найбольш тыловых, асноўных з ix, не закранаючы астатнія, на наш погляд, менш важныя i істотныя. Да таго ж, акрамя вышэйназваных станоўчых бакоў, беларускай душы ўласцівы яшчэ i шэраг іншых якасцей, апісаць якія надзвычай склада на (а часам i немажліва), i таму, здаецца, можна ў некаторай ступені сцвярджаць, што душа беларусаў вельмі разнастайная, загадкавая i невычарпальная. А гэта, у сваю чаргу, абумоўлівае існаванне i захаванне ва ўсе часіны нейкай глыбіннай таямніцы беларускай народнай душы, да разгадкі якой мы павінны заўсёды імкнуцца.
«...ПАКРЫСЕ ЗНІКАЮЦЬ СЛЯДЫ РАБСТВА»
Ba ўсе часіны свайго гістарычнага развіцця ў беларусаў адначасова са станоўчымі, дадатнымі рысамі праяўляліся таксама i асобныя адмоўныя бакі нацыянальнага характару. Да апошніх можна аднесці пасіўнасць, апатычнасць, недастатковую рашучасць i прадпрымальнасць, скрытнасць. У пэўным сэнсе сюды можна дадаць яшчэ такія якасці беларусаў, як ix кансерватыўнасць, недаверлівасць, канфармізм, няўпэўненасць у сваіх здольнасцях i сілах, пакорлівасць, празмерную залежнасць ад волі i думак «вышэйстаячых» i інш. Аднак тут трэба мець на ўвазе, што асобныя меркаванні аб негатыўных баках беларускай душы з'яўляюцца досыць адноснымі i не могуць, зразумела, быць распаўсюджаны на ўсіх прадстаўнікоў беларускага народа, хаця гэтыя рысы выпрацоўваліся гістарычна i з цягам часу, на наш погляд, набылі тыповы характар.
Увогуле, на фарміраванне асобных «дрэнных» якасцей нашых продкаў накладвалі значны адбітак i шматлікія трагічныя падзеі ў гісторыі Беларусі, i асаблівасці яе сацыяльна-палітычнага, эканамічнага, культурна-духоўнага развіцця, i геапалітычнае становішча нашай Бацькаўшчыны на мяжы двух моцных неспрыяльных уплываў — усходніх i заходніх, якія «круцілі i гвалцілі душу беларуса» (I. Абдзіраловіч). Сапраўды, некаторая пасіўнасць i апатычнасць былі пераважна прадуктам гістарычных, палітычных i сацыяльна-эканамічных варункаў, у якіх складвалася жыццё беларусаў, а не вынікам ix непаўнацэннасці, неразвітасці i да т. п.
Ёсць важкія падставы ў поўнай меры аднесці i да беларусаў вядомае выказванне «недахопы чалавека — гэта працяг яго вартасцей». Напрыклад, недастатковая рашучасць, канфармізм, верагодна, з'яўляюцца вынікам празмернай талерантнасці, добразычлівасці беларускага народа. Больш таго, надзвычайная памяркоўнасць, лагоднасць беларусаў нярэдка шкодзіла ім, бо гэтую асаблівасць народнай душы ўмела выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах i польскія i расійскія ўлады. A беларускі народ, спакойны i спагадлівы, найчасцей моўчкі пераносіў «глумление» (паводле М. Багдановіча) над сваёй мовай, культурай i часам успрымаў з пакорай i паслухмянасцю чужацкую ўладу. Янка Купала ў вершы «Беларушчына» (1908 г.) вобразна i дакладна паказаў адносіны да беларускага народа ў мінулым:
Гісторыя пацвярджае, што беларусы практычна ніколі не вызначаліся павышанай агрэсіўнасцю i варожасцю нават да сваіх ворагаў-захопнікаў, якія бязлітасна распраўляліся з мясцовым рахманым насельніцтвам. Улічваючы трагічны, насычаны пакутамі гістарычны шлях беларускага народа, можна ў цэлым пагадзіцца з парадаксальным, на першы погляд, сцвярджэннем А. Цвікевіча, што «нацыянальная рыса беларусаў — агіда да гвалту, прычым яна з'яўляецца слабасцю беларускага народа ў цяперашнім (у пачатку XX ст.— Э. Д.), але будзе сілаю i гордасцю ў будучым».
Некаторая пакорнасць беларусаў адчуваецца i ў фальклорных творах (найперш песнях, казках, легендах), у якіх нават i ў тыя часы, калі на Беларусі няўхільна ўзмацнялася прыгонніцтва, нярэдка сустракаюцца словы «паночак», «пане-браце», «паненачка», «барынька», «пані-матка», «панічанька» i г. д. Асобныя беларускія паданні i легенды апавядаюць пра такіх жорсткіх князёў i паноў, якія «панавалі нібы д'яблы», а мясцовыя жыхары, нягледзячы на складаныя ўмовы жыцця, доўгі час «цярпелі, мучыліся, елі кару». З псіхалогіі вядома, што ў падобных выпадках адбываецца фарміраванне т. зв. «амбівалентнасці пачуццяў», калі да нейкай адной асобы адносіны з'яўляюцца дваістымі, г. зн. адначасова станоўчымі i адмоўнымі. Прычым адзначым тое, што ў беларусаў з ix «лагоднай натурай» часта пераважала ўсё ж пазітыўнае стаўленне нават да тых людзей, да якіх прадстаўнікі іншых народаў у большасці аднесліся б рэзка адмоўна. Такі характар адносін можна заўважыць у стаўленні беларусаў да некаторых паноў, чыноўнікаў-бюракратаў, суддзяў ды інш.
У мінулым адзначалася, што памяркоўны, няпомслівы беларус часам даруе нават сваім ворагам, прычыны чаго крыюцца ў гістарычнай ціхмянасці беларускага народа. I ў тых сітуацыях, калі віна за нейкія дзеянні адназначна ляжала на канкрэтным чалавеку, беларус звычайна імкнуўся неяк згладзіць яго памылкі, недахопы, думаючы больш аб тым, ці не зрабіў сам якога-небудзь недарэчнага, несправядлівага ўчынку. Тыповы беларус хутчэй за ўсё зверне ўвагу на свае недахопы, чым на дрэнныя рысы характару іншых людзей, што ў выніку часам прыводзіць да яго крайняга, прычым найчасцей нічым не абгрунтаванага, самазневажання, самакрытычнасці.
У характары беларусаў караніцца i такая, здавалася б, пазітыўная рыса, як схільнасць да разважнага вырашэння ўсіх жыццёвых праблем, да кампрамісаў, каб заўсёды былі ўзаемаразуменне i згода (прыгадаем прыказку: «Згода будуе, нязгода руйнуе»), Менавіта таму беларусы вылучаюцца ўменнем ужывацца, прыстасоўвацца да розных людзей, улад i грамадска-палітычных парадкаў. Аднак у выпадках надзвычай моцнага развіцця, «гіпертрафіі» гэтых якасцей беларусаў можа вызначаць пэўнае прыстасавальніцтва, недастатковая настойлівасць у абароне ўласных унутраных перакананняў i поглядаў. Дарэчы, вышэйназваныя асаблівасці беларускага характару ў найбольш відавочных формах праявіліся ў гады існавання савецкай таталітарнай сістэмы з яе падаўленнем асабістых правоў чалавека i абмежаваннем творчых магчымасцей людзей.
Працяглае жыццё беларусаў у неспрыяльных умовах для нацыянальнакультурнага развіцця i самавыяўлення свайго адметнага нацыянальнага твару, страта сваёй сапраўднай дзяржаўнасці, моцныя асімілятарскія ўплывы з боку Расіі i Полыычы (русіфікацыя i паланізацыя) у выніку абумовілі затарможанасць i незавершанасць працэсаў этнічнай кансалідацыі беларусаў нават i ў наш час, а таксама слабасць вызваленчага руху, нізкі ўзровень (а часам i поўнае змяненне) нацыянальнай самасвядомасці значнай часткі насельніцтва Беларусі. Актыўная дзейнасць спачатку польскіх, а затым i расійскіх улад па асіміляцыі ціхмянага беларускага народа неўзабаве абярнулася для апошняга трагічнымі вынікамі, бо працэс «двайной дэнацыяналізацыі даходзіць да таго, што беларусы пачынаюць саромецца ўсяго нацыянальна-беларускага, усяго таго, што ix аддзяляе ад пана-паляка i чыноўніка-велікаруса, i шляхам адрачэння ад усяго роднага шукаюць выйсця ў «людзі» (Ф. Турук). У найбольшай меры дэнацыяналізацыі падвергліся прывілеяваныя слаі беларускага грамадства, у першую чаргу дваранства, шляхта. Прыкладна з XVII-XVIII стст. падобныя працэсы паступова ўзмацніліся i ў асяродку гарадскога мяшчанства, дробнай шляхты. I нават, па словах У. Ігнатоўскага, «галава народу — нешматлікая беларуская інтэлігенцыя — з цягам часу адышла ад некультурнага, забітага паншчынай мужыка i злілася з інтэлігенцыяй Польшчы ці Велікарусі».
Спецыфіку этнакультурнай i сацыяльна-саслоўнай сітуацыі на Беларусі ў мінулыя стагоддзі трапна апісаў М. Багдановіч: «Пазбаўлены класаў, моцных эканамічна i культурна, задаўлены прыгоннай залежнасцю, беларускі народ не толькі не мог працягваць развіццё сваёй культуры, але не быў у стане нават проста зберагчы ўжо здабытае раней. Толькі асноўныя, першапачатковыя элементы культуры (накшталт мовы, звычаяў i да т. п.) утрымаў ён за сабою, a ўсё астатняе, што ўяўляла, так бы мовіць, «вяршкі» яго папярэдняга развіцця, было асімілявана...» Іншымі словамі, атрымалася так, што Беларусь, на думку А. Цвікевіча, нацыянальна не памірала, але i не жыла, бо яе ахапіў своеасаблівы «нацыянальны анабіёз», калі ўсе сілы, уся энергія народа спыніліся, не выяўляючыся ў актыўнай творчасці, як бы чакаючы часу свайго ўскросу. I гэты час, у рэшце рэшт, настаў у пачатку XX ст., калі беларуская культура, мова атрымалі права на свабоднае, усебаковае развіццё. Аднак ужо з канца 20-х гг. Нацыянальнае адраджэнне Беларусі было, на жаль, штучна перапынена таталітарнай сістэмай, i фактычна пачаўся новы этап «нацыянальнага анабіёзу», які зацягнуўся прыкладна на сем дзесяцігоддзяў. У дадзены перыяд нацыянальная творча-стваральная энергія беларусаў была ў значнай меры паралізавана, заблакіравана, не мела належных умоў для свайго практычнага ўвасаблення (аб гэтым яскрава можа сведчыць i відавочны заняпад беларускай народнай творчасці ў савецкі час, няведанне, забыццё многімі людзьмі народных традыцый, звычаяў, абрадаў i адначасова няздольнасць стварыць новыя, адмысловыя нацыянальныя каштоўнасці). Хочацца спадзявацца, што зараз беларускі народ пакрысе будзе выходзіць са стану працяглага «нацыянальнага анабіёзу», адраджацца да будучага нармальнага цывілізаванага жыцця.
Гісторыя пацвярджае, што тыя народы, якія па нейкіх прычынах страчвалі ўласную мову, пачуццё сваёй нацыянальнай прыналежнасці, хутчэй за ўсё паддаваліся асіміляцыйным уплывам i станавіліся «сыравінай» для развіцця іншага народа. Безумоўна, шматлікія прыцясненні i здзекі, яўнае ці скрытае глумление над беларускай культурай i мовай, доўгатэрміновыя паланізацыя i русіфікацыя значна сказілі менталітэт беларусаў, прыўнеслі ў ix характар раней не ўласцівыя рысы. Вядомы беларускі даследчык A. Смоліч справядліва адзначаў, што расійскія ўплывы менш адбіліся на мове i быце ўсходняга беларуса, а больш на яго свядомасці, на нацыянальным светапоглядзе, i праз гэта вельмі часта тутэйшы беларус, гаворачы чыста па-беларуску, лічыць сябе ўсё ж расійцам ды імкнецца ім быць.
Паступова на Беларусі сярод розных сацыяльных катэгорый насельніцтва (ад дваран да сялян) даволі трывала ўстанавіліся забабоны наконт таго, што «мужицкий белорусский язык» не мае права на існаванне ва ўстановах i школах, што толькі «культурная» руская мова можа быць мовай дзяржаўнай. Аб устойлівасці, жывучасці падобных стэрэатыпаў можа сведчыць i такі факт, што нават i ў 20-я гг. XX ст., падчас правядзення ў рэспубліцы палітыкі ўсебаковай беларусізацыі (дарэчы, гэты перыяд гісторыі Беларусі можа лічыцца своеасаблівым «зорным часам» нашай нацыянальнай культуры), у часткі мясцовага насельніцтва была пашырана прадузятая думка аб тым, што беларуская мова ёсць мова «халопская», «мужыцкая», «сялянская», якая нібыта ўвогуле не мае будучыні.
Такое стаўленне беларусаў значна пазней, у пасляваенныя дзесяцігоддзі, прынесла адпаведны маласуцяшальны «плён». Напрыклад, удзельная вага беларусаў, якія прызналі роднай беларускую мову, з 1970 па 1989 г. панізілася на 10 %, тады як, наадварот, колькасць беларусаў з рускай роднай мовай усяго за дзесяць гадоў (з 1970 па 1979 г.) узрасла на 6 %. Высокі ўзровень дэнацыяналізацыі i асіміляцыі пацвярджаецца i тым, што ў наш час толькі 2 % насельніцтва сталіцы рэспублікі ўжывае беларускую мову ў розных галінах грамадскага i прыватнага жыцця, а кожны дзесяты беларус (11 %) з ліку апытаных прадстаўнікоў вучнёўскай моладзі зусім не жадае вывучаць мову. Але, бадай, найбольш яскравым сведчаннем гістарычнага i нацыянальнага бяспамяцтва, «манкурцтва» з'яўляецца тое, што, згодна з вынікамі этнасацыялагічнага даследавання ў 1989 г., каля 5 % беларусаў наогул не валодаюць i не ведаюць сваёй роднай мовы.
Мажліва, улічваючы вышэйсказанае, можна аднесці i да часткі беларусаў меркаванне 'акадэміка Я. Карскага аб тым, што тыя члены кожнай народнасці, якія па тых ці іншых прычынах трацяць матчыну мову, з цягам часу прымаюць чужыя звычаі, законы жыцця i для свайго народа гэтыя людзі найчасцей з'яўляюцца страчанымі. Сучасны беларускапольскі пісьменнік С. Яновіч прычыны нацыянальнага нігілізму беларусаў небеспадстаўна бачыў у тым, што пачуццё сваёй «ніжэйшасці» ўвайшло ў ix гены, i таму перакананне «беларускасць — гэта хлопства» пачало пашырацца сярод пэўнай колькасці нашых продкаў яшчэ з часоў Рэчы Паспалітай, затым перадавалася з пакалення ў пакаленне i дайшло аж да сучаснага перыяду. Своеасаблівую духоўную раздвоенасць немалой часткі беларускай інтэлігенцыі, што выйшла з вёскі, з народных «нізоў», але ўзгадаваная на расійскай культуры, у рускамоўным асяроддзі, так i не змагла нацыянальна самавызначыцца i стаць на шлях змагання за лепшую будучыню сваёй Бацькаўшчыны, падрабязна апісаў выдатны/беларускі празаік М. Гарэцкі ў раней забароненай аповесці «Дзве душы» (1919 г.).
Адным са спецыфічных праяўленняў ранейшай дэнацыяналізацыі грамадства быў т. зв. «феномен тутэйшасці», які досыць моцна «прышчапіўся» на Беларусі (асабліва ў яе паўночна-заходніх i цэнтральных раёнах) i стаў сапраўднай трагедыяй нацыянальнага духу беларусаў. У першую чаргу сярод малапісьменных сялян i гараджан у мінулым даволі шырока бытавала лакальна-тэрытарыяльная саманазва «тутэйшыя» (альбо «тубыльцы», «наскія»), якую нават асобныя прадстаўнікі інтэлігенцыі ўспрынялі як універсальны беларускі этнонім. Для сваёй Бацькаўшчыны такія людзі, кажучы словамі аднаго з герояў знака мітай п'есы Я. Купалы «Тутэйшыя» (1922 г.), былі «вялікае нішто» i засталіся «вялікім нічым». Аднак трэба ўлічыць, што трактовка дадзенага феномена наўрад ці можа быць адназначнай, бо «тутэйшыя», як правіла, не адносілі сябе да якойнебудзь канкрэтнай нацыянальнасці, а знаходзіліся ў своеасаблівым «прамежкавым» стане паміж выразна акрэсленай этнічнай самасвядомасцю i поўным змяненнем сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Той жа Я. Купала ў вершы «Тутэйшы» (1913 г.) дакладна апісаў спецьіфіку светапогляду такіх жыхароў Беларус!: «А як завуць край гэты родны мой / / Забыўся ўжо праз свой прыгон i здзек // Мабыць, забраны, ці тутэйшы ён // Я ж сын яго —1 тутэйшы чалавек!»
Так, у мінулыя часы немалую колькасць беларускага насельніцтва ахапілі такія небяспечныя хваробы, як нацыянальны нігілізм, «тутэйшасць», касмапалітызм, у выніку чаго людзі перасталі ўсведамляць свае ўласныя карані, сваё кроўнае, пачалі пагардліва ставіцца да роднай культуры, мовы. I ўсё ж, нягледзячы на ўплыў шэрага неспрыяльных фактараў, наш спакойны i цярплівы народ у большасці мужна прайшоў свой крыжовы, пакутлівы шлях i ў значнай меры (найперш маецца на ўвазе сялянства i частка інтэлігенцыі) не паддаўся штучнай асіміляцыі, нівеліроўцы, захаваў некаторыя свае адметныя рысы — традыцыйныя абрады, мову, фальклор, самасвядомасць i г. д. Таму здаецца слушнай наступная цікавая выснова Ф. Шантыра: «Жывучы ўнутрана сваім нацыянальным жыццём, забыўшы пад даўленнем гістарычных фактараў сваё нацыянальнае імя, беларускі народ у цэлым не перастаў быць самім сабою, народам ca сваім гістарычным прошлым, ca сваім уласным іменем».
Аднак менавіта гэтыя «гістарычныя фактары», да якіх у першую чаргу неабходна аднесці шматвяковае змаганне за авалодванне Беларуссю паміж дзвюма дзяржавамі з агрэсіўнымі, экспансіянісцкімі намерамі — Польшчай i Расіяй, накладвалі значны (найчасцей негатыўны) адбітак на светапогляд беларусаў, у некаторай ступені скажалі ix першапачатковы нацыянальны характар.
Пэўную пасіўнасць, вяласць i адсутнасць прадпрымальніцкіх схільнасцей у нашых продкаў раней тлумачылі даволі раннім i моцным развіццём прыгонніцтва (у адрозненне, скажам, ад Польшчы) і тым, што ў сферы промыслаў, рамёстваў i асабліва гандлю беларусы не маглі вытрымліваць канкурэнцыі з боку такога энергічнага i «бойкага элементу», як яўрэі. Заўжды акружаныя моцнымі народамі i прымацаваныя да сваёй не вельмі ўрадлівай зямлі, беларусы не развілі прадпрымальнага каланізатарскага i прамысловага духу велікарусаў i свабоднага духу ўкраінскага народа (П. Яфіменка).
Некаторая розніца прыродна-геаграфічных i гістарычных умоў развіцця насельніцтва паўночнай i паўднёвай Беларусі абумовіла адрозненні i ў характары беларусаў гэтых рэгіёнаў. Так, беларусы паўночных i ўсходніх губерняў, якія межавалі з Расіяй, больш прадпрымальныя, энергічныя, знаходлівыя ў параўнанні, напрыклад, з маўклівымі, панурымі, меланхалічнымі палешукамі, i пры гэтым нават песні апошніх з'яўляліся, бадай, самымі маркотнымі, тужлівымі ва ўсёй імперыі. Варта дадаць, што многія беларусы не толькі не мелі прыроджанай, або генетычнай, цягі (у адрозненне, мажліва, ад яўрэяў) да гандлёвай дзейнасці, а найчасцей проста свядома не хацелі ёю займацца. Этнограф М. Янчук падчас свайго падарожжа па Беларусі ў канцы XIX ст. слушна падкрэсліў наступную характэрную рысу мясцовых жыхароў: «Беларус, як i маларус, вельмі скептычна i непрыхільна адносіцца да занятку гандлем увогуле», бо прывык працаваць на зямлі i «ніяк не можа адобрыць такога занятку, пры каторым прыходзіцца жыць выключна выручкаю з другога».
У мінулым многія лічылі беларусаў надзвычай пакорлівай, ціхмянай, ва ўсім безадмоўнай народнасцю. Пры гэтым адзначалася, што з цягам часу беларускі народ звыкся з неспрыяльнымі, амаль заўсёды несвабоднымі варункамі жыцця, не імкнуўся да паляпшэння свайго гаротнага матэрыяльнага становішча i ў выніку зрабіўся нібыта рабом па духу, прычым толькі ў новых пакаленнях «пакрысе знікаюць сляды гэтага рабства». У пачатку XX ст. адзін з павятовых спраўнікаў выказаў падобныя да вышэйпрыведзеных меркаванні: «Беларусы па свайму прыроднаму характару пакорлівыя, спакойныя, бестурботныя і, звыкшыся з уласцівай ім беднасцю, мала клапоцяцца аб паляпшэнні свайго матэрыяльнага дабрабыту, часам выказваючыся: «Так жылі нашы дзяды».
Ёсць, здаецца, значная доля ісціны ў думцы аб тым, што практычна бесперапынны (перманентны) стан прыгнечанасці, заняволенасці, у якім знаходзілася большасць простых людзей, у некаторай меры абумоўліваў «млявае i санлівае» жыццё беларусаў, пэўную страту імі сваёй былой энергіі, прыкметнае аслабленне «жыццёвага парыву» (паводле А. Бергсона). Сапраўды, частка беларусаў нярэдка аддавала перавагу знешне малапрыкметнаму жыццю, без моцнага праяўлення сваіх пачуццяў i эмоцый, іншы раз адзначалася паслухмянасцю (а то i пакорлівасцю) прадстаўнікам улады ўсіх узроўняў, своеасаблівым «духоўным сервілізмам», часам бязвольнай, рабскай псіхалогіяй. Пацвярджэннем гэтага можа быць i той факт, што, нягледзячы нават на складаныя, неспрыяльныя ўмовы жыцця i працы, сярод беларусаў, як правіла, не атрымалі шырокага развіцця апазіцыйныя, дысідэнцкія ідэі (беларуская нацыянальная ідэя ўзнікла дастаткова позна), а нацыянальна-вызваленчая, сацыяльна-палітычная барацьба не мела такога маштабу, як, напрыклад, на Украіне. У беларусаў ніколі не было такога моцнага пачуцця свабодалюбства, як у ўкраінцаў, а таму на Беларусі не ведалі маларускай казаччыны, традыцый гайдамаччыны i Запарожжа. Не маюць беларусы i таго ipaцыянальнага, нястрымнага імкнення да асабістай свабоды i волі, якім ва ўсе часіны вызначаліся цыганы.
Яшчэ адной таксама адмоўнай рысай псіхалогіі беларусаў можа, напэўна, лічыцца ix кансерватыўнасць, нежаданне хуткіх i радыкальных пераўтварэнняў, змен, схільнасць жыць па традыцыі, па «законах продкаў», «звычаю старажытнаму», па даўняму прынцыпу «старыны не рухаць». Мажліва, беларускіх сялян сапраўды нягоды еацыяльна-палітычнага характару вымушалі ў мінулым досыць моцна трымацца за старыну, за свой быт i мову. Асабліва яскрава гэтая якасць беларускай душы праяўлялася сярод вясковых жыхароў, якія ў большасці не хацелі далучацца да многіх карысных культурных i палітыка-эканамічных навацый дынамічнага гарадскога жыцця. Напрыклад, палешукі ізаляванага, глухога Палесся, зрэдку ўспрымаючы некаторыя новаўвядзенні, у той жа час упарта трымаюцца ўсяго, як кажуць, дзедаўскага. Нават у асобных казках можна знайсці адлюстраванне падобных поглядаў беларусаў, якія амаль зусім не імкнуліся зрабіць лепшым сваё часам жабрацкае жыццё.
Адсюль жа вынікае i ўласцівая, здаецца, не толькі беларусам, але i іншым славянскім народам прамарудлівасць у ирыняцці рашэнняў i выкананні практычных спраў. Псіхолагі сцвярджаюць, што жыхарам раўнінных мясцовасцей неабходна больш часу, чым другім, на адаптацыю да новых умоў жыцця i менавіта ў такіх людзей (да якіх можна аднесці i беларусаў) часцей заўважаецца непрыхільнае стаўленне да рэзкіх перамен у жыцці (напрыклад, да хуткага ўвядзення рыначных адносін у наш час, да радикальных пераўтварэнняў у розных галінах жыццядзейнасці грамадства).
Аднак варта адзначыць, што названыя негатыўныя якасці беларускага характару ў асобных выпадках маглі мець i пэўную пазітыўную афарбоўку. Так, кансерватыўнасць беларусаў падчас штучнай асіміляцыі, паўсюднай уніфікацыі, вынішчэння ўсяго нацыянальна-спецыфічнага (што было асабліва відавочным у савецкі перыяд) дазваляла ім усё ж трымацца ўласных каранёў, не адракацца ад сваіх старадаўніх традыцый, звычаяў, захоўваць сваё аблічча, сваё унікальнае «Я». Таму невыпадкова, што ў насельніцтва сельскай мясцовасці рэспублікі заўважаліся больш трывалыя i моцныя арыентацыі на родную мову, традыцыйныя культурныя i маральнадухоўныя каштоўнасці, чым у жыхароў гарадоў i пасёлкаў гарадскога тыпу.
Асобныя даследчыкі ў мінулым падкрэслівалі i такія негатыўныя рысы характару беларусаў, як ix недаверлівасць, скрытнасць, надзвычайную насцярожанасць ва ўзаемаадносінах з малазнаёмымі людзьмі (прыгадаем прыказкі: «Сваёй бяды нікому не кажы, бо добры злякнецца, а злы пасмяецца»; «Пана слухай, а свой розум май» i тое, што ўваход у хаты беларусаў звычайна рабіўся з двара). Прычыны падобнай недаверлівасці i скрытнасці беларусаў ляжаць у спецыфіцы гістарычнага шляху Беларусі са шматлікімі нападамі i войнамі супраць яе, з даволі моцным развіццём прыгонніцтва i пашыранасцю разнастайных (адкрытых ці замаскіраваных) здзекаў над беларускай душой з боку многіх асімілятараў i дэнацыяналізатараў. Менавіта як своеасаблівы імунітэт на пастаянныя намаганні «дабрадзеяў» з усходу i захаду навязаць беларусам свае погляды, стыль жыцця i вынікае насцярожанасць, замкнёнасць беларусаў.
Сапраўды, перажыўшы столькі бед, беларусы падчас размоў з тым ці іншым чыноўнікам, панам, асобай духоўнага звання, ды i ўвогуле з незнаёмцамі найчасцей былі асцярожныя, стрыманыя. Раней многія беларускія сяляне (часцей старэйшага ўзросту) прыкладна так тлумачылі матывы сваёй недаверлівасці i падазронасці: «Кожны крук (г. зн. чужынец.— Э. Д.) заўсёды хітраваў i хітруе каля нашага брата — цёмнага чалавека. Усё толькі наравіць, каб як-небудзь ашукаць беднага ды шкуру з яго здзерці». Але справядліва i тое, што калі да беларуса падысці з адкрытай душой, без злосных намераў, то ён адразу ж пакажа сваю даверлівасць, востры розум, назіральнасць, гаварлівасць i гасціннасць.
У сучасны перыяд некаторая недаверлівасць, падазронасць беларусаў знаходзіць адлюстраванне, напрыклад, у тым, што болыыасць з ix, як правіла, не маюць унутранага даверу адначасова ні да існуючых посткамуністычных уладных структур (Кабінета міністраў, Вярхоўнага Савета, гарадскіх i раённых органаў улады), ні да больш чым дваццаці новых, у тым ліку апазіцыйных партый, рухаў i арганізацый (Беларускага народнага фронту, Сацыял-дэмакратычнай Грамады i інш.). Падобная насцярожанасць у выніку зрабіла тыповага беларуса надзвычай пасіўным, інертным або поўнасцю індыферэнтным (раўнадушным) да грамадска-палітычнага жыцця ў рэспубліцы. Сведчаннем гэтага могуць з'яўляцца i вынікі сацыялагічнага апытання, згодна з якім усяго толькі 12 % дарослага насельніцтва Беларусі маюць у нашы дні трывалую палітычную арыентацыю.
Увогуле, у савецкі час ва ўмовах таталітарнага рэжыму з яго каманднаадміністрацыйнымі метадамі кіравання i падаўлення ўсялякага іншадумства адбываліся, безумоўна, непазбежныя (але найчасцей штучныя) змены i дэфармацыі традыцыйнага беларускага характеру, менталітэту. У выніку светаўспрыманне значнай часткі карэннага насельніцтва Беларусі прыкметна «эвалюцыяніравала» ў бок узмацнення атэістычных поглядаў, а таксама даволі моцнага ўкаранення (хаця нярэдка знешняга, паказнога) у свядомасць нашых суайчыннікаў камуністычна-сацыялістычных догмаў i ідэалаў, якія, дарэчы, звычайна не мелі нічога агульнага з сапраўднай рэчаіснасцю.
На наш погляд, пад уплывам розных неспрыяльных фактараў у многіх беларусаў з цягам часу паступова склаліся пераважна астэнічны i сензітыўны тыпы характару, якія вызначаюцца абвостранымі пачуццямі няўпэўненасці, нерашучасці, а таксама недастатковай актыўнасцю, аслабленай воляй, нежаданнем хуткіх жьщцёвых перамен, некаторай схільнасцю да дэпрэсіі i меланхалічнага тэмпераменту, пэўным комплексам непаўнацэннасці (адзначым, што аўстрыйскі псіхолаг А. Адлер увогуле лічыў падобны комплекс «сутнасцю чалавека»).
Пачуццё сваёй уласнай непаўнацэннасці, уласцівае частцы беларусаў у розныя часіны, i асабліва ў савецкі перыяд, выяўлялася, напрыклад, у прадузятым успрыманні імі сваёй культуры як ніжэйшай у параўнанні, скажам, з «вялікай» рускай, у пагардлівых адносінах да т. зв. «вясковай», «халопскай», «мужыцкай» роднай беларускай мовы i г. д. Сучасныя спецыяльныя даследаванні пацвярджаюць, што т. зв. слабы тып характару, які выражаецца ў нерашучасці i безабароннасці, значна часцей сустракаецца сярод сельскіх жыхароў рэспублікі, a ў гарадах, наадварот, больш выяўлена людзей з досыць моцным i кантактным характарам.
У працах некаторых даследчыкаў адзначаліся яшчэ i іншыя адмоўныя рысы характару беларусаў (напрыклад, схільнасць да п'янства, скупасць, рабалепства перад вышэйстаячымі, зайздрасць i да т. п.). Аднак неабходна ўлічыць, што падобныя меркаванні адлюстроўвалі толькі асабістыя, суб'ектыўныя назіранні гэтых людзей, а таму вышэйназваныя якасці ў дачыненні да беларусаў часам былі не вельмі тыповымі або нават зусім несправядлівымі. Так, A. Багдановіч беспадстаўна лічыў, што беларусы па свайму «тыпу душэўнага развіцця» стаяць ніжэй за «братоў-велікаросаў». У той жа час яго сын, геніяльны Максім Багдановіч (таксама як i Янка Купала), быў упэўнены, што беларусы, нягледзячы на ix асобныя натуральныя недахопы i слабасці, усё ж з'яўляюцца сапраўды «вялікім народам», які мае сваю багатую i змястоўную гісторыю, самабытныя, непаўторныя культуру, мову i іншыя адметныя каштоўнасці.
ЗАМЕСТ ЗАКЛЮЧЭННЯ
Праведзенае даследаванне ўмоў фарміравання, а таксама станоўчых i адмоўных бакоў беларускага нацыянальнага характару дазваляе зрабіць некаторыя высновы. Па-першае, у беларускім характары ўзаемазвязана, непарыўна існуюць, ужываюцца самыя розныя, а часам i супрацьлеглыя рысы. Гэта азначае, што ў рэчаіснасці, у паўсядзённым жыцці тыповыя беларусы найчасцей сумяшчаюць, сінтэзуюць адначасова як пазітыўныя, так i негатыўныя якасці свайго адметнага, самабытнага нацыянальнага характару.
Па-другое, некаторыя «дрэнныя» рысы псіхалогіі беларусаў (напрыклад, пэўныя канфармізм, пакорлівасць, нерашучасць) нярэдка з'яўляюцца своеасаблівым працягам ix найлепшых маральна-духоўных якасцей — надзвычайнай талерантнасці, памяркоўнасці, добразычлівасці. Шматпакутны гістарычны шлях Беларусі пацвярджае, што менавіта празмернае развіццё станоўчых рыс беларусаў заўсёды выкарыстоўвалі ў сваіх палітыка-ідэалагічных, найчасцей антыбеларускіх мэтах розныя асімілятары i дэнацыяналізатары нашага краю.
Па-трэцяе, на наш погляд, у савецкі перыяд гісторыі беларускі характар даволі прыкметна змяніўся, набыўшы некаторыя яму раней не надта ўласцівыя «паказчыкі». Прычым гэтыя новыя (пераважна адмоўныя) характарыстыкі пашыраліся сярод беларусаў не столькі па ix уласнай волі i жаданню, а першнаперш штучна навязваліся ім таталітарнай сістэмай, якая не давала магчымасцей для свабоднага самавыяўлення людзей, ix усебаковага развіцця. Так, за дзесяцігоддзі панавання бальшавіцкіх улад значная частка беларусаў паступова страціла асноўнае духоўнае апірышча чалавека — веру ў Бога, у вышэйшыя маральныя каштоўнасці хрысціянскай рэлігіі. У сваю чаргу, ваяўнічы атэізм, страта ўнутраных духоўных арыенціраў у выніку прывялі многіх нашых суайчыннікаў да бесперапыннай пагоні за матэрыяльнымі дабротамі, жадання ўзбагаціцца любымі сродкамі (аж да незаконных), да непрыхаванага кар'ерызму i канфармізму, да адрачэння ад сваіх каранёў — роднай культуры i мовы. Аднак, нягледзячы на ўзмацненне гэтых «хібаў» характару ў пэўнай колькасці жыхароў Беларусі, у цэлым наш народ усё ж змог недзе ў глыбінях сваёй душы захаваць i тыя важныя прывабныя рысы, якімі з даўніх часоў вызначаліся нашы продкі — лагоднасць, рахманасць, талерантнасць, працавітасць i інш.
Трэба падкрэсліць, што найбольшых поспехаў у эканамічным, сацыяльнапалітычным i духоўна-культурным развіцці заўжды дасягалі менавіта тыя краіны, дзе сур'ёзна даследаваліся, улічваліся i выкарыстоўваліся ў практычнай дзейнасці самыя депшыя якасці нацыянальнай псіхалогіі i адначасова з тым пераадольваліся адмоўныя бакі характару сваіх народаў. Дзеля пацвярджэння гэтага тэзісу прыгадаем хаця б японскі i германскі «эканамічныя цуды» ў пасляваенныя дзесяцігоддзі. Падобны вопыт уліку нацыянальна-псіхалагічных асаблівасцей народа неабходна цяпер актыўна выкарыстоўваць i ў нашай рэспубліцы дзеля хутчэйшага дасягнення яе ўсёабдымнага, рэальнага адраджэння. Новы сацыяльна-эканамічны i нацыянальна-культурны ўздым, сапраўдны росквіт нашай Бацькаўшчыны будзе немагчымы без усямернага пашырэння, развіцця станоўчых i ў той жа час няўхільнага пераадольвання, своеасаблівай «блакіроўкі» адмоўных рыс беларускага нацыянальнага характару.
У сучасны перыяд нам надзвычай неабходна больш глыбока зразумець саміх сябе, сваё прызначэнне ў гэтым свеце, паспрабаваць усё ж зазірнуць у патаемныя глыбіні народнай душы, высветліць сутнасць, разгадаць яе шматлікія таямніцы. А дзеля гэтага, безумоўна, трэба працягваць адпаведныя даследаванні, аб'ядноўвацца ўсім зацікаўленым i руплівым людзям у пошуку найлепшых шляхоў да самапазнання i самасцвярджэння беларусаў як самабытнага народа ca змястоўнай (хаця, на жаль, у большасці трагічнай) гісторыяй, з багатай культурней i духоўнай спадчынай. I добрым арыенцірам у пачэснай, але надта складанай справе выратавання i адраджэння нашай Айчыны для ўсіх шчырых грамадзян-патрыётаў Беларусі могуць служыць глыбока-ўсхваляваныя, прарочыя словы выдатнага беларускага філосафа У. Самойлы (Сулімы), які казаў, што «права на родную зямлю, на сваю Бацькаўшчыну, на сваю мову, культуру, на самавызначэнне, на вольнае развіццё, нацыянальнае аблічча... трэба заўсёды падтрымліваць напружанай энергіяй, высокай духоўнай актыўнасцю, як быццам запраўды кожную часіну заваёўваць нанова».
Рэкамендуемая літаратура
Абдзіраловіч I. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду.— Вільня, 1921; Мн., 1993.
Анталогія беларускай народнай песні.— Мн., 1975.
Беларускі народны каляндар / Аўт.-уклад. А. Ю. Лозка.— Мн., 1992.
Беларускі фальклор: Хрэстаматыя.— Мн., 1985.
Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць: Гісторыка-тэарэтычнае даследаванне.— Мн., 1967.
Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы.— Мн., 1992.
Богданович М. Белорусское возрождение,— М., 1916; Мн., 1992.
Васілевіч У. А. Беларуси народны калян-дар.— Мн., 1993.
Восеньскія i талочныя песні.— Мн., 1981.
Дубянецкі Э. С., Дубянецкі С. Ф. Перашкоды на шляху нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі.— Мн., 1992.
Ермаловіч М. I. Старажытная Беларусь: Полацкі i новагародскі перыяды.— Мн., 1990.
Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусь— Мн., 1926; 1991.
Казкі ў сучасных запісах.— Мн., 1989.
Караткевіч У. С. Зямля пад белымі крыламi,— Мн., 1977; 1992.
Конан У. М. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору.— Мн., 1989.
Ластоўскі В. Ю. Кароткая гісторыя Беларусі.— Мн., 1992.
Ластоўскі В. Ю. Што трэба ведаць кожнаму беларусу.— Мн., 1991.
Легенды i паданні.— Мн., 1983.
Можейко З. Я. Календарно-песенная культура Белоруссии: Опыт системно-типологического исследования.— Мн., 1985.
Общественный, семейный быт и духовная культура населения Полесья.— Мн., 1987.
Песні народных свят i абрадаў.— Мн., 1974.
Песні пра каханне.— Мн., 1978.
Пилипенко М. Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция.— Мн., 1991.
Пичета В. И. Белорусский язык как фактор национально-культурный.— Мн., 1924; 1991.
Прыказкі i прымаўкі. Кн. 1-2.— Мн., 1976.
Саливон И. И., Тегако Л. И., Микулич А. И. Очерки по антропологии Белоруссии.— Мн., 1976.
Смоліч A. Географія Беларусі.— Вільня, 1923; Мн., 1993.
Соколова В. К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов: XIX — начало XX в.— Мн., 1979.
Сямейна-бытавыя песні.— Мн., 1984.
Цвікевіч А. «Западно-руссизм»: Нарысы па гісторыі грамадскай мысьлі ў XIX i ў пачатку XX в.— Мн., 1929; 1993.
Чарадзейныя казкі. Ч. 1-2.— Мн., 1973-1978.
Шантыр Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцьця для беларусаў i Самаадзначэньня народу.— Слуцк, 1918; Мн., 1992.
Шпнлевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю.— Мн., 1992.
Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагеиез, этнічная гісторыя.— Мн., 1985.
Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя.— Мн., 1989.
Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедычны даведнік.— Мн., 1980.
Этнические процессы и образ жизни: На материалах исследования населения городов БССР,— Мн., 1980.
Этнография восточных славян: Очерки традиционной культуры.— М., 1987.
1. Травесці (фр.) — від гумарыстычнай паэзіі, блізкай да пародыі, які характарызуецца тым, што сур'ёзны змест увасабляецца ў камічнай форме.↵
Падрыхтаванае на падставе: Дубянецкі Э. С., Таямніцы народнай душы: Кн. для вучняў: Для сярэд. i ст. шк. узросту.— Мн.: Нар. асвета, 1995.— 47 с.: іл.— (Гэта ты, мая Беларусь).
ISBN 985-03-0228-3
УДК 087.5:39(826)
На аснове разнастайных крыніц — этнаграфічных, фальклорных, літаратурных, філасофскіх — апавядаецца пра беларускі нацыянальны характар, пра тое, як на працягу многіх стагоддзяў у розных абставінах фарміраваліся асновы тых ці іншых рыс характеру беларусаў.
Рэдактар: Л. А. Цімафеева
Copyright © 2013 by Kamunikat.org - ePub