Беларускае Гістарычнае Таварыства »»»

Націснуць, каб павялічыць...
варта прачытаць »»»

КАМУНІКАТ.org :: Што новага :: Кніга „Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі”
Кніга „Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі”
Бібліятэкар
Націснуць, каб павялічыць...

Кніга прысьвечаная гісторыі роду Нямцэвічаў
Рада Міровіч, Берасьце, Польскае радыё для замежжа, Беларуская служба, 6 сакавіка 2009 г.

Днямі ў Берасьці адбылася прэзэнтацыя кнігі "НЯМЦЭВІЧЫ. Сапраўдныя гісторыі". Кніга прысьвечаная гісторыі роду Нямцэвічаў, а таксама выбітнаму прадстаўніку роду, грамадзкаму дзеячу й гісторыку, паплечніку Тадэвуша Касьцюшкі, Юліяну Урсыну Нямцэвічу.

Выхад кнігі стаў значнай падзеяй у культурным жыцьці краю й прыцягнуў увагу гісторыкаў, дасьледчыкаў, пісьменьнікаў, краязнаўцаў і журналістаў. Прэзэнтацыя кнігі адбылася ў Берасьцейскай абласной бібліятэцы імя М. Горкага пры поўнай залі.

Аўтар кнігі – Анатоль Гладышчук, кандыдат фізыка-матэматычных навук, загадчык Катэдры фізыкі Берасьцейскага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Ягоная цікаўнасьць да гісторыі роду Нямцэвічаў невыпадковая, таму што сам аўтар нарадзіўся ў мястэчку Скокі, якое знаходзіцца ў Берасьцейскай вобласьці. Да гэтага часу ў Скоках захаваліся рэшткі палацу славутага роду. А. Гладышчук адзначае, што прафэсія фізыка дапамагла ў пошуку матэрыялаў да кнігі. Расказвае аўтар.

Анатоль Гладышчук: “Я хацеў, каб Нямцэвічы вярнуліся на сваю зямлю, і разабрацца з гэтым дакладна. І вось тут дапамагла якраз фізыка. Кожны з вас мае адукацыю й памятае свае маладыя гады. Але тыя, хто вучыцца фізыцы, а тут знаходзяцца й мае калегі - фізыкі, іх вучаць дасьледаваньню агульнага й ня толькі ў фізыцы. Гэта дасьледаваньні, якія можна праводзіць і ў іншых галінах. І вось гэта вельмі дапамагло”.

Падчас працы над кнігай Анатоль Гладышчук вёў перапіску з нашчадкамі роду Нямцэвічаў, працаваў у Баварскім каралеўскім архіве. Ён прызнае, што працэс збору матэрыялаў для кнігі стаў і для яго своеасаблівым вяртаньнем да сваіх каранёў.

Кніга „НЯМЦЭВІЧЫ. Сапраўдныя гісторыі” выйшла па-беларуску ў выдавецтве „Літаратура і Мастацтва” пры падтрымцы Берасьцейскага аблвыканкаму.

Паэт і журналіст Мікола Пракаповіч падчас выступу адзначыў, што беларуская мова выданьня набліжае людзям гісторыю роднага краю. "Столькі стагодзьдзяў нашая гісторыя пісалася то па-польску, то па-расейску. Мы засталіся бяз гэтай гісторыі, у рэшце рэшт, магчыма, па гэтай прычыне".

Прафэсар Катэдры беларускага літаратуразнаўства Генадзь Праневіч адзначыў вялікую каштоўнасьць кнігі для гісторыкаў і краязнаўцаў:

Генадзь Праневіч: “Кніжка надзвычай багатая, зроблена ў клясычным пляне. Як Хрыстос меў 12 апосталаў, яна мае 12 разьдзелаў. Аўтар вельмі арыгінальна яе скампанаваў, таму што частка матэрыялаў складзена ў адпаведнасьці з рознымі варыянтамі “Дзёньніка маіх часоў” – успамінамі Нямцэвіча. Астатнім матэрыялам аўтар запоўніў розныя гістарычныя пустоты. Ён увёў іншыя крыніцы, якія даюць цэласную агульную карціну. І гэта, перш за ўсё, ягоны аўтарскі ўнёсак у працу. У гэтую кніжку ён унёс шматлікія гістарычныя камэнтары. Работа патрабавала і ведаў, і цярпеньня, і вялікай душы, жаданьня зрабіць гэта дзеля людзей”.

Балючае пытаньне пра лёс занядбанага радавога маёнтку Нямцэвічаў узьняў сакратар Кардынацыйнай рады па захаваньні матэрыяльнай і духоўнай спадчыны пры Берасьцейскім аблвыканкаме Леанід Несьцярчук. Спадар Несьцярчук паведаміў, што ў радавым палацы Нямцэвічаў у Скоках плянуецца зрабіць гісторыка-літаратурны музэй. На гэта дзяржава вызначыла 1 мільён даляраў.

Леанід Несьцярчук: “А што можа там быць, як не гісторыка-літаратурны музэй? Таму я заклікаю ўсіх вас – літаратараў, навукоўцаў, усіх – давайце зьбіраць матэрыялы. Таму што “не за гарамі” гэты палац. Мы ўжо засвоілі каля 1 мільёна даляраў”.

Падчас выступленьня Л. Несьцярчук расказаў, што ў 2002 годзе Скокаўскі палац быў уключаны дзяржавай у склад васьмі прыярытэтных аб'ектаў для першачарговай рэстаўрацыі. Аднаўленьне палацу Нямцэвічаў у Скоках зьяўляецца вельмі складаным праектам. Палац плянуецца аднавіць адпаведна ягонаму першапачатковаму сярэднявечнаму выгляду. Пры гэтым сучасны будынак будзе карэнным чынам зьменены.