Пісьменніца - казачніца. Нарадзілася 14 красавіка 1967 года ў вёсцы Мілашова Мёрскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і настаўнікаў-філолагаў. Скончыла Мілашоўскую васьмігодку, пасля вучылася ў Мёрскай СШ №2. З 1984 па 1989 гг. - студэнтка БДУ імя Леніна (факультэт журналістыкі). Працавала фотакарэспандэнтам у газеце “Піянер Беларусі” (“Раніца”), рэдактарам краязнаўчага атдзела ў газеце “Туризм и отдых”, рэдактарам аддзела часопіса “Качели”, галоўным рэдактарам газеты “Переходный возраст”. З 2006 года – загадчык рэдакцыі дзіцячай літаратуры выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Піша казкі. Друкавалася ў часопісе “Маладосць”, “Дзеяслоў”, “Вясёлка”, газеце “Літаратура і мастацтва” і інш. Аўтар кніг “Рождество у крёстной” (2005), “Таямніца закінутай хаты” (2005), “Вандроўка з божымі кароўкамі” (2007), шэрагу публікацый у перыёдыцы на тэму развіцця беларускай дзіцячай літаратуры. Паводле рэйтынгу газеты “Наша ніва” кнігі “Таямніца закінутай хаты” (2005 год) і “Вандроўка з божымі кароўкамі” (2007 год) адзначаны сярод лепшых кніг года. У 2007 годзе адзначана Пасведчаннем чытацкіх сімпатый па выніках конкурсу водгукаў “Лепшая беларуская кніга” (Беларуская бібліятэчная асацыяцыя). Маці дарослых дзяцей. Жонка найлепшага ў свеце мужа. Жыццё ўспрымае як суцэльную казку: з рознымі прыгодамі і здарэннямі, але абавязковай перамогай Дабра.


