Націснуць, каб павялічыць...
Вартае ўвагі »»»

Націснуць, каб павялічыць...
Слоўнік для дзяцей »»»

КАМУНІКАТ.org :: Што новага :: Алег Латышонак - надалей старшынствуе Беларускаму Гістарычнаму Таварыству
Алег Латышонак - надалей старшынствуе Беларускаму Гістарычнаму Таварыству
Бібліятэкар
Націснуць, каб павялічыць...

Алег Латышонак, фота www.radio.bialystok.pl

  Пра дзейнасьць Беларускага Гістарычнага Таварыства распавядаюць Алег Латышонак ды Славамір Іванюк
(у эфіры Радыё Беласток размаўляў Марэк Заброцкі)

Агульны сход Беларускага Гістарычнага Таварыства чарговы раз на пасаду старшыні выбраў Алега Латышонка.

У новую ўправу БГТ ўвайшлі таксама: Маргарыта Оцытко (Унівэрсытэт у Беластоку), Дарота Міхалюк (Унівэрсытэт М. Капэрніка ў Торуні), праф. Яўген Мірановіч (Унівэрсытэт у Беластоку), Славамір Іванюк (Дзяржаўны Архіў у Беластоку).

Беларускае Гістарычнае Таварыства сваю дзейнасьць праводзіць ад 15 гадоў. Яго сябры ў васноўным дасьледваюць мінуўшчыну польска-беларускага памежжа. БГТ ладзіць таксама гістарычныя канфэрэнцыі, ад 1994 году выдае Беларускі Гістарычны Зборнік (Białoruskie Zeszyty Historyczne).









Справаздача Старшыні Праўлення Беларускага Гістарычнага Таварыства за перыяд ад 10 траўня 2005 да 7 траўня 2008 г.

За гэты перыяд Беларускае Гістарычне Таварыства выдала 6 сшыткаў „Беларускага гістарычнага зборніка”/Białoruskich Zeszytów Historycznych”: № 23 - № 28. Часопіс фінансуецца перш за ўсё Міністэрствам Ўнутраных Спраў і Адміністрацыі ды ў невялікай ступені Управай г. Беластока. Рэгулярны выхад нашага часопіса гэта заслуга ягонага рэдактара, праф. Яўгена Мірановіча. Варта было б прыдаць яму падмогу у асобе сакратара рэдакцыі, які зняў бы з яго прынамсі частку абавязкаў, асабліва калі ідзе пра карэспандэнцыю з аўтарамі і справы звязаныя з навуковай бюракратыяй, у тым ліку з рэгістрацыяй часопіса як рэцэнзаванага.

Выдалі мы таксама 5 кніжкаў:

1. М. Пецюкевіч (M. Pieciukiewicz), Лісты/Listy (1956-1982), падборка і апрац. Г. Глагоўская і В. Харужы, Беласток 2005.

2. о. G. Sosna, D. Fionik, Szczyty. Dzieje wsi i parafii, Bielsk Podlaski-Ryboły-Białystok 2005.

3. A. Mironowicz, Kościół prawosławny w Polsce, Białystok 2006.

4. W. Stachwiuk, Siva zozula, Białystok 2006 (разам з Беларускім саюзам).

5. A. Mironowicz, Serapion Połchowski biskup białoruski, Białystok 2007.

Арганізавалі ўсяго адну канферэнцыю: „Грамада – міфы і рэчаіснасць. Грамадска-палітычная сітуацыя на беларускіх землях у 20-я гг. ХХ ст.”, 29-30 лістапада 2007 г. (разам з Кафедрай беларускай культуры Беластоцкага ўніверсітэта). На жаль, нейк не можам атрымаць датацыі ад МУСіА на арганізацыю канферэнцыяў. Сёлета адмовілі нам нават у падтрыманні канферэнцыі з нагоды 90 угодкаў БНР.

Два гады таму па ініцыятыве А. Вапа была праведзеная выстаўка нашых выданняў у Падляскай Бібліятэцы.

У 2007 г. мы падрыхтавалі праект цалкам новай выстаўкі ў Зале Нацыянальнай Памяці ў вёсцы Райск, прысвечанай ахвярам нямецкай пацыфікацыі ў 1942 г. Мастацкае афармленне зрабіў Міраслаў Здрайкоўскі. Пры выстаўцы непасрэдна працавалі А. Вап, С. Іванюк, А. Латышонак з дапамогай Яна Нікалаюка. Пры тым праведзеныя былі дапаўняльныя архівальныя пошукі. Матарыялы даставілі а. Рыгор Сасна і Д. Фёнік. Выстаўка практычна закончаная. Праект быў рэалізаваны ў супрацоўніцтве з Управай гміны Бельск Падляшскі.

Стараннем А. Вапа значна павялічыліся зборы нашай бібліятэкі. Наагул зарэгістравана ў ёй (стан на 31 снежня 2007 г.) 1726 кніжак (на амаль 600 больш як у 2005 г.), 706 часопісаў (гадавікоў і паасобных нумароў), 6 графікаў, 105 фатаграфіяў і паштовак, 1 дакумент з 1919 г., 1 медзярыт з 1725 г. і 9 афішаў. Набылі мы таксама калекцыю беларускага дзеяча, нябожчыка Канстанціна Сідарэвіча, у тым ліку м. інш.: 2 машынапісы тэатральных п'есаў Беларускага тэатра „Полымя” з 50-тых гг. ХХ ст., 15 дакументаў з 1935-1973 гг., 2 карты з часоў Другой сусветнай вайны.

У 2007 г. БГТ прыняло пад свае крылы Беларускую інтэрнет-бібліятэку KAMUNIKAT.org. Дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства Замежных Спраў РП, KAMUNIKAT стаў мадэрнай інтэрнет-бібліятэкай з каталогам, вышуківаркай, каналамі RSS і топ-лістай публікацыяў і медыяў. Выдатна пабольшыліся таксама зборы бібліятэкі. Сёння на старонцы знаходзяцца звыш 1200 пазыцыяў кніжкаў і часопісаў у электроннай версіі на беларускай мове, або датычных беларускай тэматыкі. Дзякуючы неадплатнай ліцэнзійнай дамове з Польскім Радыё Беласток на старонцы бібліятэкі змешчана таксама каля 100 мінут перадачаў датычных беларускіх кніжкаў і часопісаў, а таксама наагул беларускай культуры. Вітрыну KAMUNIKAT.org штодзень наведвае 800-1000 асобаў. Гэты напрамак нашай дзейнасці – аўтарскі праект і выкананне Яраслава Іваюка, якому стала дапамагаць Наталля Герасімюк.

На Дзень Герояў 27 лістапада мы сталі складаць вянкі пад помнікам жаўнерам арміі ген. Булак-Балаховіча пры дарозе з Гайнаўкі ў Белавеж і на магіле ген. Язэпа Булак-Балаховіча ў Белавежы. Летась з гэтай нагоды разам з Клубам Польска-Беларускай Думкі пад кіраўніцтвам Яўгена Янчука мы арганізавалі паход гайнаўскай і бельскай моладзі з Гайнаўкі ў Белавеж.

Варта таксама адзначыць, што нашаму Таварыству прысвеціла сваю ўдалую магістэрскую працу Барбара Томчук, якая выканала яе пад навуковым кіраўніцтвам прф. А. Мірановіча.

Таварытва стала арэндуе памяшканні пад бюро і бібліятэку і мае штат бухгальтэра (сп. Марыя Луба, якая выпаўняе і ролю сакратаршы), што фінансуецца Мністэрствам Ўнутраных Спраў і Адміністрацыі. Гэта для нас вялікая падтрымка, без якой цяпер цяжка ўявіць арганізацыйную дзейнасць. Падтрымала нас таксама Управа г. Беластока (у асобе наместніка мэра Аляксандра Сасны), якая перадала нам 16 прыгожых крэслаў і кампютар з апраграмаваннем і друкаркай.

Падсумоўваючы, можна сцвердзіць, што стала выходзіць наш флагман „Беларускі гістарычны зборнік”/Białoruskie Zeszyty Historyczne. Выдатна павялічыліся зборы бібліятэкі, а пад нашай шырмай працуе цяпер сусветна вядомая Беларуская інтэрнет-бібліятэка KAMUNIKAT.org. За тое паменшала колькасць выдадзеных кніжак ды, асабліва, арганізаваных канферэнцыяў. Безумоўна, трэба рабіць большыя намаганні, каб вырашыць гэтую праблему. У меру магчымасцяў стараемся таксама ушаноўваць памяць нашых герояў, хаця шмат чаго трэба ў тым яшчэ зрабіць.

Сёлета споўніцца 15 гадоў з дня заснавання нашага Таварыства. Віншую ўсіх сяброў з гэтым малым юбілеем, які, дарэчы, можа варта было б нейк адзначыць. Перад уладамі Таварыства выбранымі на наступны тэрмін стане заўсёды актуальная праблема пошукаў новых крыніцаў фінансавання нашай дзейнасці і не менш важная праблема прыцягнуць у нашую арганізацыю маладых гісторыкаў. Пачыналі мы як г. зв. маладыя, а цяпер сярэдняя ўзросту сяброў гэта 40-50 гадоў. Вядома, гэта мае і плюсы, паколькі незвычайна ўзрос прафесійны ўзровень сяброў Таварыства (мераны хаця б навуковымі тытуламі - 2 прафесары і 9 кандыдатаў навук), колькасць апублікаваных імі кніжак і артыкулаў (і вершаў), дакументальных фільмаў і радыё- і тэлерэпартажаў і перадачаў, а таксама займаных імі пасадаў. Тым не менш можна спадзявацца, што новыя сябры ўнясуць і новыя ідэі, што не значыць, што не чакаецца гэтага ад нашай старой гвардыі.

Алег Латышонак, старшыня Беларускага Гістарычнага Таварыства