Націснуць, каб павялічыць...
Вартае ўвагі »»»

Націснуць, каб павялічыць...
Сьвежы нумар »»»

КАМУНІКАТ.org :: Кнігі :: Рэсурсы :: Бэлшавіца, Белы алень :: Белы алень
Націснуць, каб павялічыць...
Белы алень
Лірыка
Бэлшавіца Візма
Белы алень
Лірыка

Верш пра салаўіны інфаркт

Вочы твае – мой асьветлены золак.
Ціша зацятая. Ў шэра-блакіце.
Зжыць паўжыцьця і ня знаць, які прыцем
Золкай зары?
Сьветлая просінь у ценях-аблоках.
Чуйная ціша. У шэра-блакіце.
Вочы твае – мой прасьветлены сполах.
Сьвету – першы парыў.

Хіба ж ня дзіва – што ў цішы цесна
Сьвету, калі ён чыстасьці просіць
І кожную траўку золка абросіць
Смуткам зямлі?
Гэта ёсьць міг, калі птушцы песьня
Горла сутаргаю перакосіць –
Досьвітку міг, салавей на паўноце
Памірае калі.

Я не баюся. Гляджу ў твой золак.
Трэба мне ўмольнае раньне ў блакіце –
Сьвет адкрываць з паўжыцьця, у адзін дзень,
На паўжыцьці маіх сіл.
Можа, на споведзь ня стане іх, кволых –
Песьня чысьцейшая зь песьняю прыйдзе.
Вочы твае – мой асьветлены золак –
Сьвет пагасіў.


Словы любові да Відзэмэ

Ах, Відзэмэ, ты ўся – неспасьцігальнасьць!
За сіняй далеччу сінее далеч
Бяскрайнасьці. У частаколах белых
Бярэзін зноў прасьвечваюць бярозы.
І не ўсьвядоміць велічы – спакою
Тут не знайсьці, -- сінеючы растанеш.

У полымі тваім блакітным нельга
Ні ўратавацца, ні згарэць. Вачамі
Балот гляджу вільготна на цябе я.
Чаму вачэй не адвядзеш, ня скажаш,
Каб прэч ішла я? Знаю: недарэчы
Я ў прамяністасьці тваёй, у зьзяньні,
Я з сэрцам, поўным змрочлівага ценю
Зь яловых нетраў, дзе, як іклы зьвера,
Карэньне пнецца ўгору, дзе ў рачулках
У каламуці мыюцца карчагі,
Дзе трубяць поначы алені ў лесе,
Дзе ў баравых вяночках цыганы –
Як перлы чорныя. І сёньня рэха
Як водгалас забытай мовы ліўскай
Жыве ўва мне…

Як нам паразумецца –
Калі ты – нявыказанасьць, Відзэмэ! –
Над морам цёмных гукаў ты лунаеш
Блакітнагучнай скрыпкаю нябёсаў.

Ах марыва альховых купадрэвін,
Як душы белыя, ляцяць бярозы.
Ты над зямлёй уся ляціш, зямля!
Лунаеш ты на сініх крылах даляў,
Лунае бялізна твая над болем
Маім счарнелым, нібы напрадвесьні
Мяцеліца над талаю вадою.
Ах, Відзэмэ, ты ўся – недакранальнасьць!
Ты як вада, дзе лёгенькай сьняжынцы – сьмерць.
І борзда кнігаўкі твае ў барозны
Бягуць, хаваюцца з вачэй маіх,
Прыкідваюцца камянямі…

Я іду,
Чаго іду, навошта азірацца –
Гарыш у сэрцы ты каханьнем безнадзейным,

Відзэмэ…


* * *

Я дома ?.. Мілыя… Але.
А сэрца не – ня дома,
Па сініх сакавіцкіх льдах
Маё вандруе сэрца,
Ня з вамі, любыя, ня з вамі –
З сарокай чорна-белай
На камені гамоніць.

З апошнім талым сьнегам
Сальюся я зь зямлёю,
І стануць сьлёзы ростані
Сьлязьмі сустрэчы новай
З карэньчыкамі траў;
Як хочуць парасткі расьлін
У леташніку бурым
Зноў зырка зелянець.
Аж перасохла ў горле
Ад сьлёз і ад чаканьня.

Дык я пайшла? Але. Пайшла!
А сэрца маё дома,
Не ў скавіцкі лёд,
А ў сінь вачэй любімых
Глядзіць, глядзіць яно.
І, белая вярба, ня ты
П’еш цяплыню маёй рукі,
І сэрца дома, дома…

Ці буду дома? Буду ж, буду.
Праз мацярынскі сон,
О, я ўслухоўвацца пачну
Ў дзіцячае дыханьне.
Вось вылушчыцца сончык
Зь лістоты перапрэлай
Зірнуць – ці я прыйшла…
Маўчыце, мілыя, маўчыце,
Нічога ня пытайце –
Ня будзе сэрца дома.


Майму харошаму

Ты добры і, дзе я была, -- ня спытаеш.
Глядзі, наш малюе малыш,
І чалавек у яго большы за дом.
У кветкі была я, ты знаеш.
Чым з кветкай зраднілася, знаеш.
Глядзі, наш малюе малыш.
І большая кветка за дом.

Іду я дамоў, ты насустрач… Але
Ты – большы за дом.
І кветкі стаяць на маім стале,
Большыя кветкі за дом.


Пегаска

1

Крылцы Пегасу майму забылі прыладзіць,
І вось ён цяпер – кабылка кудлатая, кося!
Мы толькі губы капылім з мудрых выслоўяў:
-- Лунайце ўяўленьнямі ў высях:
Суладна эпосе!

Грыўку касмылю, пагладжваю шыю каняку,
І збочваем зь ім сарамліва
З шашы калянай,
Дзе ўпасу няма ад крылатых Пегасаў,
І едзем лыгчынаю талай, лясною палянай.

2

А вольхі навокал мільгаюць стваламі вінтовак,
Пегаска ў трысьнёгу – пасецца на пажарніцы,
Бурштынавым лёдам глядзіць дрыгвянае вока,
І гнецца вакол мяне гольле вярбовае ніца.

Лазіна чырвоная хіліцца нізка, пяшчотна,
Бясконца нашэптвае нешта нам зь Пегасам,
Багун абступае мяне ў кустоўі дурніцы:
Яны, як каханкі шчасьлівыя – вечна разам.

3

Я, можа, людской гаманы ня ўкемлю часамі,
Адкуль бо мне ведаць жывое расьліннае слова?
Была б вам талмачкай зь вялікай ахвотай,
Калі б адарылі мяне вы свойскаю мовай.

Насьпела даўно: замірыць, па дабру падсуседзіць
Балотны алёс і той трактар я б вельмі хацела.
Калі б я памерла, як радасна я скарміла б
Карэньчыкам вашым усё маё цела.

Хоць гэта…

4

Бо толькі ж людзям, толькі ім аглухлы Бэтховен
І музыку, і хараство перадаў запаветам…
А я што вам дам? Я вольхаглухая, я вербанямая?
Бы камень чорны і горкі я паміж вамі
Ўспаролася, засьцячы сонца, як доля ліхая.

Мой кося паскубвае жухлы шарыньнік, каб шкоды
Жывому ніякае не нарабіць, крый божа…
А долечкі! Колькі той шкоды, калі ў нябёсы
Маўклівую просьбу выкрыкнуць парастак можа?

А просіць чаго?

5

У зрэнках Пегаскавых чорных -- вярбовая зорка.
Другіх зор няма.
Пяшчота пушыстая – ў гэтай,
Як лёгенькі дотык лагоды, як бледнасьць
Любові на вуснах – нявыказанай, незразуметай.

Жыцьцё ў немаўленьні, неразуменьні немым
Таго, каго рада кахаць неспатольна.
І словы, адзінае, што яшчэ мне належыць,
Вылузваюцца і расплоджваюцца міжвольна.

6

Братка багун, ад чмуру баліць галава,
І людзі забылі даўно твае добрыя дзеі,
Калі ты ляжаў у вялікай пасажнай скрыні
Зарукаю чыстае цноты, салодкай надзеі.

Моль і нячыстая заедзь зусюль уцякала,
Мерла – а будучыню ты ахоўваў бясьсьмертна.
Можа, і сёньня ты моцны, як гэтыя вольхі –
Камлюкаватая варта старыцы гэтай.

7

Не, не памылка зямлі, калі мудра і ўмела
Носіць запазухай лужыны, багны, балотцы –
Хмаркі штодня падымаюцца ў сіняе неба
З гэтае сажалкі ўгору да сонца.

Там на прасторы шукаць будуць сьмяглых…
Ах, і навошта прагнуць уяўнае смагі!
Бачылі вы, як у лютым стаяць бярозы,
У жоўтым пясчаным пекле стаяць бедалагі?

Ці як апоўдні ў сьпякоту курацца гасьцінцы?
Ці як канавы разьзяўлена сохнуць на сквары?
Звузіліся б і паменшалі напалавіну
За прыгаршчы сьнегу з самай найменшай хмары.

8

Стой, мой Пегаска, глядзі, як панік журавіньнік!
Годзе дудніць, што пара нам далей патроху, --
Гэта ж цябе не кавалі, каб мякка ступаў ты
Па журавіньніку і па мядзьвежым моху.

А без падковаў лягчэй абаім нам будзе
Корні пусьціць, парадніўшыся з глеем.
Даруй мне за боль свой. Я здымаю аброць.
Тут і застанемся мы.
Можа, што зразумеем…


* * *

Пакуль над Свэтэ сьвята крылаў,
пакуль там сьвецяцца буслы,
Пакуль зарою над разьлівам
лунаюць крылы штовясны,
Пакуль у Зэмгале паводка
на рэках крыгамі раве,
Спакойны будзь,
І вер,
І знай --
зямля твая жыве,
Карэньнем ты ў сваёй зямліцы.
Твой сьлед на бацькавым двары --
Пакуль страха бацькоўскай хаты
акрыта ценем белых крыл.


Чорная пара

Ня зелень яшчэ, толькі лёгкая здогадзь і прадчуваньне:
Неўзабаве зялёная замець абвее гонкі бярэзьнік.
Сарамлівасьць паўночнай любові ў гэтых бярозах весьніх.
Пачакаем. Спатолім сэрца спакоем. Затоім даханьне.

Ня бачыць, ня слухаць бярозавых пупышкаваньняў.
Яшчэ немасьць між енкам савіным і жаўруковай жалейкай.
Яшчэ рыса глухая між белым і зелянкава-клейкай.
Ня зелень яшчэ, толькі лёгкая здогадзь і прадчуваньне.


Адліга ў Лудзы

Ня верачы ў сілу нябёсаў, людзі
Пад дах не схавалі бажніцу.
Сабраліся ў храме адкрытым дрэвы
За нашы грахі памаліцца.
І моляцца сонцу, сьвятлу, і ветру,
І духу сьвятому адлігі:
-- Даруй ім, блакіце, ня зналі людзі,
Ня ведалі, што натварылі!--
Брэднік рукі ўзьнёс да самага неба,
Плечы бэзу ў паклонах гнуцца,
І пэўна, малітва дрэваў пачута,
Бо сонна рымсьціцца Лудза.
Як водбліск азёрны на вуліцах ціхіх,
Пагодка празорвае гожа,
І зь вільчака сінявокая галка
Цікаўна цікуе прахожых,
І слухае галка, схіліўшы галоўку,
Ці мяцёлкамі стрэляць асіны…
І, мусіць жа, добра ведае Лудза,
Што робіць у дзень гэты зімні…


Вянец стварэньня

Ня будзь я вянцом стварэньня,
Пайшла б да цябе алёсам
Па сьнезе падталым, кустоўем,
Калі на асінах пупышкі

Яшчэ не расклеены ў лісьце,
Камлі толькі ўсьцяж зелнеюць,
І воды адліжнае слоты
Пад леташнікам хлюпочуць;

Ня будзь я вянцом стварэньня,
Пайшла б да цябе пехатою,
І дзеркачаваты алешнік
Бакі мне сьпісяжыў бы гольлем;

Прыйшла б я павольна і моўчкі
На хіб твой паклала б мызу,--
І поплеч, сагрэўшыся, разам
Мы зьніклі б у выстылай нетры.

Але я вянец стварэньня.
-- Аўтобус?
Адзін да Рыгі!
Пасуньцеся, вы (х-халеры…),
Праціснуцца дайце наперад!


Калі палохае каханьне

Што рабіць мне, каханы? Дзе выйсьце?
Спадзявацца?
Парваць абалонку самоты?
Так пупышка вясной выпускае лісьцік
Да доўгачаканай ясноты.
Пупышка ня ведае пра ўзьнікненьне
Адчужанасьці між лістком і галінай
Восеньню…
У лістку задыхаецца палкасьць праменьня,
Назапашваецца жаўцізна ўспамінаў.
Успамін -- што зьедзены хлеба акраец.
Як сонца былое.
Былы вецер.
Як без паветра калодзеж – памяць,
Ня выплывеш, вады ня мецьмеш.
Зь няведаньня моц здабывае пупышка.
Жыцьцё шкарлупу прабівае заўсёды.
А доўгая ласка –
Толькі кароценькая перадышка
Ад адзіноты ў дарозе да адзіноты.
Аднымі ўспамінамі жыць мне рана.
У вясьне – траянскім кані лістапад мой…
У Трою…
А пакуль яшчэ не адчынена брама.
Каханы, якой мне жыць радай?


Не чакаючы адказу

…быў гэта Патрокл са змрочнымі
апушчанымі вейкамі…
Яніс Рыцас

Гораду

Унікай некаханьня, як Пан гэта колісь рабіў,
Жалейкаю сплакацца трэба глухому сэрцу
І ў песьні каханьня зьнябыцца тваёй нелюбові –
Ня хопіць жыцьця аднаго, каб адпецца жалейцы.

Горад сэрцаў разьбітых з заслужанай карай тваёй, --
Ў чаратовых жалейках гучыш пад скрышаным друзам!
Хто ў гэтых сьценах, паранены глухатой,
У табе па табе душу гэтак скрушліва стузаў?

Што ж бо ты не баішся цярпець зьнелюбеньня прыгнёт,
На горкім абліччы лазы чорныя вочы гора,
Ў адной руцэ возера, дзе на дудкі рэжуць чарот,
У другой – апошні кон сэрцаў разьбітых – мора.

Птушцы

Здымі маску, чайка, -- па здрадлівым голасе пазнаю
І праз чорную проразь – самотных вачэй боль і сполах.
І як водгукам енчыш, шукаючы пару сваю,
Ныраючы ў буры паўночных вятроў і мора.

Мора дыхае лёгка і дыбіцца крыгамі ўлёт,
Пад жоўтым спакоем сонца плыве ў прасторы.
Уздых і адкрышваецца зь зімы лёд.
Мора -- адно! Прывыкні, чайка, да мора !

Сонцу

Сонца, ты знаеш усё, што пад месячком прарасло,
Пра пацалункі пад серпікам знаеш таксама!
Вось бачыш прабіўся зь зямлі сарамлівы вязок,
Гаворыць з табою на «Вы», бянтэжыць ласкавасьць

Зялёнага вецьця, баіцца, што ў будным жыцьці
Убачаць, спасьцігнуць падзею і будуць блюзьнерыць…
Зь якім нецярпеньнем курыцца пагорак, -- глядзі! –
Як вяз шалахціць, баючыся табе паверць.

Туману

Туман дзіўнага горада, мая кара – ня лёс.
Суцэльнай бранёю-пяшчотай стаіць, урочы,
І ўсмоктвае, нібы густы вербалоз,
Той парывісты міг, калі трэба адвесьці вочы,

А няма ўжо куды. І не дакрануцца рукамі – мы
Спадзяёмся. Што, сьвет засланіўшы, агорне,
Тое павінна нас чуць! Наш голас нямы
На белых вагах тваіх, і водгук стуку сардэчнага ў горле.

Каханьню

Каханьне, нязьведаныя твае сьцяжыны!
Нечаканыя і безназоўныя, -- воля твая.
Не ўцякаю. У зрэнкі гляджу, калі ты з чарацінай
Спакойна і шчыра ідзеш; дачакаюся я.

Зелянее чарот. Гоніць лісьце жоўклае вецер,
У сівых мяцёлках залацісты сьпее пылок –
Такі твой загад. Зразумелая зь першага позірку квецень –
Адбалець шчасьце позьняе сэрцам разьбітым – вырок!

Твая сьвежасьць сьвятая, нібы красавіцкі лівень.
Прарастае мой боль, як на ліпе вясною лісткі.
Каханьне, ты бачыш – у дрогкім кропельным німбе
Ідзе горадам Пан, не пазнаны нікім.


* * *
Мне многа ня трэба. А каліўца. Толькі драбніца –
Сьцябельца панікніцы жоўтай з малюсенькім рыльцам
Хай вырасьце з кніг. І ў зямлі на вятры красавіцкім
Хай прымецца. Пара падбелаў пад брэднікам ніцым
Пад попельным небам, як нас двое, хай мімаволі
Нам станецца пунктам адліку: каб павырасталі
Мы нанава з жоўтага месца. Каб сьнег зімняй долі
У сэрцах растаў. Немагчымага каб дасталі –
Злавілі пад хісткаю кладакай на ўзьвіранай хвалі,
І тое, што пухам таполевым зь ветрам курыцца,
Лавілі ў далоні, дыханьнем каб мы сагравалі:
Самотнасьць. Панікніца. Каліўца. Толькі драбніца.


Чаканьне песьні

бо вясна настае тады
калі рыжыя жабы ў канавах
сядзяць і чакаюць кагосьці
і вада серабрыцца сонцам
шарыньнік янтарны палошча
і з пасушы зелень свіціцца
і жабы чакаюць
вялікай гадзіны сьпяваньня
калі завіруе ад шчасьця
вада і запеніць канавы
жабінымі песьнямі
а толькі далёка яшчэ
а толькі глыбока па горла
і рыжыя жабы ў канавах
залацістыя вочы лупяць
на сонейка залатое
чакаючы песьні


Засынаньне песьні

Ўстала жаўрушачка
З сонейкам раненька,
Промнікам цінькае
Птушачка рабенька.

Зрань-дзень да вечара
Дзінь-дзінь вызвоньвае,
Сінь вышчабечвае
Ў яснага сонейка.

Сонейка з прыпечка
Да мора коціцца –
Дыль-дылі! – скрыпачка,
Спатанькі хочацца.

Люляла ночанька
Скрыпачку ў мораку,
Шум вызалочвала
Мора да золаку.


Карчака

Па шыю ў дрогкае багно
Карчака гузаваты ўрос.
Бяроза-кроза на грудку –
Ў блакітнасьці нябёс.

Ай, корч стары, -- ці ты малы
Бярозу-крозу цікаваць?
Залез, крывы, па вушы ў твань –
Каму ж цябе кахаць?

Ён піша граматы і рве
Бяросту марна, а з кустоў
Аж сьнежыць бель калакалуш
Абрыўкамі лістоў.

Якая радасьць бялізны,
Якая сьвятаяннасьць душ!
Як чмурыць голаў шатаў дух
І чад калакалуш!

Бо што з таго, што сам крывы,
Бо што з таго, што ў брудзе сам,
Калі ў бярозавую сінь
Ліецца ўся краса!


Як зернетка клёна…

Як ты на грудзях у кішэні са сьмецьцем,
Ня знаючы сам, носіш зернетка клёна,
Вось так з парушынкамі будных думак
Ты носіш з сабою мяне штодзённа.

Ад вільгаці – хай то ад сьлёз, пацалункаў –
Праклюнецца з гэтага зернетка дрэўца
З такою прагай жыцьця, што карэньнем
І мукамі цьвету парве маё сэрца.


Пасьляваенны матыў: Руіена

Руіена – чыстыя лесьвіцы, што ў нікуды вядуць.
Нават руінаў няма. Анічога. Пад мурам растуць
Кволыя дубчыкі бэзу. Няма і муроў анідзе.
Лесьвіцы. Продзімень толькі гуляе, прыступкі мяце.
Руіена – Маdonna orans, маленьня маўклівы граніт,
Скрушліва ўзьнятыя рукі над лесьвіцамі – у блакіт.
Лесьвіцы, лесьвіцы… Душы памерлых дамоў цішыню
Нема вартуюць. Мадонна ў зарыве-німбе агню
Сонца вячэрняга твар апусьціла, ня ўздыме павек.
…Лесьвіцы ў нікласьць, ня стопча вас болей чужы чалавек.


* * *

Хай мяне пройме чаромхавы холад.
Белы, варожы: дарма.
Крохкае гольле. Зь вялікай ахвоты
Цэлы прыпол наламай.
Толькі баліць галава, ў вушах звонам
Гронак расьцьвілых пагарда.
Хочаш – ламай. Толькі каб утрымаць,
Трэба быць з добрым гартам.
Тут край чаромхі. Зламаная гронка
Церпка, нязломна пахне.
…Вырайны лебедзь на крылах халодных
Гэтак жа вее чаромхай у твар мне.


* * *

Lauzta sirds (бат.) – “разьбітае
сэрца”, буйміна.
Для слоўніка (ад перакладчыка)

Салавей цяў цемрыва густое,
Цёхкаў і канаў, а на кустоўе
Слота мжыла; зябнуў ліставей.
Цалаваў і гнаў, быў сам ізгоем,
Радасьці каваў і боль настойваў
На суквецьцях яблынь салавей.

Плакаў і сьмяяўся блазнавата,
Так чмурыла квецень, -- калі раптам
Загула і гупнула зямля:
Вырвалася полымя з-за кратаў,
Абвіло чаромху аж да шатаў –
І “разьбітым сэрцам” з-пад камля
Зацьвіла буйміна да гальля…


* * *

Песьню калі салавей абарве,
Ты, падхапіўшы, сьпяваеш яе
Лепш і чароўней за салаўя.
Фіялка начная.
Віёла начная.
Скрыпка ў начы.
Гукамі цемрыва ночы бунтуеш –
Так ты пяеш. І побач з табою
Шолахі нікнуць і пахі начныя.
Фіялка начная.
Віёла начная.
Скрыпка ў начы.
Белае складзена з фарбаў вясёлкі.
Радасьць – зь сямі найгарчэйшых пакут.
Як гэта ўсё ты ўмясьціла ў бутоне?
Фіялка начная.
Віёла начная.
Скрыпка ў начы.
Днём ападуць твае бляклыя кветкі.
Днём ты – парваная будзеш струна.
Фіялка начная.
Віёла начная.
Скрыпка ў начы.


Пачатак

Што горад пачуе?
Што горад хвалюе?
Нічога ж ня сталася.
Што можа стацца?
Па вуліцы двое ідуць.
Далоня пяшчотна пад локаць.
Бянтэжацца крокі, сугучча шукаючы
А двое ідуць,
і нязначныя словы
Пятляюць вакол драбязы будзённай.
А горад цікуе.
А горад хвалюецца.

Над вільчакамі на дыбачкі ўсталі антэны.
Дзьверы, дварышчы расплюшчылі чорныя вочы;
Каштаны ўрачыста шэпчуць з бульвараў:
«Адзін абавязак – явіць прыгажосьць
У квецені белай вёснаў.
Ня здолееш ты расьцьвісьці, калі ёсьць
Абапал галінак мноства».

Рака рабаціць,
і агеньчыкі скачуць,
Як жоўтыя ў танцы вірлівым жанчыны,
То шыя мільгне, то аголяцца грудзі,
І чорныя вейкі на бронзавых тварах.
«Змусь бездань,
змусь ноч гарэць ярка на вуснах!
Гарадской мітусьні адзіная Ева!
Змусь хмялець,
змусь тануць каханкаў у гэтых змустах!»
Куды мне пяшчоту падзець, гарэзныя дзевы?

Ды вось каля плота старэнькае дрэва:
У завязі яблык руку вузлаватую
На плечы паклала і заклапочана шэпча:
«Асьцеражыся, дзіця; пачатак з драбніцы –
Маркота пылку і чмяліныя крылцы;
Той няшчасны, ў каго не прагнецца
Яблыкамі налітае вецьце;
Вытрымаць – гэта сьпеласьць аддаць
І на самоце год у год зімаваць».

Што яблыня чуе?
Што дрэва хвалюе?
Нічога ж ня сталася.
Што можа стацца?
Маўчаньне між намі глыбей і шчымлівей,
Пульс крокаў гучней па асфальце б’ецца.
Ратунку шукае позірк,
а ўжо – за апоўнач,
Зачынены вокны, замкнуты дзверы.
Рабінку абскубленую па дарозе спаткалі.
Я слухаю прагна – асудзіць, падкажа?
Рабінка маўчыць, залацяцца ў змроку
Ўсе кветкі – як твары, зьбялелі ў чаканьні –
Да шчасьця і мукі ўздымаюцца дрогка.

Пад дрэвам, што здолела зжыцца з болем,
К табе прыхілілася я сваім гольлем.


НАДПІСЫ НА КАРЦІНАХ

1. Батычэлі, «Нараджэньне Афрадыты»

Ну вядома, ты зь пены марской, з барвовай
Вячэрняй зары, ў акіяне прамытай,
З расколатай маціцы, сіне-ружовай,
З празрыстасьці хваль, Афрадыта.

Я ж толькі зь зямелькі. Я зь цяжкае гліны,
Што можа быць парасткам хмелю прабіта.
Ад віціны хмелю, павіслай з галіны,
Бяз памяці можна хмялець, Афрадыта.

Вір чаромхі – глыбокая белая замець?—
Глыбейшы мурог пад нябесным блакітам.
Пакуль жыве зерне, -- ў зямлі наша памяць,
І я не баюся цябе, Афрадыта.

Хай голуб – ахвяра… Крывёю чырвонай
Бель крылаў зямное плоці наліта.
Хто з лона жаночага выйшаў, -- у лона,
Ў жанчыну ён вернецца зноў, Афрадыта.


2. Гойя, «Сатурн пажырае сваіх дзяцей»

Няшчасны бацька мой з крывёй сыноў на вуснах,
З драпежным голадам, які нутро грызе…
Што адчуваеш ты, калі ламаеш з хрустам
Зубамі косьці нашы?
Ці храсткі грудзей
Калі ты трушчыш?
Ці ў далонях тлустых
Калі трымаеш сэрцы?
Ці ў нямой тузе
Калі застылі вочы з жалем?
Быдла статкі
Мы пасьвілі, мы жыта жалі, каб яды
Быў повен стол.
На чэзлых схілах градкі
Лазой аплоджвалі, каб мог віном заўжды
Спатоліць смагу.
Ня было б пра голад згадкі
З сынамі гэткімі, каб не пажэр іх ты.
Ад лішку малака ў каровы пухне вымя.
Няма каму даіць. Дагледзіць хто валоў
Без пастухоў? Трава няскошаная гіне,
Хлеб жухне ў коласе бяз нас, касцоў.
Па барадзе тваёй мая цячэ ўжо кроў…
Што ж будзе, тата, па апошнім сыне?..


3. Расэці, «Беатрычэ і Дантэ ў раі»

Ці ты была, Беатрычэ?
Ты ня была.
Помнік зманіў пра тваё нараджэньне і скон.
Ніколі ты ня была.
Промень упаў у вітраж акон.
Далечы неба ў вачах тваіх – зорак сьвятло.
Так нарадзілася ты.
Маці твая – зорка празь сіняе шкло.
Бацька твой – Дантаў позірк прачысты.
Ты памерла – як сонечныя згасьлі іскры.
Беатрычэ, Беатрычэ,
Мяшчанка ў натоўпе пабожных фларэнцінак…
Ён гэта мудра спасьціг, Дантэ вялікі.
Сэрца верыць у дзіва, пульсуючы ў палкіх тэрцынах.
Вечна любіць нябылое – кругі апраметнай,
Згаслую зорку любіць,
Беатрычэ – пакута, вартая пекла.
Рай – гэта тлькі ілюзія веры,
Цела заблытана ў ім.
Усе знаюць Дантава пекла тваё, Аліг’еры,
Дантаў жа рай – не абжыты нікім.


Біблейскі матыў: Адам і Ева

Біблейскія ўрокі – што толку зь іх,
Пакуль не запішаш жалезам кайданаў
На скуры сваёй біблейскі міф,
Паданьне пра Еву… і пра Адама…

Ня вучаны бог – быццам несамахоць,
Павесіўшы плод, цікуе на варце:
Глядзіце, бянтэжце свой дух і плоць,
А волі, крый бог, рукам не давайце.

На вусны зірнуць – забаронены плод.
Як боль зразумець двух сэрцаў сьмяглых?…
А толькі ж кісьлінай астуджаны рот
Спатольвае смагу, толькі ж яблык…

Вунь яблынька ў скверы на ўлоньні травы –
Парушым закон газоннае цноты…
… Як сьмела нас гоніць анёл вартавы –
Статутны сьвісток, казённыя боты.

Навокал пякелны асфальт і брук,
Ні шатаў, ні яблынь. Адзіны ратунак
Выгнанцам – абдымкі гарачых рук,
Апошняя ўцеха ізгоям цалунак.

Пасадзім тут парк і аздобім рай
Панадным, прывабным біблейскім дрэвам.
Са страхам і прагаю ходзяць няхай
Сюды нашы дзеці,
Адам і Ева.


Рымскі матыў: раб

Раб – тупыя вочы,
Раб – тугія рукі,
Мур нямы зь ягонай
Вырастае мукі.

Краты.
Краты.
Краты.
І карэньне кратаў
Церпкі час глыбока
У зямлі пакратаў,

Каб турмы ня ўнікнуў
Розум раскаваны,
Каб у кожным сэрцы
Жыў, насіў кайданы

Раб – тупыя вочы,
Раб – заліты потам,
І каб жыў у страху
За высокім плотам.


Матыў сярэднявечча: інквізіцыя

Я веру. А сімвалам веры – крыж.
Супярэчнасьці крык між плоскасьцю цьвердзі
І промнем у сусьвет бясконцы.
Супярэчнасьці моўча між каранямі і вецьцем,
Што кветкі гоняць да сонца.
Расьпята і я. Прамок крывёй крыж.
І гонар, і кара, і шчасьце – цьвікі.
Я веру, як вераць ератыкі.


* * *

Аж спынілася я. З-пад бясконцасьці веек
Разьведчык – ліповая кветка глядзіць
У трывозе. Адна. – Сарве ці пакіне?
Ці адразу і ў галас? – Адзін супраць сілы.
Аж памерці гатовы. А мечык зялёны падняў.
Адвярнулася я – бо то ж я чалавек!
Бо чаго мне змагацца з магутным іх войскам?
Найлепшая справа – прайсці стараной.
Так я здрадзіла Рызе. Сёньня шухнуць у горад
Войскі пахаў і зь мечамі будуць тры дні
Гаспадарыць, людзей баламцціць праз вокны.
Рыга будзе адна. Безьліч лікам – яны.
Рыга будзе ў самоце. Ў завеі ліповай
Мы ўсе Рыгу любім да сьлёз, -- як ніколі,
Жадаючы быць ад Рыгі далей.
Так любім і здраджваем ёй. Можа, сёньня ж
Мы пакінем яе? Векавечныя вежы
І стагодзьдзяў сьляды. Тут падымецца гай
Над усім? Трэба крыкнуць?! Запозна! Жаўцее
Пераможна над горадам ліпень сьцягоў!
Лоб кранула мне з кветкі кропелька мёду.—
Як знак Каіна, ордэн. – За маўклівую згоду.


Хвоя з голым карэньнем

Хвоя ці дзюна чым вінавата,
Што асыпаецца з кораня глеба?
Корань слабы – ці ня рана і шатам
Гоніста гнацца ў высокае неба?
Трэба ў глыбіні?
Доляю клятай
Голая ганьба наканавана.
Ты за аснову ўчапіцца ня можаш,
Рост не пачнеш болей нанава.
Жыць над прорвай? Крый божа! –
Гэта жахліва.
На дыбачках пнуцца
У непазбыўнай тузе па апоры
Моцнай камлю…
З сорамам гнуцца
І чырванець, прасьціраючы ўгору
Рукі вячэрняй зары шчасьліва.
Што ж я бядую? Даволі! – Над морам
Сутнасьць твая і краса – як дзіва!


Эпітафія чайчыным пяром

Бо звонку душа ў куклянкі,
І, пэўна ж, душа б не хацела
Жыць у белых грудзях
Няўклюднага брыдкага цела.
О ўваскрэсеньня хвіля сьвятая,
Як душа пакідае схоў стылы
І з узьбярэжжа ўзьлятае,
Расправіўшы сьветлыя крылы,
Сьпярша сарамліва, бязь веры –
Што высьвецяцца ў палёце
На іх беласьнежныя хмары,
Сёстры па духу і плоці,
І чайкі-сястрыцы, і фарбаў
Гульня ў нябесным прадоньні,
І сьцьвердзіцца існасьць зямная
Ў нясьмелай дзіцячай далоні.
І душа адляцець забывае –
Рассыплецца тлом у сьвітанак
Пад дзівам жыцьця…
Спыніся, вандроўнік, --
Ты топчаш душы куклянак.


Практычныя парады

1. Як зьберагчы ружы

Узяць, з сэрцам у горле, з разгубленасьцю ў пальцах
і словам міжвольным на вуснах,
Ледзь усьвядомленым і недарэчным. Замоўкнуць паміж сьлязою і ўсьмешкай.
Нядбала паставіць у вазу. (Не пячы, ня труціць асьпірынам і ўсякай халерай.)
Трымаць у біцьці свайго сэрца, ў вачах.
У вачах, -- я сказала. (Дарэчы, патрэбна вада.) Раніцай
Золак прывеціць Пад зарою пялёсткаў дня дачакацца.
Не турбавацца і не сьпяшацца жыць ружаю.
Застацца ў пяшчотнасьці. Разам. Чужых ня ўпускаць у дзьверы.
Гэтак жа й жальбы ня трэба ўпускаць. (Ружы так хука смуткуюць.
А цені, колькі на сьвеце іх ёсьць, хай жывуць у паніклай галоўцы,
А золата ў сэрцы няхай нераскрытым будзе. Вада патрэбна, дарэчы.)
У вачах і ў крохкім дыханьні, колькі любіш яе, столькі і пражыве.
Калі ўсё-такі Сьмерць адбудзецца, тады пальцамі, сколатымі асцюкамі,
Падняць да шчакі і салодкую болесьць прыняць і ў сабе адчуваць,
Колькі балецца будзе.

2. Як зьберагчы радасьць

Сьмяяцца зь сябе да апошняга ўсхліпу, да апошняй сьлязіны сьмяяцца,
Праплакаўшы цэлую ноч. Па самых драбнейшых маршчынах лічыць
Расчараваньні. Гады. Паражэньні. І сівым валаском падвесьці
Унізе апошнюю рыску. Усьвядоміўшы ўсё перажытае, пачырванець
Рэзка. Да гуду ў крыві. Па нітачцы выскубці і парваць
Усё, што было. Скасаваньня прысуду чакаць,
На чорным судзе начных думак сябе асудзіць.
Сон прабалець так жа горка, як рану, знаючы, што ўжо радасьці болей ня будзе.
Адклікацца: чакаю; і ўпасьці ў золата раніцы.

3. Як зьберагчы блізкасьць

Лёгка, бяз болю, як адварочваецца зямля ад сонца,
Вочы адвесьці – і прэч. Ні ў вачах, ні ў дыханьні, ні ў думках –
Як быццам цябе ня было. – Зь сінім блакітам і сінім морам
Сам-насам. Грудзьмі супраць ветру. Па моцна ўбітым прылівам пяску
Пад нагамі. Уздыхнуць глыбока. Ротам. Вачамі. Увабраць
Прастору ў сябе. Не старацца ў далоні ўхапіць тую хвалю,
Што вецер падняў, і зь енкам шпурнуў у паветра,
І з жальбаю адпусьціў. Па адлюстраваньнях сваіх ступаць,
Па варухлівых крыжах мядуз, вочках водарасьцяў,
Па сонечных стрэлах да неба, па салёным зьняменьні, якое гусьцее
Пад вечар паволі. Сам-насам з сабой, нібы чайка,
Там – я казала – па спакойных кроках водбліску.
Сутнасьць сваю далечынёй і самотнасьцю мераць,
Толькі супроць ветру і ветру, чыста і вольна,
Лёгка, як паварочваецца зямля, у абдымкі вачэй увайсьці.

4. Як зьберагчы сэрца

Ня ведаю.
І – каму гэта трэба?

* * *

Зьнялюбіць мяне можаш і зьненавідзець…
Ведаю – не адчуваючы мук, нібы птах,
носіш свой боль за плячыма –
крылы.

Зьнялюбіць мяне можаш і зьненавідзець…
Навокал цябе,
над табою блакітам нябёсаў разьлюся,
а ўночы –
зьнялюбіць мяне можаш і зьненавідзець –
я промнямі зорак
твой сон праніжу.

Вецер гарачы надзьме крылы-ветразь,
і птах узьляціць.
сабе не наўме,
што дыханьне маё ў тваіх крылах шуміць
з вуснаў асьмяглых.

Зьнялюбіць мяне можаш і зьненавідзець…
Муравінкаю кволай прынікну да ног,
каб ты ўгледзеў,
які ты вялікі.
Чаромхавай гронкаю хрупну ў руках,
каб ты ўгледзеў, які ты дужы.

Крылы,
і веліч,
і сіла
ў захмар’е падымуць
цябе, хто ня знае,
што шэрая кропка ўнізе –
каханьне.

Зьнялюбіць мяне можаш і зьненавідзець.

* * *

У страху перад імгненьнем,
калі нельга ўжо будзе ня бачыць праўды,
я вочы сабе засланю каштанавай кветкай,
якую калісьці ты мне падарыў,
я вушы сабе затулю птушкамі,
якія калісьці віліся над намі,
я сэрца сабе захіну вечарамі двуадзіноты,
пяшчотнымі каля сіне-ліловага мора,
ухаплюся я за палоску згасальнай зары на краі небасхілу
у страху перад імгненьнем,
калі нельга ўжо будзе ня бачць праўды.


Песьня зуйку

Сеўчык-зуёчак, дударык, у дудачку
Дожджыку выдзьмі!
Булькатам, болбатам купіну-грудачку
Дымкаю выцьмі.

Дзюны дзярновыя пырскамі срэбнымі
Выперцуй, выгладзь!
Выпушы зь сітніку боль увярэдлівы,
Высушы, вынадзь!

Сеўчык-зуёчак, пуховыя крылечкі
Дай майму гору.
Гідкую горыч душы хворай вылечы,
Вышугні ўгору.

Цень твой жарынкай расколе чарэнь ракі,
З хваляй растане.
Так і журба, як бажок гэты шэранькі,
Зьнікне дазваньня.


* * *

Была дзівосна ветлівая рыбка…
Калі мы ўблыталіся ў сетку промняў,
Што калыхалася на хвалях-лёзах,
Сказала рыбка:
-- З халаднакроўнаю сястрой
Прыемна пазнаёміцца! Да твару
Вам гэта сіняватасьць…
Я сказала: -- Рыбка,
Калі б я вам была сястрою,
Мы не спаткаліся б.
Пакрыўдзілася рыбка,
Вільнула мне хвастом.
Ты не сярдуй…
Я сьплю глыбока ў самых нетрах пушчы,
Над галавою сосны ў паднябесьсі
Аблокі ўсьпенілі зялёным гольлем.


Песенька ў начную слоту

Ты сьпіш.
І сьпіць між намі далеч.
І шэпча далеч ад дажджу,
І пырскаў шум –
шушу,
шушу
Па бруку, па бляшаных дахах.

Ты сьпіш.
І сьпіць між намі далеч.
Мае ўцякаюць словы –
ў ноч,
Праз лужы йдуць –
ідуць праз дождж,
Вандруюць словы цёмным шляхам.

Дажджу ня падаць нельга, нельга,
Хоць ведае, што раздушыць
Аб камень грудзі мае можа!

Ня бегчы словам нельга, нельга,
Хоць ведаюць, што патушыць
Губамі далеч нельга, -- божа!

Ты сьпіш.
І сьпіць між намі далеч.
І ў словах далеч родзіць гук,
Яны як сэрцайкі – тук-тук,
У такт адзіны: дождж і словы.

Ты сьпіш.
І сьпіць між намі далеч
Начное слоты.


* * *

Сьлед страчаных слоў гэта сэрцу нагода
Згадаць: пільнуйся ад гэткіх нягодаў.
Сьлед знойдзеш -- ратунак,
Як сэрцу – дарунак.
Ці дробязь: злавіць на вятры іскрынку ў далоні,
На міг затрымаць пылінку ў промні
І хвалю спыніць, што прабегла па тоні.
Круг ад кветкі на сажалцы. Нібы драбніца –
А ў люстры вады бледны тварр прамяніцца.


* * *

Астрыдзе

Я думаць ня хочу пра тое, што нас падзяляе.
Цалюткі вечар чытала я вершы.
А ноч –
Усю ноч мне братаўкі сьніліся сёньня:
На кончыках траў сакавітасьць нябеснае сіні,
Пад небам жоўты агонь…
Адлучы адно ад другога,
І браткаў болей ня будзе.


* * *

Нацянькі мчацца ўдалеч гасьцінцы,
Ганарцца сваёй прамізною;
Сьцежка па ўтравянелай лагчынцы
Праз ажыньне віляе лясное,

Нырне ў папараці наўздагадкі,
Паміж купін віецца імшарных,
Ідзе бродам, як што няма кладкі
Праз ручай рудавата-янтарны,

Каб ня стацца прычынаю шкоды
Ні грыбкам, ні брусьнічным кроплям,
Абмінаючы краскі і гнёзды,
Мякка сьцелецца цераз поплаў.

Абуваючы раніцай ногі
Азалелыя ў росах, -- бязь сьпешкі
Азірніся навокал: дарогі
Грукаплешчуць і лашчацца сьцежкі.


Сыход студні

І вось аднойчы раніцай я ўстала
Пустая, як сухая студня. Зруб
Ужо ня дыхае вільготным пахам.
Не падмаецца вада са змроку,
Зь бяздоньня гулкага. І журавель
Ня гнецца, крэкчучы. Пясок сухі –
Адно, чым шчодрыцца пустая студня.

Ах, ня дзівіцеся ў мяне, ні вочы,
Ні вусны дзетак! (Адзінота маці
Пачата не тады, калі сыходзяць,
Падросшы ў злагадзе, з-пад крылаў дзеці,
А з той хвіліны, як няма чаго ім даць.)
Ты, мой харошы, не глядзі! Сябры,
І вам глядзець ня трэба! Пустата
Ўва мне палае, нібы горкі сорам
За галізну зьнявечаную студні.

Дзе прахалода кропель, што спадалі
Зь вядра цяжкога, плюхаліся ў студню,
На мураву ліліся – піце, травы!
Вы, птушкі, піце, дзюбкі ўверх задраўшы,
Хай льецца у вальлё салодкі сок глыбінь!
Бярыце, любыя мае, -- і вусны,
І твар у прыгаршчы з вадой туліце,
І дайце людзям, выснаджаным смагай!..
Вады няма, вядро шкрабе па жвіры.
Вы камянееце – зь зямлі выходзіць студня,
Замшэлыя вянцы страсае зруб
І прэч ідзе, усьпёршыся на вочап,
Як старац на кульбаку.

А вам дзіва?
Што па ваду пайшла старая студня?
Чаго разводзіш гольлечка, каліна?
Ты, начапіўшы завушнічкай месяц,
Глядзелася, красунечка, у люстра.
Пайду па люстра. Па ваду табе.
І па жыцьцё пайду. Альбо вярнуся,
Струменячыся кроплямі, альбо
Памру і не вянуся. І мой зруб
Сьцьвіцецца мохам, сточыцца, збуцьвее,
І яма зарасьце чартапалохам.
Ніхто ня ўведае, што на падворку
Жыла тут студня, і адно каліна
Маркоціцца бязь люстра будзе.


Сон

Гэта быў міг.
Я руку адхапіла
Ад жылкавата-зялёнага каліўца,
Боль кветкі ў калені мне коле
Высьмяглым жарам,
Бы ў матчына сэрца дзіцячым болем.

Пада мной моўчкі гінулі жыцьці істотаў
І народаў травы, растаптаныя мною.
Як я іх пачула…
І як здранцьвелі
Злачнныя ногі, адчуўшы сябе бядою!

Як прасіла я дзіва!
І сталася дзіва,
І стала я хмарай, плыву над палеткам,
Каб нават пылок нагамі ня стрэсьці,
Каб нават расінкі ня страціла кветка.

Як прагна блукала я хмарай над лугам –
Каго б напаіць?
Ляцела, і марыла хмарна,
І кожнае кропелькі шкадавала,
Якую згубіла, растраціла марна.

І пралілася з жалем гарачым над лугам,
Над кожнаю смагай,
Над стомай кожнай,
Пакуль не растала ад шчасьця,
І ўбачылі кветкі
Наскрозь, празь мяне, ў нябёсах раскошу.

Прачнулася я ў сьлязах.


У павіліцы

1

Я дзень забавілася ў павіліцы,
У вільгаці глыбіннай ля карэньня,
Куды ня гляне сонца, дзе сьцябліны,
Бяскроўныя лісткі бязгучна млеюць.
Нідзе зямля ня пахне так сурова,
Нідзе ня п’яніць шчасьце гэтак – жыць!—
Так соладка: не паміраць, упіцца
У глебу і ня вянуць… Мружу вочы –
І паплылі па жылах, не, ня кроў, --
Пабеглі сьлёзы… Горычы? Не, шчасьця,
Што ім па шчоках і скаціцца нельга.

2

Хто я – ў жыцьці няўдаліца такая,
Шчасьлівая, няшчасная такая,
Такая не- і не, заўсёды не- і не?
“Так” сьвеціцца наклюнутую краскай,
Далонькай немаўляці.
“Не” – чырвона-чорным,
Бы рык быка, што купіну рагамі
Распорвае – як цела.

“Так” вусны вымавіць ня могуць.

3

Азёры больш лунаць ня могуць, людзі
Іх назваў не згадаюць, а быў час,
Калі азёры звонка па паветры
Гулі, як хмары, бліскалі ў іх рыбкі,
І водарасьці зарывам палалі,
Заранкай хвалі пырскалі над борам,
Калі з прадоньня сонечнае вока
Глядзела ў нетры й слова мела сілу:
Скажы – і возера ўпадзе ў даліну.

4

Асіна гаварыла: -- Схамяніся!
І чалавек ня сек, сядаў пад дрэвам,
І доўга поплеч гутарылі двое
Пра парасткі свае, пра дзённыя турботы.

5

Здаецца, макам я была ў той час,
Пад ветрам соладка сьцябло згінала
І з травамі скакала. І глыбока
Глядзела ў вочы сівыя валошцы,
Ад соку макавага – чадны сон,
Ад зернетак – спакойны, нібы дотык
Пасьпелых каласоў… Мне ўсё адно –
Ці зьвер, ці чалавек, я ня пытала –
Хто піў зь мяне і хто хмялеў ад паху:
Ці пеначка пуховая? ці сойка
На віцінцы алешыны?.. ці хто?..
Чмур сонны маку, ён падобен чмуру
Зязюльчынай любові, што, забаўшы сорам,
Распырхвае ў чужыя гнёзды семя –
Яйцо, зь якога выклюнецца потым
Падсаджаная кветка альбо – песня…

6

Бяссоньніцай адолен сонны мак.
Сарваны з кораня, блукае сьлепа
Па роўнядзі асфальту: не ўчапіцца,
Не ўкараніцца, не ўрасьці. У неба
Гляджу, -- а раптам возера якое
У вышыні лунае там ратункам…

7

Спытаюць: -- Дзе была ты? – Адкажу я:
-- У павіліцы, ля глыбінь карэньня…
Цалюткі дзень у павіліцы…
Не павераць.
А я дадам:
-- Я слухала асіны.


Загадкі

Мелюць бабы, баб – чатыры,
Млівам пыл на бадзякі.
Па гасьцінцы – ўзад бароды –
Ўчатырох ідуць дзядзькі.

Ой, пралёгся чорны пасак
Цераз горку наўскасяк,
Карацее бацькаў пояс,
Скора ўмесьціцца ў пасаг,

Скора ўляжацца у скрыні
І на шэрым ручнічку
Ў дол апусьціцца глыбокі
Пад бярозаю ў гайку.

Не жаўна ў бары, ня дзяцел
Убівае ў крыж цьвікі.
Ой-такі, назад гасьцінцам
Больш ня вернуцца дзядзькі.


* * *

Ня ведаеш, чаго ў табе мне трэба.

Прысесьці з каменем. Мне з ім сядзіцца.
З маўчаньнем каменя. Адна нібыта
І ўдваіх як быццам.
Падумаць, што і камень спагадае
Ці любіць сам. Бо не пярэчыць камень.
Ня рвецца з рук маіх і грэе нема
Як бы рукамі,
Каб ня журылася, што дзень павольна
Сплывае ў прахалоду.

Ня гневайся. Што пажадала многа, --
Дальбог, ня шкода.


* * *

Кароткі міг тваёй каханай быць,
Пакуль сутоньнем сочыцца ялінка,
Пакуль у промнях цень халодны цьміць,
Такі кароткі міг каханай быць,
Як прасыхае на руцэ сьлязінка,
Як жар шчакі пасьпее апаліць,
Такі кароткі міг тваёй каханай быць
І зьнікнуць.


* * *

Калі даць ты ня можаш мне шчасьця,
Хоць нядолі ўдзялі.
Я пасохла, пажухла ад сьпёкі,
Як быльлё на ральлі.

Мне зусім не баліць, што карэньне
Ня трымае зямлі.
Як ня можаш мне даць усьмешкі,
Хоць паплач, прытулі.

Уратуй маё сьмяглае сэрца,
Сьлязьмі вочы разьлі.
Не давай анічога, як болю
Даць ня будзе калі.


* * *

Кахаю так, нібы расьце сасна,
Нястрымна, непрыкметна і спакойна;
Падняўшы голаў над малечай хвойнай, --
Да сонейка ў блакіт расьце сасна.

Параніць можаш мяккую кару,
Смала шкляною пасмай заіскрыцца,
Сьлязьмі гарачымі сплыве жывіца
І зарубцуе кволую кару.

Нікчэмных крыўд пякучы боль сьцярплю,
Жыцьцё і рост – да радасьці сасонцы.
Калі на гольле вылье промні сонца,
Мізэрных крыўд пякучы боль сьцярплю.

Каб разумець мяне, мой дружа, знай:
Шчака ў шчаку з сасной пастой, і сэрца
Сасновае напэўна ж адзавецца! –
Кахаю так, нібы расьце сасна.


* * *

Былі сьпярша над галавою дрэвы, і азярына каля ног,
і на дваіх нядзельны вечар.

Пасьля была малінаўка – даверлівасьць лясная:
навокал нас кружыла і кружыла па пяску
і на Шляху Птушыным нас сьлядамі-зорачкамі
аплятала.

Пасьля была граната. Аказалася – адна мая рука
сьпіць на баку заржаўленае сьмерці, а другою
я абняла цябе. А сьмерць угрэлася пад пальцамі
маімі, задрамаўшы на пяску, старая, ціхая,
і не зрабіла ліха.

А потым былі словы. Мы скасавалі і нядзельны вечар,
і возера, і дрэвы, спалохалі малінаўку і засмуцілі
прыязную сьмерць.

Нарэшце сорам быў, і жальба з пацалункаў, боль
пад немым дрэвам, ды было ўжо надта позна, --
бо лес быў чорны, як уздых, і глуха
ўсхліпвала азерца ўнізе.

Яшчэ і сёньня мы ня ведаем, ня знаем, ці дрэвы тыя,
ці тая азярына, малінаўка і ржавая граната –
нас бачылі ці не.


* * *

Я не разбуру твой залётны домік, матылёк,
Твой залаты ласунак не скаштую!
Няхай цьвіце! Як зьнічкаа пранізала змрок,
Я ўгледзела – імгненьня слодыч тую.
Хай зорка падае. Хай зьзяе зорчын лёт.
А гэты луг тваю капрызьлівасьць пустую
Аберне да зямлі, на гэты вось грудок,
І долю вызначыць табе такую,
Што, хоць і рупіць будзе, -- не страсеш пылок.
Я зьнічку бачыла, ласунак не скаштую,
Я не разбуру твой залётны домік, матылёк.


* * *

Кропля, падаючы, сотнямі «навошта?»
Рассыпаецца, каб вільгацьцю апошняй
Камень азарыць? Каб люстра
Сонца пырснула пустым нікчэмным друзам?
Згустак промняў – змрочынкамі стане?

Кропля на канцы лістка – маё каханьне…

Чабор

І сказаў мне чабор: -- Я, каб ты ведала, -- дрэва,
ня квецік які там, сякі там, і маю прасіць
у цябе адпаведнай пашаны.

І сказала яму я: -- Даруй, бо ня ведала я, што ты
дрэва, ня квецік які там, сякі там, і буду
цяпер з адпаведнай пашанай трымацца.

У пушчы, ў бары нагой не паткнуся. Хадзіцьму цяпер
па гушчобінах па чабаровых; пра дубровы цяпер
і гамонкі, вядома, ніякай наогул; над галавой
будзе пошум чырвона-блакітных красак чабору,
журбоціца-скруха ды бессань адыдуць бязь сьледу
(ведаеш, бессань – чарнота былога, чарнота
таго, што чакае, на покліч зьбярэцца).

Буду гуляць на самоце. З сабою. Яго не вазьму, --
ня ведае бо, што ты дрэва, ня квецік які там,
сякі там, ня собіць яму адпаведна пашана
(таксама ж ня ведае ён, што яго я ўсюды заўсёды
ў сабе нашу, як боль зацьвярдзелы ў касьцях,
які мала калі ўжо не адчуваю).

І ўвогуле я спадзяюся, што дым твой барвова-ліловы
той боль зь мяне выкурыць, каб сама за сябе я
саромецца болей ня мела – у веку маім,
разумееш, барок-чабарок, у гадах у маіх,
баравое ты зельле, -- калі ўжо ты раданькі
мне не дасі,--

Я сказала чабору – сам-насам, даверліва – прыйдзе
такая хвіліна, што буду шукаць моцны сук,
зрабі ласку, успомні, што дрэва ты, а ня квецік
які там, сякі там, бо мусіш тады дагадзіць і
трывала трымацца.

І сказаў мне чабор: -- Вешацца йдзі на блёкат-мардоўнік!
Ён – дрэва сьмерці. Я – дрэва жыцьця! Ведаць
павінна сама. Не баюся, што цяжкая ты: я самага
тоўстага жужлу-чмяля ўтрымаю з усім яго мёдам,
ня толькі цябе, пустазвонку. Бо толькі здаецца табе,
што ты маеш вагу, -- адказаў мне чабор.


Вожык

Як вожык, я сёньня на лежню іду ў нару,
Абтыкаўшы лісьцем прывялае памяці йголкі,
Як вожык, ад буднай марокі ў пячорку нырну,
Хай лета само атрасецца ад гіблае сьпёкі.
Укрый мяне, цемра, схавай і маю труну,
Ня сьпі ў галавах, прыцьмі сьнежна чорныя шчокі,
Бо кінула я і спагаду і дружбу далёка
І боль не зрабіла сабе сьлязьлівай палёгкай.
Язьмін безь мяне расьцьвіце на магіле тваёй. Пара
І мне ў сон зімовы. Зачынена лету нара.


* * *

Я абыякавасьць тваю парушу
Да кропелькі апошняе на дне.
Я думацьму – цябе забыць я мушу.
Пра гэта толькі й думацьмецца мне.

Я ня спытаю, як жа сьцежкі нашы
Сышліся ў ростані – наўмысна, не?
Чакацьму, каб зьнябыцца, не чакаўшы.
Заўжды чакацьмецца чаканьне мне.

Ня дацца роспачы сябе прымушу –
Умацавацца сэрцам трэба мне.
Я верыцьму, што вера маю сьцюжу
Ускалыхне.

І ня зьлічу я, колькі назапашу
Сьлязін дажджу на выстылым акне.
Я думацьму пра незабыўнасьць нашу.
Пра гэта толькі й думацьмецца мне.


* * *

Ёсьць недзе ў вёсцы мой гарод адзіны,
Пярэстым бобам там адсьпелі грады,
І сум, і радасьці вачэй дзяціных…
Загалашу я сьлёзна: дай мне рады!..

Прыйшоў бы, вынес – і цяпер ня позна –
Зь нягод рукамі дужымі дзіцятка,
Каб зразумеў, як мне па сьцежцы роснай
Хадзіць нагамі сколатымі зябка.

Каб не пазнаў мяне, але каб знаў ты,
Што з паўналецьця мне прыпала мала,
Што, ненавідзячы ярмо няпраўды,
Я па-дзіцячы палка ваявала.

Ды чым дзіця дарослых пройме? Выйсьце
Заўсёды ёсьць у іх – дубец і дзяга.
А лопухаў няма, шырокім лісьцем
Ня ўкрыюць больш, калі на сэрцы пляга.

Ужо зязюлька звоніць на хаўтуры,
І дзяцел крыж куе… а вочы бачаць.
Ты прыйдзеш. Прынясеш у час ратунак –
Зямлёю страчанай маленству ўдзячыць.


* * *

Струменьнем хмара ўчэпіста ў зямлю ўрастае –
Ня вырваць каранёў… Пакуль з апошніх сіл
Сябе да кропелькі ня выльле… Мглой растане
І, сьмерці не заўважыўшы, памрэ зумсім.

Вось так і чалавек, калі ён можа ў зерне
Уліць жыцьцё, інакш ня ўмее і тады,
Калі ўжо нават ведае, што праз каменьне
Карэньчык не дастане гойнае вады.

Хай з бруку выпырскнуцца кораня асколкі,
Апошнія прасохнуць кроплі на мурах.
Адно ня трэба класьці на цьвінтар вясёлкі –
Бясплоднасьць славы двойчы нас аберне ў прах.


* * *

Я добра знаю, дзе ты зараз,
Але шукаць дарма цябе там.
Не на палетак, на каменьне
Пасею кветак.
Чакацьму цьвету я. Зацята.
Упарта. Родзіць хай каменьне,
І ў немагчымасьці пяшчота
Праб’е карэньне.
Прайду к табе я ўсе сьцяжыны
Хай долу, ўгору, хай употырч,
Каб там, дзе не чакаю,
Ты раптам стаў са мною поруч,
Каб зацьвіла заместа кветак
Маіх гадоў густая горыч.

Я добра знаю, дзе ты зараз,
Але шукаць дарма цябе там.

Бартакаў квартэт

Андрэю Сэнаколу

Як скрыпкі крычаць.
Як скрыпкі бягуць.
І марна, бо віяланчэль даганяе.
З краёчку, сама сабе наўме,
Альт нешта буркліва мармыча,
Як старасьць, якой і сьпяшацца няварта,
І за юнай спакусай ня ўгнацца…

А мо памыляюся я?

Раўнінаю
Скачуць на ўсход маладыя коні,
Удаючы, быццам гоніць іх страх,
Быццам гарачая жудасьць іх паліць.

Ад чарады
Адбіўся адзін, у раку ўступае,
Губамі павёў да вады,
І конская храпа пяшчотная, цёплая –
Як перадлюбові кволая крохкасьць
На схіле жыцьцёвае змогі…

Маленькая кропля аб ліст асакі
Ударыўшыся, як жучок-серабрак,
Адлятае.


Підрыкіс і Катрына*Підрыкіс і Катрына*

1.

Підрыкіс штонікаў белых ня носіць –
Ён не анёлак; каптанік дубовы
На шараваты алешнік надзеты,
Гальштук на шыі срэбна-вярбовы.

Підрыкіс не ўпадабаў Даратэі,
Підрыкіс толькі кахае Катрыну,
Ветрам вясновым па ёй уздыхае,
Плача па ёй жалудамі ў лагчыну.

Гальштук на шыі прыгожа аздобіў
Дзеля яе залацістай губай,
Гонты на даху мохам зялёным
Разаксамітніў ён дзеля любай.

Скрынку пад пошту павесіў на плоце
Дзеля таго, каб бялела са скрынкі
Часам пісьмо ці якая паштоўка
З доўгачаканым радком: “Ад Катрынкі”.

Радзінталціс з пазагор’я сьмяецца:
-- Підрыкіс, Підрыкіс, марна ўсё гэта --
Лепей прабі сабе сэрца кінжалам,
Лепей прастрэль сабе грудзь з пісталета!

Толькі і здольны ты енчыць і румзаць,
Хочаш, каб гожая сохла дзяўчына;
Не прыбяжыць; лепей сам прыгарніся,
Ты ж кавалер і дастойны мужчына.

2.

Підрыкіс, годзе маркоціцца, хлопча,
Сам малады сабе сьцежку пратопча
Да маладое…
Луг пойдзе сьледам, як рушыш алёсам,
Дуб пойдзе сьледам, расхіліцца ростань…
І як на тое –

Долі лядашчай ніхто ня дасьць рады –
Тут векавацьмуць пясочак і ляды.
Сьлёзы пальюцца…
Амату, Гаўю праскочыш адразу,
А хутарам – дзе шукаць ім спасу,
Дзе туліцца людцам…

Колісь іх ён ужо ўзяў на пагоршкі,
Сотні гадоў цягае і трошкі
Землі і воды…
А найвышэй жа – сьвятое каханьне,
Хай жа яно і рашае пытаньне,
А не пан млоды.

3.

Цяжка Катрыне, журыцца горка,
Што вянуць кветкі ў Катрыніным садзе.
Глянула ў Мэлтнэ – зусім пасівела,
Старасьць – ня боль, не зьвядзеш, як абсядзе!

Толку, карысьці ніякай Катрыне,
Хоць ёсьць і каса, і пошта,
Як не падзеліцца доляй з каханым,
Дык і пасаг той навошта.

У парку Катрыніным любяцца пары,
Ў сэрцы Катрыніным – гола.
Прыкра Катрыне. І вэлюм туману
Маладзічком прыкалола.

Підрыкіс!.. Хай іх зраўняе зь зямлёю –
Гэтыя парачкі-хаты.
Хто ж бо казаў, што жанчынам нягожа
Прасіць рукі ў нежанатых.

Як так нягожа? Як гэта брыдка?
Як так шануйся, дый годзе?
Ці ж не палалі ў Катрыне палаты
У дзевяцьсот пятым годзе?

Ў неба шугала агнём Катрына,
Сёньня ж – засохнуць у скрусе?
Ах, схамяніся, Катрына старая,
Час малады не вярнуўся.

І схамянулася. Скінула месяц.
Вэлюм – на сіняе мора.
Пары цалуюцца – ў парку Катрыны
Ціхі, салодкі морак.

4.

Вецер сіберны ў нябёсах гуляе,
Підрыкіс грэе на сэрцы ветрык,
Каб, адпачыўшы, ляцеў да Катрыны,
Цёплы, ласкавы, сьвежы, сагрэты.

Підрыкіс гольлем дубоў абірае
Граду халоднага белыя льдзінкі,
Грэе ў далонях дажджынкі ў хмарах,
Каб у Катрыны грыбы ўрадзілі.

Ў подыху кожным гэтага ветру
Кветкі красуюць у павіліцы.
І над Катрынай лагодна таюць
Пахі мядовыя, пахі жывіцы.

Белую квецень пялёсткаў-вітаньняў
Мэлтнэ прымае на хвалі – аж бела…
Зноў у люстэрка глядзіцца Катрына,
Зноў уздыхае яна: -- Пасівела!..
_____
* Підрыкіс – пасёлак пад Валміерай, Катрына --
сяло на Эргле ў Відзэмэ.


Я сьвішчу на беразе мора

Растулі далоні, хлопча,
растулі далоні,
дружа мой…

Хай, як гэты камень з мора,
Сэрца ў прыгаршчах ляжыць,
Што ж яшчэ, як восень скора
Сівай мглою заімжыць?

Растулі далоні, шчасьце,
растулі далоні,
дружа мой…

Днём на сонцы камень цёплы,
Астывае па начах:
І агнём палае ў цёмных
Разгарачаных вачах.

Растулі далоні шчыра,
растулі далоні,
дружа мой…

Быў калісьці камень востры,
Пражыві, калі – такі.
Горкі боль цяпер абцёрты,
Скрухай згладжаны бакі.

І няма чаго ўжо траціць,
растулі далоні,
дружа мой…

Бестурботны мой, з рукамі
Цацку-гальку аддаю –
Радуйся. Рабенькі камень
Прагу цешыць хай тваю.

Як ня час-пара забаве,
растулі далоні,
дружа мой…

Кінь, калі душу здаволіў,
Хай ён вернецца на дно:
Ня ўпікне цябе ніколі –
Не баліць яму даўно.

Кінь і растулі далоні,
растулі далоні,
дружа мой…

Восень зорыстая поўніць
Неба золкаю расой.


Цішыня

Жанчына я.
Маўчаньне. Цішыня.
А цішыня казаць ня можа: “Я кахаю”.
На барабанах вуліц жалуды
Яшчэ выстукваюць асеньні пошчак,
А ціша ведае даўно, што дуб
Ужо ў дарозе зімняй адзіноты,
Што ў цішыні пакоіцца вясна
І будзе курчыцца, пакуль паводка
Ня ўспора ў стогнах крохкі сіні лёд.
Жанчына гэта знае.
І маўчаньне.

*

Дала табе ў далоні сэрца лесу,
І расказала дробная брусьніца
Пра бескарысьлівасьць карэньня ў глыбіні.
Не зразумеў ты.

Дала табе спакой, чаканьне лесу
З адданасьцю – галінкай сіняй хвоі,
Што ў самы люты холад не памерла.
Не зразумеў ты.

Знайшла птушынае гняздо пустое.
У кожным пёрку – прастата каханьня
І будных клопатаў сьвятая блізкасьць.
Не зразумеў ты.

*

Ці бачыў ты, як тлее пад зямлёю торф?
Ні енку полымя, ні пырску іскраў,
А горыч цішыні, да курчу ў горле,
Маўкліва багуноў галодны хмель
На зоркі махавін гарэлых пнецца.
І елка маладая колкімі рукамі
Ўчапілася ў зямлю, каб гінуць разам…

Калі пачуеш і нарэшце зразумееш,
Чаму сякера цішыню ўспарола,
Запозна будзе.
Копанка на полі
Бліз возера няхай бы стала хмарай
І немых рыб люляла на далонях.

*

І мора ціха-ціхае бывае.
На бераг нават коплі не расплешча.
Бясконца так кагось чакае мора,
Ня дыхаючы.
І кажу я мору:
“Ах мора, мора,
горкае дзіця,
Дзяўчо малое, цяжка табе зараз!
Дазволь падбіць падушку дзюн пясчаных
Пад галавою стомленай тваёю!
Каб адпачыла ты…
Я знаю, на пагоршкі
Табе ўзваліць наровяць грузлы сьвет,
А ня пытаюцца, ці можаш несьці,
Жанчынай дужай называюць.
Смуткам
У сівых валасах бялее пасма!
Так рана пасівела…
Стамілася так рана, мора…”
Схавала мора вочы мне ў далоні.
Сьлязьмі гарачымі цячэ бурштын.
Паплач… паплач… палегчае… ня чуе…
Якая ціша над зямлёй…
І мора плача.


* * *

Ратуй мяне, мора,
тану я!
Тану ў памяці,
ў марным чаканьні,
і надзеі саломіну зь берагу
ніхто ўжо ня кідае мне.
Цалункаў былых церпкасьць на вуснах,
прыліў ласкі былой захліснуў галаву.
Мора,
іду да цябе я,
хай шчокі,
калі ссаланеюць яшчэ раз, --
Дык толькі ад пеністай вільгаці хвалі,
хай стогн –
дык пад кулакамі ветру,
калі дасьць нечакана пад дых,
хай туга – дык ад жалю,
што сонцу
цяжка сьмерцю дзень завяршыць.

Ратуй мяне, мора,
ты адно
куды большае і за каханьне,
шырэйшае за мой жаль,
і простае ты – як любоўны нерат…

Ратуй мяне, мора,
тану я!
Я кінуся ў далеч тваю,
Каб цьвердзю зямною стаў
абхвалены памяцьцю бераг.


Калыханка вялікаму дзіцяці

Як ня зможаш ты спаткі, кажане,
Як ня зможаш заснуць, кажаночку,
Як мільгнеш у стылым паветры
Ты ламаным зігзагам крылаў –
Ці ўляціш у акно да яго ты,
Ці прысядзеш каля ўзгалоўя? –
Ну, а можа, так болей нельга,
Шэранькі, брыдкі кажане?

Як ня зможаш ты спаць лісточак,
Як ня зможаш, асінавы лісьцік,
Як пара прыйдзе ўпасьці з галіны
І дрыготліва віцца ў паветры,
Ці прынікнеш яму ты да вуснаў,
Ці прыліпнеш яму да шчакі ты? –
Ну, а можа, так болей нельга,
Самотны, асінавы лісьцік?

Як ня можам мы спаць уночы,
Як ня можам заснуць да ранку,
Мы травой шалясьцім, чаратамі,
Мы вышукваем сны па зельлі,
І ссыпаем у шчыліны вокан,
І ўпускаем у ціхую спальню,
Іх мы можам пакласьці пад голаў,
Бо ўсе гэтыя сны не пра нас.

Як адлашчыцца сон апошні,
Сон апошні ў маўклівасьці кветкі,
Ён прчнецца і сьлед угледзіць,
Сьлед жанчыны ў зарошаным садзе.
Але яблынькі не раскажуць,
Не раскажуць яму вяргіні,
Што кажан быў на плечку ў жанчыны,
А ў руцэ быў асінавы ліст.


* * *

Паміж цьвіценьнямі вяргіні
Мяжа як год любві лягла,
А прыгажосьць вярнуць з магілы,
Што ў кветцы летась адцьвіла,

Больш нельга, і пялёсткі-вейкі
Навек заплюшчыла імгла.
Паміж цьвіценьнямі вяргіні –
Каханьня год і бездань тла.


* * *

Ня бойся старасьці.
Яна – як у вір галавой.
(Трымаючыся за саломіну, страшна тануць.)
Ня бойся зірнуць у адбітак свой,
Ня бойся нырнуць
І ўліцца ў яго; на поўныя грудзі ўдыхнуць
Пасьпей таго болю, калі тваё цела разрэжа
Між сьвежасьцю хвалі і сьпёкай паветра прамежак,
Дзе ўсё зьнебылося ў табе: і любоў, і паморак.
Пал сэрца пакінь, як матылёк свой кокан.
Нырні.
І ня бойся.
Бо доўгі, бо доўгі будзе твой шэры морак
Турботаў і сноў пра пакінутых там, далёка,
На беразе недзе. Сьсівеюць і дзеці.
І ціша сьсівее на сьвеце,
На сьвеце нямоты і прывіднасьці лугавой.
І цені разлапістых елак і хвой над табой
Пад сонцам у разьвітальнай раскошы.
А што калі боль?.. хоць крананьнем лісьцінкі дрогкай?..
Калі павуцінка, рубеж твой апошні,
Парвецца, -- ты сыдзеш у моўчу спакойна і лёгка.


Шыпшына-радоста

Як на магіле сабака – радоста глядзіць з крапівы.
Як на магіле сабака – расу ліжа ноччу з травы.
Ляжыць, не ўстае і аддана і верна яшчэ цьвіце.
І слухае чуйна – дзесь тут гаспадыніна думка ідзе.
Як ад болю, пасьпелыя трэскаюць вішні ў садах.
Як сьлёзы, кропелькі цяжкай расы на сівых палынах.
Адвярнуліся птушкі, ня могучы зьдзёўбваць тых сьлёз.
Як уздых, покаецца на ствалах бяроста ў бяроз.
Як далоні старэчыя, сшэрхлі страха і труна,
Якая на вышках, счарнелая ўжо, глядзіць з-пад радна.
Яшчэ ня выносяць. Яшчэ ўсё жывая яна. Тут, адна.
Яшчэ дом штодня абыходзіць у думках і ў снах.
Яшчэ прыйдзе той міг – як веек няўлоўны ўзмах.
Сын прыедзе, зьнясе дамавіну, ў дарогу зьбярэ.
І ў плынь пахавальную вішні пасыплюцца з дрэў.
Як на магіле сабака,
Радоста памрэ.


* * *

Сваё каханьне я нясу.
Як немаўля каштанавы лісток
(якое толькі што на ножкі ўстала),
Заціснуўшы сур’ёзна ў кулачок,
І ўраўнаважвае хаду з навалай
Вялізнай восеньскай кудасы.
І шабуршыць
З дрэў таямніца залатая
І крокі блытае.
Не аступіся, хлопчык, часам.
Нясе лісток з каштана.
За чарашок трымаецца. І вось ён
Ступае ў замець жоўтую. У восень.


* * *

Іду я ў словы, як у вулкі пары ўночы
Ідуць, асуджаныя на любоў,
Стаіўшы дых, па скрыжаваньнях ценяў змрочных…
Што там знайду?
А папытайце ў слоў!


* * *

Час жыць, час паміраць. Не паміраць –
А ў поўным шчасьці з вышыні палёту
У боль, нібыта ў возера, ныраць
З крылом падбітым і не разьбіраць,
Ці гэта сьмерць ідзе з зарадам шроту,
Ці адраджэньне сілы. І аплоту.


Белы алень

Зайцу шанец – петлі. Птаству затаіцца
Перад небясьпекай трэба. Рысь – як цень.
Мільгане за рыжым хмызам бліскавіцай
Рыжымі бакамі станісты алень.—

Мабыць, трэба так. Каб не зьвялася вера
Ў несьмяротную красу жывой душы:
Моўкне ў жылах сьцежак чуйны поступ зьвера –
Хараство хаваецца ў лясной глушы.

Белы быў алень. Ён хітраваць ня стане,
Дый куды яму, выгнаньніку, ўцячы?..
І блукае ўночы дзіўнай сьветлай зданьню,
І прытулку не даюць яму карчы.

Сьціснуў рэбры воўчай кодле люты голад.
Як страла ляцеў алень… Упаў… Зароў…
Стылі птушкі ў дуплах… Плыў туманам холад…
Белы быў… Чрвоная і ў белым кроў…

І калі распора ікламі з захмар’я
Рану золкі маладзік у цішыні,
Над касьцямі вые спрагненая зграя,
Сытая ад неўміручай чысьціні.


Воўк

Хоць як ні кармі, а воўчая будзе
На лес азірацца спрадвечная дзікасьць.
Хай лёгкі ланцуг, хай цёпла ў будзе –
А ўсё ж не падзякуе воўк за літасьць.

Воўк лесу ня здрадзіць за мяса кавалак,
За словы лісьлівыя, ўтульны куточак.
Ня хоча ён слухацца палак ласкавых.
А можа, ня чуе? Ланцуг дзылінкоча.

Бо толькі сабака ў нашыйнік лезе,
Бо толькі сабака з-пад палкі ліжа.
Ня совайся зь міскай – воўк вырас у лесе.
Ня гладзь – бо цапне за пальцы хіжа.

Як духу ня хопіць даць волю ваўчыску –
Забі. Ланцугом яго нораў ня путай.
Бо толькі сабака служыць за міску,
А воўк не абвыкнецца з псінаю будай.


Мядзьведзь

Мядзьведзь зь мядзьведзіцаю на пашлюбінах –
Закон лясны. Мядзьведжая самота
Упарта высьпела, нібы на купінах
Барвянец журавін сярод балота.

Суперніцтва ня знае ў бітве злагады:
Закон лясны – у выдзюжцы, у спрыце.
Мядзьведзіца, утоптваючы ягады
У сьнег, н