![]() |
|
варта прачытаць »»»
|
|
КАМУНІКАТ.org :: Што новага :: Польская замежная дапамога 2009 Польская замежная дапамога 2009 Бібліятэкар Больш за 25 мільёнаў злотых ( каля 6 мільёнаў эўра) прызначыла Польшча на падтрымку Беларусі. Міністэрства замежных справаў прадставіла пляны польскай замежнай дапамогі. Найбольш сродкаў накіравана на дапамогу Беларусі й Афганістану. Польскае зьнешнепалітычнае ведамства прызначыла сёлета фінансавыя сродкі ў памеры 130 мільёнаў злотых на барацьбу з галечай, а таксама на падтрымку пераходных працэсаў і пабудову грамадзянскай супольнасьці. Агата Чапліньска з МЗС зьвяртае ўвагу на тое, што хаця ведамства прызначыла на дапамогу на 20 мільёнаў больш у параўнаньні зь мінулым годам, то рэальная фінансавая дапамога будзе меншай. Агата Чапліньска: Рэальна вартасьць фінансавых сродкаў значна ніжэйшая ў параўнаньні зь мінулым годам, паколькі ўпаў курс польскага злотага ў пераліку на даляра ці эўра. А пераважная большасьць прызначаных на дапамогу сродкаў ідзе за мяжу. У сувязі з гэтым за такія самыя сродкі можна будзе зрэалізаваць менш справаў. Польская замежная дапамога кіруецца перш за ўсё ў тыя краіны, дзе канцэнтруецца польская замежная палітыка. Найбольш фінансавых сродкаў патрапіць у Афганістан, а таксама ў краіны Цэнтральна- Ўсходняй Эўропы. У першую чаргу ў Беларусь, а таксама Ўкраіну, Грузію й Малдову. Асноўнымі карыстальнікамі фінансавых сродкаў зьяўляюцца грамадзкія аб’яднаньні, якія, дзякуючы ўрадавай падтрымцы, рэалізуюць розныай праекты. Адным з такіх праектаў зьяўляецца Беларуская Інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org. Гэты праект быў створаны ў 2000-м годзе Беларускім гістарычным таварыствам у Беластоку. Апошнія тры гады Беларуская Інтэрнэт-бібліятэка карыстаецца ўрадавай падтрымкай „Польская дапамога”, - распавядае стваральнік сайту Яраслаў Іванюк. Яраслаў Іванюк: На гэты раз дафінансаваньне дазволіць нам перш за ўсё на пашырэньне нашых рэсурсаў, на пашырэньне таго, што ўжо знаходзіцца на Камунікаце. Дзякуючы гэтаму дафінансаваньню нам удасца купіць шэраг ліцэнзіяў на розныя беларускія кнігі, якія яшчэ недаступныя на сайце Камунікату. У гэтым годзе мы вельмі шчыльна супрацоўнічаем са Згуртаваньнем беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву зможам таксама выбраць вартасныя кнігі, якія выдаваліся беларусамі ў эміграцыі, адсканаваць іх, бо ўжо няма электронных файлаў, калі гэта датычыць выданьняў з 50-х, 60-х, 70-х гадоў. Гэтыя кнігі будуць даступныя на сайце бібліятэкі. Важнай справай зьяўляецца ліцэнзія, аўтарскае права. Мы стараемся, каб кніжкі, якія трапляюць на сайт Беларускай Інтэрнэт-бібліятэкі, траплялі там легальным чынам у адпаведнасьці з абавязваючым у сьвеце аўтарскім правам. І гэтае дафінансаваньне ў гэтым годзе дапаможа нам у пакупцы новых ліцэнзіяў на кнігі, на сканаваньне кнігаў, якія выходзілі ў беларускай эміграцыі, а таксама на пашырэньне нашых рэсурсаў. Іншым карыстальнікам грантаў зьяўляецца Адукацыйнае таварыства „Wiedza Powszechna” з Гданьска, якое супрацоўнічае з гарамадзкімі арганізацыямі зь Віцебска. Неўзабаве пачнецца рэалізацыя чарговага сумеснага адукацыйнага праекту. 1 чэрвеня пачнецца ажыцьцяўленьне праекту, які называецца „Пераадольваючы бар’еры стэрэатыпаў: маладым беларусам пра польскі ўдзел у ІІ Сусьветнай вайне”, - распавядае віцебскі грамадзкі актывіст Юрась Сьцяпанаў. Юрась Сьцяпанаў: Мы падрыхтуем групу мультыплікатараў. Гэта будуць пэдагогі, якія працуюць у беларускіх школах. Яны распавядуць на ўроках ці пазакляснай дзейнасьці пра моманты, зьвязаныай з удзелам Польшчы ў ІІ Сусьветнай вайне. У нашай краіне ня ўсе ведаюць ні год пачатку гэтага гістарычнага здарэньня, ні тое, што Польшча была ахвярай вайны. Таму гэта вельмі важна ў кантэксьце таго, што сёлета адзначаецца 70-годзьдзе пачатку ІІ Сусьветнай вайны. Другі элемэнт праекту – гэта правядзеньне вялікага конкурсу з трох этапаў. Конкурс будзе тычыць ведаў пра ўдзел палякаў у ІІ Сусьветнай вайне ня толькі на тэрыторыі Польшчы, але і ў сьвеце. Потым будзе заснаваны сайт, які тычыцца гэтай праблематыкі. На ім будуць канцэнтаравацца зьвесткі як у тэкставым матэрыяле, так і ў выглядзе фотаздымкаў. Сёлета фанансавая дапамога Беларусі складае 25,23 млн. польскіх злотых (каля 6 млн. эўра). Сродкі будуць прызначаныя на: - датацыю спадарожнакавага каналу БЕЛСАТ, - падтрымку беларускамоўнага Радыё Рацыя, - стыпэндыяльную праграму для белярускай моладзі імя Кастуся Каліноўскага, - дзейнасьць пры пасярэдніцтве Амбасады РП, - няўрадавыя арганізацыі (на конкурснай аснове), у тым ліку на падтрымку незалежных мэдыйных ініцыятываў. Польская дапамога для Беларусі ахоплівае: • распаўсюд аб’ектыўнай інфармацыі на тэму гісторыі й сучаснасьці, а таксама беларускай культурніцкай тоеснасьці, у прыватнасьці, на беларускай мове, • знаёмства прадстаўнікоў адміністрацыйных, інтэлектуальных, палітычных, навуковых і культурніцкіх элітаў з польскім і міжнародным досьведам у галінах: • дэмакратыі, • пашаны правоў чалавека й правоў нацыянальных меншасьцяў, • эўрапейскай інтэграцыі й эўраатлянтычнага супрацоўніцтва, • грамадзкай салідарнасьці, • функцыянаваньня свабоднага рынку, • падтрымкі незалежных грамадзкіх ініцыятываў, • распаўсюд ведаў і досьведу ў сфэры разьвіцьця трэцяга сэктару, транспамежнага супрацоўніцтва, павышэньня кваліфікацыяў, а таксама ў галіне малога й сярэдняга бізнэсу. Крыніца: www.polskapomoc.gov.pl |
||