![]() |
|
варта прачытаць »»»
|
|
KAMUNIKAT.org :: What’s New :: Беларусы ў Аргенціне - новая кніга серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” Убачыла свет 17-я кніга серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Ёй стаў зборнік Сяргея Шабельцава “Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930-1960-я гг.). У кнізе размешчаны дакументы і ўспаміны пра беларускую дыяспару ў Аргенціне, а таксама пра рээмігрантаў, якія пераехалі з гэтай краіны ў СССР. Прадстаўленыя матэрыялы адлюстроўваюць светапогляд беларускіх імігрантаў, іх грамадскую і палітычную дзейнасць у Аргенціне, працэс іх рээміграцыі ў СССР і шляхі адаптацыі на Радзіме. Па словах рэдактара кнігі, кандыдата гістарычных навук Наталлі Гардзіенкі, зборнік “Беларусы ў Аргенціне:грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930-1960-я гг.)” з’яўляецца першай спробай сістэматызацыі матэрыялаў, прысвечаных прысутнасці нашых суайчыннікаў у гэтай краіне. “Аргенцінская беларуская дыяспара адрозніваецца ад дыяспараў у іншых краінах найперш сваёй ідэйнай скіраванасцю, пракамуністычным характарам, - гаворыць Наталля Гардзіенка. - І гэта своеасаблівы феномен у беларускім жыцці на Захадзе, безумоўна варты увагі і вывучэння. Да сёння былі апублікаваныя толькі асобныя успаміны, або дакументы да гісторыі беларускай Аргенціны. Цяпер жа аўтар-складальнік сабраў шмат цікавых і разнастайных матэрыялаў, якія адлюстроўваюць і спецыфіку беларускага жыцця ў гэтай краіне, і працэс рээміграцыі суайчыннікаў у Беларусь, і іх лёсы на савецкай радзіме. У прадмове да кнігі зроблены агляд гісторыі стварэння беларускай дыяспары ў Аргенціне, у якім выразна прасочваюцца яе адметнасці, у параўнанні з дыяспарамі ў іншых краінах. “Беларусы ў Аргенціне” – гэта у першую чаргу зборнік дакументаў, аднак ён з’яўляецца важным крокам для стварэння грунтоўнага аналітычнага даследавання па гісторыі беларускай прысутнасці ў гэтай краіне”. Кніга падзелена на некалькі тэматычных раздзелаў. Першы раздзел - “Беларускія імігранты ў Аргенціне (1930 – сяр. 1950-х гг)” прысвечаны працэсу станаўлення беларускіх арганізацый ў Аргенціне, працы імігрантаў па падтрымцы Савецкага Саюза. У другім раздзеле “Беларускія рээмігранты (1955 – 1960-я гг.) разглядаецца працэс рээміграцыі беларусаў Аргенціны ў СССР, а таксама ўплыў водгукаў рээмігрантаў пра СССР на жыццё беларускай дыяспары ў Аргенціне. У апошнім раздзеле чытач знойдзе ўспаміны рээмігрантаў з Аргенціны, у тым ліку і ўспаміны беларуска-іспанскага перакладчыка, літаратара і праваабаронцы Карласа Шэрмана. *** Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930-1960-я гг.) : зборнік дакументаў і ўспамінаў / Сяргей Шабельцаў. – Мінск : Медысонт, 2009. – 368 с. – (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 17). Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” |
||