![]() Вартае ўвагі »»»
|
|
![]() Слоўнік для дзяцей »»»
|
|
КАМУНІКАТ.org :: Што новага :: Агульнанацыянальная дыктоўка Агульнанацыянальная дыктоўка Бібліятэкар ![]() Шаноўныя грамадзяне Беларусі! Дарагія суайчыннікі ва ўсіх кутках свету! Паважаныя прыхільнікі беларускай дзяржаўнасці і культуры! 25 сакавіка спаўняецца 90 гадоў з моманту абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Урад БНР надаў беларускай мове дзяржаўны статус. Напрыканцы ХХ стагоддзя пад час дэмакратычнага развіцця Беларусі мова набывала моц, пашыралася кола яе прыхільнікаў. Але сёння стан мовы тытульнай нацыі гаротны. Вынішчэнне пагражае і роднай мове. Дзяржава і яе чыноўнікі цураюцца роднага слова. Мова выціскаецца з навучальных устаноў. Яна амаль не гучыць у дзяржаўных СМІ. Зачыняюцца школы і класы з беларускамоўным навучаннем. Родную мову шануюць і бароняць народы ўсіх краінаў і нават тыя, хто пазбаўлены сваёй дзяржаўнасці. 90-ыя ўгодкі БНР даюць нагоду заявіць на ўвесь свет, што беларуская мова жывая і мае шмат прыхільнікаў. На апошнім агульнанацыянальным перапісе 78 адсоткаў грамадзянаў заявілі, што іх родная мова – беларуская. 2008 год ААН, ЮНЭСКА вырашылі зрабіць годам моў. Мы – беларусы – хочам прадэманстраваць сусветнай супольнасці сваю любоў і пашану да роднай мовы. Мы заклікаем правесці агульнанародную дыктоўку і прыняць у ёй зацікаўлены ўдзел. Мы звяртаемся да незалежных і дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі з просьбаю 23 сакавіка агучыць загадзя падрыхтаваны тэкст. Дзеля супольнага правядзення дыктоўкі ў Мінску заяўкі на залы падаюцца на Нацыянальную, Купалаўскую, Пушкінскую бібліятэкі, бібліятэку БДУ і Педуніверсітэта. Тое ж самае мы прапануем зрабіць прыхільнікам роднай мовы ў сваіх рэгіёнах. Замаўляйце залы бібліятэк дзеля напісання дыктоўкі. Напісаны вамі тэкст вы можаце пакласці ў свой сямейны архіў, захаваць для нашчадкаў, перадаць ім як унікальнае сведчанне вашай пагагі да беларускай самабытнасці. Хто жадае ўзяць удзел у конкурсе на якасць валоданьня мовай, можа здаць тэкст у камісію па падвядзенні вынікаў. Пераможцы атрымаюць разнастайныя прызы. Пішыце разам сем’ямі і суполкамі! Давайце зробім з гэтага ўрока беларускай мовы свята! Хай у месцах правядзення дыктоўкі гучыць музыка і спевы, чытаюцца вершы, распаўсюджваюцца беларускамоўныя выданні. Апранемся як на вялікае свята ў нашым жыцці! Пастарайцеся даслаць у аргкамітэт фотаздымкі таго, як вы пісалі дыктоўку. Вашыя шчырыя усмешкі, руплівасць вашых дзетак убачаць шмат беларусаў па ўсім свеце. Давайце ўсе разам створым сусветную нядзельную беларускую школу! Спадзяемся, што дыктоўка на роднай мове стане традыцыйнай. Але ў нашай агульнанацыянальнай школе будуць і іншыя адмысловыя ўрокі. Асобна звяртаемся да лідэраў грамадскай думкі, кіраўнікоў палітычных партыяў, грамадскіх аб’яднанняў. Ваш прыклад удзелу ў агульнай дэманстрацыі любові і пашаны да мовы будзе спрыяць яе абароне, сталенню і падвышэнню статуса ў грамадстве. Вас абіралі дэмакратычным шляхам у лідэры і вы адказныя за свае ўчынкі і перад тымі, хто вас абіраў, і перад продкамі, а таксама перад нашчадкамі. Хай тэкст нашай дыктоўкі на роднай мове пра Незалежнасць прагучыць у мільёнах сэрцаў. Гэта будзе мацнейшай падтрымкай Мовы і Культуры, Незалежнасці і Суверэнітэту Беларусі! Сябры аргкамітэта па правядзенні першай агульнанацыянальнай дыктоўкі і ўтварэння Агульнанацыянальнай нядзельнай беларускай школы: Ініцыятар правядзеньня Уладзімір Падгол Старшыня Менскай гарадской арганізацыі ГА “БНФ “Адраджэнне” Віктар Івашкевіч Старшыня ГА ЗБС “Бацькаўшчына” Аляксей Марачкін Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі Старшыня ГА “Таварыства белорускай мовы імя Ф.Скарыны” Алег Трусаў Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Алесь Пашкевіч Старшыня ГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” Уладзімір Някляеў Старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Жана Літвіна |
||