Націснуць, каб павялічыць...
Вартае ўвагі »»»

Націснуць, каб павялічыць...
Слоўнік для дзяцей »»»

КАМУНІКАТ.org :: Што новага :: Kamunikat.org, або нацыянальная бібліятэка Беларусі
"Новы час" пра Kamunikat.org
Бібліятэкар
Націснуць, каб павялічыць...

Kamunikat.org, або нацыянальная бібліятэка Беларусі

Беларускія дамы друку апошнімі днямі парадавалі нас афіцыйнай статыстыкай: за мінулы год яны намагліся выдаць ажно 8 працэнта беларускамоўнай прадукцыі.

Гэта лічба ўражвае сваёй убогасцю. Для дзесяцімільённага насельніцтва — катастрафічна мала. Яна азначае, што беларускія карапузы не пабачаць якаснай кніжкі на роднай мове, беларускія школьнікі не змогуць прачытаць класікаў, а мы, дарослыя, не прачытаем займальнага дэтэктыву, гісторыі, аповесці, апавядання. Беларусы, калі агулам, не пабачаць ніводнага роднага слова, або слова пра Беларусь. Друкаванага слова, калі дакладней.

Таму што ў віртуальнай прасторы інтэрнэта ўсё не так брутальна. У сетцы існуюць сайты, якія збіраюць, акумулююць, прапаноўваюць карыстальнікам жывое беларускае слова. Маю на ўвазе перадусім беларускую інтэрнэт-бібліятэку Kamunikat.org.

Колькі словаў пра гэты грандыёзны праект. Нарадзіўся ён у 2000 годзе пад выглядам бюлетэню сайта Беларускай рэдакцыі Радыё Палоніі (Польскага радыё для замежжа). З гэтага самага часу Kamunikat.org знаходзіцца ў станаўленні і спыняцца, як бачна, не збіраецца. Ягоны аўтар Ярка Іванюк прызнаецца, што доўгі час займаўся Kamunikat.org выключна з уласнай ініцыятывы. Рукі часта апускаліся, і ў галаву раз-пораз забіраліся думкі: «А навошта гэта трэба? Праект займае так шмат часу». Пасля ён глядзеў статыстку наведвання і разумеў, калі на сайт заходзіць 600–800 чалавек на дзень, значыць, ён патрэбны яшчэ камусьці. А на такое ніякіх высілкаў не шкада.

У верасні 2007 года пры дапамозе польскага ўраду тут адбыўся сапраўдны эвалюцыйны скачок, у выніку якога на свет з’явілася новая, якасна палепшаная версія ранейшага сайту. Для зручнасці карыстальніка сёння тут функцыянуюць каталогі, што дапамогуць вам знайсці неабходны артыкул, дакумент або кнігу паводле лексічнага (зважае на элементы кірылічнага тэксту, лацінку або на лічбы) і лагічнага (артыкулы і кнігі па аўтары, па загалоўку; часопісы па загалоўку і даце выхаду) парадкаў, а таксама пошукавыя сістэмы, падпіска RSS, спіс топ-выданняў.

Да гэтага часу Kamunikat.org сабраў на новым сайце больш за 1000 кніг і часопісаў. Працы па папаўненню кнігазбору на гэтым, натуральна, не спыніліся. Скануюцца чарговыя кнігі, вядуцца размовы з беларускімі аўтарамі і выдаўцамі. Іншымі словамі, праект адкрыты: калі вы маеце талент і жаданне — узбагачайце родную літаратуру — пішыце, а Kamunikat.org паклапоціцца, каб нашчадкі на вас не забыліся. Адзінае патрабаванне, якое прад’яўляецца да аўтараў, — размешчаны на сайце матэрыял (ці то кніга, ці то часопіс, ці то артыкул) павінен датычыцца Беларусі: быць напісаным па-беларуску або нейкім чынам закранаць беларускую тэматыку.

І ўсё, больш ніякіх патрабаванняў. Ніякага падлічвання мяккіх знакаў, ніякага падгону пад ідэалагічна правільны накірунак. «Інтэрнэт-праект «Беларускія Аўтары» — гэта магчымасць прэзентацыі навуковых публікацыяў, вынікаў даследаванняў ці літаратурнай творчасці для беларускіх аўтараў — гісторыкаў, філолагаў. Дзеля гэтага дастаткова на адрас autary@iig.pl даслаць біяграфію, здымак, спіс важнейшых публікацыяў і гэтыя ж публікацыі (кнігі артыкулы, выступленні на канферэнцыях і г. д.) у электронным варыянце.

Калі вы зацікаўленыя такой формай прэзентацыі сваёй навуковай працы ці літаратурнай творчасці, дасылайце свае матэрыялы. Гэта вам нічога не каштуе — не чакайце!

Дзеля таго, каб праілюстраваць, наколькі шырокі дыяпазон у апублікаванай тут літаратуры, прывяду апошні топ-спіс Kamunikat.org:

1) Арлоў Уладзімер, Краіна Беларусь;

2) Барулін В. М., Гусарава Г. А., Герасімовіч Э. Я., Каданчык А. І., Шчэрбаў В. Ф., Гісторыя Беларусі;

3) Czasopis, 01/2008;

4) Маршэўская Валянціна, Беларуская мова (прафесійная лексіка);

5) Арлоў Уладзімер, Час чумы;

6) Саверчанка Іван, Санько Зьміцер, 150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі;

7) Трацяк Іван, Біблія ў кантэксце беларускай культуры;

8) Пятроўская Ларыса, Бондар Людміла, Беларуская мова;

9) Комплекснае даследаванне фальклору і этнакультуры Палесся;

10) Чарняўскі Фёдар, Ураднікі (пасады, тытулы) Менскага ваяводства XVI – XVIII стагоддзяў.

Сярод найбольш папулярных кніг на Kamunikat.org варта прыгадаць шырока вядомую ілюстраваную кнігу «Краіна Беларусь» пад аўтарствам Арлова. Што праўда, выданне пабачыла свет ужо досыць даўно, тым не менш актуальнасці не згубіла. Сама кніга ўтрымлівае 71 тэматычны раздзел, што распавядаюць пра Беларусь у еўрапейскім кантэксце: Магдэбургскае права, беларускі Рэнесанс і Рэфармацыя, дзяржаўны і грамадскія лады ў Вялікім княстве Літоўскім. Акцэнтаванне на еўрапейскасці Беларусі — не самая папулярная сёння тэма ў нашай краіне, таму кнігу практычна немагчыма знайсці па-за межамі віртуальнасці. Затое яе можна пабачыць тут у PDF фармаце

Апроч кніг тут можна азнаёміцца з артыкуламі, гістарычнымі дакументамі, скачаць аўдыёкнігі, пазнаёміцца з імёнамі знакамітых у Беларусі людзей, прачытаць актуальную перыёдыку — часопісы, газеты — бадай, усе, якія яшчэ ацалелі ў Беларусі. У тым ліку і «Новы час». Карацей, тут вы можаце далучыцца да Беларусі сучаснай, зразумець, чым яна жыве, чым дыхае, пра што думае.

Чытачоў Kamunikat.org аб’ядноўвае тое ж, што і ягоных аўтараў, — цікавасць, любоў да Беларусі. Дарэчы, на сайце дзейнічае зваротная сувязь, калі вы маеце да стваральнікаў і ўкладальнікаў нейкія заўвагі або прапановы — пішыце. Можа, дзякуючы вам беларускія чытачы пазнаёмяцца з новымі імёнамі, вартымі іх увагі, або пабачаць цікавыя, але малазнаёмыя дакументамі.

Пагадзіцеся, гісторыя нашай радзімы, якую ўвесь час спрабуюць спрасціць, кананізаваць, прымітызаваць, урэшце мае права на ўласны голас у выглядзе даўным-даўно забытых падзеяў. А беларуская літаратура, якая дзякуючы савецкай і постсавецкай адукацыі прадстаўляецца як штосьці ўбогае і вартае жалю, насамрэч можа зацікавіць сучаснага чытача новымі яркімі творамі, непрадказальнымі сюжэтамі, таленавітымі (жывымі, што не малаважна,для айчыннай мовы і літаратуры) аўтарамі, цікавымі канферэнцыямі або проста злабадзённай перыёдыкай. Не істотна, што з усяго гэтага дакладна вас зацікавіць. У любым выпадку, адрас у вас адзін — Kamunikat.org.