![]() |
|
варта прачытаць »»»
|
|
КАМУНІКАТ.org :: Што новага :: Ізноў зьбіраем "Талаку” Ізноў зьбіраем Талаку Нефармалы Чым займалася Талака Пратэстны дух Талакі Як талакоўцы змагаліся за мову На мяжы савецкіх застойных часоў і перабудовы, у моладзевым асяродку, цалкам падкантрольным камсамолу, нечакана зьявіліся “нефармалы”. Іх незаплянаваны энтузіязм бянтэжыў і насцярожваў, бо энтузіясты, па-першае, зьбіраліся самастойна, па-другое, без аніякай платы дапамагалі ў рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. За работу браліся цяжкую й брудную, а вось думкі мелі ўзьнёслыя. Гаворка пра “Талаку”. Гэтак называўся клюб нефармальнай моладзі. “Дзе пачую талаку, туды ногі валаку”, - жартавалі ягоныя сябры. А жартавалі, спрачаліся й проста размаўлялі паміж сабою толькі па-беларуску. На той час – адно гэта было ўжо ўчынкам зь вялікай літары. Лідэрам талакоўцаў быў Сяргей Вітушка. Мінула ўжо добрых 25 гадоў. Нялёгка й няпроста склалася жыцьцё Сяргея, які, як кажуць, і сам гарэў, і іншых мог запаліць, натхніць, разварушыць. Як гэта было, тады, на мяжы савецкіх застойных часоў і перабудовы? Пра гэта маем магчымасьць паслухаць самога Сяргея Вітушку. Сяргей Вітушка: Цяпер, калі маё жыцьцё дайшло да нейкай пэўнай кропкі (дасьць Бог, пражыву якое-небудзь новае жыцьцё ў новым стане, у новай якасьці), але тое маё жыцьцё ужо пражыта... Я лічу, што ўспаміны трэба запісваць тады, калі чалавек дайшоў да пэўнай кандыцыі, да пэўнай кропкі. Бо трэба даваць ацэнкі людзям, падзеям. А калі чалавек яшчэ сам удзельнік гэтых падзеяў, калі ён яшчэ залежыць ад тых людзей, кругом якіх ходзіць і якія кругом яго ходзяць, тады ня можна зрабіць нейкія шчырыя ацэнкі. Заўсёды пабаішся нешта сказаць, каб не пакрыўдзіць чалавека, каб сабе гэта не пашкодзіла. А я ўжо сьмела магу казаць пра тое сваё жыцьцё, якое было. Але яно распадаецца на многа сьцяжынак. Накірунак адзін, дарога адна, але многа, многа пераплеценых сьцяжынак. Гісторыя маёй сям’і – асобная сьцяжынка. Той сям’і, дзе я быў сынам, гэта адна сьцяжынка. Той сям’і, дзе я стаў бацькам, другая сьцяжынка. Гісторыя маёй хваробы – асобная гісторыя, і безь яе немагчыма зразумець усё маё астатняе жыцьцё, матывацыю маіх учынкаў. Уся мая грамадзкая дзейнасьць, прафэсійная дзейнасьць... Усё гэта лініі, якія пераплятаюцца. І сёньня я хацеў бы пагаварыць пра адзін фрагмэнцік, самы яркі, самы эфэктыўны ў маім жыцьці, пра “талакоўства”. Нейкія 4 гады, з 1985 да 1990 году. Мне лёгка ўспамінаць, бо ў памяці жыве ўвесь той час, уся тая Эпоха. Буду гаварыць сапраўды тое, што засела ў памяці, а не па паперцы, падглядаючы ў нейкія дакумэнты. Даўно трэба было гэта зрабіць, але мне перашкаджала мая прафэсія, я ж сам гісторык і з архіўнай справай, гістарычным дасьледаваньнем знаёмы. Захаваўся архіў Талакі, у мяне 3 скрынкі вялізныя ў хаце. Перапіска Талакі, анкеты, дзёньнікі, газэтныя выразкі... Думаў, што трэба пісаць сур’ёзна, але глядзеў, што ня ўсіх архіваў хапае. Трэба ж тады глядзець у архівах партыйных, у архівах КДБ... І гэта не напісалася. Сёньня я шчыра прызнаюся, што нікуды не падглядаю, ні ў які тэкст. Гавару толькі тое, што засела ў памяці. Пра Талаку. Я, азіраючыся на ўсё сваё жыцьцё, гэтыя некалькі гадоў магу назваць самымі шчасьлівымі. Можа таму, што быў маладзейшы, можа таму, што быў здаравейшы. Можа быў ня так абцяжараны грузам памылак сваіх і ўдарамі лёсу й жыцьця. І гэта была вызначальная якасьць – маладыя! Бо ў сёньняшнім сваім стане я б ні за што такую Талаку не арганізаваў. Жыцьцё пабіла, пацёрла, і стаў я больш асьцярожны, абачлівы, больш кампрамісны, больш цярплівы да нейкіх рэчаў. А тады быў такі юначы масымалізм! Калі гэта белае, дык белае! Калі чырвонае – дык чырвонае! З такім запалам толькі й робяцца рэвалюцыі. У залатым гэтым маладым узросьце, калі ўжо дастаткова разумныя, але яшчэ бясстрашныя. Я лічу, што гэта была беларуская нацыянальная рэвалюцыя. Бо ўсё у той савецкай Беларусі кацілася да зьнішчэньня беларускага. Была бэсэсэраўская беларушчына, але яна была такая нецікавая, такая нясмачная. І людзі ад яе сарамліва адварочваліся, а забываючы пра яе адчувалі нейкую палёгку. Няшчырасьць, чужасьць... А нашая задача была якраз крупінкі шчырасьці сабраць. Не на кожнага пісьменьніка ў нас адгукалася душа. Былі ж сотні беларускіх пісьменьнікаў, але мы чыталі Караткевіча, забароненага Купалу (менавіта забароненага!), які на ценькіх папяросных паперках сьляпым шрыфтам перадрукоўваўся. Мы чыталі Ермаловіча. І вось гэта была Беларусь! Нэрвам, лакмусавай паперкай была шчырасьць. Можа быць самай галоўнай прыкметай было гаварэньне па-беларуску проста так. На вуліцы. На нейкую побытавую тэму. Хто так гаварыў, той быў наш, той быў сапраўдны! Талаку стваралі ўжо сьвядомыя людзі. Нефармалы На нашай хвалі працягваецца цыкл успамінаў Сяргея Вітушкі – лідэра моладзевай арганізацыі Талака, якая дзейнічала ў Менску ў сярэдзіне 80-х гадоў. Сяргей Вітушка: Мы сябе называлі клюб аховы помнікаў Талака, альбо проста беларускі клюб Талака. Бо пазьней да аховы помнікаў дадаліся яшчэ і песьні, і вандроўкі, а пазьней яшчэ і палітыка. Але нам прышпілялі іншую назву. Спачатку мы яе не прымалі, супраціўляліся, а потым яна нам спадабалася, і мы яе ўзялі й ганарыліся нават гэтым. Нефармалы. Нефармальны клюб. Многія арганізацыі цяпер працуюць так, як мы. Нідзе афіцыйна не зарэгістраваныя. Мы думалі спачатку зарэгістравацца. Напісалі нават некалькі варыянатў статуту. Да нас чапіліся: а чаму вы напісалі такое слова, а не такое? А памяняйце гэта слова на іншае. Мы за нейкія словы прынцыпова змагаліся. Нешта гатовы былі памяняць. І нават упісвалі такія фразы, што мы працуем паводле Канстытуцыі Савецкага Саюзу і Беларускай Савецкай Рэспублікі. Такія прысягі, што мы свае, не ворагі. Аднак, дзе мы ні спрабавалі зарэгістравацца – ці пры Таварыстве аховы помнікаў, ці пры гарадзкім камсамоле, ці пры Цэнтральным камітэце камсамола - нам нідзе гэта не ўдавалася. Усюды нас баяліся, не хацелі з намі зьвязвацца й па-чыноўніцку прыдумвалі шмат зачэпак. І ў нейкі момант, гэта быў год нейдзе 1988, мы плюнулі й выкрэсьлілі са свайго статуту ўсякія фразы, што мы працуем пры кімсьці. Першаю фразаю напісалі: клюб Талака – гэта самастойная грамадзкая арганізацыя, і запісалі ўсё, што хацелі, чым мы займаемся. Мы былі нефармаламі. І гэта быў такі адмысловы настрой. Настрой, у якім часта абвінавачваюць маладых людзей, што яны ўсё адмаўляюць – нігілісты такія, са старымі ў рожкі бяруцца. Так. Трошкі было такое. Але тое старое было такое заскарузлае, савецкае, што хацелася зь ім змагацца. Дробны эпізод. Я вучыўся ў Беларускім дзяржаўным уінвэрсытэце. Калі выйдзеш з мэтро – у адны дзьверы людзі заходзілі, у другія ўваходзілі - і наклейкі былі: “выход” і “выхода нет”. Трэба было ісьці ў дзьверы, дзе напісана “выхад”, але гэта было нязручна, бо на некалькі крокаў далей. Я заўсёды ішоў налева й перада мною заўсёды была гэта таблічка – “выхода нет”. Але я казаў сабе: выхад ёсьць! І гэта быў настрой на ўсё жыцьцё. Нам старэйшыя казалі: асьцярожна, гэта немагчыма, гэта ўжо позна, гэта нерэальна, гэта небясьпечна. Але мы казалі сабе: выхад ёсьць. І шчаміліся нахабна, упэўнена. Як быццам бы сапраўды адчувалі, што выхад ёсьць. Гэта аказалася пераможная стратэгія для той сытуацыі. Нам супрацьстаяла жорсткая таталітарная сыстэма – камуністычная партыя, КДБ... увесь лад быў пранізаны гэтым кантролем. Усё было ў жорсткіх рамках. А мы былі трошкі анархістамі. Вахлакамі такімі, валацугамі. І яны з намі нічога не маглі зрабіць, бо мы былі непрадказальныя. Мы былі як той Гервасій Выліваха. Калі Гервасій Выліваха гуляў са сьмерцю па правілах, ён прайграваў, бо яна была разумнейшая, а калі ён пачаў махляваць, ён зблытаў усю лёгіку той сьмерці, мацнейшай за яго, і выйграў. Гэта была наша нефармальшчына. Мы сьпявалі, што хацелі, чыталі, што хацелі. Мы знаходзілі сабе аўтарытэты. Але мы не ўкладваліся ў бюракратычныя рамкі. Калі да нас пачало прыходзіць шмат людзей, мы пачалі расьці. Напачатку існаваньня клюбу было 50 чалавек, потым 100 і там ужо 500, але мы казалі: нам ня трэба тысячнай Талакі, лепей няхай будзе 1000 дробных талок. І побач з намі ўзьнікалі самастойныя клюбы – Сьвітанак, Повязь, Паходня... у іншых гарадах. Але і ў Менску ўзьнікалі – Тутэйшыя, нейкія Кропелькі ў пэдунівэрсытэце. Рокеры ў свой клюб арганізаваліся. Многа клюбаў утваралася. Чым займалася Талака Некалькі хвілін нашага эфіру прысьвячаем падзеям сярэдзіны 80-х гадоў, калі ў Менску дзейнічала моладзевая арганізацыя Талака, лідэрам якой быў Сяргей Вітушка. Слухайце чарговую частку зь ягоных успамінаў. Сяргей Вітушка: Я зь цяперашняга розуму хачу сказаць, што нам з гэтай нефармальшчынай трэба было своечасова скончыць. Недзе ў 89-90, калі зьмяніліся ўмовы й пачалі мяняцца законы, тады трэба было хуценька, хуценька кідаць нашу нефармальшчыну, станавіцца трохі бюракратамі й ствараць моцную моладзевую арганізацыю, альтэрнатыву камсамолу. Думаю, тады б многае па-іншаму павярнулася б. Але для гэтага павінныябылі прыйсьці іншыя людзі. Мы былі да мозгу костак, да пячонак гэтымі нефармаламі. Можа й да сёньняшняга дня такімі засталіся. Пачалося ўсё з талок, з прыцы па рэстаўрацыі дойлідзтва. Рэстаўравалася Траецкае прадмесьце, потым пачаліся працы на Верхнім горадзе, раскопвалася Замчышча. У Менску было шмат аб’ектаў, дзе працавалі археолягі, рэстаўратары. Нам было цікава ім дапамагчы. Заўсёды выслухоўвалі расказы кіраўнікоў. Гэта былі знакамітыя археолягі – Алег Трусаў, Зянон Пазьняк... Мы марылі пра тое, што зьменцца наш горад. Нам было нецікава жыць у гэтых сучасных мікрараёнах. Помню, у мяне нарадзілася такая фраза: калі глядзеш на гэтыя шэрыя, квадратныя дамы, дык і думкі такія – шэрыя й квадратныя. А калі глядзець на барочны касьцёл з высокімі вежачкамі, якія ў неба ўзьнімаюцца, дык і думкі такія кучаравыя ды імкнуцца кудысьці ўверх. Вельмі добра перадаваў наш настрой і імпэт да рэстаўрацыі верш Галіны Дубянецкай. Я званіцы адраджаю начамі, Ідэя была такая - каб чалавек адчуў, што гэта ягоны родны горад. Хай бы кожны мянчук хоць раз прыйшоў на талаку, паклаў сваю цаглінку ў адбудову старога храма, і тады ён бы з гонарам мог сказаць, што я жыхар гэтага старажытнага горада. Хай бы кожны мянчук залез у раскоп на Нямізе. 9 мэтраў глыбінёй перад табою яма, 9 мэтраў чорнай зямлі. Гэта значыць колькі людзей тут жыло. І аднаго сьмецьця ад іх 9 мэтраў засталося. Чалавек бы іначай сябе адчуваў: можа быць успомніў бы, што ён беларус, што ў яго ёсьць мова. Вось такая была ў нас матывацыя. Мы не зьвярталі ўвагі, што працуем зусім бясплатна на бруднай рабоце. Хоць потым гэта людзям трошкі надакучыла. І нас захапіла іншая дзейнасьць – сьвяты, мітынгі. Талокі адышлі. Адзіным улюбёным заняткам засталіся раскопкі. Са сваімі добрымі сябрамі археолягамі выязджалі дзесьці на тыдзень, раскопвалі нейкія замчышчы... за гэта можна было нават зарабіць. Грошы пускалі ў агульную скарбонку, потым за іх нешта набывалі. Пратэстны дух Талакі Успамінаючы не такія й далёкія з пункту гледжаньня гісторыі 80-я, Сяргей Вітушка прыгадвае: “Зьбіраліся кожны дзень, такі інтэнсыўны, такі шалёны рытм быў”. Слухайце чарговую частку ўспамінаў колішняга лідэра “Талакі”. Сяргей Вітушка: Што ж мы яшчэ рабілі, маладыя людзі? Нашыя зборкі, нашыя тусоўкі. Не скажу, што зьбіраліся раз на тыдзень. Можа быць разоў 7 на тыдзень. Фактычна зьбіраліся кожны дзень. Бачыліся, гаварылі... была такая патрэба. Інтэнсыўны, шалёны рытм быў. Вельмі крыўдавалі нашыя бацькі, бо мы раптам выпалі з кола. І калі раней, хаця б на выходныя, мы ехалі зь імі на вёску нешта дапамагчы. Дык цяпер усё. Было ўжо немагчыма адарвацца ад новых сяброў. Удзячны бацькам, што яны цярпліва гэта перанесьлі. Маглі сабрацца на кватэры ў каго-небудзь. Маглі сабрацца на вуліцы ў кавярнях ці сквэрах. Былі ўлюбёныя куточкі. Але шукалі такога памяшканьня, дзе б можна было сабраць усіх. Хутка пачалі запрашаць на гэтыя сустрэчы нейкіх цікавых лектараў. І да нас з ахвотаю ішлі навукоўцы. Лія Салавей расказвала пра фальклёр. Надзея Высоцкая – пра старажытнабеларускае мастацтва. Юры Хады – пра абразы. Гісторыкі, этнографы, фальклярысты. Ніхто нам не адмаўляў. Яны трацілі свой час. Прыносілі слайды, ілюстрацыі. Памятаю сустрэчу з кампазытарам Кандрусевічам, як ён расказваў пра беларускі рок і беларускую музыку. Пазьней пачалі запрашаць людзей з гутаркамі на эканамічныя й палітычныя тэмы. Заўсёды гэта была адукацыя. Тады стала папулярнай гульня “Што? Дзе? Калі?” Мне гэта гульня страшна падабалася, я хацеў перанесьці гэты прынцып на дзейнасьць Талакі. Я казаў: вось мы тут сабраліся, мы павінны ўсё вывучыць і ўсё ведаць. І калі знатакам даецца 1 хвіліна, каб адказаць на нейкае простае пытаньне, дык нам часу неабмежавана, але мы павінны адказаць на такое важнае пытаньне – як нам зрабіць сваю Беларусь. Ні больш, ні менш. Як нам адрадзіць Беларусь? Але прынцып, як у клюбе “Што? Дзе? Калі?” – калектыўнае абмеркаваньне. А спрэчкі пачыналіся на любую тэму. Ці пра этнагенэз беларусаў, ці пра этымалёгію нейкага слова. Хтосьці з паэтаў пачынаў чытаць свае новыя вершы. Многія паэты хадзілі да нас. Той жа Сыс, той жа Славамір Адамовіч. Гэтыя сустрэчы адбываліся спачатку невялікім складам, а потым усё большым і большым. Пазьней, калі мы сталі папулярныя пасьля Курапатаў, пасьля першых мітынгаў, ужо было мала месца. Мы зьбіраліся ў Доме культуры на вуліцы Маскоўскай, там быў маленькі кінатэатрык. Людзі на вуліцы стаялі, каля адчыненых вокнаў, каб паслухаць, што там адбываецца ў нашым клюбе. Адміністрацыя нават пачала прадаваць білецікі па некалькі капеек. Яшчэ й зарабіла на нас. Калі пачалася перастройка, мы зьмяніліся й сталі такім дыскусійным клюбам. Тады й камсамол спрабаваў ухапіць гэтыя лейцы й дагнаць гэты працэс. Заканчвалася Талака, як дыскусійны клюб. Мне даводзілася выконваць ролю сьпікера. Часам спыняць, бо людзі прыходзілі эмацыйныя. Гучалі вельмі эмацыйныя прамовы. Калі абмяркоўвалі будаўніцтва лініі мэтро пад старым горадам, мы абураліся страшэнна, што мэтро пашкодзіць помнікі. А спэцыялісты даказвалі, што нічога страшнага. Адбываліся ў вялізных залях дыскусіі. Гэта была тая мяжа, калі мы ад нефармальшчыны павінны былі пераходзіць да стварэньня моцнай моладзевай рэспубліканскай арганізацыі. Але трэба было, каб знайшліся трошкі іншыя людзі. Практычныя, прагматычныя, якія сучасныя тэхналёгіі стварэньня грамадзкай арганізацыі ведаюць. Мы гэтага ня ведалі. Мы гэта стыхійна намацвалі. Каб нехта нам шапнуў на вушка. Пазьней у 90-х былі сэмінары, была вучоба грамадзкіх лідэраў. Каб гэта было ў 80-я, ўсё магло быць па-іншаму. У нас на той час была такая гульня, ледзь не дзіцячая, дурасьлівая. Па ўсім горадзе былі разьвешаныя камуністычныя лёзунгі – Партия наш рулевой! Народ и партия едины! Гэта мазоліла вочы чалавеку, які адчуваў ня так. А мы адчувалі ня так. У нас быў пратэст супраць усяго гэтага. Мы заўсёды дадавалі часьцінку “не”. “Партыя не наш рулевой”. Сьмех сьмехам, а гэта сьведчыла пра наш малады пратэстны характар. Заўсёды мы заўважалі беларускія колеры – бел-чырвона-белыя. Возьмеш кубік Рубіка – вельмі папулярная тады забаўка, павернеш яго адпаведным чынам, каб былі бел-чырвона-белыя палосачкі. Пакажаш, вось сьвядомы кубік Рубіка. Сустрэне нехта ў краме красовачкі з палосачкамі гэтымі, ці кепачку з нашывачкамі... калі дарыць кветкі, дык абавязкова гэта былі гвазьдзікі бел-чырвона-белыя. Гэтыя мілыя дробязі падтрымлівалі гэты пратэстны дух. Як талакоўцы змагаліся за мову Працягваем цыкл успамінаў колішняга лідэра Талакі Сяргея Вітушкі, які распавядае ў нашым эфіры, чым займалася нефармальная моладзь напрыканцы 80-х. У той час, калі яшчэ нават ня здагадваліся, як хутка разваліцца Савецкі Саюз, нават у самых сьмелых марах цяжка было сабе ўявіць, што на вуліцах залунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі. Але моладзь, тады яшчэ камсамольскага ўзросту, змагалася за беларушчыну. Сяргей Вітушка: Нашыя акцыі. Тое прыблізна, што сёньня робіць Таварыства беларускай мовы. Мы гэтую акцыю сьмехам называлі лістапад. Розныя людзі пісалі лісты на адну тэму. Тады ўвялі мэтро і абвесткі спачатку былі ўсе толькі па-расейску. Свой першы грамадзкі ліст я напісаў якраз на гэту тэму. Сястра дапамагла яго прыгожанька надрукаваць. І даслаў яго ў газэту “Чырвоная зьмена”, а газэта пераслала ў Метрабуд. Прыходзілі адказы і з Метрабуду і з газэты – так, вашыя заўвагі слушныя, мы абмяркуем. Сапраўды, пазьней у мэтро зьявілася беларуская мова ў мэтро. І калі цяпер спускаешся ў мэтро і чуеш беларускую мову, грэе сэрца, што і ты руку прыклаў да гэтага. Кажуць, калі была нашая дзейнасьць талакоўская, а я кажу, што можа тады, калі мы спалі, яе не было. Мы хадзілі і гаварылі па-беларуску і гэта была талакоўская дзейнасьць. Заходзіш у краму, просіш: дайце мне алоўкі. Дзяўчыны прыгожыя маладыя, адна на адну паглядаюць зьдзіўлена: ты поняла? Бянтэжыла гэта людзей. Але прымушала задумацца вельмі многіх. Вось пра кантралёра ўспомніў. Адночы мы ехалі ў цягніку з Маладзечна да Гудагая, дызель хадзіў. І мы не пасьпелі ўзяць білетаў у касе. Улезьлі бяз білетаў. Стаім, кантралёр ідзе. Тлумачым: мы хацелі купіць, давайце цяпер купім. Не, штраф. А заплаціць штраф, выдадзім усе свае грошы і ня будзе на вандроўку. Але фокус у тым, што кантралёр гаворыць з намі чысьцютка па-беларуску. І ў нас такія пачуцьці – і злосьць на гэтага кантралёра і ў той жа час такая любоў да яго! Ён нас ссадзіў, думаю, думаю, мы яму запомніліся. Пазьней і да бабулі пачаў ездзіць па-іншаму. Прыслухоўваўся. І меў паперку, каб запісаць нейкае слоўца. Я сьмехам казаў сваім школьным сябрам: я нацыяналіст. 80-ы год. У Афган нашыя пайшлі. А я сваю гэтую ўкаранёнасьць у тутэйшасьць ужо тады адчуваў. У сям’і па-беларуску гаварылі ўвесь час, але гэта была такая трасяначка. Бацькі ж былі зь вёскі. Маці згадвае, што ў школе не хацелі вучыць расейскае мовы, бо гэта была чужая, замежная мова. Але настаўніца ім казала: трэба вучыцца гаварыць па-гарадзкому. Такі падзел на гарадзкую і вясковую мову быў. Толькі выязджалі на вёску... я ў бабулі кожнае лета праводзіў, я гаварыў так як і бабуля. А бабуля гаварыла выдатнай беларускай мовай. Некаторыя слоўцы мяне зьдзіўлялі. Знаходзілі на гарышчы парасон, а ўжо ж былі прывыкшыя да зоньціка. Бабуля кажа: пакладзіце парасон. Мы цэлы дзень тады з гэтым словам гойсалі, адзін другога называлі парасонам. Якая-небудзь каша пярловая, да якой усе прывыклі, там называлася ячная каша, альбо груца, альбо панцак. Такая дыялектная мова і такая этнаграфія заўсёды цікавіла. І з гэтага вырастала мая цікавасьць да беларушчыны. Гэта была ўзараная глеба, а зернятка нацыяналізму ўкінуў Караткевіч. У гэтым магу шчыра прызнацца. Найбольш мяне ўразіла “Ладьдзя роспачы”. Чамусьці я перачытаў гэтую аповесьць, калі памёр Караткевіч. У той дзень. Нешта на мяне такое найшло. Я прыйшоў з завода. Я тады ўжо працаваў на заводзе пасьля вучылішча. І нешта мне вечарам захацелася перачытаць гэтую аповесьць пра Гервасія Выліваху. Назаўтра выпадкова сустрэў сваю школьную настаўніцу, а яна мне кажа: памёр Караткевіч. Я не паверыў. Пабег да кіёска, купіў “Вячэрні Мінск”, а там нэкралёг. Сапраўды, памёр Караткевіч. Мяне гэта так уразіла. У той вечар я вырашыў: я павінны гаварыць па-беларуску. Праз паўгады толькі перайшоў на беларускую мову, але рашэньне такое было прынятае. Тады я пачаў чытаць беларускія кніжкі, шукаць сяброў. І знайшоў нарэшце. Працяг успамінаў колішняга лідэра Талакі Сяргея Вітушкі слухайце ў нядзелю 13 сьнежня. Гэй, талакоўцы! Адраджэнцы беларушчыны 80-х! Памятаеце?.. Як зьбіраліся, як спрачаліся, як радаваліся адзін аднаму. І як змагаліся, і як разам браліся за справы – простыя і патрэбныя. Варта ўспомніць тыя гады. І варта яшчэ раз аб’яднацца ў талаку. Ізноў вакол Сяргея Вітушкі. Ён напісаў кнігу. Простую і патрэбную. Для дзяцей. Для ўнукаў ужо нашых. Для нас, колішнія талакоўцы! Давайце выдадзім кнігу Сяргея Вітушкі. Талакою! Ахвяраваньні можна дасылаць на асабісты рахунак Сяргея Вітушкі: Swedbank А напісаць Сяргею Вітушку можна на адрас: talakoviec@tut.by |
||