Націснуць, каб павялічыць...
новы нумар »»»

КАМУНІКАТ.org :: Што новага :: Навуковы дыскурс фармаваньня нацыянальнай мовы й літаратуры
Навуковы дыскурс фармаваньня нацыянальнай мовы й літаратуры
Бібліятэкар

Ганна Гарачка, Польскае радыё для замежжа, Беларуская служба, 29 лістапада 2008 г.

Катэдра інтэркультуральных дасьледваньняў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту арганізавала й правяла ў Варшаве ўжо трэцюю міжнародную канфэрэнцыю.

Тэма сёлятняга спатканьня гучала так: Сучасны навуковы дыскурс фармаваньня нацыянальнай мовы і літаратуры на прасторы паміж Нямеччынай/Аўстрыяй, Рэччу Паспалітай, Вялікім Княствам Літоўскім і Расеяй.

На адкрыцьці канфэрэнцыі з уступным словам выступіў загадчык катэдры прафэсар Ян Казьбял, які прачытаў таксама свой даклад прысьвечны культуратворчым працэсам ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Паводле ягонага меркаваньня, у культурніцкім асьпекце Расея зьяўляецца малодшаю сястрою Беларусі ды Ўкраіны.

Доктар Андрэй Масквін гаварыў пра пусткі ў дасьледваньнях пра ВКЛ, а таксама пусткі на гэтую тэму ў беларускіх падручніках.

Андрэй Масквін: Гэта трэцяя канфэрэнцыя нашай катэдры. Першая была гістарычная, другая – рэлігійная, трэцяя прысьвечаная літаратуры, культуры й мастацтву. Тэма майго дакладу зьвязаная з Вялікім Княствам Літоўскім. З тым як ідэі, думкі, што фармаваліся тады пачалі ўваходзіць ня толькі ў палітычнае й грамадзкае жыцьцё, але ў культурнае жыцьцё напачатку 20 ст. Я займаўся тэатрам драматургіі, хацеў зрабіць рэфэрат пра тое, як ідэі ВКЛ пачалі рэалізоўвацца ў беларускай драматургіі. Але я знайшоў толькі 2 пьесы. Гэта выклікала думку паразважаць, чаму так здарылася. Чаму гістарычная сьвядомасьць беларусаў была вельмі ніклая.

Прафэсар Сяргей Кавалёў выступіў з дакладам Літаратура Вялікага Княства Літоўскага XIII – XVII ст. у навейшых беларускіх дасьледваньнях.

Сяргей Кавалёў: ВКЛ – гэта фэнаменальная дзяржава з фэнамэнальнай культурай, якая належыць беларускаму, польскаму, часткова ўкраінскаму, літоўскаму народу. Літаратуразнаўцы, гісторыкі, мовазнаўцы кожнага з гэтых народаў дасьледуюць спадчыну ВКЛ. На жаль, раней кожны рабіў гэта паасобку. Такія канфэрэнцыі маюць на мэце аб’яднаць досьвед і намаганьні, каб дасьледаваць спадчыну разам. Мэтаю канфэрэнцыі зьяўляецца й тое, каб пазнаёміць што новага зьявілася ў азначанай прасторы, якія новыя ідэі, падручнікі, канцэпцыі, дасьледаваньні. У сваім дакладзе я хачу паказаць, якія зьмены адбыліся ў стаўленьні да ВКЛ, пачынаючы ад 60-х гадоў да сёняшняга дня. Ёсьць думка стварыць такое дасьледваньне шматнацыянальным калектывам аўтараў.

Пра маладое пакаленьне літаратараў Беларусі разважала ў сваім дакладзе польская дасьледчыца доктар Катажына Бартноўская.

Катажына Бартноўская: Я буду гаварыць пра самае маладое пакаленьне беларускіх паэтаў. Іх адносіны да традыцыяў беларускай літаратуры, выпрацаваных пакаленьнем “Нашай нівы”. Разнастайнасьць вельмі вялікая. Для гэтай паэзіі характэрны аўтатэматызм. Яны твораць па-беларуску. Кажуць, што гэта не палітычны акт, яны выбіраюць гэту мову таму, што яна задаецца ім самай прыгожай, блізкай. Няма там ніякіх ідэалягічных адценьняў.

Канфэрэнцыя адбывалася 2 дні. Сярод удзельнікаў былі навукоўцы з Польшчы, Нямеччыны, Аўстрыі й Беларусі.