- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
150 гадоў назад 1 лютага 1863 года пачалося вызвольнае паўстанне на Літве і Беларусі. 175 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага. Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павета (зараз у Падлескім ваяводстве Польшчы) у сям'і беззямельнага шляхціца. У 1847-52 гг. вучыўся ў Свіслацкай павятовай вучэльні, пасля заканчэння якой некалькі год пражыў у бацькавым фальварку Якушоўка, дапамагаючы ў гаспадарчых клопатах і, відавочна, займаючыся самаадукацыяй. Вялікі ўплыў на Кастуся Каліноўскага меў старэйшы брат Віктар Каліноўскі, які вучыўся ў Маскоўскім універсітэце і даследваў па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы. У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта на камеральныя навукі. На працягу навучання ва ўніверсітэце Каліноўскі прымаў удзел у дзейнасці нелегальных студэнцкіх гурткоў, разам з братам быў сябрам таемнай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі.