Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

02/2003


Быць сабою

Апрацаваў я быў літаратурна карэспандэнцыю Алеся Чобата „Да гісторыі белару-скай дурнаты: Гродна”, якую надрукавана ў студзеньскім „Часопісе”. І адразу бахнуў скандал – зазвінеў тэлефон, пасыпаліся пісьмы, электронныя дэпешы. Адчулі сябе абуранымі ўсе: аўтар – чаму я палагодзіў ягоны тэкст, важныя чытачы – чаму так несправядліва напісаны ён. Агульна нагадаю, чаго датычыла: агоніі беларушчыны і цваных заробкаў на нацыянальным няшчасці.

Не першы раз я ў такім пекле і даю зарок, што больш не палезу ў яго! Не так вельмі даўно шпарылі мяне ў хвост і ў грыву мінскія адраджэнцы, т.зв. нацыянальна заклапочаныя. Прычына адна і тая ж: пішу пра намі накліканую падзікунску катастрофу беларускай мовы і культуры, і выступаючы супраць штучнага, пасавецку надуманага аптымізму тут. Ведаю, што несапраўдная інфармацыя вядзе да неадэкватных высноваў (на фронце за нешта падобнае аддаюць пад ваенна-палявы суд!).

Аналізуючы апошнюю навалу абвінавачанняў, я вырашыў быць далёка ад утапістаў (глухіх на логіку і аргументы). Заўважыў, што канфліктуючыя бакі не дапускаюць дыскусіі да нейкага кампрамісу. Як адзін аднаго ненавідзяць! – як некалі саветы глабальных апанентаў. Палеміка з Чобатам ім ніжэй уласнай годнасці, бо ён сякі і такі!!! І наадварот.

Дапусцім, што Чобат махляр ад пачатку да канца. Ці гэта будзе мець значэнне ў Гродне, у якім беларускасць народ трактуе як нешта падобнае дзівацтву. Няма ў горадзе – хаця б на экспанатны паказ – якойсьці беларускай школкі (польская ёсць!). Цяпер возьмем бок Чобата, якому ўсенькія тыя нацыянальна заклапочаныя – гэта грантаедная мафія, хітруны, ваяжнікі ў замежжа. Ну, добра... Калі так, дык што з таго?! Гродну яны без значэння, Гродна пра іх можа і не чула? Нават на вечары прысвечаным Янку Купалу так у афіцыйных выступленнях як і кулуарных размовах не пачуеш беларускага слова, і ў гарадскім тэатры не. А жа ж тут Рэспубліка Беларусь! Беларусь!!!

Што тады падумае пра Алеся Чобата чытач, які ведае, што беларускасць Беларусі фікцыя. Чытач падумае наступнае: Чобат хоча перахапіць гранты, якія сцякаюцца ў рукі тых і тых. Чытач не можа іначай падумаць, скураю адчуваючы, што грошы нацыянальным дзеячам у Гродне, бы выкінутыя ў яму, па той банальнай прычыне, што амаль няма там нацыі, толькі пад чатырыста тысяч саветаў. Матчынай моваю ім руская, не беларуская, якой, праўда, навучаюць на асобных уроках, але ўсё роўна што замежнай.

Знамянальна, што выходзіць з ужытку эпітэт „беларускі нацыяналіст”, некалі папулярны. І гэта натуральная з’ява, бо як можна быць нацыяналістам, якога нацыянальнасць аганізуе ў сваіх рэштках, а жывая мова яшчэ экзатычна трывае накшталт дробнага архіпелагу ізаляваных ад свету ваколіц. Была фармальная прапанова выказаная ў мінскім друку, каб савецкія ўлады Рэспублікі Беларусь дазволілі ўтварыць грамадскае згуртаванне... беларускай нацыянальнай меншасці Беларусі. Sic!

P.S. Эліты нашы паміж сабою вельмі часта гавораць на мовах каланіяльных (рускай, польскай). Дык якіх жа нацыяў яны эліты?