Ніна Мацяш нарадзілася ў Бярозаўскім краі, на Берасцейшчыне. Скончыўшы Бярозаўскую дзесяцігодку, паступіла на факультэт французскай мовы Мінскага педагагічнага інстытута замежных моў. На трэцім курсе цяжка захварэла. Але, экстэрнам скончыўшы навучальную ўстанову, працягвала змагацца з хваробай. Інвалідская каляска не стала перашкодай у працы выкладчыцай замежнай мовы Белаазёрскага вучылішча энергетыкаў.
Патрэба выказаць сябе ў слове з’явілася рана. Спачатку былі асобныя вершы, якія друкаваліся ў раённай газеце. Затым — у літаратурных часопісах. У 1970 годзе выйшла першая кніжка паэтэсы — „Агонь”. За ёю — яшчэ шэраг паэтычных зборнікаў. У тым ліку і пераклады з французскай, нямецкай, польскай, украінскай моваў.
У аўтабіграфіі паэтэса прызнаецца: „Усё, што ёсць ува мне добрае, — яно ад іх, ад маіх бацькоў. У пэўнай ступені нават вершы ад іх...” Шмат твораў прысвечаны бацькам, блізкім людзям, роднай старонцы.
Яшчэ ў савецкія часы Ніна Мацяш мела магчымасць перанесціся жыць у сталіцу — у Менск. Пасля прыянцця яе ў Саюз пісьменнікаў літаратурная сябрына прапанавала ёй кватэру ў Менску, дзе была б бліжэй літаратурнага асяроддзя, бліжэй сяброў. Адмовілася, засталася ў Белаазёрску, бо, як падалося, „у сталічным тлуме, у вялікім людзкім канглямэраце магла застацца ў зусім поўнай адзіноце”. А яшчэ таму што ў горадзе мала неба.
Ніна Мацяш, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, была ўзнагароджана прэміяй Брэсцкага абкома камсамола, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, „Берасцейская зорка — 98”, сёння старшыня Брэсцкага аддзялення ГА „Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
Ніна Мацяш памерла 19 снежня 2008 году ў сваёй кватэры ў Белаазёрску.
Гэты пэрсанальны сайт Ніны Мацяш на Камунікат.org быў створаны літаральна днямі. Тыдняў два перад смерцю Спадарыня Ніна Мацяш дала права публікаваць свае творы на сайце Камунікат.org...
Сёлета Ніне Мацяш споўнілася шэсцьдзесят пяць, здавалася б жыць ды жыць, але, відавочна, у тых, хто кіруе нашымі жыццямі, іншыя планы. Светлай памяці прысвечаны гэтыя ўспаміны.
Успамін пра Ніну Мацяш
„Ніна Мацяш сама, як сінічка, грэла душу, давала сілу, была светам у ваконцы. Цяжка будзе без яе, бо сама свядомасць, што недзе ёсць нехта, да каго можна пазваніць, пагутарыць, пад’ехаць, параіцца — давала сілу. Застаецца спадзяванне на сустрэчу ў іншым свеце, хаця, сумняюся, што буду мець такі гонар. Нініна душа павандравала проста на неба, бо яна і пры жыцці была анёлам. Нам застае толькі старацца быць падобнымі на яе.”
Наталля Герасімюк, Радыё Рацыя, 19 сьнежня 2008 г.










