Націснуць, каб павялічыць...
Вартае ўвагі »»»

Націснуць, каб павялічыць...
Сьвежы нумар »»»

КАМУНІКАТ.org :: Артыкулы :: Рэсурсы :: Катлярчук, Жазэф дэ Мэстр і Тадэвуш Бжазоўскі... :: Катлярчук, Жазэф дэ Мэстр і Тадэвуш Бжазоўскі...
Націснуць, каб павялічыць...
Жазэф дэ Мэстр і Тадэвуш Бжазоўскі ў справе адкрыцця Полацкай Езуіцкай Акадэміі
Катлярчук Андрэй
Поўны тэкст артыкула...

Як вядома, 12 студзеня 1812 г. у гісторыі Беларусі адбылася вялікая падзея: пастановай імператара Расіі Аляксандра I Полацкі езуіцкі калегіум атрымаў правы універсітэта з пераходам у стан акадэміі і верхавенствам над усімі школамі езуітаў на абшарах Усходняй Еўропы. Але ў літаратуры слаба асветлена "хроніка падзей" і роля ў канчатковым вырашэнні пытання дзвюх асобаў: Жазэфа дэ Мэстра і Тадэвуша Бржазоўскага.

Жазэф дэ Мэстр (1753-1821) належыць да ліку выдатнейшых кансэрватыўных мысляроў XIX ст. Багатая эпісталярная спадчына (напрыклад, ліставанне з польскім пісьменнікам-славістам Я.Патоцкім), Цудоўны літаратурны талент, логіка, незалежнасць меркаванняў, аданасць маленькай Сардзініі вылучаюць дэ Мэстра з шэрагу постацяў, якія належаць Гісторыі.

Выхаваны матуляй шчырым каталіком і раялістам, дэ Мэстр закончыў езуіцкі калегіум і юрыдычны факультэт Турынскага універсітэта. Ужо першы ягоны трактат "Разважанні аб Францыі" (1796) выклікаў агульнаеўрапейскую вядомасць. Не меншы поспех чакаў такія творы, як “Пра Папу" і "Санкт-Пецярбургскія вечары". Творчасць дэ Мэстра аказала значны ўплыў на развіццё расійскай думкі ХІХ-ХХ стст. (Ф.І.Цютчаў, Л.М.Талстой, Л.П. Карсавін), ягоная спадчына ў галіне тэалогіі і паліталогіі дагэтуль вабіць многіх даследчыкаў [1]. 3 1803 па 1817 гг. Жазэф дэ Мэстр як пасол Сардзініі жыў у Санкт-Пецярбургу. Маючы сталыя сувязі з цэнтрам беларускіх езуітаў у Полацку, ён распачаў актыўную дзейнасць у асяродку пецярбургскага вышэйшага шляхецтва, нейкі час меў уплыў на Аляксандра I, міністра асветы А.К.Разумоўскага.

Як падкрэслівае С.Якавенка, "пры Аляксандры I каталіцтва зрабілася модай у магнацкіх колах расійскага грамадства. Апошняму моцна спрыяла дзейнасць графа Ж. дэ Мэстра" [2]. Услед за Г.Груберам, у Пецярбургу дэ Мэстр актыўна прапагандаваў ідэю злучэння асобных плыняў хрысціянства. "Рэабілітацыі адзінства царквы" прысвечаны ягоны ліст, пісаны ў студзені 1816 г. у Полацк генералу Суполкі Езуса (Societatis Jesu) Тадэвушу Бржазоўскаму [3]. Праграма дэ Мэстра для Расіі – гэта праграма еўрапеізацыі ўлады і адукацыі, галоўная роля ў дасягненні якой адводзілася беларускім езуітам.

Тадэвуш Бржазоўскі (1749-1820), паляк па нацыянальнасці, у 1765 г. уступіў у ордэн езуітаў. Далейшы ягоны лёс быў цалкам звязаны з Беларуссю. Спачатку ён працаваў выкладчыкам французскай мовы ў Менскім калегіуме. У 1782 г. атрымаў кафедру тэалогіі Полацкага калегіума, адначасова выкладаў там французскую мову. У Полацку слынны прамоўца распачаў актыўную дзейнасць па перакладу французскай і італьянскай літаратур. У выніку пратэкцыі беларускага ксяндза айца Г.Лянкевіча [4] ў 1802 г. Т. Бржазоўскі становіцца асістэнтам Г.Грубера, а ў 1805 г. ён быў абраны генералам ордэна езуітаў.

На гэтай высокай пасадзе Т.Бржазоўскі падтрымліваў ліставанне з уплывовымі расійскімі палітыкамі (Р.А. Пацёмкіным, А.К.Разумоўскім, А.М.Галіцыным), пазнаёміўся і пачаў сябраваць з дэ Мэстрам. Польскія даследчыкі папракалі Т.Бржазоўскага ў сталых кантактах з уладай Расіі [5], але мэтай ягоных зваротаў была ахова невялічкай філіі езуітаў, якая засталася на Беларусі пасля скасавання ордэна булай папы Клімента XIV у 1773 г. Прыгадаем, што ў межах Расіі на 1773 г. апынуліся 201 езуітаў, 6 калегіумаў, ды 9 місій. Езуіты размяшчаліся на абшарах Віцебскай губерні ў Віцебску, Полацку, Дзвінску (калегіумы), Пушчы (навіцыят у Рэжыцкім павеце), Ушвальдзі і Дагдзе (Дзвінскі павет); Магілёўскай губерні – у Магілёве, Мсціслаўлі, Оршы, Хальчы (каля Веткі), Чачэрску, Расне, Лазовічах. Суполка Езуса з'яўлялася ўладальніцай 13,5 тысяч беларускіх сялян, амаль усе яны былі уніятамі і мелі уніяцкіх святароў [6]. Калі 30.06.1775 г. уласным прывілеем, насуперак кананічнаму праву, мітрапаліт каталіцкіх касцёлаў у Расіі беларус Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч падараваў ордэну езуітаў правы навіцыяту (сродак пашырэння сяброў), у Полацк і Віцебск (другі па значнасці калегіум) пачалі збірацца езуіты з усіх краін Еўропы, а таксама беларуская моладзь.

На пачатку 1812 г. лік езуітаў узрос да 400 сяброў, школьныя ўстановы беларускіх езуітаў працавалі ў Санкт-Пецярбургу, Астрахані, Маздоку, Рызе, Адэсе, Саратаве [7]. Але ва ўрадавых колах існавала моцная апазіцыя Суполцы Езуса ў асобах обер-пракурора Св.Сінода А.М.Галіцына ды фундатара Віленскага універсітэта паланафіла А.Ю.Чартарыскага [8]. Разумеючы даволі хісткае становішча каталіцкага ордэна ў афіцыйна праваслаўнай імперыі, Ж. дэ Мэстр разам з Т.Бржазоўскім імкнуліся зацвердзіць у вачах урада практычную карысць ад існавання ордэна езуітаў у Расіі і пачалі дамагацца адкрыцця вышэйшай навучальнай установы – Полацкай езуіцкай акадэміі. Выкарыстаўшы ініцыятыву М.Сперанскага аб пабудове Царскасельскага ліцэя, дэ Мэстр у Пецярбургу выступіў з падтрымкай ідэі Т.Бржазоўскага аб адкрыцці акадэміі ў Полацку. 18(30) ліпеня 1810 г. у запісцы А.К. Разумоўскаму (дарэчы, цэлым трактаце) дэ Мэстр ставіць пытанне аб пашырэнні ролі беларускіх езуітаў у сістэме адукацыі і адкрыцці акадэміі [9].

24 жніўня 1810 г. Т. Бржазоўскі падаў першую просьбу аб Полацкай езуіцкай акадэміі А.К.Разумоўскаму: [10]. 6 кастрычніка 1811 г. на бале ў міністра фінансаў Гур'ева дэ Мэстр звярнуўся да А.М.Галіцына, сярэдзіне лістапада атрымаў дазвол на асабістую сустрэчу з Аляксандрам I, дзе дабіўся згоды імператара ў справе адкрыцця Полацкай акадэміі [11]. Перад гэтым 16 кастрычніка 1811 г. Т.Бржазоўскі праз А.М.Галіцына падаў афіцыйны рапарт на імя Аляксандра I, які пасля ўсіх працэдур быў заслуханы і станоўча разгледжаны камітэтам міністраў Расіі [12]. Дзіўна, але, як адзначаюць усе даследчыкі (А.Кіркор, К.Багаслоўскі, М.Марошкін, А.Талстой, М.Сцяпанаў, С.Якавенка), менавіта высілкі Жазэфа дэ Мэстра і Тадэвуша Бржазоўскага спрыялі вырашэнню справы.

Пастановамі Аляксандра I ад 12.01.1812 г. і 1.05.1812 г. акадэмія езуітаў у Полацку атрымала прыві універсітэта з наданнем трох факультэтаў: мовазнаўчага, вольных навук і тэалогіі. Цікава, што ў пастановах стварэнне акадэміі матывавалася жаданнем беларускай шляхты ("во уваженние представленного нам желания Белорусского дворянства") [13]. Згодна статуту, у Полацкую акадэмію мусілі прымаць вучняў усіх саслоўяў і канфесій, па заканчэнні ім надаваўся "чин 14 класса", а таксама навуковыя ступені. Лік студэнтаў даходзіў да 600, выкладчыкаў было 39 [14]. У мурах акадэміі размяшчаліся адна з найвялікшых у краі бібліятэк (40 тыс. тамоў), друкарня, дзе было выдадзена каля 500 кніжак (у тым ліку на беларускай, летувіскай, латышскай мовах), хімічны, механічны і фізічны кабінеты, рэдакцыя ўласнага часопіса "Miesiecznik Polocki" (дарэчы, першага на абшарах сучаснай Беларусі). Музеум акадэміі меў зборы аптычных прыладаў, інструментаў, калекцыі старажытнай зброі і мастацтва.

На 10 чэрвеня 1812 г. былі прызначаны ўрачыстасці з нагоды адкрыцця езуіцкай акадэміі ў Полацку Мэстр, нягледзячы на тое, што амаль ніколі не пакідаў Пецярбург [15], вырашыў паехаць у Беларусь, і персанальна ўзяць удзел у святкаванні. Захаваліся два лісты дэ Мэстра з Полацка, у якіх ён распавядае аб сваіх уражаннях ад горада і паездцы ў губернскі Віцебск. Вось што ён піша з Полацка напярэдадні 9(21) чэрвеня 1812 г. княгіні А.Г.Беласельскай-Белазерскай [16]: "Тут няма ніякіх ні забаў, ні свецкі грамадства. Надвор'е адпавядае ўсяму астатняму, у полацкіх гародах нават не знойдзеш гародніны для супу. Іншы раз я ўзгадваю, што ў П'емонце ўжо каса вяртаецца ў адрыну, а серп збіраецца выйсці з яе... Але я зрабіў невялікае ў 120 вёрст падарожжа. Я трапіў у Віцебск, каб прадставіцца каралеўскім ягамосцям [17], уладарам Беларусі (мужу і жонцы Віртэмбергскім). Прыймалі вельмі ветліва, але я не пакавалерыў за герцагіняй, таму што яна пасля хваробы сына зусім не пакідала пакояў. Мяне няведама як угаворвалі застацца, але я з'ехаў. Я выехаў з Полацка ў суботу, 31 траўня (памылка, бо гэта была пятніца А.К.), а вярнуўся ў панядзелак 3-га, а другой гадзіне папалудні ... Сёння герцаг-губернатар урачыста прыязджае ў Полацк, каб прысутнічаць заўтра на адкрыцці акадэміі - з'ява нямалая, дайце веры, і філосаф знойдзе, аб чым паразмаўляць. Хто б казаў Кліменту XIV, усім гзтым найхрысціянскім, найкаталіцкім Бурбонам, якія літаральна вырвалі ў яго булу з далоняў, прыставілі да горла нож..." [11].

Як было сказана, дэ Мэстр выехаў з Полацка 31 траўня а чацвёртай гадзіне папалудні. Першага чэрвеня ў 11 гадзін раніцы ён быў у Віцебску. У Віцебску дэ Мэстр спыніўся ў Рыжскай гасцініцы, палуднаваў у беларускага вайсковага генерал-губернатара герцага Аляксандра Віртэмбергскага, вячэраў і начаваў у калегіуме віцебскіх езуітаў. На наступны дзень ён зноў палуднаваў і вячэраў у герцага, а ў 12 гадзін ночы выехаў у Полацк, дзе быў 3 чэрвеня [18]. Урачыстая цырымонія ў гонар адкрыцця Полацкай езуіцкай акадэміі адбылася 10 чэрвеня 1812 г., за дзень (!) да нападу Напалеона Банапарта на Расію. Дзея праходзіла цалкам у адпаведнасці са старажытнай беларускай традыцыяй афіцыйных святкаванняў, якая трывала яшчэ з ХVІ-ХVШ стст. у гарадах з магдэбургскім правам [19]. На свяце прысутнічаў шэраг (выдатных асобаў: уніяцкі арцыбіскуп Красоўскі, вайсковы губернатар Беларусі герцаг А.Віртэмбергскі, менскі каталіцкі біскуп Дзядзерка, Жазэф дэ Мэстр, Тадэвуш Бржазоўскі.

Пачынала свята ўрачыстае шэсце гарадскіх карпарацый Полацка і студэнтаў езуіцкай акадэміі. Шэсце ўпрыгожвалі 70 сцягоў, у тым ліку сцягі Полацка, Полацкай езуіцкай акадэміі, Віцебска, Расійскай імперыі, герцага Віртэмбергскага, губерняў Расіі. 3 асаблівай пашанай няслі афіцыйныя прывілеі.

На сямі мовах (у т.л. і беларускай) гучалі прамовы ў гонар імператара і высокіх удзельнікаў свята. Пасля лiтургіі ў касцёле езуітаў былі зачытаны ліст Ст. Богуша-Сестранцэвіча і пастанова імператара. Узнёслы гімн "Те Deum Laudamus", які падхапілі ўсе месцічы, завяршыў асноўную частку свята. Усе касцёлы, трыумфальныя брамы, ды уніяцкія цэрквы Полацка былі ўпрыгожаны сімваламі і эмблемамі ў гонар езуіцкай акадэміі, горада Полацка, знакамітых асобаў, імператара Аляксандра I - "Quaesivit bona genti suae" ("3рабіў добрае народу свайму"). Увечары адбыліся феерверкі, ілюмінацыя і гарматны салют, у небе лунаў аэрастат (традыцыя)! (віцебскіх езуітаў) з дэвізам: "Tutus Alexandri auspiciis solaetus ad astra" (“Павольна пад аховай Аляксандра я весела лётаю ўверсе"). [20].

Верагодна, што яшчэ хлапчуком у свяце браў удзел слынны сын полацка- віцебскай зямлі Ян Баршчэўскі. Як занатаваў у Пецярбургу з верасня 1844 г. Рамуальд Падбярэскі, "яшчэ ў Полацку у калегіі езуітаў, будучы малым хлапчуком, ён (Я.Баршчэўскі - А.К.) пісаў ужо вершы (...) Там пры кожнай (! - А.К.) урачыстасці выступаў з вершамі, з варыяцыямі, так што была гэта фігура святочная, урачыстая, якую няраз узнімалі да годнасці лаўрэата" [21]. Трэба дадаць, што Я. Баршчэўскага лічаць выхаванцам Полацкага калегіума. Але калі прыймаць абгрунтаваны тэрмін яго нараджэння (1794 г.), ці версію М. Хаустовіча пра 1796-1797 год нараджэння [22], то выпадае, што Я.Баршчэўскі заканчваў менавіта Полацкую езуіцкую акадэмію. Дарэчы, аўтарытэтны даведнік Бракгауза і Ефрона адзначае, што Ян Баршчэўскі "родился в Белоруссии в 1794 году. Учился в Полоцкой академии" [23].

Выхаванцамі Полацкай акадэміі былі таксама Кастусь Тышкевіч (1806-1868), славуты беларускі археолаг і этнолаг, брат Яўстаха Тышкевіча; Ф.П.Талстой (1783-1873), рускі скульптар, медальер, віцэ-прэзідэнт Акадэміі Мастацтваў; мянчук, славуты беларускі мастак Валенты Ваньковіч; астраном Якуб Накцыяновіч; бацька таленавітага беларускага паэта Элегі Францішка Карафы-Корбута (Вуля) М.Ф.Карафа-Корбут [24]. Нарэшце, два выхаванцы акадэміі Я.Баршчэўскі і Г.Шэпялевіч (1800-1846) разам з Р.Падбярэскім, беларускім кампазітарам А.І.Абрамовічам, Ю.Барташэвічам і В.Давыдам заснавалі першы гурток беларусістаў у Санкт-Пецярбургу ў (1820-я–1840-я гады), дзейнасць якога, на жаль, яшчэ не даследавана.

Усе 8 гадоў свайго існавання Полацкая езуіцкая акадэмія падтрымлівала цесныя сувязі з культурнымі цэнтрамі Усходняй і Заходняй Еўропы. Нягледзячы на тое, што ў вайну 1812 года амаль усе езуіты былі эвакуіраваны ў Волагду, некалькі студэнтаў акадэміі змагаліся на баку Напалеона [25].

Аднак у хуткім часе кола Кліо павярнула ў іншы бок. Спужаўшыся ўзмацнення ўплыву каталіцызму на элiту расійскага грамадства, 20.12.1815 г. усе езуіты Пецярбурга былі высланы ў Полацк. 6 верасня 1816 г. Віртэмбергскі атрымаў загад аб падрыхтоўцы да высылкі віцебскіх езуітаў, але чамусьці яго не выканаў, У і жа 1816 г. у Полацкай акадэміі было прыпынена наданне навуковых ступеняў.

4 чэрвеня 1816 г. Т.Бржазоўскі напісаў ліст А.Галіцыну з просьбай аб спыненні ціску, але дарэмна. 3 1817 г. у Полацкай езуіцкай акадэміі мусілі навучацца толькі каталікі. 15(27) чэрвеня 1817 г. дэ Мэстр быў баніцыраваны з Расіі пасля размовы з Аляксандрам I, у якой імператар патрабаваў растлумачыць ролю графа ў пашырэнні каталіцызму. У 1818 г. Т. Бржазоўскі праз рэктара Аршанскага калегіума звярнуўся да Александра I, які праязджаў праз горад, з эмацыянальным пасланнем, аднак ніякіх станоўчых вынікаў не атрымаў. Да самага 1820 г. вялікая група пецярбургскіх арыстакратаў-каталікоў на чале з графам А.К.Разумоўскім, графам Ф.В. Растапчыным, княгінямі В.І.Галавіной і А.П.Галіцынай стрымлівалі наступ на Полацкую акадэмію езуітаў.

Але выкарыстаўшы смерць Т.Бржазоўскага 5 лютага 1820 г., "партыя вайны" прадпрыняла рашучыя крокі. У адносінах да Суполкі Езуса была створана абвінаваўчая справа з наступнымі артыкуламі: 1. Скарга парафіян касцёла Св. Кацярыны ў Пецярбургу аб быццам бы ліхвярстве езуітаў. 2. Публічнае казанне ў тым жа касцёле кс. Баландрэ (1815 г.), якое інтэрпрэтавалася як панегірык каталіцкай веры супраць праваслаўя, аб чым А.М.Галіцын раптоўна праінфармаваў Аляксандра I [26]. 3. Абвінавачванне езуітаў з боку А.М.Галіцына ў шматлікіх пераходах у каталіцтва беларускіх сялян-уніятаў. 4. Зварот у каталіцтва пляменніка обер-пракурора Св.Сінода. 5. Пераход у каталіцтва ў Віцебску аднаго з вайскоўцаў расійскага гарнізона [27]. 6. Місіянерства ў Сібіры (дзе ў пошуках каталікоў-"палякаў" езуіты знаходзілі толькі беларусаў-уніятаў) [28].

Галоўныя абаронцы Полацкай акадэміі былі ўжо далёка: дэ Мэстр жыў у Неапалі, Т.Бржазоўскі быў нябожчыкам. Прынцыповая пазіцыя апошняга рэктара акадэміі беларуса Раймунда Бржазоўскага (1763-1848) [29] не вырашала пытання. У траўні 1820 г. А.М.Галіцын зрабіў даклад Аляксандру I аб шкодным уплыве езуітаў на юнацтва. 13.05.1820 г. Аляксандр I выдаў пастанову аб ліквідацыі ордэна.

Указ аб выгнанні езуітаў падрыхтавалі А.С.Шышкоў (1754-1841), статс-сакратар Дзяржаўнай Рады Расіі, прэзідэнт РАН і сакратар Біблейскага таварыства, паплечнік А.М.Галіцына, А.І.Тургенеў (1784-1845). У тэксце было сказана: "1. Иезуитов как забывших священный долг не только благодарности, но и подданнической присяги и потому недостойных пользоваться покровительством российских законов выслать под присмотром полиции за пределы государства и впредь ни под каким видом и наименованием не впускать в Россию. 2. Полоцкую иезуицкую Академию и подведомственные ей училища упразднить" [30].

На падставе ўказа ва ўсіх месцах размяшчэння езуітаў адбыліся спецаперацыі міністэрства ўнутраных спраў. Так, абставіны высылкі езуітаў з Віцебска, разбурэнне архіва, бібліятэкі і музеума калегіума апісаны ў мемуарах Максіміліяна Маркса [31].

Кнігазбор Полацкай езуіцкай акадэміі ў 1830 г. быў разбіты на часткі і перавезены ў бібліятэкі Пецярбурга, Масквы, Кіева і Віцебска (нязначная доля). Архіў апынуўся ажно ў Сімбірску, акадэмічная друкарня – у Кіеве, славуты полацкі арган – у Вільні ў касцёле Св.Яна. У мурах акадэміі адчыніўся калегіум піяраў, а потым – Полацкі кадэцкі корпус. Каля 100 беларускіх айцоў-езуітаў знайшлі прытулак на выгнанні ў Аўстрыйскай украінскай Галіцыі. Паводле сведчанняў У.Арлова і Г.Сагановіча [32], доктар Курта заснаваў першую гімназію ў Нью-Ёрку. Другі выкладчык акадэміі Ф.Дзеружынскі стаў заснавальнікам сістэмы каталіцкай адукацыі ў ЗША. Выкладчык філасофіі Вінцук Бучынскі стаў прафесарам універсітэта ў Лювэне.

На наш погляд, беларуская гістарыяграфія "стаіць на ганку" неаканцэпцыі ролі езуітаў у культуры Беларусі. Прыгадаем, што менавіта з езуітамі звязана стварэнне ў ВКЛ у ХVІ-ХVШ стст. драматычнага тэатра, высокаякаснай сістэмы адукацыі, сеткі бясплатных шпіталяў, бібліятэк і зельняў. Вядомы беларускіі старадрукі, што належалі езуітам. Патрабуюць аналізу адносіны Суполкі Езуса да беларушчыны, яе паланафільства ў сэнсе палітыкі прабабалізму (прыстасавання да канкрэтнай улады, часу і месца), удзела ва уніяцкай справе. Аднак калі б у гісторыі адбылася альтэрнатыва, сёння Беларусь мела б старажытны еўрапейскі універсітэт у Полацку, а даследчыкі – унікальны архіў і кнігазборы.

Літаратура і крынiцы:

1. Гл. : Хоружий С.С.Карсавин и де Местр. Вопросы философии. 1989, N'3. С.79.

2. Яковенко С. Иезуиты в России. "Загписки" по истории О.И. в царствование Екатерины II. Европейский альманах. М., 1991. С.154.

3. Maistre J. De Oeuvres Completes. Lyon, 1884-1887. Т. ХІІІ. s. 218.

4. Падзеі з удзелам Г.Лянкевіча, славутага беларускага астранома, "былога езуіта" М.Пачобута (першага збіральніка беларускага фальклору /!/), віцэ-правінцыяла Суполкі Езуса полацкага рэктара Ст.Чарневіча, уніяцкага арцыбіскупа Я.Смагаржэўскага, Кацярыны II, Р.А.Пацёмкіна, губернатара Беларусі Э.Чарнышова добра асветлены ў ананімных запісках, напісаных на лаціне, недзе ў Полацку на прыканцы XVIII ст. Гл.: Загписка о том, как было сохранено в Белоруссии общество Иисуса. Пер. с лат. Европейский альманах. М., 1991. С.163-172.

5. Polski Slownik Biograficzny. Т.З. Кrаkоw, 1937. s.68.

6. Толстой А. Римский католицизм в России. Историческое исследование. СПб., 1877. Т.2. С.185.

7. Тамсама. Дадатак №1.

8. Щебальский П.К. Виленский университет и иезуиты. Наше время. 18 60, №3.

9. Катлярчук А.С. Санкт-Пецярбургскі перыяд жыцця Ж. дэ Мэстра і Полацкая езуіцкая акадэмія. Albaruthenica Petropolitano. СПб.,1997.

10. Пушкинский дом. Архив братьев Тургеневых. № 1154/14.

11. Степанов М. Ж. де Местр в России.

Литературное наследство. Т.29-30. М., 1937. С.600.

12. Гл. наст. публікацыю.

13. Полное собрание законов Российской империи. Собрание второе. Т.32. № 24952.

14. Живописная Россия: Литовское и Белорусское Полесье. Сост. А.Киркор. Мн. , 1994. С.323.

15. Феоктистов Е.М. Ж. де Местр в Санкт-Петербурге. Русская речь . № 27, 2 апреля 1861 г.

16. Аўтэнтычны тэкст на французскай мове захоўваецца ў РНБ Санкт-Пецярбурга. Аддзел рукапісаў. Фонд 390/7. Сабр. Яцэвіча А.П. Письмо Ж. де Местра кн. Белосельской-Белозерской 9/21 іюня 1812 г. Полоцк. 2л.

17. Герцаг Аляксандр Віртэмбергскі быў братам імператрыцы Расіі Марыі Фёдараўны.

18. Маіstre R. Lез du comte Joseph de Maistre/ Livre Journal 1790-1817. Lуоп -Р. Emmanuel Witte, 1923. Р.196.

19. Катлярчук А. Святочная культура гарадоў Беларусі XVI-XVIII стст. у кантэксце ўзаемадачыненняў Захаду і Усходу. Кантакты і дыялогі (Бюлетэнь МАБ). 1996, N'5. С.21.

20. Морошкин М. Иезуиты в России с царствования Екатерины II и до нашего времени. Ч. 2. СПб., 1870. С.510. Поўны сцэнарый свята захоўваўся да 1917 г. як афіцыйная запіска Т.Бржазоўскага А.К.Разумоўскаму. Гл. : Архив Министерства народного просвещения. Д. 81 за 1812 г.

21. Падбярэскі Р. Бёларусь і Ян Баршчэўскі. Шляхціц Завальня або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Мн., 1990. С.348.

22. Тамсама, с.3 67.

23. Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. М., 1890. Т.5. С.122.

24. Кісялёў Г. Радаводнае дрэва. Мн., 1994. С.121.

25. Толстой А. Римский католицизм в России. С.200.

26. Богословский К. Государственное положение римско-католической церквм в России от Екатерины Великой до настоящего времени. Харьков, 1898. С.119.

27. Толстой А. Римский католицизм в России. С.62.

28. Па словах езуіта-місіянера Ф.Машэўскага, у Сібіры "паміж ссыльных вайскоўцаў усе былі іншага абраду, якіх называлі ў Расіі каталікамі ці палякамі таму, што продкі іх некалі жылі ў Кароне Польскай". Путешествие кс. Ф. Машевского из Иркутска в Нерчинск. Сибнрскнй вестник, 1821 г.

29. Polski Slownik Biograficzny. Т. 3. 5.67.

30. Археографнческий сборник, относящийся к истории Северо-Западной Руси. Вильно, 1871. Т.5. С.114-115.

31. Маркс М. Записки старика. Віцебскі сшытак.'1996, №2. С.87-88.

32. Арлоў У. , Сагановіч Г. Гісторыя Беларусі год за годам. Адкрыццё Полацкай акадэміі. Беларуская мінуўшчына. 1996, №1. С.16.