Дзедзіч

Інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь

30


Імідж – нішто?

У нас толькі чатыры метады кантактаў з людзьмі. Яны мяркуюць пра нас на падставе таго, што мы робім, як мы выглядаем, што мы гаворым і як мы гэта гаворым.
Д. Карнэгі

Вам не пашанцавала, вы патрапілі ў непрыемную сітуацыю. Аддыхаўшыся, вы, натуральна, далі сабе слова ніколі не паўтараць памылак, што прыводзяць да такіх вынікаў. Аднак праз некаторы час усё паўтарылася зноў. Адным словам, ці здаралася вам наступаць двойчы на адны і тыя ж граблі, ды яшчэ так, што другі раз вы ступілі на іх асэнсавана? Было такое? Вы не спрабавалі высветліць, у чым прычына? Для тых, хто задумаўся – суцяшальная падказка: вашая ісцінная натура тут не пры чым. Вінаваты імідж, у які вы па звычцы забіраецеся кожны дзень, як у старыя калошы. Менавіта ваш імідж уплывае на людзей, падштурхоўваючы іх да адпаведных дзеянняў, а вас – да адпаведных сітуацый.

Вось тут патрабуецца лірычнае адступленне на тэму "Што такое ІМІДЖ і з чым яго ядуць?". Выдатнае пытанне. Над ім ужо даволі працяглы час б'юцца салідныя даследчыкі, ламаюць галаву іміджмейкеры і стылісты. Практыкі шакуюць публіку, а тэарэтыкі выпісваюць складнікі: "Імідж – гэта знешні выгляд, плюс манера трымаць сябе, плюс здольнасці да камунікацыі, плюс эрудыцыя, плюс, плюс, плюс...". І так да бясконцасці.

"Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" сцвярджае што гэта ўяўленне пра чый-небудзь унутраны выгляд, вобраз. Паводле "Универсального словаря иностранных слов русского языка" (пад рэд. Т. Волкавай, М., 2000) імідж – гэта пэўны вобраз вядомай асобы або рэчы, які ствараецца сродкамі масавай інфармацыі, літаратуры, відовішчамі або самім індывідам. Кажучы прасцей, імідж – гэта уражанне, якое той самы індывід аказвае або хоча аказаць на іншых індывідаў. Мэты яго могуць быць самыя розныя, вынік – думка людзей – таксама, паколькі фармуецца суб'ектыўна, на ўзроўні эмоцыяў. І вось тут будзьце асцярожныя: аднойчы стварыўшы для сябе няўдалы імідж, вы можаце "гатавацца" ў ім усё жыццё, не могучы змяніць ані рысачкі.

Змена іміджа, г. зн. змена ўстойлівых уяўленняў пра вас, як правіла, адбываецца гвалтоўна, пад уздзеяннем знешняга ціску і суправаджаецца калі не нервовым зрывам, дык "бурамі", "маланкамі" і падобнымі хатнімі катаклізмамі дакладна.

У большасці людзей імідж – гэта нешта накшталт шостага пачуцця. Ён быццам бы ёсць, а быццам бы яго і няма. Такі імдж складваецца стыхійна, пад уплывам асяроддзя, спадчынных якасцяў, абставін.

Іншая справа – імідж кіруемы, г. зн. такі, які быў створаны свядома і свядома ж можа быць зменены. Просты прыклад – вядомыя палітыкі, кіназоркі, любы, хто трапляе ў катэгорыю "бамонд" у сучасным разуменні. Гэтыя людзі "хаваюцца" за створанымі маскамі, ствараюць ілюзію, гуляюць "па ролях". Гэта дазваляе ім дыстанцыянавацца ад "натоўпу", умацаваць сваю выбранасць, не трацячы папулярнасці.

Кіруемы імідж – гэта вынік вельмі складанай працы, якая часам патрабуе прафесійнай падрыхтоўкі і шчыльнай распрацоўкі любых дробязяў. Такім павінен быць імідж, скажам, прэзідэнта краіны. Вось ужо дзе праводзяць рэвізію "плюсаў" і "мінусаў"! Дадайце да гэтага турботы па вывучэнні слабых і моцных бакоў іміджу апанентаў і канкурэнтаў – і вы атрымаеце карціну каласальнай працы не меней як дзесяці чалавек.

Напрыканцы прыгадаем, што рэпутацыя, кола зносінаў (альбо яго адсутнасць), стабільнасць, прыбытак, месца ў грамадстве асобнага чалавека залежыць менавіта ад яго іміджу. Адсюль просты вывад: хочаце змяніць сваё жыццё - пачынайце мяняць свой імідж. Неверагодна, але факт: дастаткова толькі адзін раз рашыцца, і кожны дзень будзе прыносіць нечаканыя адкрыцці – адкрыцці новых бліскучых магчымасцяў, новых неверагодных дасягненняў!